epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уолтэр Дэ Ля Мар

Вершы

Гронкі вінаграду
Срэбра
Бедны птах
Зіма


Гронкі вінаграду

 

«Вінаградную гронку!» - Цімох закрычаў;

«Чырвоны гранат!» - патрабуе Элейн;

«А мне каб смятанкі - ну хоць бы паўшклянкі», -

Ціхенька кажа Джэйн.

 

«Браткаў стракатых!» - Цімох закрычаў;

«Прымулу мне!» - патрабуе Элейн;

«Букецік пралескаў, растуць што на ўзлеску» -

Ціхенька кажа Джэйн.

 

«Залатую карэту!» - Цімох закрычаў;

«Срэбныя крылы!» - хоча Элейн;

«А мне дык даволі вазочка ў полі» -

Ціхенька кажа Джэйн.

 

 

Срэбра

 

Ціхутка, марудна, па роснай траве

У срэбных пантофлях поўня плыве.

Туды і сюды кіне вокам сваім,

І сад ахінецца ў срэбраны дым.

А вокны начныя праз срэбра фіранак

Хапаюць прамені, бо хутка ўжо ранак.

Раскінуўшы срэбныя лапы ўбок,

У будцы сабачай ляжыць абібок.

А шызай галубцы з магчымых убораў

Прыснілася футра са срэбраных пёраў.

І мышка начная, што тая паненка -

У срэбры пазногці і ў срэбры сукенка.

І нерухома ў вадзе прамяністай

Рыбка гарыць луской серабрыстай.

 

 

Бедны птах

 

Бедны птах! -

Ні рук, ні пальцаў няма ў цябе;

Толькі анёлкавыя крылы.

А мае крылы дзе?

 

Маўклівая рыбка!

Ні рук, ні ног, ні крылаў у цябе.

Толькі хвосцік ды жабры.

А маё дыханне дзе?

 

Дзікая былінка!

Ні вачэй, ні вушэй, ні мовы,

Каб бачыць свет, слухаць ды словы казаць,

Ні сэрца, ні душы, каб усё адчуваць.

 

І ўсё-ткі як бы я хацеў

На сонцы і ў цяньку, як ты,

Праменіць прыгажосць,

Пяшчоту, дабрыню.

 

 

Зіма

 

Халодныя ветры

Свішчуць у снежным паветры.

І голыя струны галінак гудуць.

Снягір у чырвонай манішцы

Чакае, калі маразы надыйдуць.

 

А сонца праменняў

Кідае апошнія жмені

Свайго скупога святла

На прыгажосць незямную

На белыя дахі жытла.

 

Хутка цямнее,

У печы апошняя іскарка тлее.

У коміне вецер раве.

А над морам замёрзлае пены

Белая поўня плыве.



Пераклад: Алена Таболіч

Беларуская Палічка: http://knihi.com