epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзіслаў Сыракомля

Добрыя весці

Заходзіць сонца пагодняга лета,

Вее вецер з заходніх нябёс.

Здароў будзь, вецер з далёкага света:

Добрыя ж весці да нас ты прынёс!

Здаровы ж будзьце, эй, добрыя весці!

Там, на Заходзе, праліваюць кроў,

Б'юцца для славы, свабоды і чэсці

I робяць вольных людзей з мужыкоў.

Гудзяць вясёла і песні, і танцы

У добрым жніве на шчаслівы год.

Годзе ж вам, годзе, царыкі-паганцы,

Таптаць з балотам хрышчоны народ!

Годзе ж вам, годзе ў яснай карэце,

Годзе, чыноўнікі, ездзіць у двор.

Годзе вам, годзе, мужыцкія дзеці,

3 хаткі астаткі даваць на пабор.

I панская дзецка, і хамская юха

3 аднэй кватэркі папіваюць мёд:

I прысягнулі навек, да абуха,

Быць сабе вольны і роўны народ.

Мужык і шляхціц засядзе на лаве,

Каб весці раду а сваей зямлі.

Як трэба думаць а грамадскай справе,

На адно мейсца, як браты прыйшлі —

А як урадзім вайну на грамадзе,

Бараніць дзеткі, і зямлю, і дом,

Мужык і шляхціц на каня усядзе

Касіць касою, рубаць тапаром!

Эй, згіне вораг, як Бог нам паможа

За нашу крыўду, за горкі наш жаль.

Запяём песню: «Хваліць цябе, Божа!»

Лягчэй будзе сэрцу, як згіне маскаль.

Зямля ты наша, зямля ты святая,

Радзі нам збожжа ды судзі пажаць, —

Не прыйдзе вораг з маскоўскага краю

На магазын наша зерне браць!

Ручыць рукою худоба ў хаце.

Паны мужыцкіх слёз не забяруць —

Мужык і шляхціц стаў за пане браце,

Рукі за рукі і грудзь за грудзь.

Пяром на карце, сахой на ніве

Адзін другому роўнасць засцярог.

Эй, у свабодзе зажывём шчасліве,

Мы будзем дзеткі, а наш бацька — Бог.


1848; 1861

Тэкст падаецца паводле выдання: Беларуская літаратура : хрэстаматыя / [складальнікі: У. В. Адамчык, М. В. Адамчык]. - Мінск : Сучасны літаратар, 2004. - 1007 с.
Крыніца: скан