epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Вясковыя астраномы

Доктар з астраномам, шукаючы спачынку душам сваім ад гарачых праменняў сонца, наважыліся на які дзень-два пакінуць горад і сцерці час у вёсцы.

Ведама, чаго шукалі, тое знайшлі. Дзве гадзіны дарогі — і вёска Халадцы, як вырасла перад імі. Ідучы вуліцай між старых хат, яны бачылі, як аглядалі іх праз вокны цікавыя бабы і як маленькія мурзатыя дзеткі, шэпчучыся адзін з адным, перабягалі праз вуліцу і прыглядаліся ім у вочы.

Як там што ні было, але панам усё падабалася, бо яны гэта блізка што ўпершыню бачылі. Доктар, выгадаваўшыся ў багатых бацькоў, праўда, чуў пра гора мужыкоў, але, не пазнаёміўшыся з іх жыццём бліжэй, мала ведаў аб іх. Гэтаксама і астраном. Давучыўшыся да сівых валасоў, а после дабіваючыся, як і калі будзе зацьменне, дзе якія планеты, не меў часу зірнуць у вёску, і, каб не шчыры яго прыяцель доктар, пэўне, што адзін не паткнуўся б туды.

Вось нашы вучоныя, агледзеўшы збольшага лес, поле, вярнуліся ізноў у вёску і зайшліся да селяніна Гапцуля папалуднаваць. Тое-сёе, глядзіш — заварушылася гаспадынька, затрашчалі на прыпечку трэсачкі, і смачная яечня ў момант апынулася на стале.

Тыц-мыц, глядзіш, троху зверху пазбіралі дый пакінулі. Яшчэ астраном туды-сюды, доктар, як відаць, і рад бы з’есці, але быццам нешта шкодзіла.

Тым часам у хату ўвайшоў сам гаспадар. Скінуўшы з сябе армяк і адгладзіўшы бараду, цішком сеў за стол, адваліў лусту хлеба, ушчаміў у таўстых пальцах ды пачаў сёрбаць капусту. Доктар, паказеліўшы вочы, глядзеў і дзівіўся, як Гапцуль маўчком спаражніў адну міску капусты, другую ды за трэцюю ўзяўся. Пачаў тут наш доктар шаптацца з астраномам, шырока разводзячы рукамі. А Гапцуль тым часам, толькі яшчэ пачуўшы самы смак, спаражніў яшчэ чатыры міскі крупніку.

— Гатоў аб заклад ісці, — мармытаў свайму прыяцелю доктар, — што гэты чалавек не далей, як сягоння ўначы, богу душу аддасць, — не вытрымае!

І вось, як будзе, то будзе, а доктар даў слова не ісці з хаты і чакаць бяды, каб у час памагчы чалавеку. Гапцуль, наастатку глынуўшы мерку квасу, адгладзіў бараду і як паважна садзіўся, так паважна ўстаў ды, не раўнуючы, як пан, разлёгся на ложку.

Не агледзеліся, як надышоў вечар. Гапцуль, унёсшы свежага сена, прымасціў гасцям пасцель і кажа:

— Спаць-то добра, але мухі на раніцы пытлююць трохі.

Але астраном на тое адказвае:

— Добра-то добра, няма што, але мы лепш у садку выспімся, — бачыш, які вечар прыгожы.

— Ну, як сабе знаеце, але, па-мойму, дождж павінен быць.

Астраном ухмыльнуўся, падмігнуў на доктара, і яны паважна пасунуліся ў садок пад яблыню. У самай поўначы ні адсюль ні адтуль узняўся вецер ды калі ўрэзаў дождж, калі шматанула маланка, дык нашы начлежнікі, як мага кінуліся ў хату і з радасцю паляглі на прыгатаваным звечара месцы.

Астраном аніяк не мог дадумацца, як мог пазнаць просты мужык, што будзе дождж, калі ён, вучоны, і то не пазнаў гэтага. Толькі настаў дзень, доктар зірк, ці жыў селянін? А той і не лыс: спіць сабе, задзёршы галаву і падхрапваючы на ўсе лады, як у жалейку! Вось толькі прачнуўся Гапцуль, доктар і пытаецца:

— Скажы, браце, як выдыхаў ты ўчарашнюю ежу, няўжо нічога?

— А не! Гэта мой звычай, паночку: ем датуль, пакуль брухам стол не адсуну, а як ужо стол кранецца, тады годзе!

— А скажы, — перапыніў астраном, — адкуль ты ведаў, што дождж будзе ўночы?

— Ёсць у мяне рабенькі бычок, і калі толькі ён пачне хвост лупіць, то так і спадзявайся дажджу. На тым тыдні таксама ўвечары быў дождж, то мой бычок яшчэ досвіткам хвост пачаў лупіць.

— Слаўны бычок! Слаўны! — цадзіў скрозь зубы астраном.— Прадай мне яго; добра было б, калі часамі маё вока не спраўдзіць, то бык да толку давёў бы...




Беларуская Палічка: http://knihi.com