epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

У бальніцы

У вялікім светлым пакоі земскай бальніцы справа і злева на ложках, а то і дзе-нідзе на падлозе ляжалі з пабялеўшымі тварамі хворыя. Сонца, заліваючы яснымі бляскамі сцены, кідае праменні свае ў вочы няшчасным. Гледзячы на гэтыя глыбока запаўшыя твары, страх захоплівае здаровага чалавека, жаль сціскае сэрца — хочацца плакаць... То некалькі дзён таму, нават некалькі гадзін, можа, і не думалася гэтым бедакам апынуцца ў гэтым пакоі, але лёс накіраваў іначай: скрыганулі дзверы бальніцы і... зачыніліся. Ці надоўга? Мо зусім адгэтуль не выйсці, а толькі старая каняка зацягне замучанае цела на могільнік?

Хто згадае будучыню? І кожны хворы, затаіўшы ў душы надзею, прыглядаецца хараству дня, бліскучаму сонцу, а думкі лятуць і лятуць...

Пры самых дзвярах на цвёрдым ложку ляжыць дзіцянё — круглая сірата. Разумны погляд яго вачэй квапна спатыкае ўсякага, хто толькі не заходзіць у бальніцу, хоць ведае ён добра, што яму чакаць некага, яго даведацца не прыйдзе ніхто, ніхто... Нават тут, у бальніцы, дзе ён ляжыць ужо даўно, збрыдзеў усім: тут не прывыклі доўга займацца хворымі, а ён ляжыць і ляжыць — чужы, далёкі для ўсіх, і толькі думкі, сумныя думкі ўюцца ў яго збалелай галоўцы. Уюцца думкі, калі быў яшчэ здаровым, калі быў падпасавічам, як лётаў ён па ўзгорках і хмызняках са скацінкай, а вось цяпер прыйшлося яму ляжаць, прыкаваным да ложка і глядзець, як побач яго смерць косіць і косіць, і толькі чутно было, як сумна і зважна гудзелі званы, цяжка і глыбока ўздыхаў сірата, а думка гвалтам уціскалася: калі ж зазвоняць па ім?..


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан