epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

Мянташка

Чаго граха таіць, трапляюцца яшчэ у нас дзе-нідзе людзі, якія любяць марна балбатаць, аматары без усякай дай прычыны ўступаць у спрэчкі, гэтакія буркуны, што ўсім незадаволены, усё бачаць у самым змрочным святле.

Калі да прыкладу ўзяць цётку Гарпіну з Заракітнага, то гэтая жанчына ў галіне падобнага красамоўства была, можна сказаць, заслужаным майстрам. Ва ўсёй ваколіцы другой такой балбатухі не знойдзеш. Нездарма муж яе, стары Даніла, раз і назаўсёды празваў сваю жонку кароткім з’едлівым словам — мянташка. Цётка Гарпіна і сапраўды працавала языком, як мянташка ў руках увішнага касца. Пачынала яна сваю «зарадку» з самай раніцы, як толькі, узброеная вілкамі, пачынала завіхацца каля гаршкоў, цабэркаў і чыгуноў. Успомніць раптам якую-небудзь пазамінулагоднюю крыўду на суседа ці суседку, або, скажам, ненарокам спаткнецца аб парог, або стары Даніла не так ступіць — і пайшла!

— Га-а, топчашся тут, няўклюда! А работа стаіць, каб цябе прэнтам паставіла!.. А карове не падаслаў!.. А лёд вакол калодзежа не абабіў!.. Людзі вунь па працадню ўжо зарабілі, а ён тут топчацца!..

Знаёмая музыка! Пачуўшы падобную «уверцюру», стары Даніла паспешліва даставаў капшук з тытунём, скручваў цыгарку велічынёй з добрую свечку і, заўзята пыхкаючы, адразу акружаў сябе воблакам густога дыму. І ўсё — моўчкі, бо, як паказала практыка многіх гадоў, варта было яму хоць адным слоўцам запярэчыць або абвергнуць хоць адзін пункт жончыных папрокаў, як языкатая баба сыпанула б на яго галаву цэлы кашэль новых, яшчэ больш цяжкіх абвінавачванняў.

А галоўная бяда была ў тым, што, з чаго б жонка ні пачынала, якую б крыўду ні ўспомніла, вінаваты ўсё роўна быў адзін Даніла, і ўвесь агонь яе баявых атак падаў на яго сівую галаву. Вось чым і тлумачылася тая сумная акалічнасць, што стары Даніла, які ў маладосці вызначаўся вясёлым норавам, быў гаваркі, любіў пажартаваць і пасмяяцца, у сталыя гады ператварыўся ў вечна нахмуранага маўчуна. Ды яно і не дзіва: за такой балбатухай жонкай можна было і зусім анямець. Між іншым, у падобных выпадках звычайна сама прырода ўстанаўлівае такую цікавую раўнавагу: калі ў жонкі язык — мянташка, муж бывае маўклівы, ціхі, скупы на слова, а калі балбатаць любіць муж — жонка трымаецца сціпла і маўкліва...

Невядома, як бы ў далейшым ішло жыццё старога Данілы, калі б у адзін цудоўны летні дзень не здарылася падзея, якая зусім нечакана для Данілы ўсё перавярнула дагары дном. Выконваючы абяцанне, дадзенае на апошнім справаздачным сходзе, старшыня Заракітнянскага калгаса нарэшце дамогся, што ў калгасе быў абсталяваны ўласны радыёвузел і ў кожную хату праведзена радыё.

Стары Даніла, пусціўшы ў ход сваяцкія сувязі з радыёманцёрам Толікам Шпаком — як-ніяк, а гэта быў яго родны пляменнік! — правёў у сваю хату радыёкропку адным з першых. Паглядаючы, як Толік спрытна завіхаўся з пласкагубцамі, прыладжваючы да сцяны рэпрадуктар, Даніла разважаў: «Чым мне слухаць бясконцыя «песні» сваёй Гарпіны, то лепш паслухаю сапраўдныя песні і музыку і жывое чалавечае слова. А можа, і старая, слухаючы радыё, крыху развеецца і не будзе так бурчаць...»

Але здарылася такое, чаго стары Даніла і прадбачыць не мог. Цётка Гарпіна балбатаць не перастала, але затое цяпер увесь агонь свайго красамоўства перакінула на... радыё. Калі ўпершыню загаварыў рэпрадуктар, яна як быццам нават узрадавалася, акрыяла духам. Стары Даніла ўвесь час маўчаў, ні слова ёй не пярэчыў, ды і як абʼект нападу ён ужо даволі-такі абрыдзеў. А радыё гаманіла з раніцы да вечара, і з ім можна было весці бясконцыя спрэчкі.

— «Добрай раніцы, таварышы! Пачынаем нашы перадачы на хвалі...» — чулася раніцой з рэпрадуктара.

Не марудзячы ні хвіліны, цётка Гарпіна з ходу кідалася ў атаку.

— Га-а, ужо і ты загаварыла! Іш, разумніца якая — «добрай раніцы»! Каму добрай, а каму і не вельмі. Як ты выгулялася ды кафею напілася, дык табе, можа, і добра. А ты вось стань на маё месца, ды пацягай чыгуны, ды пастой каля гарачай печы!.. О-о, пастаяла б, дык не выкручвалася б так са сваімі намазанымі губамі!..

Перадыхнуўшы на момант, цётка Гарпіна лавіла вухам з рэпрадуктара нешта новае.

— «Перадаём урок гімнастыкі. Пастаўце ногі на шырыню плеч, рукі пакладзіце на паясніцу...»

Бяскрыўднае гэтае запрашэнне выклікала новы выбух:

— Ах ты, сараматнік! Рукі на паясніцу!.. Яшчэ не хапала, каб я тут табе ў скокі пайшла або дагары нагамі стала! Не дачакаешся! Не думай, што калі ты ўжо такі вучоны, дык з дурной бабы і пасмяяцца можна... Вось хадзі, патаўчы бульбу ў цабэрку, будзе табе добрая гімнастыка.

Часамі справа ўскладнялася яшчэ больш, і цётка Гарпіна, мала таго, што працавала языком, пускала ў ход і рукі.

— «...Трэба нарэшце прыняць рашучыя меры да людзей, якія бюракратычна адносяцца да...»

— Што?..— загаралася гневам Гарпіна.— Ты мне яшчэ будзеш пагражаць! Так я цябе і спалохалася! Во табе, во! — Спрытна скруціўшы дулю, Гарпіна рашуча тыцкала яе ў рэпрадуктар.

І вось, штодня наладжваючы такія гарачыя слоўныя баталіі са сваімі нябачнымі апанентамі, жонка пакінула свайго старога ў поўным спакоі. У першыя дні Даніла сам сабе не верыў ад радасці: няўжо так проста мінулася ўся яго бяда, няўжо Гарпіна назаўсёды забудзецца пра яго? Ды калі б ён ведаў такое, ён бы яшчэ дзесяць год таму назад спрамогся і купіў прыёмнік.

Стары Даніла цяпер хадзіў па сялу вясёлы, нібы памаладзелы, нават твар яго пасвятлеў, ажывіўся. Людзі проста не пазнавалі яго, такі ён стаў гаваркі, таварыскі.

— Вось ужо наш старшыня, дзякуй яму, падарунак нам зрабіў,— гаварыў звычайна Даніла, сустрэўшыся з мужчынамі на вуліцы.— Гэта ж цяпер раскоша, а не жыццё — і музыку слухаем, і ўсе навіны, і розныя парады...

А калі часам на радыёвузле здаралася якая няспраўнасць і радыё на некаторы час замаўкала, стары Даніла першым бег да начальніка пошты, у сельсавет, да тэхнікаў і дабіваўся, каб яны як найхутчэй наладжвалі работу радыёвузла.

— Не можам мы цяпер без радыё! — горача даказваў Даніла.— Мяне цяпер хлебам не кармі, а давай апошнія паведамленні.

Людзі згаджаліся з ім, хаця і не здагадваліся, у чым была сапраўдная прычына гэтага захаплення.

Але бадай самым вясёлым было заканчэнне ўсёй гэтай гісторыі. Неяк ідучы па вуліцы, стары Даніла сустрэў свайго пляменніка, Толіка Шпака. Будучы ў гуморы, Толік шырока ўсміхнуўся дзядзьку Данілу.

— Ну, як, дзядзька, усё ў парадку, рэпрадуктар працуе? — бразгаючы крывымі жалязякамі для лазання на слупы, весела спытаў ён.

— Усё ў парадку, дарагі!..— адказаў стары Даніла і, даверліва ўзяўшы Толіка пад руку, падзяліўся з пляменнікам сваёй вялікай радасцю, расказаў, як цётка Гарпіна зараз пакінула яго ў спакоі і пераключыла ўсе свае штодзённыя атакі на рэпрадуктар.

Уважліва праслухаўшы дзядзьку, Толік раптам спыніўся і аж засвістаў.

— Чакай, чакай, дзядзька...— Толік на хвіліну задумаўся.— А што, калі мы з табой... Ну, так! Правучым крыху тваю старую, дадзім ёй невялікі урок выхаванасці і далікатнасці...

Тут Толік таямніча нахіліўся да старога Данілы і нешта горача зашаптаў яму. Праз якую хвіліну дзядзька і пляменнік грымнулі такім вясёлым смехам, што ажно куры кінуліся з вуліцы у падваротню.

І вось аднойчы пасля абеду, калі звычайна радыёвузел спыняў сваю работу на перапынак, у хаце Данілы — у адзінай на ўсё сяло хаце — як ні ў чым не бывала раптам загаманіў рэпрадуктар.

— «Увага, увага, перадаём музыку для танцаў...»

Не паспела яшчэ радыё пачаць тую абяцаную музыку, як цётка Гарпіна па звычцы адразу ж накінулася на рэпрадуктар:

— Га-а, каб цябе трасца ўзяла, танцы табе ў галаве!.. Думаеш, як табе толькі гулі ў галаве, дык і ўсім танцаваць хочацца?..

Раптам, замест музыкі, з рэпрадуктара пачулася:

— «Вы, цётка Гарпіна, здаецца, нешта сказалі?.. Незадаволены?»

Яшчэ не разумеючы ўсёй незвычайнасці таго, што здарылася, Гарпіна ў запале крыкнула:

— Сказала і яшчэ скажу! Маўчаць не буду!..

Але раптам Гарпіна схамянулася і ўся аслупянела ад здзіўлення — гэта ж па радыё называлі яе імя, звярталіся да яе! Няўжо?..

А з рэпрадуктара тым часам нехта спакойным басавітым голасам працягваў:

— Ай-ай, цётка Гарпіна, як няхораша выходзіць! Вы думаеце, мы не чуем, як вы штодня лаецеся? Усё чуем і ўсё ведаем, але спадзяваліся, што вы самі зразумееце, як гэта дрэнна, перастанеце...

— Ох, родненькі мой! — заламіла ў спалоху рукі Гарпіна.— Ох, даруй мне, дурной бабе...

А між тым рэпрадуктар голасам Толіка працягваў:

— Нядобра, нядобра!.. Кхе-кхе!.. Дык вось, цётка Гарпіна, раз і назаўсёды папярэджваем: кіньце свае дурыкі, перастаньце пустое балбатаць. Бо калі яшчэ раз пачуем такую балбатню, накладзём на вас штраф у суме дзвесце рублёў. Зразумелі?

— Зразумела, родненькі, зразумела! — перапалохана паглядаючы на рэпрадуктар, залямантавала Гарпіна.— Няхай мне язык адсохне, калі я што якое...

Выключыўшы мікрафон, спецыяльна падладжаны для гэтай незвычайнай размовы ў хату старога Данілы, Толік хітра падміргнуў дзядзьку, які сядзеў побач з ім.

— Ну, дзядзька, тупай дахаты. Думаю, будзе цяпер усё ў парадку...

Пазней стары, смеючыся, расказваў, што незвычайная размова з рэпрадуктарам так падзейнічала на жонку, што з тыдзень яна наогул маўчала як вады ў рот набраўшы. А потым зноў загаварыла. Але гэта была ўжо зусім не тая Гарпіна, яе проста нельга было пазнаць — лагодная, ціхая. Так яна была напалохалася, бедная...

Паколькі ж спалох гэты пайшоў на карысць, то бяды тут вялікай не было. Затое цяпер стары Даніла ні разу ўжо не меў прычыны называць сваю жонку ні мянташкай, ні балбатухай. Перавыхавалася!..

1959


1958; 1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслясл. Г. Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 318 с.
Крыніца: скан