epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

Франтавік

Сапраўднае прозвішча яго было Корж, звалі — Якаў Радзівонавіч, але ў каго б вы ні спыталі пра яго ў раёне, гэтага чалавека ў адно слова называлі Франтавік, як быццам гэта было яго ўласнае імя. Калі які-небудзь новы ў раёне чалавек цікавіўся Бакаўцом, вялікім прырэчным сялом, дзе пражываў Якаў Радзівонавіч, яму гаварылі: «Пра Бакавец пытаеце? Дзе Франтавік калгасным старшынёй? У гэтым сяле ўсё ідзе ладна».

 

У раёне Франтавік карыстаўся шырокай вядомасцю, аб ім хадзіла многа розных гаворак. Былі сярод іх і смешныя гісторыі, якія малявалі яго як чалавека своеасаблівага, але перад усім выдатнага калгаснага гаспадара. Выслухаўшы ўсе гэтыя, напоўненыя нейкай асаблівай цеплынёй апавяданні пра Якава Радзівонавіча, прыехаўшыя ў раён многа і падрабязна распытвалі пра яго ў старажылаў — і хто ён, і колькі яму гадоў, і чаму яго так празвалі,— бо і сапраўды, пасля ўсяго чутага нельга было застацца абыякавым да самой асобы Франтавіка. Быў гэта з выгляду крыху медзведзяваты, шыракаплечы і невысокі ростам чалавек, з кароткай і моцнай шыяй. Гаварыў ён павольна, быццам даючы магчымасць кожнаму адчуць усю важнасць сказанага.

І ад гэтай яго павольнасці ў гаворцы, медзведзяватасці ў рухах першае ўражанне складалася ў кожнага такое, што гэтакі ж павольны і непаваротлівы ён і ў рабоце. Але гэта было памылковае ўражанне. Той, каму даводзілася бліжэй пазнаёміцца з Франтавіком, адразу з некаторым здзіўленнем для сябе пераконваўся, што гэта энергічны і цікавы чалавек, і, нават расстаўшыся з ім, доўга знаходзіўся пад уплывам яго вялікай жыццёвай энергіі.

А ўся вядомасць Якава Радзівонавіча пайшла з таго, што, узначаліўшы пасля фронту заняпалы, з разбуранай гаспадаркай бакавецкі калгас, ён здолеў паставіць яго на цвёрдыя ногі і дабіцца поўнай вагі калгаснага працадня. Проста здзіўленне выклікала, як умела перанёс ён у калгас тое, што сам набыў на вайне,— дысцыпліну, разумную вынаходлівасць, чоткасць і дакладнасць у рабоце. Цвёрда перакананы сам, што няма цяжкасцей, якіх не магла б пераадолець добра арганізаваная калектыўная сіла, Корж запальваў гэтай верай усіх, і, відаць, у гэтым быў увесь яго поспех.

Яшчэ на першым агульным сходзе, калі перавыбіралі праўленне і старшыню, калгаснікі адразу адчулі, што Франтавік не ашукае іх давер, што гэта будзе надзейны важак. Робячы справаздачу перад сходам, былы старшыня калгаса, гультаяваты, безыніцыятыўны чалавек, з адпаведным яго дробнай натуры прозвішчам Маляўка, адно толькі і рабіў, што спасылаўся на пасляваенныя цяжкасці: «Цяжкасці, цяжкасці...» — аднастайна бубніў ён, як дзяцел. А часам, сам адчуваючы, што ўсім абрыдзела слухаць адно і тое ж, ён пачынаў гаварыць пра аб’ектыўныя прычыны, як быццам гэта ўжо мяняла малюнак і давала яму нейкае апраўданне — бач, былі ў яго не толькі цяжкасці, але яшчэ і аб’ектыўныя прычыны.

Франтавік сядзеў за сталом і, упяўшы нерухомы погляд у не надта чыстую сурвэту, якой быў засланы праўленчаскі стол, моўчкі слухаў Маляўку. Становішча сапраўды было цяжкае. Цягла ў калгасе, як кажуць, кот наплакаў, рабочай сілы таксама не ставала. За час вайны амаль палова бакавецкіх палеткаў запустазелілася і стала непрыгоднай для апрацоўкі. Не здолеўшы арганізаваць як след працу, калгас амаль утрая зменшыў плошчу пасеву і зняў такі ўраджай, што, разлічыўшыся з дзяржавай і адклаўшы насенны фонд, праўленне ледзь здолела выдаць калгаснікам на працадзень нейкую дробязь. Бедны працадзень аказаў свой расслабляючы ўплыў на дысцыпліну працы — да вайны бакавецкія калгаснікі прывыклі атрымліваць на працадзень поўнай мерай дабра. Якаў Радзівонавіч слухаў Маляўку і разгадваў, у чым корань і з чаго трэба пачынаць. І пакуль Маляўка, аднастайна прабубніўшы разоў дваццаць пра пасляваенныя цяжкасці, нарэшце скончыў сваю справаздачу, Корж прыйшоў да вываду — у тым становішчы, якое склалася цяпер у Бакаўцы, у першую чаргу трэба дбаць аб ажыўленні запусцелых палёў, наколькі дазволяць сілы ўгноіць і засеяць большую плошчу зямлі, дабіцца добрага ўраджаю. Высокі ўраджай дасць важкі працадзень, а важкі працадзень выкліча заахвочанасць людзей да калгаснай працы, падыме матэрыяльны дабрабыт калгаснікаў.

Калі Маляўка скончыў, папрасіў слова Якаў Радзівонавіч. Ёп павольна падняўся з лавы, пераступіў з нагі на нагу.

— Вось што, мужчыны... а таксама і жанчыны,— ціха сказаў ён, але ў наступіўшай цішыні голас яго быў выразна пачуты ўсімі.— Пасляваенныя цяжкасці...— пачаў ён і запыніўся. Не скончыўшы думкі і не надаўшы гэтым словам ніякага адцення, ён раптам пачаў гаварыць зусім іншае: — У сорак другім годзе ў Валгаградзе абаранялі мы аддзяленнем адзін дом. Прыціснулі нас фашысты так, што ўжо дыхаць не было як... Навакол агонь, смерць... Боезапас канчаецца, людзей мала, хоць плач! Лейтэнант пытаецца: «Што ж, хлопцы, здамо дом?» А мы кажам: «Не, памром тут, а адыходзіць не будзем...» Двое сутак біліся. Чорнымі ад густога дыму сталі... Не было патронаў, штыкамі біліся. Мы за гэты дом біліся, а ўсю нашу Айчыну ад краю да краю перад вачыма бачылі. Адбілі! Адстаялі мы гэты дом!

Якаў Радзівонавіч уздыхнуў і дадаў:

— Як хто хоча, так няхай і разумее, да чаго я гэта сказаў. А толькі так далей, як у нашай гаспадарцы справа ідзе,— нельга.

І сеў.

І хоць гаварыў Корж мала ды, здавалася, і не па сутнасці справы, а калі пачалі вырашаць, каго выбраць старшынёй, то колькі было на сходзе людзей — а была паўнюсенькая хата,— як адзін, усе галасы аддалі яму.

З гэтай кароткай, але выразнай прамовы і пачаў Франтавік сваю працу старшынёй. Не ўсім прыйшоўся да густу круты і цвёрды характар новага старшыні. Асабліва даўся ён у знакі гультаям, людзям, якія нядбайна ставіліся да працы і да калгаснага дабра. Па-ваеннаму хутка ўвайшоўшы ў курс калгасных спраў, ён, здавалася, адразу стаў ведаць не толькі тое, што робіць, але і што думае кожны калгаснік. Гуменнік Савасцей, дзіву даючыся з такой здольнасці Франтавіка, расказваў адзін такі дробны эпізод. Вазілі неяк увосень з поля снапы. Усё паказвала на тое, што надвор’е вось-вось павінна было змяніцца на дождж і з возкай снапоў трэба было паспяшаць. Якаў Радзівонавіч падышоў да Халімона, звеннявога паляводчай брыгады, які акурат кіраваў возкай.

— Як, Халімон, ці справішся ўсё да вечара перавезці?

Халімон, чалавек, мякка кажучы, не зусім гарачы да работы, паглядзеў на неба, цвіркнуў слінай сабе пад ногі і сказаў:

— Уга-а, да вечара... Перавязём!

— Так... А чаму ж ты думаеш другое? Чаму ж ты так думаеш, што, моў, перавязём, то добра, а не перавязём, яго і на полі чорт не схопіць? А? — І ва ўпор паглядаючы на прымоўкшага ад неспадзяванасці, захопленага знянацку Халімона, дадаў:

— Я, брат, да гэтага не прывык. На фронце мы так не рабілі. Увечары праверу, як ты сваё «ўга» споўніш...

Халімона так уразіла гэтая здагадлівасць старшыні, што ён пасля тае гаворкі лётаў з узмакрэлай чупрынай, як птах, перадыху нікому не даваў і дамогся, што спраўдзіў сваё слова.

У першую восень, як пачалося асенняе ворыва, паколькі з цяглом у калгасе было цяжкае становішча, а ўзараць пад азімыя трэба было як мага больш, вырашана было на праўленні выкарыстоўваць на ворыве кароў. І вось пачалася марока. Ненавучаныя хадзіць у плузе, каровы блыталіся, псавалі баразну, брыкаліся. Трэба было мець цярплівасць і ўмельства, каб прывучыць карову да працы. І не ў кожнага ставала гэтай цярплівасці і ўмельства. Франтавік сам хадзіў у поле, наладжваў усю гэтую справу. У першы дзень ворыва, як толькі прыйшоў ён на поле, яго абступілі аратыя са скаргамі. Адзін малады хлопец асабліва хваляваўся.

— Не, Якаў Радзівонавіч, няхай яно згарыць з такою працай! Ты ёй хоць «ксо», хоць «цабэ» крычы, а яна куды хоча, туды ідзе... Няма ўжо маіх сіл!

— От, чорт!..— спачуваючы аратым, вылаяўся Корж. Пастаяў, паглядзеў на поле, падумаў.— А трэба ж неяк араць.— Корж паклаў руку на плячо разгарачонага хлапца: — Ты супакойся. Чалавек, калі захоча, то можа зайца прывучыць на лічыльніку лічыць, а не то што карову да плуга. А што цяжка, то...

Корж памаўчаў, падумаў.

— От я ўспомніў, як штурмавалі мы Дняпро. Таксама, брат, нялёгка было... Падбеглі да рэчкі — шыро-окая. Паблізу бой ідзе, немцы з-за ракі б’юць. На беразе нідзе ні чоўніка, ні парома, а тут трэба хутчэй перапраўляцца, пакуль не заўважылі. «Уплаў»,— загадвае лейтэнант. Ну, а я плывец такі — як сякера. Што тут рабіць? Падыходжу да камандзіра: «Таварыш лейтэнант, плаваць не ўмею, што рабіць?» А ў нас лейтэнант свойскі такі чалавек быў, просты, любілі мы яго ўсе. «Што рабіць? — кажа ён мне.— А чорт яго ведае, што рабіць! Што хочаш, то і рабі, а толькі каб праз паўгадзіны на тым баку быў». Кінуўся я з гэтай «інструкцыяй», каб шукаць які сродак пераправіцца, а лейтэнант услед крычыць: «Стой, Корж! Прабяжы па беразе, можа, дзе ў лазе бервяно прыблуднае знойдзеш». І праўда, знайшоў. Вясною, мусібыць, прыгнала аднекуль. І пераплыў. Колькі пакуты набраўся, а пераплыў... А потым як гакнулі мы фашыстам у тыл, то на іх адно шматкі курэліся...

Корж паглядзеў на хлопца і ўсміхнуўся.

— Вось як, брат, бывае на свеце...

І, замоўкшы, раптам насупіўся, задумаўся.

— Чортава насенне гэтыя каровы... Не хочуць у баразне хадзіць роўна. Мусібыць, трэба нешта прыдумаць, трэба дзяцей прылаўчыць, каб вадзілі іх, то пойдзе справа лягчэй. Араць жа ўсё роўна трэба.

Гаворка Каржа падзейнічала на гарачага хлопца, як халодны душ. Ён толькі паківаў галавой, здзіўлены, як гэта старшыня да ўсяго можа знайсці, што сказаць. Моўчкі пайшоў да плуга. Разышліся і астатнія аратыя. А Якаў Радзівонавіч пайшоў у сяло і распарадзіўся паслаць у дапамогу аратым усіх вольных ад працы жанчын, а таксама падлеткаў.

Ну, і што казаць — як ні цяжка было, а паставіў Франтавік на сваім. Засеялі яны той восенню азімых амаль столькі, колькі сеялі бакаўчане і да вайны.

І заўсёды, калі паўставала перад калгасам якая-небудзь перашкода, што здавалася слабавольным або нерадзівым людзям непераадольнай, Якаў Радзівонавіч, памеркаваўшы, што да чаго, рабіў вывады, а заадно, як быццам гэта толькі да слова прыйшлося, успамінаў вайну, франтавую абстаноўку.

Расказваюць, што вясною, яшчэ задоўга да пачатку сяўбы, Франтавік вырашыў правесці «самалічную» рэвізію ва ўсіх чатырох брыгадах калгаса. Ну, такія праверкі вясною наладжваліся заўсёды, і сама па сабе гэтая справа не была новай для калгаснікаў. Але здзіўлены яны былі іншым — тым, з якой прыдзірлівасцю і стараннасцю даходзіў Франтавік да кожнай самай малой дробязі ў гаспадарцы. Якаў Радзівонавіч асабіста праверыў у калгасе кожны плуг, барану, кожны хамут, яго ўвагі не абмінула ніводная самая маленькая недаробка. На сявярках Франтавік з ключом у руках правяраў ледзь не кожную гайку, кожны самы нязначны болцік. І пакуль не пераконваўся, што ўсё зроблена добра, не адыходзіў.

— Ці ж гэта вам, Якаў Радзівонавіч, канешне ўсё самому трэба глядзець,— казалі яму некаторыя, паглядаючы, як ён, выпэцкаўшы ў мазуту рукі, корпаўся каля сявярак і плугоў. Не адрываючыся ад працы, Корж адказваў:

— Праверу сам, каб сэрца спакойнае было.

А потым, памаўчаўшы, дадаў:

— Наш камандзір палка — палкоўнік — перад боем, бывала, усю часць сам абходзіў, усё да дробязі правяраў. Кожнага байца вокам акіне, на кожным кані вупраж сваёю рукой праверыць. Аднойчы гэтак ідзе, бачыць, стаіць прыхіленая да дрэва вінтоўка. Узяў яе, лясь-лясь затворам. «Чыя вінтоўка?» Адзін баец падхапіўся: «Мая, таварыш палкоўнік».— «Ты што ж, лайдак, перад боем цянькі аціраеш, а вінтоўка твая якая — бачыш?» — «Вінават, таварыш палкоўнік, не дагледзеў»,— апраўдваецца баец. «Вось як дам табе за недагляд пяць нарадаў... Але нарадаў не дам, а пасля бою няхай твой камандзір даложыць мне, як ты сябе ў баі паводзіў. Тады пабачу. Як прозвішча?» Той назваўся. «Ды глядзі, каб зараз жа вінтоўку як след пачысціў...» Сам палкоўнік, а за кожнай драбніцай глядзеў. І гаспадарка ў яго была не такая, як у нас, а можа, у дваццаць разоў большая...

Лета здарылася засушлівае, але бакавецкія палі, у большасці сваёй акружаныя шчыльнай сцяной лясоў і заслоненыя ад сухавеяў, амаль што не пацярпелі ад спёкі. І азімыя і яравіна ўрадзілі добра, а прымаючы пад увагу, што калгас здолеў узараць і засеяць амаль усю даваенную плошчу, ураджай бакаўчане атрымалі не малы. Сплаціўшы ўсё, што належала дзяржаве, і засыпаўшы насенныя фонды, калгас размеркаваў калгаснікам амаль па два кілаграмы на працадзень. Гэта ва ўсіх узняло настрой. На калгасным сходзе, калі падагульваліся вынікі гаспадарчага года, брыгадзіры ўставалі і па чарзе гаварылі аб поспехах сваіх брыгад і аб тым, як дабіліся яны, што вось сёння іх калгас зноў бярэцца ў заможную сілу. А некаторыя з выступаўшых пад гарачую руку забываліся на тое, што яшчэ далёка не дасяг іх калгас даваеннага — што яшчэ і коней у іх мала, і інвентару не стае, што з чатырох фермаў, якія меў калгас да вайны, ёсць у іх толькі дзве — малочная і свінагадоўчая, ды і тыя яшчэ недакаплектаваны, і будоўлі грамадскія яшчэ не закончаны,— многія забываліся на ўсё гэта і пачыналі адно толькі выхваляцца поспехамі.

Адзін брыгадзір выступіў і, не ўспамінаючы нават пра работу брыгады, пачаў сыпаць словамі на халасты ход: «Таварышы, мы дабіліся ў гэтым годзе вялікіх дасягненняў! А чаму мы дабіліся гэтых дасягненняў? А таму, што дзякуючы кіраўніцтву... »

Якаў Радзівонавіч не вытрымаў, устаў і перапыніў яго прамову.

— Чакай... Ты адно хвалішся дасягненнямі, толькі іх ты бачыш. А ты не бачыш, што яшчэ нам трэба зрабіць. Гэта азначае, што твой погляд толькі назад скірованы. А трэба, брат, паперад глядзець! Нашае ўсё наперадзе. Бо калі будзем толькі любавацца зробленым, за гэта жыццё і пакараць можа.

Якаў Радзівонавіч памаўчаў, пераступіў з нагі на нагу.

— Гэта з намі, аднойчы не даходзячы Кантэміраўкі, так было... Гналі, гналі мы ворага дзён тры без перадыху. Патаміліся, галодныя — кухні нашы недзе адсталі. Зайшлі ў лясок, і тут камандзір падаў нам каманду адпачыць. Размясціліся мы ў поўнай смеласці, хоць і патомленыя, а смяёмся, жартамі перакідваемся. Немец жа, думаем мы сабе, дзе — падрапаў шляхам! Толькі гэта мы разуліся, у кацялках вар гатуем — і раптам та-та-та, кулямёт аднекуль як секане! А за ім, аж бярэзнік разлёгся, снарад адзін — гах! другі — гах! Вось табе і адпачылі — давай разбягацца па лесе. Аказваецца, фашысты заслон пакінулі, а тыя не прамахнуліся — заўважылі, што мы тут, як паны, размясціліся, і пахрысцілі нас крыху. Аж чатырох байцоў мы тут згубілі. Вось да чаго заспакоенасць наша прывяла...

Кажуць, што аднойчы, выслухаўшы чарговае апавяданне Якава Радзівонавіча пра вайну, нехта яму запярэчыў:

— І чаму вы, Якаў Радзівонавіч, усё расказваеце прыклады з вайны? Вайна — гэта адно, а цяпер жа зусім іншае, цяпер мірны час.

Франтавік ажно ўстрапянуўся ўвесь, павярнуўся ўсёй постаццю да таго, хто яму пярэчыў.

— Сам ведаю, што іншае. Але ты дайдзі галавой — у вайне мы перамаглі? Перамаглі! То гэта, на маю думку, азначае, што ёсць нам чаму ў франтавікоў павучыцца, вопыт сякі-такі ў іх пераняць. Зразумеў?..

Тыя, каму выпадала асабіста пазнаёміцца з Якавам Радзівонавічам, многа бралі ад гэтага знаёмства. Хто ведаў яго блізка, вельмі хутка пераконваўся, што нездарма гэтага цікавага чалавека ўсе ў адно слова называлі такім пачэсным іменем — Франтавік, як быццам гэта было яго ўласнае імя. Пераконваліся таксама і ў тым, што недарэмна так шырока ішла пра яго добрая слава.

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслясл. Г. Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 318 с.
Крыніца: скан