epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

Дзедаў прынцып

Крылаты госць зрабіў над вёскай два кругі, бліснуў на сонцы белым крылом і, прабегшы метраў сто, сеў на ялавіне за гумнамі. Такое здаралася не кожны дзень, і вестка мігам абляцела вёску. Першымі да госця з радаснымі крыкамі бегма рынуліся ўсе вясковыя дзеці. За імі з хат пачалі выбягаць дзяўчаты і жанкі. Потым адзін за адным пайшлі мужчыны. А калі на калгасным гумне праз дзве хвіліны па нейкай прычыне спыніў работу эмтээсаўскі трактар, павалілі на ялавіну ўсім сялом.

Злез са свайго месца, каля малатарні, і дзед Мацей. Пакуль ён, нездаволена тупаючы па гумне, паспеў агледзецца, на таку ўжо не засталося ніводнага чалавека.

— Самалёта яны не бачылі,— бурчаў сам сабе Мацей,— узбегаліся, канаплянікі. Шах-мах, кінулі-рынулі ўсё і гайда! Самалёт ім цікавы...

У насцеж расчыненых варотах гумна ў зашмальцаванай спяцоўцы паказаўся трактарыст, дзедаў унук Міцька. Ён вельмі спяшаўся і на хаду крычаў:

— Сеў, сеў, дзеду! Бяжым на ялавіну!

Дзед спакойна стаў у варотах, паглядзеў услед Міцьку, які пабег да самалёта, і нездаволена перакрывіў яго:

— «Сеў, сеў, бяжым». Яшчэ не хапала, каб дзед навыперадкі з табою, канаплянікам, пабег.

Дзеда Мацея на сяле іначай не завуць, як Мацей-рэўком. Рэўком — гэта ў сэнсе рэвізійная камісія. Бо такая ўжо рыса была ў дзедавым характары, што любіў ён ва ўсім парадак. От убачыць што-небудзь, зробленае не да ладу, то абавязкова рупіць яму паказаць на гэта або і самому паправіць. Ідзе, скажам, Мацей па вуліцы, убачыць, што прызба ля хаты ў каго-небудзь не падсыпана, лаўкі, каб пасядзець можна было, няма,— адразу закрычыць:

— Эй, гаспадар! Не лянуйся, прызбу падсып, лавачку змайструй...

Зойдзе на калгасны двор, а там плуг пад адкрытым небам іржавее. Спачатку пакрычыць дзед на ўсіх, канаплянікамі абзаве, а тады ўжо сам і зацягне плужок пад павець. Усё ён прыкмеціць, да ўсяго прычэпіцца. І любілі за гэта дзеда Мацея калгаснікі, і паважалі, і, сказаць праўду, уеўся ён некаторым гультаям-неахайнікам у косці: рэўком...

Міцька паспеў ужо чатыры платы пераскочыць — так ён спяшаўся нацянькі да ялавіны, каб самалёт убачыць. Мацей жа пастаяў у варотах, патупаў туды-сюды, граблі ўзяў, падгроб каласкі на таку ў адну кучу. Агульная сумяціца як бы і не кранала яго. Але ж, патупаўшы без справы некалькі хвілін, дзед урэшце зацікавіўся:

— І што там ужо за самалёт такі?

Паставіўшы ў кут граблі, дзед Мацей выйшаў з варот і накіраваўся за гумны.

На ялавіне, проста сярод поля, стаяў невялікі трохмесны біплан. Ля яго пахаджваў апрануты ў скураную куртку малады лётчык. Ён дапамагаў невялічкай пасажырцы аслабаніцца ад рамянёў, якімі яна была прымацавана да сядзення. Дзеці бегалі вакол машыны, разглядалі яе з розных бакоў. Адны любаваліся крыламі, стройна раскінутымі ў бакі, другіх цікавіў хвост, трэціх прапелер. Бегаў з доўгай плеценай пугай і калгасны пастушок Сярожка. Жанкі і мужчыны шчыльна абступілі самалёт.

Дзед Мацей прыйшоў якраз у тую хвіліну, калі з пасажырскай адчыненай кабіны вылазіла тоненькая жанчына. Яна была апранута ў жоўтую скураную куртку, з шлемам на галаве. Жанчына ветліва ўсміхалася і, калі вылезла на крыло, скінула шлем і прывіталася:

— Добры дзень, таварышы!

З натоўпу ёй адказалі цэлым гулам прывітанняў.

— Наш самалёт з агітэскадрыллі Аляксея Максімавіча Горкага. Прыехалі мы да вас праверыць, як вы падрыхтавалі школу для сваіх калгасных рабят — восень ужо скора.— звонка гаварыла жанчына.

— Калі ласка, калі ласка,— пачаў прабірацца праз натоўп да самалёта старшыня калгаса Ляўшак. За ім падаліся камсамольцы.

А дзед Мацей стаяў збоку і, калі ўбачыў гэтую жанчыну, то і на самалёт пакінуў глядзець, так яна яго здзівіла. Здзівіла якраз тым, што нічога незвычайнага сабою не ўяўляла. Просценькая такая, галасок звонкі. Калі шлем скінула, грабянцом валасы расчасала. Косы ў яе падрэзаныя, бялёсыя...

Некалі, год восем таму назад, Мацей ніяк не хацеў верыць расказу свайго ўнука Міцькі аб тым, што людзі прыдумалі машыну, на якой можна лятаць. Не верыў, пакуль уласнымі вачыма не пабачыў у небе небывалую птушку. З той пары ён усё хацеў пабачыць адважных людзей, што ляталі на такой машыне. Яны, па дзедаваму ўяўленню, павінны быць незвычайна моцнымі і смелымі — то ж не жарты падымацца вышэй за хмары, бачыць зямлю такой, якой яе можа бачыць толькі легкакрылая птушка. Мацей толькі аднойчы ў жыцці быў на званіцы. Калі ён глянуў уніз, на палеткі, на лугі, на хаткі вясковыя, на лес, у яго закруцілася ў галаве. Людзі ж ляталі на вышыні ў багата разоў большай, чым званіца, і яны ў столькі ж разоў павінны быць больш мужнымі і храбрымі.

А тут вылазіць з самалёта звычайная жанчына, невялічкая, тоненькая, смяецца і гаворыць пра будзённае, пра школу, ходзіць каля машыны малады бязвусы лётчык. Проста баяўся дзед і верыць, што гэта людзі-птушкі.

— Новую школу ў гэтым годзе збудавалі,— хваліўся невялічкай жанчыне Ляўшак, і яны, выбраўшыся з натоўпу, накіраваліся ў вёску.

Дзед Мацей падышоў бліжэй да самалёта — яму хацелася, каб яго заўважыў лётчык. Мацей з ахвотай пагаварыў бы з ім. Але лётчык жартаваў з дзяўчатамі. Загарэлая Фроська смяялася больш за ўсіх, крыху ламалася («што мы — дзеравенскія!») і гаварыла:

— Вельмі мы хацелі б пакатацца на самалёце. На трактары паспрабавалі ўжо.

Фроська гаварыла гэта, і ёй у галаву не прыходзіла, што лётчык сапраўды можа згадзіцца правезці яе на самалёце.

— Пакатацца? Згодзен, зараз завядзём матор.

Лётчык адвярнуўся да трэцяга чалавека, які сядзеў у машыне. Але Фроська ўзмахнула рукамі і кінулася хавацца за дзяўчат з крыкам:

— Не хочу, не хочу!

— Ну, чаго ж баяцца? — засмяяўся лётчык.

Дзед Мацей, які дагэтуль стаяў моўчкі, вырашыў умяшацца ў гутарку, завязаць знаёмства з лётчыкам...

— Кінь ты, унуча, з гэтымі сакатухамі...

— Чаму так, дзедка? — ветліва запытаўся лётчык.

Дзед падышоў да лётчыка і, не адказваючы на пытанне, ціха праказаў:

— Табе — нічога. Ты ў плячах шырокі, моцны. Арол! Але ты скажы, як гэтае цівянё з табою лётала?

Дзед Мацей кіўнуў галавою на вёску, намякаючы на жанчыну, што прыляцела на самалёце.

— Цівянё? — засмяяўся пілот і хутка павярнуўся да самалёта.— Хадзі, сядай, дзед, сюды.

— Як... Для чаго?

— Сядай, пракачу.

— Мяне, значыць, і пракоціш... і значыць, і...

Мацей не ведаў, што рабіць. Яму вельмі хацелася праехацца на самалёце, але баяўся адразу згаджацца. Зноў жа, не выпадала і валаводзіць. Дзед азірнуўся назад. Усе чакалі, якое ён прыме рашэнне.

— Каці, дзеду, чаго там!

— Ляці!

Моладзь падбадзёрвала дзеда. Міця горача размахваў рукамі і ківаў, каб дзед хутчэй згаджаўся. Разгублена апусціўшы рукі, дзед Мацей тупаў на адным месцы і паглядаў то на лётчыка, то на калгаснікаў.

— Ну, і што ж вы думаеце. Ну, і паеду, ну...

І дзед Мацей пайшоў за лётчыкам да самалёта. Сеў туды, дзе сядзела маленькая жанчына. Калі лётчык пачаў прывязваць яго рамянямі, нейкі халадок спалоху прабег па ўсім целе дзеда Мацея. Але адступаць ужо было позна.

Міця радасна махаў дзеду рукой.

— Не здавай, дзеду, толькі не здавай!

Прапелер узвіхрыў слупы пылу. Усе рынуліся ў бок ад машыны. Дзед ужо не чуў ніякіх павучанняў Міці, а толькі бачыў, як той нешта паказваў рукамі. Лётчык, які сядзеў каля механізмаў кіравання, азірнуўся на дзеда і засмяяўся, адкрыўшы два радкі белых зубоў.

Ён нешта крыкнуў, па губах Мацей здагадаўся, што сказаў: «Паехалі».

Прапелер завыў яшчэ больш ярасна, і машына пабегла па ялавіне. Мацей сударгава схапіўся за барты самалёта. Думаў, адразу рванецца самалёт у неба, і баяўся гэтага моманту. Нават заўсёды спакойнае сэрца дзедава цяпер тахкала палахліва.

А машына бяжыць і бяжыць па полі і ўсё не адрываецца ад зямлі. Дзед не разумеў, у чым справа, паспакайнеў і нават лепш прымайстраваўся ў сваім сядзенні. «Можа, і зусім ён не падымецца?» — думаў ён.

Але вось машына пачала заварочвацца супроць ветру. Дзед убачыў натоўп вяскоўцаў. Лётчык азірнуўся на дзеда і махнуў скураною пальчаткай. Дзед не здагадаўся, што ён хоча гэтым сказаць. Адчуў толькі, як машына хутчэй ірванулася наперад і амаль адразу перастала трусіць. Дзед паглядзеў на зямлю і здагадаўся: яны плывуць ужо ў паветры. Пажаўцелая трава з кожнай секундай аддалялася ад дзеда. Здавалася яму: яны стаяць на месцы, а зямля бяжыць у іх з-пад ног. Усярэдзіне нешта сціснулася, падцягнула жывот, нават язык у роце прыціснуўся да нёба. Гэта самалёт набіраў вышыню.

Але вось ён выпрастаўся і паплыў роўна. Дзед Мацей уздыхнуў вольна, на поўныя грудзі. Ён адчуваў сябе вельмі прыемна. Над галавой — сіняе неба, унізе — жоўтая поўсць бярэзніку, рэчачка сіняй пакручастаю жылкаю, квадраты зжатых палеткаў. І ён, шасцідзесяцігадовы дзед Мацей, ляціць над гэтымі прасторамі, вольны ад зямлі, як птушка. Для большага падабенства да птушкі Мацей нават паспрабаваў рукамі ўзмахнуць. Жорсткі вецер стукнуў па далонях рук, нібы ў злосці. То дзед Мацей больш рук ужо не выстаўляў, а так проста любаваўся краявідамі, якія рассцілаліся перад ім.

Самалёт злёгку пахіліўся на адно крыло і завярнуўся назад. Дзед схапіўся за барты самалёта — яму здалося, што самалёт валіцца набок. Але лётчык азірнуўся на дзеда ўсё з той жа вясёлай усмешкай, і Мацей адразу паспакайнеў.

Вось самалёт крыху знізіўся і пайшоў над палеткамі дзедавага калгаса. Копкі жыта стаялі толькі дзе-нідзе, жыта калгаснае ўжо звезена, на азяродзе сохне. Вось унізе плыве вялізны жоўты касяк калгаснай грэчкі. Дзед самазадаволена зірнуў уніз на грэчышча і... настрой яго адразу змяніўся.

Ён моцна закрычаў нешта лётчыку. Той праз стукат матора ледзь пачуў дзедаў крык. Азірнуўся і ў здзіўленні ўбачыў, што Мацей усхвалёвана размахваў рукамі, паказваў на нешта ўніз і штосьці крычаў. Ад напружання дзед Мацей аж пачырванеў і, мусіць, забыўся нават, дзе ён знаходзіцца.

— Спускайся! — змог толькі разабраць лётчык.

Так і не зразумеўшы, у чым справа, ён павёў самалёт на зніжэнне...

На ялавіне дзеда-рэўкома чакалі з нецярплівасцю. Міцька хваляваўся больш за ўсіх. Прыставіўшы далоні казырком да вачэй, ён перабягаў з месца на месца, каб ямчэй было сачыць за самалётам. Фроська, дык тая, ледзь самалёт пахіліцца, ажно войкала ад страху. Задраўшы ўгару бароды, глядзелі ў неба дзядзькі. Дзетвара з крыкам бегала па полі, махаючы рукамі дзеду Мацею. Пастушок Сярожка ад узрушання «страляў» сваёй пляцёнкай-пугай. Жанкі стаялі асобнаю купкай, акружыўшы Мацееву старую. У тае па твары каціліся слёзы боязі за старога, і яна глядзела на самалёт, шэпчучы сама сабе нешта незразумелае: «Хаця б жа, хаця б жа...»

— Ото ж, скажы ты, машына! — у захапленні прамовіў нізенькі дзядзька і, пакінуўшы глядзець на самалёт, пакруціў у розныя бакі галавой, каб перастала балець шыя.

Але вось хутка ўсе ўбачылі: самалёт завярнуўся супроць ветру і пачаў зніжацца.

Усіх незвычайна цікавіла, як адчувае сябе дзед Мацей, якія ў яго ўражанні пасля катання. Самалёт спыніўся недалёка ад натоўпу. Усе бегма кінуліся да самалёта.

— Ну, як, дзед? Што?.. — чуліся ўскрыкі навокал.

Мацеева жонка выцірала слёзы радасці. Міцька ледзь не хадзіў на галаве. А Мацей тым часам адшпіліў рамяні, паспешліва ўстаў у кабіне, моўчкі пашукаў некага ў натоўпе. Натоўп напружана прыціх: што такое, у чым справа?

— Сярожа! — раптам закрычаў Мацей.— Ты тут, сучы сын? Каровы свае пакінуў? А яны вунь паўгектара грэчкі калгаснай зглумілі. Марш адсюль!

Пятнаццацігадовы юнак, якога дзед назваў Сярожам і сучым сынам, шмыгнуў з натоўпу і без аглядкі пабег да пакінутага статка.

Усе ў здзіўленні маўчалі. Тады, перамяніўшы тон, дзед Мацей з захапленнем адказаў на ўсе запытанні, накіраваныя да яго:

— З самалёта мне ўсё відно было. А не то што...

Што «не то што», зразумець не мог ніхто, але ўсе ўбачылі — «рэўком» і ў небе застаўся верны сваім прынцыпам.

1937


1937

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслясл. Г. Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 318 с.
Крыніца: скан