epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Успаміны з мінулага

Першыя спробы ад’езду нашага тэатра ў 1923 г. былі відавочным фактам цэлага раду няўдач і іншых перашкод. Праца па аколіцах горада нас не задавальняе, нас вабіць падарожжа, вабіць шыр-прастор, але, з аднаго боку, адсутнасць матэрыяльных сродкаў, а з другога — бязвопытнасць далі нам адваротную асалоду.

Не забываецца ніяк цікавы абразок з жыцця падарожжа, калі тэатр выбраўся ехаць у м. Пухавічы. Неяк сабралі грошы, купілі білеты і прыехалі на вакзал. Да мястэчка 12 кіламетраў. Ісці далёка, грузкая дарога. Нас не многа: 12 чалавек.

Калі мы злезлі з поезда, на пляцы сіратліва стаяла адна нейчая падвода, але нас не цікавіла б і 10 падвод, калі ў наяўнасці не было грошай на фурманку.

Па звычаю, існуючаму ў нашым тэатры яшчэ з 1920 г., мы, сабраўшыся ў гурт, раіліся, як лепей і карацей перайсці 12 км, але наш сход парушыў нейкі хлопчык, які звярнуўся да мяне з нечаканай заявай, што ён дачуўся аб прыездзе тэатра ў мястэчка і ўкрадкай ад бацькі запрог каня, каб перавезці артыстаў. Гэта быў местачковы жыхар Муля Гарэлік. З яго слоў было відаць, што ён зацікаўлены тэатральнай справай і любіць гэты вясёлы народ. Ён, смеючыся, пачаў укладваць наш багаж (два вузлы) і клапатліва растрасаць на каламажцы сена. Паехалі. Муля Гарэлік ішоў збоку, трымаючы лейцы.

Ён весела расказваў пра местачковае жыццё, пра асабістыя свае справы, меркаванні яго бацькі і штодзённыя спрэчкі з-за выбару прафесіі. Муля хацеў быць артыстам, бацька хацеў вучыць яго на равіна.

Звонкая песня вясёлай маладосці будзіла прыроду. Яшчэ сонца не паднялося з-за лесу, як мы няўзнак мінулі адлегласць ад вакзала.

Муля, слухаючы нашы спевы, дэманстраваў сваё. Ён з асаблівым захапленнем выводзіў жаласлівыя поткі роднай яўрэйскай песні, падкрэсліваючы пры гэтым, што яго голас найбольшы вінаваўца таго, што бацькі скіроўваюць яго на равіна.

Праз кароткі час мы ведалі ўсю гаротную біяграфію Муліка, ён нам аддаў усё, што меў, свае лепшыя пачуцці, сімпатыю, шчырасць. Нават булку, якую ён захапіў у маткі, спечаную на шабасе, ён радасна раздзяліў на ўсіх.

Прыехалі. Мы ў клубе. Тут упершыню артысты з беларускім словам. Муля Гарэлік атрымаў многа даручэнняў: ладзіць сцэну, даставаць рэквізіт, лямпы, жывы лес і ўсё, што было неабходна для паказу. Ён за гэтыя два дні зжыўся, здружыўся з намі.

— Уцяку ад бацькоў, не буду равінам, — упэўнена казаў Мулік.

Мы доўга раіліся, як дапамагчы Муліку далучыцца да нас. Яго бацькі якраз у гэтыя дні не было дома, і сын дзейнічаў свабодна. Нарэшце надышоў час ад’езду. Муліка не было. На чужыя падводы мы грузілі нашы рэчы. Прыйшоў Мулік, ён быў разгневаны. Збялелы яго твар паказваў, што ён перажыў нейкую непрыемнасць. Пад вачыма ў яго былі крывападцёкі сінякі, вочы ў слязах.

— Мулік, хто цябе пабіў? — уголас запыталіся мы.

— Бацька пабіў за тое, што я вазіў артыстаў у суботу, ды яшчэ задарма, — з болем адказаў Мулік.

Прыкрае развітанне.

Ляніва кранулася падвода. Мы моўчкі паехалі, з жалем паглядаючы на беднага хлопца, які сіратліва стаяў пры сцяне апусцеўшага клуба.

У 1924 г. сустракаю Гарэліка. Разгаварыліся.

— Ну, які, Гарэлік, твой шлях?

— Намеры клерыкальнага бацькі не збыліся. Я адказны працаўнік сацыялістычнай будоўлі, — з гонарам адказаў ён.


1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан