epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Творчы рост БДТ-3

Трэці Беларускі Дзяржаўны тэатр (раней БДВТ) дэманструе творчы рост і перабудову на аснове нацыянальнай палітыкі камуністычнай партыі.

Сваю працу (у 1919 годзе) тэатр распачаў, знаходзячыся пад моцным уплывам правінцыяльнага аматарскага тэатра.

Не маючы ў сваім складзе належнай колькасці выканаўцаў, тэатр прымушаны быў працаваць над прымітыўнымі схематычнымі п’есамі і жартамі, якія меліся ў тагачасным беларускім рэпертуары. Ставіліся ў той час і п’есы Фр. Аляхновіча («Страхі жыцця», «Бутрым Няміра», «Цені» і інш.).

П’есы Фр. Аляхновіча, прысвечаныя адлюстраванню жыцця мяшчанства, ад першай і да апошняй старонкі былі прасякнуты актыўнай нацдэмаўскай тэндэнцыяй, хаця ж аўтар імкнуўся замаскаваць гэта «слязлівымі» прыёмамі ў драматургічным мастацтве.

Уцякаючы ад сапраўднасці, ад страхаў жыцця, аўтар клікаў да старасвеччыны, усямерна ідэалізуючы мінуўшчыну (драма «Бутрым Няміра»).

Выключна бытавая тэматыка адштурхоўвае тэатр ад вострых праблем класавай барацьбы — асноўнай задачы кожнага рэвалюцыйнага тэатра.

Разлічаны на мяшчанскага гледача, рэпертуар тэатра не адпавядаў задачам выхавання пралетарскага гледача.

Свой творчы метад БДТ-3 (БДВТ) будаваў, выходзячы з метадалогіі і натуралістычнага, бытавога тэатра.

Натуральна, тэатр акцэнтуе ўсю ўвагу на пабочных, другарадных рысах жыцця чалавека.

Нацыянал-дэмакраты, выходзячы з творчага метаду тэатра, горача агітавалі за жыццёвасць натуралістычнага тэатра, за стары рэпертуар, паколькі трактоўка ім з’яў сацыяльнага грамадства найбольш поўна задавальняла палітычныя ўстаноўкі нацдэмакратаў.

Рабочы клас БССР пад кіраўніцтвам партыі выкрыў і ўшчэнт разбіў контррэвалюцыйныя меркаванні нацыянал-дэмакратаў.

Савецкая грамадскасць усімі сродкамі дапамагла тэатру стаць на правільны шлях адбіцця ў сваёй творчай дзейнасці сучаснага жыцця нашай краіны з тымі грандыёзнымі будоўлямі сацыялізма, якія разгортваліся на нашых вачах.

Перагляд свайго ранейшага шляху накіраваў тэатр на вырашэнне задач сацыялістычнага будаўніцтва — вось што патрабавала грамадства ад усяго калектыву тэатра.

Карэнная перабудова тэатра пачалася з рэпертуару.

Рашуча адкінуўшы ўвесь ранейшы рэпертуар, наш тэатр звярнуўся да выкарыстання лепшых узораў драматургіі БССР, і з гэтым рэпертуарам тэатр уступіў у 1-ю пяцігодку.

Былі прыняты да пастаноўкі п'еса Мікітэнкі «Дыктатура» (на тэму калгаснага будаўніцтва), п’еса Яноўскага «Ярасць», п’еса Глебава «Гальштук» (з жыцця моладзі на заводзе), Станкевіча «Правакатары», п’есы беларускіх драматургаў В. Сташэўскага «Віхор» (з часоў грамадзянскай вайны ў БССР), Ул. Галубка «Курганы» (з жыцця Заходняй Беларусі).

Гэты рэпертуар уліў новы струмень у агульную дзейнасць тэатра, і з гэтым новым рэпертуарам тэатр накіроўваецца для абслугоўвання калгасаў і саўгасаў БССР, даўшы за 5 год каля 1500 спектакляў і канцэртаў.

Для кіраўніцтва данымі пастаноўкамі прыцягвалася выдатная тэатральная сіла: Міровіч, Міцкевіч, Крыловіч, Ільінскі, Станкевіч, Саннікаў і інш., што ў значнай ступені спрыяла знішчэнню штампа і нізкай тэхнічнай і мастацкай вартасці ранейшых пастановак тэатра.

Над мастацкім афармленнем пастановак нашага тэатра працавалі мастакі: Гольц, Крэйн, Ахрэмчык, Азгур, Ціхановіч і інш.

Над музычным аздабленнем рэпертуару працавалі кампазітары: Гітгарц, Цікоцкі, Красеў, Туранкоў, Пукст, Сакалоўскі і інш.

Творчыя камандзіроўкі ў Маскву і Ленінград, гурткі па павышэнню кваліфікацыі дапамаглі больш узняць якасць акторскага персаналу тэатра.

У выніку ўзмоцненай работы тэатра над сабой са складу трупы вылучыліся Згіроўскі, Бусел, Быліч, Дзядзюшка, Блажэвіч, Шашалевіч, Качынская, Вазнясенскі, Несцяровіч і інш.

Праводзячы на месцах канферэнцыі гледачоў, тэатр вывучаў рэагаванне гледача на працу тэатра.

Ідучы далей у галіне пашырэння рэпертуару, у 1932 годзе тэатр пачынае працаваць над новымі п’есамі: Серабракова-Тарвіда «Энтузіясты» (на тэму індустрыялізацыі краіны), «Контратака» беларускага драматурга Курдзіна (на тэму абароны СССР), «Дзяўчаты нашай краіны» Мікітэнкі, «Мой друг» Пагодзіна, «Суд» Кіршона і інш. і абслугоўвае гарады Мінск, Гомель, Віцебск, Магілёў, Полацк і раёны БССР, дзе ён карыстаўся вялікім поспехам.

За гады сваёй працы тэатр пабываў ва ўсіх мясцовасцях БССР і абслужыў каля 3500 тысяч гледачоў. Выязджаў неаднаразова ў раёны РСФСР і УССР, дзе абслугоўваў фабрыкі, заводы, калгасы і Чырвоную Армію.

Разбіваючы ўшчэнт элементы аматарства, БДТ-3 змагаецца за бальшавіцкае мастацтва.

З такімі вынікамі прыходзіць тэатр да тэатральнай нарады.

Але перад тэатрам паўстае шэраг неадкладных і важных задач, над якімі ён павінен працаваць і якія павінны быць высунуты перад тэатрам надалей.

Па-першае, гэта адсутнасць у рэпертуары БДТ-3 арыгінальнага беларускага савецкага рэпертуару. Тэатр зусім слаба працуе з пісьменнікамі.

Па-другое, тэатр не мае сваёй сталай вытворчай базы, ад чаго значна церпіць тэхнічны бок пастановак тэатра.

Па-трэцяе, няма далейшых магчымасцей творчай вучобы (адсутнасць творчых камандзіровак, слабае кіраўніцтва з боку Галоўмастацтва, недакладнасць працы ФЗУ пры тэатры, адсутнасць плана ў абслугоўванні гарадоў БССР).

Па-чацвёртае, тэатр зусім не ўключыўся ў работу над лепшай узорнай класічнай драматургіяй.

Па-пятае, адсутнічае абмен вопытам паміж тэатрамі БССР. Тэатр працуе замкнёна і адасоблена.

Работа нашага тэатра слаба асвятляецца ў друку і ў прыватнасці ў газеце «ЛІМ».

Тэатральная нарада павінна дапамагчы нашаму тэатру вырашыць усе гэтыя пытанні.


1933

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан