epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

За шчыльную сувязь актора, пісьменніка і гледача

Кастрычнік рэзка змяніў аўдыторыю тэатра. Прыйшлі ў тэатр рабочыя, чырвонаармейцы, працоўнае сялянства. Гэтыя гледачы з надзвычайнай увагай сочаць за спектаклем, радуюцца поспехам героя і застаюцца вельмі ўзрушанымі ад спектакля. Наш рабочы, калгаснік глыбока прасякваецца жыццём сцэны, ён вучыцца разумець сэнс жыцця праз сцэну, а гэта і ёсць цалкам рэвалюцыйная адзнака.

Тэатр з’яўляецца школай класавай барацьбы. Кожны сцэнічны вобраз, кожная рэпліка, мізансцэна павінны быць закончаны, павінны даваць агульныя ўяўленні аб падзеях, разыгрываемых на сцэне.

Улік рэакцыі гледача на разгортванне дзеі ў спектаклі і вынікі гэтага ўліку павінны ў нашай практыцы з’яўляцца мярылам мастацкага паказу і яго даходчывасці да гледача.

Надыходзячы з’езд пісьменнікаў мы, работнікі драматургіі, павінны выкарыстаць для абмеркавання гэтага роду творчых пытанняў нашага тэатра.

І першае, што мы павінны ўлічыць у нашай рабоце, гэта наладжванне цеснай сувязі паміж акторам, пісьменнікам і гледачом.

Ул. Ільіч Ленін гаварыў аб тым, што мастацтва павінна самымі глыбачайшымі карэннямі ўваходзіць у самую шырокую тоўшчу працоўных мас, яно павінна быць зразумелым для гэтых мас, абуджаць іх энергію і волю да барацьбы і адначасова з гэтым прабуджаць у народзе творчую энергію і ўсямерна развіваць яе.

У практыцы нашых тэатраў мы яшчэ мала прыслухоўваемся да запатрабаванняў гледача, наша работа значна адстае ад усіх растучых запатрабаванняў рабочай масы да мастацтва. Большасць нашых п’ес не ўзнімаюць новых праблем, а механічна канстатуюць і адбіваюць жыццё, іншы раз добра вядомае гледачу з газет.

Задачу стварэння высокага па сваёй функцыянальнай ролі паказу, паказу цікавага, захапляючага, паўнацэннага, мы, работнікі мастацтва, павінны ажыццяўляць пры самай цеснай дапамозе рабочага гледача.

І ў практыцы беларускіх тэатраў (успомнім хоць бы шэфства рабочых завода «Камунар» над пастаноўкай п’есы І. Гурскага «Качагары») мы мелі факты сталай дапамогі з боку рабочага гледача ў правядзенні творчага плана тэатра. Сучасны рэвалюцыйны тэатр рэзка адрозніваецца ад ранейшага тэатра яшчэ і тым, што ў барацьбе за якасць спектакля і за яго высокае ідэалагічнае ўздзейнічанне змагаюцца ў аднолькавай меры і мастакі, і электраасвяціцелі, і рэжысёрскі склад, і акторы, і рабочыя сцэны, і права на аўтарства ў спектаклі належыць усяму творчаму калектыву тэатра.

Справа паляпшэння работы нашых тэатраў з’яўляецца карэннай справай рабочага класа. Велізарная дапамога, якую мы, работнікі тэатральнага фронту, атрымліваем ад рабочай масы, павінна яшчэ больш актывізаваць творчую ініцыятыву пісьменнікаў і работнікаў мастацтва ў справе стварэння высокамастацкага паказу. Галіна тэатра і літаратуры вельмі блізка па метаду сваёй работы. І работа актора з’яўляецца на сённяшні дзень ганаровым абавязкам.

Ва ўмовах савецкай рэчаіснасці і новага тэатра мы з’яўляемся сведкамі магутнага росту творчага маладняку з ліку нашай рабочай і калгаснай моладзі. Дапамагчы гэтаму велізарнаму імкненню шырокіх мас да мастацтва, да культуры павінны асабліва нашы пісьменнікі праз стварэнне цікавых, жыццярадасных п’ес, якіх яшчэ вельмі мала ў нашай драматургічнай скарбніцы. У часы Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі ўсе здаровыя грамадзяне накіроўваліся на ліквідацыю снежных заносаў, рабоча-сялянскі ўрад выдаў загад (за подпісам А. В. Луначарскага), у якім указвалася, што карысная работа актораў вызваляе іх ад абавязкаў па ліквідацыі заносаў. Даволі ўспомніць, якую вялікую ролю адыгрывалі нашы тэатры ў гады грамадзянскай вайны, калі побач з часцямі Чырвонай Арміі рухаліся і групы актораў і агітатараў. Паказаць гэты цікавейшы момант вялікай функцыянальнасці акторскай працы ў мастацкай форме, напісаць на гэтым матэрыяле рад цікавых аповесцей і п’ес складае самы першы абавязак пісьменнікаў і нас, работнікаў тэатра.

Тэатральная работа з’яўляецца ганаровым абавязкам.

З чалавека «свабоднай» прафесіі актор зараз зрабіўся актыўным удзельнікам у будаўніцтве новага грамадства.

Шпаркі тэмп культурнага будаўніцтва зусім змяняе і становішча з абслугоўваннем мастацтвам, кіно і тэатрам працоўных мас горада і вёскі, ліквідуе ўласцівую старой культуры «черту оседлости», і зараз для нас гучыць як не навіна, а як неабходная з’ява адкрыццё цырка ў Маскве і Магнітагорску, новага тэатра на Кузбасе і ў Бабруйску, гукавога кіно ў Клімавічах, і на Паміры, і на Шпіцбергене, і на такім-та і такім-та градусе даўжыні і шырыні.

Рух сацыялістычнай культуры не спыняюць ніякія межы. У праграме другой пяцігодкі культурнае будаўніцтва будзе разгортвацца ў самых шырокіх маштабах. Работнікі літаратуры ў сваіх творах павінны адбіць ператварэнне раней адсталай і эканамічна і культурна Беларусі ў адну з самых перадавых рэспублік Савецкага Саюза, як асноўнай часткі ўсёй сістэмы сацыялістычнага будаўніцтва. На вялікі жаль, мастацкіх твораў, прысвечаных гэтай тэме, у нас вельмі-вельмі не багата.

У асяроддзі рабоча-сялянскай масы выхоўваюцца здольныя кадры, закліканыя нашай партыяй да будаўніцтва вялікага мастацтва бальшавізма.

Мы стаім на подступах да сацыялістычнага тэатра. Тым больш актыўнай павінна быць наша работа на адказнейшым участку мастацтва.

Каардынуючы сілы актора, пісьменніка і гледача, мы зможам будаваць спектакль, які б цалкам адпавядаў актуальным задачам сучаснасці.


1934

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан