epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

Не верыць нельга

Моцны, басавіты гудок прагучаў над ракой, пакаціўся па асенніх зарэчных лугах, і параход, зусім замарудзіўшы ход, асцярожна ткнуўся носам у бераг. Лужкі — невялічкая прыстань, тут нават не было дэбаркадэра, і параходы прыставалі проста да крутога пясчанага берага.

Узяўшы з-пад лаўкі чамадан, Рыгор Беразняк ускінуў на руку дажджавік, спусціўся з палубы і па хісткіх вузенькіх сходках, перакінутых з борта парахода на пясок, сышоў на бераг. Пасажыраў сёння, як і заўсёды ў будзённыя дні, было няшмат, і параход доўга не затрымліваўся. Выгрузіўшы дзесяткі са тры парожніх лазовых кашоў з-пад рыбы, якую адсюль штодня адпраўлялі ў горад лужкоўскія рыбакі, ды яшчэ некалькі мяхоў з поштай, параход даў развітальны гудок і адразу ж, шумна залапатаўшы па вадзе магутнымі пліцамі, пачаў адплываць ад берага.

Рыгор, не спяшаючыся, падняўся на бераг. Тут, па левы бок ад дарогі, стаяла маленькая, збітая з пахучых смалістых дошак кантора прыстані і складскі будынак, а па правы — раскінулася прыгожая дуброва. Паставіўшы на траву чамадан, Рыгор дастаў з кішэні папяросы, закурыў, азірнуўся на раку.

Параход, пакідаючы ззаду шырокую пенную паласу, ужо даплыў аж да павароту ракі. Увесь беленькі, з ярка-чырвоным сцяжком на высокім тонкім флагштоку, ён зводдалек, на сіняй роўнядзі ракі выглядаў нібы цацачны. Неўзабаве параход схаваўся за зялёным поясам прырэчных лазнякоў.

Рыгор глянуў на гадзіннік — дванаццаць. Па сутнасці, дзень толькі пачынаўся. А да Васілішак, куды ехаў Рыгор, ад прыстані заставалася ўсяго кіламетраў з дваццаць. Рыгор не ведаў, як ён будзе дабірацца да вёскі, але яму не хацелася і думаць аб гэтым. Неяк даедзе — можа, трапіцца які падарожны грузавічок або фурманка, ды, зрэшты, пройдзе і пехатою. Гэта было не галоўнае. Самае важнае, што ён вось так зусім нечакана апынуўся тут, у роднай мясціне, дзе не быў ужо каля пяці год.

Вялікая ўсё ж гэта радасць — праз доўгія гады трапіць на месца, дзе ты нарадзіўся, дзе прайшло тваё маленства, пастаяць вось так сонечным асеннім днём над ракой, сярод апусцелага лугу, адчуваючы ласкавыя подыхі гаючага рачнога ветрыку. І адкінуць на час усе клопаты, усе цяжкія думкі...

Як узрадуюцца яго прыезду маці, Галінка. Маці, вядома, не ўтрымаецца, заплача ад радасці, прытуліцца да грудзей. А Галінка?.. Якая яна цяпер, яго дарагая сястрычка? Пяць гадоў назад бегала яна ў шосты клас,— гэтакая высокая танканогая бяляначка. А зараз ужо скончыла дзесяцігодку. Дарослая, самастойная дзяўчына. Настолькі самастойная, што, калі ён у пісьме прапанаваў ёй не траціць часу і адразу ж падаваць заяву ў інстытут, яна і не падумала паслухацца, засталася працаваць у сяле. Рыгор усміхнуўся,— слова камсамола было для яе даражэй, чым слова брата. Родная бяляначка, як яна выглядае цяпер?

Рыгор тэлеграмай паведаміў маці, што прыедзе, але не папярэдзіў, што едзе не ў госці, а назусім. У кішэні ў яго ляжала прызначэнне на працу аграномам у Васілішкі, у калгас «Сцяг Леніна». Ну, Галя, напэўна, не вельмі здзівіцца гэтай навіне. «І правільна,— блісне яна сваімі строгімі вачанятамі.— Даволі табе там у сталіцы сядзець у навуковых канцылярыях ды ставіць доследы ў вазонных гаршках. Ідзі да нас, на прасторы палёў...» І раней у пісьмах яна часта прапаноўвала яму нешта падобнае. Але маці будзе збянтэжана. Добраахвотна кінуць працу ў горадзе, ды на такой высокай пасадзе, і ехаць у сяло?.. Яна не здолее гэтага зразумець. Адно падумае — здарыліся ў яго нейкія непрыемнасці. І ён не зможа схаваць ад маці сваёй бяды. Як ні цяжка, павінен будзе расказаць ёй усё...

Узяўшы чамадан, Рыгор паціху пакрочыў па дарозе. Дзень быў цёплы, сонечны, і халадок, што дыхаў з дубровы, прыемна астуджаў галаву.

Ззаду па дарозе пачуўся дробны стукат колаў. Рыгор азірнуўся.

— Гэй, таварыш! — прытрымліваючы лейцы, гукнуў з воза пажылы вусаты дзядзька з нейкай бліскучай какардай на шапцы.— Табе часам не ў Лужкі? Сядай, падвязу...

— Мне ў Васілішкі, — адказаў Рыгор.

— Не па дарозе... Ты, браток, кіруйся вось так,— махнуў пугаўём дзядзька,— выходзь на шлях. А там цаляй на падарожны грузавічок...

Дзядзька з какардай рашуча тузануў лейцы, і конь трушком пабег па дарозе ў той бок, дзе відаць былі хаты невялікага сяла.

Рыгор задуменным позіркам правёў фурманку, за якой густа ўздымаўся пыл... Так балюча было зноў і зноў думаць пра адно, але адкінуць ад сябе гэтыя думкі ён не мог. Як, з чаго ўсё гэта пачалося? Як сталася, што ён беззваротна згубіў Ірыну? Рыгору здавалася, калі б ён змог сам сабе ясна адказаць на гэтае пытанне, яму адразу стала б лягчэй. Але ён не знаходзіў адказу, усё было як бы ў нейкім дзіўным тумане.

Тры гады таму назад, упершыню пазнаёміўшыся з Ірынай, ён парашыў, што гэта была акурат тая адзіная ва ўсім свеце дзяўчына, якую шукала яго сэрца. Ірына, тоненькая, стройная, агністая, Ірынка!.. Ён пакахаў яе так моцна, як толькі магло кахаць яго маладое сэрца.

Як зачараваны, ён не заўважаў і не хацеў заўважаць нават такія рысы яе натуры, якія маглі б насцярожыць чалавека, няздольнага на моцныя пачуцці. Рыгор, напрыклад, першы весела смяяўся, калі Ірына, выхваляючыся сваёй нейкай ненатуральнай бесклапотнасцю, заяўляла, што не ведае, як расце ў полі жыта. Дачка багатых бацькоў, яна была вялікай прыхільніцай мод, любіла апранацца ў нейкія звышарыгінальныя, па-замежнаму пашытыя плацці і насіла туфелькі на такіх тоненькіх абцасах, што яны нагадвалі звычайнае шыла. Са здзіўляючай лёгкасцю Ірына магла спакойна круціцца цэлы вечар на танцульках, хоць заўтра трэба было ісці здаваць чарговы залік.

Але ў Рыгора нават у думках не было асуджаць яе за што б там ні было. Усё ў Ірыне захапляла яго. Моцнае пачуццё можа вось так часова асляпляць. Ды зрэшты, божа мой, як сумна было б жыць на свеце, калі б дзяўчаты, асабліва такія, як Ірына, не любілі танцаваць і не насілі прыгожыя модныя туфелькі. А што датычыць жыта, то ці ж гэта была ўжо такая непапраўная бяда? Наперадзе цэлае жыццё, і Рыгор верыў, што не толькі пакажа Ірыне, як расце жыта, але яшчэ, дзеля цікавасці, і навучыць яе жаць сярпом і вязаць снапы. Чаго варта было б каханне, калі б яго маглі перакрэсліць такія дробязі?..

Неўзабаве пасля вяселля Ірына перабралася жыць у сціплы пакой маладога навуковага работніка. І вось хутка ўсё пайшло, як у нейкім блытаным недарэчным сне. Непаўторныя, ап’яняючыя часіны шчасця чаргаваліся з часінамі роспачы і душэўнага болю. Як свежы ранішні ветрык разганяе начны туман, так жыццё пачало паступова разбураць першае сляпое ачараванне Рыгора. Ён хутка зразумеў, што Ірына не толькі не ведала, як расце жыта, але яна і не хацела гэтага ведаць.

Усё ёй спраўлялася і здабывалася, і Рыгор яшчэ не лічыў гэта самай вялікай бядой. Горш было другое. Праваліўшы адну за другой дзве экзаменацыйныя сесіі, Ірына аказалася выключанай з інстытута. Але, замест таго каб сесці за кнігі і канспекты, яна пашыла з паўтузіна новых шаўковых халатаў і пакаціла ў Сочы.

Так іх жыццё няўхільна і з усё нарастаючай хуткасцю пайшло наперакос. Рыгор зразумеў, што тая бесклапотнасць Ірыны, якая некалі выглядала такой чароўнай наіўнасцю і выклікала ў яго захапленне, была не чым іншым, як зародкам звычайнага паразітызму. Настойлівыя спробы што-небудзь змяніць, наладзіць, не прыводзілі ні да якіх іншых вынікаў, акрамя дзікіх істэрык, бясконцых папрокаў, спрэчак.

Мінаў час, і Рыгор прыкметна пачаў астываць. Знікалі ўсе яго добрыя намеры і спадзяванні пабудаваць сям’ю. Душу яго паступова агортваў холад адчужанасці, адзіноцтва. Цяпер яны спрачаліся ўсё радзей і радзей. Але разам са спрэчкамі знікалі і апошнія кволыя нітачкі іх блізкасці.

І вось ён застаўся адзін. Зусім адзін...

Рыгор памалу крочыў па мурожнай абочыне лугавой дарогі. Ішоў прыгнечаны, невясёлы... А вакол стаяла такое хараство. Неба было глыбокае, сіняе, і на ім — ні хмурынкі. Пырскалі з-пад ног напалоханыя конікі. Злева і справа адзінокімі вартавымі стаялі стагі. На самай вяршыні бліжэйшага з іх у строгай глыбакадумнай паставе нерухома замёр бусел. Смешны такі, важны, нібы гаспадар усіх гэтых навакольных лугоў, ён азіраў апусцелыя прасторы, час ад часу задзіраў угору доўгую дзюбу і клекатаў, відаць, развітваючыся перад адлётам у вырай...

Неўзабаве Рыгор выйшаў на шырокі, пратораны калгаснымі грузавікамі шлях. Тут ужо як чыё шчасце — падарожная машына магла здарыцца і ў першую хвіліну, а магло яе не быць і цэлы дзень. Рыгор парашыў пачакаць з паўгадзіны, а калі машыны не будзе, пайсці памалу пехатою. У такі дзянёк прайсціся была адна любата, тым больш што чамадан у яго быў лёгкі. Рыгор прысеў на траву. Не мінула і пяці хвілін, як здалёк пачуўся шум грузавіка. Рыгор выйшаў на дарогу, падняў руку. Ахутаная пылам паўтаратонка імчалася поўным ходам, і Рыгор ужо думаў, што яна наогул не спыніцца. Але, пад’ехаўшы зусім блізка, грузавічок раптам аж скрыгатнуў тармазамі і, як укапаны, спыніўся каля яго.

З адкрытага акенца кабіны высунуўся шафёр — гадоў дваццаці юнак з абветраным загарэлым тварам. Акінуўшы Рыгора вясёлымі вачыма, ён шырока ўсміхнуўся, бліс нуў роўнымі, адзін у адзін, белымі зубамі.

— Адкрытым галасуеш? — кінуў ён вядомы шафёрскі жарт.— Куды?..

— У Васілішкі... Не падкінеш, браток?

— Відаць, нехта за цябе ў царкве свечку паставіў... Акурат туды еду. Сядай,— расчыніў шафёр дзверцы.

Рыгор, не марудзячы, сеў побач з шафёрам і ледзь толькі паспеў застукнуць дзверцы, як машына адразу ж кранулася з месца і хутка пачала набіраць разгон.

Рыгор агледзеўся. У кабіне панаваў парадак, пад нагамі нідзе не было відаць ні акурачка, ні смяцінкі. А зверху, над пярэднім шклом, тырчаў маленькі букецік свежанькіх палявых рамонкаў.

— Праз паўгадзіны на месцы будзем,— з нейкім асаблівым спрытам пакручваючы руль, заўважыў юнак. Вёў ён машыну хутка, з асалодай, без напружання, і адчувалася, што дасканала ведаў сваю справу.— Прымчаў бы і хутчэй, ды дарожка тут — адно гора!

Па дарозе і сапраўды часта сустракаліся выбоіны, ямкі, але шафёр то прытарможваў, то спрытна аб’язджаў іх, і штуршкоў амаль не было чуваць.

— А сам ты дзе працуеш? — прыхільна спытаў шафёра Рыгор.

— Ды там жа, у Васілішках. У калгасе.

Рыгор больш пільна прыгледзеўся да хлапца.

— Нешта я цябе не ведаю. Ты адкуль родам?

— Не тутэйшы,— прамовіў юнак і нахмурыў бровы.— Родам я далёкі, з-пад Полацка.

— Як жа ты, палачанін, сюды трапіў? — зацікавіўся Рыгор.

— Трапіў...— Юнак уздыхнуў, закурыў.— Шчасце сваё тут знайшоў... Можна сказаць, зусім нечакана. Служыў я ў арміі і займеў там дружка. Два гады ў аўтароце разам адгрукалі. З Васілішак ён сам, можа, чуў, Янка Будай, нізенькі такі, чарнявы... Ну, адслужылі, вярнуўся я дамоў. Мінуў час, не дае мне дружок спакою, піша: «Прыязджай, Сцёпа, у госці, буду рады табе, як брату, успомнім, як разам елі салдацкую кашу...» Я, доўга не думаючы, вясною, бах на поезд і сюды. З тыдзень пагуляў... ну, а назад ужо і не змог. Як у пастку трапіў. Дамовіўся з Іванам Кузьмічом наконт работы вось на гэтым драндулеце, за барахлішкам дамоў падскочыў... Маці за галаву схапілася: «Сынок, што з табою? Чаго так раптам з дому ляціш, ці ж табе тут дрэнна?» А я ёй: «Не пытай мяне пакуль ні аб чым, маці. Не бойся, цябе не забуду і дамоўку не забуду, але пакуль не пытай...» І на другі ж дзень назад паехаў... Адным словам,— ты ўжо, можа, і сцяміў,— закахаўся я тут у адну. Так закахаўся, што адчуваю: жыцця мне без яе ўжо не будзе!.. А цяпер не ведаю, як і аддзячыць дружка. Гэта ж, каб не ён, мог бы я і не знайсці ў жыцці таго, што знайшоў...

Юнак замоўк, патушыў недакурак і шпурнуў яго ў акно. Спахмурнелы Рыгор таксама маўчаў. Сэрца ў яго зашчымела. Шчасце юнака было наперадзе, а ён, Рыгор, адчуваў такую спустошанасць, смутак. Няўжо ён ніколі больш не спазнае таго хвалюючага палымянага пачуцця, не знойдзе свайго шчасця?..

