epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

Ілонка

Аднойчы у пошуках нейкай патрэбнай мне рэчы я выпадкова зазірнуў у ніжнюю шуфляду свайго рабочага стала, дзе ў мяне ляжаць розныя памятныя дробязі. Паміж скрыначкай з нарачанскімі каменьчыкамі, звязкам спінінгавых блешняў і невялікай калекцыяй манет я з цікавасцю заўважыў чорнага засушанага марскога вожыка — даволі дзіўнае, падобнае на ігласты мячык стварэнне прыроды. Я асцярожна выняў яго з шуфляды і паклаў на стол. Вожык гэты некалі быў жыхаром далёкага блакітнага Ядрана,— так у Югаславіі называюць Адрыятычнае мора. Я злавіў яго ў моры, каля невялікага гарадка Стары Каштэль, размешчанага ў сямі-васьмі кіламетрах ад горада Спліт, адміністрацыйнага цэнтра Далмацыі і буйнога порта Югаславіі.

І вось — дзіўная асаблівасць чалавечай памяці — я глядзеў на вожыка і раптам надзвычай ярка ўспомніў і той маленькі гарысты гарадок з яго вузенькімі крывымі старадаўнімі вулічкамі, шумным базарам, царквой і шматлікімі, акружанымі зелянінай атэлямі, і блакітны Ядран з маляўнічымі скалістымі астравамі, і нейкія своеасаблівыя паўднёвыя сосны на беразе мора, і тое цікавае незабыўнае знаёмства, пра якое мне зараз так захацелася расказаць...

...У Стары Каштэль мы прыехалі ў другой палове дня. Ззаду ў нас заставаўся нялёгкі амаль трохсоткіламетровы шлях з Дуброўніка да Спліта па гарыстым узбярэжжы Ядрана. Шлях маляўнічы, прыгожы,— па правы бок ускінутыя да нябёсаў шэрыя гранітныя скалы, па левы — бліскучае блакітна-зялёнае мора, уздоўж дарогі багатая субтрапічная расліннасць. Але, трэба сказаць, дарога гэтая была не для людзей са слабымі нервамі. Высечаныя ў скалах горныя дарогі Югаславіі амаль усюды незвычайна вузкія, толькі ледзь шырэйшыя за наш прасторны турысцкі аўтобус з яркім надпісам спераду «Путнік», і здаралася, што на крутых паваротах — а такія павароты тут на кожным кроку — колы аўтобуса каціліся па-над самай безданню, і нават самыя смелыя з нас часамі адчувалі, як пад сарочкай па спіне пачыналі бегаць мурашкі.

Прыбыўшы на месца, наш запылены «Путнік» асцярожна ўехаў у шырокія каменныя вароты і пакаціўся па цяністай алеі старога парку да будынка, што бялеў зводдалек паміж дрэў. Гэта быў вялікі трохпавярховы атэль. У ім мы павінны былі правесці каля сарака наступных гадзін з нашага двухтыднёвага падарожжа па краіне.

Ледзь толькі аўтобус спыніўся, як усе мы, нават не зазірнуўшы ў атэль, кінуліся да мора, якое гэтак прывабна і, як бы сказаць, рахмана пляскалася літаральна ў дзесяці-пятнаццаці метрах ад гасцініцы. Бераг быў увесь усцяж закуты ў бетон, але нават гэты бетон не мог зменшыць прыгажосці велічнага, празрыстага, як нейкае дзіўнае зялёнае шкло, халоднага Ядрана.

Пакінуўшы на каменных, зробленых спецыяльна для купальшчыкаў, выспах сваё адзенне, мы адразу ж пачалі адзін за другім кідацца ў ваду. Пасля васьмігадзіннай калатні ў распаленым ад гарачыні, душным аўтобусе халодны марскі душ быў проста-такі выратаваннем, і мы з асалодай плёхаліся і боўталіся, аж пакуль не пачулі строгі голас Даніцы, нашай перакладчыцы і гіда. Даніца — студэнтка Белградскага універсітэта, сербіянка па нацыянальнасці — клікала нас у атэль справіць неабходныя фармальнасці па прапісцы і размяшчэнню.

Справы занялі ў нас не шмат часу, і неўзабаве мы, жадаючы адпачыць з дарогі, зноў выйшлі на бераг. Заняліся хто чым: хто шпацыраваў па ўзбярэжнай дамбе, уздоўж якой раслі нейкія дзіўныя, зусім непадобныя на нашы беларускія, сосны; хто проста сядзеў на лавачцы, любуючыся морам; аматары-рыбаловы на чале з шафёрам нашага аўтобуса, белградскім камуністам Вітамірам Крысцічам, замёрлі над паплаўкамі, зробленымі на скорую руку прымітыўных вудаў, спадзеючыся злавіць у зялёных глыбінях які-небудзь незвычайны марскі цуд.

Мы ўчацвярых — тэхнік Мінскага аўтазавода Алесь Карпенка, малады, гаваркі хлапчына, якога за вясёлы і адкрыты нораў усе адразу ж пачалі зваць цёпла і любоўна Саша, пажылы сівы выкладчык універсітэта Іван Нікадзімавіч і два пісьменнікі — забраліся ў халадок, на лавачку, пад цень высокай сасны, і з асалодай падставілі твары і грудзі прыемнаму марскому ветрыку. Наша турысцкая група зрабіла ўжо немалы шлях па краіне, наведала многа вялікіх і малых гарадоў, і ў кожнага з нас ужо было што ўспомніць і аб чым падумаць. Моўчкі мы перабіралі ў памяці свае ўражанні, успаміналі цікавыя сустрэчы і размовы.

— Прызнаюся вам,— пазіраючы ў далячынь мора, раптам прамовіў Іван Нікадзімавіч,— ехаў я сюды не толькі для таго, каб пазнаёміцца з гэтай цікавай і маляўнічай краінай, з побытам і культурай народа. Меў я на мэце, так сказаць, асабіста для сябе атрымаць адказ на адно пытанне...

— На якое такое пытанне, калі не сакрэт? — спытаў нецярплівы Саша, шпурнуўшы ў мора каменьчык.— І ці атрымалі вы ўжо на яго адказ?

Іван Нікадзімавіч нейкі момант памаўчаў, падумаў.

— Так, атрымаў,— кіўнуў ён галавою,— атрымаў неаднойчы, а шматкратна і пэўна. І што найбольш радасна — адказ такі, якога я і чакаў... А сакрэту тут ніякага няма. Мяне цікавіла...

Але закончыць сваю думку Іван Нікадзімавіч не паспеў. Непадалёк ад нас на невялікай пляцоўцы, на самым беразе мора забаўлялася з мячом група вясёлых і шумных хлапчукоў і дзяўчынак. Гэта былі зусім яшчэ падлеткі, гадоў па 15—16, відаць, вучні якой-небудзь мясцовай школы. Яны заўзята рукамі перакідвалі мяч адзін аднаму, а часам нават падбівалі яго нагамі. Нехта з іх нечакана ўцэліў па мячу так, што ён, як снарад, праляцеў над пляцоўкай проста да нас, і, калі б Іван Нікадзімавіч не праявіў спрытнасці, мяч, бадай, трапіў бы яму проста ў лоб. Але гэтага не здарылася, Іван Нікадзімавіч рукамі хвацка схапіў мяч, чым нямала здзівіў нас, таму што ніхто з нас не падазраваў у ім такіх спартыўных здольнасцей.

У той жа міг да нас, запыхаўшыся, падбегла двое падлеткаў, хлапчук і дзяўчынка, разгарачоныя, з бліскучымі вачыма. Хлопчык быў голы да пояса, у трусах, а дзяўчынка апранута ў лёгкую стракатую сукенку без рукавоў і з вялікім выразам на спіне і грудзях. Абое былі смуглыя, чарнявыя, тыповыя далмацінцы. Падлеткі падбеглі, паглядзелі на нас і ў здзіўленні спыніліся: па нейкіх ім адным вядомых прыкметах яны, відаць, адразу здагадаліся, што мы іншаземцы. Магчыма, яны пазналі нават і хто мы іменна, пазналі, што мы рускія.

Крыху збянтэжаны хлапчук працягнуў руку за мячом і нешта коратка сказаў.

— Не, не аддам,— жартаўліва ўсміхаючыся, прыціснуў да сябе мяч Іван Нікадзімавіч.— Прымеце ў сваю кампанію, пагуляць...— ён ткнуў сябе пальцам у грудзі і знакамі паказаў, што ён хоча,— тады аддам.

Хлопчык і дзяўчынка весела засмяяліся, заківалі ў знак згоды галовамі. Відаць, яны зразумелі жарт Івана Нікадзімавіча і па яго гаворцы канчаткова пераканаліся, хто мы. Адразу забыўшыся на мяч, яны з вялікай цікавасцю глядзелі на нас, здзівіўшыся такой нечаканай сустрэчы.

— Ілонка! — раптам гукнула дзяўчынка, павярнуўшыся да пляцоўкі, дзе сабраліся ў чаканні мяча іх сябры і сяброўкі.— Ілонка!

З групы падлеткаў выскачыла дзяўчынка і пабегла да нас. Гэта была тоненькая, стройная, нібы вытачаная, смуглявая дзяўчынка гадоў шаснаццаці. Вочы яе былі схаваны за вялікімі дымчатымі акулярамі ад сонца. Ілонка зірнула на нас, і ўвесь яе тонкі прыгожы твар засвяціўся радасным ажыўленнем.

— Вы рускія?.. Масква? — прыкметна хвалюючыся, спытала яна па-руску, але з рэзкім акцэнтам.

— Так, рускія,— адказаў Саша.— Але не з Масквы, а з Мінска, беларусы... Чулі такі горад?

Ілонка заківала галавой.

— Мінск? Чула, ведаю...— І адразу ж, не хаваючы сваіх пачуццяў, а толькі жадаючы, каб мы зразумелі яе, з нейкай наіўнай шчырасцю сказала: — Мы любім рускіх.

Мы спачатку не знайшлі, што і адказаць на гэта дзяўчынцы. Іван Нікадзімавіч запрасіў Ілонку сесці на лаўку, і ў той жа момант Саша далікатна падхапіўся і саступіў ёй месца. Ілонка села, абняўшы і пасадзіўшы побач з сабой сваю сяброўку Любіцу. Не мінула і хвіліны, як уся шумная чародка хлапцоў і дзяўчынак, што забаўляліся на пляцоўцы, пакінулі гульню і акружылі нас цесным колам.

Як мы адразу ж даведаліся, усе гэтыя падлеткі былі вучнямі восьмага выпускнога класа адной з гімназій Спліта і прыехалі сюды аўтобусам на некалькі гадзін адпачыць ад кніг і канспектаў,— цяпер у іх была гарачая пара падрыхтоўкі да выпускных экзаменаў. Усе яны былі дзеці партовых рабочых, рыбакоў, служачых.

Адразу ж мы даведаліся і пра тое, адкуль Ілонка ведала рускую мову. Аказваецца, яна вывучала яе ў гімназіі. Вывучала не адна яна, а многія хлапчукі і дзяўчынкі, што зараз акружалі нас, але Ілонка была сярод іх першая выдатніца. Лёгка было заўважыць, што яна і наогул з’яўлялася душой усёй гэтай кампаніі.

Праз момант у нас ужо завязалася жвавая, перасыпаная жартамі і смехам, размова. Дзеці наперабой шчабяталі нешта на сваёй мове, размаўляючы з намі больш рукамі, чым языком. Падлеткі літаральна засыпалі нас пытаннямі — і аб нашых школах, і аб савецкіх кінафільмах, у большасці знаёмых ім, і аб нашых футбалістах. Мы ўсе ўчатырох адказвалі, як умелі, карыстаючыся, акрамя рускіх і беларускіх, словамі з усіх хоць збольшага вядомых нам моў — украінскай, польскай, нямецкай. І трэба сказаць, што як бы там ні было, а мы добра разумелі адзін аднаго і маглі размаўляць нават на абстрактныя тэмы.

Але з усіх рабят вылучалася сваёй цікаўнасцю і нейкай асаблівай прыхільнасцю да нас Ілонка. Яна скінула свае вялікія дымчатыя акуляры, і мы ўбачылі яе вочы — бліскучыя, чорныя, поўныя цеплыні і шчырай радасці. Ілонка перабірала ў руках ражок абы-як накінутай на плечы недарагой ярка-чырвонай касынкі і некаторы час моўчкі глядзела на нас, не ўмешваючыся ў агульную стракатню дзятвы. Потым яна асцярожна кранула за рукаў Івана Нікадзімавіча і, з цяжкасцю падбіраючы патрэбныя словы, а часам і блытаючы іх, прамовіла:

— Таварыш, таварыш... Дазвольце мне чытаць вам ваш Пушкін, пісьмо Таццяны. Я люблю Пушкін...

— А вы ведаеце на памяць творы Пушкіна? — шчыра здзівіўся Саша.— О, пачытайце!..

Ілонка ўстала з лаўкі. Мы ўсе павярнуліся да яе; прыціхлі і рабяты, з цікавасцю падрыхтаваўшыся слухаць. Твар Ілонкі адразу змяніўся, стаў строгі, задуменны. Некаторы час дзяўчынка моўчкі глядзела сваімі чорнымі іскрыстымі вачыма ўдалеч, нібы там, за скалістымі астравамі, дзе мора непрыкметна злівалася з небам, бачыла нейкі, даступны толькі яе позірку, цуд.

Потым яна пачала чытаць:

 

Я к вам пишу — чего же боле?

Что я могу еще сказать?

Теперь, я знаю, в вашей воле

Меня презреньем наказать...

 

Голас у Ілонкі быў гучны, звонкі,— нездарма яна была дачкой Далмацыі, расла на ўлонні мора, на ўлонні гэтых пакрытых снегавымі шапкамі гор. Відаць было, што яе зачароўваў не толькі змест, але і самая музыка цудоўнага пушкінскага верша. Міжвольна і мы ўсе паддаліся гэтаму зачараванню.

А Ілонка ўсё чытала і чытала:

 

...Ты в сновиденьях мне являлся,

Незримый, ты мне был уж мил,

Твой чудный взгляд меня томил,

В душе твой голос раздавался.

Давно... нет, это был не сон!

Ты чуть вошел, я вмиг узнала,

Вся обомлела, запылала

И в мыслях молвила: вот он!

 

Дзіўнае, хвалюючае пачуццё абняло нас. Я заплюшчыў вочы,— слухаць тут, за тысячу кіламетраў ад Радзімы, за высокімі гарамі, на ўзбярэжжы далёкага і чужога мора родныя сэрцу пушкінскія вершы! І хто іх чытаў? Тоненькая, чарнявая, зусім незнаёмая і чужая далмацінская дзяўчынка Ілонка! Чужая?.. Не, цяпер яна ўжо была для нас як быццам і не чужая. Неяк адразу яна стала для ўсіх нас блізкай і мілай. Здавалася нават, што мы і пазнаёміліся з ёю не дзесяць хвілін таму назад, а даўным-даўно...

Калі Ілонка скончыла чытаць, усе мы нейкі момант маўчалі, як зачараваныя. А потым, як гэта часта бывае ў такія хвіліны, усе разам загаманілі, зашумелі.

— Цудоўна! — у захапленні выгукнуў Саша.— Цудоўна, Ілонка! Дазволь, я табе ў знак удзячнасці падарую на памяць гэты значок.

Саша выняў з маленькай верхняй кішэні пінжака невялікую рубінавую зорачку з белым эмалевым галубком і ўрачыста падаў яе дзяўчынцы.

— О, спасіба, таварыш! — узяла значок Ілонка.— Спасіба!

Шчокі Ілонкі гарэлі чырванню. Тым часам, убачыўшы, што ў Сашы ёсць савецкія значкі, да яго дружна, з шумам рынулася ўся чародка дзяцей, працягваючы рукі за падарункамі.

Пакуль Саша шчодра, направа і налева раздаваў апошнія запасы сваіх памятных значкоў, Іван Нікадзімавіч зноў пасадзіў Ілонку побач з сабой на лаўку. Адчувалася, што ён быў моцна ўзрушаны.

— Чыя ты, Ілонка? Хто твае бацькі? — спытаў Іван Нікадзімавіч.

— Бацькі? — перапытала дзяўчынка.— У мяне ёсць толькі мама... Яна працуе ў порце. Мы жывём удзвюх з мамай.

— А дзе ж твой бацька?

Вясёлы і жыццярадасны твар Ілонкі раптам спахмурнеў, як быццам на яснае сонца набегла воблачка. Дзяўчынка апусціла галаву. Зноў рука яе міжволі ўзялася церабіць ражок касынкі. Потым дзяўчынка нейкім асаблівым рухам страсянула кудзеркамі сваіх густых валасоў і строга зірнула на Івана Нікадзімавіча.

— Мой бацька быў партызан. Ён загінуў там,— паказала рукой Ілонка,— у гарах... Ён біўся з фашыстамі і загінуў.— І, нейкі міг памаўчаўшы, гэтак жа строга дадала: — Мой бацька таксама любіў вершы Пушкіна. Калі я была маленькая-маленькая, вось такая,— паказала рукою Ілонка,— ён часамі прыходзіў з гор да нас з мамай. І тады, у вольную хвіліну, ён браў мяне на рукі і чытаў мне вашага Пушкіна...

У нейкім душэўным парыве Іван Нікадзімавіч узяў дзяўчынку за тоненькую смуглую руку, як бы жадаючы перадаць ёй усё цяпло свайго пачуцця сяброўства і спачування. Ён быў крыху збянтэжаны, што незнарок нагадаў дзяўчынцы пра бацьку і выклікаў у яе сумныя ўспаміны.

— Ілонка, твой бацька загінуў за святую справу... Ты гэта разумееш?

Ілонка коратка кіўнула галавой.

— Скажы, Ілонка,— шчыра, як бацька, спытаў Іван Нікадзімавіч,— аб чым ты марыш, калі думаеш аб сваім жыцці, ну, якія ў цябе жаданні, якія думкі аб будучым?

— О, мары! — Ілонка раптам усміхнулася, вочы яе гарэзліва бліснулі. Разам знік з яе тонкага твару выраз строгасці і смутку.— Марыць — добра. Мы многа марым — усе, усе,— яна абвяла рукою сваіх сяброў.— Вунь тая дзяўчынка, бачыце, такая кучаравая, яе завуць Міліца, дык яна, ведаеце, аб чым марыць? Хоча стаць кіназоркай, як ваша Ларыёнава.

Ілонка і яе сяброўка Любіца, што сядзела побач, весела засмяяліся.

— Як вы думаеце, удасца ёй гэта?

Іван Нікадзімавіч жартаўліва нахмурыў бровы і прыгледзеўся да дзяўчынкі, якая акурат атрымлівала ад Сашы нейкую адкрытку з аўтографам.

— Думаю, што ўдасца,— з сур’ёзным выглядам зазначыў Іван Нікадзімавіч, выклікаўшы гэтым яшчэ больш вясёлы смех абедзвюх сябровак.— Вельмі ж яна баявая... Ну, а ты, Ілонка, якія ў цябе жаданні?

Ілонка на хвілінку змоўкла, задумалася.

— О, у мяне многа-многа жаданняў, як вунь тых каменьчыкаў на беразе мора. Ці ж іх усіх пералічыш?.. Ну, вось сёлета скончу гімназію. А затым я хацела б паступіць у інстытут, вывучыцца на ўрача... Ну, а яшчэ мне хацелася б многа падарожнічаць, пабываць у розных краінах. Я так хацела б пабываць у Маскве! А яшчэ?..— Дзяўчынка, смеючыся, паціснула плячыма.— Усяго не перакажаш...

Іван Нікадзімавіч жартаўліва падміргнуў дзяўчынцы:

— Ну, а самае запаветнае, Ілонка?.. Напэўна, сустрэць у жыцці добрага друга і моцна-моцна пакахаць? А?.. Я ўгадаў?..

Ілонка і Любіца зноў шчыра засмяяліся.

— У Ілонкі ўжо ёсць каханак — Аўгуст,— не ўтрымалася, выдала сваю сяброўку Любіца.

— Як табе не сорамна, Любіца? — уся зачырванелася Ілонка.— Гэта няпраўда. Мы з Аўгустам проста добрыя сябры.— Ілонка нейкі міг памаўчала.— Я аб каханні яшчэ не думаю. Калі яно прыйдзе, то прыйдзе само і само смела пастукае вось сюды — тук-тук!..— паказала на сэрца Ілонка.— Маё запаветнае жаданне?..— Твар дзяўчынкі зноў зрабіўся строгім, тоненькія чорныя броўкі сышліся на пераноссі. Яна загаварыла ціха, павольна.— Бацька мой загінуў ад рук фашыстаў. Гэта былі страшныя гады. Мы з мамай перанеслі столькі пакут... Найбольш я хацела б, каб на свеце ніколі не было ніякіх войнаў, каб заўсёды быў мір. Вось чаго я найбольш хацела б у жыцці!..

Іван Нікадзімавіч, відаць, не чакаў такога адказу на сваё паўжартаўлівае пытанне. Ён павярнуўся да дзяўчынкі, уважліва паглядзеў на яе.

— Вось табе мая рука, Ілонка,— на дружбу! — горача прамовіў ён.— Ведаеш, у нас з табой аднолькавыя жаданні. І я, і вось мае сябры таксама хацелі б, каб вайна ніколі не засмучала шчасця такіх, як ты, шчасця ўсіх людзей на свеце...

У гэты час Саша, раздаўшы ўсе свае значкі і адкрыткі, падказаў тым, хто застаўся абдзелены, каб яны звярнуліся за падарункамі да нас. І вось падлеткі ўсёй грамадкай зноў абступілі нас. Мы не пярэчылі, і хутка ўсё, што яшчэ заставалася ў нашых кішэнях, было раздадзена на ўспамін вясёлай і шумнай дзетвары.

Майскае сонца пачало ўжо хіліцца к захаду, калі дзеці раптам успомнілі, што ім пара ехаць дамоў.

Наша развітанне было незвычайным. Аказалася, што ў гімназістаў з сабой гітара,— яна ляжала непадалёк, пад кустом, разам з адзеннем,— і яны парашылі на развітанне праспяваць нам песню. Стаўшы паўкругам і пабраўшыся пад рукі, яны заспявалі народную песню пра свой родны горад Спліт. Запяваў і акампаніраваў на гітары высокі чарнявы хлопчык — той самы Аўгуст, якога ўспамінала Любіца.

Імправізаваны хор дзяцей зрабіў на ўсіх нас вялікае ўражанне. Чулі мы і раней, што далмацінцы — недалёкія суседзі італьянцаў — народ музыкальны і таленавіты, але цяпер самі ў гэтым пераканаліся. Падлеткі спявалі ў некалькі галасоў, праяўляючы тонкае адчуванне мелодыі, і гэтак прыгожа, гарманічна,— проста цяжка было паверыць, што хор гэты быў наладжаны проста на хаду.

Мы правялі гімназістаў праз увесь парк, аж да прыпынку аўтобуса, што хадзіў са Старога Каштэля ў Спліт. Дзеці паселі і, адразу ж высунуўшыся ў расчыненыя вокны, пачалі махаць нам рукамі і хусцінкамі.

Аўтобус крануўся і пайшоў, а яны ўсё махалі і махалі рукамі, і сярод многіх яркіх хусцінак мы выразна адрознівалі чырвоную касынку Ілонкі. Яе смуглявую тонкую руку мы бачылі доўга-доўга, аж пакуль аўтобус не схаваўся за далёкім паваротам дарогі.

Вяртаючыся да мора, мы паціху пайшлі па алеі старога парку. Высокія стогадовыя дрэвы, густыя кусты буйна зелянелі паабапал заасфальтаванай дарожкі.

— Вось, дружа мой Саша, бачыш? — ціха спытаў задуменны Іван Нікадзімавіч.— Гэта ж тое і ёсць, у чым я хацеў пераканацца, едучы ў гэтае наша падарожжа...

Саша нічога не адказаў, ён толькі ўзрушана памахваў нейкай зялёнай галінкай.

Так у маўчанні і роздуме — роздуме аб сустрэчах і расставаннях, аб дружбе людзей, аб міры і вайне — мы зноў выйшлі да мора, якое несціхана і роўна пляскалася ў бераг жывою вясёлай хваляй.

1958


1957; 1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслясл. Г. Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 318 с.
Крыніца: скан