epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Рубанаў

Адзін толькі дзень

Балшэтка нават не падазраваў, што ўсё так павернецца, хоць ужо даўно пераканаўся: у жыцці шмат выпадковасцей.

Дзень пачаўся звычайнаю рупатаю. Балшэтка дачакаўся, пакуль прачнецца сын, адзеў яго; даўшы ў руку яблык, павёў у яслі. Тратуар быў чысты і сухі, прыемна чуўся пад нагамі. З-за дамоў, што разбегліся абапал спадзістай вуліцы, развінала промні сонца, краналася маладых таполяў, ад чаго лісце на іх дробна, як пацеркі, бліскала. Так яшчэ, згадалася, бліскалі хвалькі Сажа, калі ледзь-ледзь наклюнецца світанак і пацягне з кустоў лазняку вострым, азноблівым ветрыкам. Гэты напамін раптам абудзіў у душы глухое ныццё, і Балшэтка зноў — ужо каторы раз за апошнія дні! — падумаў, што жыве ў нейкім трывожным чаканні. Але якім? Чаго яму пачынала не ставаць?

Сын, забыўшы на яблык, круціў галавою, не спускаючы вачэй з легкавушак, што жыгалі па вуліцы. Балшэтка гэту цікавасць сына прымаў спакойна, бо час не прыспешваў, а ён сам любіў раніцу — з яе блакітнаю, рэдзенькаю смугою, адбіткам ціхамірнасці на ўсім: на тварах людзей, вокнах магазінаў, грудах цэглы ў дворышчы будаўнічай пляцоўкі...

На траве пад таполямі паслася парачка шпакоў, і Балшэтка радасна ўсміхнуўся: і тут, у горадзе, жывуць шпакі — успомніў, што першы раз бачыў іх у красавіку, а не на пачатку сакавіка, як у вёсцы. І яму было радасна пра гэта думаць, адчуваючы ў сваёй далоні цёплыя, даверлівыя пальцы сына.

Ужо на прыпынку тралейбуса спахапіўся, што забыў лісткі якасці, якія звечара і мала не да поўначы запаўняў, прыпамінаючы свае паездкі на хлебазавод. Іншым разам, можа, і не вярнуўся б па іх, а сёння — тэхвучоба — і яны край патрэбны.

Ён адамкнуў кватэру, сабраў са стала лісткі. Не паспеў зашпіліць усе мудрагелістыя зашчапкі на папцы, як коратка, нервова дзынкнуў званок. Балшэтка адразу падумаў, што здалося, і нейкі момант нацята слухаў цішыню, потым ўсё ж адчыніў дзверы: на парозе суседняй кватэры — паспела ўжо адысціся — стаяла старая, белая-белая, як смерць, з пустымі, нейкімі незразумелымі вачыма. Балшэтка сумеўся.

— Ванечка!.. — Гэта была суседка. — Вох, Ванечка, паміраю... Хадзі пабудзь каля мяне...

Балшэтка, яшчэ не ачомаўшыся, ступіў следам за старою, і яму патыхнула ў нос едкімі медыцынскімі пахамі. Старая грузна завалілася на канапу; уткнуўшы сівую галаву ў падушку, застагнала. Балшэтка таптаўся на месцы і не ведаў, за што ўзяцца. Старая падняла руку, і ён зразумеў, што трэба памацаць пульс. Няўпэўнена сціснуў запясце, стараючыся пачуць пад пальцамі дрыготкае патузванне. Рука была халодная і мяккая, быццам з губкі, і здавалася, у ёй ужо нічога не жыло. Балшэтку ахапіла трывога, ды ён не адступіўся, трымаў старую за руку, акурат хацеў перадаць ёй сваё цяпло.

Старая стагнала, ледзь вымаўляючы словы.

Двухстворкавыя дзверы ў спальню былі адчынены насцеж, і адтуль чуўся роўны, глыбокі храп. Балшэтка здагадаўся, што на ложку, край якога вытыкаўся і блішчаў білам, спаў дзед Кузьма. Ён, хаця меў за восемдзесят і быў тугаваты на вушы, браў яшчэ добрую чарку: Балшэтка не раз бачыў, як ён насіў у сетцы здаваць парожнія бутэлькі. Але вочы і памяць у дзеда былі надзіва вострыя і шмат чаго ў сабе таілі, і Балшэтка ўжо даўно песціў намысел паталкаваць з ім адзін на адзін — шчыра і ўсур’ёз.

Старая аблакацілася, і голас у яе стаў выразным, трохі дзяркатым, зусім не такім, як хвіліну назад; яна, паказаўшы вачыма на буфет, папрасіла падаць ёй лякарства і зноў утапіла галаву ў падушку. Балшэтка ўзяў у рукі высокі жоўты карабочак, прачытаў назву.

— Карвалол?

— Ага, карвалол... Вой, паміраю... — У яе проста дзіўна мяняўся голас, і гэта крыху бадзёрыла Балшэтку — што старая яшчэ не зусім слабая.

— А колькі яго вам?

Старая падняла галаву, вочы ў яе былі цьмяныя.

— Лі вунь у кубак... Там вада ёсць? Многа? Лі ўсё... Вой, мне блага... — І голас яе зноў выразаўся на плаксівы.

Балшэтка выліў у кубак карвалол, якога было толькі на дне, падаў старой, і калі яна брала, ён яшчэ раз адчуў яе халодныя пальцы. Балшэтка ніколі не бачыў, як млее чалавек, і таму зусім разгубіўся. Што рабіць, куды кінуцца, калі раптам старая напраўду пачне захліпацца? Тармасіць дзеда? Ды пакуль ён растуркаецца, паўгадзіны пройдзе.

— Вой, няўжо да мяне смертанька падлашчылася?..— стагнала старая. Балшэтка хапіўся суцяшаць яе — што цяпер нават маладых часта трывожыць сэрца, маўляў, шалёны рытм жыцця, стрэсы, спешка... Але нічога — пабаліць і супакоіцца. Пажартаваў нават: у чалавека заўсёды павінна па нечым балець сэрца.

Старая, мусіць, уважліва слухала яго, бо падчас гаворкі сціхала, адно ён змаўкаў, як яна тут жа пачынала вохкаць. А ён забыў, што яму на працу, і наогул ні пра што не думаў, усё замкнулася на старой, адсланіўшы астатняе глухой сцяною. Схамянуўся тады, калі пачуў стук у дзверы. Смелы, патрабавальны.

— Во, гэта доктар!.. — сказала старая і яшчэ мацней застагнала.

Балшэтка павярнуўся сустракаць госця. У пярэдняй убачыў жанчыну ў белым расхінутым халаце, з-пад якога віднелася зялёная сукенка. У руцэ жанчына трымала ёмісты сундучок.

— Выклікалі? — спытала яна і чамусьці ўсміхнулася тонкімі, па краях падмаляванымі, вуснамі. Балшэтка не ведаў, ці выклікалі ўрача, але па тым, як старая здагадалася, хто пастукаўся, зразумеў: жанчына трапіла па адрасу. Ён правёў яе ў пакой, дзе ляжала хворая. Жанчына села каля канапы на крэсла, якое падсунуў ёй Балшэтка, расчыніла сундучок. Як бы між іншым сказала старой: «Раздзеньцеся».

Балшэтка, адчуўшы, што цяпер ён тут лішні, развітаўся, пажадаў старой хуткай попраўкі і выйшаў.

* * *

Пераступіўшы парог лабараторыі, Балшэтка адчуў, што на яго ўсе красамоўна паглядзелі, і здагадаўся: тут толькі што быў Карабінаў. І не проста быў, а цікавіўся ім, Балшэткам.

На новага загадчыка лабараторыі Карабінава многія крывіліся ўжо з-за таго, што ён быў малады, і яго нечаканы ўзлёт сам па сабе выклікаў плёткі і намёкі. Да таго ж, як і ўсякі малады кіраўнік, Карабінаў узяўся апантана разбураць устоеныя парадкі, за што тут жа паплаціўся, прыпісалі, што суровы да падначаленых.

Балшэтка выняў з папкі лісткі і пайшоў у кабінет загадчыка. Зачапіўся вокам за чорную таблічку, на якой акуратнымі жоўтымі літарамі было выведзена: «Загадчык лабараторыі навуковай арганізацыі працы Карабінаў У. П.»

Карабінаў сядзеў за сталом і чытаў газету: па тым, як трымцелі старонкі, можна было меркаваць, што ён расхваляваны. Ён быў у шэрым касцюме, пры чорным гальштуку, які кантраставаў з белым каўняром сарочкі. Павітаўся і, пакратаўшы на пераноссі акуляры, запытальна глянуў на Балшэтку, мусіць, чакаючы, што той адразу пачне бараніцца.

Балшэтка, стаўшы побач, паклаў перад Карабінавым лісткі.

— Мяне ваша работа цікавіла крышку раней, а зараз цікавіць іншае: чаму вы парушаеце распарадак працоўнага дня? — Карабінаў штучна прыдаваў свайму голасу строгі, пагардлівы тон, і гэта не магло не закрануць Балшэтку, які ні ў чым не цярпеў фальшу і абвострана адчуваў яго ў словах, усмешцы, жэстах, нават у дыханні. — Тым больш у нас сёння тэхвучоба, на якую запрошаны сам дырэктар ПКБ. — Карабінаў умеў надзіва шматзначна націснуць на гэтае «сам».

Балшэтка, разумеючы, што ў такіх выпадках, не марудзячы, трэба павініцца перад начальнікам і заракціся больш не спазняцца, не мог, аднак, сябе перасіліць — можа б, ён і зрабіў так, калі б не адчуў з боку Карабінава пыху і боскую ўсемагутнасць караць і мілаваць, — і таму сказаў як мага спакайней, упэўнена:

— Была прычына, Уладзімір Паўлавіч.

— Прычын, я ведаю, шмат, і калі кожны аддасца іх волі, а не дысцыпліны, то што атрымаецца? — Карабінаву яўна не лёг на душу адказ, а выстаўляць сябе перад падначаленым мяккацелым, беспрынцыповым — значыць, не шанаваць сваё самалюбства, гэта ён добра засвоіў яшчэ працуючы ў «Белгіпрабіясінтэзе», а таксама і тое, што толькі дай адчуць людзям слабінку, тут жа сядуць на галаву. — Я прашу адказаць мне па сутнасці.

Балшэтка бачыў, што прышчаміў Карабінаву хвост, але наважыў таксама не саступаць, лічачы, што праўда за ім, і таму, калі даражыць ёю, трэба патрабаваць, каб да яе ставіліся чыста, з даверам.

— Выходзіць, вы мне не давяраеце?

— Як разумець?

— Ну раз дапытваецеся... па сутнасці. Значыць, лічыце, што прычына можа быць і не істотная, — сказаў Балшэтка, з прыкрасцю згадваючы хлусню і выдумкі лабаранткі Люсі, якімі яна апраўдвалася за спазненні і прагулы. Канечне, прасцей простага выдумаць важкую прычыну, ацаніўшы ўсе «за» і «супраць», але — застацца пасля спакойным... Вядома, здолее не кожны. Дык, можа, лепей пакінуць некранутай сваю шчырасць, чым выстаўляць яе, далікатную, пад цвёрды град сумненняў. Бо, бясспрэчна, Карабінаў усумніцца ў тым, што скажа яму Балшэтка. І навошта, навошта гэта распытванне, гэты намер зрабіць з яго, Балшэткі, чарвяка, які поўзаў бы каля ног? Калі б Карабінаў быў на самай справе такі, а то ж яўна, што напінаецца, вылузваецца са скуры, баючыся за свой начальніцкі гонар. Драбнееш, таварыш загадчык, драбнееш... Канечне, ёсць і ў тваёй душы дабрата. У кожнага чалавека ёсць дабрата, толькі ў аднаго яна адкрыта, як кветка сонцу, а ў другога пад ільдзінкаю, якую трэба растапіць. Вось як растопіцца на тваёй душы льдзінка, тады і пагаворым шчыра, без лішняй падазронасці.

Карабінаў адчуў гэтую зацятасць Балшэткі і, каб усё-ткі ўтрымаць свой гонар на вышыні, цвёрдым голасам сказаў:

— На першы раз я зніжаю вам каэфіцыент працоўнага ўдзелу, інжынер Балшэтка.

У лабараторыю Балшэтка вярнуўся спахмурнелы. Яму ўсе спачувалі. Журыцца надта, вядома, не было з-за чаго, бо надзейней падтрымкі, чым сама рэальнасць, ад якой нідзе не дзенешся і сіла якой у тым, што яна аб’ектыўная, наўрад ці знойдзеш, але заўсёды пасля такой прыдзірлівай строгасці брыдзенька было на душы, акурат па ёй нехта патупаў у кованых ботах. Нелады, мітусня, тлум... Няпроста з імі, але ж і без іх таксама, мабыць, нельга, як нельга паставіць сябе па-за тым, што называецца ЖЫЦЦЁМ.

Схіліўся над паперамі, вочы адно прабягалі па радках, а думкі кіравалі зусім у іншы бок. Хацеў быў пазваніць свайму сябру з тэлебачання Ігару Малетку і прапанаваць куды-небудзь схадзіць адвесці душу, на што той заўсёды ахвотна згаджаўся, але падумаў: гэта будзе не лепшае выйсце. Ну, пойдуць яны ў піўбар, возьмуць бутэльку сухога, упадабанай імі «Манастырскай хаты», перагавораць... І ўсё як быццам забудзецца, сплыве з хвалямі лёгкага хмелю. А назаўтра, Балшэтка ўжо ведаў, зноў тое ж самае.

Ён узрадаваўся, успомніўшы пра сына. Як будзе забіраць яго з ясляў, як не пойдуць яны адразу дадому, а завернуць на алею — там шырока і прасторна. І, дзіва дзіўнае, некуды імгненна адрынулася засмучанасць, здаўшыся дробязнаю і нікчэмнаю, а душа стала напаўняцца радасцю.

* * *

Ён не прымеціў, як да яго падышла лабарантка Люся, схамянуўся адно тады, калі пачуў яе знаёмы хрыплаваты голас: «Цябе да тэлефона».

Званіла жонка. Адразу адчула мужаў настрой, хоць, здавалася, Балшэтка і не выдаў сябе нічым, затурбавалася: «Што на рабоце здарылася?» — «Дробязі...» — «На прагрэсіўку не паўплывае?» Жонка (загадкавая штука, жаночая інтуіцыя!) была на правільнай здагадцы. Балшэтка здзіўляўся і радаваўся ўзаемаразуменню, што склалася ў іх з жонкаю за тры гады сямейнага ладу і якое чамусьці так надавала ім аптымізму ў жыцці. Ён, канечне, не мог зараз расказаць ёй пра ўсё, і не толькі таму, што патрэбен быў час, — проста не хацелася варушыць ужо прыціхлае і аддаленае, бо яшчэ раней адкрыў ісціну: вяртацца памяццю ў даўняе — значыць паўтараць усё спачатку і па-новаму перажываць; а ў наш імклівы век чалавек павінен жыць вялікаю мэтаю і няшчадна адсейваць мішуру штодзёншчыны.

Жонка, крыху супакоіўшыся, спытала, як і кожны дзень, ці не перашкодзіць яму што-небудзь забраць з ясляў сына; Балшэтка нават спалохаўся: раптам жонка сама захоча забраць сына і, не даючы ёй нават намёку, што яму нявыкрутка, адказаў: «Не-не, я сам!» Жонку гэта, як і варта было чакаць, не засмуціла, а, падобна, узрадавала. Яна сказала: «Я пад’еду да мамачкі — званіла, што дастала нарэшце мне брыльянтавыя завушніцы, трэба ацаніць». Ён ніколі не быў проці яе адлучак, наўпярок, нават іншы раз падбіваў на іх: прапаноўваў схадзіць у кіно, тэатр ці дамаўляўся з тым жа Ігарам Малеткам, каб правёў жонку ў студыю, дзе запісваюць славутага пісьменніка ці папулярнага артыста. Дарэчы, і жонка не пярэчыла Балшэтку, калі ён адлучаўся па нейкай надабе.

Прапікала шэсць гадзін, і ўсе дружна пакінулі лабараторыю. Балшэтка пачуў, што следам нехта ідзе. Ступіў яшчэ некалькі крокаў, аглянуўся: блізка ад сябе ўбачыў Люсю. У даўгой блакітнай сукенцы, яна была высокая, зграбная, з цёмнымі бліскучымі валасамі; у вачах разам з рашучасцю тлела і сарамлівасць. Ён спыніўся і чакаў. Яна падышла. Ён глянуў на яе імкліва.

— Ваня... Ты спяшаешся?

— А як жа інакш? — здзівіўся Балшэтка, адразу пераключыўшыся на лёгкі тон: ведаў, што пры такой размове яго адмаўленне не надта закране Люсю і не дасць ёй падстаў для думкі, што ён зацікаўлены ў іх збліжэнні таксама. — Сямейны чалавек, прыкладны бацька, якога ў яслях чакае сын... — Балшэтка не хаваў іронію.

— Шкада, канечне... — Люся апусціла павекі, якія ўжо на працы асвяжыла зеленаватымі ценямі.

— Здаецца, шкадаваць няма аб чым. Усё гэта гульня, не больш... Ты ўжо прабач мне за мой дзіцячы лепет. Прабач, калі ласка, Люся... Я нічога не магу табе абяцаць.

Яна засталася стаяць разгубленая, а ён пайшоў далей, не азіраючыся.

* * *

Спачатку ён вёў сына за руку — цераз дарогу, па якой праносіліся машыны, паўз магазін, дзе таўклося шмат людзей — прадавалі мараканскія апельсіны, — малы, як разумеючы, ахвотна тэпаў побач. Толькі звярнулі на алею, сын выпусціў Балшэткаў палец і самастойна падыбаў па ўкладзенай пліткаю дарожцы, абсаджанай з абодвух бакоў клёнамі, ад якіх на зялёны газон клаліся млявыя цені. Спыніўся, убачыў, што бацька зусім блізка, — пабег. Пераваліста-няўпэўнены, з растапыранымі ручкамі, ён быў падобны на пінгвіна.

Балшэтка таксама прыспешыў хаду. Адчуваў, зрушылася нешта ў ім, нават не сёння, а, як падумаў раніцаю, за апошнія дні. Няўжо чалавеку заўсёды, каб стаць відушчым, усумніцца, трэба перажыць непрыемнасці, трэба па нечым ці ад нечага засумаваць? У Балшэткі разбягаліся думкі. Так ці не так, у любым выпадку яму адно здаецца, што ўсё ў жыцці гладка, ён проста прымушае сябе так думаць, а іншых думак жахаецца, як бязлітаснай хваробы. Жыццё гладкім ні ў кога не бывае.

Ну, канечне ж, усё не так проста ў гэтай крутаверці, якая падхапіла яго. Вось толькі варта адкрыць вочы і паразважаць цвяроза, як гэтае іх узаемаразуменне з жонкаю здасца падманлівым і штучным, і ўжо будзе думацца, што сярод іх знайшло прытулак раўнадушша, што ім карціць адасобіцца, знайсці паразуменне з іншымі. І, мусіць, не толькі фальш з боку Карабінава сутыкнуў іх сёння, а і яшчэ нешта. Зайздрасць? Не. Балшэтка ніколі не лічыў сябе няўдачнікам. Закрануты гонар? Дык на гэта рэагуюць бурна адно людзі без годнасці або з якім-небудзь комплексам.

Або ўзяць тую ж Люсю. Ну як, як яму паводзіцца з ёю? Пра каханне, якое арыентуе людзей на самае высокае і дзёрзкае, здаецца, гаварыць смешна. А што тады яна мае да яго? Няўжо ёю кіруе звычайны разлік развядзёнкі? А можа, проста эгаістычнае жаданне жанчыны пафліртаваць з жанатым мужчынам і пераканацца лішні раз у сваёй неадхільнасці?

Вось, вось як яно ўсё закручваецца, і паспрабуй разбярыся, што да чаго.

...А сын бег і бег, абсалютна безуважны да таго, над чым пеклаваўся ягоны бацька. Можа, і тады, як вырасце, яго будзе займаць іншае, бо інакш будзе жыць, зусім не так, як бацька, пасляваенны вясковы хлопец, якога жаданне вучыцца занесла ў горад.

Дарога ўперлася ў высокі цагляны дом, каля вокнаў якога віселі пакункі. Гэта быў інтэрнат медінстытута, у які Балшэтка бегаў званіць па міжгароднім тэлефоне да бацькоў у вёску і дзе пазнаёміўся са сваёю жонкаю.

Сын абагнуў вугал дома, за якім адразу пачаўся шырокі заасфальтаваны пляц. Сын разгубіўся — дасюль ён адчуваў сябе засяроджаным, рашучым, а цяпер яму здалося ўсё нецікавым і простым, як тыя магазінныя цацкі, што ляжалі ў вялікай кардоннай скрыні і да якіх ён ужо даўно не дакранаўся. Хацеў нават павярнуць назад, але ўбачыў, што яго даганяе бацька, усміхнуўся і паклыпаў далей.

Пляц уціснуўся нарэшце між будынкамі, і сын спыніўся. Ён не ведаў, што рабіць, — кругом было гола і чыста. Чакаў бацьку, каб узяць яго за палец і павесці ў іншае, больш цікавае месца. Раптам увагу прыцягнула шчарбіна ў асфальце. Ён доўга глядзеў на яе. Потым прысеў, пачапаў рукою зямлю. Знайшоў трэску і пачаў калупацца ў шчарбіне. Ён так заюшыўся, што не заўважаў бацькі, выкідваў на асфальт сухі пясок.

Балшэтка, наблізіўшыся, паспрабаваў яго адцягнуць, але дзе там: сын яшчэ ўвішней заторкаў трэскаю.

— Пойдзем, сынок.

Сын, скрывіўшыся, павярнуўся да бацькі спінаю. Балшэтка яшчэ крыху пачакаў і зноў лёгенька тузануў сына за руку, але той не даўся. Тады Балшэтка, сказаўшы: «Я пайшоў», — схаваўся за будынкам. Сын не зварухнуўся, сядзеў і торкаў у шчарбіну трэскаю.

Дзіва, і толькі! Знайшоў занятак... Балшэтка ўзяў сына за падпашкі і прыпадняў, той скурчыўся і не хацеў выпростваць ногі. Тады Балшэтка панёс яго, але сын забрыкаўся нагамі і заплакаў. «Во прыкіпеў!..» — падумаў без злосці Балшэтка і адпусціў сына. Што гэта з ім? Адкуль такая цяга да гэтай ямачкі з сухім пяском у дзіцяці, якое нарадзілася ў горадзе? Няўжо ў ім абудзіўся нейкі покліч продкаў? Няўжо і яго, якому жыць у горадзе і ніколі не ведаць вёскі, трывожыць, вабіць да сябе зямля? Ці, можа, гэта проста дзіцячая забава? Але што тут заманлівага? Куды цікавей прабегчы па плітках, што кратаюцца пад нагамі, якія і самі яшчэ няцвёрдыя.

Здаецца, яго думкі і адчуванні пачалі праясняцца, і ў грудзі прыліло трапятлівае цяпло: успомнілася вёска. Дзякуй, сын! Даўно не быў у вёсцы, у тым ласкава-прывычным свеце, у якім, бы ў сне, было заўсёды хораша і бестурботна і які ўсё яшчэ, аказваецца, жыве ў душы прытоена-далёкім родным водгуллем, якому, як і небу, і сонцу, і дрэвам, мабыць, наканавана вечнасць.

Сын, ужо ўкленчыўшы, зацята выкалупваў на асфальт зямлю са шчарбіны. А Балшэтка стаяў і думаў: «Няўжо я і праўда так звыкся з горадам, што пачаў забываць вёску?..» Так, так, гарадское жыццё ўжо ані не палохае яго, як некалькі год назад. Ён стаў разбірацца ў ім і знаходзіць выйсце нават з тых сітуацый, перад якімі раней бянтэжыўся, апускаў рукі, і сённяшні дзень, толькі адзін дзень пацвердзіў гэта.

* * *

На лавачках вакол стала, за якім звычайна мужчыны гулялі ў даміно, сядзелі жанчыны-пенсіянеркі і стрымана гаманілі; у іх былі нейкія роспачныя твары.

Балшэтка падумаў: няйнакш, нешта здарылася, і тут жа ўспомніў сваю хворую на сэрца суседку. Не, яму не хацелася ні ўва што благое верыць, і таму ён падхапіў на рукі сына, панёс яго ў пад’езд, акурат баючыся, што яго аклікне хто-небудзь з-за стала і пра ўсё раскажа.

Уражаны, сумеўся, калі чалавек, які без званка зайшоў у кватэру, аказаўся не жонкаю, а... сынам старой суседкі: матавая бледнасць ляжала на яго сухіх, па-мангольску скуластых шчоках. Ён спачатку папрасіў табурэткі, а потым ціха сказаў, стрымліваючы ў голасе дрыжыкі:

— У мяне мама памерла...

— Памерла?.. — Гэта было не здзіўленне, проста ім, Балшэткам, смерць старой успрынялася як нечаканая і вялікая ўтрата.

— Сёння... У адзінаццаць гадзін.

— Якое гора!.. — выдыхнуў Балшэтка. Ён завярнуў на кухню, каб папіць вады, і ўбачыў у акно, што дзед Кузьма таксама нёс у дзвюх руках табурэткі з суседняга пад’езда. Дзед быў без кепачкі, прывычна налепленай на голую макаўку; скура ўкруг яго вачэй свяціла чырванню.

Якое зменлівае жыццё!.. Чалавека, з якім раніцаю размаўляў, ужо не стала. І пастаянна так: нехта пакідае зямлю, а нехта, нарадзіўшыся, займае яго месца.

І той, хто займае, павінен ісці далей.

Каб развеяць смутак, Балшэтка пачаў забаўляцца з сынам: кідаў мяч так, каб ён адбіваўся ад падлогі. Сыну гэта падабалася, ён смяяўся і падносіў бацьку мяч зноў і зноў...

У той жа вечар, дачакаўшыся жонку, Балшэтка ўвайшоў у прыціхлы, нежывы, напоўнены лампадна-васковымі пахамі пакой, дзе ляжала нябожчыца; яна ляжала ў труне з каменна сашчэпленымі на грудзях рукамі; верхняя губа закрыла ніжнюю.

Балшэтка моўчкі пастаяў; выйшаў з пакоя. Спытаў у жонкі цыгарэту, выйшаў у двор пакурыць. Цьмяна адсвечвалі дошкі стала і дзвюх лавачак, што не траплялі ў цень: неба над горадам было незвычайна мігатлівае і жоўтае, быццам недзе на краі зямлі гарэла вялікая казачная свечка.


1987?

Тэкст падаецца паводле выдання: Рубанаў У. Цёплы пух адуванчыкаў: Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1987. - с. 251-261
Крыніца: скан