epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

У няволі

У ціхае, нерухомае возера, абросшае зялёным аерам, углядаўся высокі пабелены мур, а за мурам, на моцным фундаменце, горда трымалася магутная будыніна. Невялічкія вокны, як прыжмураныя вочы, чарнелі на сцяне, прыдаючы будыніне пануры погляд.

Была вясна. Зялёныя дрэўкі вольна раслі высока пад неба, хаваючы ў густым галлі вясёлых шчабятух. Зелень аж капала, здаецца, з дрэў і пералівалася на сонцы ўсялякімі колерамі. Усё жыло, расло, весялілася. А спагадныя гарачыя праменні сонца, асвятляючы свет божы, цікава заглядалі ў маленькія вокны панурай будыніны, каб асвяціць і абагрэць цёмныя куткі вогкіх мураў. Цяжка было прабіцца туды, бо пануючая вякамі цемра з гневам спатыкала тонкую стужку свету і праганяла ад сябе прэч.

— Не будзе дня! — гукала цемра, разносячы рэха па сырых, затхлых пакоях гмаху.

— Мілей ноч!—уторылі совы з кажанамі.

І яскравыя праменні, зазірнуўшы ў чорныя аконцы, плылі назад, дзе іх чакалі і віталі, як бога, сустракаючы.

У адным з тых вокан, што хмура ўглядаліся з вялікага гмаху ў воду, у жалезнай клетцы, за кратамі, сядзела ў няволі птушка. Жаласліва ціўкаючы ад рання да вечара, яна сумна глядзела на хараство божага свету і балюча адчувала вясёлы спеў сваіх таварышкаў у зялёным гаю дрэваў. Слухаючы іх песні, яна ўспамінала дні вольнага жыцця і горка скардзілася.

— Чаму я такая няшчасная? Чаму той, хто стварыў гэты белы свет, дапусціў нада мной гэты здзек? Не так даўно лятала і я пад блакітным небам бязмежнага свету і ніколі не думала, што стану слугою страшнай няволі.

Так скардзілася птушка ў сэрцы сваём і павярала скаргу сваю той, што зляпіла гняздзечка сабе ў яе пад акном. Яна выказвала ёй свой жаль, сваю тугу, бо ніхто, апроч ластаўкі, не заглядаў сюды, у гэтае царства цемры і жалю, — воля была мілей за ўсё. Затужыла нявольніца; перастала верыць, што дажджэцца волі. Затаіўшы дух, яна вітала думкамі там, дзе ўзрасла, дзе пакінула на волі ў родным краю маленькіх птушанят.

— Лепей смерць,— звярнулася яна да ластаўкі.— Прачуваю, што гэта апошняя вясна і волі не ўбачу ніколі. Як бы жадала я ўзляцець высока, высока да заспяваць тую вольную песню, якую колісь спявала!.. Але путы няволі зламалі надзею...

Слухала ластаўка жальбы нявольніцы і хутчэй адлятала прэч. Чужыя слёзы замінаюць вяселлю.

У адзін дзень спагаднае сонца прабілася ў сырыя мураваныя муры, праменні яго шугнуліся ў клетку, але дарэмна. На дне клеткі ляжала нежывая птушка, як бы застыўшая з думкай аб волі, блакітным небе і дарагіх, мілых птушанятах...


1917

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан