epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

Ля старой бярозы

Дзеда звалі Ігнась, а ўнучку — Надзейка. Пабраўшыся за рукі, яны ішлі па дарозе, і дзед на хаду расказваў дзяўчынцы казку. Але дзед быў стары і слабы, гаварыў ціха, часта замаўкаў і доўгія хвіліны збіраўся з думкамі, а казка была цікавая, і Надзейка ўся гарэла ад нецярплівасці. Раз за разам яна прыскорвала дзеда:

— Ну, а далей, дзядусю, што было далей?

Маленькі, увесь сухі ад старасці Ігнась спыніўся. Белыя валасы на яго непакрытай галаве заварушыліся ад ветру, нібы жывыя.

— Сядзем, унучка. Не хочуць далей несці мяне мае ногі.

Дзед і ўнучка сышлі з дарогі і прыселі на мурог каля бярозы. Яны недалёка адышлі ад сяла, але ім і не трэба было нікуды спяшаць, яны проста выйшлі надвячоркам прайсціся. А сяла таго, уласна, і не было — вуліца, як глянуць, чарнела папялішчамі, у два рады тырчалі ў неба сіратлівыя коміны, высіліся абгарэлыя таполі, стаялі чорныя сады. Замест хат паблізу папялішчаў збудаваны былі шалашы, выкапаны зямлянкі, і ўгару з іх павольна віўся дымок.

— Ну, хутчэй жа, дзеду...

Стары падняў галаву. Вочы яго, пацягнутыя павалокай слёз, паглядалі кудысьці далёка, нібыта ў далячынь гадоў.

— Вось вынесла ветрам той карабель у мора. Узнялася навальніца. Хвалі пачалі заліваць судно, вецер ажно прыгінае да вады мачты. Потым раптам ударыў пярун у паганы той карабель, і рассыпаўся ён увесь, рассыпаўся, пачаў тануць. Бачыць цар Ірад — няма яму ратунку, пачаў енчыць ад жаху. «Ратуйце,— крычыць,— людзі добрыя». Мора ж шумела так, што голасу Ірадавага ніхто не чуў.

Дзяўчынка ажно затаіла дыханне, яе блакітныя вочкі загарэліся агнём.

— А далей, далей?

— Ну, апынуўся Ірад у моры, захлынаецца, крычыць. Углядаецца — аж вакол і не вада зусім, а чорная, на смалу падобная кроў. Так захлынуўся Ірад у моры чорнай крыві.

— Ох, як страшна,— жахаецца Надзейка.

Дзед змоўк. Дзяўчынка прыпала да яго ног, стаілася...

Куды панесліся яе дзіцячыя думкі? Стары ціха гладзіў дзяўчынку па галаве.

— Дзеду, а татка наш жывы? Хутка вернецца? — спытала раптам дзяўчынка.

— Вернецца, унучка, як жа, вернецца...

— Ён выратуе нас, праўда? Ён прыйдзе і паб’е ўсіх немцаў? Праўда, дзядусю, а?

— Праўда.

— А тады мы пабудуем сабе новую хату.

— Як жа, пабудуем...

За лесам танула сонца. Каля рачкі пачала кукаваць зязюля, адлічваючы некаму доўгія гады жыцця. Дзяўчынка прыціхла, пачала сама сабе лічыць: раз, два, тры, чатыры...

У гэты час, уздымаючы пыл, на дарозе паказалася машына. У ёй было тры немцы. Худы, з востра вытыркнутым кадыком камандзір карнага злучэння капітан Краус, малады светлавалосы лейтэнант і шафёр. Капітан быў п’янаваты. Халодныя светла-шэрыя вочы яго былі бяздоннымі, як сама пустата.

— Вы бачыце, Віллі, наперадзе папялішчы і шыбеніцы? — адкінуўшыся на сядзенні, спытаў ён лейтэнанта, і кадык яго захадзіў хадуном, як жывы.— Яны радуюць маю душу салдата, гэта агнём і крывёю ўсталёўваецца на зямлі наша ўлада. Мы ідзем да яе скрозь слёзы і кроў рускіх.

Капітан закурыў сігару.

Холадна, з пагардай азіраў ён чужую для яго рускую дарогу, абсаджаную бярозамі, глядзеў на палеткі і лугі. Яму хацелася даць маладому лейтэнанту ўрок, паказаць на практыцы, што такое рускія і як трэба з імі абыходзіцца.

— Стой,— раптам загадаў ён шафёру.

— Вунь, бачыце, Віллі, пад бярозай сядзіць стары з дзіцем. Падыдзем да іх.

Машына спынілася. Убачыўшы немцаў, дзед Ігнась насцярожана падняў галаву. Дзяўчынка, захапіўшыся, усё яшчэ ціха лічыла сама сабе гады, абяцаныя зязюляй: пятнаццаць, шаснаццаць... Калі немцы наблізіліся, дзед устаў, ціха сагнуўся ў паклоне.

— Я баюся іх, дзеду,— прытулілася Надзейка да старога.

Сухі і няскладны немец з халоднай усмешкай кінуў лейтэнанту:

— Глядзіце, ён кланяецца, але ён ненавідзіць нас. Я бачу іх наскрозь. Стары,— звярнуўся капітан да Ігнася, і кадык яго зноў захадзіў хадуном,— гэта немцы спалілі вашу вёску?

— Немцы,— ціха адказаў Ігнась. Ён прыгарнуў да сябе Надзейку і пагладзіў яе рукою.

— За што ж яны спалілі? — з прытворнай цікаўнасцю спытаў немец. Стары маўчаў.

— За што? — нецярпліва перапытаў немец.

— Нізавошта... — з сумам сказаў стары.

— Ах, які жаль,— спачувальна падхапіў немец і звярнуўся да лейтэнанта: — Глядзіце, Віллі, перад вамі прыклад ілжывасці рускай душы. Мы спалілі гэтую вёску за тое, што паблізу яе на стыку дарог быў спушчаны пад адхон наш воінскі эшалон.

Ім авалодала раздражнёнасць. Ён задумаў адзін невялікі «ход канём», каб паказаць маладому лейтэнанту, як павінен сябе трымаць немец у Расіі. Але пакуль што ён працягваў гульню.

— І дзе вы цяпер жывяце? — спытаў ён старога.

— У зямлі, пане, у зямлі,— ціха адказаў стары.

— Які жаль,— зноў паспачуваў капітан. Ён падышоў ушчыльную да Ігнася: — Скажы, ты ненавідзіш нас, праўда, ненавідзіш?

Стары маўчаў. Вочы яго патухлі, твар застыў непранікнёнай маскай. Ён толькі ціха гладзіў па галоўцы Надзейку.

— Ты не бойся,— усміхнуўся немец,— скажы, ненавідзіш, а?

Але дзед маўчаў. Спалоханая Надзейка яшчэ шчыльней прытулілася да яго.

— А ты? Ты таксама ненавідзіш? — намерваючыся ўзяць Надзейку за плячо, спытаўся немец. Але не паспеў ён дакрануцца да Надзейкі, як тая рэзка адскочыла ўбок. Вочкі яе загарэліся агнём.

— Глядзіце, Віллі, гэтая звярушка таксама ненавідзіць нас. Яны ўсе ненавідзяць нас. Дзяўчынка,— закрычаў капітан, пацягнуўшыся рукою да кабуры.— Дзяўчынка, ідзі да мяне, не бойся. Я не зраблю табе нічога дрэннага.

Але Надзейка адбеглася яшчэ далей, азірнулася і стала. Потым яна пачала гукаць дзеда:

— Дзеду, хадзі сюды...

Немец выцягнуў з кабуры пісталет. Парабелум цьмяна бліснуў у яго руках.

— Глядзіце, Віллі...

Капітан лёгка ўскінуў руку. Дзяўчынка ўскрыкнула і пабегла да раллі, пераскокваючы задзірванелыя купіны зямлі. Дзед кінуўся да немца.

— Божа мой, пане, за што?

Амаль не цэлячыся, немец стрэліў раз і другі. Надзейка спатыкнулася. Яна яшчэ прабегла некалькі крокаў сагнуўшыся, нібы нешта збіралася падняць з зямлі, і не магла спыніцца. А затым упала...

— Мы павінны ненавідзіць іх,— спакойна сказаў немец.— Іх кроў ёсць наша перамога.

— Божа мой... за што? — ціха, ужо слабым голасам паўтарыў дзед і ў знямозе апусціўся на зямлю.

— Эй, стары, ты ненавідзіш нас, а? Ненавідзіш? — голасна, нібы глухому, закрычаў капітан, нагінаючыся пад старым, і засмяяўся. Потым зірнуў на гадзіннік, коратка кінуў:

— Нам пара.

Немцы павярнуліся і пайшлі да машыны. Капітан зноў закурыў сігару, потым ён узяў пад руку маладога лейтэнанта.

— Вам не зразумела, чаму я не зрабіў трэці стрэл? Вам скора гэта будзе ясна.

Раптам яны пачулі ззаду крык. Яны азірнуліся. Стары Ігнась падняўся з зямлі. Ён выпрастаўся на ўвесь рост і ўзняў над галавою рукі ў праклёне. У перадвячэрнім змроку яго постаць здавалася тонкай і высокай.

— Ірады! — хрыплым крыкам з гневам і болем пракрычаў дзед.— Крывавыя ірады!

— Я толькі хацеў, Віллі, каб вы пачулі, як яны ненавідзяць нас,— сказаў немец і, павярнуўшыся, даў яшчэ адзін стрэл.

Нібы звалены ветрам, стары ўпаў на дол.

На зямлю паволі апускаўся вечар. Каля рэчкі ўсё яшчэ кукавала зязюля.

Гэта адлічвала яна бяссмерце той дзяўчынцы, што ляжала папярок разоры ў крыві. Гэта прарочыла яна чорную смерць нямецкім гадам.

1943


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслясл. Г. Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 318 с.
Крыніца: скан