epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

Паланянка

Палявою сцежкай, між жытоў, уподбег паспяшала да рэчкі дзяўчына. На бягу яна раз-пораз трывожна азіралася навокал, прытрымліваючы рукою напоўнены нечым фартух.

У небе ледзь прыкметнаю кропляй пад самым сонцам вісеў жаваранак. Песня яго срэбрам лілася з блакітных вышынь. Цёплы жнівеньскі вецер хваляй прабягаў па жаўцізне налітых жытоў, і жыты адгукаліся на песню жаваранка ціхім шумам спелага коласа.

Але гэта быў чужы вецер, і чужыя жыты шумелі коласам на чужой нямецкай зямлі.

На крутым высокім беразе дзяўчына спынілася. Азірнулася яшчэ раз і збегла з кручы да вады. Густыя травы пакрывалі бераг рэчкі. Пахілая вярба прасцёрла галлё над ціхай вадой. Дзяўчына глянула ўсцяж па рэчцы. Ціхія воды плылі між ніцых лоз і травы, сярод лугоў і палёў. Сярод чужых лугоў і чужых палёў.

Дзяўчына села на траву, разгарнула фартух,— там былі кветкі. Поўны фартух няхітрых палявых красак — махрыстай валошкі, пахучага са слязою расы на лісці чабору, беленькага з жоўтым рамонка. Дзяўчына назбірала толькі такіх кветак, якія раслі там, на яе далёкай радзіме.

Дзяўчына закрыла вочы, прыпала тварам да красак. І вось, як жывыя, усталі перад ёю радзімыя палі і лугі, лясы і азёры, жаданым прывідам усплыло роднае палескае сяло і бацькава хата. І яшчэ ўспомніўся ёй родны шырокі прыгажун Дняпро.

Чым вымераць смутак беларускай дзяўчыны-паланянкі па далёкай сваёй радзіме? Што ёсць больш пакутнага за нямецкую няволю?

Але вось дзяўчына ачнулася. Пахілая вярба самотна прашумела лісцем над ёю. Таропка і спрытна дзяўчына пачала плясці вянок. Плясці, як, бывала, на купалле пляла з падружкамі, пускала на ваду, гадаючы, што прынясе ёй лес.

Што чакае яе? Ці так вось і застанецца яна парабчанкай у нямецкай няволі, ці яшчэ давядзецца ступаць яе нагам па палях і лугах вызваленай радзімы? Загіне тут, на чужыне, сярод нелюдзей, ці яшчэ пачуе родны Дняпро яе песню, звонкі дзявочы голас?

Цёплы ветрык прабег па нерухомай роўнядзі ракі, і ўзнятыя ім дробныя хвалі раптам бліснулі на сонцы залатымі іскрамі. Бліснулі і гулліва пабеглі ўслед за ветрам, усцяж па вадзе. Сціхнуў ветрык, згаслі іскры, і зноў нерухомай стала празрыстая рачная роўнядзь.

Дзяўчына затаіла дыханне, асцярожна пусціла вянок на ваду.

Паплыве ці патоне?

У гэты час на круцізне берага вырасла постаць. Тоўсты абрузглы немец з кручы пазіраў на дзяўчыну, у злосці пахлёстваючы сябе стэкам па наглянцаванай халяве.

— Эй, рус дзеўка. Ты пакінуль работу? Сука! Марш цурук! — скамандаваў немец, увесь наліваючыся крывёю ад гневу. — Ты чуеш?

Але дзяўчына не слухала немца. Не адрываючыся, яна сачыла за вянком. Падхоплены рачною плынню, той, спачатку ціха, а затым усё хутчэй, паплыў па рацэ, і апрамененыя сонцам кветкі горда закрасаваліся над вадой.

— Паплыў...— ледзь чутна, з захапленнем прашаптала дзяўчына.— На шчасце...

У шалёнай злосці немец скаціўся з кручы.

— Сука! Ты так слухаеш свайго гаспадара?

Падскочыў да дзяўчыны, замахнуўся лакіраваным стэкам. Дзяўчына крута павярнулася да немца. Вось ён стаіць перад ёю, яе гаспадар, тоўстая ненавісная брыда. Вочы дзяўчыны бліснулі гневам.

— Вось табе, сука!

Стэк секануў дзяўчыну па плячы. Яна ўся ўздрыганулася, нібы пранізаная токам. Немец ударыў яшчэ і яшчэ раз.

— Вось!

Раптам дзяўчына схамянулася. Нечакана пахіснулася, падхапіла з берага амыты вадою галыш. Немец ад неспадзеўкі жахнуўся, адступіў на крок назад, але — позна. З усёй сілай камень апусціўся на падатлівую мякаць скроні. Немец ціха ахнуў, і тоўстае цела яго павольна апусцілася на траву.

А вянок плыў і плыў па рацэ, і кветкі яго ўсё так жа горда красаваліся над вадой.

Дзяўчына даткнулася нагою да цела — мёртвы. Тады яна азірнулася — там, за ракою, на ўсходзе, ляжала яе далёкая радзіма. Дарагая сэрцу радзіма! Легкакрылай ластаўкай паляцець бы туды, паплыць па небе белаю хмаркаю.

Трывожна шуміць над вадою лісце пахілай вярбы, і калышуцца пад ветрам буйныя прыбярэжныя травы.

Некаторы час дзяўчына стаіць на беразе ў нерашучасці і роздуме. А затым — уваходзіць у ваду і, узмах за ўзмахам, плыве праз рэчку.

На ўсход...

1943


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслясл. Г. Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 318 с.
Крыніца: скан