epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Рубанаў

Перад вяселлем

Шайдукевіч выйшаў з універмага. У «дыпламаце» ў яго ляжалі дзіцячы пісталет і шэсць пластыкавых патрончыкаў у вузенькай чорнай абойме. Ён сам упершыню бачыў зарадны дзіцячы пісталет і радаваўся, што натрапіў акурат на універмаг, а не на цацачны магазін, дзе такіх пісталетаў, можа, не было б. Уяўляў, як заскача сын ад радасці, як загарацца шчасцем яго вочы.

У абласным цэнтры Шайдукевіч быў некалькі разоў, але ўсё праездам, і горада амаль не ведаў. Цяпер ён пажыў у ім чатыры дні, трохі сарыентаваўся, ды ўсё роўна вялікі горад не проста вывучыць.

Камандзіроўка скончылася, і Шайдукевіч збіраўся ад’язджаць. Афіцыянтка гасцінічнага кафэ, у якім абедаў, сказала яму, калі на развітанне запісваў ёй падзяку, што да вакзала дзесяць мінут хадзьбы, але не прамою дарогаю, а па вуліцах і завулках. Час у Шайдукевіча быў, і ён адправіўся на вакзал пехатою: якраз хацеў купіць падарунак сыну, якога ўзяў з сабой і пакінуў на гэтыя чатыры дні ў вёсцы ў маці.

Была восень. Дзень выдаўся ціхі, тонкая ружаватая смуга плавала па вуліцах. Клёны і ліпы стаялі ўжо светлыя, нейкія аж празрыстыя: здавалася, усхопіцца вецер і панясе іх, як лёгкія адуванчыкі, на край свету. Шайдукевіч быў у рудым плашчы, без шапкі, у светлых, кафейнага колеру туфлях. Твар у яго заўсёды строгі, задуменны — і гэта відаць, — а на душы ўсяк бывае: не заглянеш. Цяпер, бадай, Шайдукевіч знаходзіўся ў роўным, лагодным настроі, які прыйшоў да яго, можа, і ад таго, што ён хутка справіўся з заданнем: аб’ездзіў усе раённыя агенцтвы «Саюздрук», распытаў, як ідзе падпіска на газеты і часопісы. Начальнік, Мікашоў, калі афармляў камандзіроўку, папрасіў: «Ты пытайся не толькі пра тыражы, а і пра новыя формы распаўсюджвання перыядычных выданняў». Здавалася б, дробязная падказка, але дала Шайдукевічу нітачку, якая зразу завязвала пэўную, дзелавую размову.

З трох кітоў, на якіх, кажуць, стаіць чалавек — здароўе, сям’я, работа, — апошні быў для яго цяпер, мабыць, самы надзейны.

— Скажыце, колькі зараз часу? — пачуў Шайдукевіч і спыніўся. Перад ім стаяла дзяўчына ў чорным скураным паліто і з чорнаю сумачкай у руках. Яна глядзела на Шайдукевіча з такою вытрыманасцю і спакоем, што ён падумаў, быццам яны знаёмыя.

— Дваццаць мінут на трэцюю.

Дзяўчына падзякавала, і ў нейкае імгненне Шайдукевічу здалося, што яна не спяшаецца ісці далей, а можа, проста яму самому захацелася яшчэ трошкі пабыць з ёю, і ён сказаў:

— А вы мне, можа, падкажаце, як да вакзала дабрацца?

Дзяўчына квола варухнула поўнымі, з крутымі завілінамі вуснамі — усміхнулася, — і, павярнуўшыся, стала паказваць рукою і расказваць, як знайсці вакзал. Шайдукевіч, можа б, і запомніў, калі б слухаў уважліва. Дзяўчына некага яму напамінала, яе адкрытая, мабыць, вясковая дабрадушнасць яму падабалася (як і раней у людзях), і ён, нечакана для самога сябе, папрасіў:

— Калі ў вас ёсць час, то праводзьце мяне, калі ласка.

Дзяўчына паціснула плячыма, па твары ў яе прабег цень сарамлівасці.

— Давайце правяду, — згадзілася яна.

Шайдукевіч не толькі здзівіўся, яго ўразіла, што гэта маладзенькая зусім, з чыстымі і яснымі вачыма дзяўчынка згадзілася ахвяраваць сваім часам дзеля яго, незнаёмца. Яму стала аж няёмка, свой эгаізм нечым трэба скупляць, і ён лагодным, можа, нават вінаватым голасам спытаў у яе:

— А вы гуляеце па горадзе ці едзеце куды?

— Еду, але вечарам...

— Куды?

— На вяселле. — Дзяўчына адказвала проста, не задумваючыся, як добра вывучаны ўрок.

— На чыё? — Не то гэта былі такія моманты ў ягоным настроі, не то людзі трапляліся такія, але іншы раз Шайдукевіч мог дазволіць сабе і бесцырымонныя пытанні, ад якіх потым яму было прыкра.

— На сваё.

— На чыё?.. — ён умеў здзіўляцца часам прытворна, ад наіву, ці што, а тут здзівіўся натуральна, шчыра: мілая, светлая, зусім юная дзяўчынка і раптам — вяселле.

— На сваё, — паўтарыла дзяўчына, і ў яе голасе Шайдукевіч улавіў ганарлівую нотку.

— Віншую! Такая падзея...

Яны перайшлі дарогу. Тратуар цяпер прыціскаўся да высокай мураванай сцяны нейкага завода — з труб валіў чорны дым, пахла паленаю гумаю. На клумбах раслі кветкі, але цвілі толькі ліловыя астры.

— А вы працуеце ці вучыцеся?

— Працую.

— Кім?

— Зубным тэхнікам... Кончыла Віцебскае медвучылішча. І тут па накіраванню. — У размове дзяўчыны паявіліся яшчэ большая свабода і раскаванасць, а ў яе чыстых, ясных вачах засвяцілася не то гарэзлівая ўсмешлівасць, не то заняволеная напышлівасць, што сведчыла аб несапсаванасці душы і здаровым самалюбстве.— Толькі тры месяцы працую.

— Падабаецца работа?

— Падабаецца... — усмешка растуліла ёй вусны, і між імі бліснулі дробныя, як гарох, зубы. — Знаеце, як памагаць людзям — харашо...

Іменна па слову «харашо» Шайдукевіч упершыню ўлавіў, што дзяўчына трошачкі расцягвае зычныя гукі, і гэта надае голасу густую мяккасць, а ёй самой сціплую, некрыклівую мілату, якая не магла не кранаць.

— А жывеш дзе? — Шайдукевіч перайшоў на «ты» і сам не ведаў чаму, але нейкае нутраное пачуццё яму падказвала, што далейшая афіцыйнасць будзе абразліваю для абаіх.

— У інтэрнаце, з дзяўчатамі... Яны паслязаўтра прыедуць да мяне на вяселле. А я адпрасілася на два дні, у мяне былі адгулы... Знаеце, трэба ж памагчы маме... — Дзяўчына ад чыста дзіцячай непасрэднасці ў размове пераходзіла на дарослую разважлівасць, якая яшчэ болей гаварыла аб чысціні і прастаце яе натуры.

— А бацькі ў цябе хто?

— Тата дырэктар саўгаса, а мама ў бухгалтэрыі працуе.

— О, багатая нявеста! — міжволі ўсклікнуў Шайдукевіч і спахапіўся, што, можа, варта было і стрымаць свае эмоцыі.

Дзяўчына зноў усміхнулася, з мяккім, прыемным ёй самой надрывам сказала:

— Усе так гавораць... Ты багатая, раз у цябе бацька дырэктар саўгаса. А мы нічога і не багатыя, у нас нават машыны сваёй няма...

— Саўгас бедны? Адкуль ты?

— Не, не бедны... З Чэрыкаўскага раёна.

— Магілёўшчына? — спытаў Шайдукевіч не таму, каб выпнуць сваю кампетэнтнасць, а каб паказаць, што ён не нейкі выпадковы тып, а свой, тутэйшы, усё ведае, і дзяўчыне няма чаго асцерагацца.

— Ага... Да Чэрыкава на аўтобусе, а там мяне тата сустрэне.

— Так-так, у цябе важны паварот у жыцці, — Шайдукевіч адчуваў, што пачынае хвалявацца. — Віншую яшчэ раз і жадаю светлай прамой дарогі і вялікага сямейнага шчасця!.. — Голас у яго крыху задрыжаў. Колькі часу ішлі моўчкі. Шайдукевіч не заўважаў, што паскарае крок, адно чуў, як шамаціць у дзяўчыны скураное паліто — яна ледзь паспявае за ім. Думкі віліся ў ягонай галаве, але ўжо не каля дзяўчыны, а каля сваёй сям’і, якая распалася. Вясной развяліся з жонкаю. У разладзе сям’і рэдка бывае вінаваты адзін чалавек, звычайна вінаваты абое — Шайдукевіч пра гэта ведаў і, тым не меней, лічыў, што ў іх разводзе вінавата жонка калі не на ўсе сто працэнтаў, то на дзевяноста дзевяць пэўна. Яму не пашанцавала з жонкаю. Ён зразумеў гэта на самым пачатку сумеснага жыцця. Яна аказалася з тых, хто зусім не прызвычаены да жыццёвых турбот і цяжкасцей. Удабавак эгаізм, хваравітае самалюбства, якое не дае чалавеку прызнаваць свае памылкі, віну. Шайдукевіч як мог настройваў жонку, раіў уцягвацца ў быт, «урубацца», як ён любіў казаць, у жыццё; жонка нічога не прымала, адхіляла ўсе яго парады з тупою саманадзейнасцю і, замест таго каб перавыхоўвацца, пачала абвінавачваць яго, што ён не памагае ёй. І гэта была несправядлівасць, якая болей чымся што абурае чалавека сумленнага і засланяе ад яго часам ісціну. Шайдукевіч акурат і мыў сам, і стравы гатаваў лепей, чымся жонка, і па магазінах бегаў, і потым вадзіў у сад-яслі сына. Пачаліся сваркі, папрокі, абвінавачванні, з павучыны якіх выблытацца было немагчыма, і, каб разарваць яе ўсё-такі, выйсце было адно — развод. Заяву падала жонка, ён, Шайдукевіч, не пярэчыў, у чым і дасюль не раскайваецца. І цяпер сям’я, адносіны мужа і жонкі былі для яго балючаю ранаю, якую акурат і зачапіла сустрэча з дзяўчынаю, што збіралася замуж, і Шайдукевіча пасля сухіх, абавязковых камандзіровачных размоў цягнула пафіласофстваваць на «жывую» тэму.

— Які складаны арганізм сучасная сям’я! Вельмі складаны. З электронікай можа смела супернічаць. Як завядзеш яго напачатку, у першыя дні, месяцы, так і будзеш жыць. — Шайдукевіч гаварыў пафасна, агульнымі словамі, і яму самому такая гаворка не падабалася. — Трэба старацца як менш, а лепей зусім не гаварыць, — ён павярнуўся да дзяўчыны, глянуў, ці слухае: кожная клетачка твару яе, здаецца, была насцярожана, — колкасці, абразы адно аднаму, благое, заганнае пра сябе і сваіх родзічаў, а таксама пра сваё мінулае... маецца на увазе: нехта цябе кахаў, некага ты кахала...

— Чаму? — спытала дзяўчына, і было відаць, што ёй і праўда дзіўна чуць пра нейкія забароны: усё ж так проста, зразумела, хораша.

— У тым і бяда, што чалавеку не ўсё дадзена зразумець, і часам у звычайным бяскрыўдным факце бачыцца... ледзь не трагедыя, падзенне. Адсюль папрокі... незаслужаныя, а яны нараджаюць непрыязнасць. Трэба як менш папрокаў, бо яны, на жаль, не забываюцца, асабліва жанчынамі... І тады непрыязнасць перарастае ў нянавісць. Мужчына не ўмее ненавідзець, ён толькі злуе, а жанчына можа ненавідзець.

Шайдукевіч не ведаў, ці разумее яго дзяўчына, тое, што ён хоча ёй сказаць, а ў нейкі момант ён увогуле засумняваўся, ці трэба ёй ягоныя разважанні і тое, што ён вынес з асабістага жыцця, але апраўдваў сябе, што гаворыць з адною мэтаю: каб засцерагчы дзяўчыну ад бяды, у якую сам трапіў, можа, і па нявопытнасці, і каб ёй было ў жыцці лягчэй, чымся яму. Бо калі ўжо мужчыну, які страціў сям’ю, цяжка, часам адзінота даводзіць да такой прыгнечанасці, што, здаецца, звар’яцееш ці пакончыш жыццё самагубствам, то што ўжо гаварыць пра жанчыну, слабую, эмацыянальную істоту.

Дзяўчына слухала Шайдукевіча, здаецца, уважліва, можа, нават занадта, бо яе твар яшчэ болей пастражэў, на ім і ў вачах патухла святло, быццам дзяўчына над нечым непрыемным думала ці ў нечым засумнявалася.

Яны звярнулі направа, і вачам зразу адкрыўся вакзал — двухпавярховы светлы будынак. Каля яго было многа аўтобусаў, легкавых машын і людзей. Пад стрэшкамі стаялі лаўкі, і Шайдукевіч прапанаваў дзяўчыне сесці. Яны селі побач, і дзяўчына неяк даверліва, шчыра прытулілася да яго, і гэта было як сведчанне яе і ўдзячнасці, і, можа, — хай даруе! — сімпатыі да яго. Шайдукевіч даўно прымеціў, што нечым у сабе, тварам, вачыма ці чым іншым, дае падставу дзецям пытацца, колькі часу, а выпівохам прасіць капеек. Здаецца, і гэта маладзенькая дзяўчына прыгарнулася да яго душою, і, мабыць, не словы тыя, што сказаў ёй дарогаю, былі галоўныя. А што тады? Яму ніколі не падабалася, калі кантакты людзей завязваліся на чыста знешнім эфекце; такія адносіны ён лічыў халоднымі. Сам ён шукаў людзей (і падтрымліваў з імі сувязь), якія былі «закадзіраваны» на яго сваёю ўнутранай сутнасцю, і тады між імі ўсталёўваліся ненавязлівыя, прыемныя, лёгкія і карысныя адносіны. Здаецца, і гэта дзяўчына была з тых людзей, ва ўсякім выпадку, яна за паўгадзіны іх знаёмства не надакучыла яму: ён хацеў адцягнуць расстанне. Ён цяпер бачыў яе твар зусім блізенька: на шчацэ ніжэй мочкі вуха ў яе браўся лёгенькі, паветраны пушок, быццам там наліплі парашуцікі з адуванчыкаў; у яе маленькі, капрызліва задзёрты носік, а ў вачах вакол зрэнак свецяцца жоўценькія, бы проса, кропачкі. Чакай-чакай... Успомніў, у каго былі такія кропачкі і на каго падобна дзяўчына. На Галю Фядоткіну, аднакурсніцу. У Шайдукевіча да яе ніякіх пачуццяў не было, але вось помніцца яна, яе даверлівы, адкрыты твар і жоўценькія кропачкі ў вачах. Жыццё — загадка з многімі невядомымі, і дзе тут усяму дасі тлумачэнне.

— Ты даверлівая, зразу пайшла са мною, — сказаў Шайдукевіч, шукаючы для сябе якую-небудзь логіку ў пераходзе ад думак да слоў.

— А я заўсёды веру людзям.

— І жаніху свайму верыш?

— Веру, — дзяўчына паглядзела на Шайдукевіча, быццам ён жартаваў.

— Кахаеш яго? — У Шайдукевіча была не проста цікаўнасць, ён хацеў вывудзіць і адвесці ўбок любую макулінку, якая б магла б стаць перашкодаю ў сямейным шчасці. Не такі ён, канечне, мудрэц, але жыццё таму-сяму яго навучыла.

— Канечне...

— Сварыліся хоць раз?

— Не.

— Ну а табе хочацца бачыць яго, сустрэцца з ім? — Шайдукевіч пытаўся ў нейкім несвядомым, гарачлівым запале і злаваў на самога сябе за нахабства, з якім лез у душу дзяўчыны.

— Ой, канечне!.. — Дзяўчына ўсміхнулася, глянула ў вочы Шайдукевічу, і ён убачыў, як у нейкае імгненне ў яе рэзка расшырыліся зрэнкі, амаль схаваўшы ўсе жоўтыя кропачкі на радужцы, потым зноў звузіліся, бы ад яркага святла. Што гэта: імпульс гневу? Мабыць, не: усмешка свяцілася на поўных, з крутымі завілінамі вуснах.

— А дзе ён зараз, там у вашай вёсцы?

— Не, у Магілёве... Шафёрам працуе ў трэсце.

— Твой равеснік?

— Не. На пяць гадоў старэйшы...

— На пяць? — чамусьці зноў здзіўлена перапытаў Шайдукевіч і адчуў, як недзе глыбока ў душы азвалася маркота, якая ўсё нарастала, пакуль не змяніла яе рэўнасць, ці што, нейкае незразумелае пачуццё зайздрасці да хлопца, жаніха дзяўчыны, які ўсяго на два гады маладзейшы за яго, лічы, равеснік, а значыць, і ён, Шайдукевіч, мог быць мужам дзяўчыны. Хто ведае, колькі людзей праходзіць міма нас, людзей, якія былі б нам лепшымі сябрамі, блізкімі душамі, але чалавек у жыцці, на жаль, не можа выпрабаваць усе варыянты і выбраць з іх найбольш дасканалы; звычайна ён выпрабоўвае два-тры, а то і зусім спыняецца на першым і думае, што гэта якраз той, які і патрэбен яму.

— А дзе вы жыць будзеце?

— У Магілёве ў яго кватэра.

— Ужо атрымаў?

— Не. Маці пакінула яму. Яна выйшла замуж за другога і перайшла да яго жыць...

— А з першым мужам...

— Ага, развяліся, — падхапіла дзяўчына, і Шайдукевіч зразумеў, што пра гэты развод яна шмат гаварыла з жаніхом. — Ён пакахаў другую жанчыну...

Шайдукевіч крыва ўсміхнуўся: ён-то ўжо ведаў, чаму звычайна разводзяцца, хаця, зноў-такі, бываюць, канечне, усякія і разводы. І ён з апаскаю падумаў, каб бацькава легкадумнасць не стала прыкладам для сына, жаніха дзяўчыны: факт, дзеці — люстэрка бацькоў.

— П’е?

— Курыць, але не п’е... Я ж казала: ён шафёр.

— Бацькам падабаецца?

— Тата хваліць яго.

Шайдукевіч у душы ўжо лаяў сябе за ўніклівасць, але яму край хацелася ўпэўніцца, ці трывалая сцяна за плячыма ў гэтай чыстай, даверлівай дзяўчыны, можа, у той сцяне ёсць ужо дзіркі, правалы, праз якія неўзабаве разам з ветрам легкадумнасці выскачыць і каханне, і шукай тады яго ў чыстым полі. Здаецца, усё добра, прыстойна, турбавацца няма чаго, і на Шайдукевіча сышоў раптам дзіўны спакой, быццам сядзеў ён не на вакзале з незнаёмаю дзяўчынаю, а з сястрою ў маці за дамашнім сталом, і ён ажно прыўзняўся, калі ўспомніў пра свой аўтобус: было тры гадзіны. І яшчэ ўспомніў, што не спытаў, не ведае імя дзяўчыны.

— Прабач, як цябе завуць?

— Наташа. А вас?

Шайдукевіч назваў сябе.

— Запішыце мне ў блакнот адрас, — яна дастала з сумачкі тонкі, бы шакаладка, сіні блакнот і ручку.

Шайдукевіч колькі імгненняў думаў: ці варта пісаць у блакнот дзяўчыне чужое мужчынскае імя.

— Толькі ты, Наташа, зразу скажы свайму жаніху, што гэта за імя...

— Ой, што вы! Я раскажу яму... У мяне столькі ўражанняў! — Яна глядзела яму ў вочы шырока адкрытымі вачыма не міргаючы. Нарэшце падышоў аўтобус, з лавак да яго гуртам падаліся людзі, а да Шайдукевіча раптам падышоў хлопчык і спытаў, колькі часу.

— Во бачыш! — усміхнуўся Шайдукевіч і ўстаў. Наташа доўга і шчыра смяялася — бліскалі яе дробныя зубкі, а шчокі браліся румянцам.

Ён моцна паціснуў халодную мяккую Наташыну руку, працягла паглядзеў ёй у вочы і адчуў, а Наташа, мабыць, зразумела, што яму цяжка развітвацца, што толькі непазбежнасць — адпраўленне аўтобуса — забірае яго, а так яны яшчэ б доўга сядзелі, гаварылі, не хаваючы прыязнасці адно да аднаго, хаця яе, прыязнасць гэту, нараджалі ў іх сэрцах зусім розныя пачуцці. Шайдукевіч павярнуўся і пайшоў да аўтобуса. Ён чакаў, пакуль зойдуць у аўтобус людзі, і краем вока бачыў, што Наташа стаіць і сочыць за ім. Чаму яна не пайшла? Ён зайшоў у аўтобус, сеў на сваё месца і глянуў у акно: Наташа стаяла ў натоўпе тых, што праводзілі. Перахапіла ягоны позірк і ўсміхнулася, пакратала пальцамі. Ён кіўнуў галавою, і яму стала сорамна, няёмка і балюча, што Наташа праводзіць яго, чужога ёй чалавека, і нават дзявочы гонар не перашкаджае ёй...

Вадзіцель завёў матор, даў задні ход і крута развярнуў аўтобус — Наташа замахала рукою, і тут жа вачам Шайдукевіча адкрыўся сіні, чысты прастор глыбокага восеньскага неба, высокія светлыя, аж празрыстыя клёны за зялёным прывакзальным плотам, і на яго абваліліся і туга, і радасць, і сум — усё разам хвалявала, сеяла ў душы яшчэ няпэўнае, але такое жаданае чаканне сустрэчы з сынам.


1987?

Тэкст падаецца паводле выдання: Рубанаў У. Цёплы пух адуванчыкаў: Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1987. - с. 212-220
Крыніца: скан