epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Вада памагла

— Ну, дык пойдзем, мая рыбачка, да варажбіткі ў Вуглы, — казала маці сваёй дачцэ.— Хіба ж толькі табе не паможа, а то ўсе, як у бубен б’юць, што раду ўсім дае. А ці ж ты горш за людзей?

— Пойдзем, калі гэтак, — адказала дачка, — толькі я нічога казаць ёй не буду, а кажы сабе ты, — ты старая, а старой, што з плеч, то ў печ.

Так пагаварыўшы і парадзіўшыся, маці з дачкой выправіліся ў дарогу. Пляліся, небарачкі, па Барысаўскаму шляху ад самага рання, і толькі позна вечарам трапілі яны да варажбіткі. Нясмела адчыніўшы дзверы, пераступілі яны высокі парог. Варажбітка якраз была ў хаце і стаяла каля печы з вялізнымі вілкамі ў руках.

— Адкуль, кабеткі? — спытала яна падарожных.

— Здалёку, панюхна, здалёку! Знібыткаваліся зусім, раду ўсё шукаем. Свет прайшлі.— І ў старой, як боб, пасыпаліся слёзы.— Летась яшчэ аддала дачку замуж за Гваздка, — пачала старая, — скончыўся год, пачаўся другі, а дзетак няма і няма, а яна сохне, небарачка, як красачка без вады. Глянуць, маладзіца хоць куды, чырвоненькая, як бруснічанька, сама жадае прыплоду, а тут хоць запалі; каму ж тады мець, калі не ёй.

Памаўчаўшы трохі, старая гаварыла далей: «Яна мне даўно жаліцца, што яе мужыка быццам ураклі. Можа, й праўда. Ці мала на свеце ёсць благіх людзей. Дык памажы ж, панюхна, калі ласка!»

Маладзіца пры гэтай гутарцы старой схавала свой маленькі нос у зякрастую хустку і парушылася на тапчане.

— Можа, ураклі, а можа, не, — сказала варажбітка, — мо так якая набрыдзь убілася, трэба падлячыць, пэўне адойдзе, тагды будзеш мець, баба, унукаў.

— А панюхна, а родная! Можа, ведаеце раду, памажыце, дужа хочацца хоць перад смерцю зірнуць на сваю кроў.

Маці, седзячы на лаве, плакала і выцірала рукавом слёзы, а дачка, патупіўшы вочы, як вінавайца, сядзела ціханька каля маці, зрэдку ўздыхаючы.

— Пакінь плакаць, бабка! — сказала варажбітка.— Вось толькі згатую вячэру свайму мужыку, а там будзем ведаць, ці ўрокі, ці так якая набрыдзь убілася.— Ды ізноў пачала поркаць вілкамі ў печы, скоса паглядаючы на палаці, дзе ляжаў яе мужык, уставіўшы вочы на маладзіцу.

— Чаго ты вочы паказеліў? Каб цябе спёка пякла! — крыкнула на яго варажбітка.— Вось зараз гарачымі вілкамі лупачы табе павысмаліваю! Бачыш ты яго — утаропіўся, каб ты затануў, стары ламака. Здаецца, увесь порах высыпаўся, а як згледзеў маладзіцу, аж трасца яго трасе.

— Пойдзем у другую палавіну, — звярнулася яна да баб.

Зняўшы з прымурка карты, варажбітка скартавала іх і пачала раскладаць. Падумаўшы троху, яна сказала, што мужыка ўраклі і помач ад уроку можа даць толькі тутэйшы селянін Кірыла, удавец.

Пазвалі Кірылу.

Праз паўгадзіны скрыпнулі дзверы, і ў хату ўваліўся Кірыла, высокага росту, плячысты, не стары яшчэ мужчына, з багатымі надзіва вусамі.

— Во, ратунак тут! Прасі, кабетка, яго палячыць. Я з прыканання кажу, што будзе ўсё, чаго жадаеце.

— А дзядзечка! А каласок! А збаўца, памажы! — кінулася старая да лекара. — Хоць бы адно дзіцянё; я ж маці, свайго дзіцяці шкода, мардуецца, бедная, свету не бачыць...

Кірыла, зірнуўшы на маладзіцу, пакруціў чорныя як смоль вусы і пачаў тоўстым басам:

— Памагчы-то можна, але, як я бачу, бясплоддзе дужа далёка засела ў дачкі, — сказаўшы гэта, папрасіў падаць конаўку вады.

Падалі.

Кірыла ўшчаміў у магучых руках конаўку і, стаўшы ў кутку, нешта плявузгаў і нарэшце даў маладой, каб сама патроху піла і мужыка калі-нікалі трактавала. Кірыла пры гэтым з прывычкі сказаў, што лякарства гэта хваробу як гужам адойме, а здароўе як мехам прыпрэ.

Старая тым часам, дастаўшы з торбачкі бутэльку картаплянкі, паставіла яе на стол.

Кірыла, як згледзеў гэткі трактамант, здаецца, з радасці больш вырас, і вочы яго заблішчэлі, як у ваўка.

Селі за стол. Перш Кірыла выпіў з маладзіцай, потым са старой і па чарцы з гаспадарамі, каторыя збіраліся на спачынак. Страпежылі бутэльку. Кірыла — як тут меў — паставіў другую, і пайшла гулянка.

Невядома, ці доўга цягнулася б яна, каб не патухла лямпа. Ці яно само сабою так зрабілася, ці таго вымагалі лекі, не нам, прастым людзям, пра тое знаць. Адно толькі можна сказаць, што недарэмна хадзілі да варажбіткі.

Счакаўшы паўгода, да знахаркі зноў прыйшла старая.

Цяпер яна была з падарункамі, і ў яе твары свяцілася радасць.

— А панюхна мая, родная мая, дзякуй жа табе, дзякуй, — усё добра. Дзякаваць богу, дачка пры надзеі; вось табе за варажбу абрусок, панюхна, а доктару, каб ён здароў быў, за фатыгу палатна на кашулі, — гаварыла старая, дастаючы падарункі.


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан