epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Рубанаў

Адліжная нядзеля

Ведаеце, якая самая прыгожая жывёліна ў беларускіх лясах? Казуля. Яна зграбная; на быстрых нагах зялёныя капыткі-туфелькі; галоўка маленькая, точаная, а шыя даўгая і гнуткая. Вочы ў казулі вялікія, цёмныя, круглыя, бліскучыя, здаецца, у іх глыбіні можа ўтапіцца ўвесь свет. Казуля няхай ідзе, бяжыць ці стаіць — свет факусіруецца ў белую, бы ртуць, кропку і топіцца ў яе вачах.

Я да таго выпадку, пра які хачу расказаць, двойчы ўжо бачыў казулю. Аднаго разу яна пераплывала Сож. Было зусім яшчэ рана, сонца толькі ўстала, лізала промнямі ваду — цьмяную, з нейкім нежывым бляскам, усё роўна як накрытую поліэтыленам. Што прымусіла казулю з таго берага пераплываць на мой, дзе я лавіў рыбу, не ведаю. Я не чуў, як яна саступіла з высокага абрыўчыка ў раку, а толькі ўбачыў на дымнай вадзе чорную бліскучую мызку, падобную на мячык; мячык гэты плыў і цмокаў, акурат быў прабіты, а нехта яго раз-пораз сціскаў.

Гэта было на згоне вясны, калі ясная, чыстая зелень травы моцна пахне густой сонечнай цеплынёю, а ў прыбярэжных лазняках белаю пенаю кіпіць царыца лясоў чаромха, якую ў нас вельмі хораша называюць — калакалуша. А ўвосень таго ж года я ўбачыў казулю ў Велькім балоце, куды хадзілі з маці ў журавіны. Казуля стаяла якраз напроці рудога крушынавага куста, і мне здалося, што яна бязрогая, бо мой зрок пераплятаў яе рогі і галіны з куста. «Мам, глядзі, казуля бязрогая», — прашаптаў я, і маці засмяялася, стрымана, ціха, ды казуля ўсё роўна пачула: здрыганулася, паглядзела на нас і, высока паднімаючы над мохам ногі, пасігала ў кусты.

Вось такімі штрыхамі намаляваная, стаіць у маёй памяці самая прыгожая жывёліна беларускіх лясоў — казуля. Два словы пра сябе. Цяпер мне чатырнаццаць гадоў, вучуся ў сёмым класе, у вольны час люблю маляваць. Маці мая школьная тэхнічка, бацька трактарыст.

* * *

...Казуля выйшла з затуленага кучмастымі елачкамі акопа, дзе аблюбавала сабе лежбішча. Стаялі адліжныя дні, і снег набрыняў вадою, быў цяжкі і сіні, з яго тырчалі аранжавыя лусачкі кары і шыгаллё. Снег і паветра пахлі жывіцаю. Рухі ў казулі былі спакойныя, як бы млявыя, а ў вачах бліскалі трывожныя агеньчыкі: яна паўгода ўжо насіла ў сабе новае жыццё. Казуля рабіла ўсё, ахвяравала сваімі радасцямі і спакусамі, каб гэтае жыццё паявілася на свет. Яна знарок адбілася ад статка, нават уцякала ад гордага прыгажуна казла, які пад канец лета і ў верасні быў незвычайна пяшчотны і ласкавы з ёю. У казулі быў добры нюх, і яна чула пахі як вабныя, жаданыя, якія ўлівалі ў яе спружыністае цела сілу і бадзёрасць, так і трывожныя, ад якіх сутаргава кідалася ўбок.

Сёння дзень пачаўся для яе прыемнымі пахамі. Сонца добра прыпякала, і было чуваць, як асядае, шамаціць, бы сена, снег: ш-ш-ш... ш-ш-ш... Ёй да няўцерпу закарцела паласавацца сенам, і яна рызыкнула выйсці на дарогу, па якой, ведала, машыны возяць сена. Зялёнае, духмянае, мятны мурог ды ніцы гарошак, яно кружыла галаву і здавалася, што ўвесь лес танцуе перад ёю.

Казуля ішла памалу і лёгка дыхала, каб водар сена не так густа разліваўся па жылах, бо тады ў яе пачынаў балець пад грудзінаю жывот, які з кожным днём станавіўся тужэйшы і тужэйшы. Абапал дарогі густа раслі елачкі, папараць ды асіннік і маскіравалі яе. Сена сама болей натрушвалася ў лагчыне, дзе было шмат калдобін. Раптам, ужо блізка ля дарогі, казуля замерла: пачуўся гуд матора. Стаяла з паднятаю пярэдняю нагою і слухала: гуд быў не натужны, з падвывам, а нейкі лёгенькі, мяккі, як трапятанне бяросты ў вецер. Яна насцярожылася. Павярнула галаву і пачула, як на шыі заскрыпелі пазванкі, а спіну ад самых рагоў да хваста пранізаў гарачы востры, як страла, звон.

Гуд бліжэў, і ўжо запахла дымам, і тады казуля ўбачыла ў прасветліны між дрэў гарбатую жоўтую, як балотная сыраежка, пачвару — легкавічку: яна плаўна зыбалася, паўзла; на калдобінах нудліва зныбела, бы той дзікі хворы парсючок, якога неяк напаткала казуля на краі аўсянага поля.

Прырода жыве інстынктам; невядомая сіла падкінула казулю ўверх і на лёгкіх, высокіх нагах панесла ў гушчар.

* * *

Адама Сёмчыка дражнілі Куцобка: на адной руцэ ў яго не было кісці. Руку без кісці ў нашым краі называюць «куцка», адсюль куцобка. Нехта перайначыў слова, але не так сабе, не выпадкова, а наўмысна: Адам скалечыў руку не на вайне і не ў рабоце, а на «промысле» — глушыў у Сажы рыбу, і толавая шашка разарвалася ў яго руках.

Адам Сёмчык быў заядлы паляўнічы. І самае дзіва: скалечаная левая рука не замінала яму страляць. Біў ён без промаху: па зайцу ці проста ў мішэнь, па птушцы ці (з машыны) у прыдарожны пень. Выстаўляў перад сабою сагнутую ў локці куцку, клаў на яе ствол, прыклад упіраў у плячо і наводзіў мушку не рукою, а паваротам тулава.

У Адама былі два сабакі і «нянаская», імпартная двухстволка. Сабак звалі Снэп і Лахмач. Клічка Снэп, казалі, ішла з даўніх часоў: нейкі там Сёмчыкаў «прапрапра» трымаў цэлую псярню. У Лахмача была даўгая шэрая, бы ў ваўка, поўсць, якая на жываце звісала да самай зямлі; узімку Адам абстрыгаў яе, бо яна замінала сабаку бегаць па глыбокім снезе.

Хаця Адам Сёмчык жыў за два кіламетры, у суседняй з нашай вёскаю Дабранцы, я ведаў пра яго ўсё ці амаль усё: пра людзей адметных, як маці кажа, з лысінкаю, болей чымся пра іншых, расказваюць, перадаюць з вушэй у вушы і праўду, і плёткі. Удабавак з Дабранкі ў нашу вёску дзеці хадзілі ў школу, у іх ліку і Сёмчыкава дачка, Люся, самая прыгожая дзяўчынка ў класе. Яна усім падабалася: у яе чысценькі, светлы, бы шкельца, прадаўгаваты твар і надзіва крутыя дужкі броваў; блакітныя вочы глядзяць адкрыта, гарэзліва і крышачку здзекліва.

Сёмчык меў паляўнічы білет, з якім смела і з поўным правам хадзіў у лес. А часта не хадзіў, а ездзіў — на сваім жоўтым «Масквічы»: адчыняе заднія дзверцы, свісь — і сабакі тут як тут на сядзенні, ад нецярплівасці перабіраюць лапамі і стукаюць хвастамі. Сам садзіцца за руль, у скураной лётчыцкай куртцы, янотавых унтах і бабровай шапцы. Хто скажа, што ён гаспадарнік у раённай бальніцы?

* * *

Той дзень якраз прыпаў на нядзелю. Маці папрасіла мяне, каб я памог ёй аднесці на падол бялізну. Я быў у шэрым зімовым палітончыку, катанках і шапцы-вушанцы. Нёс у руках пранік, а пад пахаю вылізаную вадою, жоўтую, бы косць, яловую дошку, на якой летам секлі свінням бацвінне і лебяду. Маці, у мужчынскіх гумавых ботах з высокімі халявамі, ішла паперадзе мяне.

Цераз сядзібы да падола — канавы — рукою дастанеш, але снег глыбокі, і мы пайшлі дарогаю па вёсцы. Дарога разбітая трактарамі ды машынамі, снег на ёй у адлігу заўсёды брудны, жоўты і хлюпае пад нагамі, як балотная твань.

Канава нават у марозныя зімы да дна не прамярзае: праз лёд відаць, як бяжыць вада, нясе з сабою гніляшкі, траву, а на роўным коціць дробныя, бы жучкі, каменьчыкі. За мосцікам канава ўпадае ў катлаван, у якім каля берага дыхаюць палонкі — у іх жанчыны палошчуць бялізну.

Канава была ўжо блізка, у палонках блішчала чорная вада — быццам на лёд вылезлі няўклюды-бабры, і футра іх ільсніцца на сонцы. І тут я пачуў сабачы брэх: ці не ў Велькім балоце? Сабак, здаецца, было двое, але галасы іх за далёкасцю зліваліся ў суцэльны гул; гул набліжаўся, і галасы можна было ўжо адрозніваць, адзін тоненькі: я-я-я-я, другі — як качулкаю ў бубен — бух-бух-бух.

Маці ўбачыла, што я прыслухоўваюся.

— Мабыць, зайца ганяюць, — сказаў я.

Маці прамаўчала. У вёдрах на каромысле яна несла бялізну; вёдры былі цяжкія, зыбаліся.

Я ўтаптаў дошку ў снег каля палонкі: вада ў ёй была светлая, а дно цёмнае. Маці завінулася паласкаць бялізну. На боты ёй і на снег ляцелі пырскі вады: на ботах блішчалі, а на снезе застывалі блакітнымі плямкамі. Рукі ў яе вобміг пачырванелі, быццам яна ўтапіла іх у журавінавы кісель. Яна плёскала бялізну на дошку, а я дубасіў пранікам. Пранік быў ёмкі, з бярозавай чачоткі: бялізна пішчала і ліпла на дошку, як цеста. Адрывістае, тлустае рэха ляцела туды, дзе якаталі сабакі. І рэха і сабачыя галасы пераклікаліся недзе ў кліне поля пад Велькім балотам.

У мяне замлела спіна, і я выпрастаўся. За калгасным садам на вузкай белай, бы ручнік, палосцы поля рухаліся тры кропкі: адна — святлейшая — уперадзе, за ёю, блізка адна каля другой, астатнія. Сабакі некага гналі, але не зайца, як думаў я.

— Мама, глядзі!

Маці разагнулася, паклаўшы на паясніцу руку далоняю ўверх; кончыкі пальцаў на ёй былі белыя і зморшчаныя, бы кавалачкі мякішу.

— Ці не казу? Можа, тую, што мы ў Велькім балоце бачылі?

— Казу? — перапытаў я і стаў шчырэй углядацца ў кропкі. Маці сагнулася зноў паласкаць, а я сачыў за кропкамі: здавалася, нізка над зямлёю ляцяць тры вароны.

Мінула колькі часу, і я ўжо ні на каліўца не сумняваўся, што сабакі гоняць дзікую казу — казулю, адстаюць ад яе метраў на трыста, а можа, і меней: здаля не вызначыш. Казуля бегла вялікімі скачкамі, сабакі ішлі за ёю ўрасцяжку, роўна, як па нітцы. Маё сэрца трывожна забілася ў грудзях, як тая сініца ў сілку.

— Яны не дагоняць яе?

— Дзе ім дагнаць! Яна што вецер... — упэўнена сказала маці, але гэта яе ўпэўненасць мне чамусьці не перадалася.

Казуля была ўжо зусім блізка — у калгасным садзе. Ствалы яблынь і казуля былі аднаго колеру — шэрыя, але сабакі ішлі назіркам, без голасу. Казуля кіравала прама на катлаван. Яна, мабыць, не магла звярнуць, бо сабакі тут жа ўзялі б ёй наперарэз. Я пазнаў сабак, гэта былі Сёмчыкавы ганчакі. Успомнілася, што чуў ад мужчын-паляўнічых: «Лахмач і Снэп сваё не ўпусцяць». Мне стала горача пад палітончыкам.

— Мама, яны яе дагоняць.

— Казу ж, мабыць, нельга забіваць, — засумнявалася і маці. — Не дазваляюць.

Я, здаецца, убачыў вочы казулі — дзве круглыя маленечкія палонкі, поўныя жаху. І ўся казуля, здавалася, была працята жахам. Яна ляцела над зямлёю, бы страла. Абагнула катлаван і панеслася цераз сядзібы да вёскі. Там забрахалі дваровыя шаўкі, забразгалі ланцугамі, і яна павярнула ўсцяж калгаснага саду. Ганчакі крута заламалі ад катлавана — бралі напярэймы: першы бег руды віславухі Снэп, услед рослы мехаваты, бы куль, Лахмач.

«Бедная казуля...»

Ганчакі заходзілі ад вёскі, каб залучыць казулю на ранейшы след і гнаць на гаспадара, зноў у Велькае балота. А можа, яны пайшлі ў лес самахоць?

Казуля скінула ў сад, а сабакі з разгону метраў пяцьдзесят дубічылі прама; потым заекаталі, адчуўшы, што адсталі. Палёт казулі ў паветры быў плаўны, грацыёзны, як у запаволеным кіно, што ўчора глядзеў па тэлевізары: пярэднія ногі падагнуты да грудзіны, заднія выструнены, як у бусла. Казуля зноў павярнула да катлавана. Я не ўтрываў, кінуўся ёй насустрач. Снег быў глыбокі, а пад ім яшчэ рыцвіны, і бегчы было цяжка. Не ведаю, ці згледзела мяне казуля, але яна не зварочвала, хоць перамежак між намі скарачаўся. Ганчакі зайшліся ў шалёным скавытанні. Я выхапіў на хаду сукаваты дручок з плятня, якім быў абнесены сад, і замахаў ім. Казуля на міг спынілася, як урасла капытамі ў зямлю; мітнулася паўз мяне. Я нават не аглянуўся, стаяў наперадзе ў сабак, сціскаючы ў руцэ дручок. Сабакі абмінулі мяне і не глянулі вокам, быццам я для іх не чалавек, а звычайны слуп ці ствол яблыні. З раскрытых зяп у іх звісалі даўгія шырокія, як лапаткі, ружовыя языкі.

«Ваўкарэзіны!..» — вырвалася ў мяне з грудзей спёртае паветра. Казуля яўна не хацела бегчы ў лес і таму не магла набраць разгон, і сабакі яе наганялі — ізноў моўчкі. Я рвануў услед за імі па здратаваным лапамі снезе. Сям-там я прымячаў і сляды казулі — ямачкі, бы ад кійка: капыты лёгка прашывалі снег да самай зямлі.

Казуля пайшла на другі круг. Я адставаў і, толькі змарыўшыся, зразумеў, што мне лепей стаяць на месцы, і тады казуля, зрабіўшы паварот, будзе збліжацца са мною. Сабакі насядалі, а скачкі ў казулі былі ўжо не такія спружыністыя.

Я стаяў, распасцёршы рукі, на ўскраіне саду, а казуля і сабакі набліжаліся да мяне. Казуля пранеслася гэты раз ледзь не ўпрыцірку, і я ўбачыў зусім блізенька яе вялікае чорнае бяздоннае вока і пад ім мокрую падкоўку. Цяпер я стаяў на дарозе ў сабак. Яны падбеглі, і я, бы звар’яцелы, закрычаў:

— Куды!!! Куды вас гоніць!.. Ану! — і, сціскаючы зубы, з сілаю махаў дручком.

Не збаўляючы хуткасці, сабакі перлі проста на мяне — белыя вострыя зубы і ружовыя прагныя языкі.

— Куд... г-гых!.. — Я адчуў адначасна цеплыню на твары і моцны ўдар у плячо: Лахмач, які бег першы, збіў мяне з ног. Я ў гарачцы падхапіўся. Дручок мой ляжаў на снезе. Каля канавы лямантавала маці і, здаецца, ці не грэблася сюды, уставала і падала. Казуля і сабакі былі між маці і мною. І раптам казуля застыла на месцы, толькі на імгненне, каб прапусціць наперад сабак, і павярнула ў мой бок. Яна імчала без усякай асцярогі — вялікія чорныя мокрыя вочы... Яны спыніліся акурат напроці мяне, блішчалі, бы люстэркі, і ў іх я ўбачыў сябе — маленькага, як муха, ліліпуціка.

— Куды!!! — я рынуўся на сабак і з ўсяго маху выцяў Лахмача па галаве дручком. Лахмач цяўкнуў, скочыў убок і, ашчэрыўшы жоўтыя зубы, захрыпеў. Спыніўся ад нечаканасці і руды віславухі Снэп. Казуля спуджана стрыгла вушамі, тупала тонкімі, бы кіі, ножкамі; крутыя бакі ў яе хадзілі хадуном, а чорная бліскучая мызка трапятала, бы крыльцы вялікай начной мятлушкі-стужачніцы. Сабакі, натапыраныя кожнаю шарсцінкаю, глядзелі на мяне са злым здзіўленнем і нахабнаю ўпартасцю.

— Гэ-х! Ваўкарэзіны!.. — Я махнуў на іх дручком. Здрыганулася і казуля, адступіла ад мяне. Маці была ўжо блізка, у руцэ яна трымала пранік, і я зусім асмялеў.— Толькі паткніцеся, — гразіў я сабакам, — агрэю так, што...

Сабакі нечакана павярнулі галовы да Велькага балота і паставілі тырчком вушы. І я глянуў туды, куды глядзелі сабакі: на белым снезе жоўтаю, бы сланечнік, плямаю варушылася легкавічка. «Сёмчык!..» — Мне здалося, што на галаву мне высыпалі вядро жару. Сабакі заматлялі хвастамі, завішчэлі; пачалі брахаць, падступацца да казулі. Казуля, дробна перастаўляючы ногі, ціснулася да мяне. Я хапіў яе рукамі за шыю, каб утрымаць, на імгненне адчуў, якая яна цёплая, вільготная і пахне ўся малаком-сырадоем, які маці прыносіла з-пад каровы на першы дзень пасля ацёлу. Але казуля — малая недаверлівая дзікунка — ірванулася з маіх рук, да яе кінуліся сабакі, і яна, высока падскокваючы, зноў паляцела да вёскі. Яна ўвесь час імкнула не ў лес, а ў вёску, як быццам ведала, разумела, што толькі там зможа ўратавацца ад вострых сабачых зубоў.

Маці гукала мяне, але я бег услед за казуляю і сабакамі. Казуля перамахнула пляцень, жардзянае прасла, за якім пачаліся сядзібы. У канцы іх роўным шнурам стаялі хаты. Я спатыкнуўся і потырч паляцеў у снег, а калі падхапіўся, то ўбачыў, што казуля кружыць каля пуні Кулічонкавага двара. Сабакі стаяць, а Кулічонак, як пудзіла, махае на іх рукамі; ён без шапкі, у расхрыстанай фуфайцы.

Я падбег і ўсё зразумеў: казуля ўбілася ў загон, у які ўлетку Кулічонак выпускае свіней. Толькі цяпер убачыў, што ў мяне на левым катанку няма галёша, мабыць, згубіў тады, як упаў.

— Ото-то, мяса прама ў двор прыбегла!.. — Кулічонак закладваў уваход у загон жэрдкамі. — Толькі двух япручкоў сваіх зашчаміў, а тута і дзічына... Мая, мая! Сёмчыку дудкі... — Ён раз-пораз сціраў з белай лысіны сняжынкі (шапка валялася на снезе), што закружыліся з неба, хіхікаў, як дзіця, і ўсе выхадкі ў яго былі дзіцячыя. Кулічонак падоўгу нідзе не працаваў, так, збоку прыпёку дзе-небудзь, але жыў багата: лета і восень цягаў грыбы, сушыў, марынаваў, а ўзімку вазіў прадаваць аж на Поўнач. — А ты што тута круцішся, пацан? — напусціўся на мяне. — Гэць дахаты!..

— Я за казуляю прыбег, — сказаў я наўмысна цвёрдым голасам, хоць сам увесь калаціўся. Левы катанак прамок, і назе было ёдка, калола ў падэшву.

Кулічонак зноў захіхікаў, аж заікала ў горле. Пакруціў пальцам каля вуха.

«Сам ты дурань!..» — падумаў я. Сабакі хакалі ротам, шчамілі галовы між частаколін і аблізваліся.

— Маё, маё мяска!.. — Кулічонак цёр далоні. Даў Снэпу пад зад нагою.

Вёска пачынала гудзець, пераклікацца галасамі: ад хаты да хаты, як тая сарока-белабока, паралятала вестка. З двароў сыпанулі дзеці. З-за іх я не ўбачыў, як падышоў мой бацька. Мабыць, толькі злез з трактара, бо на шчацэ ў яго чорны пісяг, а каўнер кажуха і плечы зацярушаны торфам.

— Тата, гэта каза...

— Мне маці расказала... — Бацька мой заўсёды спакойны, мала гаворыць, але шмат робіць: што ў калгасе на трактары, што дома — і рамы, і табурэты, і бочкі. Далоні ў яго шырокія, цвёрдыя, трудавыя: як хопяць у абдымкі — косці трашчаць. — Трэба яе назад, у лес.

— Што?.. — вытарашчыў вочы Кулічонак. — Ідзі-ідзі адсюля. Сказануў: «У лес». Я ж не гнаў яе сюды, сама ўбілася...

Дзед Аўтух, Кулічонкаў сусед, якраз выйшаў на гарод. Убачыў зборышча і прытупаў з кійком, у кажусе і чорнай скураной шапцы. Ад ветру вочы ў дзеда пачырванелі, а клінок сівой барады матляецца, як у казы хвосцік.

— Мабыць, каза? — Дзед Аўтух шморгаў носам і слепавата жмурыў вочы. — Грэх, людзі, грэх жывёліну мучыць...

Казуля і праўда не магла ўжо трываць людской мітусні, крыкаў, нехта з хлапчукоў шчоўкаў фотаапаратам, і схавалася ў свіной пуньцы, дзверы якой былі расчынены напята.

— Дзічынка! — Падышоў з сякераю ў руках Шурка Аляповіч. Ад яго вечна пахне смалою, бо ён працуе на падсочцы. — Зараз я... З маіх рук тапор не выкаўзнецца.

— Ну ты! — бацька таўхануў яго ў шырокую і глухую, бы валун, спіну.

— Што я? Хто яе прыб’е, той і забярэ. Сцягняк Сёмчыку... Па закону. Нясі, Кулічонак, вяроўку, скруцім у два шчота!..

Дзеці ажно запішчалі, і вочы ў іх заззялі, а ў мяне анямела ўжо левая нага, і здалося, што я падаю ў глыбокую-глыбокую яму. Я ўчапіўся за бацькаў рукаў.

— А дзе твой галёш, сын?

— Зваліўся недзе...

— Трэба пашукаць.

Нарэшце паявіўся і сам Адам Сёмчык. Ён паставіў легкавічку на вуліцы напроці Кулічонкавага двара і цяпер адчыняў весніцы.

— Во і тапор не трэба. Зараз машыну падкоцім, пятлю на шыю кідзь — і тут як тут казулька, — засмяяўся Шурка, і вакол рота ў яго сабраліся пучкі маршчын, і твар Шуркаў стаў падобны на сытае кацінае мурло.

— Пабойся бога, ірад! — Дзед Аўтух замахнуўся кійком. — Жывадзёр... І шчэ вуна другі ідзе-брыдзе.

Нехта ўжо рассунуў жэрдкі, і дзеці хлынулі ў загон да пунькі. І я заглянуў у цемнату: у куце блішчалі дзве зорачкі-плямкі — вочы. Кулічонак тым часам мітнуўся да Адама Сёмчыка.

— Я першы, Сцяпанавіч, асачыў, як яна ў мой загон шлыкнула. А я во з пунькі гной выкідаў...

Сёмчык не сказаў ні слова, кіўком галавы павітаўся з маім бацькам. Прадаўгаваты Сёмчыкаў твар быў чамусьці невясёлы, і ў вачах сум, ці што. Сабакі загарцавалі вакол яго: станавіліся на заднія лапы, быццам хацелі па вачах гаспадара зразумець, што ён хоча. Сёмчык атукнуў на іх. Падышоў да пунькі, абапёрся рукой на дзверы, аж заскрыпелі завесы.

— Выратавалася, красавіца? — сказаў, мне здалося, з ласкаю ў голасе. Дзіўна! Дзіўны нейкі Сёмчык. Адышоў. Ляпнуў па каленку і свіснуў. Лахмач і Снэп падскочылі да яго. Пайшоў да весніц шырокім крокам; сабакі пабеглі за ім. Усе бачылі, як ён адчыніў дзверцы легкавічкі, і сабакі скочылі на задняе сядзенне. Сёмчык з сілаю стукнуў дзверцамі, аж у пуньцы здрыганулася і закідалася казуля. Кулічонак стаяў з вяроўкаю і моргаў вачыма; на жыдзенькіх валасах каля вушэй зачапіліся сняжынкі, раставалі. Шурка Аляповіч папляваў на чорныя ад смалы далоні і сціснуў тапарышча каля самага абуха.

Твар у Сёмчыка ўсё яшчэ быў спахмурнелы, а вочы нібыта паяснелі, у іх загарэліся іскаркі. Ну чыста як у ягонай Люсі! Яна заўсёды глядзіць адкрыта, даверліва, і калі б не здзеклівая іскарка ў вачах, ёю можна было б захапляцца як лялькаю. Але ўсе лялькі на адзін манер, а людзі розныя, з характарамі сваімі. І Люся з характарам, таму і крыўдуе, калі з яе пацвельваюцца хлапчукі.

— Ну-ка, ну-ка, разыдзіцеся! — Кулічонак развёў рукамі, адпіхваючы ад сябе дзяцей, але толькі апусціў рукі, як дзеці зноў апынуліся каля дзвярэй пунькі.

Сёмчык залез у пуньку. Адтуль пачулася яго глухое бубненне, стукат: мабыць, казуля вырывалася, не давала сябе ўзяць. Нарэшце з дзвярэй паказаўся Сёмчык. Ён трымаў на руках казулю, на рогі ёй наліпла павучына, матлялася.

— Упусціш!.. — Кулічонак сціскаў кулакі і трос імі перад сваім носам. — Вяроўкай яе, ліха мацеры! Тапор, Шурка, давай!.. — камандаваў ён.

Я глядзеў на Кулічонка і дзівіўся з яго не меней, чымся нядаўна з Сёмчыка. Але дзівіцца не было калі: усе глядзелі на Сёмчыка. Асцярожна ступаючы, ён панёс казулю ў край гарода. Паставіў яе на снег і лёгенька стукнуў далоняю па спіне. Яна тузанулася, крыху адбеглася і стала; глядзела на людзей, і ўвесь свет зноў умяшчаўся ў яе бяздонных вачах.

— Ідзіёт!.. — узвіўся, як віхор, Кулічонак і, выхваціўшы з рук Аляповіча сякеру, кінуўся за казуляю. Яна рванула вялікімі скачкамі, і Кулічонак запусціў у яе сякеру. — Стой-й-й, такую тваю!..

— Пацалуй цяперака ёй пад хвост! Яна акурат падняла, — засмяяўся дзед Аўтух. У роце з-пад сівых вусоў у яго тырчаў адзін востры, як шыльца, зуб; і кончык барады ў дзеда быў востры; і дзюбачка носа вострая; і на язык дзед быў востры.

Дзеці свісталі і крычалі ўслед казулі, а я глядзеў на яе з радасцю і незразумелым смуткам. Нюхаючы снег, казуля пайшла ў бок Велькага балота. І я пайшоў следам: адліга будзе стаяць доўга, у хаце яе не перасядзіш, і трэба шукаць галёш.

* * *

Майскаю раніцаю ў небе ляцеў рэактыўны самалёт і, набіраючы хуткасць, выбухнуў так, што страсянулася наваколле. Акурат у гэты час ў Велькім балоце ў акопе пад густымі елкамі курчылася ў пакутах мацярынства казуля. Ад выбуху здрыганулася не толькі зямля, але і казуля — з ялін пасыпалася жоўтая леташняя ігліца, і ўжо не толькі на казулю, а і на двух мокрых плямістых цялятак, што квола сучылі нагамі і жмурылі мутныя, блакітныя вочы. Сонца прабівалася скрозь гушчыню елак і мяккімі зайчыкамі скакала па спінах цялятак, па маладым пахучым верасе, і ўся гэта стракатая мазаіка прыдавала цёплую вясёлую акрасу маленькаму кавалачку зямлі.


1984?

Тэкст падаецца паводле выдання: Рубанаў У. Цёплы пух адуванчыкаў: Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1987. - с. 240-251
Крыніца: скан