epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

Мікола Багрым з Выглядаў

На поўдні Палесся было раней такое сяло Выгляды Яно стаяла на самым беразе Прыпяці. Звілістая рэчка ў тым месцы раптам выпроствалася, паварочвала на поўдзень і далей бегла роўна, як бы па знарок пракладзеным рэчышчы. Раскінутае на высокім правым беразе прыгожае сяло так прыціскалася да круч, што здавалася, яно імкнулася ўбачыць, куды гэта бягуць і чаму так спяшаюцца рачныя воды і ці ёсць дзе супынак іхняму бегу. Пэўна, з гэтай прычыны і называлася яно Выглядамі.

Пры самым канцы сяла ў невялікай хаце вокнамі на рэчку жыў выглядаўскі калгасны пастух Мікола Багрым. Я добра ведаў і тую палескую вёску і пастуха Багрыма. Гэта быў цікавы чалавек. Каля акна яго хаты рос высокі клён. Летнімі вечарамі пастух выходзіў на вуліцу, прысаджваўся на прызбе. Некаторы час ён моўчкі прыслухоўваўся, нібы лавіў вечаровыя гукі сяла — далёкі гоман перасмешніц-дзяўчат, рыпенне жураўля над калодзежам, ціхі шум клёна над галавою. Потым ён пачынаў ціхенька спяваць у тон песні летняга вечара. Ён сам складаў словы сваіх няхітрых песняў. Гэта былі своеасаблівыя гімны прыродзе і шчасцю свайго краю. Ён спяваў пра прыгоства і веліч адвечнай палескай пушчы, пра ціхія рэкі і азёры, славіў працу касца і аратага, славіў маладосць. Спяваў, як рыбак гоніць ціхай заваддзю човен, а пад карчом пляскоча шчупак; як звініць каса на лузе, калі касец узмах за узмахам кладзе ў рады росную траву; як стогне ледаставамі рака і як вольна разліваецца яна ўвесну, вызваліўшыся з лёдавага палону; як шуміць пад жнівеньскім ветрам пшанічнае поле. Часам Багрым апавядаў казкі і легенды, і цяжка было адрозніць, якія з іх ён толькі пераказваў, а якія складаў сам. Ён расказваў старажытнае паданне пра Князь-возера, як некалі адзін князь за здраду ўтапіў у возеры маладую князёўну, і ён расказваў, як паданне, пра асушку калгаснікамі адвечнай багны Жыткавіцкіх балот. Ён склаў сказ пра аднаго маладога трактарыста-камсамольца, які адолеў узараць небсяжныя прасторы некранутай цаліны прырэчча...

Нясцерпным горам сціснулася маё сэрца, калі ў сорак чацвёртым годзе, вярнуўшыся з далёкіх дарог вайны ў вызваленыя родныя мясціны, я не застаў ні тае вёскі, ні старога пастуха. Ногі мае цяжка ступалі па мяккім попеле, я блукаў ад аднаго абагарэлага печышча да другога і адчуваў, што беззваротна страціў кавалак дарагога свайго юнацтва. Я ўспамінаў усё да драбніц: тут стаяла сельская школа — два шулы ад брамы ў прасторны двор ды некалькі комінаў адзначалі гэтае месца; тут жыў калгасны пчаляр, ціхі і працавіты чалавек Антось Барэйка; тут стаяла хата кульгавага майстра гармонікаў Нупрэя; тут жыла Вольга Прачос, родная сястра тых двух братоў Ахрэмавых, якіх у дваццатым годзе закатавалі ворагі.

Попел і попел... Ні хат, ні людзей. Дзе ж хоць бы той клён, што шумеў удзень і ўночы сваім шырокім лісцем каля акон Багрымавай хаты? Злою рукою ссечан і клён.

 

Калі на захадзе нечакана загрымела варожая навала, сяло Выгляды стаілася і прыціхла ў трывозе. Людзі спачатку проста не маглі яшчэ ўсвядоміць таго, што адбываецца. То былі страшныя дні. Вайна няўмольна ішла на ўсход. Па дарогах паўзлі чужыя танкі, адзначаныя чорнымі крыжамі, імчаліся грузавікі, на якіх сядзелі чужыя салдаты ў касках.

Тымі днямі Багрым штовечар выходзіў на Голыя кручы. Ён насцярожана прыслухоўваўся — з Голых круч далёка было чуваць. Ён усё таіў надзею, што вось-вось пакоціцца назад грымотны вал вайны. Але гул не вяртаўся, а ўсё аддаляўся і аддаляўся на ўсход, пакуль аж зусім не заціх. І разам з тым гулам згасла ў старога блізкая вера ў справядлівасць. Згорблены і прыціхлы, ён вярнуўся ў свой двор. З таго дня Багрым перастаў выходзіць вечарамі пасядзець па прызбе і больш не складаў ні смутных, ні вясёлых песняў. І ўсё сяло раптам прыціхла, яно нават як бы паменшала, нібы і хаты змізарнелі ў трывозе і самоце.

Крывёю і шыбеніцай устаноўлена была на Палессі фашысцкая «ўлада». Нейкі прайдзісвет Прокша быў прызначаны ў Выгляды старастам. Ён прымусіў сялян зваць сябе панам і ездзіў па сяле на белым калгасным жарабку. Гэты здраднік старанна выслужваўся перад акупантамі. Ён пастаўляў на станцыю з Выглядаў цэлыя абозы з хлебам, рабаваў сялянскі пажытак, жывёлу.

Але самае страшнае ўсё яшчэ неяк абмінала Выгляды. І толькі позняй восенню бяда дайшла і сюды. Тры грузавікі эсэсаўцаў пад’ехалі да воласці. З кабіны першай машыны вылез стройны малады афіцэр. Ён пагардліва акінуў поглядам сяло і падаў знак. Па яго знаку фашысты схапілі і расстралялі перад самым сялом на выгане маладую настаўніцу-камуністку Людмілу Богуш. Затым гітлераўцы спалілі сельскі клуб і збілі да крыві Антося Барэйку, каб ён сказаў, дзе яго сын. Ад малога да старога выглядаўцаў сагналі на плошчу, і афіцэр на ламанай рускай мове прачытаў загад, у якім пагражаў лютай смерцю прыхільнікам партызан.

Ціхім смуткам з таго дня зайшлося сяло. Адсутнасць веры — цяжкая хвароба для чалавечай душы, і нядоўга можна пратрымацца на свеце, жывучы ў роспачы. Багрым не паддаўся роспачы, і гэта ўратавала яго. Ён сэрцам адчуваў, што не ўсё яшчэ скончана.

А ў лясах Палесся тым часам адзін за адным нараджаліся і раслі атрады народных мсціўцаў. Усё часцей і часцей глуха грымелі выбухі на чыгунцы, ляцелі пад адхон фашысцкія паязды. Партызаны грамілі варожыя гарнізоны, падрывалі на дарогах варожыя грузавікі.

Аднойчы ўночы ў пастуховай хаце ціха дзынкнула шыбіна. Багрым прачнуўся на стук, выйшаў у сенцы. Там стаяла трое незнаёмых. У кожнага з іх цераз плячо звісаў аўтамат.

— Добры вечар, дзед Багрым,— ціха сказаў першы з гасцей.— Ці не можна ў вас напіцца вады?

Раптам прыспела тым людзям патрэба трывожыць у поўнач старога чалавека. Адразу зразумеў Багрым, што не за вадою прыйшлі гэтыя людзі да яго. Адчыніў дзверы, запрасіў:

— Заходзьце.

Незнаёмцы ціха ўвайшлі ў хату, селі на лаву. Пакуль Багрым пасцілкай завешваў вокны, сядзелі моўчкі. А затым адзін з іх чыркнуў запалку, асвятліў сабе твар:

— Пазнаеш, дзед?..

Стары Багрым глянуў і ўсхвалёвана ахнуў: перад ім сядзеў былы сакратар райкома Цярэшчанка, даўнішні добры знаёмы дзеда. Доўга зацягнулася гутарка партызанскага важака са старым Багрымам. Толькі з першымі пеўнямі праводзіў ён за гумны сваіх дарагіх гасцей.

...Бег час. Зімою першага года вайны, узмужаўшы і загартаваўшыся ў баях, Чырвоная Армія разграміла фашыстаў пад Масквой. То была першая перамога — прадвесніца яшчэ большых будучых перамог. Гітлераўцы старанна хавалі праўду аб тых падзеях, але чутка аб іх дайшла нават у самыя глухія куточкі Палесся.

А вясною стары Багрым сасніў сон. Ён сасніў яго напярэдадні Першага мая. У дзень свята, пасля доўгага перапынку, Багрым зноў выйшаў на вуліцу. Ён усхвалёвана і паспешліва прайшоў сялом на лугі да Голых круч. Там ён стаў над ракою і зноў, як мінулым летам, пачаў прыслухоўвацца. Аднастайна пляскала ў бераг вясенняя вада. Чародка крыжняў прашумела над самай галавой старога, прашумела і заціхла. У затоне, паміж сухіх мінулагодніх чаротаў, раптам голасна закрычаў качур. Гэта ўсё былі мірныя вясеннія гукі, знаёмыя і любімыя, але не іх лавіў вухам Багрым. Ён наставіў далонь, прыкрываючы вочы ад яркага сонца, і пачаў углядацца за раку, на ўсход. У Багрыма былі зыркія вочы — як ні шырока разлілася рака, а ён убачыў усё аж да краю разліву. За ракою стаялі дубы, па голле залітыя вадою. Там-сям паверх вады бездапаможна высоўвалася затопленая лаза. Пад напорам рачной плыні пахіліўся сіратлівы сігнальны ліхтар, павольна плыло лугамі заблудзіўшае бервяно.

Багрым нізка пакланіўся на ўсход — можа, гэта ён пакланіўся вясне, а можа, сваім надзеям. А надвячоркам на прызбе ён расказаў выглядаўцам сваё прароцтва.

...Прыснілася яму спачатку шырокае жытняе поле ў ясны дзень, і здалося яму, нібыта ён ішоў сцежкаю па тым полі да Прагалінскай крыніцы напіцца вады. Жыта было высокае, вышэй яго росту, і ён усё адхіляў рукою каласы, што навісалі з двух бакоў на вузкую сцяжынку. Смага падганяла яго, і ён ішоў хутка, так што і не прыкмеціў, як з захаду ўсплыла на небе хмара. Толькі ўжо калі перад самай навальніцай шугануў полем злосны вецер, калі застагнала, прыгінаючыся да самай зямлі, жыта, а хмара засланіла сонца і стала раптам цёмна, як уночы, ён прыкмеціў, што дзеецца наўкола. І здалося яму, нібы ён кінуўся бегчы, а ногі не слухаліся яго, не адрываліся ад зямлі, і ўсё закруцілася, зашумела навакол, і шалёны віхор паваліў яго на дол. Колькі часу прайшло, не памятае стары, потым прачнуўся ён, глянуў навокал — поле ўсе здратавана, жыта павалена, нібы выгайсаў яго конскі табун, адзін колас зламаны туды галавою ляжыць, другі пахіліўся ў процілеглы бок. Вакол ціха, сонца свеціць. А крыніца — вось яна за дзесяць крокаў ад яго, і побач светленькі ручаёк бяжыць. Раптам на ўсходзе, з боку Гарватоўскай пушчы, нешта загуло, загрымела. Азірнуўся Багрым — танкі. Не адзін і не дваццаць — а столькі, што не злічыць, не акінуць вокам. Паўзлі і паўзлі з усходу на захад. І на кожным з іх на зялёнай брані зіхаціць-іграе здалёку, як кропля крыві на траве, чырвоная зорка. І ўбачыў стары пастух, як гінулі ворагі пад жалезам танкаў. Тады стары выпрастаўся на ўвесь рост, махнуў танкам рукою, як бы запрашаючы іх да сябе, на здратаванае поле, да светлай крыніцы. А танкі і самі беглі сюды, і што болей набліжаліся яны, то ўсё рос і рос гул. І Багрым, здаецца, забыўся на смагу, і захацелася яму кінуцца насустрач танкам, і ён кінуўся і нешта закрычаў, але голасу свайго не пачуў — такі тады гул стаяў на полі. У знямозе прыпаў ён да крынічнай вады, прамачыць горла, каб вярнуць сабе моцны голас. І на тым прачнуўся...

Багрым расказаў сон надвячоркам, а ўранні яго ведалі ўжо не толькі ў кожнай выглядаўскай хаце, але і ва ўсіх суседніх сёлах. Чутка, што пастух Багрым сасніў сон пра хуткае вызваленне ад чорнай фашысцкай чумы, пра зварот Чырвонай Арміі, абляцела ўсю акругу. З блізкіх і далёкіх сёл да Багрыма пачалі прыходзіць людзі, каб ён падрабязна расказаў, як і што ён такое бачыў. І стары знарок штодня выходзіў на прызбу, расказваў і пераказваў сон усім, хто жадаў яго паслухаць. А слухалі яго з прагнасцю, прыпадалі да таго сну, як хворы ў гарачцы прыпадае да кубка са сцюдзёнаю вадою.

Фашысты схапілі Багрыма ўночы. Яго прывялі на допыт да таго самага маладога афіцэра, што прыязджаў увосень у Выгляды. Афіцэр нерухома сядзеў за сталом, адкінуўшыся ў нейкай душэўнай зморанасці на спінку крэсла, курыў і думаў. А можа, ён і нічога не думаў, а проста глядзеў перад сабою пустым позіркам.

Калі ў пакой увялі Багрыма, афіцэр, не мяняючы паставы, акінуў яго поглядам з галавы да ног. Ён падаў знак, каб салдаты выйшлі з пакоя.

— Як цябе завуць? — спакойна спытаў фашыст.

— Мікола Багрым з Выглядаў,— адказаў стары.

— Багрым? — здзівіўшыся, перапытаў афіцэр.— Тваё імя мне знаёма.

Ён выняў з кішэні запісную кніжачку ў бліскучай металёвай аправе, перагарнуў яе. На адным лістку спыніўся, паклаў кніжачку на стол і, раптам спахмурнеўшы, устаў.

— Стары, я ведаю ўсё. Я зрабіў памылку, што даўно не павесіў цябе. Заўтра ўдзень гэтая памылка будзе выпраўлена.

Фашыст замоўк, схаваў у кішэню кніжачку і сеў.

— І мне больш няма аб чым з табой гаварыць.

Багрым у нерашучасці пераступіў з нагі на нагу. Ён не чакаў, што суд будзе такі кароткі і жорсткі.

— За што ж гэта мяне так?

Афіцэр зацягнуўся дымам сігары і павольна спытаў:

— Скажы, Багрым, ты сапраўды бачыў той сон пра поле і танкі?

— Бачыў. Я той сон штодня бачу,— адказаў Багрым.

— Можаш ісці,— афіцэр злосна махнуў рукой.

Багрым паціху павярнуўся і пайшоў да дзвярэй. Калі ён ужо дайшоў да парога, афіцэр гукнуў яго:

— Стой! Я перадумаў. Я магу пакінуць табе жыццё пры ўмове, калі ты адмовішся ад таго сну. Я загадаю сабраць народ, і ты перад усімі скажаш, што ты зманіў, што не бачыў такога сну.

Багрым спыніўся ў роздуме. У пакоі стала ціха, і стала раптам чуваць, як сіратліва цікаюць ходзікі на сцяне. Афіцэр не спускаў вачэй з Багрыма, а той стаяў і, не кратаючыся з месца, думаў. Потым стары махнуў рукою.

— Я не хачу паміраць на шыбеніцы,— ціха сказаў ён.

І зноў у Выгляды да воласці падкацілі тры грузавікі з салдатамі. Па загаду афіцэра на выган, да трыбуны, што стаяла насупроць школы, салдаты пачалі зганяць усё сяло, ад малога да старога. Як і ў першы свой прыезд, афіцэр у сваёй гордай паставе поўнага гаспадара азіраў сяло, ляскаў па глянцаванай халяве стэкам. Побач з ім быў Багрым. Ён таксама глядзеў усцяж сяла. Ён бачыў сваю хату, і клён, і рэчку, што сінела здалёк на зялёным дыване лугоў, і ў вачах яго свяціўся невыказны смутак.

Калі ўсіх сялян, жанчын, дзяцей сагналі на плошчу, афіцэр лёгкай хадой узышоў на трыбуну. За ім павольна падняўся па сходках Багрым. Ён азірнуўся. Вакол былі ўсе знаёмыя і родныя людзі. Яны не разумелі, для чаго іх сюды сагналі, са страхам пазіралі на афіцэра.

Афіцэр падняў руку — ахтунг! — і натоўп насцярожана заціх.

— Вас сабралі сюды, каб растлумачыць адно непаразуменне: Мікола Багрым ашукаў вас. Ён не бачыў ніякага сну і ўсё гэта прыдумаў. Цяпер ён зразумеў, што зрабіў блага, і хоча сам сказаць вам аб гэтым. Падыдзі бліжэй, Багрым, і гавары.

Багрым павольна падышоў да пярэдняга краю трыбуны, узяўся рукамі за парэнчы. Ён нерухома стаяў і маўчаў, паглядаючы на людзей.

— Ну што ж ты маўчыш? — спытаўся афіцэр.— Ты бачыў сон пра поле і танкі?

— Я не бачыў таго сну,— нізка апусціўшы галаву, ціха сказаў Багрым.— Я сам прыдумаў яго.— І раптам ён увесь выпраміўся, падняў голас да крыку: — Але гэтак і будзе, людзі! Гэта праўда! Я не адракуся ад праўды!

Збянтэжаны ад неспадзяванасці, афіцэр адступіўся на крок ад Багрыма. Ён спачатку разгубіўся, але хутка авалодаў сабой, выхапіў рэвальвер і, не цэлячыся, тройчы стрэліў у спіну Багрыма. І стары, як стаяў, упаў, нібы падкошаны касою.

У натоўпе трывожна зашумелі. Як у патрывожаным вуллі, усе заварушыліся. Нехта пачаў голасна плакаць і прычытваць. Нехта поўным нянавісці голасам крыкнуў: «Звер, за што забіў Багрыма?»

Збялелы ад злосці афіцэр павярнуўся на крык:

— Што?

Ён хуценька збег па сходках з трыбуны, на хаду крыкнуў нешта салдатам.

...І вось — ні сяла, ні людзей. Размахваючы запаленымі факеламі, фашысты беглі ад хаты да хаты, ад двара да двара, падпальваючы ўсё, што толькі магло гарэць — дамы, хлявы. Яны выгналі з хат усіх людзей, акружылі іх і пагналі. Хто не хацеў ісці ад роднай хаты, спрабаваў тушыць агонь, імкнуўся выратаваць свой пажытак, хто не здолеў схавацца або ўцячы, падаў мёртвым ад кулі. У агні загінулі многія сем’і з маленькімі дзецьмі, з бездапаможнымі старымі. Тыя, што ўратаваліся, ніколі не забудуць гэтага дня.

* * *

Праз некалькі год мне зноў давялося наведаць той далёкі куточак Палесся. Невыказнае пачуццё хвалявання і радасці перажыў я, ўбачыўшы, як усё тут змянілася, як з попелу і руін адрадзілася і вырасла новае вялікае калгаснае сяло. Выгляды цяпер здаваліся мне нават багацей і прыгажэй, чым да вайны. Шырокія роўныя вуліцы, прыгожыя дамы з вялікімі вокнамі, новы прасторны клуб з кінаустаноўкай, электрастанцыя, цагляны будынак школы-дзесяцігодкі, маладыя сады ў канцы сяла, палісаднік і кветнікі каля дамоў. Захапляла і радавала імкненне савецкіх людзей да жыцця, іх вялікая калектыўная сіла, накіраваная на высакароднае мірнае будаўніцтва.

Я наведаў магілу Багрыма на Голых кручах.

Ён быў пахаваны каля вялізнага старога дуба, на самым высокім месцы над ракой, дзе ён любіў сядзець. Тут, бывала, сядзеў стары пастух і глядзеў на ўсход у надзеі першым убачыць зару Перамогі. Курган быў абнесены сціплым дубовым плоцікам, любоўна абсаджаны кветкамі, а на помніку — вялікім палявым валуне — было выразна высечана імя і дата нараджэння і смерці Багрыма. Скінуўшы шапку, я доўга стаяў у роздуме над магілай. У памяці паўставалі казкі і песні гэтага цудоўнага чалавека, яго высакародны патрыятычны подзвіг у імя праўды і шчасця на зямлі.

З вышыні Голых круч мне добра было відаць адроджанае сяло, уяўлялася ўсё Палессе, занятае будаўніцтвам шчаслівага мірнага жыцця.

Так, дарагі Мікола Багрым, у чорную часіну варожага нашэсця ты сказаў прарочыя словы, і твая светлая мара збылася. Прыйшла Савецкая Армія, прынесла радасць і шчасце на Палессе. Мінуць гады, далёкім успамінам стане прайшоўшая вайна і ўсе войны на зямлі. Многае сатрэцца ў памяці людзей, забудзецца. Але ніколі не забудзецца паданне пра жыццё і подзвіг палешука Міколы Багрыма. Як легенду, будуць перадаваць яе людзі сваім дзецям і ўнукам.

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслясл. Г. Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 318 с.
Крыніца: скан