epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Ветрагоны

Акт першы
Акт другі
Акт трэці
Акт чацвёрты


Камедыя ў чатырох актах

 

 

Асобы

 

Бабка, 60 гадоў.

Фрося, яе ўнучка,18 гадоў.

Яе маці, 40 гадоў.

Свацця, 35 гадоў.

Ігнат, 23 гады.

Сцяпан, 23 гады.

 

Каваль Пётра, 25 гадоў.

Агент вышуку, 30 гадоў.

Грыбоўскі, 40 гадоў.

Губарэвіч, 50 гадоў.

Міліцыянер, статыст, госці, музыкі.

 

 

 

Тыпы і характарыстыка

 

Бабка — мяшчанская баба, сівая, вельмі рухавая.

Фрося — звычайная мяшчанская дзяўчына.

Маці — мяшчанская баба.

Свацця — хітрая баба, вельмі рухавая, вастраносая, рыжая.

Ігнат, Сцяпан — прыгожа апранутыя хлапцы — жулікі.

Каваль — вясковы хлапец, камуніст, апрануты бедна.

Грыбоўскі — камічны тып, носіць жоўтую кашулю і камізэльку зверху, у цвёрдым капелюшы.

Губарэвіч — таксама камічны тып мешчаніна, зусім лысы, бяззубы.

 

 

Дэкарацыя

 

Мяшчанская кватэра праз усе акты, пасярэдзіне і па баках дзверы і адно акно, звычайная мэбля, столік з шуфлядай.

 

 

 

Акт першы

 

На сцэне Фрося — падмятае падлогу. Гадзіннік б’е 6.

 

Фрося. Шэсць, шэсць, шэсць. Зараз ля акна будзе бегчы мой каваль, закураны, замурзаны. Ах, хоць бы хутчэй!.. Як я занудзілася.

 

Уваходзіць маці.

 

Маці. Ты з кім, Фросечка?

Фрося. З кавалём, мамачка, з кавалём.

Маці. Ды яго ж тут няма.

Фрося. Яно ж пэўна няма, але я так яго люблю, што мне здаецца, быццам ён тут.

Маці. Радуюся гэтаму, дзеткі, радуюся, добры ён хлапец, з ім будзеш жыць, што казачку чароўную слухаць.

Фрося. Рэч вядомая, што буду; праз месяц вяселле.

Маці. А месяц не век, пройдзе, і не агледзішся.

Фрося (гледзячы ў акно). Ідзе, ідзе. Пётрачка мой ідзе!

Маці. Ну, вось і добра, пераймі яго, прыгалуб пасля цяжкай працы.

Фрося. Што пераймі? Што прыгалуб? Я проста праз акно вазьму ды і пацалую.

Маці. А ці можна, Фрося, да шлюбу цалаваць хлапца?

Фрося (фыркнула). Што вы, мамачка. Такое глупства цяпер можна.

Маці. Гэта цяпер, а ў наш век, бывала, хлопец дзеўку сягоння пацалуе, заўтра просіць у бацькоў згоды — жаніцца павінен.

Фрося. Гэта было раней, а цяпер многа не гавораць, цалуй колькі хочаш і з бацькамі не гавары.

Маці. Эх, моладзь, моладзь, розаг вам трэба, розаг!

Фрося. Не вучыце, мамачка, нас, цяпер мы вас навучым.

Маці. Ну і ветрагон ты... У каго толькі ўдалася?

Фрося. Па бабцы пайшла, вось як.

Маці. Вось добра, што ўспомніла: ці бабка яшчэ не вярнулася?

Фрося. Як бачыце, няма.

Маці. Звар’яцела баба на старасці, звар’яцела, нехта наплёў ёй аб вайне, яна бах — дом прадала.

Фрося. І добра зрабіла. На ліха ёй дом, — прыйдзе сюды кітаянец з англічанкай, газамі задушаць.

Маці. Якая англічанка? Які кітаянец?

Фрося. А такія, што за сінім морам жывуць.

Маці. Хто гэта сюды пойдзе, каму гэта не шкода галавы; з бальшавікамі ваяваць — усё роўна што супроць ветру ісці, — паб’юць ушчэнт.

Фрося. Ды што нам разбіраць, хто каго паб’е. Я хачу жыць, хачу гуляць, нічога не рабіць: не век сядзець мне з вамі і бачыць толькі праз акно стары хлеў і агарод.

Маці. І што ж ты думаеш рабіць?

Фрося. А вось што, вазьму ад бабкі пасаг, пайду за Пётру замуж, пакінем гэта абрыдлае мястэчка і — гайда ў свет.

Маці. А ці ўпэўнена ты, што Пётра, чалавек разважны, пабяжыць за табой, каб гуляць і нічога не рабіць.

Фрося. Нічагутка, націсну — пабяжыць...

Маці. Мне здаецца, ты памыляешся. Ён чалавек разумны, цвёрдай волі — камуніст.

Фрося (дражнячы). Камуніст, камуніст, не ведаеш, мамка, маўчы!

Маці. Глупства пляцеш, дзяўчына.

Фрося. А не захоча Пётра, такой бяды, мала ёсць, ой, ой!..

Маці. Ды чаму няма, ёсць свістуноў, многа ёсць.

Фрося. Абы добра свістаў — будзем неяк слухаць.

Маці. А ты, Фросечка, кінь пра свістуноў думаць, а трымайся каваля, ён працавіты і сумленны, не слухай дурных баб.

Фрося. Ды што мне вашы бабы, у мяне свой розум ёсць. (Да акна.) Ну, мамка, вылазь, Пётра на парозе, ты нам перашкода, вылазь.

Маці. Ну і ветрагон, ну і малатарня! (Пайшла.)

Фрося (да акна). Ну, ну, хутчэй, хутчэй ідзі ў хату, у хату, я хачу на цябе глянуць замурзанага. Звар’яцею, дальбог, звар’яцею. Улюбілася ў хлапца і не ведаю, што чыню.

 

Уваходзіць каваль, відаць, што з працы.

 

Каваль. Ну, вось і я.

Фрося. Бачу, бачу, мой любы.

Каваль. Толькі адарваўся ад працы, рукі не паспеў памыць.

Фрося. І не трэба, я цябе хачу любіць вось гэтакага, у сажы, у мазалях!

Каваль. Згода!

Фрося. А пасля, як толькі мы пажэнімся, ты пакінеш кузню?

Каваль. І што?

Фрося. І будзеш са мною тут.

Каваль. А жыць з чаго будзем?

Фрося. На бабчыны грошы.

Каваль. Ты што, жартуеш, каб я, рабочы, ды на гэткі спосаб. О не!.. Так не можна, ты ведаеш — ёсць такі закон: хто не працуе — той не есць.

Фрося. Нашто працаваць? Яна прадала хату, грошай прынясе мех, пасаг будзе во!..

Каваль. Пасагу мне не трэба, вось мой пасаг. (Паказвае на рукі.)

Фрося. Значыць, кузню не пакінеш?

Каваль. Значыць, не пакіну.

Фрося. Дзіўлюся, як табе падабаецца кавальскі хлеб?

Каваль. Падабаецца, яшчэ і як! Мне здаецца, калі я кую гарачае жалеза, я кую долю працоўных!

Фрося. Ах ты, лантух з вуглём! (Цалуе.)

Каваль. Ах ты, іскрачка яскравая!

Фрося. Вось каб пабачыла мама, ото ж бы задала мне чосу!

Каваль. А за што?

Фрося. Яна ж мне забараніла да шлюбу цалавацца з табой.

Каваль. І добра робіць.

Фрося. А я не паслухаю і буду.

Каваль. З кім?

Фрося. Вось з кім! (Пацалавала.)

Каваль. Ах ты мая сакатуха, як дорага мне ўсё гэта!

Фрося. А ты мне даражэй усяго на свеце!

Каваль. Радуюся гэтаму!

Фрося. Ну, скажы, ці многа было працы? Як дзень прайшоў?

Каваль. Дзень прайшоў уміг, а працы заўжды многа; адны калёсы ладзяць, другія — лемяшы, падковы коням падбіваюць, а я з кавадлам ваюю — бах ды бах, дым, агонь. (Фрося адышла ад акна.)

Фрося. Ой, якая нудная размова — дым, агонь, калёсы, лемяшы... (Глядзіць у акно.)

Каваль. А ты слухай і шануй мазоль рабочых рук.

Фрося. Ой, ой, ой, які прыгожы хлапец ля акна пайшоў, блішчыць, як золата, глянь, глянь!..

Каваль. Ну што ж, калі блішчыць, глядзі сабе. (Адвярнуўся.)

Фрося. Ах, які ж ён прыгожы! Глянь! Глянь! Не такі, як ты.

Каваль. І не сорам табе ў вочы кпіць? Тут і казаць не трэба — я не бліскучы і не прыгожы.

Фрося. Даруй, мой родны, я пажартавала. Ты ж маё шчасце, ты ж мая радасць, і не бліскучы, і не прыгожы. Ну што, цяпер задаволен?

Каваль. Ды я не спалохаўся, ведаю добра, што праз месяц ты будзеш маёй.

Фрося. Я цяпер твая, глядзі на мяне колькі хочаш, цалуй колькі хочаш, і... толькі, а праз месяц запішы мяне на сваю фамілію.

Каваль. Згода.

Фрося. Але ж памятай, ты павінен даць мне волю, каб магла я жыць у горадзе, быць апранутай па модзе, а ты — пакінуць кузню.

Каваль. І наняцца ў балаголы?

Фрося. Не ў балаголы, а ў камісары. Зрабіцца начальнікам, сесці ў скураное крэсла, скураны партфель, сядзець, курыць і нічога не рабіць!..

Каваль. О не, мая радасць! Усё гэта не па мне; камісарам я не буду, кавалём застануся.

Фрося. Ну, тады я пакіну цябе.

Каваль. Дзіўны ты чалавек, якога нельга зразумець, раз — так, раз — гэтак.

Фрося. Я не магу зразумець цябе, капаешся ты век у ржавым жалезе і нейкую асалоду смакуеш у ім.

Каваль. Так, гэта мая асалода, бо я рабочы. Праца — мой гонар, а пакінуць працу і сесці, як хочаш ты, злажыўшы рукі, гэта — выбачай. Я працую ў кузні, працую над сабой, хачу і цябе выцягнуць з гэтага мяшчанскага балота і накіраваць на іншы шлях.

Фрося. І вось я ўзыду на новы шлях, з жалезным лемяшом у руках, а побач — ты з доўгай жалезнай качаргой, ха, ха, ха!..

Каваль. Які дрэнны жарт.

Фрося. Маўчу, маўчу, маўчу. Прашу прабачэння. (Цалуе.) Не верыш? (Цалуе.) Не верыш? Ну, дык і не трэба. (Насупілася.)

Каваль. Ну вось і надзьмулася.

Фрося. Але, надзьмулася.

Каваль. І за што?

Фрося. А так, ні за што.

Каваль. Ну, дык што ж цяпер рабіць?

Фрося. Анічога не рабіць, ідзі зараз да папа і скажы, што адна шалёная дзяўчына, якая завецца Фрося, хоча пайсці замуж, і больш нічога.

Каваль. Да папа я не пайду, а ў загс напэўна.

Фрося. У загс?

Каваль. Так, у загс.

Фрося. Ну, тут я ведаю, я з табой пайду куды хочаш, а бабка паставіць кол; ты ж сам ведаеш, яна хоча, каб з папом ды ў царкве, па-старому. (Адыходзіць да акна.)

Каваль. А мы бабкі не паслухаем ды зробім па-новаму.

Фрося (стоячы пры акне). Ах, ён зноў ідзе... а там другі, трэці, глянь, глянь, што за роскаш!..

Каваль. Ну, дык чаго ж, падабаецца — бяжы!

Фрося. Нашто бегчы, пальцам кіўну — самі прыйдуць!

Каваль. Вецер ты, і толькі.

Фрося. Ага, спалохаўся, а вось вазьму дый выйду за якога франта.

Каваль. За жанатага?

Фрося. Як так?

Каваль. А так, цяпер куды ні кінь, усё ў жанатага пападзеш.

Фрося. Будзе для мяне і нежанаты.

Каваль. Глядзі, каб не апяклася.

Фрося. Будзе, будзе, хоць ты і кажаш, што цяпер усе жанатыя, але гэта няпраўда, адзін застаўся.

Каваль. Нябось, той бліскучы.

Фрося. І не бліскучы, а так сабе, вось гэтакі. (Пацалавала.)

Каваль. Як лоўка ты ўмееш зубы маляваць.

Фрося. У гэтым жа наша здольнасць.

Каваль. Ну, вось што, Фрося, на гэтай здольнасці далёка не паедзеш. Прыходзь сягоння да мяне, пачну цябе знаёміць з ведамі навукі.

Фрося. Якое навукі?

Каваль. Ды патроху аб усім, — газеты пачытаю, растлумачу, навучу цябе.

Фрося. Згода. Калі прыйсці?

Каваль. Як сонца сядзе ў садках.

Фрося. Буду. (Чутны за дзвярыма галасы.) Бабка ідзе. Пойдзем, брат, сюдой. Ну, хутчэй, кавальскі мех. (Пайшлі ў бакоўку.)

 

Уваходзяць бабка і свацця.

 

Свацця (адчыніўшы дзверы, упускае бабку). Калі ласка, родненькая, калі ласка, прыказка нездарма кажа, грошыкам і месца і пашана.

Бабка (кінуўшы мяшок з грашыма на стол). Ох, як у баку закалола. Каб яму гэтак цяжка было жыць, як мне цяжка было цягнуць. І трэба ж, напёр гэтулькі медзякоў, каб з яго дух выперла.

Свацця. Цар меў золата, а бальшавікі медзь!

Бабка. Не галёкай так, яшчэ пачуюць ды пасадзяць.

Свацця. І то праўда, лепш маўчаць. Яны ж не любяць грошы ды людзей багатых.

Бабка. Ім па сэрцу, калі б грошы здаў у банк.

Свацця. Банк? Што вы, панічка, як можна, які банк, не сягоння-заўтра ўзнімецца з кітайцамі вайна, што тады?

Бабка. І я кажу, тады шукай у полі ветру.

Свацця. А там націсне англічанка, усё сатруць на порах.

Бабка. Вайны то я баюся, асабліва англічанкі.

Свацця. Англічанка што, глупства, вось кітайцы, калі шугнуць...

Бабка. А іх жа многа.

Свацця. Як мурашак, — жоўтыя, худыя, нібы ваўкі галодныя.

Бабка. Ой, не кажы, баюся.

 

Уваходзіць маці.

 

Маці. Ну што, мамачка, атрымалі грошы?

Бабка. Хіба слепа, не бачыш, атрымала.

Свацця. Выплацілі ўсе, на зэкс!

Бабка. Напёрлі медзі, серабра...

Свацця. І чырвончыкі ёсць.

Маці. І дзе іх цяпер дзець, хоць бы не ўкралі?

Бабка. У цябе пытацца не буду!

Свацця. І я кажу, абы былі, а месца будзе.

Маці. Так то яно так, але боязна.

Бабка. Ну, годзе стагнаць, не наганяй сырасці.

Свацця. Цяпер бы толькі падлічыць ды ў парадачак паскладаць, няхай адпачываюць з богам.

Маці. Трымаць у хаце?

Свацця. А няўжо ж у банк!

Маці. Ведама, у банк.

Бабка. Ну, гэта справа не твая, куды захачу, туды і пакладу.

Свацця. Аддаць у банк — усё роўна што на вуліцу.

Бабка. І я кажу, прыйдзе галодны кітаянец, шухне газу — будзе табе банк!

Маці. Ды кіньце глупства плесці. Хто сюды пойдзе? Каму трэба гузак на галаву?

Бабка. Я ведаю каму. Папытай у свацці.

Свацця. Праўда, панічка, праўда, Кітай ужо ідзе.

Маці. Адкуль вам ведама?

Свацця. Мне? Вы хіба жартуеце? Пачытайце святое пісанне, што яно кажа?

Маці. Нічога яно не кажа. Брэша!

Бабка. Во, каб табе язык адубеў, чулі?

Свацця. Святое пісанне кажа: «І како оплецецца стальнымі шнурамі, земля і стадо ўцерахом свайго пастыра», — цара, значыцца.

Бабка. А цара ж няма.

Свацця. «І тады прыйдохам із-за мора сіняга Кітай, а за ім па ветры прыляціць англічанка, паддадуць веліе зело газу смердзючага і ўмертвяхом весь род чалавечы». Во!

 

Бабка перажагналася.

 

Маці (да свацці). А ты нябось застанешся, цябе ніякі газ не пройме. Цьфу. (Пайшла.)

Свацця (услед). Ой, які ж вы адсталы алімент.

Бабка (услед). Слухай, баба, прыкусі язык.

Свацця. Яна не верыць, ёй трэба нейкіх довадаў! Каму не ведама, што англічанка з намі біцца хоча, а нашы камісары па рылу кулаком далі, а тут Кітай на дапамогу вылез, замасцілі і яму.

Бабка. Няўжо далі?

Свацця. Ды яшчэ як!

Бабка. Як жа гэта ім дало спаткацца: дзе англічанка, а дзе мы?

Свацця. Ды па тэлефону, значыцца, адзін другога і аблажылі!

Бабка. Па тэлефону біліся?

Свацця. А што ж тут дзіўнага, цяпер гэткі век — тут гаворыш, за граніцай чуваць — па радыю, значыцца.

Бабка. Дзіва, і толькі!

Свацця. У іх гэтак, калі захочуць адзін другога павіншаваць, зараз па тэлефону — круць, круць гэтак ды так, каб цябе пакруціла.

Бабка. Усё кажа за вайну, чуе маё сэрца, вайна будзе.

Свацця. Будзе, панічка, будзе, бо як на безгалоўе моладзь без памяці жэніцца, у царкве чарга стаіць, поп не ўпраўляецца крыжам махаць.

Бабка. Гэта, галубачка, прыкмета.

Свацця. А ведама, прыкмета. Дый людзі старыя кажуць, дзеці родзяцца — вайна будзе, а цяпер дзеці як з меху сыплюцца, што ні дзень — коп з восем, а паміраць — не паміраюць.

Бабка. Усё кажа, што вайна будзе.

Свацця. А як жа, панічка, з Фросяй мысліце, няўжо на марынад дзяўчыну захаваеце?

Бабка. Чаму на марынад, у яе ж каваль прыгожы ёсць.

Свацця. Каваль? Ха, ха, ха!.. Панічка, ці ж каваль чалавек?

Бабка. А чым ён дрэнны?

Свацця. Пры гэтакім багацці ды каваль, фэ!.. Не каваль павінен быць зяцем, а туз — во!

Бабка. Адкуль тыя тузы?

Свацця. Як та адкуль? А я не раздабуду жаніха? Якая ж я свацця? Нашто ж тады жыць? Мой хлеб гэтакі: я і свацця, і фактарка, трэба пажаніць — пажаню, трэба развесці — развяду. Пасватаю, панічка, хлапца... на зэкс... З добрай пасадай, набожны, з царквы не вылазіць.

Бабка. Толькі каб, божа барані, не камуніст!

Свацця. Што вы, панічка. З камуністамі да ладу не дойдзеш. Камуніст сёння запісваецца, а заўтра выпісваецца.

Бабка. Гэтак, гэтак...

Свацця. Я пасватаю меншавіка...

Бабка. Меншавіка? А што гэта за звер?

Свацця. Меншавік — гэта значыцца, ні тое ні сёе, меншавік — ён і нашым і вашым, у яго сярэдзіны няма.

Бабка. Дык на якое ліха ён нам без сярэдзіны... Ты давай нам хлапца, каб меў усё.

Свацця (доўга смяецца). Не зразумелі мяне, панічка, хлапец будзе на зэкс, а што хістаецца туды, сюды, гэта, бачыце, час такі, да шлюбу не стасуецца.

Бабка. Ну, добра, добра, калі ж пакажаш нам яго?

Свацця. У нядзелю, як перуном высмаліць.

Бабка. Згода, ну, а цяпер дзякую табе за помач, што хату прадаць дапамагла... Пасля разлічымся.

Свацця. Згода, панічка, згода... Толькі каваля не дапушчайце сюды, а проста за каўнер ды вон...

Бабка. Ды неяк ужо будзе.

Свацця. Ну, а калі ж, панічка, на вашым вяселлі паскачам?

Бабка. І сама ўжо не ведаю.

Свацця. Чалавека вам пасватала, куды там, і хатку і зямельку мае.

Бабка. Так то яно так, але перашкоды, бачыш, ёсць.

Свацця. Кажыце якія, быць можа, што і зробім.

Бабка. І сама не ведаю, як бы гэта вытлумачыць, троху неяк сорамна.

Свацця. Сорамна? Аб якім сораме, пані, кажаце? Цяпер людзі сораму не ведаюць, валі з пляча, і годзе.

Бабка. Бачыш, шэсць разоў я замужам была, тры царкоўных, а трыццаць тры... (Спахапілася.) Цьфу, памылілася, а тры так сабе. Ну, а цяпер хацелася, каб у царкве з парадай, ды бацюшка не згодзіцца?

Свацця (здзіўлена). У гэтым толькі перашкода?

Бабка. Толькі.

Свацця. А міленькія мае, ды як жа гэта, каб пры гэтакім становішчы, з грашыма, ды не справіцца. Я на сябе бяру фатыгу. Колькі ахвяруеце папу?

Бабка. 50 рублёў.

Свацця. А мне за пабягушкі?

Бабка. Дзесяць.

Свацця (радасна). Ёсць! Будзе шлюб царкоўны, давайце грошы.

Бабка. А не брэшаш?

Свацця. Вось крыж. (Жагнаецца.) Міца, міца, міца, каб мяне пярун, лясун — што не лгу.

Бабка (дае грошы). Тады шый боцікі, вяселле спраўлю заадно. Бяры грошы.

Свацця. Вось гэта добра, за адным скрыпам унучку і бабулю ажаню.

Бабка. Няхай будзе так.

Свацця. Ну, я адразу да папа. 50 рублёў нідзе не валяюцца, мы яму грошы, а ён нам шлюб.

Бабка. А калі ж бы гэта галаву пафарбаваць, дзе абяцаныя прылады?

Свацця. Фарба ёсць, патрэбен толькі кубел вару, і валасы як жук будуць зіхацець.

Бабка. Калі ж мы будзем фарбаваць?

Свацця. Прыходзьце заўтра да мяне, ніхто не будзе перашкаджаць.

Бабка. Буду.

Свацця. На раніцы чакаю. Ну, я пайшла. (Пайшла.)

Бабка. Шчаслівенька, галубачка, шчаслівенька.

Свацця. Хавайце грошы ямчэй... (Пайшла.)

Бабка. Дзякуй табе, божа, усё добра складаецца. Грошы тут, жаніх тут на жменю. Ох, як у баку закалола.

 

Заслона

 

 

Акт другі

 

Тая самая дэкарацыя.

Бабка (ужо з пафарбаванай галавой, лічыць грошы). Лічу, лічу і толку дайсці не магу. Тут пасаг Фросі... тут па тысячы... адна, дзве, тры тысячы... а тут чырвончыкі, 25, 26, 27, 28, 29, дваццаць дзесяць (паўза), а як далей?.. Даў бог цяля, ды не даў хлява... Ну, а што мне зрабіць з гэтымі, што пацукі дзірку прагрызлі?.. Хоць ты выкінь за акно... І трэба ж, так лоўка вылушчыў сярэдзінку, нібы свярдзёлкам выкруціў. Такую грубіню прагрыз.

Увайшла маці. Яна чула, як бедавала бабка.

Маці. А што, не мая праўда, паелі грошы пацукі.

Бабка. Ну паелі, а табе што?

Маці. А тое, што не трымайце іх у хаце, а нясіце ў банк, бо ўсе зжаруць.

Бабка. Я скарыстаць сама хачу. Вяселлі два ў хаце.

Маці. Розуму ў вас, бабуленька, няма.

Бабка. Пазычаць, матуленька, не буду ў цябе.

Маці. Аб смерці пара думаць, а вы замуж.

Бабка. А чым жа я не баба?

Маці. Каму патрэбны вашы косці?

Бабка. Ахвотнік ёсць.

Маці. Ой, ой, што гэта за чалавек? Вам жа зараз гакне 70 гадоў.

Бабка. Выбачай, толькі 60.

Маці. І дзе ж вы бачылі, каб баба ў 60 гадоў...

Бабка Гэтакая ёсць... (Паўза.) Я!

Маці. Ці гэтым скрылі сваю старасць, што пафарбавалі галаву?

Бабка. Хіба ты слепа, памаладзела на год 20.

Маці. Зубоў і тых няма, век кашай жыць павінны.

Бабка. Ну годзе, пачуюць людзі — падумаюць і праўда.

Маці. Рабіце, як вам падабае, ідзіце сабе замуж, але я Фросю замуж не аддам.

Бабка. Чаму?

Маці. Не падабаюцца мне гэтыя свістуны.

Бабка. Даруй, галубачка, не маеш густу. Хлапцы прыдатныя, абмінуць іх нельга.

Маці. Я буду супроць.

Бабка. Што тваё супроць, калі я дам згоду.

Маці. Ану, пабачым.

Бабка. Ану, пабачым. (Маці пайшла.) Яна мяне вучыць, як на свеце жыць. Замуж не ідзі, грошы нясі ў банк, галавы не фарбуй, так я цябе і паслухаю. (Перабірае грошы.) Ну, чым ім дрэнна ў мяне, га? Ах вы мае саколікі, лепш адпачывайце тут у хаце. Тут вам месца і пашана. (Чутно, як брэшуць сабакі.) Во, некага нячысцік прэ; і калі б толькі не села грошы палічыць, заўжды перашкода. (Складае грошы ў капшук.)

Убягае свацця.

Свацця. Ну і сабакі ў пані, нібы звяры, так і мерацца, каб за лытку рвануць.

Бабка. Ну, а як жа без сабак, сама ведаеш, які цяпер час.

Свацця. Хто ж гэта не ведае, што бедны чалавек дзесяцера сабак не трымае.

Бабка. Завяліся грошы, завяліся сабакі.

Свацця. Няхай брэшуць на здароўе.

Бабка. Ну, перш павінна падзякаваць табе за кавалераў.

Свацця. Спадабаліся?

Бабка. Падабрала ты хлапцоў!

Свацця. На зэкс.

Бабка. І я задаволена, і Фросечка задаволена, відаць, што людзі далікатныя.

Свацця. Лісцікраты. У іх, мая дарагая, і костка белая.

Бабка. Белая?

Свацця. У пашпарце адзнака ёсць — белая...

Бабка. Вельмі рада гэтаму, вельмі рада.

Свацця. А які ж паненцы даспадобы?

Бабка. Ды абодва падабаюцца, а якога Фрося возьме — гэта рэч яе.

Свацця. Па-мойму — хоць абодвух.

Бабка. Не ведаю, што Пётра-каваль скажа?

Свацця. Няўжо ж вы, пані, не выперлі яго?

Бабка. Не важуся, родненькая, любіць шчыра Фросю, няхай яна камандуе.

Свацця. Як мне здаецца, Фрося сама зразумее, хто для яе пара — пан ці хам.

Бабка. Яна ўжо зразумела.

Свацця. Калі зразумела, пэўна, вон пагоніць.

Бабка. А як сабе хоча, а тым часам, мая дарагая, падзякую табе за сватаўство. (Дае дзіравую дзесятку.)

Свацця. Дзякую, дзякую, але ж выбачайце, панічка, нешта дзірачка, нешта дзірачка ў ім, хто ж гэта вылушчыў?

Бабка. Ды гэта ж, мая родная, пацукі ўслужыліся, цэлы пачак прадзіравілі.

Свацця. Во, каб на іх безгалоўе, і трэба ж, услужыў — подпіс камісара з’еў, а касір застаўся...

Бабка. То як жа будзе?

Свацця. Як на мой розум — грошы вартасць утрацілі.

Бабка. А чаму?

Свацця. А праз тое, што камуніста з'елі, а касір непартыйны застаўся, грошы вартасць утрацілі.

Бабка. Во, каб на іх звод, на гэтых пацукоў, ох, як у баку закалола.

Свацця. Цяпер, панічка, гэтакія здарэнні часта бываюць. У людзей грошай шмат, ну, а куды ж іх дзець, — у банк баяцца несці, ну, значыцца, у панчоху ды за абразы, а там пацукі.

Бабка. Дык, можа, гэта дрэнна?

Свацця. Тое дрэнна, што захавалі ў панчоху, лепш пакладзіце ў гаршчок або цёрліцу.

Бабка. І гэта праўда, трэба пералажыць.

Свацця. А тым часам дзіравенькі рубельчык далучыце да дзіравых, а мне за працу цэленькі.

Бабка. А вось гэты маеш.

Свацця. Дзякую. У кожнага свая бяда. Ці дасце веры, у мяне ўчора дух нячысты печ разарваў і ўсе гаршкі на галаву выкуліў.

Бабка. Які там дух, нябось дзеці патрон укінулі.

Свацця. Не. Была міліцыя.

Бабка. Ну і што?

Свацця. Адмовіліся пісаць пратакол, каб не займацца з нячыстым духам.

Бабка. Дык чаму ж ты да папа не йдзеш, каб святую малітву адчытаў?

Свацця. Цяпер вось і пайду, грошы ёсць — рубля дам, адчытае.

Бабка. За рубля?

Свацця. Такая там будзе і малітва, за рубля ды яшчэ супроць нячыстага.

Бабка. Яно вядома, якія грошы, такая і малітва. А як з вайной, галубачка, будзе?

Свацця. А то як жа, будзе.

Бабка. З газет вычытала, ці так?

Свацця. З якіх газет, я газетаў не чытаю і ў рукі не бяру. Нос дзяржу па ветры і ўсё ведаю на зэкс. Вайна будзе. Кажуць, нейкі чалавек купіў на рынку гусь. І толькі прывалок яе дадому, гусь пачала крычаць па-чалавечаму і пра вайну.

Бабка. Гусь — па-чалавечаму?

Свацця. Але, па-чалавечаму. Вось яна і кажа, гэтая гусь, — сцеражыцеся, людзі, вайны. Кітай, японка, англічанка точаць нож, збіраюць газы, рыхтуюць стрэльбы, кулямёты!..

Бабка. А бацюхны мае, што я чую?

Свацця. Ну і пайшла кадрыль. Хто верыць у бога — шухнуў у царкву, а хто не — пачалі рыхтавацца да вайны. Старых пачалі муштраваць страляць, а камсамольцаў — плаваць. І што ж скажаце, — старыя селі, а моладзь узяла верх!.. Адна суседская дзяўчына-камсамолка дзве вярсты плыла пад лёдам — і жывая вылезла.

Бабка. Вылезла?

Свацця. Як тут была.

Бабка. Але ж нашто гэта ўсіх гэтак муштруюць?

Свацця. А вось нашто: узнімецца вайна — адны будуць насядаць на англічанку з зямлі, а камсамольцы з мора.

Бабка. Дык гэта ж добра, няхай ім бог памагае.

Свацця. Што кажаце! Які бог. Бог іх сам баіцца: яны ж бога абабралі, абадралі, як кажуць, без штаноў пакінулі... Усе цэрквы, усё багацце ачысцілі.

Бабка. А хто ж ім памагае?

Свацця. І ўгадаць цяжка, самі сабой без бога.

Бабка. Каламут нейкі, дый толькі.

Свацця. Ну, а цяпер, панічка, да галоўнай справы: бацюшка грошыкі з падзякай вялікай прыпяў і шлюб царкоўны для вас, казаў, дасць.

Бабка. Дасць?

Свацця. Праўда, з вялікімі патугамі, але зробіць, бог яму даруе.

Бабка. О то ж дзякую табе, буду рыхтавацца да вяселля.

Свацця. Ну, усяго лепшага, панічка, пайду, дзякую за грошы.

Бабка. А табе за жаніхоў.

Свацця. Каваля ганіце вон.

Бабка. Ды пэўна ж, прыйдзецца. (Пайшлі абедзве.)

Уваходзяць Фрося і Пётра з бакоўкі з шапкай у руках, шапку паклаў на стол.

Фрося. Не хачу, не хачу і не хачу.

Каваль. Ды ты ж нядаўна была згодна.

Фрося. А цяпер не згодна, бо ты каваль, заўжды брудны, ад цябе аддае дымам, мужычымі падкоўкамі.

Каваль. Фрося, дзе тваё слова?

Фрося. Няма, ты мне не пара.

Каваль. І калі ж ты ўбачыла?

Фрося. Не так даўно.

Каваль. Пэўна, ад таго часу, калі да цябе пачалі цягацца бліскучыя панічы?

Фрося. Ты ўгадаў. Я выходжу замуж за аднаго.

Каваль. Дзіўлюся, як можна выходзіць замуж, не ведаючы чалавека?

Фрося. Я ведаю, ён — тэхнік.

Каваль. Тэхнік па кішанёвых справах?

Фрося. Но, но, толькі без абразы. Ён табе не пара.

Каваль. Фрося, Фрося, ці ты гэта гаворыш? Ці даўно гэта было, калі ты іначай разважала?

Фрося. А цяпер разважаю так: ты кавальскі мех, мужычая падкоўка.

Каваль. Яшчэ і насміхаешся, дзе ж тваё сэрца?

Фрося. Калісь было ў цябе, а цяпер у другога.

Каваль. Фрося, апамятайся, будзеш няшчасная за панічом.

Фрося. Ці толькі шчасце за мужыком? Шчасце там, дзе шык і бляск, — прыміце пад увагу, таварыш каваль.

Каваль. Ну што ж, гэтым усё сказана; няма тут чаго быць: сама ведаеш, што робіш. А хацелася б цябе вывесці на добрую пуцявіну, выцягнуць з гэтага мяшчанскага балота, зрабіць свядомай і мець маладога, грамадскага працаўніка. Не шкада мне цябе як паненкі, а шкада як чалавека, бо ты гніеш у цемры пад уплывам дурной бабы.

Фрося. Складна гаворыш, але няма часу слухаць. (Пайшла ў бакоўку.)

Уваходзіць бабка з вуліцы.

Бабка. А, Пётрачка ў нас! Дзе ж Фрося?

Каваль. Была, ды ўцякла.

Бабка. Яно быццам і так. Даганяючы не нацалуешся. Ох, як у баку закалола. Ці ведаеш, браток, да Фросі жаніхі, як з меха, сталі сыпацца. Гляджу я на іх і мыслю: адкуль такая прыгожасць, — лялькі, а гляну на цябе — адзін жаль; яно, ведама, праца, бруд.

Каваль. Ваша справа, бабуля. Бярыце, хто вам лепш, толькі глядзіце, каб пасля не плакалі.

Бабка. Ну, што ты... каб мы плакалі. У нас цяпер спосаб да жыцця ёсць, і дзеля гэтага няхай да нашай радні панскі сыр далучыцца, а мужыку — будзе мужычка. (Паўза.) Ты яшчэ аб чым будзеш казаць, бо мне трэба рахункі падлічыць, а галава мая слабая.

Каваль. Калі ласка, лічыце, я пайду.

Бабка. Ідзі, дзеткі, з богам, ідзі, няхай бог табе сілу дасць, каб добры каваль з цябе быў.

Каваль (у дзвярах). Бабуля, а што б вы рабілі, каб жаніх Фросі ды жанаты?

Бабка. Ш-т-о-о?

Каваль. Жанаты, і не раз. І зараз па вяселлі жонка з дзіцянём сюды з’явіцца.

Бабка. О не, не — што ты чаўпеш; ты хіба не бачыў, што за чалавек? Не буду цябе слухаць, брэшаш, ды не гладка. (Пайшла.)

Каваль (падышоў да стала, узяў шапку). Дубовае палена! (Услед бабцы.)

Увайшоў Ігнат, выфранчаны.

Ігнат (пасля вялікай паўзы). Што ж гэта вы паглядаеце, як бы баран на новыя вароты?

Каваль. А што ж нам забароніце глядзець?

Ігнат. Гляньце лепш на боты і ўгадайце, з якой скуры пашыты яны.

Каваль. З такога ж самага сыр’я, якім абцягнуты вашы пісарскія косці.

Ігнат. Вы грубіян, як можаце так абражаць мяне?

Каваль. Я на запытанне даў толькі адказ.

Ігнат. Ты ведаеш, хто я?

Каваль. Ведаю — з-пад бані.

Ігнат. Я дзелавод таможні, не раўня там нейкаму кавалю.

Каваль. І нягледзячы на такі высокі чын каваль не хоча з вамі гаварыць. Цьфу! (Плюе ў твар.)

Ігнат. Вы як пасмелі пляваць на мой твар?

Каваль. Каваль гэта можа зрабіць, калі такія свінні залішне дазваляюць сабе. Вам, пэўна, здалося, што калі я без белага каўняра, дык без права, без голасу, у каваля няма адвагі, — вялікая памылка: вытрыце сабе нос і другі раз будзьце асцярожны, бо калі вас пачнуць вучыць шаўцы ды кавалі, дык ваша пісарская скура можа патрэскацца.

Ігнат. Не разгаварываць, а то на порах сатру.

Каваль. Я зноў вам кажу: вытрыце сабе нос і не пужайце мяне; я перад вамі не ўхілюся.

Ігнат. Вон адсюль!

Каваль. Пэўна, што не паслухаю.

Ігнат. Дык я выкіну. (Падступае бліжэй.)

Каваль. А сілы ж хопіць?

Ігнат. Хопіць. (Паступае бліжэй.)

Каваль. Ну калі так, пачынайце!

Ігнат. І пачну. (Наступае.)

Каваль. Пэўна, не маеце адвагі, ну дык я пачну. (Закасаў рукавы.)

Ігнат (адыходзячы назад). Но, но, лягчэй, а то я зубы пачышчу.

Каваль (стукнуў па твары, той паваліўся). Вось і пачысціў, а з другога боку пасля пачышчу... (Пайшоў.)

Ігнат (устаў). Ой, ой, вось даў... у сто званоў званіць пачало. Ну, пачакай, ты, памаўза, я цябе падпільную; прыйдзі ты толькі на нашу вуліцу. (Глядзіцца ў люстэрка.) Адразу сіняк.

Уваходзіць Фрося.

Фрося. А... дарагі Ігнат! Як рада бачыць цябе! Даўно прыйшоў, чаму я цябе не бачыла?

Ігнат. Ды лепш бы і не прыходзіў.

Фрося. А чаму?

Ігнат. Прыйшоў сюды і застаў нейкага каваля. Чалавек неінтэлігентны, валіць усё з пляча, а я не прывык да гэтага. Слова за слова — я ўзяў яго за каўнер і выкінуў вон, — шапку і тую не паспеў узяць. Чый гэта? Да каго ён прыйшоў?

Фрося. Ён прыйшоў да бабкі.

Ігнат. А можа, да цябе і твой жаніх?

Фрося. Не пляці глупства, жаніх... На ліха ён мне, калі ты мой жаніх.

Ігнат. Я дзіўлюся, як можа такая шуя бываць у вас, нейкі каваль і, мусіць, камуніст, бо такую хвізіку развёў па фізкультуры...

Фрося. Пакінем аб гэтым. Скажы, быў ты ў царкве, гаварыў з бацюшкам?

Ігнат. Быў і гаварыў, усё ў парадку, ён благаславіў наш шлюб, а ў нядзелю ажэніць.

Фрося. Нарэшце збудзецца — у мяне будзе такі прыгожы муж!

Ігнат. А ў мяне такая прыгожая жонка!

Фрося (страсянуўшы яго). Ігнат!

Ігнат (таксама). Фрося!

Фрося. Цалуй мяне!

Ігнат. Згода! (Цалуюцца.)

Увайшоў каваль, падышоў да стала, узяў шапку, сціснуў Ігната за нос, той закрычаў і прысеў, каваль пайшоў.

Ігнат (за ім). Ага, уцёк!

Фрося (пераняла). Пачакай, пачакай!

Ігнат. Шчасце, што ўцёк, а то было б. Я завельмі гарачы, магу ў часе злосці выкінуць чалавека праз акно, магу і забіць, за малым-малым тут не забіў яго, але пабаяўся, за камуніста вялікая адказнасць.

Фрося. Цяпер ён больш не пойдзе!

Ігнат. І хто з вас патурае яму, чаго ён ходзіць?

Фрося. Разбярэш, чаго ходзіць. Суседні хлапец, лічаць за свайго.

Ігнат. Завельмі многа дабраты ў тваёй бабулі, не можна так.

Фрося. Аб дабраце яе сведчыць тое, што яна аддала абяцаны мне пасаг.

Ігнат (прыкідваецца нездаволеным). Ну, вось зноў, — нашто грошы, хто іх пытаўся, каму патрэбны?

Фрося. Патрэбны будуць нам.

Ігнат. Не даспадобы гэта мне, я грошы не люблю.

Фрося. А я люблю. Тры тысячы дала цяпер, а яшчэ тры ў дзень шлюбу.

Ігнат. Ну, а цяпер будзеш скакаць, дзе іх схаваць.

Фрося. Пакуль трымаю пры сабе, але думаю схаваць у гэты столік, давай схаваем разам.

Ігнат. Хавай сабе адна, я грошы не люблю.

Фрося. Ну, мае капіталы, тры дні адпачывайце тут... (Хавае грошы.)

Ігнат (набок). Нашто так многа, мы забяром раней.

Фрося. Што ты казаў?

Ігнат. Я ўздыхнуў з радасці, што ты дала ім месца, сама ведаеш — за грошы можа быць грабёж, навала, а схавала — сэрцу будзе спакайней.

Фрося. Якое ў цябе добрае сэрца, любы мой, дарагі мой!..

Ігнат. А сама хіба не верыш?

Фрося. Чаму не веру — веру. Ну, а скажы, калі ж ты паедзеш па сваякоў?

Ігнат. Сягоння ўначы, а сюды вярнуся праз тры дні...

Фрося. Мне цябе не хочацца пускаць.

Ігнат. Але тады на нашым вяселлі радні маёй не будзе, а радня мая, сама ведаеш...

Фрося. Ну што ж, калі так — згода.

Ігнат. Адзін дзядзька мой колькі падарункаў прывязе, а цётка... Ты паглядзі на сябе — у вушах пуста, на руках нічога, а з’явіцца радня — заззяюць дыяменты, дыяменты!..

Фрося. Ой, ой, ап’янею ад радасці, ап’янею — у мяне на пальцах будуць дыяменты!

Ігнат. Кажу табе праўду.

Фрося. Ой, пабягу, клікну бабулю і пахвалюся ёй, вось яна ўзрадуецца!

Ігнат. Кліч, кліч!

Фрося (адыходзячы). Падзелім шчасце разам. (Пабегла.)

Ігнат (зразу пабег да століка, украў грошы). Шчасце падзялю адзін.

Уваходзіць Сцяпан.

Ігнат. Ша!

Сцяпан. Адзін?

Ігнат. Пакуль што адзін.

Сцяпан. Калі выязджаеш?

Ігнат. Сягоння ўвечары.

Сцяпан. Хутчэй спраўляйся, бо гэты каваль бегае, як рысь, збірае даведкі.

Ігнат. Пакуль ён збярэ, я сваё ўзяў і буду далёка!

Сцяпан. А што, калі да ГПУ дойдзе і давядзе, хто мы, як тады?

Ігнат. Ну што ж: зловяць і пасадзяць, але я не такі дурны, пакуль зловяць, я заўтра буду за мяжой.

Сцяпан. А мяне зловяць і на Камароўку завязуць.

Ігнат. Не наганяй дарэмна страху, будзеш жыў.

Сцяпан. Пра мяне яна не пыталася?

Ігнат. Пакуль што не.

Сцяпан. Гаварыў, што мы з табой заклятыя ворагі і... праз яе.

Ігнат. А што скажаш, чаго прыйшоў?

Сцяпан. Я буду запрашаць яе на вечарынку, а ты не пушчай, я запратэстую, і пасварымся.

Ігнат. Для большага ўражання можам і пабіцца.

Сцяпан. Рабі гладка, каб не астрыглі вушы.

Ігнат. Не з такімі спраўляўся. 10-я жонка.

Сцяпан. Пасля твайго ад’езду я пачну налягаць на бабчыны грошы.

Ігнат. Налягай, брат, налягай, там яшчэ тры тысячы пасагу засталося.

Сцяпан. Мяне страшыць гэты каваль.

Ігнат. А так, ён страшны, у яго, брат, рука!..

Сцяпан. Быў калі ў руках?

Ігнат. Ну яшчэ што.

За сцяной чуваць голас Фросі.

Сцяпан. А сіняк?

Ігнат. Так... дровы калоў... сук.

Сцяпан. Ціха, яна сюды ідзе.

Ігнат. Адыходзь да дзвярэй!

Сцяпан адыходзіць да дзвярэй.

Уваходзіць Фрося.

Фрося. А... каго бачу — пан Сцяпан! Чаму так рэдка бываеце ў нас?

Сцяпан. З ахвотай прыходзіў бы часцей, але што сказаў бы на гэта вам...

Фрося. Думаю, што нічога.

Ігнат. Мыляешся, Фрося.

Сцяпан. Вось чуеце.

Фрося. Дзіўна, чаму ты забараняеш прымаць знаёмых?

Ігнат. Гэтага свістуна забараняю.

Сцяпан. Вы самі свістун.

Ігнат. Ну, ці не можна без абразы.

Сцяпан. Не нукайце, не паедзеце.

Фрося. Але ж прашу, пакіньце спрэчкі.

Ігнат. Вон адсюль, а то іначай распраўлюся! (Пачалі біцца.)

Сцяпан. Ах, так!

Фрося (кінулася між імі). Але ж кіньце, як не сорам.

Ігнат. Я хачу ведаць, чаго ён тут.

Сцяпан. А я хачу ведаць, чаго вы тут.

Ігнат. Праз тры дні даведаецеся.

Фрося. Але ж пакіньце, прашу яшчэ раз.

Сцяпан. Паненачка, даруйце, што праз мяне парушалі ваш спакой. Я не прыйшоў дзеля скандалу, я прыйшоў прасіць вас на вечарыначку, і калі б не адмовіліся, для мяне ваша прысутнасць была б вялікім шчасцем!

Ігнат. Фрося нікуды не пойдзе.

Фрося. Але ж дайце мне сказаць.

Ігнат. Ды што з ім гаварыць. Пяхота!

Сцяпан. Артылерыя.

Фрося (да Сцяпана). Вы хочаце, каб я была ў вас на вечарынцы?

Сцяпан. Як сонца, бачыць так хачу.

Ігнат. Ды якая вечарынка — вечарынка пад шарманку. Праз тры дні падскочыце да нас, пачуеце не шарманку, а басы, трамбоны, геліконы.

Фрося. Так, пан Сцяпан, я амаль што ўжо замужам і без дазволу Ігната не пайду.

Сцяпан. Тады выбачайце. (Пацалаваў руку, расшаркаўся — і да дзвярэй.)

Ігнат. А што, свістун, — прасвістаўся?

Сцяпан. Райдун. (Скрыўся.)

Ігнат. Асталоп.

Фрося. І як не сорам выганяць такога далікатнага чалавека і свайго ж прыяцеля.

Ігнат. Такія прыяцелі жонку адаб’юць.

Фрося. Не разумею, што табе здаецца?

Ігнат. А тое, што ён любіць цябе.

Фрося. Ну і няхай.

Ігнат. Тады ты не можаш быць маёй жонкай.

Фрося. З гэтага боку твая праўда.

Ігнат. З усіх бакоў праўда. Шчасце, што ты спыніла мяне, я так абурыўся, гатоў бы на шматкі разадраць яго, няхай ён у Пётры-каваля спытаецца, як той выкуліўся адсюль.

Фрося. Ну, годзе, годзе. (Прытулілася да яго.)

Уваходзіць бабка.

Бабка. А мае міленькія... дзеткі мае, што ж гэта вы да шлюбу прыціскаецеся?

Ігнат. А так, бабуся, на тры дні раней, авансам, добрага дня. (Расшаркваецца, цалуючы ёй руку, а яна яму галаву.)

Фрося. Хіба непрыгожы малюнак... Ну, скажыце, бабуся?

Бабка. Прыгожы-то ён прыгожы. (Набок.) Я б і сама сыр ціскала б, але як не сорам дзяўчыне ды абнімацца з хлапцом.

Фрося. А як жа вы, бабуся, хацелі, каб я ды абнімалася з дзяўчынай?

Бабка. Самі сабой адны?

Фрося. У гэтай справе трэці будзе перашкодай.

Ігнат. Мы, бабуся, не былі адны.

Бабка. Я калі была паненкай, ох, як у баку закалола, то баялася...

Фрося. А калі гэта было? Дый ці баяліся?

Бабка. Было, дзеткі, было — усё было.

Ігнат. У наш век, бабуся, моладзь нічога не баіцца.

Фрося. Мора па калена.

Бабка. Ну, калі так, мілуйцеся сабе, я забараняць не буду, усё роўна ты наш.

Ігнат. Я даўно ваш. Вось толькі паеду на дзень-другі па сваякоў, і тады Ігнат сябе пакажа.

Бабка. Вось каб ты ад хваробы пазбавіў мяне, яшчэ лепш было б.

Ігнат. А што ў вас?

Бабка. У баку баліць.

Ігнат. На курорт, на курорт у Кракаў, Вену, Будапешт.

Бабка. А што гэта такое?

Ігнат. Мора, сонца і пясок. Там і бязногія ходзяць, хто і ўмірае — ажывае.

Бабка. І там можна будзе падлячыцца?

Ігнат. Маладою нават стаць.

Бабка. Не разумею, як?

Ігнат. А так — моладасць назад прываліць, сівы волас і той чарнець пачне.

Бабка. Ну, гэта ўжо ёсць — пачарнеў.

Ігнат. Зубы новыя павырастаюць, во!

Бабка (здзіўлена). І зубы? Сынок мой, няўжо гэта праўда?

Ігнат. Вы мне не верыце?

Фрося. Бабуля, Ігнат кажа толькі праўду.

Ігнат. Вада салёная, марская, значыцца, маладою зробіць вас, замуж можна пайсці.

Бабка. А бацюхны мае, што чую... У моры буду я купацца?!.

Ігнат. Будзеце купацца ў цёплай марской вадзіцы, лавіць ракушак.

Бабка. А што гэта ракушкі, — селядцы, ці што?

Ігнат. Ракушкі — гэта значыць, ракушкі, — вось вы, значыцца, удзень будзеце ляжаць на сонцы, а ўвечары вазіцца на каруселях.

Бабка. А што гэта за каруселі?

Ігнат. Каруселі — гэта спрунжыновыя коні, якія без аўса і без вады бегаюць, хвост трымаючы так.

Бабка. Гэта можна, коні — мая слабасць, любіла змоладу, люблю і цяпер.

Уваходзіць маці.

Ігнат. Добрага дня, матуля, вам.

Тая нічога не адказала.

Бабка. Чаму гэта цябе так доўга чакаць трэба? Чалавек на агледзіны прыйшоў.

Маці. Выбачайце, мама, мяне Пётра на дарозе пераняў.

Бабка. Цяпер для Пётры дарогі сюды няма, Фрося вось чыя, ох, як у баку кальнула.

Маці. Ну, гэта яшчэ пытанне.

Бабка. Якраз так. Ігнат мне абяцаў, што, калі Фрося будзе яго жонкай, мы ўсе едзем. Куды, пан Ігнат?

Ігнат. Кракаў, Вену, Будапешт.

Бабка. О, чула, катацца, купацца, лячыць бок, есці пясок і лавіць ракушак.

Маці. Усё гэта нам не трэба, старым людзям цягацца па свеце!

Бабка. Дзе ты бачыш тых старых? А па-другое, не цягацца, а ездзіць, ездзіць, пан Ігнат.

Ігнат. На экспрэсах-люксах.

Бабка. А няхай цябе, няхай, як скажа слова, быццам з гарматы высмаліць.

Ігнат. А што, бабулечка?

Бабка. Стань пасярэдзіне.

Ігнат. Стаю.

Бабка. Фрося!

Фрося. Я тут.

Бабка. Стань да Ігната.

Фрося. Стаю.

Бабка. Вось паглядзі, якая пара галубкоў, ну як: ганьбы няма?

Маці. Зноў вам кажу — гэта ягады не нашага поля.

Бабка. Недарэчы пляцеш, сядайце, дзеці. (Селі.)

Фрося. І чаму, мама, вы так кажаце.

Бабка. Яна не хоча, каб дачка была замужам за такім ясным месяцам.

Маці. Не трэба нам яснага, няхай з намі жыве той, які не блішчыць. А вы б, паночку, куды б далей ад нас пайшлі. Нашто мы вам, бедныя людзі?

Бабка. Не так ужо бедныя, хіба вы запомнілі, што грошы ў мяне ёсць?

Ігнат. З вашага дому дарога мне адна, — у вір галавой.

Бабка. О, сказаў, як пугавішчам высмаліў. Адразу відаць пана па халявах.

Фрося. Мама, калі вы пакінеце працівіцца?

Маці. Як памру, разумееш, як памру. Ты маё дзіця, я твая маці, а якое я маю права зрабіць па-свойму? Не маю, цябе сватаюць без мяне, цябе аддаюць замуж без мяне, выганяюць таго, хто матчынаму сэрцу любы, ад нейкага часу права маткі я ўтраціла, павінна маўчаць і маўчаць. (Плача.)

Бабка. Як не сорам плакаць?

Маці. Бараніць сваё дзіця не сорам.

Бабка. Ты шкадуеш Пётру?

Маці. Шкадую.

Бабка. А нам ён да нічога. Мехам дзьмуць і па кавалдзе біць мы з табой не здолеем.

Маці. А ён вас прымушаў?

Бабка. Нас там чакаюць, дзе цёпла, як у бані, дзе коні спрунжыновыя ды марскі пясок, ракушкі!..

Маці. Як дрэнна, калі на старасці ў галаве спрунжыны аслабнуць. (Выйшла.)

Бабка. Трэба хутчэй канчаць справу, бо гэтым спрэчкам не будзе канца.

Ігнат. Праз тры дні я палажу канец.

Фрося. Ігнат хоча паехаць па сваякоў.

Ігнат. Толькі на тры дні.

Бабка. А калі ж ты вернешся?

Ігнат. У нядзелю раніцаю буду тут, а ўвечары павязу Фросю да папа.

Бабка. А ці патрэбны на вяселлі сваякі?

Ігнат. Мая радня? Што вы, бабуля, адна ўцеха — сліўкі, буржуа!..

Бабка. Што гэта за сліўкі?

Ігнат. Людзі багатыя, не камуністы.

Бабка. А калі так, давай сюды, рада іх спазнаць, а ты, Фрося?

Фрося. О, я хачу, радня прыедзе — падарункаў навязе: і тут (на вушы), і тут (на рукі) дыяменты, дыяменты, дыяменты!

Бабка. Трэба, трэба, люблю паноў!

Ігнат. Ну, калі так любіце, дазвольце па паноў паехаць, а з вамі адвітацца.

Бабка. Ужо і адыходзіш?

Ігнат. Адыходжу, бабуся, цягнік чакае. Вось мае паперы — білет Авіяхіму, білет Мопра, спраўка з Допра (закашляў), пашпарт і пасведчанне таможні.

Бабка. І ў цябе столькі дакументаў?

Ігнат. Як бачыце, бабуся. Ну, Фрося, пацалуй мяне на дарогу.

Бабка. Чакай, чакай, чакай — ты яшчэ маладая і цалавацца, пэўна, не ўмееш, лепш я за цябе. Ну, пан Ігнат!

Ігнат. З ахвотай, бабулечка! (Цалуюцца.)

Бабка. Ах, як добра. Даўно не цалавалася з хлапцом. Бачыш, Фрося, як гладка?

Фрося. Бачыла, бачыла.

Ігнат (у гэты час плюнуў). Значыцца, Фрося, не сумуй.

Фрося. Будзь шчасліў, Ігнат, глядзі ж — не марудзь.

Ігнат. У нядзельку чуць развіднее — буду тут, ты будзь гатова, бывайце здаровы. Кракаў, Вена, Будапешт.

Бабка. Шчаслівенька, шчаслівенька, ох, як у баку закалола.

 

Заслона

 

 

Акт трэці

Тая самая дэкарацыя. Як адчынілася заслона — чуваць музыка і выкрыкі: «За здароўе маладых, ура...» Выбягае з тых дзвярэй, дзе госці, бабка. Яна таксама ў шлюбным убранні, у вялікай роспачы, за ёй, кульгаючы, яе жаніх Грыбоўскі, ён п’янаваты.

Бабка. Каб яны на свет не глядзелі, як я на іх глядзець не хачу, цьфу!..

Грыбоўскі. Гэта ж не людзі, а звяры, — маладыя яшчэ не ездзілі да шлюбу, а яны п’юць, жаруць. Агатачка, альясік!..

Бабка. Не дуры галавы! (Дражнячы.) Альясік, альясік!.. Чакай!..

Грыбоўскі. Дакуль жа будзем чакаць? Сядзем, альясік, на коні дый паедзем, — поп царкву зачыніць.

Бабка. А хіба ж ты не ведаеш, хто перашкода?.. (Выйшла з другой бакоўкі Фрося — заплаканая, яна таксама ў шлюбным убранні.) Вось хто!

Фрося села і плача.

Бабка. Гэта ж можна звар’яцець, гасцей насклікалі больш як трэба, а маладога няма. (Да Фросі.) Ну, што скажаш, дзе твой малады?

Фрося. А што я магу казаць?

Бабка. Гасцей як сабак набілася, а маладога няма. Ужо прыехалі Грыбоўскія, Губарэвічы, Гілярэвічы. Ах, каб вы ногі пакруцілі, каб з вас дух выперла. Як яны пруцца сюды... Яшчэ, чаго добрага, не прыедзе.

Фрося. Не мучце вы хоць, Ігнат будзе тут!

Бабка. Дзе ж ён, дзе! Хутка трэба да вянца.

Грыбоўскі. Трэба, альясікі, і трэба — поп царкву зачыніць.

Фрося. А хто вас трымае, можаце сабе ехаць.

Бабка. Во, чулі... ехаць, ці ёсць у цябе розум?

Грыбоўскі. І я кажу, як жа гэта, альясік, без цябе ехаць, калі ўмова такая была, за адным скрыпам дзве пары звянчае.

Фрося. Ён трохі прыпазніўся.

Бабка. Ён позніцца, а госці раней часу жэрці пачалі, каб іх параспірала.

Фрося. І як можна выклінаць, — яны ж вашы знаёмыя, самі ж насклікалі.

Бабка. Хто клікаў сусветных абжор!

Грыбоўскі (да акна). Во і Памялоўскі з жонкай, і Петухоўскі з братам.

Бабка. Каб яны ногі пакруцілі, дзе іх прыняць?

Фрося. На дварэ сталы пастаўце.

Бабка. Каб яны праўцом вочы паставілі.

Грыбоўскі. Не разумееш, альясік, што з гэтага выйдзе.

Фрося. А што?

Грыбоўскі. Другі, альясік, будзе 20 разоў п’янець і 10 разоў цверазець: ніколі не развяжашся.

Бабка. Гэта ж сусветныя п’яніцы.

Грыбоўскі. Так, альясік, яны п’юць, ой, п’юць!..

Бабка (да акна). Шыманскія пад’ехалі, каб яны бокам ездзілі, каб іх на могілкі вывезлі. (Нервова ходзіць па хаце.)

Уваходзяць папарна Губарэвіч з жонкай, Гілярэвіч з жонкай, Мачульскі з жонкай, Памялоўскі з жонкай, Шыманскі з жонкай. Гоман, музыкі граюць марш.

Бабка (радасна). Міленькія мае, даражэнькія мае, ці вас я бачу... (Цалуецца з усімі.)

Госці. Вітаем.

— Вітаем.

— Жадаем!..

Бабка. Як я рада, як я рада!..

Усе (да Фросі). Каб шчаслівай быць!

— Каб доўга жыць!

— Дзетак прыдбаць!

— Гора не знаць!

Бабка. Мае даражэнькія, пакуль маладога няма, хадзем на тую палавіну — крыху адпачнеце, пасілкуецеся. (Адыходзяць, апроч Губарэвіча.)

Губарэвіч. Кума, а дзе ж малады?

Бабка. Чый, мой?.. Хіба не бачыў, гасцей павёў туды.

Губарэвіч. Твайго я ведаю, вось чыйго мне пакажы.

Бабка. Зараз пабачыце, зараз.

Губарэвіч. Кумка, бачыш, справа ў тым, — маладому пацалаваць маладзіцу да шлюбу не можна, а нам, старым, выпіць па чарцы трэба, сама ведаеш, дарога вялікая, знібыткаваліся.

Бабка. Даражэнькі мой, каго пытаеш — мяне? Ды я за вас душу аддам! Хадзем на тую палавіну — там будзе мора разліўное; наварылі, напяклі, нарэзалі, насеклі (набок) — ешце, няхай вам бакі разапрэ.

Губарэвіч. І я кажу, пакуль там малады прыхарошыцца, мы самі маладосць успомнім!..

Бабка. Яшчэ як успомнім, ой, ой!..

Губарэвіч. Я, кумка, вельмі рад, што Фрося здружылася з веруючым чалавекам, а барані божа зачапіў бы камуніст — нас бы нікога не было!

Бабка. Ці ліха нам дало, каб мы — да з недавяркамі?..

Губарэвіч. Мы, значыцца, па-старому, па-царкоўнаму, — з папом, і ўсё такое. (Ідучы да дзвярэй.) Госці! Дазвол ад гаспадыні ёсць, напірай на гарэліцу, закуску!.. (Убачыў, адчыніўшы дзверы.) А, ліха вашай мацеры, яны ўжо самі пачалі. Хадзем, кума. (Пайшоў.)

Бабка. Во, бачылі... Ах, каб вас перуны... П’юць, жаруць, цьфу!..

За сцэнай шум, лямант, музыка.

Бабка (крычыць праз дзверы). Але ж пачакайце, пачакайце, дайце да шлюбу раней з’ездзіць, а тады (тыя не слухаюць) хоць вам перуны. (Пайшла ў бакоўку.)

Фрося плача. Уваходзіць Пётра. Каваль стаў ля дзвярэй, Фрося яго не бачыць. Нарэшце Фрося пабачыла каваля.

Каваль. Я не перашкаджаю, плач, плач; пачатак, здаецца, нішто.

Фрося. А хто табе казаў, што я плачу?

Каваль. Даруй, быць можа, я памыліўся, але і радавацца няма чаму!

Фрося. Ты па справе да мяне?

Каваль. А так, па справе.

Фрося. Кажы, я слухаю.

Каваль. Фрося, я ў самы апошні час прыйшоў спыніць цябе. Што ты надумала?

Фрося. У чым справа?

Каваль. Вырачся гэтых ветрагонаў, я табе не вораг.

Фрося. Дзякую за параду, але даруй — не паслухаю. Ігнат мой муж — позна.

Каваль. За каго ты ідзеш, што добрага абяцае табе гэты шлюб?

Фрося. Тое, што і кожны шлюб.

Каваль. Ты, маладая дзяўчына, павінна ведаць, што царкоўны шлюб нам не патрэбен.

Фрося. Гледзячы каму, мне патрэбен.

Каваль. Ты хіба запомніла, дзе ты жывеш і з кім ідзеш?..

Фрося. Ведаю.

Каваль. Хіба ты не бачыла хітрых вачэй яго, хіба ты не зразумела, што яму патрэбны твае грошы?

Фрося. Ах, Пётра, годзе табе прарочыць, не адной мне ён падабаецца, бабка таксама сорт людзям ведае!..

Каваль. Усе вы ветрагоны!

Фрося. Адзін ты разумны!

Каваль. Фрося, пакуль яшчэ не позна, — выракайся ўсяго, гані вон гэту мяшчанскую зграю і ідзі за мной, я цябе выведу на добрую пуцявіну.

Фрося. Ідзі сабе адзін, мне з табой не па дарозе.

Каваль. Фрося, яшчэ казаць порана, але з тых вестак, якія ў мяне ёсць, твае жаніхі — падазроныя людзі, глядзі, каб разам з імі і ты не папала туды, куды трэба.

Фрося. Но, но, кажы гэта цішэй, а то яны пакажуць дарогу!

Каваль. Я сказаў, што ведаў, а дакладны матэрыял прынясу пасля.

Фрося. Можаш не прыносіць.

Каваль. Я адыходжу.

Фрося. А хочаш — застанься на маім вяселлі, я буду рада.

Каваль. Не, дзякую, — мне нядобра прысутнічаць на гэткім вяселлі паміж кулацкай контррэвалюцыйнай зграі. Мне тут не месца.

Фрося. Як хочаш. (Выйшла ў бакоўку.)

Уваходзіць Губарэвіч.

Губарэвіч. А... каго бачу — і ты тут? Як жа гэта, камуніст ды на царкоўнае вяселле трапіў, — не разумею.

Кава л ь. Як хочаце, так і разумейце.

Губарэвіч. У цябе, брат, вяселля такога не будзе. Ты шлюб возьмеш пад плотам, па-бальшавіцку.

Каваль. Ну, стары, прыкусі язык ды ідзі сабе туды, адкуль прыйшоў.

Губарэвіч. Ты не ганяй мяне, мне пачэснае месца за сталом, а табе — ля парога.

Каваль. Вы чулі, што я казаў? Туды!

Губарэвіч. Но, но, цішэй, брат, трохі — гэта табе не ў кузні: падкоўкі не падаб’еш... Тут, брат, кулак на кулаку сядзіць... Абы гукнуў — як шухнуць: мокрае месца застанецца.

Каваль. І дурны вы, як пагляджу.

Губарэвіч (замахнуўся). Маўчаць! (Каваль схапіў яго за карак і трымае.) Ай, ай, браток Пётрачка, пусці, дай дыхнуць... Але ж досыць пажартаваў, пусці... (Каваль кінуў яго за дзверы ў бакоўку, сам застаўся.)

Увайшла Фрося, а за ёй маці.

Маці (паказвае на Фросю). Вось, даражэнькі мой, ты бачыш, паставіла на сваім, збылося, што ты на гэта?..

Каваль. Я ўжо казаў.

Маці. Усім кіруе шалёная бабка.

Фрося. Мама, вы не павінны так казаць, яна нас корміць хлебам.

Маці. У гэтым наша няшчасце, што мы залежым ад яе. Каб не гэты хлеб, я б кіравала інакш.

Каваль. Вы ведаеце, за каго яна ідзе?

Фрося. За чалавека.

Маці. Заварот мазгоў. Не знай, не ведай чалавека — чапляецца на шыю.

Фрося. Мама, трэба казаць праўду.

Маці. Маўчы ты, расамаха, а то я цябе...

Пётра стаў пры дзвярах у куце, маці плача. За сцэнай зноў музыка, гоман. Выходзіць бабка.

Бабка. Я не вытрымаю, звар’яцею,— гасцей як варон назляталася, а маладога няма. (Да маткі.) Ну, чаго слініш?

Маці. Адчапіся, слухаць не магу!

Бабка. Такой бяды, не слухай. (Да Фросі.) А ты чаго нос павесіла, дзе ж твой малады?

Фрося. Я не ведаю.

Бабка. Каб ён свету не ведаў, як я не ведаю. (Убачыла Пётру.) А... і ты тут, няпрошаны госць, на вяселле прыйшоў?

Каваль. А так, прыйшоў. (Іранічна.)

Бабка. Я ўжо і сама не ведаю, гэтулькі набілася няпрошаных гасцей, хоць ты гвалт крычы. Хіба ўжо заўтра, Пётрачка, падойдзеш, свой жа чалавек.

Каваль. Магу і заўтра. (Іранічна.)

Бабка. Не гневайся, мой каласок, ты апрануты зусім бедна, а тут усе людзі паважаныя, а жаніх зусім... лісцікрат.

Каваль. Я ведаю, куды ж мне раўняцца!

Бабка. Дык ты ўжо, Пётрачка, сайдзі з вачэй, сэрцу будзе прыемней, — менш няпрошаных гасцей. Ідзі, дзеткі, ідзі. (Пётра пайшоў.) Дзякуй табе божа, адным госцем менш. (Убачыла, што абое плачуць.) І што ж гэта вы плачаце, ды абедзве? (Грозна.) Пакінуць мне, а то я вас! (Да маткі.) Ты чаго плачаш?

Маці. Душа трывогу б’е.

Бабка. У мяне таксама душа ёсць, а не баранні хвост, — адчувае і гора, і бяду, а цяпер, праўду кажучы, зусім спакойна, ніякай бяды не будзе.

Маці. А дзе ж прычына, што маладога няма?

Бабка. Я не ведаю.

Маці. Гасцей наклікалі, а цяпер не ведаеце.

Бабка. Не так ужо многа ёсць.

Маці. А вось палічыце. Грыбоўскія, Мачульскія, Садоўскія, Пустарэвічы, Гілярэвічы, Абрамовічы, Скуратовічы ды Свідроўскія, а браты, сваты, а жонкі, а няпрошаных колькі нашылася!..

Бабка. Неяк ужо будзе, прыйдзецца раскашэльвацца.

Маці. Вось у гэтым бяда, што весткі аб грашах далёка зайшлі; людзям здаецца, што тут фабрыка грашовая.

Бабка. Такой бяды, няхай здаецца, — тым лепш для нас. У мяне на вяселле грошы адложаны.

Маці. І не хопіць! Вам ведама, колькі патрэбна гарэлкі, каб папаіць Мачульскага і Свідроўскага...

Бабка. Ну што ж, няхай п’юць, хоць іх разапрэ.

Маці. Лёгка казаць — няхай п’юць! Такія-та госці — наесца, нап’ецца, брухам стол адсуне, і толькі бачылі. Шыкуеце, людзей задзівіць хочаце.

Бабка. Што ты гэтым хочаш сказаць?

Маці. А тое, што гэты шык нам да нічога. Хто ведае, як будзе? (На Фросю.) Вось бачыце — няма, а яна сядзіць насупіўшыся.

Бабка. Няма, дык будзе.

Маці. Калі б ён быў як чалавек — ужо павінен быць. Што ж, маё дзіця — атопак? З мяне не можна здзекавацца, я ўжо старая.

Бабка. Выбачай, я за цябе старэйшая.

Маці. А глупства робіце, і маладому не патрапіць.

Бабка. Выдаць замуж Фросю — гэта не глупства!

Маці. Так выдаваць — гэта не толькі глупства, а вар’яцтва. (Выйшла.)

Бабка. У цябе пытацца не буду. Фрося, галубачка, дзе ж твой малады?

Фрося. І сама не ведаю, што сказаць, — сонца села, госці прыбываюць, а яго няма.

Бабка. Госці, што мухі: злятаюцца туды, дзе чуюць спажыву. Трэба ўсіх прыняць, хоць іх разапрэ... Вось бяда, што маладога няма, а вяселле распачалося даўно.

Фрося. Трасецца сэрца, баюся нечага.

Бабка. Нічагуткі, усё будзе добра. Калісь выходзіла і я замуж і таксама баялася, а пасля мужы адзін за другім як з меха пасыпаліся. (Паўза.) Вось што, Фрося, каб часам табе не здавалася, што я лгала, — як абяцала ў дзень вяселля аддаць і другую частку пасагу, — аддаю, прымі, родная, і карыстайся, тут 3000 рублёў. (Дае.)

Фрося. Бабусенька, якая вы добрая! (Кладзе на стол.)

Бабка. Схавай, дзеткі, добра, каб часам не ўкралі.

Фрося. О, я схаваю!

Бабка. Будзеш гаспадыня, то мужа, гаспадарку трымай у прыполе. Муж павінен цябе слухаць і баяцца, штодня прыбірай яго да рук і кіруй, як каня, без цябе не павінен нікуды вылазіць, на другую бабу каб і вокам не маргнуў, а калі б што не так, трэба напужаць.

Фрося. Як напужаць?

Бабка. А так: не паслухаў ці ў пару не прыйшоў — валіся на падлогу, затаі дух і выдавай быццам ты самлела; ён да цябе, вады, таго, сяго, а ты ляжы, а пасля, як ужо добра за сэрца возьмеш — з паўгадзіны паплач, падрыгай нагамі, — будзе, як зайчык.

Фрося. Я так не здолею.

Бабка. А калі не здолееш, кліч мяне. Я калі шухну, ох, як у баку закалола, усё на порах сатру. Мне не навіна — шасцёх перажыла і сёмы раз выходжу, яшчэ пажыву, ой, пажыву!

Фрося. Ой, куды вам, бабулечка!

Бабка. Што куды? Ты не глядзі на сівы волас, сівы волас ліха творыць.

Фрося. Ох, як доўга няма.

Бабка. Хоць бы бог дазволіў у тых гарадах пабываць, куды Ігнат абяцаўся завезці... Пакупацца, пакатацца ды на пясочку паляжаць... (За сцэнай: «ура», «за здароўе маладых»... Музыка грае марш.) А бацюхны, што яны, падурэлі?

Выбег Грыбоўскі.

Грыбоўскі. Агатачка, альясік, што рабіць, гарэлкі госці патрабуюць...

Бабка. Смалы з дзёгцем, а не гарэлкі.

Грыбоўскі. Альясік, мы прапалі, дазволь у склеп палезці, там ёсць запас.

Бабка. Чакай, пакуль не трэба, раней адбудзем шлюб, а тады. Хадзем.

Грыбоўскі. Слухаю, альясік. (Пайшлі да гасцей.)

Убягае Сцяпан.

Сцяпан. Панна Фрося, даруйце мне, што не ў пару трохі, але бег без памяці, каб паведаміць вас.

Фрося. Дзе Ігнат?

Сцяпан. Што гэта ў вас за шум, — музыка, вяселле?

Фрося. Гэта госці не дачакаліся маладога, пачалі піць. Дзе Ігнат, чаму не прыехаў?

Сцяпан. Ён і не прыедзе.

Фрося. Не прыедзе, як так?

Сцяпан. Скажыце, што ён вам казаў ад’язджаючы?

Фрося. Казаў, вернецца сягоння раніцай.

Сцяпан. Ён не вернецца.

Фрося. Як можа быць, адкуль такія весткі?

Сцяпан. Я вам скажу, толькі наперад прашу — не плачце, не рвіце сіл, весткі вельмі непачэсныя.

Фрося. Але ж не мучце, скажыце, дзе Ігнат?

Сцяпан. Ён уцёк за граніцу і да вас не вернецца.

Фрося. За граніцу, — як так? Ён жа паперы свае пакінуў, быць не можа! (Дае паперы.)

Сцяпан (узяў, глянуў і схаваў). А што ён у вас забраў?

Фрося. Нічога.

Сцяпан. Даруйце, грошы ў вас былі?

Фрося. А то як жа. Частка, што дала бабуля — на стале, а другая — у стале.

Сцяпан. Адчыніце столік, глянем.

Фрося (глянула). Ах, грошай няма!.. (Пачала галосна плакаць.)

Сцяпан (набок). Меціў за граніцу, а папаў у ГПУ. А што я вам казаў — памятаеце? Ён растраціў казённыя грошы і, баючыся не папасці ў астрог, даў стракача за граніцу. Ну, годзе, прыйдзіце да памяці, не рабіце гвалту, людзі за сцяной.

Фрося. Ну, што я пачну рабіць, што скажу бабулі, хто паверыць, хто зразумее?..

Сцяпан. Не плачце, людзі ёсць, якія ўжо зразумелі і не пакінуць вас.

Фрося. Я не перажыву, я загіну!..

Сцяпан. Не плачце, я вас не дам у крыўду.

Фрося. Што я скажу, дзе грошы, людзі асмяюць!..

Сцяпан. Нічога не кажыце, выдавайце, што грошы ёсць, ды яны і ёсць, во... а гасцям я скажу, яшчэ не позна.

Фрося. Позна, я загінула.

Сцяпан. І не загінулі, іскра надзеі яшчэ ёсць.

Фрося. Дзе ж яна, дзе?

Сцяпан. Утрыце слёзы і выслухайце хоць цяпер. Я не прыйшоў вас крыўдзіць, я прыйшоў руку падаць у час бяды. Тады мне супыняў дарогу ён, а цяпер я буду гаварыць вольна. Скажыце мне шчырую праўду.

Фрося. Якую праўду?

Сцяпан. Вы згодны быць маёй?

Фрося. Што, як?

Сцяпан. А так, быць маёй, я вас даўно люблю і рад буду мець за жонку.

Фрося. Ды як жа гэта можна?

Сцяпан. Абы ваша згода, а рэшта ўсё можна.

Фрося. Я не ведаю, ці праўда ўсё з Ігнатам.

Сцяпан. Праўда.

Фрося. Што скажа поп?

Сцяпан. З папом я адразу спраўлюся, бачыце, дакументы ў руках. (Паказаў дакументы Ігната.)

Фрося. Яны ж зусім не вашы, — Ігната.

Сцяпан. Ды хто будзе разглядаць, чые яны, — гарачая пара, валі валам, пасля разбяром.

Фрося. Што скажуць людзі?

Сцяпан. Гэтыя? Для іх абы гарэлка, а хто жэніцца і па якіх дакументах — ім усё роўна. (Паўза.) Я чакаю адказу. Людзі прыбываюць — я магу ехаць, як стаю.

Фрося. Я не ведаю, такія пастановы не робяцца так хутка.

Сцяпан. А трэба пастанову зрабіць. Вы не ведаеце, панна Фрося, якой ганьбай будзе адклад вяселля, — бабы ачэрняць, асмяюць, а якую ж зробяць міну вашы госці, калі б ім сказаць, што не будзе вяселля, а што скажа ваша бабка, калі дазнаецца, што грошы загінулі...

Фрося. Ды я не ведаю, ці праўду вы ўсё кажаце.

Сцяпан. Вы мне не верыце? Што ж, вам хочацца, каб я вам даказаў, што люблю... (Дастаў рэвальвер.) Глядзіце! (Прылажыў да віска.)

Фрося. Што вы робіце? (Адабрала.)

Сцяпан. Я не жартую (набок), там ніводнай кулі няма...

Фрося. Ды вы ж не ведаеце, як у нас было з Ігнатам, а пасля мяне будзеце судзіць.

Сцяпан. Я не мыслю. Я добра ведаю, што Ігнат у вас забраў толькі грошы, а ўсё другое ў парадку, — вы дзяўчына, а калі б не, дык нічога асаблівага. Глупства.

Фрося. Ну, калі так — я згодна.

Сцяпан (хітра ўхмыліўся). Хвалю за рызыку. Герой дзяўчына! І так, ні матцы, ні бабулі ні слова, толькі слухаць маёй парады. О, здаецца, старыя ідуць.

Фрося перайшла на другі бок. Сцяпан спрытна схваціў і паклаў у кішэні грошы.

Уваходзяць маці і бабка.

Бабка (радасна). Ігнат! Аглядзелася. Ой, не, не той.

Сцяпан. Хоць і не той, а як чую — буду госцем, якога пасадзіце на пачэснае месца.

Бабка. Ды чаму ж, пасаджу, але ці не ведаеш, дзе запрапасціўся Ігнат, каб ён свету не ведаў.

Маці. Адкуль яму ведаць, — яны ж ворагі, заўжды сварыліся.

Сцяпан. А вось тут наадварот, — вораг ад ворага больш ведае, як хто другі.

Бабка. Ну, дык кажыце хутчэй.

Сцяпан. Фросі я ўжо казаў.

Бабка. Кажыце і мне.

Сцяпан. Няхай не будзе і вам сакрэт, што Ігнат не будзе гаспадарыць над сэрцам Фросі, бо ён уцёк за граніцу.

Маці. Ага, па-мойму!

Бабка. Ох, як у баку закалола.

Сцяпан. Справы злажыліся дрэнна, — казённыя грошы, растрата, пагроза астрогам, ну, і даў стракача. Мне ён пакінуў ліст, у якім просіць яго не вінаваціць, свая скура даражэй.

Бабка. Вось табе марская вадзіца, ракушкі і пясок. То як жа цяпер будзе?

Маці. Я скажу, як будзе, я! Гэта добра, што так здарылася. Зараз жа паклікаць Пётру.

Бабка. Пётру, ох, як у баку закалола.

Маці. Так, Пётру. Нашто нам гэты шык, нашто нам гэты бляск.

Бабка думае.

Сцяпан. У вас дзіўны густ, — давай абы-каго: то камуніста Пётру, то меншавіка Ігната.

Бабка. Я супроць камуніста, супроць і меншавіка. Не трэба, не хачу. Меншавік... я ведаю, што гэта меншавік, — гэта... ні тое, ні сёе, у яго сярэдзіны няма, а нам дзяцюк патрэбен, каб меў усё.

Фрося. Мама, прасіць Пётру ніхто не пойдзе.

Маці. Хіба ты запомніла, што сягоння вяселле і госці раней шлюбу п’юць даўно і крычаць за здароўе маладых.

Фрося. А вы хіба запомнілі, што Пётра — камуніст і царкоўны шлюб не для яго.

Бабка. Камуніст?

Сцяпан. Але, камуніст.

Бабка. А я ж гэтага не ведала.

Сцяпан. Ну, дык ведайце.

Маці. Тады вяселле адлажыць. Ты, Фрося, павінна мяне слухаць.

Фрося. Даруйце, не паслухаю. Пётра маім мужам не будзе.

Бабка. І я кажу, — не для камуніста.

Маці. Вар'яткі вы абедзве!

Бабка. Каб ты была меншая, я б цябе за гэтакія выразы выкінула б за дзверы, а так скажу — ты сама вар’ятка.

Маці. Пустыя вашы словы, як і пусты ваш чэрап.

Бабка. Я ведаю, што раблю, да цябе за парадай не пайду.

Маці. Вельмі дрэнна, калі так, аднаго не разумею — хто вы пасля гэтага?

Бабка. Галава ў хаце.

Маці. Галава-то галава, а што ў вас у галаве? Гной.

Бабка. Баба, не лайся, трэба ведаць сорт людзям.

Маці. Прыпомніце, як самі выходзілі замуж, з маткай гаварылі?

Бабка. Я шэсць разоў выходзіла.

Маці. Дык хочаце, каб і тут тое самае было?

Бабка. Я хачу, каб сягоння збылося вяселле, у мяне ж псуецца закуска. (Кажа гэта да Сцяпана.) Сабаку не аддаць.

Маці. Закускі ўжо няма, госці пажэрлі, а вяселле адлажыце.

Бабка. А я хачу, каб вяселле сягоння адбылося. (І гэта кажа да Сцяпана.)

Маці. Дык хіба клікнуць з вуліцы шарманшчыка і пачапіцца яму на шыю.

Бабка. Будзе ў нас апроч шарманшчыка. (Да Сцяпана.) Што вы на гэта скажаце?

Сцяпан. А вось што, бабусенька, нашто вам шарманшчыкі, або камуніст Пётра, ці нейкі меншавік Ігнат, — Фрося не такая дзяўчына, каб аддаваць яе ў рукі чорт ведае каму. А вы не такія людзі, каб займацца з шалухой. Я ўжо пытаўся ў Фросі і не пачуў нязгоды, запытаюся яшчэ ў вас, бо я даўно люблю Фросю. Аддайце мне Фросю.

Бабка. Вам? Ох, як у баку закалола.

Маці. Пётру сюды, Пётру! Вон ідзіце, вон!

Сцяпан (да дзвярэй). Ах, так?

Бабка (да Сцяпана). Чакай, чакай. (За руку). Не верадуй, баба, не верадуй.

Маці. Пётру сюды, Пётру!

Бабка (грозна). Ты замоўкнеш ці не! (Да Сцяпана.) Чакай, сынок, чакай! (Трымае за руку.)

Маці. Біцца буду зараз, вось як!

Бабка. Ану спрабуй, я калі дзьмухну... (Замахнулася.) Ой, як у баку закалола. Фрося, што ты на гэта?

Фрося. Калі толькі пярэчыць не будзеце, я згодна, — выйсця другога няма.

Маці. Ёсць, ёсць, калі не пойдзеш за Пётру, не пойдзеш ні за каго! (Выйшла.)

Бабка. Не гарачыся, не гарачыся, і ён не горш за Пётру. Будзьце ласкавы, падыдзіце бліжэй, бліжэй, я вас добра не бачыла. (Падыходзіць, яна аглядае з усіх бакоў.) Зусім падобны да таго. Не меншавік?

Сцяпан. Не.

Бабка. Сярэдзіна, значыцца, ёсць?

Сцяпан. Ёсць.

Бабка. А скажыце, хто вы?.. Я мала вас ведаю.

Сцяпан. Член саюза.

Бабка. Член саюза... Ну, гэта лоўка! Колькі гадоў?

Сцяпан. Дваццаць пяць.

Бабка. У бога верыце?

Сцяпан. Веру, наш саюз верыць.

Бабка. У споведзі бываеце?

Сцяпан. Учора быў.

Бабка. Як з гарэлкай?

Сцяпан. Не п’ю.

Бабка. А вам ведама, што ў мяне ў баку?

Сцяпан. Дух нячысты.

Бабка. Маладзец, угадаў. У мяне ў баку дух нячысты гаспадарыць, трэба яго выгнаць.

Сцяпан. Гэта не бяда. Я да вас прышлю ветэрынара, які з такой хваробай хутка справіцца.

Бабка. А што ён, гэты дохтар — немец?

Сцяпан. Француз.

Бабка. Значыцца, добры. Буду лячыцца тут, на мора не паеду. Фрося, падыдзі да француза, цьфу, да мяне. (Фрося падышла.) Ухіліся. Вось так. Сцяпан!

Сцяпан. Я тут!

Бабка. Ухіліся.

Сцяпан. Рад старацца!

Бабка. Зрабі здаволены твар.

Сцяпан. Гатова.

Бабка (да дзвярэй). Гэй, хто там, — кумы, сваты, музыкі, — маладых да шлюбу выпраўляць. (Выходзіць грамада гасцей, апроч маці, музыка грае, бабка бярэ за руку Грыбоўскага, становяцца з ім на калені, да Губарэвіча.) Кум, благаславі!

Усе крычаць «ура!». Губарэвіч, які выйшаў з бутэлькай — благаслаўляе, абліваючы іх гарэліцай.

 

 

Акт чацвёрты

 

Яшчэ да падняцця заслоны чуваць сварка; сварыцца бабка з Грыбоўскім, які добра выпіўшы. Грыбоўскі ляжыць на зямлі, бабка здзірае з яго боты.

Бабка. Гультай, абібок, п’яніца, вон! (Трымаючы боты ў руках.)

Грыбоўскі. Агатка, альясік, але ж зразумей...

Бабка. Нічога я не разумею і разумець не хачу. Вон, звадыяш, каб і духу твайго не было.

Грыбоўскі. Але ж прашу цябе, паслухай.

Бабка. Нічога я не хачу слухаць, басячуга, абдурыць хацеў. (Дражнячы.) У мяне хатка ёсць, загончык, зямелька ёсць, а як даведаліся — ані нічога няма, слімак, меншавік, нікчэмны! Вылазь вон!

Грыбоўскі. Агатка, альясік, куды ж я босы палезу, ці ж мае гады лазіць?

Бабка. На біржу вылазь.

Грыбоўскі. Куды мне на біржу, — інвалід, стары.

Бабка. А жаніцца быў не стары. Не, брат, мяне не абдурыш, — у якой справе я не хадок, а ў гэтай, будзь пэўны... Вон!

Грыбоўскі. А што ж цяпер рабіць, — тыдзень пажыў, і вон, ну, што я скажу людзям, хто паверыць...

Бабка. Я скажу, я, мне павераць, і будзь пэўны — ні адна баба не пойдзе за цябе. Меншавік — во!

Грыбоўскі. Хоць у пятлю лезь.

Бабка. Лезь, гэта справа не мая. (Паўза.) Бачылі, мае міленькія, каго яна мне пасватала, — нічога няма, як у турэцкага святога, а я, боўдзіла, раздабрухалася, боты купіла, думала, праўда, багаты... (Паўза.) Ці доўга я буду прасіць?

Грыбоўскі. Чаго ты, альясік, хочаш?

Бабка. Аслабаняй мне хату.

Грыбоўскі. Значыцца, развод?

Бабка. Значыцца, ён!

Грыбоўскі. Зусім?

Бабка. Зусім!

Грыбоўскі (сеў). Не пайду, альясік.

Бабка. Як-то не пойдзеш?

Грыбоўскі. А так, не пайду. Мне і тут добра.

Бабка. Ды я цябе качаргой паганю.

Грыбоўскі. Ану, спрабуй, адказнасць панясеш, альясік, я хоць і стары, але савецкі грамадзянін, спрабуй, крані.

Бабка. У сваёй хаце я з цябе магу скуру садраць.

Грыбоўскі. Чаму так многа, досыць таго, што боты садрала.

Увайшла маці.

Маці. Што тут за гвалт?

Грыбоўскі. Ды вось, як бачыце, матуля, скончыўся мядовы месяц — выганяе.

Маці. Як?

Бабка. А так!..

Грыбоўскі. Садрала боты і гоніць вон.

Маці (да бабкі). У вас ёсць розум?

Бабка. Больш як у цябе.

Маці. Як можна чалавека выганяць, дый без ботаў?

Грыбоўскі. І я кажу, хто гэта бачыў, каб увосень.

Бабка. Ён падманіў мяне, — казаў, ёсць хата, ёсць зямля, а як выявілася...

Грыбоўскі. Тры аршыны.

Бабка. Во, чула?

Маці. Не саромце вы людзей, сядзіце, не вылазце.

Бабка. Як-то не вылазіць, а карміць хлебам трэба?

Грыбоўскі. Агатачка, альясік, я сам буду есці.

Бабка. Каб цябе моль ела. (Пайшла у бакоўку.)

Увайшла Фрося.

Фрося (плачучы). Мама, я трачу памяць, я не ведаю, што будзе, маё сэрца прычувае бяду, дзе мой Сцяпан? (Абаперлася на плячо і плача.) Дзе мой Сцяпан?!.

Маці. Ветрагоны вы, і больш нічога. Скакалі, скакалі і даскакаліся. Як цяпер людзям вочы паказаць. Нейкі нялюдскі шлюб і з адным і з другім, і, нарэшце, ні аднаго, ні другога. Адзін адразу знік, а гэты пражыў 4 дні і таксама згінуў.

Грыбоўскі. Затое я нікуды не згіну, мае вы альясікі.

Фрося. Мама, можа, з ім што здарылася?

Маці. Здарылася, здарылася. Праўду казаў Пётра-каваль — гнаць гэтых свістуноў. Ні яго, ні мяне не слухалі, старую вар’ятку паслухалі, а яна вам натворыць — будзеце рады. У яе шэсць мужоў перабывала.

Грыбоўскі. Але — звычайная рэч.

Маці. А можа, і больш.

Фрося. Ну, як можна так казаць, яна ж вам матка.

Маці. На сухі лес такіх бацькоў. Усё ж не па-людску зрабіла — і маё жыццё скаламуціла, і тваё асаромела, дом прадала, хавае грошы па кутках, а пацукі точаць, цьфу! (Выйшла.)

Грыбоўскі (за ёю). Чакайце, чакайце, альясік, што вы сказалі? (Пайшоў.)

Фрося. А што, калі Сцяпан мяне кінуў?.. (Плача.)

Уваходзіць бабка.

Бабка (аглядаецца). А дзе ж гэты марцовы жаніх? Фрося, дзеткі, ты ўсё плачаш? Скажы, дзе ж твой муж? Гэта ўжо чацвёрты дзень, як згінуў.

Фрося. Адкуль я магу ведаць?

Бабка. А можа б, ты пабегла да начальства і распыталася.

Фрося. Дзе мне шукаць таго начальства, пачакаю, можа, прыйдзе.

Бабка. Ох, ох, трывожыцца нешта і маё сэрца, абмінула Пётру, а цяпер сама шкадую — гэтакі хлапец, а тут з поля вецер, два зайцы. А грошы, Фросечка, ты добра захавала?

Фрося. Грошы ўсе пры мне.

Бабка. Глядзі, трымай, я больш табе нічога даць не магу, вяселле шмат каштавала, а рэшту пацукі з’елі.

Фрося. Мне больш нічога не патрэбна.

Бабка. Найбольш я сярдзіта на Ігната. Абяцаўся лячыць, купаць у моры, вазіць на спрунжыновых конях, а як прыйшлося — нічога гэтага. (Перадражнівае.) Бок вылечу, ракушак налаўлю, каб ты шалёных сабак лавіў, прахвост. А Сцяпан таксама салгаў, абяцаў доктара-француза прыслаць і не шле. (Паўза.) А ты ведаеш, Фрося, быць можа, ён да таго доктара пайшоў і, не ведаючы мудронага прозвішча, шукае. Не сумуй, Фрося, не плач, можа, усё добра будзе, з людзей маладых рэдка хто гаспадар слова бывае. Была і я маладая, шасцярых мужоў мела, — раней плакала, а пасля за розум узялася, круціла, як хацела, вось і цяпер ганю вон, меншавік... Пакінь сумаваць, хадзем на полудзень — учарнела. Сцяпан нідзе не дзенецца, прыйдзе. (Пайшла.)

Фрося. Што будзе, што будзе, — я павінна лгаць, што грошы ёсць, калі і звання іх няма. (Выйшла.)

Уваходзяць Пётра, агент вышуку і міліцыянер.

Каваль. Якраз няма нікога, прыйдзецца хвілінку пачакаць.

Агент. Мне б маладую апрасіць ды сваццю залавіць, а са старой гаварыць не варта.

Каваль. Усіх вось зараз папытаем. (У акне ўбачыў.) А вось, лёгкая на ўспамін, свацця ідзе.

Агент. Во, гэта добра. Яе адразу за манішку.

Каваль. І дзеля гэтага ты на хвілінку захавайся, а я застануся тут. (Агент і міліцыянер схаваліся, а Пётра сеў, падпёршы галаву.)

Уваходзіць свацця.

Свацця (прыглядваецца). Нічога не разумею, што тут парабілася? Людзі кажуць адно, а тут — другое. (Падыходзіць.) Калі не мыляюся, пан Пётра?

Каваль. Я не пан, нашто такая далікатнасць? Я каваль.

Свацця. Ну і што ж, жыві здароў.

Каваль. Што ж вам патрэбна ад мяне?

Свацця. Ды так, нічога не патрэбна. І сама не ведаю, каму верыць, хто ж, нарэшце, муж?

Каваль. А хто для вас выгадней?

Свацця. Для мяне ўсё роўна.

Каваль. А можа, розніца якая і ёсць, скажам, між Пётрам-кавалём і панічамі, — панічы, нябось, абяцалі, а Пётра — не.

Свацця. А дзе ж тыя панічы?

Каваль. Што, след утрацілі і пэўна не ўсё атрымалі за фактарства?

Свацця. Аб тым-то ідзе, што нічога не атрымала, — абяцалі, прахвосты, і не далі.

Каваль. А многа належылася? Брахала, як сучка.

Свацця. Як можна так абражаць кабету?

Каваль. Біць трэба.

Свацця. Выбачайце, мне няма часу. (Хоча адыходзіць, але агент і міліцыянер засланілі дарогу.)

Агент. Ану, цётка, пачакай, гаварыць зараз будзем.

Свацця. А бацюхны мае, аб чым мне з вамі гаварыць зараз? (Хоча выйсці.)

Агент (да міліцыянера). Вядзі яе ў міліцыю!

Свацця. Браточкі, дарагія, за што, мусіць, нехта набрахаў, я ж ваша ўся, і сэрцам і душою за Савецкую ўладу. (Павёў.)

Уваходзіць маці. За ёю Грыбоўскі босы і бабка. Абое здзівіліся і сталі. Агент стаіць ля дзвярэй і піша.

Бабка. Што ж гэта значыць, гэтулькі гасцей у нас, і Пётра тут. Вось добра, Пётрачка, а мы цябе чакаем, ты цяпер патрэбен нам...

Каваль. Затое вы мне не патрэбны.

Грыбоўскі. Вось гэта я разумею. Лоўка, альясік.

Агент. Дзе ваша дачка?

Бабка. Нашто яна вам?

Агент. Мне патрэбна яе апрасіць.

Маці. Фрося дома.

Агент. Дзе яе мужы?

Бабка. А не ўспамінайце, няма, абодва згінулі.

Агент. Калі яны згінулі?

Бабка. Адзін адразу знік, а другі 4 дні ўжо.

Грыбоўскі. Мусіць, паўцякалі, альясікі.

Каваль. Дзе ваш пасаг? (Паўза.) Ну, пасаг, 6000 рублёў. (Кажа гэта са смехам.)

Бабка. Як дзе? У Фросі... Гэта яе грошы.

Каваль. Вялікая памылка, — грошай няма, яны згінулі.

Бабка. Як-то згінулі? (Праз дзверы слухае Фрося.)

Каваль. Праўда, цяжка было дазнаць планы бліскучых вашых панічоў, але Пётра-каваль дазнаўся. Вашыя грошы згінулі! Калі для вас яшчэ сакрэт, дык знайце, 3000 рублёў украў першы жаніх — Ігнат, а другія 3000 рублёў сцягнуў другі жаніх — Сцяпан. (Рагоча.)

Бабка. Кажы, хто налгаў табе?

Маці. Няўжо гэта праўда?

Каваль. У маіх руках пэўны матэрыял. Ігнат сцягнуў грошы, пакінуў чужы пашпарт, падаслаў другога, а яго падручны жаніўся па яго пашпарце, сцягнуў другую частку грошай. Вось перад вамі яго дакументы.

(Чытае.) «Апреля, 10 дня 1927 г., павянчан первым бракам Ігнатий Сиверцов с мещанкой Ефросиньей Дыбовской». Выйшла так, што прахвост прахвоста ажаніў, будучы абодва жанатымі. (Рагоча.)

Грыбоўскі. Во гэта альясікі.

Бабка. Матачка найсвенша, што прыйшлося чуць!..

Маці. Бедная мая дачушка, бедная сіротка.

Каваль. Ну што, гладкая работа, га?

Бабка (плачучы). Ой, гладкая, ой, работа!..

Грыбоўскі. Гладзей і быць не можа.

Каваль. Але гэтага мала, вашы жаніхі, апроч таго, што заграбілі вашы грошы, — вашых не шкада, туды ім і дарога, не трэба было трымаць у хаце, — заматалі яшчэ грошы дзяржаўныя і звязаліся з контррэвалюцыяй, яны абодва арыштаваны.

Бабка. Лепш бы мяне забіў гром.

Грыбоўскі. І я кажу, куды лепш было б.

Каваль. Ну, кажыце, дзе Фрося?

Бабка. Фрося там. (Паказала на галоўныя дзверы.)

Каваль (да агента). Хадзем сюды. (Пайшлі.)

Маці. Вось бачыце, да чаго вы нас давялі сваім зухвальствам, — засталіся без грошай і толькі дзіця зганьбілі — прадалі. (Выйшла ў галоўныя дзверы.)

Бабка (плачучы). І мяне зганьбілі, прадалі...

Грыбоўскі. Цяпер, альясік, хоць бы ты мяне прасіла — не застануся, — няма ў цябе грошай, няма і мяне. (Пайшоў.) Шукай сабе другога.

Бабка. Дзе ж мая смерць, нашто зямля трымае мяне, нашто ногі носяць мяне, на старасці гадоў засталася, як убогі пад крыжам, без капейкі, усе мае грошы ляснулі, апроч гэтых, што пацукі з’елі. (Кінула аб зямлю.) Павешуся!.. Павешуся!.. (Узяла вяроўку і пайшла ў галоўныя дзверы.)

Увайшла Фрося.

Фрося. Чула і зразумела ўсё. І мне выхаду няма. Павешуся!.. (Узяла вяроўку і пайшла ў бакоўку.)

Уваходзяць Пётра і агент.

Каваль. І сам не ведаю, куды ж яна падзелася. Хацеў паслухаць, што яна скажа, а затым няхай прыйдзе даведацца сваіх мужоў.

Агент. Ці варта нам шукаць яе, выклічу — сама прыйдзе, там дапрос зніму.

Каваль. Ваша справа. (Паднімае грошы, што пацукі паелі.) Во, бачыў?! (Абодва смяюцца.) Праца пацукоў!..

Агент. Цяпер, брат, гэта часта-густа, цемната наша, цемната.

Каваль. Як ведама, тысяч пяць пагрызлі пацукі...

Агент (смяецца). Хадзем! (Выйшаў у галоўныя дзверы.)

Каваль. Ану, гляну яшчэ сюды. (Убачыў за дзвярыма Фросю, што яна чапляе на шыю вяроўку.) Фрося, ты што гэта! (Пабег туды і зараз жа вядзе яе з вяроўкай на шыі назад.) Вось бачыш, мае словы збыліся. (Здымае з шыі вяроўку.)

Убягае маці.

Маці. Пётрачка, ратуй, бабка павесілася! (Пабегла назад.)

Фрося (хацела было бегчы, але Пётра затрымаў). Няхай вісіць, адной вар’яткай будзе менш.

Маці ўводзіць на вяроўцы бабку, вяроўка на шыі.

Маці (пасадзіўшы яе). Здурэла баба, дальбог, здурэла.

Бабка. Вось табе ракушкі, вось табе пясочак і спрунжыновыя конікі.

 

Заслона


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан