epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Рубанаў

«Буду ждаць!..»

Цётка мая, Хрысціна, памерла маладой і нечакана, яе забрала даволі разгульная ў наш век хвароба — тромбафлебіт. На пахаванні мне не выпала быць, але потым маці расказвала, што цётка ляжала ў труне «як жывая, красівая, яна ж не схудзела...» Чамусьці — я прымеціў—пра нябожчыкаў, надта маладых, стараюцца заўсягды сказаць, што ён у труне прыгожы — мусіць, з наданнем трагічнасці тут мяжуе шкадаванне, што чалавек пайшоў рана, а мог бы яшчэ жыць ды жыць.

Дзядзька Адам, мужык цётчын, вельмі ўжо плакаў, рыдаючы немужчынскімі слязамі І так худы, ён — калі я ўбачыў яго прыехаўшы ў адпачынак — здаўся мне жывым шкілетам: шырокія пашчэнкі, абцягнутыя цёмнаю скураю, тырчалі ў бакі, як адагнутыя шчэлепы ў смажанай рыбы.

Дзядзька — рабацяга: трактарыст, ён, як у народзе кажуць, і жнец, і касец, і на дудзе ігрэц. Адштукаваў, як вяночак, хату, абставіў яе павецямі, скляпамі, хлевушкамі — і ўсё гэта пад шыферам, заценена густымі ліпамі. Дзядзька, як і многія вясковыя мужчыны, не проці чаркі, можа і добра ўзяць, але я ніколі не бачыў, каб ён папускаўся ў зацяжное забулдыжнае пахмелле ці з-за гарэлкі нядбаў работу, сям’ю, дзяцей... Дарэчы, дзеці (іх чацвёра) павырасталі ўжо і, паканчаўшы інстытуты, рассеяліся па гарадах. І натуральна, што дзядзька Адам, як толькі пахаваў жонку, трапіў тут жа на прыцэл гарачаму ўдовінаму воку. У адной нашай Малінаўцы выявілася адразу некалькі прэтэндэнтак (скажам так) на яго, дзядзьку, а знаць — і на яго багаты двор. Мая маці са старэйшаю сястрою Сцепанідаю, якая жыла ў райцэнтры і часта наязджала, абмяркоўвалі ўжо «кандзідатуры».

І тут да Куліны, якая бaбіла дзядзькавых дзяцей (а па-сучаснаму, прымала ў цёткі Хрысціны роды), прыехала дачка, ажно са Жданава. Якраз была касавіца — ліпень. Дзядзька Адам састрыг касілкаю сваю дзялку сена і нашу — тэхніка, нічога не скажаш! — хутка і роўна. Сушыць і грэбці сена Куліна падаслала сваю дачку, звалі яе Люся. Му, няхай сабе паможа, хаця мы (я, маці з бацькам і дзядзька) лёгка справіліся б самі. У Куліны, мусіць, быў разлік, а які — пра гэта крыху пазней.

Люся жанчына відная, сярод вясковых кабет яна вылучалася ўсім: і павольнаю хадою, і сучаснаю, цеснаю на клубах сукенкаю, і завязанаю ўкруг галавы блакітнаю касынкаю, і тварам з мяккімі, спакойнымі абрысамі, і лёгкімі, пушыстымі завіткамі на белай гладкай таўставатай шыі; я ўжо не кажу пра гаворку, вусны, вочы — глянеш: адразу відаць — невясковае.

І таму я не вельмі здзівіўся, калі ўбачыў, што дзядзька прыехаў на луг у новым касцюме, пры гальштуку і пад капелюшом. «Жаніх!» Ведаў бы ты, дзядзька, што не пасуе табе, вясковаму, жылістаму, з пракопчанаю скураю чалавеку, а толькі смяшыць і гэты новы касцюм з гальштукам, і тым больш капялюш. Але ж табе, мусіць, так хацелася спадабацца Кулінінай гарадской дачцэ.

Люся разы тры ці чатыры ўжо выходзіла замуж, але ўсё няўдала, і цяпер жыла адна з сынам ад першага мужа. Я, сямейны чалавек, думаў: чаму ўсё-такі не ўжываецца Люся з мужчынамі? З выгляду ж такая мяккая, рахманая. Мусіць, нейкая, як у Малінаўцы кажуць, хуртавіна (загана) у характары ёсць. Гэта так і засталося для мяне загадкаю, пэўна ведаю: да пары да часу.

Дзядзька, што называецца акрыяў, пашустрэў, нават спрабаваў жартаваць з Люсяю — шчыра, але па-вясковаму прымітыўна і грубавата; Люся старалася прыняць яго жарты, пасміхалася, хоць было відаць, яны ёй не кладуцца на душу.

Селі пад капу абедаць; на разасланай хустцы заблішчала сярод закусі бутэлька. Мы з бацькам «прычасціліся», дзядзька, хоць і глытаў слінкі, не мог — за рулём; у маці хворая печань, а Люся, на здзіўленне ўсіх, ад чаркі адмовілася, як яе ні прысільвалі, і дзядзька чамусьці яшчэ больш павесялеў.

Люся сядзела на зямлі, выпрастаўшы свае поўныя загарэлыя ногі з белымі драпінкамі на скуры, і я не мог не зачапіцца воляй-няволяй за іх позіркам; мусіць, гэтым грашаць усе мужчыны, той жа дзядзька.

Надвечар дзядзька сцягваў на трактары копы, Люся памагала яму падчэпліваць іх — здалёк было відаць, як блішчаць у яе белыя зубы. Падобна, што Люся ахвотна ішла на паразуменне з дзядзькам, хаця, мне здавалася, па псіхалогіі — вясковы і гарадская — гэтыя людзі не маглі быць сумяшчальныя. Аднак... Мусіць, тут, думаў я, на дачку нату*кала маці, Куліна.

Куліна мела ўжо за семдзесят, і адной з дваром упраўляцца ёй не лёгка: дровы, скаціна, бульба, сена... Сына, які жыве ў Магілёве, ведала, яна ўжо не перацягне да сябе, да таго ж ён — п’яніца, лічы, не паказвае вачэй. А вось калі б Люся сышлася з Адамам — усё стала б на сваё месца...

Маці з цёткаю Сцепанідаю, якія ведалі Люсю па дзявоччыне, гаварылі, што яна не гультайка і чорнае работы не цураецца, так што тут якога-небудзь падвоху чакаць нельга. Вось толькі ці «сагласіцца яна, гарадская, чыстая», пераехаць у вёску — «у еты гной».

Усім нам давялося адно паціснуць плячыма: Люся згадзілася жыць з дзядзькам Адамам, але пасля таго, як прыпуціць сына: дачакаецца з арміі, ажэніць, бо нейкі ён у яе надта шухавейны, несур’ёзны. Дзядзька Адам ужо разы два схадзіў з бутэлькаю да Куліны, каб замацаваць згоду.

— Ну што ты будзеш рабіць? — спыталі мы ў дзядзькі, калі ён вясёлы, чыста паголены, аж гарыць, прыйшоў ад Куліны да нас.

— Буду ждаць!.. — сказаў ён цвёрда, і ў гэтым кароценькім маладым і хутчэй жаночым вымаве было столькі дзёрзкай летуценнай страсці, што аж не верылася, быццам так хутка можа атрэсціся ад гора чалавек, калі наперадзе ў яго нечакана загараецца няхай і няпэўнае, але такое ўцешнае для самалюбства, заманлівае святло.


1987?

Тэкст падаецца паводле выдання: Рубанаў У. Цёплы пух адуванчыкаў: Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1987. - с. 291-294
Крыніца: скан