epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

Дачка Марыйка

У апошні час Люба столькі думала аб ім і так чакала, што, здавалася, калі б ён ні прыйшоў, калі б ні вярнуўся ў гэты чысценькі і ўтульны домік на краі сяла, ці ўдзень, ці сярод ночы, усё роўна ён не застаў бы яе знянацку. Люба выходзіла да калодзежа па ваду і кожны раз не прамінала паглядзець на шлях — а што, як ідзе? Гэта ж так магло быць — вось акурат яна выйшла на вуліцу, а на дарозе далёка, далёка відаць яго постаць. Яна пазнала б Рыгора па хадзе, як бы далёка яго ні ўбачыла.

Вечарамі яна прыслухоўвалася да кожнага грузавіка на шашы — ці не спыніцца каля іх вёскі. А калі грузавік, прыцішаючы матор, тармазіў і спыняўся, чакала, ці не ён гэта прыехаў. Яна адлучалася з дому на адну-дзве гадзіны на вячоркі ці да суседкі па справах, і калі вярталася, кожны раз у душы таіла надзею — а што, калі ён ужо дома.

Яна ўжо даўно перадумала ў самых дробязях, якой будзе іх сустрэча. Гэты малюнак, як жывы, стаяў у яе перад вачыма. Рыгор уваходзіць у хату, ён няголены, пастарэлы за гэтыя пяць суровых гадоў вайны. Стомленасць, нейкі невыразны смутак відаць на яго твары, гэткім жа смуткам адзначана і Рыгорава ўсмешка. Чамусьці — яна і сама не ведае чаму — Люба заўсёды бачыць гэтую самотнасць, калі ў думках уяўляе Рыгора. І яшчэ ёй здаецца, што ён прыйдзе не такі гаваркі, не такі вясёлы, якім яна ведала яго. Такі знак па яе меркаваннях павінна была пакінуць на Рыгору вайна. І вось яна кінецца яму насустрач, за ёю маці, маленькая Марыйка...

Але як толькі Люба пачынае думаць аб сустрэчы Рыгора з Марыйкай, у сэрцы яе, недзе ў самым далёкім куточку, раптам маленькай іскрай успыхвае трывога: як яны сустрэнуцца? Марыйка была яе прыёмнай дачкой. Яна ўзяла яе на выхаванне з дзіцячага дома, калі была ў эвакуацыі, у далёкім гарадку на Волзе. За два гады, што прайшлі з таго часу, яна моцна палюбіла Марыйку і прывыкла да яе. Якая гэта была мілая дзяўчынка. Яе наіўнасць, даверлівасць часамі даводзілі Любу да слёз. Ёй здавалася, што яна любіць і шкадуе Марыйку мацней, чым яна любіла б роднае дзіця. Такую моцную чуллівасць выклікала ў яе, мусібыць, адчуванне Марыйчынага сіроцтва. У цяжкія часы эвакуацыі яна начамі праседжвала над Марыйкай, калі тая, здаралася, хварэла. Яна адмаўляла сабе ва ўсім, каб толькі Марыйка ні ў чым не адчувала нястачы. І дзяўчынка расла на славу, вясёлая, разумная, ёй пайшоў толькі шосты гадок, а яна ўжо ведала на памяць столькі вершыкаў, казак. А як забаўна спявала яна свае дзіцячыя песенькі, якія сама і складала, гуляючы ў лялькі.

А найбольш кранала Любу тое, што Марыйка наіўна верыла, што Люба — гэта і ёсць сапраўдная яе маці, якая «знайшлася». Схіліць яна звычайна набок сваю прыгожую галоўку з чорнымі, густымі, па-ўкраінску раскідзістымі броўкамі і пытаецца:

— Мамка, а ці хутка наш тата пабʼе фашыстаў? Ці хутка прыйдзе дадому?

І Люба рабіла ўсё, каб дзяўчынка расла, не ведаючы праўды. Ды і навошта было цяпер ёй ведаць гэтую праўду, навошта было бянтэжыць яе светлыя дзіцячыя думкі.

Даўно, яшчэ будучы ў эвакуацыі, ледзь толькі Люба даведалася Рыгораў адрас, яна напісала яму аб Марыйцы. Рыгор адказаў, што ён вельмі давольны яе ўчынкам і будзе рады замяніць сіраціне бацьку. А ў апошніх пісьмах нават сам пытаўся аб ёй, клапаціўся, ці ёсць у Марыйкі зімовае адзенне, ці не маюць яны ў чым якой патрэбы. Ён нават меўся прыслаць ім са шпіталя грошы, але Люба забараніла яму гэта рабіць — жылі яны ніштавата, і ўсё ў іх было.

 

А трывожылася Люба, чакаючы гэтай першай сустрэчы Рыгора з Марыйкай, і сама выразна не ведала чаго. То ёй думалася, што ў Рыгора не знойдзецца пры сустрэчы з Марыйкай патрэбнай радасці і цяпла. А ад чуллівага дзіцячага сэрца не схаваеш фальшу. Ледзь ухіліцца ён ад праўды, яна адразу адчуе і ўжо захавае тое «чужое» адчуванне на ўсё жыццё. А то баялася яна, што, можа, Марыйка трымае дзе-небудзь у далёкай падсвядомасці вобраз роднага бацькі, загінуўшага недзе на фронце, і не захоча прызнаць за бацьку Рыгора.

Але над гэтай маленькай і невыразнай трывогай, якая пэўна што якім-небудзь чынам утаймуецца і ўсё абыдзецца добра, цяпер пераважала адно жаданне: як найхутчэй убачыць Рыгора.

І ўсё ж, як ні чакала яго, як ні падрыхтавана была ў любую хвіліну сустрэцца з ім, а калі аднойчы вечарам, ледзь сцямнела на вуліцы, нехта тройчы ціхенька пастукаў у акно — усёй істотай уздрыгнула ад нечаканасці. Сэрца Любы ёкнула і зайшлося — гэта ён, ён, яна пачула гэта душой, яна хацела ўсхапіцца з лавы, кінуцца яму насустрач, хутчэй адкрыць сенечныя дзверы, але не магла. Усю яе пранізала нейкая здранцвеласць, ногі не слухаліся яе. Яна як сядзела, так і засталася сядзець за сталом побач з Марыйкай, якая нешта малявала на паперы.

І ўсё пайшло не так, як думала Люба. Маці, а не яна, выйшла першай яму насустрач у сенцы, адчыніла дзверы і за руку ўвяла Рыгора ў пакой.

— Добры вечар у хату,— спыніўшыся ў парозе, гукнуў Рыгор, і ў голасе яго, у трох простых будзённых словах, сказаных ім, прагучала столькі пачуццяў, што цяжка было б апісаць іх нават у вялікай кнізе. Тут была і невыказная радасць сустрэчы, і гордасць пераможцы, які сумленна і шчыра папрацаваў на гаротнай ніве вайны і заслужыў гэтую радасць сустрэчы, тут быў і глыбокі смутак чалавека, які не раз і не два глядзеў у сухія вочы смерці, прайшоў выпрабаванне і агнём і крывёю.

Абліваючыся слязьмі радасці, маці кінулася сыну на шыю. Ён абняў і пацалаваў яе моцным салдацкім пацалункам. Потым ён ступіў крок на хату, прасцяг уперад рукі.

— Люба!..

А яна... Пазней яна сама дзівілася і не магла зразумець, чаму ўсё пайшло не так, як яна думала. Яна раптам схапіла Марыйку, выскачыла з-за стала. На гэты міг Люба забылася пра ўсё на свеце. Яна была цяпер падуладна толькі той невыразнай трывозе, што тачыла яе праз увесь час. Ёй хацелася, каб у сённяшні шчаслівы вечар усё абышлося шчасліва і ўсе былі шчаслівы. Яна падняла на руках Марыйку і, нібы ў сне, падышла да Рыгора.

— Рыгор,— ціха прамовіла яна.— Глядзі, вось наша дачка Марыйка.

Ён адразу здагадаўся аб той яе дарэмнай трывозе. Ён нічога не сказаў, а толькі ў кароткім позірку вачэй кінуў ёй дакор — чаму яна такая, ці яна не ведае яго? Чаму не здолела сваім жаночым сэрцам здагадацца, што і сам ён, можа, яшчэ будучы там, сярод агнёў і пажарышчаў, ужо думаў аб гэтай маленькай дзяўчынцы, можа, яму і самому было да болю радасна пасля ўсяго, што ён бачыў у крывавым пекле вайны, прыгалубіць, хоць і не сваю, дачку.

— Ну, хадзі, Марыйка...— працягнуў насустрач дзяўчынцы рукі Рыгор.

Нейкі момант, прыціскаючыся да Любы, Марыйка ў маўчанні з недаверлівасцю пазірала на Рыгора. Хто ведае, якія думкі роіліся ў яе дзіцячай галоўцы. «Гэта і ёсць той тата, якога я чакала з вайны?» Мусібыць, яна намагалася як найхутчэй спалучыць той гатовы вобраз, які быў у яе, калі яна думала пра тату, з цяперашнім незнаёмым чалавекам у шэрым пяхотным шынялі, з салдацкім клумкам за плячыма. Чорнымі праменнымі вочкамі з-пад густых раскідзістых брывоў яна ўважліва вывучала Рыгора. Але гэта цягнулася адзін кароткі момант. Ледзь пачула яна Рыгораў голас — ірванулася да яго, тоненькімі ручкамі моцна абхапіла за шыю і прыціснулася так, што ажно заплюшчыла вочкі.

У Любы нібы нешта цяжкае звалілася з грудзей. З лёгкасцю і радасцю яна ўздыхнула і падышла да Рыгора.

 

Позна ўвечары, можа, ужо апаўночы, калі, скончыўшы бясконцыя размовы і роспыты аб вайне, уцішыўшы слёзы па загінуўшых і радасць за жывых, разышліся па дамах усе суседзі і сваякі, Рыгор падняўся з-за стала і ціха, на дыбках, наблізіўся да маленькага Марыйчынага ложка. Вольна і соладка, раскінуўшыся на мяккай пасцельцы, дзяўчынка спала. Расчырванелай ад сну шчочкай яна прыціскалася да лялькі, якую падараваў ёй Рыгор. Ён стаяў каля ложка і, прыслухоўваючыся да роўнага дыхання дзяўчынкі, доўга моўчкі паглядаў на яе. Марыйка ўсміхалася, мусіць, бачыла нейкія радасныя сны. Люба асцярожна падышла да мужа, стала побач з ім.

— Што ты так глядзіш на яе? — ціха спытала яна.

— Так, нічога... Якія ў яе зыркія бровы. Ты кажаш, бацька яе загінуў на вайне?

— Але, ён забіты яшчэ ў сорак другім годзе.

Рыгор у нейкім неспакоі павярнуўся да жонкі.

— Ён быў салдат ці афіцэр? Ты не ведаеш яго прозвішча?

— Здаецца, ён быў лейтэнантам. А прозвішча не ведаю. Але чаму ты пытаешся аб гэтым?

Рыгор моўчкі ўзяў жонку за плячо і павёў да стала. Яны селі, і па бляску Рыгоравых вачэй, па ўзнерваванасці яго рухаў Люба адчула, што ён нечага хвалюецца.

— У яе такія бровы...— задумёна і збіваючыся, пачаў Рыгор.— Яны нешта нагадваюць мне... Пэўна, што гэта глупства, мне толькі так здалося. У сорак другім годзе каля Волгі наша часць два разы штурмавала адно маленькае сяло, здаецца, яно называлася Рузаеўка ці Разуваеўка. Немцы ператварылі яго ў камень і жалеза, яны адбіваліся, як чэрці. За трэцім разам мы ўзялі тое сяло. Мы ўбеглі ў вуліцу, і тут асколкам гранаты насмерць параніла нашага камандзіра ўзвода, лейтэнанта Кажана. Украінец ён быў. Вясёлы такі, любіў песні. Я падбег да яго. Ён яшчэ быў жывы, але ўжо канаў. Я нагнуўся над ім, аж чую — у непрытомнасці ён гукае: «Дачушка!» Сэрца маё аж зайшлося ад болю. Я і цяпер чую той яго крык...

— І ён памёр? — нецярпліва спытала ўсхвалёваная Люба.

— Памёр... У яго вось таксама былі такія ж чорныя бровы... Гэта, вядома, глупства... Але мне здалося, можа, гэта ён і быў Марыйчын бацька?

— Чакай, Рыгор, чакай,— усё больш хвалюючыся, перабіла Люба.— У дзіцячым доме мне далі вузельчык з хатнімі рэчамі. Там, сярод адзення, у канверце ляжаў маленькі здымак яе бацькоў. Толькі адзін гэты здымачак і застаўся ў яе на памяць аб бацьках.

Нават пабялеўшы ў твары, Рыгор устаў.

— Чаму ж ты маўчыш? Хутчэй паказвай!

Люба кінулася да скрыні, узяла захаваны там сярод розных папер канверт і падала яго Рыгору. Амаль выхапіўшы канверт з Любіных рук, Рыгор раскрыў яго і нахіліўся над сталом, падносячы здымак бліжэй да святла газоўкі. Люба ў напружанні глядзела на твар мужа.

— Не, гэта не ён,— рэзка адкінуўшыся ад святла, неяк збянтэжана ўсміхнуўся Рыгор і ўздыхнуў. Цень расчараванасці перасмыкнуўся на яго твары, але адразу і знік.

— Гэта не Кажан,— ціха сказаў ён, і твар яго зрабіўся суровым.— Гэта нехта іншы. Маладзейшы.

Рыгор яшчэ раз паглядзеў на здымак, схаваў яго ў канверт і працёг жонцы. Ён паглядзеў на Любу вачыма, поўнымі цеплыні.

— Я падумаў, можа, гэта ён і ёсць. Я быў бы шчаслівы, каб гэта быў ён. Але калі і не ён, то ці не ўсё роўна нам? Праўда, Люба, цяпер жа мы Марыйчыны бацькі і яна наша дачка.

— Дачка,— мякка паўтарыла Люба.

1940


1940

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслясл. Г. Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 318 с.
Крыніца: скан