epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Рубанаў

Светлы ручай любві

Частка першая
  I
  ІІ
  ІІІ
  IV
  V
  VI
  VII
Частка другая
  І
  ІІ
  ІІІ


Частка першая

 

I

У чалавечым жыцці ёсць прамежкі, якія сеюць у душы ілюзію шчасця: быццам з дасягненнем той ці іншай мэты канчаюцца ўсе беды-нястачы — і перад табою прамая дарога ў рай.

Так здавалася і нам з жонкаю, калі мы, нарэшце, надыбалі сабе кватэру. Амаль у цэнтры горада, але ў глыбіні квартала, далей ад шумных вуліц і вірлівых тратуараў, якія, здаецца, мала каго лагодзяць.

Удача завітала да нас не адразу, не праз выпадковасць, якой многія людзі, і нават такія, як вядомы лялечнік Сяргей Абразцоў, надаюць ледзь не боскую ўсемагутнасць. Выпадковасць, канечне, свае папраўкі ўносіць, але тут варта гаварыць пра шчаслівае супадзенне абставін, а не пра заканамернасці і логіку жыцця.

Дык вось на кватэры я спакойна жыў да жаніцьбы. А толькі ажаніўся, мая паважаная гаспадыня Паліна Рыгораўна, выкладчыца тэхналагічнага інстытута, былы муж якой, вядомы вучоны-геадэзіст, жыў цяпер з другою жанчынай ажно ў Іркуцку, а сын ад яго служыў у арміі, культурна і ветліва, але бескампрамісным голасам прапанавала пашукаць новую кватэру.

Нашы пошукі аблегчыў тэлефон. Яго не так даўно займела гаспадыня, дастукаўшыся аж да самога міністра сувязі. Назвала сотню прычын (і адна з іх — хвароба сэрца), і міністр не змог адмовіць абаяльнай, што не замінала ёй быць адначасна і настойлівай, наведніцы. Мы далі ў рэкламную газету аб’яву — некалькі звычайных слоў, за якімі чыталіся кожнаму і адчай, і трывога.

З суботы — з дня, калі выйшла газета,— мы з жонкаю напераменку дзяжурылі каля тэлефона і запісвалі адрасы. Пасля разам ездзілі на агледзіны — хто ды што, у якіх умовах. Цяпер ужо з радасцю думаецца, як жа добра, што не спынілі свой выбар на першых трох кватэрах: у маладых вучоных, якія вырашылі сабраць грошай для паездкі на поўдзень і ў якіх, канечне ж, адчуваў бы сябе лішнім чалавекам; у адзінокага, яшчэ не вельмі старога яўрэя, з кватэры якога патыхнула нейкай нежывою занядбанасцю; у прыгажуні жанчыны, што ўжо развялася з мужам і чакала, калі ён выселіцца, і спакою ў якой гады два не магло быць.

Гэтая гаспадыня, што нам прыглянулася, была таксама і маладая, і прыгожая, можа, нават трохі страгаватай для сваіх трыццаці прыгажосцю. Яна сустрэла нас у барвовым фланелевым халаце, які, вольна атуліўшы стан, рабіў яе дамашняй і простай. Яна глядзела на нас не так, як зазвычай глядзяць незнаёмыя людзі, у якіх яшчэ няма адно да аднаго даверу і вочы поўняцца насцярожанасцю. Яна глядзела блакітнымі вачыма адкрыта, мякка, акурат мы ўжо даўно зналіся і вось наведаліся ў госці. Мне спадабалася такая шчырасць маладой гаспадыні, яна абяцала наперадзе цікавае — хоць і невядома, чым цікавае,— жыццё. На жончыным твары, як і ў кватэры той разведзенай жанчыны, захаплення, здаецца, не было. Жонка чамусьці зніякавела, калі гаспадыня пачала падрабязна распытваць, хто мы такія,— і кінула на мяне позірк, пасля якога ў душы ў яе як бы нешта зламалася. Яна раптам стала гаваркой і вольнай у рухах, якой была заўсёды. Мабыць, яе ўразіла мая рашучасць, што нарэшце заявіла пра сябе ў вачах.

Гаспадыню звалі Люба — імя гэтае мне так падабаецца, калі называюць ім жанчын узросту пушкінскай Людмілы; яна расказала, што жыве адна ў двухпакаёвай кватэры; сын — хворы, у спецінтэрнаце і прыязджае толькі на выхадныя. Калі не зважаць на маленькую тайну, якую не раскрыла адразу гаспадыня і якая не магла не турбаваць — чым жа хворы сын? — то недамовак між намі не засталося.

Дасюль мы стаялі ў пярэдняй, даволі прасторнай, засланай старэнькім дыванчыкам і застаўленай шафкамі з кухоннага гарнітура, а пасля прайшлі ў пакой. У ім стаяла шырокая канапа, падазрона пахіленая на бок, пры сцяне туліўся невялікі квадратны столік, накрыты зжаўцелай газетаю.

— Тут жылі ў мяне кватаранты, але нядаўна выбраліся, пабудавалі кааператыў,— сказала Люба, каб мы не дзівіліся з няўтульнасці пакоя.— Мэблю, якую хочаце, можаце набываць. Я — не супраць.

Я пакратаў канапу. Яна рыпела, быццам была сабрана з адных іржавых спружын, і «кульгала» — пад нізам вісела металічная ножка і хісталася, не кранаючыся падлогі, як перабітая лапа ў сабакі. Яе можна падладзіць, падумаў я, і канапка яшчэ паслужыць. Апошняя ўмова, якую паставіла нам гаспадыня,— аддаць за паўгода наперад квартплату, бо патрэбны грошы на каляровы тэлевізар.

Калі мы, развітаўшыся, пайшлі, каб неўзабаве перавезці свае рэчы, я адчуў, што паміж мной і жонкаю зноў залегла незразумелая напятасць. Мы ішлі моўчкі, кожны заняты сваім. А можа, такая наша стрыманасць была натуральная, бо чалавек заўсёды спачатку перажывае ўражанні ў сабе, а потым ужо дзеліцца з людзьмі. Я сіліўся ўспомніць, на каго падобная тварам наша новая гаспадыня. Дужа знаёмыя рысы прасвечваліся ў ім. Выпуклы ясны лоб, апраўлены з бакоў гладка расчэсанымі на прабор русымі валасамі, прамы тонкі нос з шыракаватай і як бы трохі выпуклай пераносіцаю, акуратныя дужкі броваў і маленькі з патоўшчанай ніжняй губою рот. Што за класічны твар? Мой позірк бяздумна слізгаў па лісці, чыстым і жоўтым, што ссыпалася з клёнаў на тратуар за сённяшнюю ноч — ноч першых замаразкаў. З раніцы іней тоненька ляжаў на асфальце і ў паветры вісела такая ж тонкая, блакітнаватая смуга, і ад усяго гэтага веяла шчымлівай урачыстасцю і спакоем, якім хацелася паіць і лагодзіць душу вечна. Але розум падказваў, што так не будзе, што заўтра возьмецца паўночны вецер і прынясе з сабою холад, аголяцца дрэвы, ляжа на зямлю снег — і хочаш ці не хочаш, а сустракай зіму.

Ну, канечне ж! Калі б я быў мастак, то не мучыўся б, а зразу прыгадаў, што гаспадынін твар напомніў мне рафаэлеўскую мадонну Канестабіле. І нават халат у гаспадыні такога ж барвовага колеру, як мадонніна сукенка. А вось гэтыя голыя клёны мне якраз і намалявалі пейзаж, на фоне якога стаіць мадонна: дрэвы, панылае восеньскае возера і яшчэ — двое людзей у лодцы.

І я сказаў радасным голасам жонцы — што гаспадыня, відаць, някепскі чалавек, ва ўсякім разе, горш, чым тая прафесарша, у якой жыву, не будзе. Жонка нехаця адказала:

— Усё можа быць. Пажывём — пабачым.

Гэты яе спакой і неўласцівае ёй старэчае пабуркванне ўшчэнт збянтэжылі мяне, і я ўжо быў спалохаўся, што, мабыць, паспяшаўся спыніць свой выбар іменна на гэтай кватэры. Можа, інтуіцыя, якая, пераконваюся, у жанчын больш тонкая, чым у нас, мужчын, падказвала жонцы тое, схаванае і небяспечнае, што можа замуціць чысты і роўны ручаёк сямейнага жыцця. Але яна не захацела мне пярэчыць, ужо ўпачатку разумеючы, што трэба пакладацца і на мужа, слухаць і яго меркаванні.

Але як бы там ні было, я прывык верыць людзям і разумець іх шчырасць, у якой заўсёды знаходзіў цяпло і радасць для душы; таму не стаў больш гаварыць пра гаспадыню, а ўзяў жонку пад руку ды зірнуў на яе так, каб яна ацаніла мой жэст. І ўсмешка, якую я чакаў ад яе, зноў вярнула нас да той прыязнасці і спагады, што панавалі між намі вось ужо цэлы месяц пасля вяселля.

Я пазнаёміўся з Галяю ў майго сябра, інструктара абкома камсамола. Ён запрасіў мяне ўвечары да сябе на кватэру — паглядзець футбол: матч мінчан з тбілісцамі. Я акурат меў час. Матэрыял, які збіраў у камандзіроўцы цэлага паўтыдня, ужо быў напісаны, перачытаны і выпраўлены. Мы абодва былі заядлыя балельшчыкі. Гульня ў нашых не клеілася, не выручала на гэты раз і магія «чужога поля». Мы добра такі разнерваваліся. Гэта відаць было па нашых адчайных воклічах і па тым, як гарэлі вочы ды сутаргава ўскідваліся ўверх рукі. Каб супакоіцца, сябра прапанаваў «па грамульцы». Жонка яго, дзябёлая, усмешлівая маладзіца, відаць, аматарка кампаній, падкінула ідэю: запрасіць сваю знаёмую, студэнтку наргаса, «з якой ніколі не бывае сумна». Я чуў, як яна доўга ўпрошвала сваю знаёмую па тэлефоне, абзываючы яе «тлёй», але тая ўпарцілася, маўляў, сабралася ў лазню. Нарэшце згадзілася, мабыць, зацікавіла яе мая «характарыстыка», якую выдала мне сябрава жонка.

Зазваніў званок, і я пайшоў адчыняць дзверы — папрасіла сябрава жонка, якая, зразумеў я, за ўсмешлівасцю ўмела хаваць праніклівасць сваёй натуры. Першае, што падумаў, убачыўшы дзяўчыну,— якая яна прыгожая, такіх дзяўчат ніколі вось так проста, звычайна, адчыняючы ім дзверы, я не сустракаў. Яна была ў белых джынсах, лёгкай стракатай кофтачцы, што туга абліпала яе, і ў белых басаножках. І ўся гэтая светлая экіпіроўка крыкліва адцяняла яе твар — смуглы, як у метыскі, і чысты-чысты, дагледжаны, бы ў модніц, што рэкламуюць адзенне, усякія духі і пасты. Яна апусціла вочы і, суха павітаўшыся, размінулася са мною, і як мне было не ўсумніцца ў словах сябравай жонкі, што з ёй ніколі не бывае сумна. Але падазрэнні мае развеяліся, як толькі селі за стол. Галя, так звалі дзяўчыну, здзівіла мяне сваёй эрудыцыяй. І я, не задумваючыся, тут жа залічыў яе да тых гарадскіх інтэлектуалак, якіх нарадзіла апошняя чвэртка нашага стагоддзя і ад якіх лепш, чым з газет ды часопісаў, можна даведацца, які рок-гурт зараз самы папулярны ў свеце, хто з замежных пісьменнікаў вылучаецца арыгінальнасцю мыслення і тонкім, глыбокім псіхалагізмам, які стыль характэрны для французскіх авангардыстаў, не кажучы ўжо пра моду на фасоны, прычоскі, касметыку.

Мы засядзеліся да позняй ночы, і я, каб яшчэ трохі пабыць з Галяю нязмушана, а не па волі абставін, прапанаваў пракаціцца на таксі. Галя прамаўчала, але мяне падтрымалі гаспадары.

Адразу таксі паехала на вуліцу, дзе жыла Галя, і не толькі таму, што так было бліжэй, проста джэнтльменскі гонар вымушаў рабіць іменна так: спачатку адвезці даму, тады ўжо ехаць да сябе.

Галя спыніла таксі каля вышыннага, на дванаццаць паверхаў, дома, і я таксама вылез, каб адчыніць ёй дзверцы. Галя лёгка і неяк пругка, бы птушка, выбавілася з таксі, нечакана цмокнула мяне ў шчаку і пабегла ў пад’езд, адкідваючы за спіну сумку, якая матлялася спераду. Гэты пацалунак, да якога я аніяк не быў падрыхтаваны, вырашыў усё.

Цяпер Галя была мая жонка, і мы чакалі дзіця, жылі радасцю, якой упіваліся разам і цешыліся паасобку.

Я, трымаючы жонку пад руку і час ад часу зазіраючы ў твар, мала знаходзіў падабенства між ёй, цяперашняй, і той, што ўбачыў на кватэры ў сябра. Вочы ў яе пакруглелі і страцілі вострае святло, у іх як бы засела засмучанасць, насцярога, ці што, скура на шчоках пабялела, стала порыстаю, калі не сказаць — азызлаю. Галя ведала гэта і сама, але настрой у яе не псаваўся, як і ў кожнай жанчыны, якая выношвае дзіця і спакойна, нават з гонарам ставіцца да ўсякіх фізічных і псіхічных змен у сабе.

 

ІІ

Перабраліся на новую кватэру мы праз два дні. З гэтай нагоды наладзілі вячэру. Люба піла віно маленькімі глыткамі, смакавала яго і амаль не закусвала, зрэдку брала кружочак лімона ці лустачку сухога пашахонскага сыру, які надта хутка выгнуўся бліскучымі палазкамі. Пазней яна прызналася, што захоўвае англійскую дыету, бо ўжо не ўлазіць ні ў адну сукенку. Хмель заўсёды выклікае на шчырасць, за якою абавязкова стаіць споведзь жыцця, і збліжае людзей. Былі амаль незнаёмыя, а ўжо як быццам парадніліся. Люба — украінка, нарадзілася ў Вінніцы. У Мінск прывяла яе вучоба ў архітэктурным тэхнікуме, скончыўшы які, яна не засталася ў сталіцы, як многія яе сяброўкі, а паехала працаваць у Слуцк,— на той час, як і ў школе, рамантыка ўсё яшчэ кружыла ёй галаву і штурхала на рызыку. Дачка ваеннага, яна прывыкла да вандровак, навучылася лёгка заводзіць сяброў і гэтак жа лёгка з імі расставацца, зусім не пакутуючы і не вярэдзячы сябе ўспамінамі.

Яна яшчэ ў школе выспела ў даволі вабную дзяўчыну, можа, нават залішне для свайго ўзросту. У яе былі поўныя грудзі, а штаны, якія тады толькі-толькі ўваходзілі ў моду, як не трашчалі ад улітых у іх моцных, шырокіх клубоў. На яе зырыліся старэйшыя хлопцы, а потым і мужчыны. Люба распавядала пра гэта з несхаваным гонарам, быццам у свеце мала да яе падобных, як і пра тое, што была палюбоўніцаю галоўнага архітэктара горада. Яна жыла ў невялікім пакойчыку ў драўляным доме барачнага тыпу — адна, без нагляду бацькоў; падагрэтай салодкім адчуваннем самастойнасці, ёй было проста прычасціцца да віна, цыгарэты, пусціць да сябе мужчыну, у сябраванні з якім бачыла пакуль адно цікавасць. Але ў тым, як адбівалася ад яго рук, што наравілі абняць яе, у густым бляску яго вачэй і ў ціхім, нейкім пакорна-дзіцячым шэпце знаходзіла яна хвалюючую, трапяткую радасць. Гэтая радасць тут жа прападала, калі мужчына, пакрыўджаны, зачыняў за сабою дзверы. Тады ёй хацелася ўсхапіцца, вярнуць яго і пакінуць у сябе да раніцы, але страх, яшчэ толкам не ўсвядомлены, але няраз так блізка адчуты, стрымліваў яе. І яна ўсю ноч тамілася адна ў халоднай і такой няўтульнай пасцелі, якая глыбока, бы гамак, прагіналася і непрыемна пахла, пахла, пахла.

У Слуцку яна і пазнаёмілася са сваім мужам Міколам — мастаком, які прыязджаў туды афармляць раённы Дом культуры. Яна першая яго ўбачыла: высокі, чорнавалосы, з густой акладзістай барадою, якая больш чым што рабіла Міколу падобным на творцу, і з мяккімі, аксамітнымі вачыма. Дом культуры быў недалёка ад барака, і калі Люба вярталася з работы дамоў, заўсёды бачыла, як чорнабароды мастак, стоячы на вузкай хісткай лесвіцы, маляваў гіганцкага рабочага-малатабойца на фасадзе будынка. Аднаго разу, нялоўка крутнуўшыся, ён упусціў пэндзаль якраз у той момант, калі міма праходзіла Люба. Можа, на яе зазяваўся? Яна мітульгою падляцела да пэндзля і падала мастаку. Ён доўга глядзеў на яе з добрай усмешлівасцю ў вачах. Потым саступіў на зямлю і сказаў: «Дзякуй!» Яна павярнулася, каб ісці, але адчула ці проста ёй здалося, што ён прытрымаў яе за плячо...

Выйшаўшы замуж з легкадумнай хуткасцю, але, як пасля выявілася, удала, яна зноў вярнулася ў сталіцу, дзе Мікола працаваў у адным з райвыканкомаў. Ім хутка далі кватэру — прычым Мікола, маючы прывілеі, мог выбіраць любы раён; і яны аблюбавалі сабе дом блізка ад Камароўскага рынку, які планавалі ўжо (Мікола ведаў) пашыраць і абнаўляць.

Мікола быў прыстойны, клапатлівы муж, умеў добра гатаваць стравы, мыў сабе кашулі і шкарпэткі — гэтыя ягоныя якасці, як цяпер Любе думаецца, і парушылі той адвечны лад жыцця, які рабіў сям’ю трывалай, ставячы кожнага — мужа і жонку — на сваё, адведзенае ў гаспадарцы месца.

У Любы было шмат вольнага часу. Яна не цуралася сябровак, а яны не забывалі пра яе, спакушалі на гулянкі, пікнікі, і жыццё яе амаль не рознілася ад таго, што было да замужжа. Яно мала ў чым змянілася і тады, калі Люба зацяжарала. Кладучыся спаць, Мікола чуў з яе рота пах цыгарэты — прасіў-маліў не курыць.

Роды ў Любы, надзіва тым жанчынам, хто яе бачыў і захапляўся шырынёю клубоў, былі цяжкія, пакутлівыя. Яна доўга ляжала на стале, абсыпаная потам, на яе жывот ціснулі прасціною — галоўка дзіцяці ніяк не выходзіла. Потым на яго лобіку цэлы месяц чырванелася паска-намуліна, якая і наводзіла Любу на думку, што яе сын, назвалі Андрэй, перанёс родавую траўму. Адсюль нібыта і страшнае — алегафрэнія ў стадыі дэбільнасці. Але яна, гэтая хвароба, выявілася не адразу, а пазней, калі сыну ўжо было каля пяці год. Тое, што ён адставаў у псіхічным развіцці ад сваіх равеснікаў, нейкі час не турбавала бацькоў: мала якія адхіленні могуць быць. Упершыню ўсур’ёз устрывожылася бабуля — Любіна маці, у якой Андрэйка, лічы, гадаваўся і рос. Пяцігадовы малы быў надзіва някемлівы: скажаш яму прынесці сандалікі — ён падае цацку, якая трапіла на вочы; спытаеш, ці хоча есці, паказвае на акно — на вуліцу. Аналізы энцэфалаграмы, паўтораныя па некалькі разоў, кансультацыі ў слынных прафесараў-псіхіятраў, сваіх, украінскіх, і маскоўскіх, вынеслі бязлітасны, як стрэл, прысуд.

Міколу ён глыбока секануў па душы, але не выбіў з прывычнага рытму жыцця, ён па-ранейшаму заставаўся ўзорным сем’янінам і мужам. У нядзелю, калі жонка адмаўлялася наведаць тэатр ці схадзіць на выстаўку, браў мальберт ды ішоў на недалёкую ўскраіну горада. Там была вада ў стаўку з бародамі аеру на берагах, раслі бярозы, даверліва і роўна мірачыся ў шчыльнай купцы, важна разгульвалі вароны, пагардліва косячыся на чалавека. Назад вяртаўся ўзбуджаны, рухавы, кідаў на стол цэлы стос эскізаў.

На Любе, як на маці, сынава хвароба вонкава адбілася больш прыкметна: яна ўчарнела з твару, наліліся тугою вочы, стала замкнутай, недаверлівай і нервовай. Калі першы стрэс мінуў, сілы, якія дыктавалі ёй сваю волю і былі згаслі, заявілі з двайной настойлівасцю і голадам. Цяпер у Любы было ўжо як бы і апраўданне — трэба заглушыць гора. І яна пачала гуляць без ранейшай стрыманасці і дакору, што тады-сяды закочваўся ў яе душу, прыходзіла позна дахаты. Як заўсёды, яе чакалі на пліце ўпадабаныя ёй у Слуцку хрумсткія, падсмажаныя на алеі дранікі, радавала вока чысціня ў кватэры. Муж быў ураўнаважаны, добразычлівы. І ноч яна спала спакойна і бестурботна, як старая лянівая кошка.

Толькі аднойчы, калі яна доўга не выходзіла з ваннай, у якой шумным напорам пляскалася вада, а потым убачыў яе збялелую, з чырвонымі вачыма, з якіх не перасталі сыпацца слёзы натугі, ён строга сказаў ёй: «Люба, пара брацца за розум!» — «Даруй, даруй, Коля...» — Яна абняла яго, прыхінулася мякка і даверліва ўсім целам, цяпло і блізкасць якога заўсёды хвалявала і разганяла самыя цяжкія хмары непрыемнасці.

А трохі спагадзя ён першы раз падняў на яе руку. Але, хоць і не быў вінаваты, доўга сябе дакараў, хадзіў як апушчаны ў ваду. На Новы год яны сабралі застолле ў сябе на кватэры. Гарэлі свечкі — парафін плавіўся і спаўзаў у чорныя сподачкі падсвечніка светлымі, як раса, кроплямі; магнітафон голасам Джо Дасэна чулліва нашэптваў мелодыю кахання, якую міжволі хацелася слухаць з грымасаю болю і пакут на твары. І ў гэтым паўзмроку лёгка, ледзь пахістваючыся, танцавалі тры пары. Здавалася, гэта не сапраўднае жыццё, а нейкі міраж, геніяльна адмастачаны малюнак гармоніі святла, гукаў і людзей, гармоніі, якую ніхто ніколі не парушыць. Але чалавек — усемагутны, а тут і сілы ніякай не трэба было,— раптам суха, як ледакі, што падаюць увесну са стрэх, зазвінелі цацкі на ёлцы, і толькі цяпер дзве пары заўважылі, што трэцяя непрыкметна аддалілася ў кут, за ёлку, і цалавалася. Гэта была Люба з Міколавым знаёмым, таксама мастаком, даўгалыгім вясёлым хлюсцікам у пацёртых джынсах і чорнай скураной куртцы, ён увесь вечар забаўляў усіх эратычнымі анекдотамі. Мікола парывіста вызваліўся ад рук сваёй партнёршы, якая, здаецца, пачынала ўжо засынаць у яго на плячы, і, падышоўшы, урэзаў жонцы аплявуху. Яна схапілася за шчаку, а потым закрыла рукамі твар.

Свята было сапсавана. І настрой — на многія дні. Мікола выяўляў у сабе дзіўнае пачуццё: здавалася б, ён павінен быў раззлавацца ці зусім узненавідзець жонку, пазбягаць, каб яе не бачыць, але — на працы ён не знаходзіў месца, не мог дачакацца, калі скончыцца дзень, каб тут жа, ні секунды не марудзячы, бегчы дамоў, да Любы, быць з ёю калі не блізка, дык хоць бы побач у адной кватэры, нават праз сцяну.

Люба была надзіва вытрыманая, хмурылася: маўляў, дужа пакрыўдзілася і цяпер наўрад ці зможа ўлагодзіцца. Мікола нават памкнуўся разы два з ёю загаварыць, што яму дорага каштавала, ды Люба пасля гэтага яшчэ больш насупіла бровы і так, з дзвюма тонкімі складачкамі на пераносіцы, хадзіла з пакоя на кухню, з балкона — у ванную. Ён шчыра здзіўляўся, як гэта можна з такім спакоем і зацятасцю кроіць сваю душу і чужую.

Здаецца, іх сямейны падмурак здорава страсянула, ён даў шырокую расколіну, якую не так проста будзе замазаць, бо адна палова нібыта ўвесь час аддалялася ад другой, як крыга ад берага: ці то па якой інерцыі, набранай яшчэ да замужжа, ці то з-за паслабкі, якую дала сабе з самага пачатку, Люба адплывала далей і далей. А можа, гэта было не што іншае, як сумны помнік іх хуткаспеламу намыслу пажаніцца. Так думалася Міколу, і ён гатовы ўжо быў узяць добрую долю віны на сябе, як мужчына, што не праявіў цвярозасці ў такой няпростай справе, як жаніцьба.

Але... у іх быў сын — хворы Андрэй. І калі Мікола ўсё ж такі мог уявіць сваё жыццё без Любы, то на месцы Любы ён не разумеў, што яна думае і на што разлічвае. У яе адной застаецца на руках дзіця. Ну, няхай бы здаровае, нармальнае дзіця, радасці ад якога жанчыне магло б хапіць, а то ж хворае... Такія пакуты на ўсё жыццё. Відаць, Люба, мала бываючы ў апошнія гады з сынам, ужо адвыкла ад яго і ён, мабыць, не так балюча вярэдзіў сэрца, а то, можа, уяўляўся зусім чужым. Але ж гэта было не так, толькі ад адной думкі, што сын жыве, што ў яго, як і ва ўсіх дзяцей, павінны быць маці і бацька, становіцца страшна.

«Што мы будзем рабіць?» — спытаў ён неяк, налучыўшы момант, калі жонка сядзела на кухні каля прачыненага акна і курыла, стрэсваючы попел на падлогу. «Дзіўны ты!..— Яна хмыкнула з такою годнасцю, акурат была царыца, а ён, плебей, на каленях падпоўз да яе па міласціну.— Я падала заяву на развод». Яна чакала, што гэта ашаломіць мужа, і таму з апошнімі словамі крута павярнулася да яго і нахабна глядзела ў вочы, чакаючы, што ён зараз напраўду ўкленчыць і будзе прасіць памілавання. «Ты пра ўсё добра падумала?» — адно спытаў ён. «Не дурней жа мая галава за тваю»,— здаецца, голас у яе задрыжаў, як заўсёды перад тым, калі яна збіралася плакаць.

 

...На твары ў Любы ляжаў намёк суму і раскайвання. Яна некалькі разоў абмакнула ў віно вусны і паставіла шклянку; схадзіла да сябе ў пакой і прынесла дамскую сумачку, з якой пры нас выняла пачак цыгарэт «Арбіта»; закурыла — мяне заўсёды здзіўляла жаночае ўменне далікатна, неяк нават артыстычна трымаць двума пальцамі цыгарэту,— пусціўшы тоненькі струменьчык дыму на верхнюю шыбку акна, дзе была фортачка.

— Я яго не вінавачу, няма за што... Сама ва ўсім вінавата,— сказала Люба, і было відаць, што гэта не бравада, не жаданне зарыгінальнічаць, маўляў, глядзіце, якая я — адна з тысячы жанчын прызнаю сваю віну; так падсумавала яна свае выкрунтасы пасля доўгага пакутлівага роздуму; ёй шмат чаго падказала само жыццё, што акунала яе ў свае не самыя чыстыя нетры бязлітасна і шалёна.

 

ІІІ

Дык вось, гэта адно нам здавалася, што, напытаўшы кватэру, мы зацарствуем ад бестурботнасці, у лёгкай, ружовай ціхамірнасці, фантан якой, як бы ні біў з маладога ўяўлення, заўсёды прывідны і слабы. Наперадзе чакалі новыя, не менш заблытаныя, клопаты і трывогі. Іх бы магло быць і менш, калі б мы распісаліся з Галяю да яе размеркавання. Але нам проста не выпала раней пазнаёміцца, хоць мы і жылі ў адным горадзе, хадзілі па адных тратуарах і ездзілі адным тралейбусам — яе інстытут і мая кватэра былі на адной вуліцы; ды вось разміналіся, не прыкмячаючы адно аднаго, як гэта робяць і тысячы іншых людзей, якіх некалі выпадак зводзіць і ім нават у галаву не прыходзіць, што яны ўжо прымільгаліся, а здаецца, быццам яны спусціліся аднекуль з розных планет і нарэшце сышліся. Усе мы, дзякуй богу, жывём на адной зямлі і звязаны нябачнымі ніцямі, як рацыі, наладжаныя на адну хвалю.

На руках у жонкі было накіраванне ў далёкую Белгародскую вобласць. Ехаць ёй туды адной, каб адпрацаваць тры гады і вярнуцца назад, было неверагодна. Адна цяжарнасць ужо гаворыць сама за сябе, дый наўрад ці спрыяла б маладой сям’і, якая не паспела ўстаяцца, тое, што муж і жонка апынуліся б на розных полюсах.

Сабраўшы дакументы, мы паслалі іх на перагляд у Маскву, ва ўпраўленне мікрабіялагічнай прамысловасці; адтуль праз месяц, пасля нашых настойлівых званкоў-напамінкаў, прыйшла папера — вольнае размеркаванне. Радасці было мала, бо кожны з нас добра ведаў, як цяжка знайсці працу ў Мінску, ды яшчэ — без прапіскі. Калі б у жонкі было накіраванне ў Мінск, яе маглі б прапісаць абы-дзе, на любой плошчы, а так — толькі з мужам. Супрацоўніца з маёй работы, Івашчэня, якая зжалілася і прапісала мяне, калі я перавёўся з райцэнтра ў Мінск, жонцы ў гэтай ласцы адмовіла. Маўляў, сын хутка прывядзе нявесту, і ёй таксама патрэбна плошча; відаць, яна проста не рызыкнула даваць права, хоць і субкватаранцкае, на сваё жыллё чужой сям’і, у якой, давер даверам, могуць з’явіцца і свае карыслівыя намеры.

І мы пачалі шукаць кватэру, дзе змаглі б прапісацца ўдваіх. Родзічаў у сталіцы ні ў мяне, ні ў жонкі, здаецца, не было. Былі толькі сябры, знаёмыя, і мы пачалі іх успамінаць ды прыкідваць, да каго варта звяртацца, а да каго — не; жонка тут аказалася больш увішная, назвала з паўдзесятка людзей, якія, лічыла, маглі выручыць. Але, з’ездзіўшы да іх, вярнулася засмучаная, што не вельмі мяне здзівіла: каму цяпер хочацца, у наш мітуслівы век, браць на сябе лішні клопат, калі сваіх столькі, што не справіцца з імі да смерці. Ды адчай і ў такіх выпадках усё роўна не лепшы сябар, чым самыя чэрствыя людзі.

І мы спадзяваліся на лепшае. На прыкмеце ў жонкі была яшчэ адна, не вельмі ўладкаваная, сям’я: бацька, горкі п’яніца, ад якога адрынулася жонка, забраўшы з сабой малую, і яго старэйшая дачка, Рытка, якая не пайшла на павадку ў маці; Рытка вучылася з жонкаю ў адным інстытуце, толькі на два курсы ніжэй, але яны сябравалі, пазнаёміўшыся на вечары самадзейнасці. У госці мы паехалі на пару, прыхапіўшы з сабою бутэльку,— так скамандавала жонка. Была якраз нядзельная раніца. Уначы выпаў снег, але растаў, і на тратуарах стаяла вада — яе сюды выплюхвалі яшчэ і тралейбусы ды аўтобусы, калі прыціраліся блізка да бардзюра, што раздзяляў шашу і пешаходны тратуар; імжэў дробны дождж, людзі ішлі пад парасонамі і ў плашчах, якія блішчалі, і ў гэтым іх бляску як бы чуўся ледзяны хруст... бр-р-р, зябка дакрануцца! Я баяўся, каб не застудзілася жонка, і падладжваўся да яе, пакуль уподбег трухалі ад прыпынку; браўся парывамі вецер, прыклейваў да кіёскаў, да плота мокрае лісце.

Я спадзяваўся ўбачыць пакамечанага, нехлямяжага чалавека, заспанага, з апухлым тварам, а перада мною стаяў, адчыніўшы дзверы, даволі прыстойнага выгляду мужчына з газетаю ў руцэ; адале ўжо, распрануўшыся і зайшоўшы ў пакой, я добра разглядзеў яго. З-за крыху зацемненых акуляраў стомлена свяцілі цёмныя вочы, пад якімі зморшчанымі жалудамі сабралася скура; твар дні два не галіўся, і шчаціна, зусім белая, быццам інеем укрыла падбародак і шчокі да самых скроняў; адвіслы, тоўсты жывот перавальваўся праз рэмень, акурат быў наліты вадою.

— О, пані Багданская! — усклікнуў ён, неяк па-роднаму ўзрадаваўшыся, акурат дачцэ.— Даўно цябе не бачыў. Ужо замужам?

Жонка, якая не любіла маракаваць і завязвала размову без нудных інтэлігенцкіх штучак, выведаць, скажам, настрой у сумоўніка, ці падрыхтаваны ён да навіны, спытаць пасля выпіўкі ці перад ёю, адразу вылажыла гаспадару, з чым і чаго прыйшлі. Ён ні на макуліну не збянтэжыўся, а з прыткасцю, якой мы нават не чакалі, адказаў: «Калі ласка». І нават шчыра пашкадаваў, што могуць і не прапісаць, бо — падлічыў — не хапае па шэсць метраў на чалавека. Ён успомніў, і гэта мяне здзівіла ды ўразіла, што маёй жонцы абавязаны жыццём, а не тое што нейкай прапіскаю. Колісь ён, згубіўшы ключы, п’яны парываўся пералезці (перакінуў ужо праз парэнчу нагу) з суседскага балкона на свой, і добра, што ў гэты момант якраз падышла дачка з ёй, маёй жонкаю; тады лёгкая і спрытная, як вавёрка, першаразрадніца па гандболе, жонка вобміг перашмыгнула з балкона на балкон (восьмы паверх!) і адчыніла кватэру.

Мы селі за стол, на які гаспадар паставіў талерку студзеня з ласінай губы. Гэтая экзатычная страва мяне не здзівіла, бо гаспадар працаваў інжынерам у зелянгасе, які прымыкаў да лясной гаспадаркі, і часта прыносіў дзічыну: кавалак мяса з дзіка, тушку зайца або глушца. У пярэдняй і тут, у зале, са сцен тырчалі рогі — вялікія, на сем какатоў, з лася і маленькія, востранькія, як шыльцы, з казулі.

Гаспадара звалі Мікалай Анісімавіч. Жонка спытала, дзе Рытка; аказваецца, яе няма дома ўжо цэлы месяц, паехала ў калгас выбіраць бульбу. Жонка паспачувала ёй, гараджанцы, маўляў, цяжка такой золлю корпацца ў зямлі, на што Мікалай Анісімавіч з усмешкаю адказаў: «Няхай прывучае сябе да работы, а то будзе даміцэляй, як маці». У яго словах не было і намёку на з’едлівасць ці пакепліванне, а толькі шчырая бацькоўская турбота за дачку. Зрэшты, не было б вялікай бяды, калі б Мікалай Анісімавіч і нядобра адазваўся пра сваю былую жонку. Яна збаламуціла яму жыццё, і гэта не было звычайнае апраўданне п’яніцы ці няўдачніка, які пнецца ў вярхі, ды не хапае розуму, стараннасці, і яму ўсюды даюць ад варот паварот. Мікалай Анісімавіч напраўду стаў ахвяраю жончынага каварства. Знайшоўшы маладога палюбоўніка, з кватэрай і машынаю, і каб займець права на афіцыйнае з ім сужыццё, яна стала чарніць мужа, пісала на яго ў Саўмін, дзе ён працаваў тады начальнікам упраўлення, абвінавачваючы ва ўсіх грахах — і ў здрадзе, і ў п’янцы, і ў дэбошы... А падазронасць, недавер варта адно пасеяць, як усе, здавалася б, звычайныя рэчы паварочваюцца да чалавека цёмным бокам і кідаюць на яго цень. Мікалая Анісімавіча вымусілі змяніць пасаду, і ён пачаў заліваць душу гарэліцай; часам здавалася, што ён можа дайсці і да крайняй мяжы — да самагубства.

Я слухаў гэтага чалавека, і мне чамусьці думалася, што адчай у яго мінецца, бо яшчэ не ўсё ў ім з таго, што давала яму пасаду і аўтарытэт, загублена. І Рытка, мусіць, таксама разумее гэта, іначай ужо даўно перабегла б да мамачкі, якая па-ранейшаму не магла дараваць дачцэ здраду. У Мікалая Анісімавіча было шмат сяброў, сярод іх ён назваў нават вядомага паэта, і калі я здзівіўся, ён, каб даказаць, што не выдумляе, тут жа пазваніў па тэлефоне гэтаму паэту, спытаў, як здароўе, як пішацца. Мабыць, каб адвесці падазрэнне, быццам звяла іх адна бяда — гарэлка, растлумачыў, што паэт ужо даўнавата не бярэ ў рот нават кроплі — адпіў сваё маладым, ледзь не згарэў ад гэтых п’янак. Я чытаў няраз вершы гэтага паэта, выпісваў з іх думкі, і мне даўно карцела пабачыць яго, хоць бы адным вокам, а тут вось чалавек, які сябруе з маім кумірам. Тая магія, якую несла ў сабе прозвішча паэта, ахутала раптам і Мікалая Анісімавіча, і я глядзеў ужо на яго як на бога. І думаў пра тое, што часта буду прыходзіць сюды ў госці.

 

IV

Гэта нават не назавеш цікаўнасцю — маё жаданне ўбачыць Андрэя. Я быў акурат на кухні, калі Люба сказала: «А вунь і сынок мой ідзе». Яна стаяла каля акна, твар яе імгненна змяніўся — замест засяроджанасці, з якой яна смажыла гуляш, з’явілася радасць; гэта была не простая грымаса радасці, калі твар яснее і ўсё на ім, да кожнай кропачкі, свеціцца,— да яе прымешваўся не то сум, не то застарэлы і прыглушаны даўнасцю боль. Любіны вочы пачалі хутка напаўняцца слязамі, але яна іх не адчувала. Толькі тады, калі скаціліся па шчоках два празрыстыя ланцужкі, яна схамянулася і стала да пліты, дзе пачало ўжо дыміцца мяса.

Я не мог пераадолець жадання зірнуць у акно. Гледзячы на дом, здаецца, акурат на маё акно, па асфальтавай дарожцы бег хлапчук, апрануты ў сіні плашчык, з ранцам за плячыма. Як быццам нават пасміхаўся, а ў нейкі момант прыветліва махнуў рукою.

Хоць дзверы ў кватэру Люба загадзя прачыніла, Андрэй дзынкнуў званком — і тут жа ўляцеў на кухню.

— Мамачка!..— Ён быў зусім разгублены, узрушаны, акурат за ім нехта гнаўся ці, прынамсі, ён некага лавіў. Заўважыўшы незнаёмца, хуценька суняўся, зрабіў пару нясмелых крокаў, не спускаючы з мяне насцярожаных вачэй; на вуснах, яшчэ не праявіўшыся як след, пачынала зараджацца ўсмешка.

— Здласце! — сказаў ён і адно тады заўсміхаўся, неяк шчыра, прыязна.— А я ведаю, як вас завуць... Дзядзя Алесь і цёця Галя.

Я зразумеў, што Люба, наведваючы Андрэя (звычайна ў сераду), ужо завочна пазнаёміла яго з намі. Андрэй сачыў за мною, не саромеючыся і не адводзячы вачэй; яго вочы мяне ўразілі — вялікія, блакітныя, з нейкім цнатліва-чыстым бляскам, яны іскрыліся, быццам крышталінкі. Вонкава Андрэй нічым не розніўся ад звычайнага хлапчука; у яго была тонкая доўгая шыя з глыбокаю канаўкаю на патыліцы, іранічна адтапыраныя тоўстыя вушы, якія зусім не прыкрываліся коратка падстрыжанымі валасамі, і вельмі ўжо выразна напаміналі грыбы-губкі на гнілым бярозавым пні. Сам высокі і худы, ён быў падобны, мусіць, на бацьку, што раней у гаворцы пацвярджала і Люба. Але ж, бачыў я, у твары нешта ёсць і ад маці, асабліва гэта было відаць тады, калі Андрэй смяяўся. Усмешка, здаецца, выпраменьваецца не з глыбіні вачэй, а застывае ў бляску, які нібы атульвае вочы. Так смяялася і Люба, але яна яшчэ моршчыла і нос. У Андрэя нос быў таксама прамы, як і ў маці, толькі самы кончык прыплюснуты ўверх, як бы надломлены, і таму высока адкрываўся ружовы храсток, што раздзяляў ноздры,— ён востра кідаўся ў вочы.

— Прывітанне, Андрэй! — сказаў я з усёй непасрэднасцю, на якую быў здольны: хацеў адразу заваяваць сімпатыю ў Андрэя. Але такі мой зварот, здаецца, насцярожыў яго яшчэ болей. Ён глядзеў на мяне вопрама, не ведаючы, як зрэагаваць. Вусны яго варушыліся, ён меўся нешта спытаць, але чакаў, што яшчэ скажу я.

Любе, мабыць, надакучыла гэтае наша прыдзірлівае ўгляданне, якое відочна зацягнулася, і яна ўладным голасам загадала Андрэю пераапранацца, мыць рукі ды садзіцца есці. Ён адразу быццам не пачуў яе слоў, але яна паўтарыла свой загад стражэй і гучней, і ён пайшоў да сябе ў пакой не азіраючыся. Зграбны, высокі хлопчык.

Я таксама завярнуў у свой кут і пашкадаваў, што якраз цяпер няма жонкі (паехала ў НДІ мікрабіялогіі прапытваць работу) і няма з кім падзяліцца ўражаннямі. Але ж гэта быў толькі пачатак, першая сустрэча з Андрэем, пасля якой мы пасябравалі, ды так шчыра і цёпла, што нам не ўяўлялася разрозненае жыццё, якое ўсё-ткі павінна некалі наступіць і ў якое пакуль што неахвотна верылася.

Андрэй, прыязджаючы на выхадныя, адразу ж стукаў у нашыя дзверы. Стаяў, не адчыняючы дзвярэй, пакуль нехта з нас не падаваў голас — дазволена. Зайшоўшы, першае, што ён рабіў,— мэтанакіравана, хвацка паказваў пальцам на любую новую рэч (проста здзіўляла, як ён адразу яе вылучаў) і пытаўся сваім нязменным: «Што гэта?» Мы з жонкаю цярпліва тлумачылі: гэта будзільнік, гэта радыёпрыёмнік, гэта этажэрка для газет, гэта пішучая машынка — зрэшты, яна зацікавіла яго больш за ўсё астатняе, ён доўга на яе ўглядаўся, пакуль асмеліўся спытаць, ці можна да яе дакрануцца і ці не ўдарыць яна токам; дакрануўшыся, ён шустрым кацянём вышмыгнуў з пакоя і, пакінуўшы расчыненымі дзверы, праз якія тут жа ўварваўся скразняк і з трэскам захліснуў фортачку, пабег да маці з радасным, захопленым крыкам: «Мамачка, мне дзядзя Алесь даў пакратаць машынку!» Ён хацеў не столькі пахваліцца, колькі ўпэўніцца, што нічога такога недазволенага не зрабіў, каб яго караць. «Ну добра, добра,— незадаволена гаварыла Люба і дадавала, павышаючы голас: —Не перашкаджай людзям!» Гэтым яна, ведаючы, што мы чуем, як бы праводзіла мяжу між ім і намі, памылкова (асабліва напачатку) лічачы, што Андрэй нам замінае. І наогул, як я прыкмеціў, Андрэй раздражняў яе, і яна сцінала ўсю сваю волю, стрымліваючы сябе, каб не ўзарвацца, хоць у голасе часта і пазвоньвала пагроза. Андрэй тады сунуўся паніклы ў свой пакой і гуляў там на падлозе з кубікамі.

Забыўшыся на забарону маці, засумаваўшы, ён праз нейкі час зноў ціхенька стукаў у нашыя дзверы. Жонка звычайна давала яму цукерку ці яблык, і такой увагі было даволі, каб бегчы да маці хваліцца. Я, баючыся, што пачнецца сварка, ішоў услед за ім да Любы і прасіў яе не крычаць на Андрэя, маўляў, няхай пабудзе з намі, яму ж цікава з новымі людзьмі. Яна, думаючы, што мы ахвяруем сваім спакоем адно таму, каб аблегчыць яе долю, замаўкала, але, відаць было, сэрцам не прымала чужой шкадобы. Аднаго разу яна ўсё ж сарвалася, і я зразумеў: у размовах пра Андрэя трэба быць вельмі асцярожным, бо ў жанчыны, у якой «дэфектовае» дзіця, да хваравітасці абвострана пачуццё рэўнасці і самалюбства.

Андрэй прывёў тады з сабою дзяўчынку, такую ж, як сам, дванаццацігадовую. Яна была бледная і замурзаная, з напалоханымі вачыма. Стаяла каля парога, а ён цягнуў яе за руку на кухню. «Глядзі, глядзі!..— усклікнуў Андрэй да маці, якая, пачуўшы валтузню, выскачыла з ваннай.— Глядзі, каго я прывёў!» У ягоным голасе было столькі ўзрушанасці, а ў вачах — захаплення, што здавалася, гэта не ён прывёў дзяўчынку і паказвае яе маці, а наадварот, хтосьці іншы прывёў яе і паказвае яму: «Андрэй, што гэта за фокусы?» — пайшла ў наступ Люба. Рукі ў Андрэя ўраз абвялі, ён не ведаў, што рабіць: зусім не чакаў такога павароту. Стаў лепятаць, што Тоня яго сяброўка, да яе ніколі не прыязджае маці, яна адна, безабаронная, ёй крыўдна і яна хоча есці; і ў гэтым яго дзіцячым лепятанні было ўсё — і клопат, і трывога, і просьба, і шкадаванне.

На шум выйшаў і я з пакоя. «Ты паглядзі, Алесь, каго ідыёт гэты прыцягнуў.— Люба звярнулася да мяне так, быццам у мяне была ці магла быць пагарда да Андрэя, і гэта мне не спадабалася, але я не паказаў выгляду.— Хіба ў яго ёсць розум?» Яна была так расчаравана, акурат у яе на вачах толькі што выбухнула жудасная трагедыя і ёй так хацелася зараз пачуць словы суцехі. Я, шчыра кажучы, не бачыў ніякай бяды ў тым, што Андрэй прывёў дзяўчынку, і з лёгкасцю пажартаваў: «Няхай пагуляе з нявестай сваёй». Люба глянула на мяне з неўразуменнем, жартую ці кажу праўду, і паківала галавою, маўляў, што і гаварыць: адкалоў сынок нумар дык адкалоў. «Пераначуе, а ў панядзелак разам адправіш у інтэрнат»,— параіў я. «Ну ты што, Алесь?..— абурылася Люба, стрымліваючы сябе вялікім намаганнем. Яна стаяла станістая, моцная, рукі ў бокі, як грозны экзекутар, якому не хапае бізуна.— Яны, гэтыя ідыёты, могуць тут і спаць легчы... па-даросламу, тады разбірайся з імі. Выганяць з інтэрната». І яна са слязамі на вачах расказала, з якою цяжкасцю ёй удалося ўладкаваць Андрэя ў спецінтэрнат — дапамагла знаёмая з райана. Разнерваваўшыся, загадала Андрэю адвезці дзяўчынку назад, але адумалася — куды пашлеш іх дваіх, няцямлівых. Вырашыла везці сама. Вось тут я і не стрываў, крыху павысіў голас: маўляў, што ты робіш, навошта траўміраваць і так скалечаныя душы дзяцей. Любу гэта закранула, і яна, відочна кідаючы мне выклік і вымяшчаючы затоенае раней, сказала, што для «пануквання» ў мяне ёсць жонка. Але я і блізка не пакрыўдзіўся на Любу, і мы па-ранейшаму не саромеліся адкрыта глядзець адно аднаму ў вочы.

 

V

Зіма той год запазнілася. Снежань адлічваў апошнія дні, а снегу не было. Надараліся дні, калі браўся халодны паўночны вецер, выганяў сонечнае цяпло з зацішкаў. Здавалася, вось-вось замітусяцца ў паветры сняжынкі. Але не, холад адступаў, зямля, падсушаная начнымі замаразкамі, зноў цямнела, зноў мякка, як расплаўлены сонцам асфальт, асядала пад абцасам, і нават там-сям пачалі прабівацца з яе тонкія зялёныя нітачкі травы.

І раптам, як бы раззлаваўшыся, што цяпло не давала ёй ходу, зіма наскочыла напорыста і ўладна. Выпаў вохкі, пушысты снег, гаспадарліва ўхутаўшы дамы і дрэвы, ціскануў мароз, ураз пераапрануўшы людзей у тоўстыя кажухі. Уначы, як раз’ятраная ваўчыца, скуголіла за акном завея.

Я, канечне, зіму чакаў, але захапіла яна знянацку, ды дзе — у камандзіроўцы, лёгка апранутага, з голай галавою, у дэмісезонных туфлях. Вецер прадзімаў мяне да касцей, калі я ішоў на аўтастанцыю. На ўледзянелым і прысыпаным снегам тратуары вытаяў круг ад вечка каналізацыйнага калодзежа, на ім стаяў голуб і піў ваду, амаль не задзіраючы ўверх галавы. У мяне быў яшчэ дзень у запасе, але факты, дзеля якіх я ехаў у Бялыніцкі раён, былі сабраныя, і я вымушаны быў вярнуцца раней.

Гэты дзень мне быў як знаходка: выпісаўшыся ад Івашчэні, я ўсё яшчэ не змог ёй аддзячыць, хоць думка гэтая ўвесь час свідравала мне мазгі, непакоіла. Купіўшы каробку цукерак «асарці», бутэльку каньяку, аўтаручку з залатым пяром і, ведаючы, што Івашчэня павінна быць дома, я пазваніў ёй. Пачуў яе голас — нейкі адчужана-далёкі, разгублены. Ён збянтэжыў мяне, а тое, што яна суха сказала, каб я сёння не прыязджаў, зусім разбіла мяне, і я, засмучаны, перажываў, што, мабыць, пакрыўдзіў чалавека. Назаўтра, прыйшоўшы на працу, я даведаўся, што ў Івашчэні памерла маці. Грошы на вянок даручылі збіраць мне, і я з ахвотаю ўзяўся, як бы скупляючы сваю віну, хоць і не разумеў, у чым яна.

У доме, дзе ляжыць нябожчык, мяне ўражвала заўсёды цішыня, гнятлівая і такая чуйная, што здаецца, нават ад камара тут будзе гул, як ад турбіны самалёта. Дасюль я толькі два разы быў на пахаванні. Помню, як памерла баба — мацерына маці. Гэта было ў лютым, настолькі снежным, што машыны не маглі прабіцца шашою, і нам, школьнікам, даводзілася кватараваць у самім райцэнтры, дзе была дзесяцігодка. У суботу надвечар мы вярталіся дамоў, грэбліся па сумётах міма могільніку, і там на белым снезе між сосен убачылі свежую гурбу жаўцяку. Я не ведаю, што мне тады падказала, але ёкнула сэрца: памерла мая баба Надзя. Я шкадаваў яе, яна столькі ведала казак, песень, небыліц усякіх, любіла ўсё жывое, траву і кветкі, умела збіраць грыбы і ягады. І мяне вучыла гэтаму з трох ці чатырох гадоў.

Я ўжо не ішоў, а бег у вёску, аб’інелы, растрэпаны, і калі ўбачыў, як да нас у двор зварочваюць нейкія прыгорбленыя людзі, зразумеў, што не памыліўся.

Другі раз пахаванне бачыў тры гады назад, калі працаваў у раённай газеце, зрэшты, нябожчыка не бачыў, а толькі агаломшаных, растрывожаных людзей: у авіяцыйнай катастрофе загінула маці майго сябра, які тады працаваў загадчыкам аргаддзела райкома камсамола і ў якога ўжо тут, у Мінску, пазнаёміўся са сваёй жонкаю. Гэта, мабыць, страшна для блізкіх людзей — хаваць пустое месца.

І вось цяпер — трэцяе... Івашчэня сустрэла нас маўклівая, з чорнымі кругамі пад вачыма, але да ўсіх міласэрна-ласкавая, уважлівая.

Мне давялося выносіць труну з нябожчыцай — адчуванне, быццам ты закуты ў празрысты цвёрды скафандр, што не дае табе паварушыцца. Іменна ў жалобныя моманты, бадай, найглыбей адчуваеш і разумееш, як гэта добра — жыць, і якое ж бясконца дарагое жыццё, дадзенае табе для дабра, кахання, працы. Дзеля яго, жыцця, дзеля таго, каб прыгожа жыць, і трэба пісаць.

На могільнік была чарга — стаялі куртатыя аўтобусікі, апяразаныя шырокімі чорнымі палосамі. Сыпаўся рэдкі снег. Трактар, апёршыся на прымацаваныя ззаду суножкі з пляскатымі дыскамі на канцы, каўшом капаў магілы — акуратныя, роўныя, блізка адна каля аднае. За намі прыстроілася незвычайная працэсія — труна стаяла адкрытая на катафалку, і ў ёй ляжала маладзенькая дзяўчына — як спала, пужліва прымружыўшы вейкі, з чырвонымі кругамі румян на усю шчаку і ярка напамаджанымі вуснамі, між якімі запалі сняжынкі і не раставалі, недарэчна бялелі, як зубы, акурат дзяўчына смяялася. Адразу пайшоў шумок, пачуў і я,— дзяўчыну згвалцілі і забілі ў яе ж пад’ездзе.

Дамоў прыйшоў прыгнечаны, зусім адрынуты. Жонка таксама была не ў гуморы, бо не чакала, што затрымаюся ў першы пасля камандзіроўкі дзень. Не спытаўшы, дзе быў, яна адразу заявіла, здзівіўшы мяне сваёй катэгарычнасцю,— што ёй ужо абрыдла лётаць па Мінску і шукаць работу; тут жа папрок і ў мой адрас: журналіст, прыкметная пасада, называецца,— не можа ўладкаваць родную жонку. Я паўтарыў тое, што ўжо гаварыў, калі неслі заяву на шлюб: чалавек я зусім не практычны, не прабіўны, ва ўсякіх афёрах — круглы нулік. Тады яна, помніцца, адпарыравала — не ў гэтым, маўляў, бачыць вартасць мужчыны. Цяпер, здаецца, яна пярэчыла сабе, падмацоўваючы ўва мне думку, што шчасце з жанчынай салодкае толькі ў марах. І ўсё-такі я разумеў жонку і дарэмна на яе крыўдаваў: яна ўжо хадзіла цяжарная на пятым месяцы, і гэта было прыкметна нават не вельмі дасведчанаму воку, не кажучы ўжо пра начальніцкае.

Я ўзяўся даваць ёй парады, але, мабыць, зусім наіўныя, бо яна тут жа іх адмятала. Мы размаўлялі, мусіць, нястрыманымі галасамі, бо да нас заглянуў Андрэй — ён прыхварэў, хадзіў з абвязанай шыяй і шморгаў носам.

— Можна? — спытаў ён, асцярожна падступаючыся да канапы, на якой ляжала жонка. Я ўсё яшчэ даказваў ёй, што не варта хаваць цяжарнасць, бо па закону цяжарных жанчын павінны браць на працу ў першую чаргу. Жонка, захінуўшыся газетаю, адно пасміхвалася — яна саступала, і гэта мне падабалася.

— Не клычыце на цёцю Галю. Дзядзя Алесь, не клычыце на цёцю Галю. Яна класівая, безабалонная, бедненькая, я не дам яе ў клыўду...— Андрэй сеў на канапу і з асуджэннем, якое дзіўна межавалася з рашучасцю і страхам, утаропіўся на мяне.— Я люблю цёцю Галю, яна базабалонная...— Ён падсунуўся да жонкі ўшчыльную і глядзеў ёй у твар бліскучымі вачыма, дзёрзка і пяшчотна адначасова, мабыць, не асмельваючыся пацалаваць. Жонка, я бачыў, адчувала сябе няёмка, яна, бедная, аж пачырванела, бо няцяжка было ўявіць у гэты момант, што да яе лашчыцца не хворае дзіця, а чужы мужчына. Гэтая нечаканая сцэнка і памірыла нас, падліўшы ў сэрцы абаіх чуллівасці і пяшчоты. Андрэй выйшаў, і я зачыніў дзверы.

Мы ўключылі таршэр, які падараваў я жонцы на дзень нараджэння. Блакітна-зеленаватае святло ад яго запоўніла ўвесь пакой, і ён стаў падобны на вялікі акварыум. Я сказаў пра гэта жонцы і, прытварыўшыся марскім богам Пасейдонам, жартаўліва прапанаваў ёй пабыць у ролі жанчыны-русалкі, што выходзіць з вады ў штармавыя ночы.

Яна згадзілася.

...Я з’ехаў вуснамі з яе вуснаў на шчаку, потым на шыю і плячо, не перастаючы лёгенька цалаваць, пакуль не адчуў у роце цёплую шурпаценькую ягаду саска.

У нас была ноч надзіва спакойнага, глыбокага сну.

Раніцаю жонка, выпраўляючы мяне на працу, сказала, што сёння ў свой паход адзене штаны: маўляў, раз у штанах — не падумаюць, што цяжарная. І я зразумеў: учарашняя наша размова ёй не забылася і не ад згоды са мной яна замаўчала. Мусіць, чым больш чалавек кахае, тым больш у яго душы знаходзіш супярэчнасцей.

У абед, не дачакаўшыся вечара, жонка пазваніла мне ў рэдакцыю і сказала, што ўладкавалася на завод медпрэпаратаў. З мяне акурат звалілася гара, хоць жончыны словы і гучалі папрокам.

Я ішоў дахаты радасны, нягледзячы на непагадзь. Нечакана пацяплела, такія перапады ў апошнія дні бывалі часта. Снег стаў вадзяны, раскіслы, і ногі скрозь прамоклыя чаравікі адчувалі сырасць; устрывожыўся, каб, чаго добрага, не захварэць — пайшлі чуткі, што па Мінску ходзіць нейкі трохвірусны грып. Можа, во і Андрэй падхапіў яго — бедны, мала яму пакут.

Я завярнуў у гаспадарчы магазін і купіў спецыяльнай паперы для аклейкі вокнаў — скручаныя ў рулончык вузкія паскі. Клейстар мы зрабілі самі з мукі і ўвечары аклеілі акно. Прапанавалі сваю паслугу і гаспадыні, ды яна адмовілася: маўляў, усё роўна дзверы на балкон аклейваць не будзеш. Я турбаваўся не за сябе, а за жонку: ёй хварэць, ды яшчэ небяспечнымі інфекцыйнымі захворваннямі, ні ў якім разе нельга.

 

VI

Пасля таго як жонка ўладкавалася на працу, нам весялей стала жыць. У выхадныя, а то і ў будні вечар, мы спакойна маглі схадзіць у кіно, тэатр,— над намі не вісеў той ранейшы груз няпэўнасці, які ўтрымліваў ад усякіх пагулянак: жыццё не наладзілі, а па кіно расхаджваеце.

А тыдзень таму я прачытаў на рэкламнай тумбе аб’яву: у тэлестудыі адбудзецца сустрэча з маім любімым паэтам. Здаецца, мары суджана было спраўдзіцца. А як жонка? Я амаль не сумняваўся, што і яна захоча пайсці на сустрэчу. Нізашто яна не ўпусціць гэты шанец пабачыць славутага чалавека, каб потым дзе-небудзь у кампаніі казырнуць. Яна не хацела зводзіць сваё жыццё да быту і кухні, яна цікавілася навінамі культуры, літаратуры, нават эканомікі. Пры вонкавай усяеднасці яна мела добры густ і з патоку інфармацыі, кніг, відовішчаў умела выбіраць карыснае і сапраўднае. На танныя прыёмчыкі яна, здаецца, не клявала.

Паэт аказаўся весялейшы і рухавейшы, чым я ўяўляў яго па фотаздымках. Яго засыпалі пытаннямі, самымі рознымі, ад сямейна-бытавых да палітычных, і ён амаль не чытаў сваіх вершаў. Жонка таксама падала запіску з пытаннем: «Якое, на Вашу думку, уздзеянне твораў Томаса Мана на моладзь?» Адказ яго быў звычайны: толькі станоўчае, геній не можа інакш уплываць, нават сваімі памылкамі.

Паэта здымалі трыма камерамі, адна з якіх увесь час паварочвалася на гледачоў — яны сядзелі паўкругам, у некалькі радоў і на рознай вышыні. Жонка шчыра, па-дзіцячы радавалася, што трапіла ў камеру і яе пакажуць па тэлевізары. Можна ўявіць, з якім нецярпеннем яна чакала гэтай перадачы, якая мела назву «Ліра».

Чалавек можа стаць і пастаяць на месцы, тады як жыццё не мае супынкаў, падсоўвае кожны дзень нечаканасці. Мяне выклікалі ў ваенкамат — спярша ў раённы, затым у абласны. У раённым гутарка была кароткая: прапаноўваем вас на афіцэрскую пасаду ў радах Савецкай Арміі. Ну і давер! Я не стаў нічога тлумачыць, разумеючы, што ўсё вырашае абласны ваенкамат.

Я прыйшоў да ваенкамата раней дзевяці гадзін. На вуліцы сыпаўся лёгкі снег, паветра было сухое, падфарбаванае пяшчотнай жаўтаватай імглою. На старой ліпе каля будынка ваенкамата сядзелі, натапыраўшыся, маркотныя чорныя, як бы толькі што вылецелі з коміна, галкі. Недзе ў снегавой белізне адзінока ф’юкаў снягір.

У кабінеце начальніка палітаддзела сядзела група людзей — падпалкоўнік, два маёры і тры дабрадушныя сівагаловыя ветэраны. Я адно адказваў на пытанні, за мною запісвалі без усякіх агаворак, а калі сказаў, што ў мяне бацька інвалід вайны другой групы, а старэйшы брат маёр Савецкай Арміі, усе з камісіі, як адзін, красамоўна хітнулі галовамі, і я зразумеў, што мая кандыдатура адпадае. Шчыра кажучы, гэта мяне засмуціла, бо я наладзіўся ўжо на службу, абмеркаваў з жонкаю, як і што мы будзем рабіць. Цяпер, выходзіла, трэба зноў вяртацца да ранейшага рытму жыцця. Такія скачкі я заўсёды пераносіў пакутліва, а жонка, напрыклад, любіла вострыя адчуванні і з ахвотаю сама сябе на іх наводзіла. Інакш я і не расцэньваў яе смеласць паехаць у камандзіроўку. Спачатку я быў катэгарычны: «Цяжарную, цябе не маюць права пасылаць без тваёй згоды!» — «А хто табе сказаў, што я не згодна?»—Жонка бесклапотна ўсміхалася: маўляў, ты ўвесь час ездзіш, а мне і разу нельга. Я не разумеў яе: хіба тут месца жарцікам? І тады жонка ўжо зусім сур’ёзна паясніла, у чым справа,— ёй даверылі, узялі на працу, і яна не хоча быць «свінтусам грандыёзусам», адразу станавіцца ў позу, навязваць свае ўмовы, сумленне пакуль яшчэ не згубіла. Мне нічога не заставалася, як згадзіцца з ёю — яшчэ і таму, што тут заявіў пра сябе нядрэмны эгаізм чалавечай натуры: аднаму, без жонкі, увечары мне лепш працавалася.

Першы ж дзень, як толькі жонка паехала, Люба, тоячы ў вачах усмешку, шматзначна спытала ў мяне: «Адправіў Галку ў камандзіроўку, так?» Я зразумеў, на што яна намякае: маўляў, адпраўляй-адпраўляй, толькі потым не здзіўляйся, чаму жонка стала халодная да цябе. Люба, як жанчына, мела вопыт вялікі, яе можна было слухаць. Але ж яе меркаванні не маглі быць праўдзівымі ў кожным канкрэтным выпадку, і не маглі пераносіцца на нашы з Галяю адносіны, у шчырасці якіх я ні разу не засумняваўся, бо пажаніліся мы без усякага разліку, які так раз’еў душы цяперашніх маладых людзей. Мне заўсёды з усмешкаю прыгадваецца тралейбуснае знаёмства адной парачкі. Ён — у дублёнцы, андатравай шапцы, з вусамі, самазадаволены, пытае ў дзяўчыны з тонкімі рысамі твару, пяшчотнай скураю і наўмысна падвышаным галаском: «Дача, машына ёсць?» — «А як жа!» — «Кватэра — плошча?» — «Асабняк».— «Дываны, золата?» — «Без іх цяпер нельга».— «Колькі грошай на кніжцы?» — «Бацькі трымаюць у тайне».— «Чым харчуецеся?» — «Асятровай ікрою».— «Дзе працуюць бацькі?» — «Тата ў рэстаране «Космас» бармэнам, мама прыёмшчыцай шклатары...» — Яна адказвала дзе жартам, дзе ўсур’ёз, але заўсёды — відаць было — ганарылася сваім сямейным становішчам і ведала сабе цану.

Дык вось, я верыў сваёй жонцы і нават на каліва не сумняваўся ў яе прыстойнасці, але... Вось гэтае «але» пасля Любіных слоў прымусіла мяне задумацца. У чалавечым жыцці бывае такое: куфэрачак ісціны раптам адкрываецца ключыкам зусім далёкай ад яе, ісціны, дробязі. Не, ніякіх падазрэнняў у мяне не было, я нічога новага ні ў сабе, ні ў жонцы не адкрыў. Але ж павінен я быў задумацца, чаму жонка паехала ў камандзіроўку не абы-куды, а ў Салігорск, дзе — расказала мне яшчэ да жаніцьбы — жыве хлопец, якога яна кахала, пазнаёміўшыся з ім на практыцы пасля першага курса. Выпадкова яна выбрала гэты горад ці не? Для нас настолькі важная была сама паездка, што зусім выпала з-пад увагі не менш важнае, як цяпер здаецца,— куды паездка.

І Люба, сама таго не жадаючы, мабыць, без усякага намеру, растрывожыла мяне, і не столькі тым, што абвінавачвала сучасных жанчын у легкадумнасці, колькі сваімі млявымі, мяккімі позіркамі, акурат імі хацела пацвердзіць, што жанчына вельмі спрытная на спакусу чужога мужчыны. Здаецца, Люба ўпершыню так бесцырымонна, як бы з патаемнаю думкаю вывучала мяне, што я ледзь не разгубіўся і стараўся не прыкмячаць яе зацікаўленых позіркаў, каб не адказаць прыязнасцю. Любу гэтая мая закаванасць, бачыў, памалу пачынала раздражняць, голас яе станавіўся чужым і цвёрдым.

Жонка вярнулася праз тыдзень сумная і расчараваная. Стамілася. Без ахвоты, але расказала пра калійны камбінат, дзе правяла ўсю сваю камандзіроўку і дзе сустрэла многіх знаёмых. «Ну а?..» — Я, ведаючы, што і яе былы каханы працуе там, недамоўкаю надаваў пытанню таямнічасці і як бы загадзя адчыняў варотцы для жончынай шчырасці. Яна абыякава махнула рукою, маўляў, усё даўно мінулася, забыта; і я да канца ўверыўся, што жонка не хлусіць, калі яна спакойным голасам сказала: «Ён ажаніўся ўжо і паехаў з жонкаю ў Калінінград...» Не скажы яна гэтага, і я не паверыў бы, што яна не пацікавілася лёсам чалавека, якога кахала. І справа тут не ў жаданні вярнуцца да старога, а ў бяссіллі перад поклічам таго, што колісь хвалявала, забірала пачуцці, крэмзала душу. Мы часта ламаем сабе жыццё тым, што не хочам разумець асаблівасці жывой чалавечай натуры, напрыклад, жаданне жанчыны падабацца мужчынам і наадварот; у ім, гэтым жаданні, заўсёды больш чысціні, чым у вонкавай стрыманасці, ганарыстасці таго ці іншага.

З суботы, калі прыйшла праграма ТБ на тыдзень, жонка не ведала спакою, чакала пятніцу, на якую была заяўлена перадача з удзелам вядомага паэта. Ёй так хацелася ўбачыць сябе з экрана, што, здаецца, яна ці не залішне мітусілася. Можа, дзесяць разоў, асабліва ўвечары, за чаем, пахвалілася Любе. І, мабыць, закранула ў ёй тую ранку самалюбства, якая не балела адно таму, што Люба гаіла яе ўвесь час цвярозай думкаю — трымацца з годнасцю. Ні чым іншым, а толькі гэтым, я растлумачыў сабе Любіну выхадку: яна не дазволіла нам паглядзець перадачу пра паэта. Спаслалася на тое, што па першай праграме ідзе опера Чайкоўскага «Яўгеній Анегін», у якой партыю Анегіна спявае Барыс Штокалаў — яе любімы артыст. Хоць было ўкусі сябе за вуха! Жонка плакала, утапіўшы твар у падушку. Я суцяшаў яе, як мог, турбуючыся ўжо і за здароўе будучага дзіцяці. Жонка абуралася: «Цяжарнай адмовіла? Такі грэх!..» Канечне, мала прыемнага ў Любіным учынку, але ў кожнага свой нораў, а ў гаспадыні кватэры — і пагатоў.

Андрэй — чуваць было — выкрыкваў нешта за сцяною, потым, здаецца, пляскалі далоні, і ён плакаў. Мабыць, абараняў нас з жонкаю.

Мне цяжка было сказаць, што падбіла жонку — ці то гэтае непаразуменне з гаспадыняю, ці мой намер з’ездзіць у вёску, крыху адпачыць, праведаць бацькоў,— але яна неўзабаве заявіла, што, як толькі пойдзе ў дэкрэтны водпуск, адразу ж з’едзе да сваёй маці ў райцэнтр і там будзе раджаць. Нават калі не зважаць на капрызы, то варыянт быў якраз не горшы, бо трывог і хваляванняў перад родамі хапала, і слова маці, сталай жанчыны, было зусім не лішняе, гэта мы абое разумелі.

Люба, мабыць, не вельмі перажывала за свой учынак і нават — відаць было — не старалася шукаць яму апраўдання. Па-ранейшаму, як ні ў чым не бывала, вольна звярталася да мяне і нават да жонкі. Не, яна і блізка не паказвала, што запабягае перад намі. Проста паводзілася так, быццам у яе ўчынку не было нічога незвычайнага, яго трэба прымаць як само сабою зразумелае, як уладнае слова гаспадыні. Бо ніводзін чалавек, беручы кватарантаў, і блізка не хоча мірыцца з думкаю, што трэба ў нечым абмяжоўваць сябе дзеля іх. Ён адно рыхтуецца да барацьбы, што будуць весці ў яго душы самалюбства і тыя светлыя парывы, на якія задумана богам чалавечая душа. Гэтая барацьба, канечне, ішла ў Любінай душы. Люба скаралася, пакуль усё было ціха і прыстойна, а як толькі між ёй і намі ўзнік бар’ерчык, тут жа разняволілася. Не было ўжо чаго хаваць, яна сябе выдала, пэцнула па сваім аўтарытэце і цяпер не баялася, што пра яе падумаюць горш, чым яна ёсць.

І таму я не вельмі здзівіўся, калі Люба прывяла сабе мужчыну. Я пачуў голас: ён быў грубаваты, густы, як у заядлага курыльшчыка і выпівохі. Жонка не магла ўтрываць, каб не глянуць на яго. Знайшла прычыну схадзіць на кухню, дзе Люба гаманіла з кавалерам. Вярнуўшыся, акругліла вочы: «Божа, каго яна прывяла!..» Па яе словах, гэта быў не мужчына, а шымпанзэ. Стары, маршчыністы, з выпуклым тварам і буйнымі жоўтымі зубамі. Праз гэтыя рысы пасля Люба параўнала яго з вядомым італьянскім акцёрам.

Цяпер кожны дзень Любу з работы прывозіў чырвоны «Масквіч». Мужчына ставіў яго так, каб ён быў відаць з акна, замыкаў дзверцы ды ішоў разам з Любаю. Яна болей стала таптацца на кухні — зрэшты, была добрая гаспадыня, умела кулінарыць. Прыемныя, апетытныя пахі часта прыплывалі да нас у пакойчык. І ў шафках у Любы быў ідэальны парадак: слоік да слоіка, бляшаначка да бляшаначкі, крупы, цукар, перац у спецыяльных пластмасавых формах. Вазьмі белы насавічок, як гэта робіць дбайны старшына ў салдацкіх казармах, правядзі па любой палічцы — не ўбачыш ані пылінкі. Люба прызналася неяк, што гэтая ахайнасць ёй перадалася ад маці, і паказала цэлыя альбомы выразак з газет і часопісаў, усякія наклейкі з маляўніча аформленымі стравамі замежнай кухні. Але, не ўтаіла, ёй шкодзіць адна загана — лянота, праўда, не прыроджаная, а быццам справакаваная былым мужам, Міколам, які браў на сябе занадта шмат бытавой драбязы.

Андрэй, убачыўшы незнаёмага мужчыну, прымчаўся да нас у пакой, узяў мяне за руку.

— Паглядзі, дзядзя Алесь! Да мамы дзядзя плыйшоў, на масыне...— Ён гаварыў так, акурат хацеў, каб я гэтую ж мінуту падняўся і калі не выгнаў з кватэры «дзядзю», то хоць бы паказаўся яму на вочы. Андрэй, мусіць, бачыў ува мне абаронцу і хацеў заручыцца маёю падтрымкай — на выпадак, калі незнаёмец захоча пакрыўдзіць яго. У той вечар Андрэй доўгі час бавіўся са мною. Я ўжо быў падумаў, ці не Люба адпрэчыла яго, каб не назаляў, але потым упэўніўся, што Андрэй проста ігнараваў незнаёмага мужчыну. Мне гэта нават лесціла. Я заўсёды з цікавасцю размаўляў з Андрэем. Столькі ў ім было непасрэднасці, незвычайнай, нелагічнай фантазіі, што мая душа ўвесь час трымцела ў чуйнай балючасці, на ўсё тонка рэагавала, і мне здавалася, што на свеце жывуць толькі шчырыя і даверлівыя людзі.

— Дзядзя Алесь, а вы любіце цёцю Галю?

— А як жа. Яна ж мая жонка.

— Зонка ваша? — Ён глядзеў на мяне так, быццам я адкрыў яму нейкі цуд.— Я яе таксама люблю, дык яна і мая зонка? Праўда, цёця Галя, вы мая зонка?

Жонка палажыла на столік кнігу — аповесці і апавяданні Андрэя Платонава,— і ўсміхнулася мне. Андрэй падышоў да яе, і яна пагладзіла яго па галаве.

За сцяною выразна чуўся юрлівы Любін смяшок. Я ці не ўпершыню адчуў у сабе пачуццё рэўнасці да таго мужчыны, што быў з Любаю. І Андрэй уважліва прыслухоўваўся да гукаў за сцяною — пераканаўшыся, што не зблытаў смех з плачам, зноў хінуўся да маёй жонкі.

Я і праўда быў у дзіўным становішчы.

 

VII

Канфліктаваць я не любіў і не ўмеў. Мяне заўсёды абуралі сцэны ў тралейбусе, магазіне, проста на тратуары, калі зусім незнаёмыя людзі праз нейкую драбязу ўсчыналі такі гвалт, што хоць затыкай вушы. Адкуль у іх браліся словы — пякучыя, колкія, рэзкія, што цалялі ў самае сэрца? Не цяжка было ўявіць, як такія людзі паводзяць сябе дома, на працы.

Загадчыкам аддзела інфармацыі, у якім я працаваў, быў Хрышчанок — як журналіст, зусім бездапаможны. У рэдакцыі да яго з павагаю ставіліся толькі вонкава, праз тое, што ён меў у вярхах уплывовага сваяка, а ў душы ўсе насілі затоеную непрыязнасць. Хрышчанок не мог цярпець людзей з уласнай думкаю. А што ж за журналіст без уласнай думкі? Дык вось: іх шмат, такіх журналістаў, хоць сябе, меў ці не меў такое права, я з гэтай кагорты выключаў. Хрышчанок ніколі не раіўся з супрацоўнікамі, які матэрыял хутчэй ставіць у нумар, не ўзгадняў з аўтарам свае праўкі, да якіх у яго быў нястрымны сверб, не дзяліўся навінамі пасля рэдактарскіх «лятучак». Гэта быў — чалавек-сцяна.

У адзін з апошніх дней зусім не зімовага, мокрага лютага я і падышоў да гэтай «сцяны», каб адпрасіцца на некалькі дзён у вёску. Хрышчанок доўга маўчаў, унурыўшыся ў паперу змрочным позіркам,— паказваў, што вельмі заняты.

— Нешта вы ўсе раз’ездзіліся,— нарэшце падняў ён галаву.— Учора Лебедзева, сёння ты...

Я ўжо добра вывучыў Хрышчанка і па такой яго рэакцыі зразумеў, што адпусціць, але павінен, як зазвычай, пацвяліць нервы, тым самым як бы лішні раз напомніць, якое няпростае жыццё. Жыццё якраз простае, прыгожае, даецца чалавеку ў радасць, няпростым яго робяць самі людзі.

Канечне, не ведаючы свайго загадчыка, я мог бы і абурыцца: як гэта так, трэба праведаць старых бацькоў, а ён яшчэ мудруе? Ды якраз у такія імгненні мне на падмогу прыходзіла вытрымка, і я заўсёды аставаўся ў выйгрышы. Мала гэтага, яшчэ заручаўся авансам добрых адносін да сябе і надалей.

Выйшаўшы ад Хрышчанка, я думаў: адкуль бярэцца ў людзей гэтае жаданне атручваць жыццё іншым? Няўжо толькі таму, што кожнаму слава, пасада, грошы даюцца з цяжкасцю і ён думае: няхай і табе не на падносіку іх пададуць? А можа, усё прасцей, можа, у самой прыродзе чалавека закладзена вось гэтае імкненне да першынства, пакідаць астатніх ззаду, і тут нічога не зробіш? Толькі ж няма сакрэту, кожнаму зразумела: за табою ёсць і будуць людзі, якія абгоняць цябе, падскочаць вышэй, і смех іх над тваімі патугамі будзе іранічны ці нават паблажлівы.

Жонка дапамагла мне сабрацца ў дарогу, купіла на гасцінец каўбасы, бляшанку селядцоў, акуратна ўпакавала ў цэлафан.

У родную Малінаўку я заўсёды ездзіў з хваляваннем, з пачуццём да канца не зразумелай вінаватасці. І, мусіць, не толькі перад бацькамі (яны заўсёды зразумеюць), а перад самой зямлёю, на якой вырас, на якой прыйшла да мяне сталасць і якую, быў упэўнены, пакінуў назаўжды. Мае рэдкія наведванні бацькоў не супакойвалі; дарослы чалавек, я вымушаны быў прызнаць бязлітаснае і непазбежнае — рана ці позна бацькі памруць, і шлях у Малінаўку мне абрэжацца. Можа, у гэтым нічога благога і няма, іншы раз думаў я, як няма нічога благога ў тым, што ў народжанага дзіцяці адцінаюць пупавіну, якая злучала яго з маці.

Прысыпаныя снегам сосны сустрэлі мяне на паваротцы маўчаннем, і ў гэтым іх магільным маўчанні я адчуў дакор сабе. Я спыніўся і з зачараванаю ўтрапёнасцю глядзеў на нерухомыя сосны, як бы вінуючыся перад імі. Прыляцеў аднекуль дзяцел, сеў на чорны сук, забарабаніў. Пацяруха пасыпалася на белы пад сасною снег.

Маці, убачыўшы мяне ў акно, выйшла на двор. Яна была ў цёплай пуховай хусце, якую колісь я купіў ёй з першай зарплаты. І мацерына шчака, і хустка былі аднолькава мяккія.

— Думалі пазней кабана біць, а раз ты ўжо прыехаў, то заб’ём цяпер,— сказала маці, ставячы на стол падрыхтаваныя загадзя міскі з ядою: жоўценькія марынаваныя казлячкі з фіялетавымі шляпкамі, ядраную квашаную капусту з кружкамі цыбулі наверсе, тварог, замешаны на смятане, і парэзанае роўнымі брусочкамі беленькае сала.

Гэта ўжо быў закон нашай сям’і: свежаваць кабана тады, калі прыязджаў хто-небудзь з сыноў. Часцей, канечне, наварочваўся я, бо старэйшы брат, забраўшыся на Далёкі Усход, не заўсёды мог выклапатаць сабе такую прыхамаць. У мацярэй адвечнае пачуццё — накарміць дзіця. Свежаванне кабана ў вёсцы здаўна лічыцца вялікай сямейнай урачыстасцю, і кожная маці хоча, каб на ёй абавязкова былі дзеці.

Я шмат паездзіў па Беларусі, і ўсюды адносіны да гэтай падзеі аднолькавыя, хоць свяжуюць кабаноў па-рознаму. Я нідзе не бачыў і ні ад кога не чуў, каб кабаноў стралялі з ружжа, як у нас на Слаўгарадчыне. Усюды калолі швайкаю, нажом ці аглушвалі даўбешкай. Гэтая адмета здзіўляла і зусім уразіла мяне, калі я прачытаў апавяданне свайго земляка пісьменніка, у якім вельмі падрабязна і тонка выпісана, абмалявана сцэна свежавання кабана.

З усіх маіх аповядаў бацькоў проста ашаламіла тое, што ў гаспадыні, дзе мы з жонкаю кватаруем, «ненармальны» хлопчык. Бацька тут жа падвёў сваю выснову: «Піць памногу сталі, адкуль жа дзеці будуць здаровыя...» Маці, падсміхнуўшыся, упікнула:

— Не пляўкай хаця! Многа ты глядзеў, п’яны ці не, як дзяцей замышлялі?

— Я? — Бацька напусціў на твар такую сур’ёзную міну, быццам чуў неверагодны папрок у свой адрас.— Ды я п’яны цябе за кіламетр абыходзіў!

На палюбоўныя тэмы ў нашай сям’і размовы паміж бацькамі і дзецьмі не вяліся ніколі, нават блізка да іх не падступаліся. Гэта адно цяпер, калі я ўжо сам збіраўся стаць бацькам, зачапілі, і тут жа маці перакруціла на сваё:

— Ета ж во ў бальніцу ездзіла, дык чула... Колькі-та дзяцей нараджаецца сапсутых? Казалі, на сотню адзін... У нас жа во тож п’юць, але, дзякуй богу, ні ў кога ненармальных няма.

— А ці далёка вунь Вербіж,— сказаў бацька.— У Івана Пытлячонка дачка ж дэбільная...

— Ага. Ета ж нібыта яе некуды здалі, у спецыяльны інтэрнат...

— Канечне! Усё адно ж чалавек. Гэта толькі Гітлер, каб зрабіць сваю нацыю моцнай, такіх знішчаў.

— Войкі, не ведаю, якая ета матка аддасць на загубу свайго дзіцёнка, які б ён ні быў,— захітала галавою маці, устаючы з табурэта.

За гаманою не заўважылі, як сцямнела. Сінімі сталі шыбы. Запалілі ў хаце святло, і шыбы ўраз пачарнелі, было відаць, як блізка каля шкла мільгалі белыя сняжынкі. Маці захінула акно фіранкаю. У гэтым вячэрнім часе, калі сядзіш пры выпадковым стале з бацькамі, не раз думалася мне, ёсць нейкае глыбокае таінства, якое не разгадваецца, але напаўняе душу спакоем і светлай, як бы з дзяцінства, радасцю; уночы соладка спіцца, а раніцаю прачынаешся ад голасу маці, і такое адчуванне, быццам нанова нарадзіўся на белы свет і жыццё тваё пойдзе прамою ды гладкай дарогаю, без няўдач і засмучэнняў.

Усталі раненька, цёмнай гадзінаю. Маці паліла ў печы, была рухавая, гаваркая.

— Во, двое мужчын у хаце, а трэба ісці прасіць чужога чалавека, каб забіў кабана,— пабедавала яна.

— Фашыстаў, гадаў, браў на мушку,— апраўдваўся бацька,— а кабана не магу застрэліць. Хоць ты што...— разводзіў ён рукамі.— Трасучка б’е.

Я таксама трымаў у руках зброю, страляў па мішэнях (на ваеннай падрыхтоўцы, ва універсітэце, пазней на ваенкаматаўскіх зборах), здаецца, усё проста, умею суняць хваляванне, але не мог уявіць, як гэта страляць у жывое. Мяне заўсёды здзіўляў спакой, з якім хадзіў услед за кабаном, выбіраючы зручны момант, дзядзька Сцяпан — муж мацерынай сястры Аксюты.

Вось і цяпер ён зайшоў у хату з дубальтоўкаю ў руцэ і доўгім нажом за халяваю катанка. Маці адразу кінулася за печ, на ложак, аблажыла галаву падушкамі, каб так ляжаць, пакуль хто-небудзь не падыдзе і не скажа: усё.

Бацька наліў дзядзьку Сцяпану чарку, той выпіў і, не закусваючы, выйшаў на двор. Там каля таза з учарашняй мешанкаю рохкаў кабан.

Бацька застаўся ў сенцах, крышачку прачыніўшы дзверы, цікаваў за дзядзькам Сцяпанам.

Я быў у кладоўцы, вышукваў у цёмным куце паяльную лямпу, калі грымнуў стрэл. Потым чуў, як востра шоргалі аб сцяну хлява капыты заваленага кабана, доўга сакаталі ўстрывожаныя куры.

— Ну, а смаліць... як-небудзь ужо пасмаліце і без мяне,— сказаў дзядзька Сцяпан, выціраючы анучай запэцканыя крывёю рукі. Твар яго быў задаволены, правая шчака крывілася ад усмешкі, скакаў выгнуты серпікам глыбокі шрам — падчас службы ў арміі дзядзька скінуўся з даху вагона і рассек шчаку.— А я пайду заводзіць свайго «беларуса»... Мне сянні нарад торф вазіць.

— Дык жа надвечар загляні,— папярэдзіў яго бацька.

Дзядзька Сцяпан аглянуўся ўжо каля варот, аднымі вачамі сказаў: дзіва што, з ахвотаю. Дзядзьку Сцяпана і цётку Аксюту лёс пакрыўдзіў — у іх не было дзяцей; ужо дарослы я здагадаўся — чаму: аказваецца, цётка Аксюта раджала, і ёй рабілі кесарава сячэнне, каб хоць выратаваць яе самую, бо дзіця ўжо было мёртвае. І як людзі, пазбаўленыя клопатаў пра дзяцей, яны любілі кампаніі, гаману, прынамсі, сярод сваякоў гэта заўсёды прыкмячалася.

Дзядзька Сцяпан заявіўся позна ўвечары — мы з бацькам садзіліся глядзець праграму «Час».

— Ну вось, у вас папелі, а ў нас паелі! — засмяяўся бацька.

Дзядзька Сцяпан прымасціўся на сваё ўлюбёнае месца — на высокі парожак каля дзвярэй, што вялі ў веранду. Цяжка палажыў на калені натруджаныя рукі; яны былі вялікія і чорныя, як у качагара, набрынялыя свінцовай стомаю. І твар у дзядзькі Сцяпана быў сцямнелы, як бы выціснуты,— не дзіўна, дзень на марозе.

Маці замітусілася частаваць. Падсунула да дзядзькі Сцяпана табурэтку і паставіла на яе шырокую патэльню са свежыною, зверху накрытую стосам дранікаў: вынятая з напаленай печы, свежына адразу пусціла па хаце салодкі духмяны пах.

Дзядзька Сцяпан сядзеў утупіўшыся ў тэлевізар і як бы не прыкмячаў, што з’яўлялася перад ім на табурэтцы. А там ужо і бутэлька стаяла — матавая з марозу і ад таго нейкая калючая.

Унізе экрана пабег радок «Інфармацыйная праграма «Час».

— Ну што яны мне паказваюць? — раптам развёў рукамі дзядзька Сцяпан.— Я ж во толькі з гэтага поля...— Ён патрос сваімі рукамі — растапыранымі, чорнымі, як асмаленымі. Капачы, а не рукі.

На экране трактары ланцужком везлі торф, а ў верхнім куце — кружок і ў ім лічба, колькі тон тарфакрошкі вывезлі. Я засмяяўся ад такога наіўнага дзядзькавага абурэння, паясніў, што гэта ж перадача не толькі для вёскі, а для ўсіх людзей; і якому-небудзь гарадскому чыноўніку-пісаку цікава ўведаць, што зараз робіцца на палях ды фермах, а тое, што хацелася б яму, дзядзьку Сцяпану, чыноўніку абрыдла — усякія там канцэрты і танцулькі.

— Не, плямяш, што ні гавары, а мне ўсё ж цікавей пра паліціку паслухаць... што там ды як у свеце, кіно якое красівае...— Ён хітнуў галавою.— От лепш, чымся «Лёс чалавека», кіна я не бачыў... Так і стаіць у вачах, як паўзе салдат, рыючы тварам зямлю.

Я ведаў: змушаць на іншае дзядзьку Сцяпана — усё роўна што шлёгаць пугаю па вадзе. У ім гэтая няўступчывасць, зрэшты, як і ў цёткі Аксюты, мабыць, сядзіць у самых пячонках. Колькі і помню сябе, дзядзька Сцяпан, асабліва пад хмелем, спрачаўся заўзята, да ахрыпласці ў голасе і, зусім небагата ведаючы, кожны раз аставаўся на сваім. І нельга сказаць, што гэтая ўпартасць ішла ад нейкай тупасці ці абмежаванасці. Ад прыроды дзядзька быў якраз чалавек недурны, адно што не меў магчымасці далей трох класаў вучыцца; яго брат і сястра, што нарадзіліся пазней, пазакончылі інстытуты і цяпер у гарадах відныя людзі. Проста, мусіць, дзядзьку Сцяпану трэба было яшчэ нечым, апроч працы, сцвярджаць сябе — прынамсі, мне так часта здавалася.

Маці запрасіла ўсіх вячэраць, і дзядзька Сцяпан пайшоў у качарэжнік, дзе быў мыцельнік, мыць рукі. Мы з бацькам падсунуліся бліжэй да табурэткі, адно дзеля кампаніі, бо ўжо адведалі свежыны. Дзядзька Сцяпан, і гэта было ў яго натуры, усё аніяк не мог астудзіцца: у яго, маўляў, вунь два тэлевізары — стары «Нёман», і цяпер купілі новы, каляровы «Гарызонт»,— а перадачы ён, па сваёй зацятасці, не глядзіць, чаго не скажаш пра цётку Аксюту. Ёй цікава ўсё: ад мартэнаўскіх печаў да «клубкоў нітак» —так назвала яна парашуты, першы раз убачыўшы іх на экране.

Я здзівіўся, што дзядзька Сцяпан такі багатыр, а той, не задумваючыся, прапанаваў:

— Забірай сабе «Нёман», вязі ў Мінск... А што? Паставіш увязаны ў багажнік і — цю-цю! — Ён прысвіснуў.

Я ажно ўздрыгнуў ад нечаканасці: дзядзька Сцяпан акурат адгадаў, што ў нас з жонкаю праблема з тэлевізарам, праз яго была ўжо сутычка з гаспадыняй. Залежнасць, нават дробязная, заўсёды кепская тым, што змушае чалавека прыстасоўвацца і заглушаць у сабе пачуццё годнасці, і я згадзіўся забраць тэлевізар, спадзеючыся бясконца абрадаваць жонку.

Гамана разрасталася і ўжо закранула палітыку — пакушэнне на прэзідэнта Рэйгана,— перакінулася на быт, зарплату і прадукты; нарэшце зноў вярнулася да таго, што ўразіла ўчора бацьку і маці,— да гаспадынінага хворага хлопчыка. Лягчэй за ўсё раіць чужой сям’і таму, хто яе сам ніколі не меў, гэтак жа сама як меркаваць пра дзяцей, не нарадзіўшы іх. Дзядзька Сцяпан, узяўшы за губу пару чарак, быў і тут непахісны: маўляў, чым такія дзеці, як гэты Андрэй, дык лепш ніякія. І нават быў заікнуўся, што ён вось бяздзетны і хіба яму кепска. Але, мусіць, адчуў, што перагнуў палку, і, каб не вярэдзіць балючую рану, хуценька перавёў размову на кабана: як падбіраўся, як цэліўся і зваліў кабана з першага стрэлу, а мог бы і прамазаць — тады бегай-кідайся за ім, параненым, па двары. Прыпомніў з далёкай бытнасці, як уссадзіў яго падстрэлены кабан на карак і, выламаўшы весніцы, папёр у поле; ён учапіўся за кабанову шчэць, апомніўшыся, выхапіў з халявы нож і стаў шмуляваць ім кабану па гарлавіне.

Я, прызнацца, шмат чуў падобных здарэнняў, і цікавасць да дзядзькі Сцяпана паволі слабела — яшчэ і таму, што неадчэпнай асою прыбілася да мяне думка, якая ўсё глыбей і глыбей апускалася ў душу: чаму (у любой справе) адны могуць, другія — не? І тыя, што не могуць, перашкаджаюць тым, хто можа, і чалавецтва праз гэты тормаз праходзіць шлях удвая карацейшы. Дзе можна спыніцца і ўсур’ёз над гэтым задумацца? Я асабіста — толькі ў вёсцы.

Вёска і яе людзі як бы сціралі з жыцця размытасць і паказвалі яго ў канкрэтнай выяве, якая давала мне, журналісту, і праблемы, і характары, і вобразы, і жывыя народныя слоўцы... Гэта мяне вабіла, лагодзіла душу, напаўняла яе святлом.

 

Частка другая

 

І

Вясна, як і зіма, таксама не спяшалася. На дварэ ўжо быў красавік, а снег і не думаў сыходзіць, толькі ў самы поўдзень, калі сонца ярчэй выяўлялася пад суцэльнай каламуццю хмар, ён неяк вачавідкі сінеў, шчыльней сцінаўся і не рассыпаўся ў далоні, а камячыўся як пластылін; чорныя галінкі, наабламаныя за зіму з вербаў, тырчалі з яго сіратліва і надзейна, быццам закаваныя ў смалу дагістарычныя рэлікты. Дзьмуў вецер — такі моцны, што вераб’ёў, якія выляталі з аддушын, кідала ў бакі, як паперкі.

Такой парою я адпраўляў жонку да яе маці. Андрэй усё дапытваўся, куды яна едзе і ці хутка вернецца. Мабыць, жончыны адказы яго не задавольвалі, і ён не адступаўся ад яе — хітра жмурыўся і як бы хаваў на вуснах усмешку. Хацеў пачуць ад жонкі праўду, якую пачуў ужо ад маці і якую, не ўтрываўшы, сказаў: «А я знаю, куды вы едзеце... Ладжаць лебёначка!» Ён сказаў так, быццам адкрываў вялікую таямніцу, да канца не цямячы, што ў ёй незвычайнага, але адчуваючы, што тут ёсць нешта ад дарослых сакрэтаў, а значыць — недазволеных яму, малому, і калі лезці ў іх назойліва, можна паплаціцца.

Жонка таксама (і, відаць, шчыра) бедавала: як цяжка ёй будзе без Андрэя, так прывыкла да яго, што жыццё цяпер страціць цікавасць і звычайную прыўзнятасць. Ды Люба тут як тут прызналася, што на канікулы «сплаўляе» Андрэя да бацькоў былога мужа: маўляў, не толькі з яе боку павінен быць клопат, ёсць яшчэ і бацька з такою ж радавою вілкаю, як і ў яе. І гэта, здаецца, жонку крыху ўсцешыла, бо ўсё роўна трэба было б адвыкаць ад Андрэя.

Можа, праз тыдзень я застаўся ў кватэры толькі з Любаю. Спачатку абрадаваўся — будзе магчымасць добра, у цішыні ды спакоі, працаваць, але праз два дні зразумеў: плёну з маіх старанняў аніякага, на душы было пуста і паныла. Я сумаваў па жонцы. Не выратоўваў і прывезены з вёскі старэнькі «Нёман». Я садзіўся за пішучую машынку і кляваў адным пальцам. Карэтка тады-сяды пераскоквала, рабіла непатрэбны прабел, і я злаваўся. Відаць, без майстра не абысціся.

Такое адчуванне, што жыццё разладзілася. Сапраўды: неабходнасць жонкі да канца пачынаеш разумець тады, калі разлучышся з ёю; іменна тады яскрава высвечваецца, якое важнае месца яна займала ў тваёй душы і клопатах.

Я не хацеў гвалтаваць сябе; трэба пачакаць, супакоіцца і толькі потым брацца пісаць. Хадзіў на працу, аддаваў сябе газеце з ранейшым стараннем і зацікаўленасцю, але дахаты не спяшаўся. І не толькі таму, што сядзець аднаму ў пакойчыку тужліва і прападае ўсякі творчы настрой, а яшчэ і таму, што замінаў гаспадыні ў яе амурных камбінацыях. Я проста яшчэ не ведаў, што з першага дня, як паехала мая жонка, Люба забараніла палюбоўніку прыходзіць на кватэру; сувязі з ім, аднак, не парвала.

Штовечар я знаходзіў сабе занятак. Адзін раз схадзіў у кіно — на англійскі фільм, які спадабаўся мне тым, што тонка, неназойліва выкрываў норавы буржуазнага грамадства і не падмяняў псіхалогію герояў голымі, просталінейнымі разважаннямі, як гэта часта бывае ў замежных фільмах.

Другі раз гадзіны паўтары праседзеў на паштамце, падпісваючы віншавальныя паштоўкі сваім і жончыным родзічам; стараўся пісаць не банальныя слоўцы, як зазвычай, а прыдумваў мудрагелістыя, вершаваныя пажаданні.

У нядзелю ўспомніў пра сваю даўнюю звычку хадзіць на рынкі — балазе днямі адкрылі новы Камароўскі рынак. Не купляць я хадзіў, а проста так, назіраць за вясковымі людзьмі — хоць і незнаёмымі, але блізкімі мне; я забываў тады пра ўсё на свеце, акурат на футбольным матчы, і толькі за варотамі рынку пачынаў востра, з неаслабнай сілаю адчуваць, што ў мяне на душы незвычайна лёгка, быццам жыву сярод людзей, між якімі ніколі не бывае ні спрэчак, ні звадак, ні зайздрасці.

Тупаючы між радоў, я ўбачыў мужчыну ў сінім галіфэ і вайсковым кіцелі, на месцы пагонаў у якім свежа зелянелі прастакутнікі і тырчалі спружынкі нітак; мужчына трымаў на руках рабога шчанючка з тупой, па-старэчы маршчыністай мордачкай і бездапаможна-сумнымі вочкамі, з якіх яшчэ не сплыў першародны туманок. Як жа добра было б, падумалася мне, калі б мужчына прадаваў шчанючка не дзеля нажывы, а таму, што не хацеў яго тапіць ці выкідваць у незнаёмым месцы на вуліцу. Да мужчыны падыходзілі людзі, пыталіся, што за парода, колькі каштуе,— мужчына ахвотна адказваў, гладзячы цяжкой шырокай далонню шчанючка па мяккіх вушках, ажно ў таго шырэлі вочкі, адкрываючы цёмныя, вішнёвыя бялкі.

А ў панядзелак на працу мне пазваніла ранейшая гаспадыня, незабыўная Паліна Рыгораўна, і сказала, каб прыйшоў да яе. Я занепакоіўся — што за прычына? Пасля работы паехаў да Паліны Рыгораўны. Яна, у новай блакітнай сукенцы, з абведзенымі рыскаю вуснамі, сустрэла мяне ветліва, заўсміхалася, не хаваючы, што радая бачыць былога кватаранта; я, не ўмеючы фальшывіць у такія імгненні, застаўся абыякава-спакойны.

Гаспадыня аддала мне два нумары часопіса «Родная прырода», які я не перавёў на новы адрас. Потым, ужо за чаем, зусім недарэчы, здалося мне, сказала, каб я заплаціў пятнаццаць рублёў за фарбоўку пакоя, у якім жыў. Ад здзіўлення я ўцягнуў галаву ў плечы, але, не маючы пры сабе грошай, сказаў, што прывязу заўтра.

Назаўтра я адвёз гаспадыні пятнаццаць рублёў, а потым бязмэтна хадзіў па вуліцах, ездзіў у тралейбусе. Нечаканая гаспадыніна выхадка сапсавала настрой. Раней уяўляў, а цяпер востра адчуваў: як цяжка, як усё-ткі цяжка жыць без мэты. І той англійскі фільм сцвярджаў, што якраз бязмэтнае жыццё нараджае злачынцаў, п’яніц, наркаманаў. А як навучыць усіх людзей жыць прыгожа?

Я стараўся прыходзіць на кватэру позна, таму і марнаваў час у такой чужой мне бяздзейнасці.

Люба першыя дні таксама як быццам не знаходзіла, чым заняцца. Знарок гучна стукала дзвярыма, працяжна шоргала скуранымі пантофлямі, напявала. Я разумеў: сумна і ёй, няма з кім словам перакінуцца — ні Андрэя, ні жонкі маёй, ні палюбоўніка. Навошта яна яго адшыла? Я не настолькі быў наіўны, каб не разумець: Люба не магла не думаць і не браць пад увагу тое, што з ёй у адной кватэры жыве, спіць праз сцяну малады мужчына, расцвелены жаночаю ласкаю, а цяпер яе пазбаўлены. Зусім небязгрэшная, яна ведала, канечне, і такую асаблівасць мужчын — патаемна любавацца кожнай вабнай жанчынаю.

Я заўважыў, што Люба пачала ўважліва сачыць за сваёй знешнасцю: на павекі і пад вачыма лажыла лёгкія цені, заўсёды вымытыя, напушчаныя нізка на твар валасы надавалі ёй загадкавасць. Шчырасць і адкрытасць у людзях мне падабалася, але не наўмыснасць. А Люба дазволіла сабе няйнакш наўмыснасць.

Адным вечарам яна прыйшла да мяне ў пакой у ружовым цесным, з глыбокім выразам пеньюары, каб сказаць, што прыходзіў майстар пішучых машынак. Майстар сапраўды павінен быў прыйсці, але не сёння, а заўтра — так мы дамовіліся ўранні, калі ён заявіўся па маім выкліку. Хоць і клопату з тою машынкаю было хвілін на дзесяць, не болей, майстар, кучаравы, з чорнай густой шчэццю і тоўстымі, як у ляшча, губамі, доўга мармытаў, уздыхаў каля яе; потым разабраў па частках, расчыніў барабанчык са спружынаю, якую гнуў, пляскаў малаточкам на маленькім, як цацачным, станочку, аж пакуль яна не лопнула; тады ён сказаў, што прыйдзе заўтра і прынясе новы барабанчык. І вось, аказваецца, не ўтрываў — прыджгаў раней. Канечне, Любе выпала латва загаварыць са мною, але пры чым тут непрыхаванае жаданне спадабацца, прывабіць сваёй жаноцкасцю. Пеньюар задужа шчыльна аблягаў Любу, і ўся яна ў ім здавалася мяккай, паветрана-лёгкай і цёплай, вочы яе блішчалі. Я падзякаваў Любе такім голасам, каб было зразумела, што не да заляцанняў мне, ды яна не адразу завярнулася ісці. Нейкі момант стаяла перада мною, акурат выпрошвала камплімент, але якраз гэта яе настырнасць і стрымала мяне.

Назаўтра я ўстаў раней, чым зазвычай, схадзіў у ванную — пачысціў зубы і прыняў душ, які абудзіў у целе бадзёрасць і свежасць. Люба, мабыць, яшчэ спала: за сцяною была цішыня. Папіўшы чаю, я ўзяў з этажэркі часопіс «Полымя», у якім была надрукавана аповесць Васіля Быкава «Знак бяды». Зачытаўшыся, не пачуў, як выйшла са свайго пакоя Люба, хоць дзверы туды грукаюць гучна. Схамянуўся адно тады, калі на кухні заляскаў посуд, зазвінела шкло, і я здагадаўся, што Люба збіраецца несці здаваць бутэлькі.

І мне нешта зарупіла, як бывае, калі ў распланаваным дні на нейкі клопат забудзеш і тады ходзіш з адчуваннем няпэўнасці і трывожнасці на душы,— дык вось я адчуў, што мне не проста рупіць, а і баліць, тоненька гэтак сочыцца ў сэрца боль віны. Перад кім жа? Во! Успомніў толькі цяпер пра жончын наказ прынесці з балкона плашч, які яна перад ад’ездам памыла і павесіла на вяроўку сушыць. Чорт, захандрыў, замітусіўся, дык і з галавы ўсё вылецела.

На балкон хадзілі праз Любін пакой. І я зайшоў у яго, не зачыняючы за сабою дзвярэй. Побач з ложкам, нізкім, скураным, шырокім, мабыць, замежнай вытворчасці, стаяў часопісны столік. На ім — паспеў заўважыць, пакуль адчыняў балкон,— недапітая бутэлька «Ркацытэлі» і высокая блакітная шклянка з выгравіраванай на баку белай кветкаю; на сподачку ляжалі тонкія скрылькі лімона і цукеркі «Беларуская бульба». Выходзіць, учарашнюю Любіну смеласць трэба напрамую звязваць з гэтым столікам — віно, мабыць, піла яна для таго, каб адагнаць рэшткі стрыманасці і сораму. А навошта? Няўжо даваў нейкі намёк на флірт? Працяглы позірк там ці мімалётная ўсмешка — звычайнае ў людзей, між якімі няма варожасці.

Плашч даўно высах і матляўся на паветры з мёртвай лёгкасцю, і я падумаў, што яго будзе цяжка адпрасаваць і што жонка за гэтую маю бяспамятнасць не пахваліла б. Як яна там? Расстанне наша было невыразнае — без нечага вельмі істотнага, што пасля дазволіла б нам жыць са спакойнаю душою, упэўнена. Жонка адно спытала, чаму я без слёз яе праводжу, на што я адказаў: «Таму што гэты ад’езд абяцае нам шчасце сустрэчы — шчасце, якога мы зараз пазбаўлены». Яна бязрадасна ўсміхнулася, з трывогаю доўга глядзела на мяне. Што яе турбавала ў той момант? Ну, вядома, свае, чыста жаночыя, меркаванні і падазрэнні, а найперш, мусіць, тое, што там ёй, адной, без мужа, трэба браць на сябе ўсю адказнасць за роды і дзіця. Гэта — зразумела любой жанчыне, што аднойчы адчула ў сабе новы... чужы штуршок,— вялікая адказнасць.

 

ІІ

Я адчуваў у сабе незразумелыя пачуцці, праўдзівей — пачуцці зразумелыя; незразумела было, чаму яны так назойліва пачалі бунтаваць маю душу, тлуміць галаву. Ночы былі неспакойныя ад сноў, што змяняліся то прыемнымі (іх хацелася даўжэй бачыць), то жахлівымі малюнкамі, якія я навучыўся абрываць, намагаючыся прачнуцца, і якія ўсё роўна рабілі сваё — увесь дзень хадзіў разбіты і стомлены.

Я пачаў часцей ездзіць у камандзіроўкі, знаходзячы ў іх збавенне, але — часовае. Як толькі жыццё выплывала на ціхі плёс, мне зноў чагосьці не ставала. Я баяўся прызнацца сабе, што вінавата ў гэтым вясна, якая здаўна, можа, з дзяцінства, была для мяне пара неспакойных роздумаў.

Здаецца, зіма знемагала разам са мною. Пяшчотна, нясмела бралася зелянець на пагурках трава. Уначы прайшоў дождж, і свежа, сыра было ў паветры і на зямлі. Тонка люстранелі на асфальце лужыны, вабячы да сябе першых шпакоў. З акна свайго пакоя я бачыў, як жанчына з мужчынам выбівалі ад пылу дыван; стары ў лыжным касцюме шкрэбаў граблямі па клумбе, і яна на вачах чарнела. Уверсе пад дахам заўзята і ўзбуджана чырыкалі вераб’і— мабыць, ладзілі гнёзды, збіраючыся выводзіць патомства. Па дарожцы, ка якой я ўпершыню ўбачыў Андрэя, прабегла, неяк запаволена і мякка перастаўляючы ногі, чорная сучка з белымі, бы кавалачкі крэйды, вачыма і з адвіслым ды распёртым у бакі жыватом.

Мая туга была вялікая, цяжкая і святая, я не мог адрынуць ад сябе назойлівыя думкі пра любоў да людзей, прыроды, жанчыны, і ад таго многія радасці жыцця праходзілі міма мяне, не прыносячы асалоды, а толькі — хваляванне, ад якога ў скронях нездарова шумела кроў, хваравіта білася ў грудзях сэрца.

«Што і як там будзе?» — жывасілам пераносіў я думкі да цяжарнай жонкі.

Пачуццям патрэбна воля, імі з некім трэба дзяліцца. З кім? Так блізка і проста — Люба, гаспадыня. А што, калі пачаць запісваць свае думкі, адчуванні, назіранні? Я пачаў шукаць паперу, на аркушы ўбачыў запісанае жонкай — думка А. Платонава: «Любовь и привязанность к мужу или жене,— самое беспомощное, бедное и вечное чувство».

 

ІІІ

З запісаў Алеся Акуневіча

Седзячы каля акна, чытаю «Знак бяды». У спіну, патыліцу смаліць сонца, аддаючы сочнае, маладое цяпло. Яно, дарэчы, адагравае мяне, бо ад некаторых сцэн аповесці ледзянее сэрца.

Майстар забраў машынку з сабою і яшчэ не прынёс. А ў мяне ёсць што друкаваць. Іду і скарджуся Любе. Яна слухае, засяроджана вымазваючы начэпленым на відэлец хлебам смятану са сподка. А перад гэтым сумысля са мною павіталася — пакой быў адчынены,— каб паказаць, што яна ў лагодным настроі, добрая, прыязная.

— У мяне таксама гора,— гаворыць яна,— прапаў у пральні чахол на коўдру, у гарошак.

Мабыць, наводзіць на прапанову: давай з гора вып’ем. Яна ў тонкай блузцы і цеснай джынсавай спадніцы, акуратна прычасаная, з падведзенымі вачыма.

Я не падаю выгляду, што зразумеў яе. Іду ў свой пакой.

Яна ўключыла на ўсю моц магнітафон і, ходзячы па кватэры, падпявае тужлівую мелодыю:

 

Так не должно быть, но снова я взгляд твой ловлю

И понимаю, что все это глупо и странно.

Так не должно быть, но сердце стучит неустанно:

«Я люблю... Я люблю... Я люблю...»

 

* * *

Мяккае паветра дыхае ў расчыненую фортачку — цёплае, як з рота, з пахам пупышак, якія толькі набрынялі і тояць у сабе жывую ліпкую зелень.

Чую, што прыйшоў Андрэй,— і адразу Любін голас:

— Дзе сумка?

— У школе пакінуў.

— Чаму калені, штаны такія брудныя?

— Не ведаю.

— Што?

— Не ведаю.

— Колькі на цябе можна сварыцца?

— Не знаю! — У Андрэя голас зрываецца на крык, зласлівасць.— Што ты робіш?

Люба маўчыць — чуваць, што настройвае пласцінку.

— Чаму не ўзяў сумку?

— Не ведаю.

— Дзе тваё месца? Распранайся. Зараз лупцака дам.— Маўчанне.— Дзе гэта ты ў гразь залез, дзе гэта лазіць можна было? Здымай зараз жа чаравікі.

— Што ты на мяне лаешся?

— Я яшчэ не так буду лаяцца.

— Чаму?

— Зусім ужо сумленне згубіў. Дзе твая піжама? Упісаўся? Чаму пакінуў кашулю?

— Чаму ты на мяне лаешся?

— Ідзі ў ванную чысці чаравікі. Бяры тапачкі. Здымай брудныя шкарпэткі, гольф. Чаму сумку пакінуў, пытаю?

— Не ведаю.

А магнітафон ажно разрываецца — спявае пра каханне.

— Няма сілы ўжо! — Люба моцна грукае дзвярыма, ажно нешта скідваецца на падлогу.

Яе можна зразумець: пакрыўджаная жыццём. Як тут не пашкадаваць, не прынесці ёй хвіліны радасці, калі хоць на імгненне забываецца гора і верыцца, што ласка можа быць без прынукі, не па абавязку, а па жаданні.

Мне трэба ісці ў магазін. Люба мые ў ваннай. Андрэй гуляе ў пярэдняй з кубікамі.

— Прывітанне, Андрэй!

— Здласце.

— Як жывеш?

— Халашо.— І тут жа вопрамеццю кінуўся ў ванную да маці.— Дзядзя Алесь са мной павітаўся!

— Ну і што? — пачуў я Любін голас.

Стоячы каля вешалкі, перакладваю з курткі ў плашч (на вуліцы ўжо цёпла) паперы — праязны, запісачкі, каляндарык.

Андрэй выходзіць з ваннай.

— Ад каго пісьмо? — пытае.

— Гэта не пісьмо — дакументы.

— Вашы?

— Мае.

Не хочацца ў кватэру, і я доўга блукаю па вуліцы — як цяпер модна гаварыць, займаюся эстэтатэрапіяй. Шпакі скубуць сухую леташнюю траву і носяць у шпакоўні.

Прыйшоў — дзверы замкнуты; калі, адамкнуўшы, зачыняў іх — ірванула з рук: балкон і фортачка на кухні былі расчыненыя, па кватэры гулялі скразнякі. Любы і Андрэя няма — некуды пайшлі.

Без іх сумна, як бы трошачкі чакаю, калі яны прыйдуць, прыслухоўваюся да галасоў на двары. Раней, здаецца, такога са мною не было, хіба што ў тыя часы, калі халасцякаваў. Уражанне, што ўсе нечым занятыя, а ты сумны і непрыкаяны. Выпадала быць з жанчынаю, а потым заставаўся адзін. Так і тут: жонка далёка, і як быццам яна не жонка, а палюбоўніца, выпадковая жанчына,— чакай, калі зноў надарыцца з ёю быць. Жонка — гэта жанчына, якая заўсёды побач і па першым жа жаданні твая.

Мужчыну, здароваму і асабліва эмацыянальна павышанаму, увесь час патрэбна жанчына.

Але я адчуваю адказнасць ужо і перад тым, каго яшчэ няма і хто сніцца ледзь не кожную ноч, нават уяўляю па тых шматлікіх скрутачках, што возяць у калясках і носяць на руках надта цяпер, па вясне.

Шчасце чалавечае ўвогуле і шчасце імгнення. З апошняга можа вынікнуць першае.

У «Звяздзе» чытаю Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «Аб узнагароджанні горада Магілёва ордэнам Айчыннай вайны І ступені»: «За мужнасць і стойкасць, праяўленыя працоўнымі горада ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і за поспехі, дасягнутыя ў гаспадарчым і культурным будаўніцтве, узнагародзіць горад Магілёў ордэнам Айчыннай вайны І ступені».

Як яшчэ і цяпер, спагадзя трыццаць пяць гадоў, на сённяшняе шчасце лье святло гераізм народа ў вайне. Як напамінак — подзвіг вялікі.

Убачыў Любу і Андрэя ў акно. Яна — у бела-жоўтай блузцы, сіняй спадніцы, трымае ў руцэ гаспадарчую сумку. Ён — у балоневай куртачцы і белай вязанай шапачцы з бубончыкам.

Я стаяў у глыбіні пакоя і бачыў, як яна пільна ўглядалася ў маё акно.

Пастукаў у мае дзверы, зайшоў Андрэй.

— Вам паштоўка.

— Дзякуй, Андрэйка!

— Няма за што.

Павіншавала з Першамаем братава сям’я. Не забываюць...

Уключаю транзістар, лаўлю музыку — бадзёры, вар’яцкі рытм. На Захадзе з’явіўся новы стыль у музыцы — цяжкі рок. Аб’яўляюць: «Лепшыя творы ансамбля «Бі-Джыс».

Наступіў час вялікіх эмоцый, разгулу цывілізацыі. А каб нараджаць здаровых дзяцей, трэба быць бліжэй да прыроды і далей ад спакус гэтай цывілізацыі.

На жаль, кароткую асалоду часта даводзіцца аплачваць намнога даўжэйшымі пакутамі.

Каб пісаць, не трэба шмат умець, а толькі навучыцца растлумачваць сваё жыццё. Я — сведчу, разбярэцца час.

* * *

У Любы і праўда зачараванасць мадонны. Калі яна смяецца, усмешка як бы аддаляецца ад твару і лунае перад ім асобна — быццам хрустальная маска.

Уночы скрозь сон пачуў тупат — нехта хадзіў. Стала ціха. Я сунуўся ў клазет — там уключана святло і дзверы шчыльна зачынены. «Люба?» Вярнуўся ў пакой. Пачакаў. Ціха. Зноў туды. І — зноў назад. Потым рашыўся — нікога няма, мабыць, Андрэй хадзіў і не выключыў святла.

Уставала мяккая нядзельная раніца. На дварэ — відаць з акна — ні душы, хоць у будзень людзі ўжо снуюць у гэтую пару, як мурашы. Адно прабег у белым спартыўным касцюме тоўсты мужчына, крыкліва-кідкі на цёмным шэра-зялёным фоне зямлі. І два сабачкі, абодва нізенькія, з крывымі ножкамі, пратупацелі ўпобачкі, як запрэжаныя,— руды і чорны. На пятым паверсе блізкага дома, на балконе, вісела з дзесятак бюстгальтараў рознага — найбольш светлага — колеру.

Цёплым расцёртым лімонам выпроствала з-за смугі промні сонца.

Чалавек, памятлівы на дабро,— сам добры.

Рана. Прылёг яшчэ падрамаць, праўдзівей — падумаць.

Усталі Люба і Андрэй. Андрэй бегае, ляпае дзвярыма, гучна — як заўсёды — размаўляе.

— Цішэй, Андрэй! — суцішае Люба. Раней за ёй такога не прыкмячаў.

Іду ў ванную мыцца. Там Андрэй.

— Здароў, Андрэй!

— Здласце! — І, закруціўшы кран, бяжыць да маці на кухню, крычыць урачыстым голасам:

— Мамачка, я з дзядзем Алесем паздалоўкаўся!

— Правільна, малайчына! — сказала, каб чуў і я.

Заходжу на кухню, вітаюся з Любаю.

— Прывет! — адказвае мякка, прыязна.

Як жа добра мець такую гаспадыню!

* * *

Хадзіў на фільм «Мулен Руж» — пра цяжкае становішча мастака ў буржуазным грамадстве, пра тое, як яго шчырыя, светлыя памкненні разбіваюцца аб сцены маральнай дэградацыі.

Сіціў нудны дробненькі дождж, у якім людзі хадзілі без парасонаў. Цыганкі з цыгарэтамі ў роце стрымана-таемна выгукваюць: «Каму чаравікі, пакеты!»

Дзверы ў Любін пакой адчынены. Андрэй выглянуў на мае крокі і застыў, з цікаўнасцю гледзячы на мяне, мокрага. Люба ў кароткай сукенцы, якую раней не надзявала, засцілае, нахіліўшыся, ложак, і я міжволі ўбачыў яе сытыя ружаватыя сцёгны.

Махануўся ў свае дзверы, забыўшы скінуць кручок, на які зашчэпліваў, калі адыходзіў.

* * *

Дабрата — гэта не значыць, што нельга абурацца. Жанчына без дабраты настолькі жанчына, наколькі дрэва без соку можа лічыцца дрэвам.

Акно — самы просты тэлевізар у свеце.

У блізкім доме вяселле. Людзі вывалілі на двор. Музыканты ўзвалаклі свае інструменты на брылёк ганка. Граюць славутае «Вяселле». Дзве маладзенькія дзяўчынкі каля іх смаляць цыгарэты.

* * *

Сёння зноў адгукнулася туга па халасцяцкіх гадах, але не было дамешку безвыходнасці. Я адчуваў цяпер радасць, хоць і сумную на адзіноце, што час ідзе не ўпустую, а набліжае да дзіцяці. І гэты час, як бы ні хацеў, не скароціш, яго так ці інакш трэба пражыць — у радасці або ў суме.

Люба мые у ваннай: то журчыць пральная машына, то плюскоча вада, то чуваць, як пішчыць бялізна — выціскаецца.

А. Платонаў: «Вся любовь происходит из нужды и тоски; если бы человек ни в чем не нуждался и не тосковал, он никогда не полюбил бы другого человека».

Люба пасылае Андрэя ў магазін. Не рызыкуе даваць яму дваццацьпятку — драбязы няма. Прыйшла да мяне ў пакой.

— Алесь, у цябе рубель ёсць ці хоць бы восемдзесят капеек? — Стаяла перада мною ў расшпіленым знізу халаце, як бы наўмысна расцвельваючы шырокімі сцёгнамі.

Рубля ў мяне не было, я сашкрабаў з кішэняў капейкі. Люба глядзела на мяне, схіліўшы галаву, какетліва мружачы вочы. Яна не саромелася так глядзець, а значыць, не саромелася паказваць, што лёгка пойдзе мне насустрач. Зрэшты, яе можна зразумець. А што рабіць мне? Я не хацеў, каб нават у думках яна абзывала мяне хлапчуком: мужчыны — ганарліўцы.

Учынкамі можна кіраваць, думкам не забароніш: «Скажу ёй: буду проста так з табою, без любві і вялікай ласкі, адно каб заспакоіць плоць. Я не магу дзяліць сваю любоў, бо не ўмею крывадушнічаць».

Мужчына без крывадушнасці не папулярны ў жанчын, нават калі ён гусар.

«А што калі зацяжарыць? Ці, можа, нават знарок захоча панесці ад мяне. Мы з жонкаю не паспеем перабрацца, што тады? Раптам дзіця будзе падобна на мяне...»

Б’е пругка ў шыбы дождж. У двары натужна вые машына.

Люба ходзіць па кватэры і напявае пад пласцінку — так, каб чуў я. Іменна дзеля гэтага стараецца: «...И понимаю, что все это глупо и странно».

Уночы я прысніў сон, за які мне сорамна,— што я быў з Любаю. Прачнуўшыся, я адчуў дзікую тугу, ранейшыя думкі здаліся нікчэмнымі і непатрэбнымі і проста дзіўна было, што ад спакус жанчыны цяжка ўтрымацца.

Раніцаю доўга ляжаў у ложку. Люба хадзіла ціха, не грукаючы дзвярыма, пацыквала на Андрэя.

Жанчына — гэта ўяўленне, і не больш.

* * *

Маленькае ЧП, якое не дае мне спакою,— мыючы бутэльку з-пад кефіру, разбіў гаспадыніну талерку, якую яна мае прывычку пакідаць у ракавіне.

Прыйшла Люба з работы, пытае не адчыняючы дзвярэй:

— Алесь, да мяне ніхто не прыходзіў?

— Не.

— Ты даўно дома?

— Так.

Па голасе чую: не ў гуморы. Ці варта зараз гаварыць пра разбітую талерку. Можа, яе пачынае раздражняць мая нерашучасць?

Няма настрою і ў мяне. Як там жонка? Заўтра буду званіць.

* * *

Люба чакае свайго былога мужа, Андрэй — бацьку. Яна прыбрала ў кватэры і наўмысна сышла ў магазін. На званок Андрэй адчыніў дзверы.

— Тата!

— Што, сын? — У словах і радасць, і холад, і шкадаванне, і разгубленасць.

Шчыра кажучы, я не зайздрошчу зараз яму, гэтаму незнаёмаму мне Міколу.

— Глядзі, што ў нас!..— Андрэй цягне бацьку да сябе ў пакой.— Тэлевізар каляровы, вось машынка завадная... Дзядзя Алесь купіў.

— Вы новага бацьку знайшлі? — сухавата прагучаў Міколаў голас.

— Не. Хадзі паказу! Хадзі...

— Не трэба.

Вяртаецца з магазіна Люба. Андрэй бяжыць да яе.

— Мамацька, тата плыйшоў! Тата плыйшоў, глядзі!..

— Выдатна! Прывет!

— Думаў, што замужам ужо, таму і не прыходзіў...

— Дамовіўся наконт санаторыя?

— Дамовіўся.

— Вось даведкі, аналізы.. З якога?

— З пятнаццатага чэрвеня. Можа, яму трэба што з адзення купіць?

— Не, не трэба,— з годнасцю адказвае Люба.— Як жывеш з новай жонкаю, усё-ткі яна ў цябе дачка намесніка міністра?

— Буду хваліцца — не паверыш.

— Каву, чай будзеш?

— Не. Пайду.

— Куды? — пытае Андрэй, і ў голасе чуецца расчараванне.

— Дадому.

— А ў цябе яшчэ ёсць дом?

— Андрэй, не прыставай да чалавека! — асадзіла сына Люба.

* * *

Перад маем. Прыходжу раней з работы. Дзверы незамкнёныя. Люба — у сваім пакоі, сядзіць на крэсле-ложку разваліўшыся, нейкая ўзбуджаная. Не дае зайсці мне да сябе, спыняе пытаннем:

— Як там Галя?

— Нармальна. Днямі званіў.

— Перадавай прывітанне.

— Добра.

Яна, здаецца, упершыню спытала, як маецца жонка.

— А грошы за кватэру ты мне калі будзеш аддаваць — цяпер ці пазней?

Я зразумеў, што ёй патрэбны грошы.

— Магу цяпер...

Прыходзіць з вуліцы Андрэй.

— Адгадайце, што ў мяне ў кулаку?

— Муха? — смяюся я.

— А вось і не. Зорачка акцябрацкая! — ажно ззяе ад шчасця Андрэй.

— Хто на ёй?

— Уладзімір Ільіч Ленін.

— А хто гэта?

— Наш правадыр.

— Малайчына!

Андрэй зрываецца і імчыцца да маці.

— Мяне дзядзя Алесь пахваліў!

* * *

Ура!!! У мяне — сын! Казак! Вось толькі што вярнуўся з пошты, званіў цешчы. Ну з кім мне падзяліцца радасцю і маім шчасцем? У мяне сынок — мой! Галюха, як ты там? Я хачу быць з табою, падтрымаць. Не ведаю, як мне перажыць такую радасць. Зараз зноў пабягу на пошту, званіць сваім бацькам у вёску, брату на Далёкі Усход. Не верыцца! Здаецца, усё гэта сон. Малайчына, мая Галюха любімая. Ты старалася, ты хацела нарадзіць мне сына. Якія мы шчаслівыя з табою! Няўжо гэта мы? Так, гэта — мы. Якое шчасце!.. Я не магу стрымаць слёз. Як я хачу быць зараз з табою, кожную секунду. Ты патрываеш пакуль без мяне, праўда ж? Ты ў мяне малайчына. Не веру, што з дзецьмі становіцца цяжэй жыць. Наадварот, радасна і шчасліва. Вось каб толькі апынуцца побач. Я хачу глянуць ча вас дваіх — самых родных і блізкіх мне людзей. З цяжкасцю ўяўляю, як дачакаюся гэтага моманту. Я наогул не магу чакаць, а тут — такая радасць! Усё, імчуся на пошту...

* * *

Вельмі запозненая вясна. Усё яшчэ халаднаватае надвор’е. Дрэвы амаль голыя, толькі зеленаватая мроіўка.

Бегаючы званіць на пошту, па магазінах, мабыць, прастудзіўся — кашаль, пяршыць у горле. Сярэдзіна мая, называецца.

Купіў бутэльку сухога віна, каробку цукерак. Пасядзелі з Любай за сталом: я — радасны, яна — сумная.

Раніцаю, збіраючыся на працу, чуў у кватэры тонкі пах французскіх духоў.

Свяціла ў акно сонца, яркае, якога ўжо даўно не было. Празрыстая яснасць у паветры абяцала пагодлівы дзень. Нарэшце! Цікаў, заведзены ўчора, на стале будзільнік, напамінаючы, што час ідзе і мой сын расце.

* * *

Быў некалькі дзён у сына. Такі спакойны малы, ляжыць сабе з уражліва яснымі цёмна-сінімі вочкамі. Ужо два разы купалі — не піскнуў, толькі крэхча, як стары дзед. Галюха мая зусім звялася, змарнела, у вачах, кажа, успыхваюць іскрынкі. Вочы — проста жах глядзець — нават бялкі чырвоныя, як вішні. Якія ж болі яна перацярпела! Бедненькая, яе трэба шанаваць, берагчы... Куплю папяровыя падгузнікі і перадам аўтобусам.

Прыехаў — у кватэры вэрхал і ў маім пакоі таксама. Пясок, недакуркі. На кухні груда бутэлек. Увесь посуд згружаны ў ракавіну, і наша драцяная падстаўка пустая. Бачыў, на дзвярах пад’езда вісела аб’ява: «У сувязі з праверкай цеплацэнтралі з 15 па 22 мая не будзе гарачай вады».

Увечары, вярнуўшыся на кватэру, каля парога ўбачыў мужчынскія туфлі і руды сакваяж. На кухні гаманілі. Пачуўшы стук дзвярэй, Люба выйшла, вясёлая, ружовенькая.

— Алесь, прабач, я посудам тваім карысталася. Гарачай вады не было...

— Калі ласка, што ж тут такога.

Мабыць, яна проста хацела паказаць сябе і паглядзець на мяне.

У рэдакцыі мяне павіншавалі з сынам, падаравалі кухонны набор і на дошцы напісалі страфу англійскага паэта-рамантыка Джона Кітса:

 

Я славлю мира торжество,

Довольство и достаток.

Приятней сделать одного,

Чем истребить десяток.

 

— Як жа сынок гадуецца? — спытала ў мяне Івашчэня, ціхмяна-сумная пасля мацерынай смерці.

— Ды во яшчэ імя не прыдумалі.

— Давайце збяромся ўсім калектывам ды прыдумаем.

— Я згодзен: такая цяжкая рэч — імя.

— Дзе ж ваша жонка, тут?

— Не, у маці сваёй.

Пачуўшы слова «маці», Івашчэня зажурылася яшчэ больш.

Не хочацца ісці на кватэру, хоць і разумею: пакуль ёсць магчымасць, спакой, трэба працаваць, пісаць.

Я пазваніў свайму сябру, у абком камсамола. Мы сустрэліся. Зайшлі ў папулярнае сярод моладзі кафэ «Рамонак».

— Я ж адразу адчуў, што Галя табе падыходзіць, і раіў яе табе. Бачыш, сына нарадзіла! — трохі захмялелы ад кактэйля, выхваляўся мой сябар.— Дзеці ў вас павінны быць на ўсе сто — зграбныя, прыгожыя... О! — адставіў вялікі палец.

— Адзінае, што зараз хачу,— сказаў я,— гэта апынуцца там, каля жонкі і сына.

Я і праўда не крывіў душою.

* * *

Зноў пайшлі халодныя дні. І лісце на дрэвах ніяк не развінецца, а без іх наваколле пустое, ад прасветлін, што бачацца скрозь напаўголыя галіны, вее сумам і асуджанасцю.

Вераб’і каля кустоў язміну падбіраюць пер’е, шматкі ваты — мабыць, уцяпляюць гнёзды, у якіх ужо вывеліся птушаняты. Такая доля бацькоў — апекаваць патомства, ужо народжанае на свет, і з не меншай клапатлівасцю — толькі закладзенае: птушкамі — у яйках, людзьмі і звярамі — у мацярынскім чэраве.

Хацеў у пятніцу паехаць зноў да жонкі і сына, але аб’явілі — партсход. Добра, што якраз пазваніла мне жонка і параіла ў суботу раніцаю выехаць за горад і сесці на спадарожную.

Прыйшоў увечары стомлены. Андрэй адразу:

— Да нас плыйдзе дзядзя Міша. Ён плывозіў нас дадому на чылвоным «Масквічы»... На «Масквічы» плывозіў. Да нас плыйдзе сёння...

Люба, відаць, дамовілася са сваім палюбоўнікам, думаючы, што я сёння паеду да жонкі. Здзівіўшыся, што я прыйшоў, яна спахмурнела, стала раздражнёная, раз за разам пакрыквала на Андрэя. Пайшла з кватэры, мабыць, пазваніла з аўтамата палюбоўніку, што сустрэча адмяняецца,— хутка вярнулася.

Павячэраў — ад снедання засталіся на патэльні два кавалачкі мяса; адчыніў даўно купленую бляшанку кансерваў «Кілька ў алеі з гароднінай», запіў кефірам.

* * *

Жонцы можна здрадзіць горш і больш, не маючы нічога з жанчынаю (а толькі думаць пра яе), чым мець блізкасць. Адзін няштатны аўтар-гумарыст расказваў у рэдакцыі: «Лашчу жанчыну, але не цалую яе. «Чаму ты мяне не цалуеш?» — пытае. «А як жа будзеш цалаваць, калі жонку цалую».

Нават самая недалёкая жанчына можа праявіць кемлівасць, калі даходзіць да здрады мужу.

* * *

Паспрачаўся з цесцем і цешчаю — у якой вадзе купаць малога, якую цеплыню трымаць у пакоі. У іх — вопыт, практыка, у нас з жонкаю — ісціны з дапаможнікаў маладым бацькам.

Прыехаў на спадарожнай позна. Люба, мабыць, не чула, бо раніцаю тыцнулася ў мой пакой — я ляжаў у ложку, але не спаў.

Яна пайшла на працу, тады я ўстаў. Бачу, памыты мой кухонны ручнік і нават адпрасаваны. Што гэта — знак увагі? Звычайная дэманстрацыя жаночай дабраты? А можа, выпадкова нечым забрудзіла ручнік, і тады ўжо недзе было дзецца.

У акно льецца ясная, сонечная раніца. Люба ў чорным скураным плашчы, з карычневай сумкаю на згібе локця, трошкі наструненай паходкаю, якая бывае ў тоўстых жанчын, пайшла на прыпынак.

Увечары прыйшла раней, чым звычайна. Неўзабаве званок у дзверы — і яе голас з кухні:

— Не замкнута!

— Прывітанне! — знаёмы мужчынскі голас — «дзядзя Міша» з чырвонага «Масквіча».

Бубнелі на кухні. Потым пайшлі ў пакой — і доўгая цішыня, дзіцячы, як ад шлакоткі, Любін смех.

Без слоў, моўчкі выпусціла мужчыну — шчоўкнуў ключ.

За акном — цемра. Гурчыць, заводзіцца машына.

У пакоі душнавата — з-за халадоў пачалі грэць батарэі.

* * *

Нядзеля. Прачнуўся ад мужчынскага голасу. Зноў палюбоўнік? Не падобна: ходзіць надта смела і гучна, не асцерагаючыся, размаўляе.

Схадзіў у кіёск па газеты, адчыняю дзверы — і Андрэй тут як тут:

— Плыйшоў, плыйшоў!..— І махае мне, заве на кухню. Чую, там шыпіць электрабрытва. Заглянуў. Голіцца тоўсты высокі мужчына ў сінім трыко і зялёнай афіцэрскай кашулі. Падае мне руку:

— Віктар Пятровіч.

Андрэй да мяне:

— Гэта мой дзядуля.— І ўжо да дзеда: — Бачыш, які халошы дзядзя Алесь, з вусамі... Ён з вусамі. А ў вас няма кваталантаў?

— Няма. Ты — шчаслівы...— Усміхаецца. Цяпер бачу: у Любы — ягоная ўсмешка і паўната ягоная.

Няёмка пры незнаёмым чалавеку снедаць. Але — паставіў варыцца два яйкі, дастаў з халадзільніка маянэз, масла, з хлебніцы — падчарсцвелы батон.

— Я курэй накупляў,— кажа Віктар Пятровіч.

— Па два пяцьдзесят?

— Не, па два дваццаць пяць. Але добра, яны выпатрашаныя, без галоў. У нас у Вінніцы за такімі чэргі, а ў вас ляжаць... Я пахадзіў па магазінах ужо. Жыць можна. Дываны, хрусталь свабодна. Людзі харошыя вы, беларусы...

— Усе хваляць.

— Што праўда, то праўда. Я пакуру, можна? — адчыняе фортачку, садзіцца на табурэтку.

— Калі ласка.

— Халасцякуеш?

— Напалову.

— Там у цябе нехта нарадзіўся — дачка ці сын?

Дзіўна чуць гэтае пытанне, ведаючы, што Люба яму ўсё расказала.

— Казак.

— Колькі яму?

— Яшчэ месяца няма.

— Жонка дзе працуе?

— На заводзе медпрэпаратаў.

— О, можна дэфіцытнымі лякарствамі гандляваць,— засмяяўся Віктар Пятровіч і пусціў у фортачку струмень дыму.

— Забараніў! — смяюся і я.

— А ты дзе робіш?

Маўчаць жа не будзеш, і Віктар Пятровіч пытаўся — абы гаварыць. А можа, хацеў праверыць, ці тое буду я гаварыць, што ён пачуў ад Любы.

— У рэдакцыі.

— Жонка далёка, як дабірацца туды, на чым?

Я адказаў і спытаў, як ехаць да Вінніцы. Перакусваў стоячы. Віктар Пятровіч падняўся.

— Можа, я заняў табурэтку?

— Не, сядзіце-сядзіце, я па-паходнаму,— супакоіў яго. Ён пачаў распытваць, падрабязна, нетаропка, як даехаць да аэрапорта. Чалавек ён быў грунтоўны, гаваркі, просты — тыповы адстаўнік.

Андрэй убачыў свой адбітак у нікеляваным чайніку.

— Глядзіце, дзядзя Алесь, я клывы! Чаму я клывы?

— Таму што чайнік круглы,— падказвае яму Віктар Пятровіч. Яму, відаць, прыемна з унукам.— Забяру Андрэя тыдні на два якіх... пакуль той санаторый... Няхай пабудзе ў нас, мы ж яго вырасцілі.

Мне цяпер здавалася, што няма большай радасці, чым радасць вучыць дзіцяці разумець свет.

* * *

У пакойчыку. Заходзіць Андрэй, гледзячы на мяне бліскучымі вачыма, асцярожна набліжаецца да стала. Рэзка тыцкае пальцам:

— Чый гэта гадзіннік?

— Мой.

— А гэта? — паказвае на будзільнік.

— Цёцін Галін.

— А як ваш тэлевізал называецца?

— «Нёман».

Адчынена тумбачка, на якой стаіць тэлевізар. Андрэй заўважае ў ёй пачак польскага пячэння, які ўсунула мне ў сумку жонка.

— Пачастуйце мяне, дзядзя Алесь.

— Частуйся.

Андрэй бярэ пячэнне. Падыходзіць, трасе маю руку і цалуе ў шчаку.

— Дзякуй! А можна ўключыць ваш тланзістал... тланзістал ваш? Токам не ўдалыць?

Я дазваляю. Ён націскае кнопку, круціць колца — трапляе на нейкую замежную радыёстанцыю. Ставіць каля мяне транзістар.

— Слухайце.— І радасны бяжыць да сваіх.— Мяне дзядзя Алесь пачаставаў пячэннем!

— Хто цябе туды зваў? — чуецца Любін голас.

— Мне дзядзя Алесь даў пячэнне! — з яшчэ большаю радасцю гаворыць Андрэй.

— Добра, еш.

Можа, праз хвіліны дзве зноў заходзіць.

— А я вас цукелкай пачастую...— кладзе на стол дзве шакаладныя цукеркі.

Неўзабаве — стук у дзверы. Думаю — Андрэй, пытаюся трохі ўжо незадаволена:

— Што хочаш?

Адчыняюцца дзверы — Віктар Пятровіч.

— А-а, гэта вы, прабачце... Думаў, Андрэй.

— Едзем. Шчасліва заставацца! — Падае руку, моцна цісне, прыязна глядзіць у вочы, як сыну.

— А вам шчасліва даехаць!

* * *

Надвор’е крута мяняецца. Учора — халадзіна, менш дзесяці градусаў, сёння — задуха. І зеляніна ўзялася адразу свежай, радаснай фарбаю. У лужынах, з краёў, па беражках, белыя пялёсткі вішань, якія раней за астатнюю садавіну зацвітаюць і хутка адцвітаюць.

На Камароўцы неахайна апранутая жанчына прадае хвалістых папугайчыкаў — блакітных, белых і салатава-зялёных.

— Сем рублёў штука! — гаварыла з такой інтанацыяй, быццам яе тавар богведама што.

Я зайшоў на рынак купіць кветак: заўтра прыязджае да мяне — праведаць — жонка.

Вечар, а Любы не чуваць. Няўжо і яна паехала ў адпачынак (збіралася), не папярэдзіўшы мяне? Але дарэмна я турбаваўся — прыйшла. Толькі позна.

Не адчыняючы дзвярэй, вітаюся і пытаю, ці можна аддаць ёй грошы за кватэру.

— Даўно чакаю,— адказвае, хоць я зацягнуў толькі на дзень.— Пяцьдзесят адзін рубель.

— А той раз?

— Здаецца, пяцьдзесят. Але ж тады я пазычала ў цябе семдзесят дзве капейкі. Якраз за электрыку, ты ж на колькі дзён адлучаўся...

— Дробязь! Лепш скажы: ты возьмеш нас на кватэру з дзіцём?

— Калі ласка, толькі на дзесяць рублёў больш.

— Ну што зробіш...

— Гэта нядорага. У мяне сяброўка на ўскраіне жыве і бярэ столькі. Магла б і менш узяць, калі б ты не быў дурны... Я думаю, што мы ўжыліся з вамі: вы не лезеце ў мае справы, я — у вашы. Канечне, Галцы з малым там летам лепш. Але... без жанчыны табе таксама сумна...

Яна была шчырая, гаварыла мне як даросламу чалавеку. І гэта мне лесціла: яна не стала мяне менш паважаць, паказвала, што не трымае крыўды, згаджалася, што не мае права замахвацца на маю вернасць.

Я ведаю, адкуль у чалавеку дабрата,— яна бярэцца з сэрца. Я не ведаю, адкуль бярэцца чэрствасць?

* * *

Сёння была ў мяне жонка. Каханне да яе і любоў да свайго сына я не прамяняю ні на што. Гэты прыезд — вялікая жончына самаахвярнасць, калі хто яе не ацэніць — той мярзотнік. Калі хто ці што і разваліць маю сям’ю, то толькі не я і не мною зробленае. Галюха, ашчаджай гэтыя мае пачуцці да цябе, яны — першае і апошняе, на што здольны чалавек.

Жонка аднаго майго знаёмага ў сварцы сказала, што сын — не яго. Гэты мой знаёмы падаў заяву на развод. Я, даведаўшыся, паехаў да яго на кватэру і запэўніў, што сын выліты бацька, хоць ён і быў падобны больш на маці,— хацелася захаваць сям’ю. Сям’ю не захаваў — праз год яна ўсё-такі распалася.

Успомніў, як у кафэ «Рамонак» да мяне загаворвала маладая жанчына — чарнявая абхазка. Запомнілася, бо дала мне значна больш гадоў — узрост Хрыста, і яшчэ тым, што сказала: «У жанчыны — дзве святасці: сям’я, дзеці».

У сутыкненні, размовах з людзьмі мы спазнаём жыццёвыя ісціны.

* * *

Упершыню вылез загараць. Мяккая халаднаватая трава на тарфяніку. Нельга спакойна ляжаць — розныя павучкі ды казюлькі так і лезуць на цела, казычуць.

Загрымела. З усходу насоўваецца цёмна-сіняя, як не чорная хмара. На яе фоне бліскаюць белыя крышталіны кропель.

Ужо калі быў у кватэры — суха ляснуў пярун. Зашумеў густы дождж.

Запісаў у загсе сына, назвалі Максімам. Назіраў, як маладыя пары падавалі заявы на шлюб. Відаць, хто каго прывёў: ён яе ці яна яго. Адна радасным голасам: «А я трапіла пад такі лівень!..» —разумей: а ўсё-такі прыйшла. Другі сумным: «Ледзь кветак разжыўся...» — разумей: бачыш, як я цябе кахаю.

Думалася: шчаслівых шлюбаў няма, уся справа ў тым, хто што знойдзе ў ім.

Уразіла адна маладзенькая, цнатліва-сарамлівая дзяўчына з букетам цюльпанаў — вочы вялікія, сінія і... сумныя. Глядзяць на выбранніка тужліва, з такім сумненнем, быццам пытаюць: «Ну, ці можна табе даверыцца?» Як не плакала, запаўняючы і за сябе, і за яго паперы. Ён — маленькі, з бародкаю-клінком і рэдзенькімі вусікамі, кучаравы; увесь час трымаў яе сумку, упусціў, рассыпаў што ў ёй было. Дзяўчына сагнулася паднімаць, але ён апярэдзіў, адсунуў крэсла.

Пайшлі ў кабінет, падружоўленыя ад хвалявання, трохі збянтэжаныя. Забылі на заплямленым чарнілам стале свае цюльпаны.

«Дай вам бог шчасця!..»

У паветры — парната. І як адразу пахуча, свежа і бучна зазелянела ўсё вакол. Надта кусты акацый з жоўценькімі зорачкамі кветак.

Асфальт падсох, толькі каля бардзюраў мокра.

* * *

«Столькі перанесла гора, пакут, а колькі яшчэ наперадзе... І чаму б хоць на момант не забыцца на іх, знайсці радасць у ласцы з мужчынам?» — думаў іншы раз я, апраўдваючы Любу.

Да мяне прыехаў сваяк, пляменнік дзядзькі Сцяпана, прывёз дакументы ў медінстытут. Замахнуўся!

На стале ў нас бутэлька сухога віна. Зваў і раз і другі Любу — не хоча. На дыеце. Калі быў яе бацька, чатыры дні не піла і не ела, пакуль не стала блага. І цяпер — яшчэ дваццаць пяць дзён. Папрасіла толькі ў сваяка пару цыгарэт.

Гляджу — яна здорава пахудзела. Навошта, кажу, так марнаваць сябе? Жанчына павінна мець цела. «Трэба ж сачыць за сабою, каб некаму спадабацца»,— адказвае. Пайшла, наструнена трымаючы паставу. Выраз у кофце быў і на спіне, адкрываў плечы — моцныя, гладкія, што дыня.

* * *

Андрэй зноў дома. Яму хутка ў санаторый. Без яго было сумна.

Не вылазіць з майго пакоя.

— А дзе цёця Галя?

— З сынком у маці сваёй.

— А вы адны? — гладзіць мяне па галаве.— Жаніцеся на маёй мамцы... Дзядзя Алесь, жаніцеся на маёй мамцы.

Люба пачула, зайшла ў пакой. Замахнулася на Андрэя.

— Зараз лупцака дам! Што ты трындзіш?

— Не чапай ты яго, Люба,— смяюся я.— Ён у цябе такі фантазёр! — І пацяшаюся з Андрэя: — Дык мы ж і так жанатыя.

— А вы ж не спіцё лазам,— хітра, проста з дзіўнай праніклівасцю глянуў на мяне.

— А што, трэба?

— Як далослыя... Як далослыя! — смяецца Андрэй і бяжыць хавацца ад маці.

— Во і гавары, што дурны,— сказала Люба так, каб ці не папікнуць мяне, што Андрэй нашу сітуацыю разумее лепш, чым я.

— Ён не дурны, а...— я, усхваляваны, не адразу знайшоў слова, якім ахарактарызаваць Андрэя.

— Нічога, вырасце, працаваць будзе... такія працуюць,— упэўнена сказала Люба, абнадзейваючы сябе, хоць — было відаць — радасці ў сваіх словах аніякай не знаходзіла.

— Мне здаецца, душа ў яго поўная любві...

— Ад маці...— Яна ўся аж затрапятала ад усмешкі. Божа, што гэта была за ўсмешка!.. Гэта — было сонца. Сонца пяшчоты, удзячнасці, мілаты. У яго промнях хацелася стаяць, купацца, лунаць, грэцца. Няўжо я чэрствы, глухі, халодны, эгаістычны?

«Эгоизм — прочная основа целомудрия» (Флабэр).

* * *

Жанчына, якая не мае сям’і, ніколі не будзе адчуваць сябе шчаслівай, хоць ніколі і не губляе спадзеўку на шчасце.

Я глядзеў на Любу, на маленькі выпуклы фужэрчык у яе вачах, да сценак якога прыліплі белыя кропачкі пузыркоў. Мне было няёмка ў гэтую мінуту чытаць яе позірк, і я свядома засяроджваў увагу на фужэрчыку, а не на зрэнках.

— Андрэй пажаніў ужо нас... Што будзем рабіць? — цьмяна гаварыў, можа, хвілін праз дваццаць я, туманістымі вачыма гледзячы на Любу.

Яна палажыла на маё плячо руку. Я ніколі не адчуваў на сваім плячы па-сапраўднаму жаночую руку — я не буду яе апісваць: кожнаму жаноцкасць бачыцца па-свойму.

— Зрабі мяне шчаслівай, Алесь...

— Хіба я маг? — усміхнуўся я.

— Хоць і не маг, а магёш...— Яна абвіла мяне за шыю, шчыльна прытулілася гарачым тварам — уся цёплая, жывая, шчодрая.

...У яе целе была тая свабода, якая бывае ў дрэва, што расце на добрай глебе адзінока, не адчуваючы напору другіх дрэў.

* * *

Шукаць апраўданне сваім слабасцям — у гэтым сэнс чалавечага існавання.

Рабіць дабро, любіць — гэта не абавязак, а ўнутраная патрэбнасць.

У выхадны, калі жонка бярэцца мыць дзіцячыя полкі, паўзуны, кашулькі, я выкочваю каляску з сынам на вуліцу. Паставіць і сядзець на лаўцы чытаць, як некаторыя, не магу. Я памалу качу яе па вуліцы Горкага, аж да самай Свіслачы.

Ніцыя вербы па-над закаванаю ў шурпаты бетон Свіслаччу бязвольна звешвалі да зямлі жаўтлявыя гірлянды вузенькага лісця, якія ласкава пакалыхваў вецер.