epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Сын вёскі

Янук Качарга, сын вёскі Няўродаўкі, шчасцем пралез у вялікі горад, папаў на службу і застаўся жыць назаўсёды. У жыцці хлапцу пашэнціла, дарога павяла на карысць. Спачатку ж, пакуль Янук абжыўся і аблезла загарэлая скура, трохі туляўся, а пасля, як прыдбаў адзежу і капейку, насіўся, як віхор, без утрыму.

Доўгі час ён працаваў над сабой, пакуль спазнаў усялякія далікатнасці ды адвучыўся ад простай вымовы слоў, нязграбных зваротаў, і толькі праз зіму жыцця ў сталіцы як лакам афарбаваўся. Навучыўся панскасці, забыўся на бацькоў, на вёску і агулам на ўсё тое, што перш было дорага і міла. Цяпер ён лічыў сябе не Янук Качарга, а Іван Марцінавіч Качэргін. Новае ёмкае прозвішча само сабой з таго дня, як паткнуўся ў горад, убілася ў галаву. І вось — ён як за ветачку: прыдбаўшы гэта дзіўнае прозвішча, пачаў меркаваць і аб тым, каб бачыць яго на паперы, каб і чорнае на белым паказвала, што ён нічога супольнага з вёскай не мае. Гэта не так лёгка было хлапцу дасцігнуць, але дасціг. У новым дакуменце, што атрымаў з воласці, вялікімі літарамі значылася-адзначалася: Іван Марцінавіч Качаргін. Збылося!.. Ніколі яшчэ не перажываў ён такой уцехі, як у той дзень, калі атрымаў дакумент. Ён з радасці так напіўся, што аж два дні не быў дома, начуючы — як пасля сам прыпомніў — у «часці».

У вольны час ды калі грошай не было ў кішэні, Іван Марцінавіч пакорна праседжваў у хаце, чытаючы вельмі цікавыя кніжачкі, што купляў зусім танна ў кнігара на бульвары. За зіму і вясну ён ператрос усю краму і герояў-сышчыкаў ведаў як свае пяць пальцаў. Ён мог усякаму даказаць, што вучань Пінкертона мае лепшую здольнасць да працы, як сам вучыцель, і што Шэрлок Холмс хоць і кароль сышчыкаў, але расейскі сышчык Макараў спрытнейшы за яго. Часамі ж, калі не было чаго цікавейшага пад рукамі, Іван Марцінавіч браўся за гісторыю і з ахвотай выбіраў адтуль кавалачкі, дзе апісвалася аб вайне. Душа яго была ваенная з усіх бакоў, гэта ён ведаў яшчэ тады, калі ганяў у вёсцы на пасту. Бывала, ля іх хаты ні прайсці ні праехаць. Янук усім дапячэ. І хоць ад тых дат і шмат прайшло часу, але ў характары яго змены не было ніякай.

Раз, чытаючы гісторыю вайны, ён вычытаў, як нейкі ваяка Качэргін вельмі спрытна разбіў нагалаву дзікіх татар. Думка, як страла, урэзалася ў галаву хлапцу. «А ці не будзе той слаўны рыцар хоць трохі мне сваяк? — пытаўся ён сам сябе.— Хоць я родам з вёскі Няўродкі, а ён мо з Белакаменнай, усё ж прозвішчы нашы вельмі падобны. Дакапацца цяпер трудна, але я першы сам сябе лічу патомкам слаўных Качэргінаў...» І пры мыслі аб храбрым дзядзьку ў вачах яго з’яўляўся шыракаплечы асілак, з вялікай барадой, а побач — парэзаныя ім, як авечкі, татары. Аж падужэў Іван Марцінавіч ад такіх думак, неяк і жыццё весялей паплыло.

