epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Рубанаў

Цераз дарогу

Я ехаў з вакзала і вёз з сабою цяжкую сумку; выйшаўшы з аўтобуса, нёс яе напераменку — то ў правай, то ў левай руцэ. Ногі коўзаліся ў брудным, раскуламешаным снезе. Вільготна адсвечвалі тралейбусы, і тонкаю залацістаю павучынаю віселі над імі правады. Вячэрняе паветра ад ліхтароў і падсветкі аснежанай зямлі было масляна-жаўтлявае, цьмянае, як у курнай лазні.

Дарогу, якую мне пераходзіць, «вартуюць» няштатныя аўтаінспектары з чырвонымі павязкамі на рукавах, а зводдалі за імі наглядае міліцыянер у чорным да пят кажуху і са стракатаю палачкаю ў правай руцэ. Пешаходы смірна чакаюць, калі загарыцца ў святлафоры зялёнае вока; я звяртаю ўвагу — на праезнай палавіне ў жоўтай кашы згорнутага снегу стаіць маленькая, худая дзяўчына на мыліцах — у вязанай шапцы, балоневай куртачцы і джынсах, калышыны якіх мёртва апушчаны; на правай мыліцы вісіць торбачка. Мусіць, ведаючы, што не паспее перайсці дарогу за мінуту, пакуль гарыць зялёнае святло, саступіла з тратуара як мага далей...

Пыхнула аранжавае, затым — зялёнае вока, ад ядранасці якога вакол святлафора німбам заззяла паветра. Я чамусьці не рвануўся, як зазвычай рабіў, уперад, застаўся на месцы — не зводзіў вачэй з дзяўчыны на мыліцах. Яна рухава затузалася ўсім целам, нязграбна выцягваючы са снегу і заносячы ў бакі мёртвыя ногі — спачатку надзіва хутка. Але рухавасці ёй хапіла метры на два. Я памалу ішоў следам і бачыў, як слабела дзяўчына.

Людзі, заклапочаныя, сур’ёзныя, абганялі яе; на сярэдзіне дарогі стыкнуліся два знаёмыя, і той, што быў адзін, павярнуў назад — за тым, што нёс на руках ружовашчокую дзяўчынку, — мабыць, захацелі пагаварыць...

Торбачка тым часам матлялася, стукала (нешта ў ёй ляжала) то па мыліцы, то па мёртвай назе. Было відаць, што дзяўчына не адолее разам з усімі, як на бяду, шырокую тут, дарогу. Машыны ўжо заскрыгаталі рычагамі — і нейкая невядомая сіла пачала адхіляць мяне да іх, да машын, акурат яны маглі рвануць наперад, не зважаючы, што на шляху чалавек, калека. Я наўмысна тармазіў ход машын, і мне ўжо сігналілі; я баяўся павярнуць галаву, каб не бачыць за шклом злыя, нецярплівыя вочы.

Дзяўчына ішла ўжо зусім павольна (выбілася з духоў) — апошнія метры былі для яе самыя цяжкія. І я, здаецца, ці не спыніўся, проста на шашы перад машынамі — тут жа адчуў, як рэдкая снежная куламеса плюхнула мне на калашыны і тугою чарнатою віхнулася за спінаю «Волга». Я ледзь утрываў, каб не вылаяцца, — не ведаю чаму, але ў душы маёй здаўна жыве грэблівасць да людзей, што ездзяць на прыватных «Волгах».

Я ступіў да дзяўчыны, яна была бледная, халодная з твару, за шкельцамі акуляраў нейкаю пустою цемнатою нерухома стаялі вочы.

— Вам памагчы?

— Я сама, — у голасе была зацятая ўпартасць, якая сведчыла, аднак, што дзяўчына злуецца не на мяне і тым больш не на людзей, а на сябе — за сваю такую нямогласць і за тое, што яе шкадуюць. Яна кіравала на прыпынак, да якога было метраў сорак і ёй, зморанай, разумеў я, трэба яшчэ высільвацца ды высільвацца, і мяне зноў пацягнула за язык:

— Давайце я памагу.

— Не трэба. Я сама, — і цяпер ужо ў голасе не толькі злосць, але нейкая сполашная цвёрдасць — у нежаданні здацца чужому чалавеку зусім бяспомачнай, нявартай.

Збіраючы сілы, дзяўчына на мыліцах намагалася рабіць як шырэйшыя крокі, але яны былі не шырэй за курыныя. Спіна, галава, рукі ў дзяўчыны хадзілі хадуном, і толькі ногі ў мёртва абвіслых джынсах былі самыя маларухомыя... аднак ішлі.

Я доўга, пакуль не звярнуў за вугал дома, азіраўся.

Дзяўчына рухалася...


1987?

Тэкст падаецца паводле выдання: Рубанаў У. Цёплы пух адуванчыкаў: Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1987. - с. 289-291
Крыніца: скан