epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

Не поле перайсці

Побыт на невялікім рачным буксіры, вядома, мае свае нязручнасці. Людзей тут мала, каманда, уключаючы ўсіх — ад капітана да качагара, складаецца чалавек з дваццаці, і, зразумела, кожны жыве на віду, нічога ні добрага, ні дрэннага ад суседзяў не схаваеш.

У матроса Васі Гардзевіча сёння з самай раніцы быў цудоўны настрой, і гэта адразу ж заўважыла ледзь не ўся каманда буксіра «Уля Громава». Белавалосы, невысокі ростам, але моцны і стройны нават у прасторнай парусінавай робе, Васіль, ці, як яго па маладосці год звычайна называлі, Вася, Васёк, Васюта, увесь час нешта сам сабе напяваў, у час снядання жартаваў, смяяўся.

Паглядаючы, як Вася, закасаўшы рукавы, завіхаўся са швабрай, мыючы кармавую палубу, вольны ад вахты механік Жора Змушко падштурхнуў локцем свайго друга — матроса Мірутку.

— Глянь на Ваську... Смехатура! Або ён на латарэйны білет «Волгу» выйграў, або нарэшце атрымаў лісток ад сваёй бакавецкай каханкі. Няйначай!..

Васіль чуў гэтыя жарты сяброў, але не крыўдзіўся. Чаго там, няхай сабе гавораць... Яны, можа, таму і чэшуць языкі, што зайздросцяць. Як бы там ні было, а ён адчуваў сёння вялікую радасць, і ў яго не было ніякага жадання хаваць гэта ні ад каго. Шчасце... А што гэта, уласна, такое, калі падумаць? Ну, можа па-навуковаму гэта пачуццё і мае якое пэўнае тлумачэнне. У Васі ж было сваё разуменне шчасця, і, якой бы нязначнай ні здалася каму прычына яго сённяшняга настрою, скажыце дзякуй, калі лёс пашле вам такія прыемныя хвіліны, якія перажываў зараз гэты дзевятнаццацігадовы юнак.

Словам, жартаўнікі хоць і гаварылі наўгад, але трапілі ў цэль — прычынай усяго сапраўды былі сардэчныя справы.

Учора ўвечары Вася набраўся смеласці і пайшоў у каюту да Леаніда Ільіча, капітана. Сёння прыблізна апаўдні буксір, павольна цягнучы ўгару тры цяжкія, гружаныя рудою баржы, будзе праходзіць непадалёк ад Бакаўца, Васілёвай вёскі. Ад Прыпяці да Бакаўца напрасцяк было кіламетраў з дзесяць, не больш. Васіль папрасіў у Леаніда Ільіча дазволу адлучыцца з парахода на пару сутак, пакуль буксір дацягне баржы ў Нырчу, на перавалачную прыстань. Многія хлопцы з каманды — тыя, вядома, хто быў родам з недалёкіх ад ракі сёл,— ужо бралі такія кароткія, на дзень-два, адпачынкі. Паедуць, пераведаюць бацькоў або жонак і потым даганяюць параход. Вася ж яшчэ ні разу з самага пачатку навігацыі дамоў не ездзіў і быў упэўнены, што Леанід Ільіч не адмовіць.

Леанід Ільіч, пажылы, вусаты мужчына, з маршчыністым, бронзавым ад загару тварам, павольна зняў акуляры, адсунуў убок лічыльнікі, гаспадарчыя ведамасці і запрасіў Васіля сесці. Сіні форменны кіцель быў на ім па-дамашняму расшпілены, з-пад яго выглядала паласатая цяльняшка.

— А што ў цябе там за важныя справы? — спытаў ён, падняўшы сваю стрыжаную пад вожык сівеючую галаву.

— Ды ведаеце, Леанід Ільіч...— твар Васі пыхнуў чырванню. Хлапец збянтэжана заміргаў вачыма: і як гэта ён ішоў сюды і не прыдумаў якой-небудзь важнай прычыны?..

Капітан усміхнуўся, пільна паглядзеў на Васіля, і той у яго ўсмешцы, у позірку адчуў нешта такое цёплае, роднае, што адразу супакоіўся, даверліва ўзняў вочы на Леаніда Ільіча. Нібыта перад ім быў не камандзір парахода, а родны бацька.

— А каб цябе! — калыхнуў галавою Леанід Ільіч.— Які ты яшчэ малады, Васёк. Хоць бы хацеў зманіць, не зможаш... Дзяўчына, праўда?..

— Угу,— сцвярджальна кіўнуў Вася.

— Ну, добра, з’ездзі. Мы заўтра вечарам будзем у Нырчы, перададзім баржы «Тэльману», а паслязаўтра на запраўку станем. Там ты нас і дагоніш. Толькі дамоўся з кім-небудзь, каб у выпадку патрэбы падмянілі.

— Я ўжо дамовіўся з Цімкам Жаўрыдам,— паспешліва адказаў Вася.

— Ну тады не пярэчу, едзь,— з мяккай усмешкай паўтарыў капітан і ўзяўся за акуляры, паказваючы, што размова скончана.

Але Вася камячыў у руках шапку і працягваў сядзець. Заўважыўшы гэта, капітан непрыкметна зноў паклаў на стол акуляры.

— Тут такая справа, Леанід Ільіч,— апусціў галаву Вася.— Я б, можа, і не прасіўся, але так па ёй засумаваў... Паверыце, за апошні месяц, можа, дваццаць пісем паслаў. Усё ёй пішу: і як мы плывём, і розную там прыроду апісваю...

Уважліва, усё з той жа бацькоўскай усмешкай слухаючы Васю, Леанід Ільіч набіў тытунём сваю люлечку з доўгім роўным цыбуком і запыхкаў дымам.

— А то, памятаеце, мы каля Канатопа на мель наскочылі, паўдня прастаялі?.. Дык я і пра гэта ёй напісаў. Няхай чытае, ведаю, ёй усё гэта цікава будзе. З нашага сяла адзін я на параходзе служу, а то ўсё больш хлопцы ў калгасе або на экскаватарнай станцыі працуюць.

Вася прымоўк, і Леанід Ільіч, пачакаўшы, асцярожна спытаў:

— А што, Вася, яна табе таксама піша ці?..

— Піша, як жа! — выгукнуў Вася і адразу ж нырнуў рукою ў бакавую кішэню. З радаснай гатоўнасцю ён выцягнуў адтуль тоненькае і, відаць, даволі даўняе пісьмо.— Во! Як жа...— Вася пакруціў яго ў руках.

Па тым, з якім гонарам ён паказаў той невялікі лісток, можна было здагадацца, што не надта ўжо многа было ў яго другіх доказаў дзявочай увагі.

— Та-ак,— прамовіў Леанід Ільіч і апусціў вочы.

— Праўда, яна тут нічога такога... Ну, там пра павіны напісала, прыветы ад усіх. «Жадаю табе,— піша,— Вася, шчаслівага плавання і каб ты, Вася, стаў сапраўдным смелым мараком».— Васіль усміхнуўся, прыцмокнуў языком.— Смелым... А ў гэтым, Леанід Ільіч, акурат была мая бяда. Калі адзін на адзін з ёю заставаўся, то ў мяне адразу аднімала язык, усярэдзіне ўсё камянела, і я маўчаў, як пень... Цяпер мне дык аж смешна ўсё гэта ўспамінаць. Здаецца, і часу няшмат мінула, а я адчуваю, што... Вось паеду, сустрэнуся і ўсё ёй адразу скажу.

— Та-ак,— густа задыміў люлечкай Леанід Ільіч.

Размова з капітанам атрымалася шчырай, задушэўнай. Па сутнасці, гэта была яго першая такая размова з Леанідам Ільічом. Вася нават не чакаў, што строгі, суровы на выгляд капітан праявіць такую ўвагу да яго. Не тое, што гэтыя зубаскалы Жора Змушко або Мірутка, з якімі ён ніколі не асмеліўся б гаварыць так даверліва і шчыра...

І вось сёння Вася нечакана заявіцца ў Бакавец. Як жа было не радавацца! Ды тут і самы халодны, разважлівы чалавек не змог бы стрымацца. Магчыма, што ён яшчэ нават сёння ўвечары ўбачыцца з Клавай. Вось толькі гэты буксір — як жа ён, ліха на яго, марудна паўзе супроць плыні! Васю здавалася, што яны ні разу не ішлі так павольна, як сёння. Глядзіш на бераг, а ён нібы на месцы стаіць. Хутка паўдня ўжо будзе, а яны толькі-толькі Буйневічы мінулі. З такім ходам да той лугавой дарогі, што на Бакавец, яны будуць сунуцца яшчэ добрых гадзіны дзве.

Вася з непрыязню паглядзеў назад, на вялізныя, пад цяжарам грузу глыбока асеўшыя ў ваду тупарылыя баржы. Высокія пеністыя хвалі, якія ўздымаліся з-пад пліц буксіра, маглі запраста перакуліць любую вялікую лодку. А баржы, здавалася, і не адчувалі магутных удараў вады. Аж крыўдна было за тыя дзвесце дзесяць конскіх сіл, што на ўсю сваю магутнасць стагналі і сіпелі ў машынным аддзяленні буксіра. Прывязаны да масіўнага чыгуннага кнехта тоўсты сталёвы трос, які цягнуўся да суднаў, увесь аж звінеў ад напружання, і Вася глядзеў на яго з міжвольным страхам і павагай — каб гэтая штучка раптам трэснула, вось быў бы ўдарчык!

Плёснуўшы на палубу рэшткі вады з вядра, Васіль падышоў да парэнчаў, абапёрся на іх і пачаў глядзець на берагі. Нічога, як бы там павольна яны ні плылі, а ўсё ж плывуць, не стаяць на месцы. Ды зрэшты, хочаш не хочаш, а прыйдзецца чакаць... Эх, а ўсё ж прыгожая рака, гэтая Прыпяць! Праедзь па ёй памалу раз-другі, скажам, хоць бы ад вусця да Пінска, і на ўсё жыццё запомніш і яе ціхія люстраныя плёсы, і таямнічыя старыцы, што заўсёды нечакана выходзяць аднекуль з густых нетраў лазняку; і абрывістыя правабярэжныя кручы, скрозь паточаныя чорнымі дзірачкамі стрыжовых гнёздаў; і прыгожыя пясчаныя водмелі, што аж слепяць бляскам вочы на сонцы; і яе дубровы па правы бераг, і левабярэжныя лугі, і, нарэшце, самую яе, сціплую, слухмяную і такую павольную, як палескія жніўныя песні. Блакітная дарога да Дняпра! Вася яшчэ не так даўно і плавае па Прыпяці, а ўжо моцна палюбіў гэтую раку. Калі ўсё будзе ў парадку і капітан дасць яму, як некалі абяцаў, добрую атэстацыю, восенню Васіль паступіць на курсы рулявых і з наступнай вясны стане за штурвал. А там можна будзе завочна і на капітана вывучыцца — як-ніяк, а ў Васі за спіною дзесяцігодка. І ён, бадай, назаўсёды застанецца на Прыпяці...

Памарыўшы гэтак крыху, пазіраючы на берагі, якія павольна праплывалі перад ім, Вася аднёс на карму вядро і швабру і пайшоў у кубрык. Адчыніў насценную шафу, яшчэ раз аглядзеў форменны кіцель, штаны і чыстую паласатую цяльняшку. Як ні мяркуй, а ўсё ж яму ў Бакавец трэба з’явіцца сапраўдным матросам... Зноў праверыў сабраны ў дарогу маленькі чамаданчык — ці не забыў чаго? Выняў і разгарнуў складзеную ў некалькі столак вялікую, у кветкі, паркалёвую хустку — падарунак маці. У Чарнобылі ў магазіне купіў. Праверыў і другі невялікі пакунак — для Клавы. Яна, вядома, будзе аднеквацца, адмаўляцца, але Вася што-небудзь такое прыдумае, ператворыць усё ў жарт і — быць не можа! — угаворыць узяць. Пасмяецца, скажам, што такія касынкі носяць самыя першыя прыгажуні на Крашчаціку ў Кіеве і ён, маўляў, хоча, каб і бакавецкія дзяўчаты ад іх не адставалі... Адным словам, што-небудзь прыдумае.

Клава, Клава, каб ты ведала, як сумаваў па табе Васіль! З якой замілаванасцю ўспамінаў ён гады сумеснай вучобы ў школе, вясёлыя калгасныя вечарынкі, танцы пад гармонік на лясной паляне. Аднаго ён не мог зараз дараваць сабе — колькі разоў было, што ён заставаўся адзін на адзін з Клавай, але так і не асмеліўся сказаць ёй пра тое, як моцна яе кахае. Помніцца Васю, яна як быццам сама нават хацела, каб ён ёй нешта сказаў, чакала ад яго нейкіх слоў, але ён або маўчаў, або гаварыў дробязі. Магчыма, таму зараз Клава і не піша...

Вася ўздыхнуў, склаў назад пакуначкі, зачыніў вечка чамадана і выйшаў з каюты. Прайшоўся ўдоўж парахода да самага носа, прысеў там на скручаны канат. Акурат у гэты час «Уля Громава» разміналася са стрэчным пасажырскім параходам, і Вася правёў яго ўважлівым позіркам. Што казаць, непрыглядным на выгляд быў іх задымлены шэры буксір супраць гэтага беленькага пасажырскага прыгажуна з яго тэрасамі, салонамі і вялізнымі вокнамі. І аднак жа Вася не прамяняў бы на яго свой буксір. Гаротнік, непрыгожы ён, затое якія справы робіць! А паспрабуй ты да таго прыгажуна прычапіць хоць адну вось такую баржу, дык ён і з месца яе не зрушыць, стане, як на прыколе...

Праз колькі хвілін параход схаваўся за паваротам ракі. Васіль уздыхнуў, падышоў да рулявой будкі. Вокны ў рубцы былі расчынены насцеж — гарачыня!

— Што, Вася, не церпіцца? — спытаў рулявы Яўген Дубар, гэтакі чарнавусы прыгажун, украінец, родам аднекуль з-пад Белай Царквы. Яўген з паказной абыякавасцю насунуў на вочы сваю шыкоўную штурманскую шапку з вялізным беласнежным верхам і жоўтым бліскучым крабам над казырком. Верх у той шапцы трымала з сярэдзіны спецыяльная сталёвая спружына, і ён быў увесь напяты, роўненькі і круглы, нібы абведзены цыркулем.

— Ды нешта ж мы сёння су-унемся...— адказаў Васіль, міжвольна спыніўшы позірк на шапцы рулявога.

Ну і шапка!.. Васілёва цывільная кепачка выглядала супраць яе такой нікчэмнай, заношанай. І як гэта ён збіраўся ў дарогу і забыўся пра шапку — для матроса ж яна ўсё адно як вітрына. Каб да яго матроскай формы ды яшчэ...

— А хочаш, Вася,— павярнуўшы кола штурвала, раптам падміргнуў рулявы,— хочаш, я табе шапку сваю дам. На дарогу, а?..

Вася кінуў на Яўгена насцярожаны позірк,— што гэта, смяецца з яго рулявы ці гаворыць усур’ёз? І як ён адгадаў яго думкі?..

— Навошта мне твая шапка, ну цябе,— няўпэўнена махнуў рукой Васіль.

— А па вачах бачу: ой, як хочаш! — шчыра засмяяўся Яўген і, не чакаючы яго згоды, схапіў з галавы Васіля яго старую кепку і спрытна насунуў яму сваю шыкоўную шапку.— Во!.. А цяпер ты толькі паглядзі ў люстра — арол!..

Шапка была акурат па Васілю, сядзела на галаве як улітая, і ён увесь аж засвяціўся ад радасці.

— Што ты, Жэня? Навошта?..— слаба пярэчыў ён, але шапкі не аддаваў.

— Ну, ну, топай,— хвацка ссунуўшы на патыліцу Васілёву кепку, лагодна прамовіў Яўген.— Ды, між іншым, стары, пара ўжо табе і збірацца. Глядзі,— паказаў ён рукою наперад,— за тою дубровай і будзе бакавецкая пераправа. Пазнаеш?..

— І праўда! — прыгледзеўшыся, спахапіўся Васіль.— Ну, дзякуй, Жэня! Пабягу апранацца!..

— Ні пуху табе, ні пяра! — з вясёлай усмешкай гукнуў, выглядаючы з рубкі, Яўген.

Сапраўды, хвілін праз дваццаць буксір, стукаючы па вадзе сваімі магутнымі пліцамі, дачапаў да бакавецкай пераправы. На ваду была спушчана шлюпка, і Вася Гардзевіч у поўнай матроскай форме акуратна сышоў на бераг.

Узабраўшыся на падрэзаны вадою круты бераг, Вася абабіў ад пяску калашыны штаноў і азірнуўся на раку. Цімка Жаўрыд і Мірутка, якія падвозілі яго сюды, ужо далекавата адплылі ад берага, накіроўваючы шлюпку наперарэз буксіру. Вася махнуў ім рукою і рашуча пакрочыў — не было яму часу лішне бавіцца. Па сутнасці, у яго было ўсяго якіх сорак вольных гадзін, і чым хутчэй ён дабярэцца да Бакаўца, тым больш часу правядзе сярод родных і блізкіх. Вася выйшаў на дарогу, што бегла напрасцяк ад ракі цераз луг, і яшчэ больш прыскорыў хаду...

Заняты рознымі думкамі аб хуткай сустрэчы з бацькамі, Клавай, сябрамі, Васіль і не прыкмеціў, як мінуў прырэчны луг, алешнік і выйшаў на шырокае Перароўскае поле, скрозь, як глянуць, пакрытае рослай густой збажыной. Жыта абступала палявую дарогу шчыльнай сцяной, і так прыемна было слухаць роўны ціхі шэпт калосся.

...Ужо за якіх два кіламетры ад Бакаўца, калі Васіль пераходзіў забалочаную пойму маленькай рэчачкі, ён пачуў то нарастаючы, то заціхаючы грукат рухавіка. Прыглядзеўшыся, ён убачыў воддаль, сярод густога алешніку, стралу экскаватара.

«Эге, ды гэта ж, мусіць, Алесь тут пыхкае, капае свае канаўкі»,— падумаў Васіль і спыніўся. Алесь Каляда быў некалі ў школе яго аднакласнікам і сябрам. Скончыўшы пасля дзесяцігодкі курсы, ён цяпер працаваў механікам на экскаватары. Чаму б Васю не патраціць паўгадзінкі і не праведаць друга? Невядома, ці знойдзе ён для гэтага больш зручны час, а пабачыцца з Алесем было б цікава.

Пастаяўшы з хвіліну ў нерашучасці, Вася звярнуў з грэблі і па самым беразе рэчачкі пайшоў у глыб алешніку.

Ён не прайшоў і двухсот метраў, як убачыў экскаватар. Машына стаяла сярод алешніку, на беразе роўнага, як страла, калектарнага канала, які ўразаўся ў глыб балота. Па берагах канала ляжалі высокія бясформенныя груды рудой балотнай зямлі. Вялізны, шумны экскаватар раз-пораз з грукатам кідаў у балота цяжкі чыгунны коўш, прыўзнімаў яго, асцярожна пераносіў і выварочваў на бераг канала балотную твань.

«А можа, гэта не Алесь, а які-небудзь яго зменшчык працуе»,— падумаў Васіль, але тут жа ўбачыў у будцы экскаватара знаёмы твар.

Вася паставіў на дол чамаданчык, сунуў у рот два пальцы і зычна свіснуў, стараючыся перасіліць шум рухавіка. Свіснуў і, усміхаючыся, стаіўся за густой алешынай. Алесь, відаць, пачуў свіст, прыпыніў машыну і, пусціўшы матор на малыя абароты, высунуў галаву з акенца... Што за глупства, нідзе нікога не відаць. Можа, гэта яму здалося? Але толькі ён зноў узяўся за рычагі, як у другі раз пачуўся свіст і з-за алешыны, смеючыся і вітаючы яго паднятай рукой, выйшаў Васіль.

— Вася! Друг! — здзіўлена гукнуў Алесь і — доўгі, худы, загарэлы — сігануў на зямлю.— Штурман далёкага плавання! Якім ветрам?..— жартаваў ён, стукаючы Васю рукою па плячы.

— Ды так, на пабыўку,— адказаў Вася.

— А шапачка на табе! Усе дзяўчаты галовы паскручваюць, ганяючыся за табой.

— Усе не ўсе, а якая-небудзь адна, можа, і скруціць,— у тон Алесю пажартаваў Вася.

Дружбакі шчыра засмяяліся, абнялі адзін аднаго за плечы.

— Ну як, Вася, служба на рацэ, падабаецца? Не шкадуеш, што са мною на экскаватарную не пайшоў?

— Што ты, Алеська! — Вася пачаў горача расказваць аб сваёй рабоце, пахваліўся, што рачная служба моцна прыйшлася яму па душы: і няцяжкая, і цікавая, штодня ўсё новыя і новыя месцы бачыш, новых людзей.— А восенню, калі ўдасца, пайду на курсы рулявых. А гэта, брат, работа — не прасі лепшай,— пахваліўся Васіль.

— Та-ак,— прамовіў Алесь.— Ну, у нас, вядома, працаваць цяжэй. Але ж затое, брат, і зарабляем!.. На тым тыдні я сабе матацыкл купіў, Іжа. Цягне, што звер!..

Хлопцы пагаварылі аб навінах, аб сваіх сябрах па школе.

— Што ж, Алесь, не буду табе замінаць, а то вунь як сярдзіта бурчыць твой экскаватар,— Васіль працягнуў руку сябру.

— Нічога, няхай крыху пабурчыць,— засмяяўся Алесь.— Ды мы з табой, відаць, яшчэ ўбачымся. Я сёння ўвечары ў клубе буду.

— Дык да сустрэчы!

— Пакуль! — паціснуў працягнутую руку Алесь і пайшоў да экскаватара.

Вася яшчэ крыху пастаяў, праводзячы позіркам Алеся, паглядзеў, як той узлез на экскаватар, забраўся ў сваю будку. Алесь газануў, і паслухмяны матор з сілай загрукатаў.

Васіль ужо быў павярнуўся і хацеў ісці, як раптам матор экскаватара зноў прыглух, і ён пачуў голас Алеся:

— Гэй, Вася!

Васіль спыніўся, азірнуўся. З акна кабіны выглядаў вясёлы твар Алеся.

— Шкада, Вася, што цябе ў мінулую нядзелю не было. Як мы гулялі!..

— А што такое было? — павярнуўшыся, гукнуў Васіль.

— Вяселле спраўлялі. Клава замуж пайшла...

Васіль увесь сумеўся, адчуў, як у яго ад твару адхлынула кроў. Быццам ён з разгону балюча стукнуўся грудзьмі аб нейкую каменную сцяну. Думкі ў галаве адразу закружыліся, замітусіліся, як, бывае, кружацца на быстрай вадзе сухія лісточкі.

— Якая Клава? — дрыготкім голасам спытаў Васіль, яшчэ не верачы, не жадаючы верыць таму, што пачуў.

— Ды наша Клава, канцавая. Бегунова дачка. І ведаеш за каго пайшла?.. За Алёшку Бондара, лётчыка. На тыдзень прыехаў, і з ходу распісаліся... Да вечара, Вася!

Алесь махнуў з акенца рукой і схаваўся ў будцы. Матор зноў загрукатаў, і, скрануўшыся з месца, страла экскаватара асцярожна панесла над багнай ашчэраныя клюшні каўша.

Вася павярнуўся і павольна пайшоў да дарогі.

Ён ішоў, як сляпы, натыкаўся на кусты, спатыкаўся аб купіны. Не заўважаючы вузкай сцежкі, якая ішла паўз бераг рэчачкі, раз-пораз збіваўся ў твань.

Выйшаўшы на грэблю, Вася спыніўся, апусціў уніз галаву і так доўгую хвіліну стаяў нерухомы, нібы ашаломлены. Стаяў, як быццам у забыцці, нейкім дзіўна спакойным, бяздумным.

Потым ён уздрыгнуў, зірнуў на дарогу. Відаць, ён усё ж здолеў перамагчы тую сваю разгубленасць, бяздумнасць. Паправіўшы ў руцэ чамаданчык, Вася хутка пайшоў, але не ў Бакавец, а назад, да ракі...

Пачало ўжо добра змяркацца, калі Васіль, адмахаўшы, дзе пехатою, дзе на падарожных машынах, кіламетраў з пяцьдзесят, дабраўся да Нырчы. Яшчэ здалёк, з узгорка, ён убачыў у затоне, на фоне яшчэ крыху светлай паверхні ракі выразныя цёмныя абрысы буксіра. Буксір ужо стаяў каля берага адзін, без баржаў, і яго корпус адлюстроўваўся ў ціхай вечаровай вадзе вялізнай чорнай плямай.

Васіль ведаў, што звычайна ў гэты час большасць каманды бывае на беразе. Моладзь ідзе ў кіно або на танцы ў пасялковы клуб, старэйшыя збіраюцца за куфлем піва ў закусачнай ці ў тым жа клубе гуляюць у даміно. Васіль спадзяваўся, што яму як-небудзь удасца прайсці на судно непрыкметным. А як бы ён хацеў зараз не бачыць нікога, не бачыць, каб не растлумачваць прычыны вяртання, не маніць і не казаць праўды, не прызнавацца ў сваёй бядзе. Апынуцца аднаму ў сваёй маленькай утульнай каюце, кінуцца ў ложак і ціха-ціха ляжаць, на адзіноце перажываючы свой боль, крыўду і сорам.

Толькі адзін чалавек на судне здолеў бы зразумець, што рабілася зараз у яго на душы. І толькі яму аднаму Васіль мог бы смела паглядзець у вочы, выказаць усё, што агнём пякло яго збалелае сэрца,— Леаніду Ільічу...

Парашыўшы абмінуць пасёлак, Васіль звярнуў з дарогі, што вяла да Нырчы, і лугам пайшоў напрасцяк да ракі. Ён сышоў з кручы да самай вады і так па беразе пайшоў да запані, дзе ўдалечыні чарнеў буксір.

Тут Васілю, нарэшце, пашанцавала: адзінокі вахценны ў прыцемку мелькам глянуў на яго і — вось дзе дапамагла яму тая славутая штурманская шапка! — відаць, прыняў яго за аднаго са штурвальных. Акрамя вахценнага, на палубе нікога не было, і Васіль крадком хутка прайшоў да кармы, спусціўся ўніз у свой кубрык. Не запальваючы святла і не распранаючыся, толькі кінуўшы на столік шапку, ніцма бухнуўся ў ложак, зарыўся тварам у падушку...

Ён ачнуўся ад забыцця, толькі пачуўшы, як нехта асцярожна дакрануўся да яго пляча. Васіль рэзка падняў галаву. У кубрыку было светла, каля самага ложка, нахіліўшыся, стаяў Леанід Ільіч. Твар яго быў нахмураны, вочы дапытліва глядзелі на Васіля.

— Што з табою, Вася? Што здарылася? — ціха спытаў ён. Васіль разам падхапіўся, кінуў вінаваты позірк на свае забруджаныя ў балоце калашыны штаноў, чаравікі, на памятую коўдру.

— Даруйце, Леанід Ільіч...

Але капітан не глядзеў на яго штаны. Паклаўшы Васілю на плячо руку, ён пасадзіў яго на ложак і, падсунуўшы да сябе табурэт, сам сеў блізка насупроць, каля засланага сурвэткай століка. Ціха пабарабаніў пальцамі па краі стала.

— Яна ашукала, Вася, так?..

На вачах у Васіля паказаліся слёзы, твар перасмыкнуўся ад болю.

— Хто б мог падумаць, Леанід Ільіч!.. Хто б мог падумаць! — Губы ў яго задрыжалі, вочы бліснулі гневам.

— Супакойся, хлопчык,— паглядаючы на расхваляванага Васіля, ціха прамовіў Леанід Ільіч.— Не трэба так... Ты падумай, яна ж раней не давала табе ніякіх абяцанняў, праўда?

Васіль уздрыгнуў, падняў вочы на зрэзаны глыбокімі маршчынамі твар Леаніда Ільіча. Ён не ведаў, што адказаць на гэтыя словы. Ну, так, не давала абяцанняў, але ж... але ж яна...

— Вось бачыш...— Леанід Ільіч апусціў галаву, у роздуме пакратаў рукою вусы.— Жыццё пражыць, сынок, не поле перайсці. Так не бывае, каб чалавек пражыў без адзінай хмурынкі. Будзеш ты бачыць і шчасце, можаш стрэціць і бяду...

Васіль увесь страпянуўся:

— Дык што ж мне рабіць, Леанід Ільіч? Што рабіць?

— Што рабіць? — Капітан паклаў на стол сціснуты кулак.— Стрэціць сваю першую бяду, як належыць мужчыну. Ясна?.. А шчасце тваё цябе не міне. Толькі само яно, Вася, не прыходзіць, за яго трэба змагацца, трэба рвацца яму насустрач...

Леанід Ільіч змоўк, глянуў на Васіля.

Той сядзеў задуменны, прыціхлы, і Леаніду Ільічу здалося, што ён як быццам убачыў на яго твары нейкія новыя рысы, быццам сённяшні дзень паклаў на ім першую адзнаку сталасці.

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслясл. Г. Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 318 с.
Крыніца: скан