epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

У сваты

— Чаго ты так рана ўспароўся, унучак? — спытаўся дзед Мешалка свайго ўнука, лежачы на печы.— Яшчэ ніхто і ўставаць не думаў, а ён ужо снуе то ўзад, то ўперад; ідзі ляж, пакуль свет.

Але Буфацаму не спалася; з лямпачкай у руках ён усё хадзіў па хаце і поркаўся то ў куфры, то ў шафе.

— Буфацы! — адазваўся дзед.— Падай ты мне піпку. Нешта і мне не спіцца: млосна зрабілася, сверб па скуры, аж вочы на лоб лезуць.

Буфацы рад быў гэтым разам дагадзіць дзеду, каторы сягоння меўся ехаць з ім за свата, дык, напхнуўшы піпку поўна тытунём, падаў яе дзеду.

Дзед, узяўшы піпку, запыкаў яе, лежачы на печы і пушчаючы дым пад столь.

— Глядзі, дзеткі, — адазваўся зноў дзед, — добра паднядзелься, каб дзяўчынка ўпадабала, а тады, з ласкі боскай, у мясаедзе, можа, і вяселле справім.

Буфацы, слухаючы гэта, так задумаўся, што выпусціў неяк з рук вечка ад вялізнага куфра, а яно знянацку як грукане сярод ночы, аж хата затраслася.

Татка Буфацага, сплючы на палацях, так перапалохаўся, што зваліўся на зямлю і ледзь галавы не разбіў.

— Чаго ты рыешся тут? — накінуўся ён не сваім голасам на сына.— Чаго цябе нячыстая носіць па начы, каб цябе кінула ды не падняло! Трэба ж гэтак спужаць, да памяці ніяк не дайду.

— Ідзі да Тарэсы, няхай перапалохі твае змые, — агрызся сын, выцягваючы з куфра камашы, што пашыў калісь-та нябожчык Сымон, габляванку, бравэрку і пачаў прыбірацца.

Не цярпелася яму, — першы раз у сваім жыцці збіраўся ў сваты.

— Во што значыць маладая кроў! — гаварыў сам з сабой Мешалка.— Ноч не спіць, кідаецца, як той жарабок-пярэзімак. Праўда, некалісь і я быў не лепшы, а цяпер што? Ляжы вот на печы ды плюй у чэрань.

— Гэ! Наш інтарэс старэцкі! — адазваўся бацька Буфацага.— Нам вось косці ўсе ныюць. Напрацуешся за дзень, глядзіш, каб дзе ў куток зашыцца, а ён от ноч не спіць, усё думае, як бы лепей у сваты прыбрацца. Я, як быў у яго веку, то ні разу і барады не галіў, а ён, глядзі, ужо мохры гэтыя абцерабіў і сядзіць, як тая варона загуменная.

— Праўда, — адазваўся Мешалка, — цікава нават было глядзець, як ён скрабаў сваю бараду, ужо так стараўся, што аж ногі хадуром хадзілі, — і дзед пры гэтым стукнуў піпкай аб комін, вытрасаючы адтуль попел, ды пацёр рукавом зрэбнай кашулі пасінеўшы, як сліўка, нос.

— Ведаеш, браце! — ізноў сказаў Мешалка.— Мусіць, мы сягоння добра хлабыснём, бо мой нос аж цокаецца сверблючы, нібы кароста на яго ўзбілася, пэўне, прачувае, што выпіўка будзе.

— А пэўне будзе, — адказаў гаспадар, — мы ж Лісуна добра знаем: чалавек ён і багаты і гасцінны, будзе ўсяго столькі, што дахаты не захочацца варочацца.

Тым часам надышла і раніца, пачало днець. Гаспадыня ўжо тупала каля печы, гатовіла снеданне, а мужчыны ладзіліся ў дарогу.

Буфацы першы раз усклаў габляванку з вялізным каўняром і, задзёршы галаву, як прадла, круціў шыяй, як вол у ярме, бо яму з непрывычкі здавалася, што каўнер безміласэрна рэжа яму на шыі скуру.

Скора гняды жарабец шпарка панёсся па мёрзлай дарозе і, як вокам глянуць, мінаў вёскі.

Ехалі гадзіны са дзве, і ўрэшце на ўзгорачку ўбачылі засценак. Тут жыў Лісун. Праехаўшы пярэплаць сваты ўехалі ў двор, дзе ім на спатканне выйшаў сам гаспадар і павёў гасцей у хату.

Малады нясмела пераступіў парог і сеў недалёка ад дзвярэй на тапчане з самага краю, трымаючы шапку ў руках. Вайшлі і дзед Мешалка, і бацька маладога. Пачалася гаворка, пытанні, як жонка, дзеткі, ці ўрадзіла сёлета збожжа, а тым часам дзяўчынка, прыбраўшыся па-святочнаму, увайшла ў хату.

Буфацы ўкрадкам пазіраў на дзяўчыну, як кот на сала, і пакручваў пальцамі тое месца, на каторым павінны быць вусы, а сват Мешалка ўсё паглядаў на дзверы, чакаючы выпіўкі і закускі.

— Ну, дачушка, — адазваўся гаспадар, — трактуй гасцей, бо яны спадарожыліся, пакуль прыехалі.

Пайшла маладая ў свіран, і ў момант на стале з’явіліся гарэлка, хлеб, грыбкі заліваныя, рэзанае сала і паміж усяго — пекны, у масле засмажаны певень.

Госці, як згледзелі такі трактамант, аж слюнкі папусцілі, а сват Мешалка зразу пакінуў гамонку пра маладых, а перайшоў да гарэлкі, хвалячы яе, што яна і кроў грэе, і ўсялякія нямоцы лечыць.

Гаспадар, узяўшы вялізны нож, ушчаміў пеўня ў таўстых пальцах і толькі хацеў краянуць, як певень як слізне з талеркі на стол ды чуць-чуць не апынуўся пад сталом.

— О, злодзей, ляцець хоча! — зжартаваў сват.

— Не паляціць, — адказаў гаспадар і, ушчаміўшы зноў пеўня між пальцаў, пакраіў яго на талерцы.

Гасцей многа ўпрошваць не прыйшлося, ведама з дарогі, дык, не ўважаючы, елі так, што аж насы іх гнуліся.

— Дачушка! — звярнуўся да дачкі гаспадар.— Пячы нам яешню, а я вось скокну гарэлкі ды сала яшчэ прынясу.

Але неспадзяванае здарэнне сапсавала дальш увесь інтэрас. Толькі стары выйшаў з хаты па сала ды гарэлку, дзяўчына палезла па яйкі ў падпечак. Туды яна залезла спрытна, але як прыйшлося вылазіць назад, тагды толькі, бедная, сцяміла, што без сораму вылезці нельга, бо падпечак, як на грэх, быў цесны, павярнуцца ў ім трудна, дык прыходзілася вылазіць адным толькі спосабам, на каторы яна ніяк не магла пры гасцях адважыцца.

Між гасцямі зрабілася замяшанне.

Адзін толькі сват, дзед Мешалка, не страціў прытомнасці. Зірнуўшы, як вылазіла маладая, ён сказаў:

— Ну, дзеткі, глядзіце: месяц усходзіць, едзьма дадому! — І пакуль гаспадар вярнуўся ды агледзеўся, гасцей і след прастыў.


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан