epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Забытая хатка

Над соннай далінай

Відаць хмызнячок,

Пры ім сірацінай

Хацінка-ламок.

Жыве там гаротны

Дзядуля з дня ў дзень,

Збалелы, маркотны,

Снуе толькі цень.

Калісь быў ён молад,

Дуж быў, як той леў;

І холад і голад

Ён занішто меў.

Жыццё прамінула,

Як сон той вясной, —

Старога сагнула

Бяда, неспакой;

Меў дзетак — вось сына

Забрала вайна;

Другога машына

У магілу звяла;

За імі і маці

Пайшла на той свет...

Астаўся у хаце

Адзін-адным дзед.

Сядзіць скачанеўшы,

Сагнуты дугой,

Не піўшы, не еўшы,

З нямою душой...

Віхура за хатай

Гудзіць і шуміць,

З пагудкай заклятай

У шыбы гручыць.

І як бы галосіць

Над ім, сіратой,

І нібыта просіць

На вечны спакой...

Крапіўся дзядуля —

Займацца стаў дух,

Прыйшла смерць-зязюля,

Як свечка, патух.

Чырвонае сонца

З-за лесу ўзышло,

У хатцы аконца

Агнём заліло,

Ды хатка пустая —

Ужо дзеда няма!

Цяпер там гуляе

І холад, і цьма.


1908

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан