epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Галубок

Званы

Вартаваць лінію жалезнай дарогі прыйшла чарга старому Ігналю. Хоць і стары быў Ігналь, але ахвотна браўся за гэты абавязак.

Выходзіў з хаты ён шмат раней, чым трэба, і займаў сваё месца пры лініі ў будцы, зложанай з яловых лапак.

Так было і цяпер.

Уздзеўшы кажурынку, ён, апіраючыся на кій, звольна пайшоў к таму месцу, дзе ўжо не адну ноч вартаваў.

Вечарэла.

Сонца толькі што спусцілася за могільнік і прамяніста асвячала дрэвы і постаць Ігналя.

Зірнуўшы ў бок могільніка, Ігналь уздыхнуў і нешта прамовіў. Пранясліся ў яго памяці малюнкі ўсяго бядацкага жыцця, спрытная маладосць, што прамігацела, як сон, а там горкая, беспрасветная старэцкая доля, сынкі, вайна, чорныя, чарней ночы весткі, сіроты-ўнукі.

Ідучы паміж кустоў могільніка, Ігналь углядаўся на пажоўклыя лісточкі, каторыя раней ад другіх афарбаваліся іншым колерам, і мысліў сабе, што недалёчка ўжо восень, а там зноў вясна, але не для яго.

Больш жыць ён не спадзяваўся, дый не хацеў. Усё, што было святога, згінула навекі. Толькі адна іскрынка пацехі тлела ў яго добрым сэрцы, — гэта любоў да сірот-унукаў, каторыя жылі разам з ім. Бацькі ў гэтых дзяцей ужо не было — загінуў на вайне.

Вось Ігналь прыйшоў к лініі. Высокі адкос пад густым ценем высіўся ўбаку, знізу дзесь булькатала вада. Гэта была рачулка, якая плыла з-за лініі.

Вядомая аколіца Ігналю была. Тут ён ад маленства памятае і ведае ўсё. І шмат працы палажыў ён, насыпаючы адкос, пракладаючы рэйкі, падбіваючы шпалы, а цяпер прыйшоў сцерагчы ўсё гэта.

 

 

* * *

 

Абложаная яловымі лапкамі, будка, як пляма, цямнела на прывяўшай траве.

Пры будцы ляжала абгарэлая гнілая шпала — святло начлежнікаў.

Сеў Ігналь на шпаліну і задумаўся. Кругом было ціха, толькі час ад часу даносіўся здалёку стук, як бы з пустой бочкі.

Гэта рэха гарматных стрэлаў далятала сюды.

Уздыхнуў дзед, прачувала сэрца нядобрае. Не баяўся ён смерці ніколі, але думка, што часам прыйдзецца пакінуць родны край, дарагую бацькаўшчыну, трывожыла сэрца яго.

 

 

* * *

 

Тут жа ён радзіўся, вырас, тут правёў маладосць, тут сляды яе, і тут, паміж бярозак, курганок з парахнёю тае, з каторай кляўся і па смерці разам быць.

«Не, я ніколі не адыду адсюль, няхай будзе, што будзе!» — прамовіў ён, вытрасаючы попел з люлькі і гледзячы ўдалеч.

Вочы яго выглядалі то дзікімі, грознымі, то плачучымі.

 

 

* * *

 

Думкі яго абарваў голас унука. Следам за дзедам ён краўся прыцемкам, хаваючыся то за кусты, то ў траву, і вось, толькі дзед прысеў, ён з заліўным смехам падбег да яго.

— Дзядок, гэта я! — сакатаў ён.— Маці не пускала, а я вось тут, разам будзем вартаваць, казку дзедка раскажа.

— Ах ты, каласок, уцёк-такі! — як спрасонку, казаў дзед.— Добра, што кажушок узяў, лезь у буду ў куточак,— бачыш, цёмна як.

Унук залез, падкурчыў там ногі ды пазіраў у цемнату.

— Дзядок! — адазваўся ён, калі ўжо занялася гарэць шпала і асвяціла часць поля.— А што гэта гурчыць вунь там далёка, за рэчкаю?

— Гэта — вораг нішчыць край, абяздольвае людзей, і стрэл гарматны чуцен тут.

— У-у... вусцішна як! Страшны вораг, страшны. Няўжо ён будзе тут, няўжо нас пабярэ к сабе? Казалі хлопцы мне, што вораг шабляй лес сячэ, рве горы, вёскі і людзей. Хто абароніць нас? Быў бы татка — але ж яго няма...

Пры гэтых словах унука дзед глыбока ўздыхнуў.

Тут з шумам пранеслася машына і знікла ў імгле. Аднекуль ледзь слышна плыло працяжнае рэха званоў.

Унук сядзеў у куточку, пазіраючы на іскры, як яны выляталі з полымя і ніклі недзе ў цёмным абшары.

— Спі, унучак! —дрыжачым голасам адазваўся дзед.

— А байку? Без байкі спаць не лягу.

— Не байку, а ўспамін далёкага мінулага жыцця паслухай...

...Калісь, даўно-даўно, я быў маленькі, як і ты. Любіў я ў нядзельку або так у якое свята, узлезшы на званіцу ў царкве з сваім таткам, біць у звон і прыслухоўвацца к рэху. Татка быў званар.

І вось, як пацягнем, бывала, за вяроўку, зварухнецца звон і працяжнае, якатлівае рэха вырвецца і стралой імчыцца бог ведае куды—далёка праз лес, праз пушчу, туды... к народу бяздольнаму, пакрыўджанаму.

І зварухнецца люд. Глядзіш — ідуць, ідуць, а звон гудзе і гудзе.

Я не запомніў слоў бацькі свайго: «Любі народ, як я; склікай яго сюды, у гурт, цясней, будзь заўсёды з ім, кажы пра дабро, праўду і братэрства».

Быў ён шчыры чалавек, але жыццё сваё скончыў у далёкай сцюдзёнай Сібіры. Яго не стала...

І цяпер я чую той самы зык званоў. Яны гудуць, яны кратаюць маё хворае сэрца, уваскрашаюць далёкія ўспаміны.

Так вось, хлопча мой ты, кажу табе: захавай і ты ў сваім сэрцы пашану да краю, да людзей...

Апошнія словы дзед расцягваў, вымаўляў з боллю. Слёзы спаўзалі па маршчыністаму твару на гарачы попел.

— Людзі кінуць сялібы, поле, уцякуць; выпраўлю і вас, дзеткі, з матуляй, а сам не пераступлю за мяжу бацькаўшчыны ні кроку. Дзе радзіўся — там і памру.

 

 

* * *

 

Калышацца, аж стогне зямля. Дрыжаць сталетнія бары, страшэнны гук стаіць у паветры праз усе дні. Ужо гарматы блізка. Ужо іх цяжкія кулі рвуцца непадалёчку гумнаў старога Ігналя.

Сонца ўдзень зацягнута дымам, уночы неба ў агні.

Зруйнаваны вёскі, спаляндрована поле; плач абяздоленага народа за лесам замёр.

 

 

* * *

 

На шырокіх мажах, пад будкай, зложана багацце Ігналя. Тут яго ўсе пажыткі. Ужо запрэжана каняка.

З буды нудліва пазіраюць унукі. Іх галоўкі асвечвае паўднёвае сонца. Плач нявесткі зліваецца са стогнам гарматаў.

Ігналь глядзіць на дзяцей і нешта шэпча; на вачах слёзы. Сягоння ён выглядае шмат старэйшым, чым быў.

— Ну, дзеці! — траскучым голасам прамовіў ён.— Благаслаўляю. Ідзіце сцежкай за жыццём, якое б яно ні было. Ідзіце, не блукайце, вас чакае лепшая доля. Не шкадуйце, не плачце па мне. Я гаспадар слова; я, вартаўнік дзедаўскіх курганоў, не выйду за мяжу роднага загона.

Скрыпнулі калёсы і зліліся з плачам выязджаючай сям’і.

 

 

* * *

 

Доўга стаяў Ігналь, паводзячы мутнымі вачыма па дарозе, дзе ледзь былі відаць мажы з унукамі, а пасля, цяжка ступаючы і сланяючыся ў бакі, пайшоў на могільнік і сеў пры тым кургане, дзе вітала смерць, жылі словы прысягі.

Грукаталі гарматы, стагнала зямля, і сярод гэтага даносілася аднекуль сумнае рэха званоў...


1917

Тэкст падаецца паводле выдання: Галубок Ул. Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. / Уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. і камент. С.С.Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 607 с., 8 іл., 1 л. партр.
Крыніца: скан