epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Усё аб тым жа

За апошні час, досыць часта ўспамінаючы аб беларускім рэпертуары, ненарокам кранулі і маё імя. Прычынай, здаецца, паслужыў той куфар, дзе дзядзька Язэп Кры... знайшоў частку беларускага тэатра.

Праўда, рэпертуар, які я напісаў за апошнія 5 год, ляжыць у куфры, які стаіць пры самых дзвярах на выпадак пажару. Ляжыць ён даўно. Ляжаў ён пры паляках, бо лічыўся мяцежным, ляжыць ён і цяпер і лічыцца адпаведным моманту.

Толькі розніца ў тым, што пры паляках ён сцэны не бачыў, а цяпер бачыць, і вельмі часта.

То я сам, як кіраўнік Другой беларускай трупы, абыгрываю п’есы ўсюды, то ў рукапісах аддаю таму ці іншаму гуртку. І, праўду кажучы, п'есы хутка перакачваюць з месца на месца і трапілі некаторыя аж да немцаў у Нямеччыну.

Прыходзіцца чуць, што некаторыя мае п’есы гурток гуртку перапрадае. Я б гэтай з’яве і не паверыў, але мне адзін студэнт сказаў у вочы, што маю п’есу «Суд» купіў у рукапісе за пуд мукі.

Прымірыўся я нават і з гэтым. Я хачу навучыць тых, каго цікавіць слова тэатральнае, што п’есы я напісаў не для таго, каб трымаць іх у куфры, не паказваючы свету. Зусім не, я пісаў іх для таго, каб яны шырока распаўсюджваліся па свеце і прыносілі карысць грамадству. І як-ніяк п'есы свет бачаць і гуляюць усюды — аб гэтым ведае кожны. У куфры ляжаць копіі.

Гэтыя копіі не зачынены пад замок, і забраць іх у друк зусім проста. Трэба толькі сказаць мне, і я, як відзіш, здам.

Праўду кажучы, я гэтага даўно чакаю, але пакуль маўчу. Мне самому хадзіць і жабраваць, каб надрукавалі мае п’есы, не выпадае. А тым часам у вольную хвіліну пішу новыя.

Павінен яшчэ сказаць, што частка маіх п’ес ёсць і ў Акадэмічным тэатры і ляжаць у пачэсным месцы пад замком. Тут ужо я не вінен. Той, хто зачыніў іх, лепш ведае, што рабіць, на тое ён гаспадар. Але ж прасіць і ўмаляць таксама не выпадае. Трэба пачакаць. Не так даўно ўсе бачылі, як на афішах была пазначана да пастаноўкі мая музычная драма ў 5-ці дзеях «Бязродны», сам не ведаю — чамусьці не пайшла. Пэўна з тае прычыны, што наш актор цяпер адыгрывае ангельскіх лордаў, польскіх магнатаў, і як ужо скончаць гэту працу, тады ўжо мо возьмуцца і за сваё.

Так я яшчэ раз кажу, што п’есы ў мяне не пад замком, каму патрэбны, яны могуць быць дадзены. Адрас мой: Правадная вуліца, 15-а, кватэра 3. Блізка Брэсцкага вакзала. Можна ехаць на концы.


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан