epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

З мемуараў

...10 жніўня памяшканне клуба было перапоўнена чырвонаармейцамі, якія прыйшлі з фронту пасля баёў адпачываць у Мінск. Усякія правілы парушаны, і замест 500 чалавек прысутнічала каля 1000. З вялікім задавальненнем прымаецца п’еса «Суд» і выступленні беларускага хору. З гэтага часу і пачынаецца работа беларускай трупы пад кіраўніцтвам Галубка. (Мінск, 1920 г.)

...Увосень трупа пачынае рабіць спробы наведваць суседнія з горадам Мінскам вёскі. Хадзілі туды пехатой. На першыя разы пэўную падазронасць выклікалі рэквізітныя стрэльбы, якія неслі на плячах артысты, і толькі мандат, выданы ўладай, рушыць недаверлівасць да нас. (Мінск, 1921 г.)

...Вясной тэатр адпраўляецца на Полаччыну. Там мы не мелі ніводнага дня адпачынку, ніводнай спакойнай ночы. Усё пераезды і пераезды. Артыст толькі і ведаў — ноччу іграць і зараз жа садзіцца на падводу, ехаць усю ноч, увесь дзень. І зараз жа, злезшы з падводы, зноў грыміравацца, зноў іграць.

І коньмі, і пехатой, а то і на чаўнах азёрамі збіраліся адусюль людзі. Спектаклі адбываліся найбольш у вялікіх пунях, у будынках для прызыўных пунктаў. (Полаччына, 1924 г.)

...Памятны спектакль у сараі, дзе побач, за сцэнай, быў яшчэ хлеў, у якім было многа кароў і авечак. Артыст на сцэну пападаў праз стойлы, ён павінен быў чакаць свайго выхаду ў кароўніку, дзе было зусім цесна, цёмна і душна. Тут ён ласкава размаўляе з прыгожымі цёлкамі, а то забаўляўся з ягнятамі. (Полаччына, 1924 г.)

...Было свята Тройцы ў м. Турава. Ля сабора сялян было надзвычай многа, народ валіў у царкву. Але вось на плошчы загудзеў аркестр. З трыбуны трымаў прамову артыст і заклікаў усіх у клуб на пастаноўку Дзяржаўнага тэатра. Як хваля, рынуўся народ з царквы. Сяляне са свечкамі ў руках праціскаліся ў клуб, паспешна займаючы месцы. І не паспеў поп агледзецца, як у царкве нікога не асталося. (Палессе, 1925 г.)

...Позна ўначы мы прыехалі ў мястэчка. Клуб не адпавядае для нашых пастановак, печаў няма, а мароз цісне. Угаварылі равіна здаць у арэнду на два спектаклі сінагогу. Доўга не згаджаўся, але за 12 рублёў сінагогу здаў. На спектакль прыйшло 200 сялян з бліжэйшых вёсак.

Горача развітваючыся з сялянамі, выказвалі сваю думку, каб на другі прыезд замест сінагогі быў бы тэатр, што і збылося: у чарговы наш прыезд гэта сінагога была ўжо тэатрам. (Лоеў, 1925 г.)

...Ніколі ніхто ў Хойніках не бачыў такога натоўпу людзей. Сяляне, нягледзячы на мароз, ішлі з далёкіх вёсак з паперкамі ад сельсаветаў: «Беларускі тэатр. Бабіцкі сельсавет накіроўвае восем сялян, якіх прапусціць дармова, яны з’яўляюцца беднякамі». Такіх паперак к вечару набіралася вельмі многа, і ў тэатр прыходзіла да 450 чалавек. Будынак клуба трашчаў. (Хойнікі, 1926 г.)

Пачаўся спектакль. Сядзяць сяляне, глядзяць на сцэну. Ужо спектакль скончыўся, а яны сядзяць, з месца не ідуць. Ну што ж, давай скокі! Загрымеў аркестр, лаўкі ў момант вынеслі і пачалі гуляць. (Палессе, 1925 г.)

...Спектакль ужо скончан. А з месц ніхто не падымаецца. Трэба даваць яшчэ канцэрт, бо сяляне ведаюць, што так рабілі ў другіх месцах, гэта самае трэба рабіць і тут. Спевы, танцы, цымбалы, скрыпка і гармонік завяршаюць бачаны першы раз у жыцці спектакль і тут, як у другіх месцах. У сваіх простых, шчырых прамовах сяляне дзякуюць нам за добрую ігру, дзякуюць партыі і ўладзе за вялікую павагу да іх. (Полаччына, 1924 г.)

...Уся акруга ведала, што едзе да яе тэатр, і ў кожным месцы парадна сустракалі прыехаўшы абоз. Тысячы дзяцей з кветкамі, а часамі і з аркестрамі сустракалі артыстаў. На школах былі вывешаны прывітальныя плакаты, старанна намалёваныя вучнямі. Клубы былі прыбраны елкамі і прыведзены ў святочны выгляд. (Барысаўшчына, 1925 г.)

...Вельмі часта бывала, калі мы прыязджалі ў мястэчка, вучні розных школ збіраліся і паказвалі сваё самадзейнае мастацтва. Тут былі добра наладжаныя струнныя аркестры, харавыя гурткі, добрыя дэкламатары і танцоры. З незвычайнай зацікаўленасцю, адзін перад другім стараліся паказаць нам свае здольнасці, і трэба адзначыць, што былі дзеці вельмі таленавітыя. (Палессе, 1925 г.)

...Тэатр накіроўваецца ў Магілёўскую і Віцебскую акругі. Артысты побач са сваёй асноўнай работай вялі сярод сялянства вялікую растлумачальную работу, дапамагалі ў арганізацыі новых калгасаў, праводзілі сходы, тлумачылі сялянам партыйныя пастановы па калгаснаму руху і мерапрыемствы Савецкай улады. Злучэнне канкрэтнай палітычнай работы з мастацкай дзейнасцю высока ўзняло аўтарытэт тэатра сярод шырокіх працоўных мас. (Магілёўшчына, 1930)


1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан