epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

Кінасеанс у Перарове

Праз усю дарогу ад самага райцэнтра аж да Перароўскай павароткі, дзе машына павінна была звярнуць з шашы на лясную прасёлачную дарогу, Марынка была ў найлепшым настроі. Яна ўвесь час жартавала, многа гаварыла, смяялася. То яна расказвала Цімку Жаўне, шафёру і памочніку па догляду за дынамай, розныя смешныя выпадкі з свайго жыцця, не расказаныя яшчэ за час іх штодзённых сумесных падарожжаў. То раптам, не міргнуўшы вокам, ва ўпор дапытвалася, ці кахаў ён калі-небудзь якую дзяўчыну і каго іменна, хоць, хітруха, добра ведала, каго маўкліва і пакуль што без поспеху кахаў Цімка. То з усёй жорсткасцю маладосці абзывала Цімку «шляпай», а не шафёрам, калі ён, у разгубленасці ад яе пытанняў, часам дзе-небудзь не досыць спрытна абмінаў на дарозе яміну і машыну рэзка падкідала ўгару.

Але калі машына мінула паваротку і да Перарова засталося лічаных пяць-шэсць кіламетраў, Марына неяк прыціхла, задумалася. Знаёмыя з маленства, такія родныя і блізкія палі, лясы і пералескі, што ляжалі паабапал дарогі, пафарбаваныя ў мяккія і сумняя восеньскія колеры, разварушылі яе ўспаміны.

Усяго якіх шаснаццаць месяцаў мінула, як Парамон Ігнатавіч, старэйшы настаўнік і дырэктар Перароўскай дпколы, на ўрачыстым выпускным вечары ўручыў ім пасведчанні аб сканчэнні няпоўнай сярэдняй школы. Колькі розных гаворак, колькі вясёлай і заклапочанай мітусні было тады сярод школьнікаў Перарова! Да таго часу ўсё было так проста — узімку яны хадзілі ў школу, у штогодняй паступовасці з большым ці меншым поспехам пераходзілі з класа ў клас, лета прабягала то ў адпачынку, то ў лёгкай працы ў калгасе, то ў дапамозе бацькам. І вось, як у хуткім сне, нечакана прабегла дзяцінства, і кожнаму з іх прыйшоў час выбіраць далейшую дарогу жыцця. Пачаліся гарачыя спрэчкі, абмеркаванні, куды паступаць вучыцца, дзе працаваць. Трое дзяўчат з іхняга класа вырашылі паступіць у восьмы клас дзесяцігодкі, каб потым пайсці ў інстытуты. Трое хлопцаў, пераросткаў, вучоба якіх была затрымана вайной, па накіраванню райкома камсамола падаліся на Мінскі трактарны, каб там набыць добрую рабочую прафесію. Выдатнікі Толя Шпак і Міша Лагута, лепшыя ў школе натуралісты, вырашылі не адмаўляцца ад прафесіі сваіх бацькоў і дзядоў і падалі заявы на курсы калгасных паляводаў. Камсамолец Уладзік, які ўвесь час захапляўся паўночнымі падарожжамі і назубок ведаў усе экспедыцыі вядомых палярнікаў, раптам здзівіў усіх, падаўшыся на курсы трактарыстаў. Іншыя вырашылі паступіць у медыцынскую школу, іншыя ў педагагічнае вучылішча.

І толькі адна Марынка выбрала сабе тады гэтую клапатлівую і, можна сказаць, хлапцоўскую прафесію — механік сельскай гукавой кінаперасоўкі. Хто ведаў неспакойны, схільны да прыгод характар Марынкі, каму вядомы былі яе дзіцячыя мары, таго не здзівіў яе выбар. Але многім такое яе рашэнне паказалася недарэчным. Колькі яе ні абгаварвалі бацькі, сяброўкі, яна стаяла на сваім — будзе вучыцца на кінамеханіка, і ўсё. Няхай, казала яна, гэта была не якая-небудзь гераічная прафесія лётчыка-знішчальніка або палярніка, няхай, урэшце, гэта не пачэсная работа доктара або настаўніка, але паказваць у калгасах кіно таксама важная і патрэбная справа, можа, нават не менш важная за іншыя. Бацька Марынкі, калі пераканаўся, што не дапамагаюць яго ўгаворы, нават лаяўся на яе, даводзіў, што не пад сілу будзе ёй справа, якая, па яго думцы, патрабавала хлапцоўскіх рук, і ўпрашаў не ўводзіць на старасці бацьку ў сорам.

Але дзе там тое было, каб Марынка, нешта цвёрда вырашыўшы, паслухала бацьку, тым больш што, чэсна кажучы, праўда была не на яго баку. Памятаецца, бацька тады моцна пакрыўдзіўся на яе. Словы, якія ён кінуў некалі дачцэ на развітанне, і цяпер яшчэ ярка стаялі ў памяці Марынкі:

— Ну што ж, едзь. Толькі ж забудзь і дарогу ў Перароў, калі як-небудзь праскочыш у механікі — у нашым сяле партачоў не любяць. А які ж кінамеханік з бабы...

— Усё роўна паеду,— запальчыва кінула тады бацьку Марынка.— А вывучуся, на злосць вам і ў Перароў з карцінай прыеду.

І вось усё збылося, як яна думала і казала. Каля года правучылася Марынка на курсах кінамеханікаў, на «выдатна» скончыла іх і атрымала накіраванне на Палессе — у родны раён. А цяпер вось прыйшло і тое, што яна едзе з кінаперасоўкай у родную вёску, у Перароў. У яе было такое адчуванне, быццам яна павінна была вытрымаць нейкі экзамен перад сваім сялом, перад бацькамі. Марынка добра ведала сваю справу, складаны апарат быў ёй падуладны да апошняга вінціка, і ўсё ж яна хвалявалася цяпер, можа, нават больш, чым перад экзаменам на курсах...

Тым часам, пакуль Марынка перадумала ўсё гэта, машына мінула апошні перад вёскай хвойнічак. Па левы бок ад дарогі выбліснула акаймаваная лазняком рака, а на ўзгорку, над ракою, завіднеліся перароўскія хаты.

Збянтэжаны маўчаннем Марыны, Цімка запытальна паглядзеў на яе. Марына злавіла яго позірк і строга сказала:

— Чаго глядзіш? Няхай толькі сёння закапрызнічае ў цябе дынама, ніколі не дарую. І ездзіць з табою адмоўлюся...

Цімох нахмурыўся і без патрэбы газануў машыну.

— Ты не злуйся, Цімоша,— раптам памякчэла Марына.— Я так хвалююся, каб хаця ў нас усё добра было. Разумееш — гэта ж мая родная вёска...

Цімка не адказаў ёй, бо машына ўжо ўязджала ў вуліцу сяла, і трэба было глядзець, каб не пераехаць часам якую неасцярожную курыцу або парсюка. Але выглядам сваім ён паказаў Марыне, што зробіць усё, што ад яго залежыць, каб дынама працавала безадмоўна.

Увечары перапоўнены людзьмі калгасны клуб гудзеў, што вулей. Людзі сядзелі на лавах, стаялі ў праходах, тоўпіліся каля дзвярэй. Дзетвара, у пошуках лепшых пазіцый, заняла нават усе падаконнікі — неўгамонныя жэўжыкі круціліся там, быццам канаплянікі на плоце. Пасярэдзіне залы, бліжэй да задняй сцяны, узвышаўся кінаапарат, устаноўлены на моцным дубовым стале. На сцэне вісеў вялікі, роўна распраўлены экран. Некалькі электрычных лямпачак залівалі зал яркім святлом.

Бацька Марынкі, Адам, адзін з старэйшых калгасных конюхаў, паважаны ў калгасе чалавек, звычайна займаў у клубе месца ва ўсіх на віду. Калі быў які сход або пастаноўка, ён з жонкай садзіўся ў першых радах, калі кіно — размяшчаўся побач з начальствам, на задніх лавах. Але сёння ён выбраў месца ў самым дальнім куточку, паблізу ўваходных дзвярэй, дзе стаялі фанерныя шчыты старых дэкарацый і куды нават не вельмі даставала святло. І ён і маці Марыны сядзелі ціхія, усхвалёваныя, баючыся, каб не асароміцца перад людзьмі за дачку. Людзі ў Перарове патрабавальныя, на язык вострыя. Было ж такое, што неяк у мінулым годзе асвісталі ў гэтым самым клубе аднаго кінамеханіка-няўмеку, калі ён нешта пераблытаў і пусціў карціну задам наперад. Чаго добрага, здарыцца такое з дачкою, то лепей, каб старога Адама і зусім не бачылі людзі. Адам нясмела паглядаў са свайго кутка на Марынку, як яна, асветленая яркай электрычнасцю, з расчырванелым тварам завіхалася каля апарата... Галоўнае ж, увесь клуб ведаў, што кінамеханікам сёння — аднавяскоўка, Марынка. Усе віталіся з ёю, з цікавасцю глядзелі, як яна абыходзіцца са складанай апаратурай.

Падышоў прызначаны час, і загадчык клуба, які ўсё бегаў, наводзіў парадак у зале, рассаджваў людзей, даў Марыне загад пачынаць сеанс. У яе ўжо ўсё да дробязі было падрыхтавана. Марына цяпер і хвалявацца перастала, да яе вярнуліся спакой і ўпэўненасць. Кінуўшы смелы, нават крыху задзірысты позірк у бок свайго бацькі, яна выключыла ў зале святло. Гоман, што дагэтуль панаваў у клубе, памалу сціхаў, усе павярнуліся да экрана. Марына знаёмым, разлічаным рухам пусціла ў ход апарат, і з рэпрадуктараў, пастаўленых побач з экранам, шырокай і магутнай плынню хлынула ў зал музыка, а на палатне ўспыхнула кароткае слова: «Клятва».

Марынка ведала, з якім фільмам трэба было прыехаць у Перароў. На базе кінапракату яна доўга і горача спрачалася з нейкім лысым дзядзькам, што загадваў размеркаваннем карцін, пакуль выпрасіла ў гэтае сваё падарожжа па вёсках раёна іменна «Клятву». Ведала яна, што «Клятва» сваімі хвалюючымі, незабыўнымі кадрамі павінна была адразу моцна захапіць гледачоў, даняць іх да самага сэрца. А калі карціна спадабаецца, то — Марынка па вопыту ведала,— і механікам тады ўсе застаюцца задаволеныя.

І гэты тонкі Марынчын разлік спраўдзіўся. Не прайшло і хвіліны, як гледачы, захопленыя хвалюючымі падзеямі, забыліся на ўсё і затаілі дыханне. Калі на экране з’явіўся вобраз правадыра народа, у зале выбухнулі дружныя гарачыя воплескі.

Марынцы таксама хацелася прывітаць воплескамі гэты дарагі яе сэрцу вобраз, але яна не магла сабе дазволіць нават на кароткі час адарваць увагу ад апарата. Напружана сачыла яна за суладным, плаўным ходам валікаў і калёс, па якіх бегла чорная істужка плёнкі.

А па экране адзін за адным праплывалі незабыўныя эпізоды. Вось смяротна паранены кулакамі рабочы Сцяпан Пятроў дае сваёй жонцы Варвары ліст да Леніна... Вось памірае Ленін у доме, што стаіць у бярозавым гаі, пад Масквой...

Грозныя хмары вайны над Еўропай. 1941 год. Абарона Масквы...

І вось патух экран, у зале ўспыхнула яркае святло.

У той жа міг увесь зал прыйшоў у рух. Сыпанула з падаконнікаў дзетвара. Марына раптам убачыла, як яе абступілі калгаснікі. Прабіваючы сабе дарогу, ішоў да яе старшыня калгаса, Антон Пятровіч.

— Ну, Марынка,— цёпла загаварыў ён,— дай па шчырасці пацісну табе руку, падзякую ад імя ўсяго калгаса. Выдатны фільм ты нам сёння паказала. І без адной заміначкі.

— Марынка, часцей да нас прыязджай!

— Прывозь яшчэ такія цікавыя фільмы.

— Малайчына, Марынка! — чуліся навакол выгукі. Найбольш шчыравала з пажаданнямі дзетвара.

І тут Марына ўбачыла сваіх бацькоў. Яны стаялі пасярод залы і чакалі яе. Адразу радасна стукнула ў сэрца — бацька перастаў хавацца ў кутку і выйшаў на святло: значыць, і ён што-колечы перадумаў. Не выцерпеўшы, Марынка прабілася праз кола людзей і падышла да бацькоў. Ціхенька спытала:

— Ну, а ты што мне скажаш, тата?

— А што мне казаць,— апусціўшы вочы, прамовіў Адам.— Я і тое забраў бы назад, што раней казаў... Малайчына, адным словам.

...І толькі калі ўсе разышліся, даведалася Марынка, які адданы быў ёй у дружбе яе памочнік Цімка. Трымаючы пласкагубцамі, ён так старанна і хутка злучыў рассечаны недзе па дарозе провад, які падаваў у зал святло, што пачаты сеанс ёй не прыйшлося перапыняць ні на адну хвіліну.

Марынка не дзякавала яму. Яна толькі цёпла-цёпла паглядзела на яго, і ў яе позірку ён прачытаў нешта большае, чым «дзякуй».

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслясл. Г. Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 318 с.
Крыніца: скан