Насустрач ім з-за павароту выкаціўся пашарпаны стары грузавік, вышэй кабіны нагружаны нейкімі парожнімі бочкамі і скрынкамі. Сустрэчны шафёр — запылены, чарнявы, такі ж малады хлопец, як і Сцяпан,— відаць, пазнаўшы васілішкаўскую машыну, яшчэ здалёк высунуўся з кабіны і замахаў рукой.

— Прывет, Сцёпа!..— гукнуў ён, калі машыны, вуркочучы гарачымі маторамі, прыпыніліся адна каля другой.— Слухай, званілі з РТС, каб ты забіраў акумулятар. Ужо гатовы!..

— А хто званіў? — увесь падаўшыся ў акно, спытаў Сцяпан і, нават не жадаючы хаваць свайго хвалявання, адразу хапіўся рукою за рычагі.

— Адна асоба,— усміхаючыся, падміргнуў чарнявы.— Ды ты куды, Сцяпан? Чакай!.. Слухай!..

Але Сцяпан ужо не слухаў, што крычаў чарнявы, махнуў яму рукой, газануў і пакаціўся па дарозе.

— Гэта і ёсць той самы Янка,— крыху праехаўшы, сказаў Сцяпан.— У сельпо працуе. Я за яго ў агонь і ваду пайшоў бы...— Сцяпан з хвіліну памаўчаў, уважліва выбіраючы сярод выбоін роўную дарогу. Потым ён зноў загаварыў.— Асоба... Янка так жартам Галю называе. Не ў злосць — ён добры, не зайздроснік...

— Галю? — уздрыгнуўшы ад нечаканасці, здзіўлена спытаў Рыгор.— Якую Галю?

— Ды тут адна,— ні аб чым не здагадваючыся, працягваў Сцяпан.— У РТС працуе. Галя, па прозвішчу Беразняк...

Збянтэжаны Рыгор недаўменным позіркам утаропіўся на Сцяпана. Што такое, няўжо ўся тая гаворка ішла пра Галінку, пра яго сястру? Чырвань ударыла ў твар Рыгору, і ён ледзь стрымаўся, каб не выдаць сябе. Але Сцяпан, заняты машынай, нічога не заўважаў. Яму, відаць, і ў галаву не прыходзіла, хто ехаў побач з ім.

Рыгор разгубіўся — маўчаць яму ці прызнацца?! Маўчаць няёмка. Яны прыедуць у вёску, Сцяпан адразу ж даведаецца, хто з ім ехаў, і будзе адчуваць сябе так ніякавата. Атрымаецца, быццам ён знарок падслухоўваў яго тайны... Але ж пакуль Рыгор вагаўся, юнак зноў загаварыў, і Рыгор не знайшоў рашучасці перабіваць гаворку.

— Асоба...— усміхнуўшыся, калыхнуў галавою Сцяпан.— Янка яе так за гордасць празваў. А яна, і праўда, гордая, ідзе па вуліцы — галаву высока трымае, вачэй ні перад кім не апусціць. Але я скажу так: гордасць усякая бывае. Адна справа — пыхлівасць, а другая, калі чалавек горды сваёй харошай душой, калі ён увесь чысты і ясны, як неба. А Галя такая... За праўду — гарой! Нічога пустога, паказнога цярпець не можа.

Сцяпан замоўк. Грузавік нырнуў у малады сасновы лясок і пабег роўнай нешырокай прасекай. Адразу ж за саснячком пачаўся стары лес, і тут машыну закалаціла на тоўстых вузлаватых карэннях, якія раз-пораз пераціналі дарогу. Але неўзабаве лес скончыўся, і машына выбегла на поле. Па абодва бакі дарогі ляжалі бясконцыя, пакрытыя ржэўнікам палеткі.

— Думаеш, лёгка такую кахаць? — памаўчаўшы, працягваў Сцяпан.— Натура ў мяне гарачая. Ну і, канешне, не без заскокаў. Бывае, лячу па вуліцы як вецер. Курэй тут, у навакольных сёлах, колькі перадушыў... Ну, аднойчы і яе так з форсам правёз. Сярод поля загадала мне спыніць машыну, выскачыла з кабіны і пайшла пеша. Нават не развіталася. «Пакуль, кажа, не навучышся ездзіць як чалавек, лепш і не падыходзь, ведаць цябе не хачу...» І што думаеш,— перасіліў натуру, пасмірнеў. Зараз па вёсцы еду — на клячы абагнаць можна, і ўвесь час нагу на тормазе напагатове трымаю, каб хаця якая жыўнасць пад кола не падкруцілася...

Рыгор слухаў юнака і адчуваў, як паступова супакойвалася яго засмучаная душа. Нібы ў спякотны дзень ён, засмяглы, прыпаў да чыстай халоднай крынічкі. Не, Рыгор не будзе прызнавацца, хто ён. Навошта бянтэжыць хлопца? Адразу ж знікне ўся яго прастадушнасць, шчырасць. А душа Рыгора прагнула дакрануцца менавіта такой шчырасці, чысціні.

— Эх, любоў! — не то ў захапленні, не то з болем уздыхнуў Сцяпан.— Раней я думаў, што гэта толькі ў кніжках так пішуць пра яе, а ў жыцці нічога такога няма... Каб ты ведаў, колькі я, бывае, пакут цярплю. Ледзь што не так або ненарокам паспрабуеш дазволіць што лішняе, Галя такую праборку задасць, што хоць на край свету ўцякай... Апусціш галаву, маўчыш, бо і сапраўды бачыш, што вінаваты. Затое, калі падабрэе, прыхіне галаву да грудзей, скажа ціха: «Сцёпа»,— то, здаецца, ты ў той жа міг нібы на ракеце ўзляцеў у неба. Вось што за Галя!..

Воддаль па правы бок ад дарогі паказаліся доўгія цагляныя пабудовы і побач, роўным радком, прыгожыя драўляныя домікі невялікага пасёлка. Домікі шчыльна падступалі да густога бярэзніку, які стаяў сярод поля, як аазіс. Гэта была Бараўлянская РТС. Усё тут было знаёма Рыгору: кожны кусток пры дарозе, кожнае дрэва. І ён яшчэ пільней стаў глядзець наперад, з хваляваннем чакаў, калі з-за густых прысад пакажуцца першыя васілішкаўскія хаты.

Але Сцяпан, пад’ехаўшы да скрыжавання, раптам асцярожна прытармазіў і звярнуў са шляху на пратораную машынамі палявую дарогу, што бегла ў бок РТС.

— На падзарадку акумулятар здавалі,— растлумачыў ён.— Трэба забраць.

— Ты ў РТС? — спытаў Рыгор.— Дык чакай, браток, я тут злезу.

— Сядзі, я толькі на хвілінку заскочу,— паспрабаваў угаворваць Сцяпан.

Але Рыгор заязджаць у РТС адмовіўся. Па-першае, ён не хацеў вось так адразу пасля той шчырай размовы сустракацца з сястрой у прысутнасці Сцяпана. Па-другое, да Васілішак ужо было зусім недалёка, і яму нават хацелася прайсціся пеша, пабыць на адзіноце. Гэта ж ён пойдзе насустрач свайму новаму, зусім-зусім новаму жыццю...

Сцяпан прыпыніў машыну, і Рыгор, шчыра падзякаваўшы хлопцу, вылез з кабіны.

— Шляхам ідзі, вунь за тым узгорачкам і сяло,— гукнуў, бліснуўшы сваімі прыгожымі белымі зубамі, Сцяпан.— Бывай!

— Ведаю, ведаю... Бывай! — махнуў рукою Рыгор.

Вярнуўшыся на шлях, Рыгор на момант спыніўся. Ён стаяў нерухомы, прыціхлы, глядзеў перад сабой на пачарнелае ржышча, на далёкі гай і нібы нешта настойліва намагаўся ўспомніць...

Некаторыя лічаць восень сумнай, нецікавай парой. Гаснуць у гэты час яркія зялёныя фарбы на лугах і палях, чарнее лес. Птушкі пакідаюць свае гнёзды і адлятаюць у вырай. Хмурнее неба, і ўся прырода замірае, рыхтуючыся да зімы. Але няпраўда, восень не сумная, ёй уласціва свая, адметная і непаўторная краса. Прыгледзьцеся, якім велічным спакоем напоўнена ўвосень зямля,— усю сваю сілу, усе незлічоныя багацці яна сумленна і пакорна аддала чалавеку і цяпер, стомленая, але шчаслівая, ляжыць у заслужаным спачынку, збірае новыя сілы. А паслухайце, якая чуйная, поўная цудоўнай гаючай сілы цішыня пануе гэтай парой у полі. Дыхніце духмяным водарам асенніх палёў у час, калі над сонечнай зямлёй плыве павуцінне «бабінага лета»,— нібы выпʼеце чыстай крынічнай вады.

Ёсць своеасаблівае хараство і ў асенніх фарбах, яны не ўсюды шэрыя і пабляклыя, як здаецца. Зірніце, як у лесе палымнеюць, нібы ахопленыя агнём, арабіны, як прыгожа жаўцеюць клёны, бярозы, чырванее лісце асін...

Рыгор уздыхнуў — раптоўная думка, нібы нешта жывое, адчувальнае, стукнула ў сэрца. Так, Ірына не любіла яго, ён ведаў гэта. Але ці ўмела яна наогул любіць? Шчыра і чыста, да самазабыцця, як некалі ён любіў яе, як вось зараз любіць гэты юнак?.. Сляпая, з пустой душой, яна не разумела, у чым шчасце, не шукала яго, жыла, як бы аблытаная павуціннем сваіх нікчэмных мяшчанскіх уяўленняў... І ў гэтым была, відаць, разгадка таго пакутлівага пытання, на якое ён шукаў і не знаходзіў адказу.

Задуменны Рыгор ціха пакрочыў па дарозе. Вось ён выйшаў на ўзгорак і воддаль убачыў першыя хаты сяла. У крайняй ад шляху жыў стары Пракоп, па прозвішчу Смык, славуты на ўсю ваколіцу каваль. Выдумшчык і штукар, любімец васілішкаўскай моладзі. Хата яго стаяла, акружаная садам, а на вуліцы, каля самых акон, рос высокі стары клён. За хатай канцавога Пракопа жыла ўдава Агата, дарэчы, калі ён не памыляецца, родная цётка таго самага Янкі Будая, што быў сябрам Сцяпана...

Дзіўная рэч: з часу, калі Рыгор сышоў з парахода, здаецца, нічога не змянілася, усё засталося, як і было. І аднак жа цяпер нейкае новае, нязнанае дагэтуль адчуванне авалодала ім. Пачуццё надзеі. Сам таго не заўважаючы, Рыгор паскорыў хаду... Так, без веры ў шчасце нельга жыць. Не верыць нельга!..

Гуллівы ветрык нечакана наляцеў з поля, страсянуў галіны клёна каля хаты канцавога Пракопа, і на дол шчодра пасыпаліся шырокія жоўтыя лісты. Адзін з іх, нібы знарок, прыліп да пляча Рыгора. Ачнуўшыся ад думак, Рыгор асцярожна ўзяў яго, разгладзіў на руцэ. Што за дзіўны знак? Вітанне? Ці, можа, пропуск у яго новае жыццё?..

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслясл. Г. Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 318 с.
Крыніца: скан