Здарылася неяк быць яму на кірмашы. Меўшы колькі рублёў у кішэні, ён паважна пахаджваў па пляцы і разглядаў, як людзі куплялі і прадавалі ўсялякія прылады. Не павёў і вокам туды Іван Марцінавіч, як убачыў у сівых світках сялян і пачуў пах дзёгцю і сырамяцця. Гэтыя гаротныя сярмяжнікі прыпаміналі яму бацькоў і панурую вёску, закінутую, як камок гразі, за дзесятую гару. Трэба было адступіцца, каб даць супакой сэрцу. Нарэшце, ён падышоў к шалашу, дзе прадавалі абразы, малюнкі і розныя штукарскія рэчы. Тут яму кінуўся ў вочы старадаўні малюнак нейкага гістарычнага рыцара з даўгой сівой барадой і арлінымі вачыма. Іван Марцінавіч прыгледзеўся. «Хто гэта такі будзе? — падумаў ён, нахіляючыся бліжэй к малюнку.— Ці не той галаварэз, што даў лупцоўку дзікаму татарыну? Не ўцярплю — спытаюся». Але прадавец і сам добра не ведаў, хто займае месца ў яго на прылаўку, адно цаніў свой малюнак танна. «Пры маёй фаміліі, — разважаў Янук, — партрэт, як дакумент, саслужыць службу. Плачу грошы...» Затаіўшы ад радасці дух, ішоў ён з пакупкай паважна і цешыўся, што цяпер усё ж больш будзе веры, што ён радавіты Качэргін.

У вольны час, гледзячы на малюнак, ён выдумваў усё новыя і новыя паднябесныя чыны, якія меў яго дзядзька і што павінен цяпер чуць яго пляменнік-патомак. Іншы раз здавалася яму, што калі добра прыгледзіцца, то ён і падобны нават да старога ваякі, а што вочы і нос якраз яго, Івана Марцінавіча. А раз на гульбішчы, добра падпіўшы, Іван Марцінавіч адкрыта заявіў усім, што ён князь Качэргін і ў скорым часе спадуць яму мільённыя спадкі па дзядзьку, што жыве на Каўказе. Пры гэтым ён выказаў, што сяброў сваіх не міне, як багатым будзе. Запрашаў наперад к сабе ў госці, а там павозіць на ўласных рысаках, што стаяць у дзядзькавай стайні ў лякерных халяўках. Пад п’яную ўсё сыходзіла, і хлопцы трохі верылі, бо ён-тка майстар быў замаляваць зубы...

Так плыў час.

Надумаўся Іван Марцінавіч жаніцца. Знайшліся зараз свацці, атлумілі галаву, абяцаючы разам і хараство і багацце. Рад быў хлапец гэткаму здарэнню, дачакацца б толькі таго дня, калі назначыла свацця, а там ён ведаў, як кіравацца. Той дзень прыйшоў... Іван Марцінавіч з самага рання наводзіў на свой князёўскі твар красу, каб як можна пышней паказацца багатай паненцы. На кірпатым яго носе зграбліва красаваліся акуляры (пенснэ) і прыдавалі больш павагі. Незадоўга з’явілася свацця і выправіла разам у дарогу.

У дзвярах, дзе жыла паненка, з пашанай спаткалі старыя і павялі к сабе ў пакоі. Іван Марцінавіч усеўся на канапе і пазіраў праз акуляры на дзверы, адкуль павінна была ўвайсці паненка. Нецярплівілася хлапцу — паненка марудзіла, а тут абрыдлыя акуляры так раздражнілі нос, што Івану Марцінавічу аж неўмагату было трымаць іх. Ён бы ахвотна зняў і шпурнуў іх к чорту, але жадалася паказацца перад маладзіцай ва ўсёй парадзе. Тут увайшла паненка. Іван Марцінавіч пазнаёміўся і пачаў па-свойму рассыпацца перад ёй аб тых даўніх часах, калі слаўны патомак яго з аружжам у руках бараніў край і народ. Усе слухалі і верылі. Хлопец ад радасці аж захлёбваўся. Але радасць на гэты раз была хвілёвая.

К маладзіцы прыйшла госця. Ну, ведама, ад гэтай асобы перашкоды гаспадары не чакалі, дык паклікалі к сталу. Госця была вельмі рухавая. Яна так спрытна сыпала апавяданне за апавяданнем, так гучна і жыва даводзіла ўсім аб вёсцы і сялянах, што Іван Марцінавіч ужо і не рад быў гэтым успамінкам. Аб усім ён ахвотна слухаў, толькі не аб вёсцы, бо ўсякі гэткі ўспамінак кратаў яго сумленне, і ў сэрцы чулася запытанне: чаму пакінуў ні пры чым бацькоў?.. Тым часам вясёлая гэта госця ў даўгім апавяданні, як на ліха, пачала ўспамінаць знаёмыя Івану Марцінавічу вёскі і сялян, з каторымі былі ў яго досыць цікавыя здарэнні ў жыцці. Схамянуўся хлопец. Пачуццё страху, што гэта дзяўчына, пэўне, недалёкая іх суседка і можа папсаваць увесь інтэрас, пачало закрадвацца ў яго сэрца. «Нячысцік яе нанёс сюды, — думаў ён, — яшчэ, чаго добрага, прыгледзіцца да мяне, і тады — па ўсім...» А тут, надало, пачаў свярбець нос, ды так моцна, што хоць ты цаглінай яго лупі. Цярпеў, цярпеў Іван Марцінавіч ды і цярплівасць ужо страціў. Так сказаць, не будзь гэтых абрыдлых акуляраў, то ён няўзнак пачухаў бы нос, і ўсё пайшло б гладка. А зняць акуляры было рызыкоўна, бо гэта сарока можа, чаго добрага, спазнаць даўняга суседа. Але ўрэшце, нягледзячы ні на што, зняў брыду і звольна павёў кіпцямі па носе. Паненка тым часам, весела гамонячы, ускінула вочы на Івана Марцінавіча і змоўкла. Відаць было, што яна жадала нешта прыпомніць. Іван Марцінавіч так спужаўся гэтага погляду, што ён рад быў бы лепей праваліцца скрозь зямлю або ўваліцца на дно ў самае бруднае месца, чымся дрыжэць ад погляду гэтых шэранькіх скачучых вочак.

— Даражэнькія мае! — адазвалася яна.— Гэта ж хіба я аслепла зусім, калі ўжо не бачу сваіх засцянкоўцаў. Вечар сяджу і толькі цяпер спазнала васпана. Але, можна прызнацца, дык не зусім лёгка і спазнаць дзядзьку — змена вялікая... Ну, хваліцеся, як жа папалі сюды і ці добра жывецца? Я-то сама другі год тут, а дзядзька пэўне болей?

Іван Марцінавіч з перапуду нешта прамычаў.

— А старыя чакалі, чакалі на сынка ды і надзею страцілі, — ізноў адазвалася яна.— Асабліва маці, бядачка, плакала, плакала, пакуль у магілу не сышла... Э... сынкі, сынкі, не шануеце бацькоў!.. Але чаго ж я навалілася на вас, калі і сама не лепшая... Можа, хочаце ведаць, якія навіны ў нас? Бацька васпана памёр, маці з гора звар’яцела і такжа памёрла, і сястра, каб зашанаваць жыццё маткі, кідалася, кідалася, пакуль сухоты не падпалі, і бог святы ведае, як яна там.

Як абухом рэзнула хлопца па галаве. Нічога не кажучы, узарваўся ён з месца і вымкнуўся за дзверы. Прыбегшы дадому, ён прыгледзеўся ў люстра. Твар быў збялелы, вочы блукалі. У люстры са сцяны грозна глядзеў на яго сваімі арлінымі вачыма ваяка Качэргін. Іван Марцінавіч зірнуў на яго, сабраў сліны і плюнуў, а пасля сеў і заплакаў. У вачах мігацелі то ваяка, то свацця, то маладзіца, а між імі сакатала госця: твой жа бацька памёр, твая маці звар’яцела і сястрыца, бядачка... пане Качарга!


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан