epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

«Журавінка»

Аж дзіваваліся людзі, як жаніўся наш Рыгор: сам вялізарны, сутулаваты, як крук, а маладзіцу браў маленькую, чырвоненькую, быццам журавінку. Вяселле згулялі як след — ну, і жылі спярша нішто.

Толькі ў скорасці наш доўгі Рыгор са сваім сутулам стаў неяк цянець і гнуцца наперад, — з крука зрабіўся, як вуда, і з твару пачаў чарнець, а жонка «Журавінка» — круглець... Бачыць яна, што мужык хірлее і слабее, дай і сама хвост адкіне: стала крактаць і жаліцца на нейкую хваробу. Па сабе Рыгор не бедаваў, але за жонку спалохаўся, так ужо моцна ўхляпаўся ў яе. Кінуўся туды-сюды: курыцу, пеўнем што пяе, дастаў; пашаптух і блізкіх і далёкіх запрасіў; усялякае зелле гатавалі, палілі, курылі; качалкі праз акно кідалі, і чаго ні рабілі — не памагала. Журавінка — журавінкай: як на балоце ўзросшы, разбохалася, але паправы няма.

Ажно надарыўся нейкі стары знахар. Рыгор бух яму ў ногі: так і так, кажа, ратуй маю Журавінку, — апошні хвост прадам!

Знахар паглядзеў, намацаў хворую, галавой паківаў: кепска, кажа, «марматур» у ёй; рада адна: лёду насушыць, ветру наскрабаць, камарынага сала назбіраць і спарыць у берасцяным гаршку, потым мазаць перад агнём грудзі і паясніцу хворай; хвароба пэўне адойдзе, а здароўе вернецца.

Зажурыўся Рыгор, бо не патрапіў гэткую прыправу зрабіць. Аж тут жонка і кажа: «Не маркоцься, мой ты аздабулечка, сама я лепш ведаю, што мне трэба: пяску з мора прыцягні, як рукой усё зніме».

Паскрабаў мужык патыліцу, паскрабаў, але папёр-такі з торбай да мора. Цягнуўся небарака да поўдня, знібыткаваўся, прысеў адпачыць крыху, стаў смактаць люльку. Ажно тут надыходзіць даўнейшы яго сусед — Язэп, што пайшоў летась у прымы ў другую вёску. Суседзі разгутарыліся. Язэп і кажа: «Паслухай ты мяне, Рыгорка, варочайся дахаты, і я з табой пайду і дам рады тваёй бабе».

Пайшлі.

Позна вечарам прывалакліся пад хату. Бачаць, агонь у хаце блішчыць. Рыгор зірк у акно — ды аж выпрастаўся, як слуп: на стале яешня са скваркамі, бліны, верашчака, як вір, і брыкалаўка ў пляшцы, а побач яго Журавінкі сядзіць хлапец — Янка Канцавы...

Скрыгатнуў Рыгор зубамі, заціснуў кулакі, а тут Язэп і шэпча: «Маўчы ды лезь у мех, а я пайду прасіцца на ноч».

Ледзь упхнуў Язэп свайго таварыша ў мех, завязаў, успёр на плечы і пасунуўся ў хату прасіцца, каб пусцілі пераначаваць.

Спярша гулякі ані блізка, але, нешта пашаптаўшыся, згадзіліся. Язэп убіўся ў кут і пачаў мех развязваць, тым часам тыя за сталом п’юць і ядуць, а Журавінка яшчэ і запяяла: «Няма майго Рыгора, пайшоў па пясок да мора», а Янка, падхапіўшыся ў бокі, падцінае: «Тунда, тунда, тундада!» А Язэп з кута і кажа: «Не вытрываю — запяю і я: «А мой жа ты Рыгору, вылазь з меха на волю, вісіць бізун на сцяне, дай ты Янку і жане: Янку раз, жонцы два, тунда, тунда, тундада!»

Мусіць, хочаце ведаць, што было далей? Вось, не скажу! Хіба толькі тое, што наша «вуда» цяпер стала прасцей хадзіць, а гладкая скурачка Журавінкі пачала моршчыцца...


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан