epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Ваўкалакі

1

 

Чалавека-звера лютага, крыважаднага, утраціўшага воблік чалавека, можна бачыць на вакзале Аляксандраўскай чыгункі ў часе прыходу поезда з уцекачамі.

Быццам-то хмара, налятае зграя ваўкалакаў, як падыходзіць поезд. Ваўкалакі, разбіўшыся на тры катэгорыі, абступаюць поезд і зразу прыбіраюць да рук уцекачоў. Адны з іх скупліваюць залатыя грошы, другія падушкі, пярыны, боты і іншыя рэчы, а іншыя абкрадаюць.

Уцекачы аддаюць за нікчэмства сваё апошняе багацце, абы ратавацца ад галоднай смерці, а ваўкалакі спраўна пераймаюць усё да сваіх рук.

Салідарнасць між імі надзвычайная, — ні бойкі, ні лаянкі няма, кожны ваўкалак знае сваю справу і па-геройску спраўляецца з ахвярай.

Адзін ваўкалак гаворыць з жывым уцекачом, выманьваючы ад яго золата, другі выцягвае з-пад мерцвяка падушку або сцягвае боты, а трэці ваўкалак, карыстаючыся таўкатнёй, прыбірае ўсё, што пападзе пад рукі.

Праца ідзе вельмі спрытна. Не паспее чалавек і вокам міргнуць, як поезд з уцекачамі прааналізуюць да астатку. Мярцвяк, апынуўшыся без ботаў, маўчыць, а жывы, утраціўшы рэчы, плача. Але ніхто не звяртае ўвагі на слёзы, плач хоць дзень з ноччу. А тым часам падушкі, пярыны і бялізна з-пад тыфозных адразу перакачоўвае на павет да сялян і заносіць заразу да здаровых людзей.

Селянін, аддаючы за падушкі хлеб, ведаць не ведае, што прынеслі яму ваўкалакі ў хату, і толькі пасля, калі ўся сям’я захварэе на тыфус, разводзіць рукамі і пытаецца, адкуль да яго прыйшла бяда. А бяда не прыходзіць, а заносіцца людзьмі, якія добра ведаюць, што нясуць.

Іх не цікавіць, што будзе шкоднага ад іх працы.

У горадзе то там то сям бачылі плакаты, якія паказваюць шкоднасць адзежы, якая збываецца без дэзінфекцыі а ў вёсцы аб гэтым і не ведаюць. Пасля сухотніка кладуцца на той самай пасцелі, носяць бялізну, пасля тыфозных гэтаксама. І гэткім чынам эпідэмія гуляе па абшарах нашай Беларусі, і народ вымірае. А ваўкалакі тым часам жывуць, крэпнуць і абагачваюцца кроўю нявінных людзей.

Я сам быў сведкай, як у паміраючага ўцекача ваўкалак пытаўся, ці ёсць у яго золата, калі ж убачыў, што той ужо памёр, з жалем сказаў: «Памёр і не сказаў, а грошы ў яго ёсць». І тут жа пачаў падгаварваць знаёмых нябожчыка, каб перагледзелі кішэні, дабаўляючы пры гэтым, што на той свет з грашыма людзі добрыя не ходзяць.

Дык вось якія абразочкі і якіх людзей можна бачыць між намі!

1 Маюцца на ўвазе рабаўнікі-марадзёры. (Рэд.)


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан