epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

Палессе

1. На пераправе
2. Крыгаход
3. Сустрэча з землякамі
4. Жнівень у Азёрах
  Малюнкі


Можа, вам, дарагі чытач, здарыцца часамі быць на поўдні Беларусі, на Мазыршчыне, не пагрэбуйце маёй парадай, зазірніце на дзянёк-другі ў якую-небудзь палескую вёску. Зазірніце, куды трапіцца, куды вам будзе больш з рукі,— у Залессе, Чапаеўку, Міхалкі, Васілішкі, Барбароў, Вялікі Бор, Лужкі, Зарэчнае, Навасёлкі... Гэта толькі так гаворыцца — на дзянёк, а трапіце вы туды, пазнаёміцеся з палешукамі, людзьмі гасціннымі, працавітымі, са шчырай і адкрытай душой, паслухаеце, як надвячоркам улетку спяваюць палескія дзяўчаты, паблукаеце са стрэльбай па навакольных лясах і лугах, устанеце раненька, ледзь на золак, ды праедзеце ў чоўне па Прыпяці, па яе зялёных затонах і «старыцах», я ўпэўнены, калі будзе ў вас час, затрымаецеся-такі там на добры тыдзень.

Апетае ў многіх старых песнях, адлюстраванае ў паданнях і казках, беларускае Палессе, гэты край балотаў і пяскоў, край шумных лясоў і ціхіх рэчак, у мінулым быў адной з самых бедных і закінутых мясцін нашай Радзімы. Людзям Палессе было вядома толькі паганай хваробай — каўтуном ды балотнай трасцай, дымнымі курнікамі ў пахілых хатах ды драўлянай сахою.

Пераможны Кастрычнік змёў усё гэта ў нябыт, падняў і акрыліў Палессе, і тым, хто ведаў яго раней, сёння яго ўжо не пазнаць. Разняволены беларускі народ ператварыў яго ў багаты і прыгожы край, хаты палешукоў цяпер асвятляе электрычная лямпачка. Ідзе апошні рашучы наступ на векавыя балоты, узброеныя магутнымі машынамі людзі ператвараюць іх у пладаносныя, ураджайныя землі.

Палессе — прыгожы і самабытны край, пазнаёміўшыся з ім, яго нельга не палюбіць. Але мне яно дарагое і любае ўдвая — гэта месца, дзе я нарадзіўся і вырас. І кожны раз, калі ці то на поездзе, ці на машыне я набліжаюся да мазырскіх палёў і лясоў, калі далёка-далёка наперадзе раптам выблісквае між зялёных лазнякоў блакітная істужка Прыпяці, у мяне міжвольна мацней б’ецца сэрца, і я адчуваю нейкую асаблівую радасць.

Добры дзень табе, з’яднаны ў дружныя калгасныя сем’і, працавіты і шчыры палескі народ! Добры дзень вам, любыя прасторы Палесся!..

 

1. На пераправе

Перад самым захадам сонца да пераправы цераз Прыпяць падкаціла прыкметная здалёк ярка-зялёная палутарка з Журавіч, з калгаса «Перамога». З усёй спрытнасцю, якую толькі можна было праявіць на грузавіку, ды яшчэ і нагружаным — у кузаве сядзелі людзі, штабелем былі складзены дошкі, драўляныя стаякі, ляжалі пілы, сякеры, скрынка з цвікамі, ліхтары «лятучая мыш»,— шафёр Лёнька Окунь развярнуў машыну каля дашчанага доміка паромшчыка і памалу павёў яе кузавам назад на самы край крутога берага, адкуль пачыналася дарога да паромных масткоў. Праязджаючы каля доміка, Лёнька, малады, чарнявы, падобны на цыгана хлопец з загарэлым да колеру медзі хударлявым тварам, непрыкметна кінуў позірк на дзверы...

Але ў доміку было пуста і ціха, на дзвярах вісеў маленькі, для прыліку, замочак, і ніхто не выйшаў насустрач ярка-зялёнай журавіцкай машыне.

Лёнька нахмурыўся, заглушыў матор.

Брыгадзір цесляроў, Сцяпан Фаміч Серада, які сядзеў побач з ім у кабіне, сам сабе ўсміхнуўся, але не падаў выгляду, што заўважыў яго незадаволенасць, і толькі зазначыў:

— Ну і спрыцён ты, Лёнька, што цыркач. Табе б не на палутарцы ездзіць, а на легкавой...

Сцяпан Фаміч вылез з машыны, зірнуў на раку. Надвячорак быў ціхі, але па-асенняму хмурны, неба на захадзе было заслана густымі шэрымі хмарамі. Прыпнуты да масткоў, паром стаяў па той бок ракі. Удалечыні на рацэ віднеліся бледныя зорачкі сігнальных ліхтароў. З узгорка, дзе спынілася машына, уніз да вады вяла крутая, але роўная, добра ўкатаная дарога. Берагі ракі па абодва бакі ад паромных масткоў былі пакрыты зараснікамі пачарнелай, бязлістай ужо лазы.

— Ну, хлопцы, не губляць часу! — дзелавіта загадаў Сцяпан Фаміч і сам хутка ўзяўся адкідваць кручкі бартоў. Чацвёра мужчын, што ехалі ў кузаве, адзін за адным саскочылі на зямлю і адразу ж пачалі разгружаць машыну.

Управіўшыся з кручкамі, Сцяпан Фаміч азірнуўся, прыклаў да губ складзеныя рупарам рукі і закрычаў:

— Э-ге-гей! Паро-ом! Гані сюды-ы!

Голас яго гулка пакаціўся над ракой і недзе далёка аддаўся рэхам.

Іду-у! — амаль адразу ж пачуўся басавіты вокліч з-за ракі.

— Вось здзівіцца нашаму налёту стары Даніла,— падхопліваючы на плячо тонкае бервяно, усміхнуўся адзін з мужчын, маладзейшы, апрануты ў брэзентавую куртку, з высокімі, ледзь не да пояса, гумавымі ботамі на нагах.

— Рады будзе,— азваўся Сцяпан Фаміч.

— Хапіліся супроць ночы,— буркліва кінуў Лёнька. Ён стаяў каля машыны і, пакурваючы папяросу, глядзеў за раку, на паром. Час ад часу, маючы яшчэ нейкі іншы клопат, ён азіраўся на домік.— А пра гэты паром дакладная Данілы Іванавіча ўжо з месяц пад сукном у канцылярыі ляжыць.

Здагадваючыся, што прычына дрэннага настрою Лёнькі была не ў пароме, Сцяпан Фаміч усміхнуўся:

— Сам ведаеш, Лёнька, восень, уборка, не да парома было. Ды, сказаць, і не к спеху, ён і без рамонту смела дахадзіў бы да зімы. А ўжо вясной...

— У нас заўсёды так: як на паляванне ісці — сабак кормяць.

Сцяпан Фаміч паціснуў плячыма:

— Хто ж мог такое прадбачыць?

— Столькі разумных у калгасе, а не прадбачылі! І Ягор Пятровіч, і парторг... Вось і вы, Сцяпан Фаміч, камуніст, а...— Лёнька з дакорам кіўнуў галавой.— А я, калі толькі прачытаў газеты, адразу зразумеў: ну, цяпер у нас на Палессі такое пачнецца... зашуміць, загудзе! Асушэнне Палесся, калі вы хочаце ведаць, гэта вялікая справа.

— Нічога, Лёнька, за ноч управімся, за намі затрымкі не будзе.— Сцяпан Фаміч глянуў па неба.— Вось толькі б пагодка не перашкодзіла...

Паром з адзінокай постаццю паромшчыка памалу адчаліў ад берага і пачаў павольны, здалёк ледзь прыкметны для вока рух. Стоячы каля парэнчаў і раз-пораз пацягваючы дрот, стары Даніла ў павольным рытме гайдаўся тулавам то назад, то уперад.

— А зарачанцы, відаць, яшчэ не ведаюць, якое да іх папаўненне ідзе,— заўважыў Лёнька, глянуўшы за раку, дзе кіламетры за тры ад пераправы паблісквалі ў першым вечаровым змроку электрычныя агні зарачанскай машынна-меліярацыйнай станцыі.

— Ведаюць, не можа быць, каб не ведалі,— азваўся Сцяпан Фаміч.— Гэта Сяргееў, дырэктар іх, кажуць, у абком паехаў, а то ўжо напэўна сюды прымчаў бы...

Лёнька заправіў пад кепку чубок чорных смаляных валасоў і зноў заклапочана азірнуўся на дашчаны домік.

Сцяпан Фаміч злавіў яго погляд і, нібы незнарок, запытаў:

— І што гэта Марылькі не відаць, бяляначкі Данілавай? Пэўна на затоку паехала венцляры трусіць...

Лёнька нахмурыў бровы і зрабіў выгляд, што яго зусім не цікавіць тое, аб чым гаварыў Сцяпан Фаміч.

— А Ягору Пятровічу пра паром з райкома пазванілі,— заўважыў ён і, кінуўшы на зямлю недакурак, па шафёрскай звычцы акуратна прытаптаў яго нагой.— «Што, пытаюць, зможаш ты на сваім пароме тэхніку ў Зарачанскую МТС перакінуць?» У Ягора Пятровіча аж вушы загарэліся ад сораму,— паром-то не ў спраўнасці. Яшчэ грузавічок там які перавезці можна, але што-небудзь іншае... «А якая, пытаецца, тэхніка?» — «Ну, смяецца сакратар, так і так, кажа, прыкідвай, як на артылерыю або на танкавае падраздзяленне. З паўстанка, кажа, да моста гнаць — сорак кіламетраў кругу, дорага каштаваць будзе, ды і час немалы зойме... Між іншым, кажа, ідучы, у сувязі з чым і дзеля якой вялікай справы тая тэхніка ідзе...»

— Ды ты адкуль пра іх размову ведаеш? — недаверліва ўсміхнуўся Сцяпан Фаміч.

— Вось яшчэ,— пакрыўдзіўся Лёнька,— выдумляць вам буду. Сам Ягор Пятровіч усё і расказаў. Выйшаў пасля той размовы са свайго кабінета ў канцылярыю ўсхвалёваны, урачысты. «Ну, кажа, таварышы, віншую вас, да зарачанцаў такая тэхніка ідзе!..» Мы ўсе, хто быў на той час у канцылярыі, да яго: якая тэхніка, калі прыйдзе? Ну, ён нам усё і расказаў.

— Умее Ягор Пятровіч за малым вялікае бачыць,— зазначыў Сцяпан Фаміч.— Мяне выпраўляў, абняў за плечы: «Ведаю, кажа, ты камуніст, не падвядзеш, але скажу на дарогу: памятай, тэхніка тая канец нашым Тапілам нясе, адвечнай дрыгве! Так што не падвядзі...» Вось ён які, Ягор Пятровіч.

Пакінуўшы Лёньку, Сцяпап Фаміч падышоў да машыны, падставіў цеслярам шырокае моцнае плячо і гукнуў:

— Ану кладзі!

Цесляры падалі яму некалькі дошак, Сцяпап Фаміч пасунуў іх на плячы туды-назад, знайшоў раўнавагу і ўпэўнена пакрочыў з узгорка да паромных масткоў.

Нейкі момант Лёнька ў нерашучасці паглядаў яму ўслед,— так не вялося, каб шафёр удзельнічаў у якой бы там ні было пагрузцы або разгрузцы, у яго былі свае абавязкі і клопат: машына. Але сёння... Лёнька рашуча схапіў на плячо драўляны стаяк для трымання парэнчаў і хутка, ледзь не подбегам, пайшоў следам за Сцяпанам Фамічом. Тым часам асенні змрок паволі апусціўся на зямлю, зрабілася золка, няўтульна. З-за ракі падзьмуў ветрык, не моцны, але халодны, пранізлівы, і роўнядзь вады пакрылася дробнымі хвалямі.

Разгрузку машыны скончылі ўжо пры святле ліхтароў. Амаль адначасова да берага прычаліў паром.

Даніла Іванавіч — прысадзісты, шыракаплечы, з вялікай, акуратна расчасанай на дзве палавіны барадой, у саламяным брылі — сапраўды быў нямала здзіўлены прыезду калгасных цесляроў.

— Добры вечар, людзі! — моцным, крыху застуджаным басам прагудзеў ён.— Чаго гэтак позна, каб на вас шызы качур? Няўжо на маю заяву такая тэрміновая рэагіроўка?..

— А ты што ж думаў? Напалохаліся, каб не патануў ты тут са сваім дрэдноутам,— пажартаваў Пятро Тугай, той малады цясляр у высокіх гумавых ботах.

Даведаўшыся, у чым была сапраўдная прычына нечаканага прыезду цесляроў, Даніла на момант задумаўся.

— Ох, Сцяпан Фаміч,— заклапочана прамовіў ён.— Ды ці ж вам управіцца да раніцы? Тут жа на добрых тры дні работы.

— А ты паглядзі на нас, Даніла Іванавіч,— весела азваўся брыгадзір,— што за хлопцы — гвардыя!.. Вядзі, паказвай, што ў цябе там?

Узяўшы ў рукі ліхтары, Сцяпан Фаміч і стары Даніла па мастках узышлі на паром, пачалі ўважліва аглядаць яго з усіх бакоў, спачатку зверху, а затым палезлі пад насціл, у дубы.

Сышоўшы неўзабаве на бераг, Сцяпан Фаміч нахмурыўся.

— Тут і сапраўды работы ліха ведае колькі! Увесь насціл збіты, прагніў, цяжкага грузу не вытрымае, новы класці трэба. Стаякі, парэнчы таксама патрабуюць замены, ды і дубы дзе-нідзе прагнілі.— Сцяпан Фаміч павярнуўся да паромшчыка: — Дзе твая Марылька, няхай бы нам чай згатавала, відаць, ночка ў нас гарачая будзе...

— Няма Марылькі, раніцой у вёску за прадуктамі на зарачанскай машыне паехала... Ды за чаем справа не стане, сам нагрэю...

Сцяпан Фаміч павярнуўся да цесляроў:

— Ну, то за справу...

Ужо на хаду, ідучы да штабеля дошак і прылад, складзеных на беразе, Сцяпан Фаміч успомніў пра Лёньку:

— А ты, браток, што ж, гані дахаты... Перадай Ягору Пятровічу, каб не хваляваўся,— скончым у тэрмін!

Але Лёнька чамусьці не паварушыўся і не азваўся на словы брыгадзіра. Ён стаяў і моўчкі глядзеў сабе пад ногі.

Сцяпан Фаміч у здзіўленні вярнуўся, падышоў да яго.

— Ты што... чаго стаіш? Можа, маеш нешта сказаць?

— Дзядзька Сцяпан,— усхвалявана памкнуўся да брыгадзіра Лёнька,— дазвольце, я застануся з вамі... Цяпер жа ноч, машына ў калгасе ўсё роўна не трэба. А я рабіць буду, што загадаеце! Дазвольце, а, дзядзька Сцяпан...

Сцяпан Фаміч уважліва паглядзеў на Лёньку, з удзячнасцю паклаў яму руку на плячо.

— Заставайся... Работы тут столькі, што нам, мусіць, і сарочкі паскідаць прыйдзецца.

— Пайшлі,— узрадавана выгукнуў Лёнька, і яны хутка пакрочылі да парома.

Ад Журавіч да пераправы было ўсяго якіх пяць-шэсць кіламетраў, але не кожная дзяўчына асмелілася б выправіцца туды супроць ночы цёмным асеннім вечарам. Дарога да ракі амаль увесь час ішла лесам, а як толькі выйдзеш за сяло, па правы бок ад шляху ляжалі могілкі, і міма іх трэба было прайсці. Але для Марылькі ўсё гэта было хоць бы што... Затрымалася яна ў сяле, дапамагала маці бульбу выбіраць. Маці не пускала яе, раіла пераначаваць дома, а ўжо заўтра раненька забраць свой кошык з прадуктамі і бегчы.

Але Марылька на матчыны словы нават пакрыўдзілася:

— А бацька што ж, па-вашаму, галодны начаваць будзе?

І пабегла. Маці ажно пазайздросціла ў думках: вось ужо бацькава дачушка, вось непакоіцца пра таго старога ваўкалака. Не здагадвалася яна, што не толькі пра бацьку думала Марылька, а быў у яе яшчэ і іншы, свой дзявочы клопат. Ужо на змярканні, калі яна вярталася з поля, суседскі хлапчук, дванаццацігадовы Дзімка, вялікі аматар пакатацца на машынах і лепшы сябра ўсіх шафёраў, перадаў ёй пісьмо ад таго, ад чарнявага цыгана...

Ох, ужо гэты Лёнька! Такі дзівак. Сустрэўшыся, ніколі не скажа пра тое, аб чым смела напіша ў пісьме. Калі яны бывалі разам, Лёнька звычайна цікава расказваў ёй пра ўсё — пра сваіх сяброў, пра новыя машыны, успамінаў школьныя гады, настаўнікаў. А нядаўна з захапленнем расказваў, якім у недалёкім будучым стане іх Палессе, край адвечных балот і пяскоў. Гаварыў ён заўсёды цікава, часам сур’ёзна, а часам так, што Марылька рагатала да слёз. Але аб тым, аб галоўным,— ні слова. Затое ў пісьмах!..

На гэты раз пісьмо было таўсцейшае, чым звычайна, напэўна, добрых старонак пяць, не менш. Відаць, там было нешта важнае і цікавае. Але дома Марылька не змагла яго прачытаць, саромелася маці, а на дварэ было ўжо цёмна. І яна вырашыла: трэба ўзяць сябе ў рукі, пацярпець. Дабяжыць да доміка на пераправе, а ўжо там, на адзіноце, ёй ніхто не перашкодзіць,— прачытае радок за радком.

Марылька хутка ішла па цёмнай лясной дарозе. Час ад часу яна вымала з кішэнькі пісьмо... І што там гэтак многа Лёнька напісаў? Як пачнеш думаць ды гадаць, ажно сэрца замірае. І чаму яна не здагадалася ўзяць з сабой ліхтарык — магла б па дарозе прачытаць. Але нічога, як толькі Марылька прыйдзе на пераправу, яна дасць бацьку павячэраць, а сама забярэцца ў куточак і прачытае пісьмо. Няхай бацька і падсміхваецца з яе, няхай што хоча гаворыць... Семнаццаць год, шчаслівая пара маладосці! У такія гады ў каго не забілася б сэрца ад нецярплівасці хутчэй даведацца, што піша каханы?..

Неўзабаве скончыўся лес, і Марылька выйшла на поле. Адсюль да пераправы было ўжо рукой падаць: толькі мінуць адну невялікую лагчынку — і на ўзгорку заблішчыць агнём акенца іхняга доміка.

Але, мінуўшы лагчынку, Марылька спынілася ў здзіўленні. На пераправе рабілася нешта незвычайнае. На беразе, ля паромных масткоў, гарэў вялікі яркі агонь, вакол былі відаць постаці людзей. На парэнчах парома, рассяваючы вакол цьмянае святло, віселі ліхтары. Нейкі грузавік стаяў на ўзгорку. Да слыху Марылькі данёсся дружны стук сякер, шоргат фуганкаў, візгат пілы. Пільна прыгледзеўшыся, яна ўбачыла, што ўсе людзі былі заняты працай. Адны габлявалі дошкі, другія жалезнымі ламамі ўзрывалі прагнілы насціл на пароме. Нехта стаяў каля дуба па пояс у вадзе і арудаваў сякерай. Марылька здагадалася, што гэта цесляры з сяла рамантавалі паром.

Нават не зазірнуўшы ў домік, Марылька з кошыкам у руках збегла ўніз, да ракі. Ну так, тут усе былі знаёмыя людзі, цесляры з «Перамогі». Вось, асядлаўшы верхам горку складзеных адна на адну дошак, габлююць вялікім двурушным фуганкам на пару іх журавіцкі сусед дзядзька Антон і канцавы Мікіта Базылёнак. Абодва працуюць без шапак, з расхлістанымі каўнярамі, іх разгарачаныя твары ўзмакрэлі і пабліскваюць. Побач, раз-пораз узмахваючы сякерай, абчэсвае дошкі брат Марыльчынай сяброўкі Волечкі, Піліп Багуцкі, а каля яго са шнуром і драчкай у руках завіхаецца бацька. Пазнала Марылька і Пятра Тугая, які працаваў каля дуба. А хто там, на пароме?..

Марылька ўздрыгнула, спынілася, твар яе пыхнуў чырванню... Падважваючы ламамі і са скрыгатам узрываючы дашчаны насціл, на пароме заўзята працавалі Лёнька і Сцяпан Фаміч. Лёнька быў у адной сарочцы, з закасанымі па локаць рукавамі. Пасма мокрых валасоў выбілася ў яго з-пад кепкі, хударлявы загарэлы твар выглядаў сур’ёзна, строга... Усхваляваная Марылька міжвольна нейкі час не магла адарваць вачэй ад Лёнькі,— які ён, аднак, прыгожы, які моцны! Цяжкі лом так і ходзіць у яго руках, як лёгкая трасцінка. Ён быццам і не чуе сібернага паўночнага ветру, не адчувае холаду. А ноч жа такая сцюдзёная, вецер на рацэ разгуляўся не на жарт. Чорныя, высокія хвалі з белымі грабеньчыкамі пены з шумам плёскаюць аб паром. Любы Лёнька...

Марылька ўспомніла пра пісьмо, дарагое пісьмо ад яго, ад чубатага цыгана, пакратала яго рукою ў кішэні. Не, перш чым яго чытаць, яна павінна даведацца, для якой справы так тэрмінова, уночы, рамантуюць паром? Напэўна, прычына вельмі-вельмі важная, калі так, не зважаючы на холад, на ноч, завіхаюцца цесляры, калі працуюць нават бацька і Лёнька...

Марылька кінулася да бацькі. Але стары Даніла працаваў так заўзята, што заўважыў дачку, толькі калі яна кранула яго за руку.

— Дачушка,— і радасна, і здзіўлена азваўся ён, выпростваючыся і выціраючы з ілба пот.— Не пабаялася, прыбегла... Вось добра!

— Я, тата, вам есці прынесла...

— Дзе ўжо тут есці, тут такая справа, што...— Дапіла махнуў рукою.— Раніцою новыя машыны на Зарэчча павінны прайсці. Дык трэба каб без затрымкі, разумееш? Вось лепш бяры ў рукі ломік, дапамагай...

Марылька крутнулася, паставіла каля агню кошык. Значыць, вось у чым была справа, вось чаму цесляры працавалі з такім запалам! Яна не памылілася ў сваіх здагадках, прычына была вельмі важная. Ішлі машыны для асушкі палескіх балот, пра якую так многа расказваў ёй Лёнька. Шчыра кажучы, тое, што ён гаварыў, яна ўспрымала, як цікавую казку, ёй здавалася, што ўсё гэта будзе адбывацца не ў іх, а недзе далёка, і будзе няхутка, можа, праз некалькі год. Ды яна і наогул не зусім верыла яму, таму што гаварыў ён пра незвычайнае, гераічнае, усё роўна як пра вялікія дзяржаўныя будоўлі, аб якіх Марылька заўсёды чытала з захапленнем і тайнай зайздрасцю. Лёнька сцвярджаў, што на Палессі будуць асушаны ўсе незлічоныя балацяныя масівы, выраўнаваны і паглыблены рэкі, пракладзены суднаходныя каналы, будуць пабудаваны вялізныя вадасховішчы, магутныя электрастанцыі, якія асветляць самыя далёкія куточкі Палесся. На былой адвечнай дрыгве зашуміць пшаніца, а на пясках заквітнеюць сады...

І раптам усё выходзіць так, што ўжо сёння і не дзе-небудзь далёка, а ў іх, у Зарэччы, пачалася падрыхтоўка да здзяйснення тых вялікіх, прыгожых, як самая прыгожая казка, спраў.

Азірнуўшыся, Марылька ўбачыла на зямлі, паміж дошак, лом, падняла яго. Няхай пісьмо паляжыць у яе кішэньцы да раніцы, чубаты цыган не пакрыўдзіцца на яе. Яна ўзбегла па мастках на паром. Пачуццё нейкай незвычайнай прыўзнятасці, радасці ахапіла Марыльку.

— Дзядзька Сцяпан,— перакрыкваючы шум ветру, звонка выгукнула яна,— прымайце ў памочнікі!

— Марылька? — здзівіўся нечаканаму з’яўленню дзяўчыны Сцяпан Фаміч.— Ану, станавіся сюды, падважвай гэты апалубак...

 

Пад поўнач Пятро Тугай закончыў рамонт дубоў, заліў смалою залапленыя месцы і вылез на паром. Тут пачыналі ўжо класці новы насціл, ставіць стаякі пад парэнчы. Больш чатырох гадзін давялося Пятру працаваць па пояс у ледзяной вадзе. Ён быў увесь мокры, не ўратавалі яго ад вады высокія гумавыя боты. Глянуўшы на яго, Сцяпан Фаміч загадаў яму зараз жа ісці да агню, абсушыцца. Пятро паслухаў брыгадзіра і пайшоў, але ўжо праз некалькі хвілін вярнуўся і зноў узяўся за сякеру.

— Няхай астатняе ветрык падсушыць,— пажартаваў ён, прагна зацягваючыся папяросным дымам.

Сцяпан Фаміч змоўчаў, але ў думках пагадзіўся з Пятром: у час, калі ўлічвалася кожная хвіліна, было не да абсушкі. Толькі Марылька, якая ўвесь час працавала побач з Сцяпанам Фамічом, не ўцярпела, збегала ў домік і, захапіўшы кароткі, пахватны кажушок, накінула яго на плечы Пятру.

...А з Лёнькам яна так за ўсю ноч і не перакінулася ні словам, хаця часта даводзілася працаваць зусім блізка каля яго, плячо да пляча. Зрэдку, выбраўшы момант, Марылька паглядвала на Лёньку. Адзін раз, калі яны стаялі побач, разам падважвалі дошку, яна не стрымалася, напаўголасу аклікнула яго: «Лёнька!..» Але ён ці не пачуў за шумам ветру, ці зрабіў выгляд, што не пачуў. Налёг на ломік з такою сілай, што дошка аж сагнулася, затрашчала...

Між тым працаваць станавілася ўсё больш нялёгка. Чорныя хвалі раз-пораз з сілай білі ў барты дубоў, і паром увесь дрыжаў і калыхаўся. Прывязаныя да стаякоў ліхтары не маглі перасіліць чарнільную цемень асенняй ночы і асвятлялі паром кволым няясным святлом. Напяты дрот, што спускаўся з парома ў ваду, увесь гудзеў пад ветрам, то глуха, як басовая струна, то звонка, з пранізлівым свістам. За шумам ветру і хваль амаль не было чуваць ні стуку сякер, ні звону піл.

Але цесляры як бы і не заўважалі таго, што тварылася вакол, а моўчкі, хутка і дружна рабілі кожны сваю справу — падганялі дошку за дошкай, кладучы падлогу парома, мацавалі жалезнымі кранштэйнамі стаякі, устанаўлівалі парэнчы...

Раніцой, калі на ўсходзе пачало ўжо займацца шэрае асенняе світанне, на пераправе раптам заўважылі, што да шуму ветру быццам бы далучыўся нейкі няясны гул. Марылька першая пачула той роўны, аднастайны гул, зусім новы, не падобны на шум ветру, і, спыніўшыся, насцярожана прыслухалася. Гул ішоў ад Журавіч, відаць, ад чыгуначнай станцыі. Глянуўшы на Марыльку, Сцяпан Фаміч таксама насцярожыўся. Потым адзін за другім пачалі прыслухоўвацца і ўсе, хто быў на пароме.

— Ідуць машыны,— ціха сказаў Сцяпан Фаміч і, азірнуўшыся на цесляроў, усміхнуўся. Гэта была ўсмешка стомленага, але шчаслівага чалавека, які сумленна выканаў даручаную яму важную справу: паром быў поўнасцю адрамантаваны, падмецены і прыбраны, і нават узʼяздныя паромныя масткі былі пакладзены новыя, з моцных дубовых плах.

— Ідуць! — усхвалявана паўтарыў Сцяпан Фаміч.— Эх, хлопцы, абняць бы мые вас усіх ды расцалаваць!..

Тым часам гул чуўся ўсё з большай выразнасцю, і здавалася, што нават вецер пацішаў перад яго роўнай, магутнай сілай.

— Родныя мае,— выступіў раптам наперад стары Даніла,— прыхавана ж у мяне недзе тое-сёе ад застуды... Марылька, запрашай людзей у хату. Будзем, як кажуць, у цеснаце, ды не ў крыўдзе...

Запрасіўшы ўслед за бацькам мужчын зайсці пагрэцца, Марылька апярэдзіла ўсіх і пабегла ў домік. Цесляры не адмаўляліся, адзін за адным пайшлі за гаспадаром.

І толькі Лёнька, стомлены, хмурны, не пайшоў разам з усімі. Нібы нечым узлаваны, ён падышоў да сваёй паўтаратонкі, рэзка адкінуў капот і, нырнуўшы да матора з галавою, пачаў там нешта бразгаць гайкамі і ключамі. Ён і не заўважыў, як з доміка, наспех накінуўшы на плечы паліто, выскачыла Марылька.

— Лёнька,— пацягнула яна яго за рукаў,— Лёнька, чаму ты не ідзеш у хату, там усе чакаюць цябе.

— А ты куды? — заўважыўшы, што Марылька пачала апранаць паліто і зашпільвацца, спытаў Лёнька.

— А я...— Марылька выняла з кішэнькі пісьмо.— Даруй, Лёнька, я яго яшчэ не паспела прачытаць. Вось адыдуся...

Твар Лёнькі асвятліўся цеплынёй, радасцю, ён узяў Марыльку за руку.

— Не трэба, Марылька,— ласкава сказаў ён,— не трэба чытаць... Любая мая, я сам табе ўсё раскажу, Марылька...

Але, не даслухаўшы Лёньку, яна раптам хапіла яго за руку, павярнулася к дарозе.

Мінуўшы лагчынку, да доміка з грукатам і лязгам памалу набліжалася калона машын. Гусенічныя трактары цягнулі на прычэпе вялізныя, падобныя на гіганцкія жалезныя плугі, канавакапальнікі, кустарэзы, балотныя плугі, чыгунныя каткі...

Марылька, а за ёю Лёнька кінуліся бегчы к дарозе, насустрач калоне.

Ад магутнага поступу машын уздрыгвала над нагамі зямля.

 

2. Крыгаход

У самым пачатку красавіка позна ўвечары ў маёй кватэры раптам зазваніў тэлефон. Па тым, як настойліва і працягла ён званіў, я здагадаўся, што гэта быў выклік міжгародняй, і, не марудзячы, зняў трубку.

— Алё, стары! — пачуў я да непазнавальнасці зменены адлегласцю голас свайго добрага прыяцеля Андрэя Пятрэнкі з далёкага Палесся. Я пазнаў яго па яго ўлюбёным звароце «стары», які ён жартам ужываў, звяртаючыся да ўсіх людзей, што мелі не больш сарака пяці год; старэйшых ён так не называў, каб не пакрыўдзіць.— Памятаеш, аб чым ты прасіў мяне зімою?.. Памятаеш? Ну, то зараз жа збірайся і каці да мяне. Злезеш з цягніка, і адразу паедзем на пост да Кузьмы Нупрэевіча. Прыпяць ужо ледзь трымаецца. Не сёння-заўтра прагрыміць на поўны ход...

Жывучы ў вялікім і шумным горадзе, за сумятнёй штодзённых спраў і клапот, бывае, і не заўважыш, як надыходзіць вясна. Ну, прыкмячаеш, як даўжэюць дні, як усё вышэй уздымаецца сонца, мімаходам бачыш, як растае на вуліцах лёд, наклёўваюцца пупышкі на дрэвах у парках і скверах. Зусім не тое на ўлонні прыроды — у полі, у лесе, на рэчцы, дзе ты, здаецца, усёй істотай адчуваеш жывое дыханне вясны, дзе пра яе надыход табе гаворыць усё, што ты бачыш і чуеш вакол.

Некалькі год засаб я збіраўся з’ездзіць вясною на Прыпяць, у асалоду палюбавацца самым хвалюючым відовішчам вясны — крыгаходам. Але кожную вясну ці то якія-небудзь неадкладныя справы, ці якія іншыя акалічнасці перашкаджалі мне здзейсніць такую паездку. І вось неяк зімою я папрасіў прыяцеля, каб ён сёлета пазваніў мне, калі на Прыпяці пачнецца крыгаход. На гэты раз я намерыўся абавязкова з’ездзіць да Пятрэнкі.

Шчыра кажучы, акрамя жадання паглядзець крыгаход была ў мяне на мэце і другая, можа, не такая рамантычная, але для мяне вельмі цікавая задача. Але пакуль што я пра яе маўчаў, спадзяваўся, што там, на месцы, калі прыеду, здолею неяк дамовіцца з Пятрэнкам і здзейсню яе.

Як гэта заўжды бывае, званок Пятрэнкі, хоць я ўжо і чакаў яго, застаў мяне знянацку. Адразу ўспомнілася з дзесятак і дробных і важных, але аднолькава неадкладных спраў, якія мне трэба зрабіць абавязкова заўтра. А поезд адыходзіў гадзіны праз тры, уночы. З практыкі я ведаў, што варта было застацца на дзень, каб разлічыцца з тымі дробнымі і важнымі справамі, як, ліха ведае адкуль, узнікне з дзесятак іншых, новых спраў, якія гэтак жа ўчэпіста будуць трымаць цябе на месцы. І таму я парашыў ехаць не адкладваючы, адразу ж, сёння.

І — дзіўная рэч! — ледзь толькі я прыняў рашэнне, як са здзіўленнем адчуў, што справы, якія нядаўна здаваліся мне абавязковымі, аказаліся зусім не такімі ўжо важнымі і неадкладнымі, і ўсе яны без вялікай бяды маглі пачакаць.

Уночы я сеў у вагон, а праз якіх дванаццаць гадзін, перасеўшы ў Жлобіне з хуткага на мясцовы рабочы поезд, прыехаў на месца.

Сябра сустрэў мяне на вакзале нейкі нездаволены.

— Не шанцуе, ліха на яго!.. Нездарма кажуць, чалавек мяркуе, а бог не чуе. Карацей, стары, да Кузьмы Нупрэевіча з табой паехаць не змагу — справы. Трэба зараз жа выязджаць у калгас. Старшыня райвыканкома, разумееш, гэта табе не «вольны казак» — пісьменнік, ён не можа распараджацца сваім часам, як яму хочацца. Як бачыш, вясна, і ў нас цяпер свой крыгаход, такі, што аж галава кругам ідзе. Усё, што магу для цябе зрабіць, гэта сказаць вось Пятру Іванавічу, каб ён адбарабаніў цябе на гэтым «газіку» на пост да старога Кузьмы. Зразумела?..

— Зразумела,— крыху збянтэжаны такім новым паваротам справы, працягнуў я.— Але калі так, то ты хоць скажы, куды іменна ты маеш ехаць, і, па-другое, што там недзе так загарэлася, што спатрэбілася патурбаваць тваю высокую асобу?

— Ну вось, ты ўжо і пакрыўдзіўся,— дабрадушна ўсміхнуўся Пятрэнка.— Можа, за «вольнага казака»?.. Дык гэта ж, брат, толькі жарт. Ці ж ты думаеш, я не ведаю, што кожны з нас мае нейкія свае абавязкі і загружаны працай? Зноў жа, разумею я, што для вашага брата паглядзець, скажам, крыгаход — не пустая забаўка, а важная справа, што, магчыма, за гэтым крыгаходам ён здольны бачыць тыя вялізныя зрухі, якія...

— Чакай, Андрэй, не хітруй,— перарваў я яго высокую тыраду.— Ты ж добра ведаеш, што пасля таго, што ты расказаў, ні да якога Кузьмы я не паеду, а паеду з табой. Ты лепш адкажы на мае пытанні.

Пятрэнка весела і шчыра засмяяўся.

— Пазнаю газетчыка! Ведаў, чым цябе даняць! — выгукнуў ён.— Ты Сцяпана Апанасавіча памятаеш? Таго добраахвотніка, што ў Заракітным, у «Маяку», старшынёй працуе?..

Я сказаў, што памятаю, і нават вельмі добра.

— Ну то вось, дзве гадзіны таму назад ён пазваніў, што сёння ўвечары ў яго будзе нейкі важны сход, і вельмі прасіў мяне прыехаць. А што там у іх такое — не ведаю, па тэлефоне ён мне нічога не сказаў. Значыць, едзем?

— Ну, дружа,— развёў я рукамі.— Гэта проста нейкі цуд. Я ж акурат хацеў прасіць, каб ты дапамог мне дабрацца да «Маяка».

— Значыць, лічы, што табе пашанцавала,— сядаючы ў машыну, усміхнуўся Пятрэнка.

Калі мы пад’язджалі ўжо к доміку, дзе жыў Пятрэнка, я спытаў:

— Але скажы па шчырасці, Андрэй, Прыпяць, крыгаход, аб якім ты мне званіў,— гэта ўсё таксама была твая маленькая хітрасць? Ты проста хацеў выцягнуць мяне з горада?..

— Што ты? — шчыра выгукнуў Андрэй.— Прыпяць, дружа, сапраўды вось-вось прагрыміць. Ды я спадзяюся, мы яшчэ паспеем і на крыгаход...

* * *

Галоўнага агранома сельгасаддзела Сцяпана Ладуцьку, немаладога, але яшчэ моцнага на выгляд, прысадзістага чалавека з густымі чорнымі вусамі, я добра памятаў не толькі таму, што гэта быў адзін з першых энтузіястаў, які па закліку партыі паехаў за старшынёю ў самы адсталы ў раёне калгас. Пасля вядомага вераснёўскага Пленума ЦК такія паездкі ў вёску нават адказных работнікаў былі з’явай нярэдкай. Можна сказаць, што ў свой час гэта стала нават своеасаблівай модай, і трапляліся кар’ерысты, якія нават спрабавалі спекуляваць на гэтай модзе: звонячы на ўсіх скрыжаваннях аб сваім звышгарачым жаданні дапамагчы партыі і выстаўляючы сябе вялікімі патрыётамі, яны першымі падавалі заявы ў высокія органы, каб іх паслалі на працу ў калгасы, і тут жа з усіх ног кідаліся ў медкамісіі і спецпаліклінікі да дактароў за даведкамі аб дрэнным стане свайго здароўя...

Сцяпан Апанасавіч нідзе асабліва не шумеў і не выстаўляўся. Калі аднойчы на пасяджэнні бюро райкома ўстала пытанне аб замене старшыні ў заняпалым калгасе «Маяк», ён папрасіў слова і без усякай асаблівай афектацыі сказаў, што, калі б члены бюро даверылі яму, ён паехаў бы туды працаваць. І яшчэ дадаў, што добра разумее, які нялёгкі воз бярэцца везці. Прызнаўся, што ў яго нават няма цвёрдай упэўненасці, ці здолее ён павезці гэты воз, бо, як вядома, адных толькі агранамічных ведаў для добрага калгаснага кіраўніка недастаткова. Але ён абяцаў райкому працаваць шчыра, з душою, а што з таго выйдзе — будзе відаць.

Для многіх, хто не вельмі блізка ведаў Сцяпана Апанасавіча, яго заява была даволі-такі нечаканай. У «Маяку» за апошнія гады перабывала з паўдзесятка старшынь, але ніводзін з іх так і не змог зрушыць наперад справы ў гэтым калгасе. «Ану яго да д’ябла, гэты «Маяк»,— звычайна гаварылі скінутыя са сваіх пасад старшыні.— Людзі ў Заракітным несвядомыя, гультаі!..» А апошні старшыня «Маяка», нехта Дармідонт Кружальскі, закінуты туды лёсам з раённай майстэрні па рамонту прымусаў, швейных машын, замкоў і самавараў, ад’язджаючы з калгаса, сказаў так:

— Да гэтых заракітнянцаў трэба дабіраць нейкі асаблівы ключ, тады ўсё там пойдзе на лад. А я, забі мяне, не ведаю, у чым сакрэт іхняга замка!..

І ўжо каму-каму, а Ладуцьку, аграному сельгасаддзела, было добра вядома, якія цяжкасці ён сустрэне, узяўшыся выцягваць з прарыву «Маяк». Да таго ж Сцяпан Апанасавіч быў ужо чалавек пажылы, меў вялікую сям’ю,— ці ж падыходзіла яму мяняць утульнае месца ў сельгасаддзеле і ехаць на злом галавы ў гэты развалены «Маяк»?..

Але сакратар райкома, які ведаў Ладуцьку яшчэ па гадах партызанства ў часы вайны, не здзівіўся яго заяве. Была ў гэтага вусача адна зайздросная якасць: умеў ён, як вобразна казаў небарака Кружальскі, дабіраць ключы да людскіх сэрцаў, ведаў сакрэт чалавечай натуры.

Некалі ў партызанскім атрадзе Сцяпан Апанасавіч быў радавым байцом, але ў час, калі трэба было, скажам, падняць на новы бой да знямогі стомленых бяссоннымі ляснымі паходамі хлопцаў, запаліць іх нянавісцю да ворага, ніхто не ўмеў зрабіць гэтага так, як ён.

Бюро задаволіла просьбу Ладуцькі і рэкамендавала яго старшынёй у «Маяк».

Самы першы крок Сцяпана Апанасавіча ў Заракітным, можна сказаць, яго першае ўступнае слова паказала, што бюро, відаць, не памылілася ў сваёй рэкамендацыі. На перадвыбарчым сходзе, куды расчараваных і знявераных калгаснікаў «Маяка» давялося збіраць ледзь не сілком, адразу ж недзе ад парога, з далечы, якая танула ў густым махорачным дыме, пачулася іранічнае пытанне:

— А скажыце, ці надоўга вы, таварыш Ладуцька, прывезлі да нас свае чумайданы?

Сцяпан Апанасавіч устаў, спакойна перачакаў, пакуль сціхне вясёлы рогат у закопчаным ад дыму клубе, і сур’ёзна адказаў:

— Чамаданаў я яшчэ не прывёз. А калі даверыце мне і выбераце, прывязу і думаю, што надоўга.

— Дзіва што! — пачулася аднекуль з кутка.— За такія грошы, як у нас старшыні плацяць, можна і не спяшацца.

Ладуцька памаўчаў, падумаў, кашлянуў у кулак і, паглядзеўшы ў куток, сказаў:

— Што ж, адкажу і пра грошы. Не ведаю, колькі вы дагэтуль плацілі свайму старшыні. А я ў вас думаю працаваць не за грошы, а за працадні. Што вам на іх прыпадзе, тое і мне...

Смех і шум у зале імгненна сціхлі. Калгаснікі здзіўлена пераглядваліся,— ці гэта яны недачулі, ці не зразумелі свайго новага старшыню? Або, можа, Ладуцька не ведае, што яны вось ужо трэці год атрымоўваюць на працадзень нейкую дробязь? Некалі Дармідонт Кружальскі на такім жа вось сходзе перш за ўсё пачаў таргавацца і выгаворваць сабе добры аклад. На ўтрыманне старшыні калгаса даводзілася штомесячна везці на бойню цялушку або добрага падсвінка. А гэты?.. Няйначай, нейкі дзівак. А можа, ён нешта іншае мае на ўвазе?..

Тым часам Ладуцька прадаўжаў гаварыць. Яго словы ў наступіўшай цішыні былі выразна чуваць у самым далёкім куточку клуба.

— Не думайце, што я не ведаю, што ў вас прыпадае на працадзень. Добра ведаю. Але лічу, што перавагі перад вамі ў мяне не павінна быць. Разам будзем выводзіць калгас з прарыву, разам дабівацца высокага працадня!..

У зале было ціха-ціха, толькі чуваць было, як заклапочана пыхкалі самакруткамі мужчыны на пярэдніх лаўках. Нарэшце ад сцяны падняўся адзін калгаснік, у кажусе, у шапцы-вушанцы, як пазней даведаўся Ладуцька, загадчык свінафермы Піліп Чурыла.

— Усё гэта, та-ска-аць, зразумела,— скідаючы з галавы шапку, павольна сказаў ён.— Ды нешта не верыцца... Няўжо зусім, та-ска-аць, бясплатна згаджаешся рабіць?

— Кажу я праўду,— адразу ж голасна адсек Сцяпап Апанасавіч.— І я хачу, каб вы заўсёды верылі мне, таму што не будзе ладу там, дзе народ не верыць свайму старшыні... Што ж датычыць работы, то я бясплатна рабіць не збіраюся. Я не святы, і дзеці мае не анёлкі нябесныя,— кармлю я іх, як і вы сваіх, хлебам надзённым, а не духам святым. А хачу зрабіць так, каб працадзень і хлеб даў, і да хлеба... Зробім — работа наша будзе аплачана, а не зробім, то, значыць, і платы яна не варта ніякай!

Позна ўвечары заракітнянцы прагаласавалі за новага старшыню і разышліся па хатах. Але яшчэ доўга ў размаляваных марозам акенцах заснежанай вёскі свяціліся аганькі,— ніхто не клаўся спаць. Ці ж можна было ў той вечар так адразу заснуць! Бачылі яны за апошнія гады ў сваім калгасе розных старшынь, і многія з іх, заступаючы на гэтую пасаду, абяцалі ім залатыя горы. Абяцалі і назаўтра ж забываліся пра ўсе свае абяцанні... А гэты нейкі не такі, як усе. Зусім з іншага канца пачаў. І, відаць, верыць у тое, што падыме калгас, бо калі б не верыў, то ад платы не адмаўляўся б.

У добрых спадзяваннях мацней забіліся сэрцы калгаснікаў «Маяка»: а што, калі на гэты раз трапіўся ім сапраўдны, варты іх давер’я чалавек!

А новы старшыня як пачаў сваю работу дзіўным нечаканым крокам, так і працягваў працаваць неяк «не так, як усе». Назаўтра, адразу ж пасля сходу, ён падняўся ні свет ні зара і пайшоў у абход па калгасу бліжэй знаёміцца з гаспадаркай. Ідучы па заснежаным дзядзінцы ад кузні да цялятніка, Ладуцька раптам спыніўся і пачаў прыглядацца да дарогі, якая бегла полем у далёкі, ледзь бачны на даляглядзе лес. Упрэгшыся ў нагружаныя дровамі саматужкі, па дарозе памалу, відаць моцна стомленая, крочыла пажылая жанчына. Сцяпан Апанасавіч пастаяў нейкі час, прыглядаючыся, потым звярнуў на бакавую сцежку і пайшоў наперарэз жанчыне.

Барадаты, у гадах, каваль Ахрэм Каляда, які, праводзячы з кузні новага старшыню, быў выйшаў на двор, спыніўся на парозе і, пыхкаючы самакруткай, пачаў з цікавасцю назіраць за старшынёй. Тым часам Ладуцька падышоў да жанчыны, прывітаўся, спытаў, дзе яе чалавек, чаму гэта яна ўзяла на сябе такі цяжкі клопат — самасілам вазіць з лесу дровы.

— А я ўдава,— збянтэжана адказала жанчына.— Няма ў мяне чалавека, самой даводзіцца аб усім думаць.

— Ну добра,— сказаў Сцяпап Апанасавіч,— а чаму ж, калі так, ты не ўзяла ў брыгадзіра каня?

— Уга, сказалі!..— працягнула жанчына.— А хто ж мне яго дасць, таго каня? Ці ж вы нашага брыгадзіра не ведаеце? Лягчэй мне два канцы ў лес зрабіць, чым дабіцца ў яго таго каня. Няхай ён згарыць са сваімі коньмі!..

Сцяпан Апанасавіч задумаўся, апусціў галаву. Потым падышоў да жанчыны, узяў з яе рук адну пастронку.

— Ану, давай я дапамагу табе дацягнуць дахаты.

Жанчына збянтэжылася:

— Што ты, што ты, старшыня! Людзей смяшыць!.. Цягнула гэтулькі, то ўжо зацягну і ў двор...

— Памаўчы ды станавіся побач, разам пацягнем! — рашуча прамовіў Ладуцька і, напяўшы пастронак, першым пакрочыў па дарозе.

Стары Ахрэм быў так здзіўлены, убачыўшы ўсю гэтую карціну, што ад нечаканасці ледзь не апёк недакуркам пальцы. Адумаўшыся, ён раптам ускочыў у кузню і крыкнуў:

— Лёнік! Кідай усё і бягом на дарогу. Дапамажы Кацярыне саматужкі з дровамі да двара падвезці.

— А што такое, з якой гэта радасці? — здзіўлены такім імпэтам старога Ахрэма, спакойна спытаў Лёнька, малады, чырванашчокі хлопец, падручны каваля.

— Ды ты не пытайся, разбойнік, а хутчэй бяжы, калі табе гавораць! — загарачыўся Ахрэм і, вывеўшы Лёньку на парог, паказаў: — Вунь, бачыш?.. Новы старшыня ў сані ўпрогся, сарамата якая!

Лёнька бягом кінуўся на дарогу, а Ахрэм усё стаяў і ў роздуме глядзеў на Ладуцьку.

— Чалавек які, а? — збянтэжана мармытаў ён сам сабе ў бараду.— Які чалавек!..

У той жа дзень увечары, яшчэ нават не скончыўшы прыём спраў калгаса, Ладуцька сабраў першае пасяджэнне праўлення. Прамова яго на тым пасяджэнні была кароткай, ды і само пасяджэнне заняло не больш за якую гадзіну. Але ўражанне яно зрабіла на ўсіх большае, чым некалі шматгадзінныя, з лаянкамі і воблакамі дыму, сходы.

— Вось што я хацеў вам сказаць,— задуменна пазіраючы на заплямлены чарнілам і, відаць, ніколі не мыты абрус на стале, сказаў Ладуцька.— Абышоў я сёння гаспадарку, усё агледзеў... Запушчанасць усюды — на фермах, на складзе, нават у канторы,— проста глядзець брыдка. Што гэта, вы мне скажыце, за ануча на стале заслана, а?..

Усе, хто сядзеў навокал, міжвольна паглядзелі на стол,— на ім і сапраўды засланы быў як быццам не абрус, а нейкая брудная пакамечаная ануча. Нават не зарубленая па краях. Кружальскі цэлы год тут сядзеў, ні разу не заўважыў, ды і яны, праўду кажучы, не прыкмячалі.

— Мы ўсё скардзімся на нашы благія землі,— працягваў тым часам Ладуцька,— на нізкую ўраджайнасць, на тое, што людзі на работу не ходзяць, а калі і ходзяць, то працуюць, як мокрае гарыць. Усё гэта праўда, але чаму так здарылася, у чым самая вялікая наша бяда?.. Не ў дрэнных землях наша бяда! — голасна выгукнуў Сцяпан Апанасавіч і абвёў позіркам твары людзей.— Бяда ў тым, што занядбалі мы самае галоўнае — чалавека, калгасніка! Забыліся, што не людзі жывуць для калгаса, а калгас існуе для народа, для шчасця людскога. Наша дзяржава падказала нам калектыўную форму жыцця, каб мы сваёю шчырай працай кавалі сабе заможнае і культурнае жыццё. Як жа ў нас паварочваецца язык папракаць і вінаваціць нашых людзей, што яны неахвотна працуюць, калі вось ужо трэці год у «Маяку» на працадзень прыпадае такая дробязь? Заракітнянцы гультаі?.. Няпраўда гэта! Чалавек сам сабе ніколі не вораг. У нашых суседзяў, у «Чырвонай Звяздзе», на работу загадваць не трэба, там людзі самі рвуцца на работу. А чаму?..

Збоку на крэсле варухнуўся Піліп Чурыла.

— Чаго тут пытаць? Тут, та-ска-аць, і дурню ясна чаму.

— Вось то ж ба і то, што ясна!..— падхапіў разгарачоны Ладуцька.— Таму што ўвосень там да кожнага калгаснага двара на параконных фурманках хлеб падвозяць, а ў дадатак па дзесяць рублёў на працадзень налічваюць. Людзі працуюць з ахвотай, не дзіва, што ў іх і гаспадарка, як у вяночку.

Сцяпан Апанасавіч апусціў галаву, нервова пабарабаніў пальцамі па стале.

— А ў нас як выходзіць? Людзям нічога не даюць — яны рабіць не хочуць, а рабіць не робяць, дык скуль жа чаго ўзяць, каб на працадні выдаць? Зачараванае кола выходзіць, і найпершае, што нам трэба зрабіць,— разбіць гэтае кола!

— Добра ты, Сцяпан Апанасавіч, кажаш — разбіць,— азваўся адзін з брыгадзіраў, Кузьма Прахацкі, нахмураны і як бы ўвесь час нездаволены нечым чалавек.— А як разбіць, вось гэта ты нам скажы.

— А вось слухай,— павярнуўся да брыгадзіра Ладуцька.— Першае слова акурат да цябе і будзе. Удава Кацярына, маці чацвярых дзяцей, з тваёй брыгады, здаецца, калгасніца?.. Дык растлумач жа ты нам, мілы чалавек, як магло такое здарыцца, што гэтая пажылая жанчына і добрая калгасніца, як нейкая сірата абяздоленая, на сабе з лесу дровы возіць, а? І гэта не пры памешчыках і кулаках, не за царом Мікалаем, а пры савецкай уладзе, у калгасе?.. Цябе ж народ за брыгадзіра выбраў, даверыў табе месца старэйшага ў дружнай калгаснай сям’і. А як ты апраўдваеш гэтае давер’е, як аб людзях клапоцішся?..— Сцяпан Апанасавіч памаўчаў, падумаў, акінуў позіркам праўленцаў.— Вось што я вам скажу, таварышы. Пачынаць мы будзем з таго, што да людзей тварам павернемся...

Нялёгка прыйшлося Сцяпану Апанасавічу ў першыя месяцы работы. Уся бяда была ў тым, што ў «Маяку» літаральна не было за што рукі закласці. Агледзеўшы землі калгаса, усю гаспадарку, Ладуцька намеціў сабе для пачатку гэтакі, як бы сказаць, прыцэл, куды рухацца, да якой галоўнай мэты весці калгас. Такой галоўнай мэтай для «Маяка» было крутое, па меншай меры ўдвая, павышэнне ўраджайнасці палёў, прадуктыўнасці фермаў. Але як было гэта зрабіць? Каб павысіць даходнасць фермаў, трэба было мець у дастатку кармоў, мець добрыя памяшканні для жывёлы. А ў «Маяку» кармоў было акурат столькі, каб каровы да вясны не паздыхалі з голаду. А палі?.. Ім трэба было даць добры догляд, вывезці на іх сотні тон гною, тоны мінеральных угнаенняў. А за якія сродкі купіць гэтае мінеральнае ўгнаенне, калі на рахунку калгаса была, як горка смяяліся заракітнянцы, круглая дуля?..

Зноў-такі ні аб якім зруху нельга было і думаць, не ўзяўшы ў калгасе дысцыпліну працы. А для гэтага трэба было зараз жа, без усякіх пустых слоў і абяцанак, неяк заахвоціць калгаснікаў. А як?.. Многія калгасы ўвялі новую аплату працы — штомесячнае авансаванне калгаснікаў па працаднях. Але ў «Маяку» нельга было гэта зрабіць. Чым жа авансаваць, калі не было ні грошай, ні збожжа, ні даходаў з ферм?

На людзях Сцяпан Апанасавіч заўсёды трымаўся спакойна, упэўнена, стараўся не гарачыцца, не панікаваць. Але ўночы, калі заставаўся сам-насам са сваімі невясёлымі думкамі, у яго здараліся хвіліны сумнення і няўпэўненасці. Сцяпан Апанасавіч сярод ночы ўставаў, запальваў святло і хадзіў, хадзіў у цяжкім роздуме па хаце... Не, відаць, не па сіле быў яму гэты воз, не адолець яму высокую гару ўстаўшых перад ім перашкод... Не адолець? Але ж і адступаць не было як, сорам было перад людзьмі, а яшчэ больш — перад уласным сумленнем.

Неяк Пятрэнка, старшыня райвыканкома, з якім Сцяпан Апанасавіч часта раіўся, расказваў свае планы, спадзяванні і сумненні, падказаў Ладуцьку цікавую думку. А што, калі б Ладуцька для пачатку паспрабаваў узяць у дзяржавы грашовую пазыку? З грашыма, калі скарыстаць іх з розумам, па-гаспадарску, можна шмат чаго зрабіць.

Ладуцька горача ўхапіўся за гэтую думку. Гэта была рызыка, але ж разумная рызыка з добрым гаспадарчым разлікам — добрая справа. Грошы ёсць грошы, і калі іх выкарыстаць разумна, яны абавязкова павінны прынесці прыбытак. І Ладуцька пайшоў на рызыку. Пайшоў, хоць яму давялося вытрымаць немалую барацьбу. Не хацелі заракітнянцы лезці ў доўг. «Расплывуцца грошыкі, як заечае сала, а тады што рабіць? З малатка ўсю гаспадарку пускаць?.. »

Але Сцяпан Апанасавіч настаяў на сваім, і калгас узяў у банку адразу буйную пазыку — сто тысяч рублёў. Малаверы не сунімаліся: «Ну,— казалі яны,— тыя старшыні былі разумнікі, а гэты вусач за ўсіх мудрэйшы,— пусціць нас па свеце з торбай!» Але Ладуцька не крыўдзіўся. Ён разумеў, што ішлі гэтыя абразы не ад асабістай непрыязні да яго, а таму, што людзі зняверыліся, баяліся за лёс калгаса.

«Вялікі паварот» у калгасе, як пазней, успамінаючы тыя не так далёкія дні, гаварылі заракітнянцы, пачаўся з малога — на пазычаныя грошы былі закуплены кармы для кароў і свіней, і адразу ж на свінаферме паставілі на адкорм дзесяткі два лепшых падсвінкаў. Гэта быў першы гаспадарчы крок новага праўлення. Разлік быў просты: лепш даглядаць кароў, дабіцца большых надояў і пачаць у горадзе продаж малака, а свіней — адкарміць і таксама пусціць на продаж. У дадатак да тых кармоў, што закупілі, Сцяпан Апанасавіч зрабіў і другое — кінуўся на машыне туды-сюды і неўзабаве дамовіўся з спіртзаводам, што будзе забіраць у іх барду для адкорму свіней, а за гэта ўвосень разлічыцца з імі бульбай.

Два гады на беразе калгаснай сажалкі стаяў без руху сапсаваны паравічок, усё збіраліся заракітнянцы і ніяк не маглі — не было за што! — адрамантаваць машыну. Замяло снегам замкнутыя дзверы доміка, дзе стаяў паравік, паржавелі завалы. Ладуцька сабраў праўленне, параіўся, прыкінуў, што можа даць калгасу невялікі млын, крупарушка і пілацыркулярка, якую некалі прыводзіў у рух гэты паравічок, і парашыў ажывіць машыну. У горадзе быў наняты механік, і праз якіх тыдні два над сажалкай запыхкаў парай ажыўлены паравічок, завішчала цыркулярка.

Набліжалася вясна, і Сцяпан Апанасавіч нанава абмеркаваў з праўленцамі план веснавых пасеваў. Быў гэты план складзены цяпер з адным разлікам — як лепш і з большым прыбыткам выкарыстаць землі калгаса, як павысіць ураджайнасць? На палеткі па саннай дарозе пацягнуліся абозы з гноем. З грашыма і патрэбнымі паперкамі на Украіну, у далёкую Вінніцкую вобласць, былі камандзіраваны два пасланцы за насеннем нейкай асаблівай высокаўраджайнай кукурузы.

Мінуў кароткі час, і заракітнянцы са здзіўленнем адчулі, як уся іх вялікая гаспадарка пачала памалу ажываць. Здаецца, нідзе яшчэ і не было ніякіх асаблівых вынікаў, і ўсё ж адчувалася, што недзе нешта скранулася з месца, і гэтае адчуванне руху, адчуванне нейкага ажыўлення перадалося ўсім.

Сцяпан Апанасавіч уставаў штодня ў шэсць гадзін раніцы, выпіваў шклянку халоднага малака, падрыхтаваную яшчэ звечара, і ішоў у кантору. Па прыкладу старшыні туды к гэтаму часу падыходзілі брыгадзіры. Абмеркаваўшы і ўдакладніўшы з імі план работы на дзень, Сцяпан Апанасавіч ішоў у свой штодзённы абход па калгасу — абыходзіў палі, фермы, наведваў будаўнічую брыгаду. Дзе дасць параду, як лепш рабіць, дзе папракне за нядбайнасць, дзе падахвоціць вясёлым словам. Старшыню можна было бачыць сярод людзей на світанні, удзень і да позняй ночы, і ніхто не ведаў, калі Сцяпан Апанасавіч адпачываў.

А неўзабаве ў «Маяку» адбыліся і больш прыкметныя навіны. Адкарміўшы і прадаўшы свіней, калгас разжыўся на грошы. І вось Сцяпан Апанасавіч прапанаваў праўленню частку іх адкласці на гаспадарчыя патрэбы калгаса, а частку адразу ж раздаць калгаснікам у аванс на працадні. Можна сабе ўявіць, як пасля гэтага акрыялі духам заракітнянцы! А гэта ж быў яшчэ толькі пачатак...

...На вялікі жаль, на гэтым, бадай, і канчалася ўсё, што я ведаў пра Сцяпана Ладуцьку і пра «Маяк». Праўда, пазней час ад часу да мяне рознымі выпадковымі шляхамі даходзілі некаторыя весткі пра гэты калгас. Так, аднойчы, прыблізна праз паўгода, мне сёе-тое расказваў пра Ладуцьку Пятрэнка, які быў прыехаў у Мінск на нейкую нараду. Крыху пазней я натрапіў на невялікую заметку пра «Маяк» у абласной газеце.

З усіх гэтых выпадковых крыніц я ведаў, што справы ў «Маяку» паляпшаліся, але рост гаспадаркі адбываўся няроўна, з цяжкасцямі. Не раз здаралася, што, прыпёрты да сцяны складанымі акалічнасцямі, Ладуцька вымушаны быў адступаць, атрымліваў паражэнне. Але, як сапраўдны стратэг, ён тут жа вынаходзіў які-небудзь абходны манеўр і зноў пачынаў наступленне. У газеце ўжо нават проста пісалася, што за апошні год «Маяк» пачаў выходзіць у рады лепшых гаспадарак раёна, і калі калгаснікі здолеюць замацаваць свае першыя поспехі, ёсць падставы спадзявацца, што ў наступным годзе «Маяк» зможа дагнаць свайго суседа-мільянера «Чырвоную Звязду».

Натуральна, што пасля таго, што мне было вядома пра Ладуцьку, я зараз ехаў у «Маяк» з вялікай цікавасцю: як цяпер жылі заракітнянцы, што новага ў калгасе? Якія маглі ўзнікнуць там такія важныя пытанні, што Сцяпан Апанасавіч палічыў патрэбным запрасіць на сход старшыню райвыканкома? Была б гэта якая дробязь, Ладуцька, напэўна, не турбаваў бы яго...

* * *

Быў красавік, і вясна ішла ў сваю апошнюю пераможную атаку. Цёплы вецер смела і весела шугаў над палямі, разносячы вакол пахі ажываючай зямлі. Усюды па дарогах, па разорах палеткаў тысячы ручаінак і ручаёў вызвоньвалі вясёлую песню вясны, змываючы на сваім шляху апошнія лапікі снегу.

Але нам было не да весялосці. Дарога ў Заракітнае ператварылася для нас у сур’ёзнае выпрабаванне. Раз-пораз трапляючы ў непралазнае месіва гразі, наш шматпакутны «газік» вурчаў, як злоўлены ў пастку разлютаваны звер. Часамі ён да знямогі, на ўсе свае сорак конскіх сіл тузаўся па гразі, не ў сілах скрануцца з месца, і мы вымушаны былі адступаць, даваць круга, аб’язджаючы расквашаныя кавалкі дарогі. Бездараж была такой, што ў Заракітнае мы прыехалі са спазненнем гадзіны на тры. Калі пад’язджалі да сяла, было ўжо цёмна і хаты здалёк свяціліся агеньчыкамі вокнаў.

Неўзабаве мы пад’ехалі да клуба. Сход ужо ішоў, і мы, не марудзячы, накіраваліся ў клуб. Зайшоўшы ў залу, Пятрэнка асцярожна пачаў прабірацца паміж людзей да стала прэзідыума. У зале было поўна людзей, і сіні папяросны дым плаваў пад столлю густою чаднаю хмарай. Клуб, як і ўсё сяло, асвятляўся электрычнасцю,— нядаўна заракітнянцы падключыліся да дзяржаўнай кальцавой высакавольтнай лініі. Гэта была ўжо навіна для калгаса.

На сцэне, якая крыху ўзвышалася, за сталом, пасярэдзіне, сядзеў Ладуцька, а з бакоў — знаёмы мне дырэктар мясцовай школы Алесь Шарай, што працаваў у «Маяку» сакратаром партарганізацыі, і два калгаснікі. Сцяпан Апанасавіч быў апрануты ў суконную гімнасцёрку, якая шчыльна аблягала яго шырокія плечы. З таго часу, як я яго памятаў, ён як быццам зусім не змяніўся з выгляду. Той жа строгі, спакойны позірк вачэй, тыя ж густыя чорныя вусы, хіба што, можа, з твару крыху пахудзеў ды некалькі новых зморшчынак пралягло пад вачыма. Кідалася ў вочы і яшчэ адна новая рыса ў вобліку Ладуцькі — яго нейкая акрылёнасць, упэўненасць.

Убачыўшы Пятрэнку, Сцяпан Апанасавіч увесь ажывіўся, узрадаваўся. Ён адразу ж устаў і звярнуўся да сходу з прапановай увесці старшыню райвыканкома ў прэзідыум. Гэта было як быццам дробнае, і фармальнае пытанне,— вялікая справа, будзе ці не будзе пацверджана сходам права Пятрэнкі сядзець за сталом прэзідыума! Але ў гэтым учынку быў увесь Сцяпан Апанасавіч: ён паважаў людзей, і такія пытанні не былі для яго дробяззю. Дзе толькі мог і як мог ён прывіваў калгаснікам пачуццё ўласнай годнасці, пачуццё таго, што яны, і толькі яны, з’яўляюцца паўнапраўнымі гаспадарамі калгаса.

Паглядаючы на Сцяпана Апанасавіча, у мяне міжвольна ўзнікла думка: а ці не ў гэтай яго глыбокай павазе да людзей хаваўся сакрэт таго, што яму за такі кароткі час удалося паставіць на ногі гаспадарку «Маяка»? Ці не ў яго любві да людзей, у спачуванні да іх патрэб, да іх радасцяў і бядот быў той таямнічы ключ, якога не мог знайсці Дармідонт Кружальскі?.. Людзі паверылі яму і сабе і пайшлі за ім, і, напэўна, у гэтым быў увесь сакрэт поспеху Сцяпана Апанасавіча. А як яшчэ часта некаторыя нашы кіраўнікі не бачаць, не разумеюць, у чым іх бяда!..

Сход абмяркоўваў пытанне, якое, відаць, моцна хвалявала ўсіх, таму што не паспеў Пятрэнка заняць сваё месца за сталом, як недзе з сярэдніх лавак голасна і запальчыва папрасіў слова чарговы прамоўца. На сцэну выйшаў усё ў тым жа сваім нязменным кажушку Піліп Чурыла.

— Я, таварышы, скажу коратка,— рашуча махнуў ён шапкай-вушанкай.— Тут, та-ска-аць, многія гаварылі па-ўсякаму, а я так думаю: не можам мы назад адступаць! Ніхто нам не даў такога права — адступаць. А тое, што нам тут Сцяпан Апанасавіч прапануе, гэта адступленне. Вось! Як жа выходзіць?.. Некалі ў нас на фермах вясной кароў ад голаду даводзілася, та-ска-аць, за хвасты падымаць. Дык яно, канешне, тады мы і не скардзіліся, што не было нічога на працадні. Але зараз гаспадарка наша, таска-аць, угору пайшла, і людзі падахвоціліся, паверылі ў калгас, лепш сталі жыць, то не маем мы права адбіраць ад людзей іх кроўнае, заробленае мазалём... Я, та-ска-аць, адзінадушна галасую супроць!..

— Мне слова! — раптам рэзка выгукнула аднекуль з кутка маладая дзяўчына, ледзь толькі скончыў гаварыць Піліп Чурыла.

— Калі ласка, Алена Васільеўна, выходзь,— прыгледзеўшыся ў зал, сказаў Ладуцька.

Дзяўчына паспешліва і, відаць, моцна хвалюючыся, узышла на сцэну. Твар яе гарэў чырванню, яна нервова камячыла рукамі ражок накінутай на плечы стракатай хусткі.

— Вы, таварыш Чурыла, галасуеце супроць, а я «за» і ўсіх заклікаю падтрымаць прапанову праўлення. Тры гады мелі мы на працадзень адны слёзы, і нічога, жылі неяк. А цяпер мы ўжо вельмі запанелі, не хочам якіх паўгода без штомесячнага авансу папрацаваць. Ці ж тут гаворка ідзе аб канчатковым адмаўленні авансавання па працаднях? Зусім не! Гэта ж Сцяпан Апанасавіч прапануе толькі часова, на некалькі месяцаў, адмяніць яго і адмяніць для чаго? Каб павярнуць грошы на гаспадарку, каб даць калгасу яшчэ большы разгон, каб яшчэ больш важкім стаў наш працадзень!.. Гэта, таварыш Чурыла, не адступленне, а, калі ўжо гаварыць па-ваеннаму, накапленне сіл для новай атакі. Зробім, як казаў таварыш Ленін, крок назад, каб потым ступіць два, тры, пяць крокаў наперад. Вось якая мая думка!

У зале зашумелі, загаманілі. Многія падтрымлівалі дзяўчыну, але былі і такія, што не згаджаліся з ёю.

— Правільна, Алена!

— Добра сказала, малайчына!

— Іш, разумная, куды павяла!

— Даволі ўжо, што некалі рабілі задарам!

— Ну і што ж, трэба і наперад глядзець!

Сцяпан Апанасавіч устаў, усміхаючыся, пастукаў рукою па стале:

— Цішэй, таварышы! Хто хоча яшчэ гаварыць?..

Але шум у зале супакоіць не ўдавалася. Слова папрасіў нейкі стары дзядок з тоўстым, акуратна абструганым ядлоўцавым кіем. Дзядок бадзёра выйшаў на сцэну і, моцна прыстукваючы кіем аб падлогу, пачаў нешта натужліва крычаць тонкім, брынклівым голасам. Што ён гаварыў, разабраць было цяжка, але па тым, як ён строга гразіўся ў бок Чурылы і якімі гарачымі выгукамі адабрэння падтрымлівала яго Алепа са сваімі прыхільнікамі, можна было здагадацца, на чыім баку быў дзядок.

За дзедам слова ўзяў каваль Ахрэм, за Ахрэмам выступіў брыгадзір паляводчай брыгады Кузьма Прахацкі. Прамоўцы змянялі адзін другога, выступалі горача, з запалам.

Як можна было здагадацца з усіх гэтых прамоў, пытанне і сапраўды было хвалюючым і важным. З год таму назад, калі гаспадарка «Маяка» яшчэ толькі пачала памалу ўмацоўвацца, Сцяпан Апанасавіч адважыўся на дзёрзкі крок: увёў штомесячны грашовы аванс па працаднях. Многія тады пярэчылі, гаварылі, што крок гэты заўчасны. Але ў Ладуцькі тады былі свае разлікі: штомесячны аванс, безумоўна, павінен быў зрабіць уплыў на павышэнне працоўнай дысцыпліны.

І Сцяпан Апанасавіч не памыліўся. Як толькі калгаснікі ўбачылі, што на заробленыя працадні штомесячна выдаюць грошы, усюды — на фермах, у брыгадах — адразу ажыла работа. На працу пачалі выходзіць людзі, якія да гэтага часу адмаўляліся ад усякага ўдзелу ў жыцці калгаса.

Усё было б добра, калі б калгас меў сродкі на такое авансаванне. Але грошай у «Маяку» было мала, і ў першыя месяцы Ладуцьку давялося сустрэцца з немалымі цяжкасцямі. Але з часам усё пачало наладжвацца: калгаснікі працавалі ахвотней, лепш, і, натуральна, прыбыткі ў калгасе раслі. А гэта, у сваю чаргу, давала магчымасць лепш аплочваць працадзень. Усё пайшло, як у наладжанай машыне.

Але мінуў час, і Сцяпан Апанасавіч адчуў, што зараз то машына ідзе, і ідзе як быццам няблага, але для таго, каб яна і ў далейшым працавала і магла развіць яшчэ большую магутнасць, трэба сёе-тое ў ёй замяніць, падладзіць, узвесці пад ёю мацнейшы фундамент. Улічыўшы, што пры разліках за мінулы год калгаснікі атрымалі на працадні нямала і грошай, і збожжа, Ладуцька прапанаваў праўленню адмовіцца на некалькі месяцаў ад штомесячнага грашовага авансу і павярнуць гэтыя сродкі на гаспадарку калгаса.

Гэта была разумная прапанова. У калгасе трэба было шмат чаго зрабіць — пабудаваць новы кароўнік, новае гумно, купіць грузавую аўтамашыну, набыць тэхнічнае абсталяванне для насоснай устаноўкі на агародзе, прывесці ў парадак сажалку і наладзіць там невялікую рыбную гаспадарку. Прапанова была зроблена з добрым гаспадарчым прыцэлам, і праўленне калгаса, не хістаючыся, ухваліла яе. Але на агульным сходзе яна выклікала спрэчкі: не ўсе здолелі ўбачыць яе далёкія выгады, затое ўсім было зразумела, што ў наступным месяцы яны не атрымаюць авансу на працадні. Было тут над чым задумацца, была прычына паспрачацца.

Сцяпан Апанасавіч прадбачыў, што яму з Шараем не пазбегнуць гарачай бойкі на сходзе, і перад пачаткам сходу крыху хваляваўся. Вось чаму ён і папрасіў прыехаць на сход Пятрэнку,— як-ніяк, старшыня райвыканкома ўсё ж можа моцна падтрымаць праўленне, калі ў гэтым узнікне пільная патрэба.

Але чым далей ішлі спрэчкі, тым больш відавочна станавілася, што большасць калгаснікаў правільна зразумела прапанову Ладуцькі, і ўжо можна было не хвалявацца за вынікі сходу. Апошнюю гіру на шалі спрэчак кінуў сваім выступленнем Пятрэнка. Яго прамова раз-пораз перарывалася дружным смехам у зале, выгукамі адабрэння.

— Тут, на вашым сходзе, сутыкнуліся два процілеглыя погляды,— гаварыў Пятрэнка.— Адны, утаропіўшы позірк у сённяшні дзень і не жадаючы глядзець у дзень заўтрашні, кажуць: не трэба нам ніякія жураўлі ў небе, дайце нам хаця б трымаць за хвост нашу шэранькую сініцу. А вось другія, якія ўмеюць смела марыць, не хочуць спыняцца на паўдарозе, а імкнуцца да лепшага, у свой светлы заўтрашні дзень, разважаюць інакш: як можна задаволіцца нікчэмнай сініцай, калі ў нас ёсць усе магчымасці завалодаць жураўлём? Не, мы не згодны на сініцу, будзем змагацца за жураўля!.. Як бачыце, таварышы, прымаўкі таксама не бываюць вечныя, яны адміраюць, змяняюцца. Спрэчка тут ішла аб далейшым вашым жыцці, і я думаю, што вы цяпер самі разумееце, хто тут сёння быў правы...

* * *

Было далёка за поўнач, калі нарэшце скончыўся сход і мы сабраліся ехаць з Заракітнага. Накінуўшы на плечы жоўты дублены паўкажушок, Сцяпан Апанасавіч выйшаў разам з намі з клуба на вуліцу, да машыны. Ён быў нейкі маўклівы, задуменны,— можа, якія новыя думкі трывожылі яго, а можа, проста быў стомлены.

— Што прымоўк? — развітваючыся з Ладуцькам, спытаў Андрэй.— Нябось задаволены, што атрымаў такую дружную падтрымку людзей?

Сцяпан Апанасавіч задумаўся.

— Як тут табе сказаць, Андрэй Фёдаравіч,— ціха адказаў ён.— Вядома, рады... Але ж давер’е людское задарма не даецца, яго трэба апраўдаць, а справа гэта, сам ведаеш, нялёгкая.

Ужо калі паселі ў машыну і пачалі абменьвацца апошнімі развітальнымі словамі, Сцяпан Апанасавіч раптам прытрымаў дзверцы «газіка» і спытаў:

— Дарэчы, Андрэй Фёдаравіч, ці чуў навіну? Перад самым сходам мне з МТС пазванілі...

— А што такое? — спытаўся Пятрэнка.

— Прыпяць кранулася. Сёлета, кажуць, такі крыгаход, што вакол аж уся зямля дрыжыць ад грукату.

— Ну, цяпер верыш, праўду я табе сказаў? — з усмешкай павярнуўся да мяне Пятрэнка.— Дзякаваць за добрую навіну, Сцяпан Апанасавіч. Віншую цябе з вясною!.. Толькі вось бяда,— пажартаваў Андрэй,— не давядзецца мне праз гэты крыгаход сёння дома начаваць,— паедзем да рэчкі...

Бліснуўшы бледнымі промнямі фараў, наш «газік» бясстрашна нырнуў у непраглядную цемень ночы. Добрых гадзіны тры калясілі мы па расквашаных веснавых дарогах, зварочвалі з бальшакоў на вузкія палявыя прасёлкі і зноў выбіраліся на бальшакі, пакуль нарэшце, ужо на світанні, не пад’ехалі да Прыпяці, на пост да старога прыпяцкага бакеншчыка Кузьмы Нупрэевіча, даўняга нашага знаёмага.

Ледзь толькі быў выключаны матор, як усе мы пачулі нейкі своеасаблівы, роўны і магутны шум, што ішоў ад ракі. Шум гэты то заціхаў і як быццам аддаляўся, то мацнеў, узрастаў да глухога грукату, а часамі ад ракі чуўся такі звонкі ляскат, што ажно рэха аддавалася ў недалёкім лесе.

Мы падышлі к доміку старога Кузьмы, але там нікога не было,— дзверы былі прычынены на клямку. Тады мы пайшлі да ракі, на самы край высокага абрывістага берага. Было ўжо зусім светла, і перад намі ва ўсім сваім непаўторным харастве адкрылася хвалюючае відовішча. Уся рака, як глянуць, была ў няспынным руху, вялізныя пацямнелыя крыгі сунуліся па вадзе суцэльным ледзяным полем. Крыгі ўспаўзалі адна на другую, крышыліся, утваралі таросы. Глыбы лёду на вачах збіраліся ў высокія дзівосныя нагрувашчванні і раптам, у адзін момант, знікалі, разбураліся. Лёд не змяшчаўся на рацэ і сунуўся на берагі, нібы цяжкім сталёвым прасам прыгладжваў узбярэжныя лазнякі, тараніў дрэвы, угрызаўся ў пясок берагавых круч. Гул ад руху гэтых вялізных ледзяных мас быў такі, што голас чалавека нячутна тануў у ім.

Дзіўныя, незвычайныя адчуванні выклікаў гэты магутны рух абуджанай прыроды,— у сэрцы нараджаліся нейкія светлыя надзеі, узнікалі няясныя хвалюючыя жаданні...

Раптам збоку, крокаў за пяцьдзесят, пад высокім старым ясакарам, што рос над самым берагам, мы заўважылі постаць Кузьмы Нупрэевіча і побач з ім маленькага хлапчука. За шумам крыгаходу стары, відаць, і не чуў, як мы пад’ехалі. Нахіліўшыся да хлопчыка, Кузьма Нупрэевіч нешта расказваў яму і паказваў рукою на раку.

Нас Кузьма Нупрэевіч сустрэў з такім выглядам, як быццам ён зусім не быў здзіўлены нечаканым гасцям і было зусім натуральна, што мы прымчаліся сюды ні свет ні зара ў такую бездараж, каб толькі паглядзець на крыгаход.

Стары адразу ж пачаў расказваць нам пра асаблівасці сёлетняй вясны, пра тое, якой вялікай абяцае быць паводка. А буйная паводка — багаты травастой на заліўных прырэчных лугах і, значыць, добры ўраджай на сена.

— Гэта ж вось учора прывёў унука з вёскі, Мішкам завуць, малодшай дачкі. Аж канае малы, просіць, каб паказаў яму крыгаход. Няхай паглядзіць...

Стары Кузьма клапатліва нахіліўся да ўнука, паправіў яму на шыі чырвоны шарсцяны шалік, завязаны паўзверх доўгага, купленага навырост паліто, асцярожна пахадзіў пальцам каля маленькага носіка Мішкі. Хлопчык паслухмяна і даверліва дазваляў дзеду ўсе гэтыя аперацыі. Зірнуўшы разы са два на нас вялікімі сінімі вачыма, ён зноў павярнуўся да рэчкі,— відаць, на ўсім свеце зараз не было для яго цікавейшай рэчы, чым гэты таямнічы, з шумам, грукатам і стогнам, рух на рацэ.

У гэты час акурат перад намі на сярэдзіне ракі ўтварыўся вялікі завал, крыгі папаўзлі адна на другую, збіліся ў кучу, нешта вухнула, грымнула, як з гарматы, так што аж пошчак пакаціўся вакол.

— Ого! — прыглядаючыся да ракі, не ўтрымаўся ад здзіўлення Пятрэнка.— Як на вайне ўсё роўна. Акурат як з «трыццацьчацвёркі» ляснула!

Стары Кузьма, які таксама, не адрываючыся, глядзеў на крыгаход, уздыхнуў, паківаў галавою:

— Эх-хе!.. Не ведаць бы людзям ніколі на свеце іншай вайны і не чуць іншага грукату, чым гэты... Праўда, Мішка, а?

Не вельмі разумеючы, аб чым ідзе гаворка, хлопчык зірнуў на дзеда, пераступіў з нагі на нагу і старанна шмаргануў адталым носам.

 

3. Сустрэча з землякамі

Неяк зімою, незадоўга пасля Новага года, да мяне на кватэру нечакана завіталі ўвечары двое знаёмых з Палесся, з вёскі, якая была паблізу ад маёй радзімы: старшыня прырэчнага калгаса Даніла Кузьміч Кушняроў, мужчына гэтак год пяцідзесяці, выдатны гаспадар і знаўца зямлі, і механік паравіка з таго ж калгаса Нічыпар Ждан, год на дзесяць маладзейшы за старшыню, хударлявы, прыгожы мужчына, з разумнымі, крыху смяшлівымі вачыма. Я быў шчыра ўзрадаваны гасцям.

У родных мясцінах я ўжо не быў з паўгода, а гэтыя паўгода, як вядома, прынеслі нямала змен у жыцці калгасаў. Адбылося нямала змен і на Палессі, і я з цікавасцю пачаў распытваць землякоў аб навінах, аб тым, якія справы прывялі іх у Мінск. Даніла Кузьміч, хітравата прыжмурыўшыся, адказаў, што прыехалі яны ў сталіцу па асабістых справах: ён — праведаць сына, студэнта політэхнічнага інстытута, а Ждан, назбіраўшы кучу грошай, хоча тут агаліць паліцы некаторых аддзелаў універмага, а заадно прыхапіць у аўтамагазіне «Пабеду» або хоць бы «Масквіча».

Магчыма, што гэта было і так, і ўсё ж, ведаючы Данілу Кузьміча як чалавека, які не любіць адразу гаварыць праўду, я яму не паверыў’. І не памыліўся. Неўзабаве выявілася, што гэта былі толькі ўскосныя прычыны, а сапраўдная, якую Даніла Кузьміч не хацеў раскрываць да часу, заключалася ў іншым: яны мелі нейкую справу ў Інстытуце механізацыі Акадэміі навук, з якім даўно перапісваліся.

Мы паселі вакол стала, выпілі на чарцы віна, закурылі.

Я ведаў Данілу Кузьміча даўно, яшчэ да вайны, калі ён працаваў брыгадзірам грабароў на асушцы балот. Многа вады сплыло з таго часу. Даніла Кузьміч камандаваў партызанскім атрадам у дні Айчыннай вайны, стаў камуністам, пасля вайны скончыў завочна сельскагаспадарчы тэхнікум і стаў добрым кіраўніком калгаса. Але знешне за гэты час ён змяніўся мала. Быў ён такі ж каранасты, павольны, са строгім удумлівым позіркам, абветраным грубаватым тварам, з якога і зімою не сыходзіў бронзавы загар. Толькі і здолелі зрабіць з ім гады, што пасерабрылі валасы на скронях ды злёгку змаршчынілі твар каля вачэй.

У мяне было такое адчуванне, што землякі зайшлі да мяне не так сабе, а была ў іх, відаць, нейкая справа. І сапраўды, зрабіўшы адну-другую зацяжку, Даніла Кузьміч раптам павярнуўся да мяне.

— А ведаеш, зямляк, мы ж зайшлі да цябе з просьбай. Ты тут бліжэй. Хочам, каб перадаў нашу крыўду пісьменнікам. Нешта мы чытаем, чытаем новыя творы, а цікавых бачым мала. Такіх, ведаеш, каб аж за душу бралі, каб, як пяцікорпусны плуг, аралі і шырока і глыбока, а галоўнае — жыццё паказвалі праўдзіва.

Я запярэчыў Данілу Кузьмічу, назваў рад новых добрых, праўдзівых твораў.

— Не аб гэтых гаворка,— перабіў мяне Даніла Кузьміч.— А вось нядаўна прачытаў я раман пра калгасы,— адна лакіроўка! Не людзі там паказаны, не калгаснікі, не аграномы, не партыйныя кіраўнікі, а, можна сказаць, анёлы нябесныя, адно толькі, бедныя, без крылаў. І жывуць гэтыя анёлы ў такой згодзе, што ў слабавольнага чытача ажно слёзы наварочваюцца на вочы ад расчуленасці. Усё адшліфавана да такога бляску, што прыходзіцца зажмурваць вочы, каб часам не папсаваць зрок.

Я ўсміхнуўся, здагадаўшыся, які твор мае на ўвазе Даніла Кузьміч. Мне гэты раман таксама не падабаўся. Быў гэта яркі ўзор гэтак званай бесканфліктнай творчасці, што ў перакладзе на маё разуменне гэтай з’явы азначае звычайную хлусню, у якой жыццё малюецца роўнай ружовай фарбай, і бедны чытач, як хворы на дальтанізм, бачыць ружовай і зямлю, і неба, і ваду, і лес.

— Ёсць такі грэх, Даніла Кузьміч,— згадзіўся я,— але ж гэты раман не вызначае асноўных тэндэнцый нашай літаратуры, ён не характэрны.

Але Даніла Кузьміч, разгарачыўшыся, не слухаў мяне.

— Перадай гэтаму пісьменніку, што ён са сваім бліскучым лакам не памочнік нам у нашай вялікай справе. Не ўсё ў жыцці ідзе так гладка і хораша, як здаецца такім лакіроўшчыкам.

Даніла Кузьміч памаўчаў, выняў з карабка другую папяросу.

— Што, Нічыпар, расказаць мне яму ці не варта? — павярнуўся ён да свайго механіка.

— Аб чым, Даніла Кузьміч? — не разумеючы, спытаў Ждан.

— Ды пра гэтае... ну, як у Рудні новага старшыню выбіралі.

Нічыпар Ждан усміхнуўся, паціснуў плячыма.

— Раскажу,— махнуўшы рукою, парашыў Даніла Кузьміч.— Вось ты пытаеш пра навіны. Думаю, што ты і сам іх добра ведаеш. Курс цяпер узяты нашай партыяй правільны — даць у калгасы такіх людзей, каб здолелі там навесці сапраўдны парадак. Вунь у Ліпняках — ведаеш, што за Рудняй сяло,— калгаснікі былога партызанскага генерала за старшыню выбралі, а ў Навасёлках — агранома з вышэйшай адукацыяй. Мяне пакуль што народ пакінуў, даверыў, але трэба будзе, відаць, добра за навуку ўзяцца.— Даніла Кузьміч памаўчаў, падумаў.— Ну, але ёсць яшчэ ў нас людзі, і людзі не радавыя, а бывае, і кіраўнікі, якія і цяпер ні каліва не зразумелі значэння вераснёўскіх рашэнняў партыі, а ўспрынялі іх, як чарговую «кампанію»: ага, сказана замяніць дрэнных старшынь калгасаў, ну і замяняюць, а кім замяняюць — аб гэтым у іх малы клопат, абы замяніць! І ты вось паслухай, што з гэтага выходзіць, які канфуз нядаўна здарыўся з былым нашым старшынёй райвыканкома Пераходавым.

— Чаму з былым? — спытаўся я.— Ці ж Пераходаў ужо не працуе старшынёй райвыканкома?

— А ты паслухай да канца, сам зразумееш, ці можна было яму пасля ўсяго, што здарылася, заставацца ў нашым раёне. У Рудні, у «Барацьбіту», праходзілі перавыбары праўлення. Там, калі ты памятаеш, старшынёй калгаса працаваў нейкі Заяц, гультай і няўмека, якіх не часта сустрэнеш. Проста дзіву трэба давацца, як такія людзі на адказныя пасады трапляюць. Ні ведаў у яго няма, ні арганізатарскіх здольнасцей. Сам рабіць нічога не ўмее, а толькі «ўзначальвае агульнае кіраўніцтва». Праваліць такі Заяц работу ў адным калгасе, пераскочыць з дапамогаю «добрых дзядзяў», накшталт Пераходава, у другі, праваліць там — наравіць перакінуцца ў трэці. Скача так і скача, пакуль, нарэшце, не даскачацца. Вось цяпер, дзякаваць партыі, цяжкавата прыйшлося такім скакунам-прайдзісветам, адусюль іх мятлой пачалі выганяць.

Ну, Руднянскі калгас пад кіраўніцтвам гэтага Зайца зусім заняпаў. Ураджаі з году ў год там былі нізкія, жывёлагадоўчыя фермы не раслі, даходу не прыносілі, працадзень — адны слёзы. Невядома, ці ўтрымаўся б гэты Заяц у калгасе далей, але тут акурат адбыўся вераснёўскі Пленум ЦК, і ўсё крута павярнулася. У раёне было вырашана зараз жа змяніць старшыню ў «Барацьбіту».

Перавыбары праўлення ў калгасе — вялікая справа. На сход у Рудню прыехаў сам старшыня райвыканкома Пераходаў. Ды не адзін, а ўтрох. З ім разам старшы аграном райаддзела сельскай гаспадаркі Барсукоў, чалавек разумны, адукаваны, і яшчэ нейкі дзядзька — год так пад сорак, чарнявы, у добрым паліто, у ботах. Вылез гэты дзядзька з машыны апошнім, глянуў мімаходам на людзей, што стаялі каля клуба, на сяло і падаўся ў клуб следам за Пераходавым. Некаторыя з калгаснікаў, відаць, ведалі яго, усміхнуліся, а хто і не ведаў, здагадаўся, хто быў гэты трэці: вось гэтак жа некалі вылазіў з «Пабеды» Пераходава іх цяперашні старшыня Заяц.

Даніла Кузьміч хітравата ўсміхнуўся, прыжмурыў вочы. Механік Ждан з усмешкай засяроджана разглядаў сваю тонкую чарку, як быццам знайшоў у ёй нейкі незвычайны аб’ект для вывучэння.

— А трэба табе сказаць, што новыя рашэнні партыі маюць яшчэ і тое, неацанімае на маю думку, значэнне, што яны актывізавалі ў людзей непрымірымасць да ўсякіх непаладкаў, да фальшу, фармалізму. Дальбог жа, хоць і крыўдна часам бывае, але і прыемна, калі возьме цяпер слова на калгасным сходзе якая-небудзь старая бабуля, што раней і ў клуб ніколі не заходзіла, ды так цябе прабярэ за які недагляд або памылку, што аж горача становіцца. І злуешся, бывае, а слухаеш — не абы-хто гаворыць, а паўнапраўная гаспадыня калгаса, і клапоціцца яна не за якія-небудзь там дробныя асабістыя інтарэсы, а за агульную справу, за калгас.

Ну, людзей сабралася на сход — паўнюткі клуб. Перад пачаткам сходу Пераходаў па сваёй заўсёдашняй звычцы зарання распісаў з Зайцам, як усё павінна было праходзіць, хто што павінен быў гаварыць, падрыхтоўваў нават рэзалюцыю — гэта ён так разумеў добрую падрыхтоўку да сходу. Ну, выйшаў у зал, адкрыў сход. «Каго выберам у прэзідыум, хто мае якія прапановы?» Не паспеў ніхто азірнуцца, як з месца падхапіўся з паперкай у руках член праўлення Альховік. «Я маю, дазвольце».— «Гавары, таварыш Альховік»,— дазволіў Пераходаў.

«Прапаную выбраць прэзідыум з сямі чалавек. Персанальна таварышаў...» Ну і давай вычытваць па паперцы — таго, таго, Сідарава, Пятрова, вядома ж, і Пераходава, і Барсукова, і таго, трэцяга, у паліто.

Прагаласавалі, хто «за», выбралі прэзідыум, сакратар наладзіўся пісаць пратакол. Адным словам, усё ідзе як па пісанаму. Далі слова для справаздачы Зайцу. Прамыкаў той нешта хвілін з дваццаць, як быццам год не еўшы, ды і сеў — не было яму аб чым гаварыць. Вынікі года ў калгасе такія, што самі за сябе гаварылі.

Першым пасля Зайца ўзяў слова Пераходаў — трэба ж было даць, так сказаць, напрамак спрэчкам. Выступіў і давай крыць: а Заяц такі, а Заяц гэтакі, работу праваліў, надзей не апраўдаў, а да ўсяго — п’яніца. Словам, даў яму поўную атэстацыю. Людзі слухаюць, маўчаць — усё правільна гаворыць Пераходаў. Тым часам Пераходаў пакрысе пачаў хіліць да таго, чаго прыехаў: так, кажа, і гэтак, Зайца вашага, як не апраўдаўшага сябе, трэба з працы зняць, а выбраць старшынёю рэкамендуем вось таварыша Шарая, работніка райзаготсена. Чалавек ён прынцыповы, працаваў на многіх адказных пасадах. Расхваліў таго Шарая, хоць ты яго не за старшыню калгаса, а за самога міністра выбірай.

Ну, расхваліў і сеў. Відаць, думаў, пакрытыкуюць людзі свайго былога старшыню, выберуць новага, ды на гэтым і кропка.

Але гэтыя мірныя разлікі Пераходава раптам паляцелі дагары нагамі. Ды так паляцелі, што ён, як кажуць, рад быў бы ад сораму пад зямлю праваліцца, каб мог. Справа ў тым, што не ў першы ўжо раз гэты Пераходаў прывозіў у «Барацьбіт» старшынь, падобных Зайцу, і не ў першы раз былі руднянцы сведкамі таго, як ён лаяў і бэсціў ранейшага старшыню і расхвальваў новага. А ў выніку выходзіла, што «хрэн рэдзькі не саладзейшы», адзін быў, скажам, п’яніца, а замянілі яго гультаём. Натуральна, што цяпер тут да яго гарачых прамоў адносіліся насцярожана.

«Хто хоча слова?» — пытае Пераходаў. Усе маўчаць. «Хто хоча слова?» Па-ранейшаму маўчаць. «Што ж гэта такое, таварышы, выходзіць? — звяртаецца Пераходаў да калгаснікаў.— Кроўна цікавае для калгаса пытанне на сходзе стаіць, а вы маўчыце, як вады ў рот набраўшы...»

Не разумеў Пераходаў, што была гэта не абыякавасць калгаснікаў, а зацішша перад бурай.

Раптам устае адна жанчына, даглядчыца цялят на ферме, Ганна Касуха, баявая такая калгасніца, і гаворыць: «Вось мы, таварыш Пераходаў, кожны дзень па радыё чуем, ды і вы самі аб гэтым гаворыце, што трэба пасылаць у калгасы лепшых людзей, спецыялістаў, аграномаў, арганізатараў. А вы прывезлі нам Шарая. А мы ж ведаем яго. Калі я не памыляюся, то цяпер таварыш Шарай вагаўшчыком на сенным складзе ў Зарэччы працуе. Хвалілі вы хвалілі гэтага «спецыяліста», а таго нам і не сказалі, што за апошні час ён ужо сем пасад перамяніў, нідзе месца не знойдзе, адусюль яго праганяюць. Відаць, добры спецыяліст!»

Пераходаў аж уздрыгануўся ад нечаканасці,— ну і сказанула бабка. Туды-сюды закруціўся на стуле, паглядвае на актывістаў, каб яны падтрымалі яго рэкамендацыю. Але тыя маўчаць, не выступаюць. Устаў Пераходаў, пастукаў аловачкам па графіне. «Дзіўнае, кажа, ваша выступленне, таварыш Касуха. Што было, тое прайшло, за свае грахі атрымаў таварыш Шарай спагнанне, і мы ўпэўнены, што, усвядоміўшы свае памылкі, цяпер ён справіцца з работай. Лічу, што выступілі вы не па сутнасці. Хто наступны?»

Тут падымае руку адзін калгаснік з паляводчай брыгады, Мікіта Цыркун. «Не, кажа, не згодзен я з вамі, таварыш Пераходаў, правільна выступіла Ганна. І правільна, і па сутнасці. Падобна, што для вас гэты сход, як для папа абедня ў царкве: абы адслужыць па ўсіх правілах. А для нас ён усё — і наша жыццё, і наш рост, і нашы працадні. Мы яшчэ не забыліся, як вы нам прывезлі Зайца, як вы яго тады расхвальвалі. Памятаю, глядзім мы, сядзіць сабе за сталом такі шчупленькі мужчынка, сапраўдны зайчык. Выбралі. А паглядзіце цяпер, гэта ўжо вам не заяц, а добры зайчына, можна сказаць, цэлы мядзведзь...»

Тут усе як грымнуць са смеху, аж сцены затрэсліся ў клубе. Пераходаў сядзіць збянтэжаны, а Цыркун знай сячэ сабе далей. «Адпасціўся, кажа, на калгасным дабры наш Заяц, а што гаспадарка наша заняпала, гэта яго мала абыходзіць...»

Тут Пераходаў ачомаўся, падхапіўся: «Дык што ж, таварыш Цыркун, да чаго ты ўсё гэта хіліш? Недавер’е да партыі выказваеш? Цень на таварыша Шарая хочаш кінуць?» Парашыў прыпалохаць Цыркуна. Але таго нялёгка было прыпалохаць. Чалавек ён праўдзівы, сумленны, на вайне ваяваў — тры ордэны на грудзях прынёс. «Не ўблытвайце, кажа ён, таварыш Пераходаў, сюды партыю. Наша партыя даражэй нам за роднага бацьку і маці, і слова яе — самае святое слова. Але вы — гэта яшчэ не партыя. Партыя кажа, каб у калгасы былі пасланы лепшыя людзі, а мы Шарая ведаем. Гэта вы нам такога кіраўніка ў калгас рэкамендуеце? Так выконваеце ўказанні партыі?.. Ашукалі вы нас ужо неаднойчы, то цяпер, выбачайце, мы добра падумаем, перш чым вам паверыць...»

Тут усе як загамоняць, зашумяць. Пераходаў аж збялеў ад хвалявання, забыўся і на тое, што трэба сходам кіраваць. А тут зноў падхапілася адна жанчына і гаворыць: «Не трэба нам вагаўшчыка, у нас з гэтай справай і крывы Амелька спраўляецца. Ды і важыць асабліва няма чаго, трэба спачатку вырасціць, каб было што важыць. Ёсць у мяне прапанова, каб за старшыню ў нас застаўся таварыш Барсукоў. Чалавек ён адукаваны, аграном, справу нашу добра ведае...»

Калгаснікі ў адзін голас падхапілі:

— Правільна! Барсукова за старшыню!.. Агранома!..

Сядзіць паш Пераходаў, як мыла з’еўшы, не ведае, што і казаць. Шарай побач таксама галаву ўнурыў у стол, вушы агнём гараць ад сораму. А Барсукоў нічога, глядзіць на людзей, усміхаецца.

Устаў нарэшце Пераходаў і кажа: «Таварышы калгаснікі, гэта ж калі так пойдзе і кожны каго хоча за старшыню выбіраць пачне, то хто ж у нас у раёне працаваць застанецца? Трэба гэтую справу ўзгадніць, абдумаць, ды к таму ж і ў Барсукова яшчэ трэба згоды запытаць...»

«Ну, што ж, кажуць, і ўзгадніце, і абдумайце, што трэба, а Шарая мы выбіраць не будзем, вязіце яго сабе назад...»

Так і не выбралі ў той дзень старшыню калгаса ў «Барацьбіту». На тым сход закончылі, што звярнуліся ў райком з пісьмом — даць ім у калгас сапраўднага спецыяліста, чалавека сумленнага, працавітага, добрага арганізатара і кіраўніка.

А праз які тыдзень дайшлі да нас чуткі, што Барсукоў і сапраўды паехаў у «Барацьбіт» за старшыню. Па ўласнай ахвоце паехаў, кажа, моцна яму народ у Рудні спадабаўся, баявы, прынцыповы, з такімі людзьмі горы можна перавярнуць. І калгаснікі яго аднагалосна выбралі.

А разам прыйшла і другая навіна — знялі з работы Пераходава. Знялі, як не здолеўшага зразумець важных рашэнняў партыі па ўмацаванню калгасаў. Выявілася, што прывёз ён тады ў «Барацьбіт» Шарая, нават не ўзгадніўшы яго кандыдатуры з райкомам: сакратар якраз па справах у вобласць паехаў, а Пераходаў гэтак паспяшаўся «выканаць» указанні пленума.

Даніла Кузьміч замоўк, потым па сваёй звычцы хітравата прыжмурыў вочы, паглядзеў на мяне, і ў яго поглядзе я выразна прачытаў пытанне: «Ну што, зямляк, ці такім складаным, а бывае і супярэчлівым, паказваеце вы жыццё ў сваіх творах? Прыхарошваць ды прыгладжваць ды кветачкі апісваць — няцяжкая справа. А вось закасаць рукавы ды ў бойку пайсці — супроць бюракратаў, фармалістаў, розных чынуш, супроць лайдакоў, сябелюбаў, супроць усякай плесені і дрэні, у імя інтарэсаў народа, у імя сцвярджэння нашай вялікай светлай справы,— ці гарыць у вас гэтым душа, ці хапае пораху, смеласці, жадання?»

Задумаўшыся, я некаторы час маўчаў і нічога не адказваў Данілу Кузьмічу на гэтае яго нявыказанае пытанне. Потым ціха прамовіў:

— Што ж, Даніла Кузьміч, усё ясна. Дзякаваць за крытыку, за добрае слова...

 

4. Жнівень у Азёрах

 

 

Малюнкі

Быў канец ліпеня, і ў Азёрах вось-вось, праз якія тры-чатыры дні, павінна было пачацца жніво. Стаяла гарачыня, суша, жыты ў палях пабялелі. Па ўзгорках, дзе сонца прыпякала мацней, збажына даходзіла ўжо да апошняй жоўтай спеласці, і, калі цяпер на полі час ад часу хваляй прабягаў вецер, чуўся не ранейшы густы і сакавіты шум, а ціхае, сухое шапаценне.

З раніцы, аб’ехаўшы на вазку палеткі, заклапочаны Багдан Шульга, старшыня азёрскага калгаса, спыніў каня каля канторы праўлення. Быў гэта мужчына год пад пяцьдзесят, прысадзісты, крыху таўставаты, грузны, але яшчэ моцны і паваротлівы. Яго абветраны, загарэлы, пакрыты кропелькамі поту твар быў нахмураны.

Узышоўшы на ганак, Шульга спыніўся, падумаў, потым вярнуўся і, рассупоніўшы каня, кінуў яму ахапак свежай канюшыны. Конь адразу пачаў смачна хрумстаць духмяную траву, і Шульга яшчэ нейкі момант задуменна стаяў, паглядаючы, як ён есць. Потым ачнуўся і хутка пайшоў у кантору, у свой старшынёўскі пакойчык.

Не дзіва, што Шульга быў такі заклапочаны, было сёння аб чым падумаць старшыні калгаса. Бадай, няма больш напружанай пары ў сяле, чым жніво. Разам прыспявае і ўборка, і абмалот, і разлікі з дзяржавай,— і ўсё гэта трэба ўправіцца зрабіць за якія дваццаць дзён. У жніво на ўліку кожны дзень і нават гадзіна. Арыфметыка тут самая нескладаная: кожны загублены дзень — загубленыя цэнтнеры хлеба. А ў «Перамозе», як-ніяк, адных толькі збожжавых пасеяна за дзвесце гектараў, так што клопатаў для старшыні хапала.

Галоўнае ж, была такая рыса ў неспакойным характары Шульгі, што не любіў ён, каб азёрскі калгас хто-небудзь у раёне абганяў, імкнуўся заўсёды быць першым.

Багдан Пятровіч асцярожна, нібы прамакаючы, абцёр чыстай хусцінкай твар, пагладзіў вусы. Потым выняў са стала лісты з планамі ўборкі. У каторы раз ён ужо праглядаў гэтыя планы за апошнія дні. Распрацоўвалі іх на пасяджэнні праўлення, абмяркоўвалі на агульным сходзе. Усё тут было запісана, падлічана, разнесена ў роўненька разлінаваныя графы: і хто на якіх участках павінен быў жаць жыта жняяркамі, і хто за імі вязаць і звозіць снапы, і на якія палеткі будзе пушчаны камбайн, і дзе будуць жаць сярпамі.

Але план планам, а ў час працы — Шульга добра ведае гэта — абавязкова, ліха ведае адкуль, вынікне столькі нечаканасцей і розных непрадбачаных перашкод, што калі не праявіць кемлівасці, то можна моцна адстаць. Усяго не прадугледзіш, дробязь якая-небудзь здарыцца, лопне, скажам, на кані пастронак, і вось табе парушэнне плана: будзе стаяць жняярка добрых паўгадзіны, пакуль рымары наладзяць збрую або заменяць яе новай.

Э, ды што казаць, вось яшчэ і жніво не пачыналася, а ўжо не ўсё ідзе як трэба. Гэта ж падумаць толькі, МТС дагэтуль не сабралася прыслаць у Азёры камбайна. У мінулым годзе такой парою камбайнер Сяргей Пашук ужо спакойна пахаджваў на калгасным двары каля свайго самахода, агледжанага і змазанага да апошняга вінта, ды толькі паціраў рукі, чакаючы, калі можна будзе выехаць у поле.

А сёлета дырэктар МТС Баброў, зыходзячы з нейкіх сваіх меркаванняў, перакінуў Пашука ў суседняе з Азёрамі сяло Васілішкі, у калгас «Світанне», а да іх, у Азёры, і дагэтуль чамусьці нікога не прыслаў. Світанскі старшыня Парфір Лешчанка, сустрэўшыся неяк днямі ў раёне з Шульгой, пахваліўся, што самаход Пашука ўжо стаіць у іх на двары, на поўным пагатове, і пры гэтым іранічна заўважыў, што ён, маўляў, нідзе не чытаў такога закона, каб абавязкова Шульга штогод першым у раёне рапартаваў аб заканчэнні ўборкі. Намёк, значыць, на тое рабіў, што сёлета першым закончыць уборку ён. Што ж, можа, і закончыць. Толькі гэта яшчэ невядома, раней часу радавацца не варта. Адзін Сяргей, хоць які ён там добры майстар, усяго не прыбярэ, справу рашае калектыў, арганізацыя працы. Ды і без камбайна «Перамога» не застанецца. Шульга, калі трэба будзе, да абкома дойдзе, а машыны даб’ецца. Так што зарання, таварыш Лешчанка, не радуйся...

Багдан Пятровіч расчыніў акно ў цяністы палісаднік, і адтуль дыхнула ў пакой халадком. Шульга абмахнуўся хусцінкай, уздыхнуў... Каго ж там сёлета прышле Баброў у Азёры, і калі прышле, што там у іх закалодзіла? Тры разы ўжо званіў Шульга ў МТС, але ці ж у гэтыя дні дырэктара застанеш у кабінеце,— усё недзе па брыгадах ездзіць, правярае... Калі не Пашука, то няхай бы прыслаў да іх Паўла Бачкова, таксама камбайнер высокага класа, хоць, праўда, і менш увішны за Пашука... Павырасталі, скажы ты, хлопцы на Палессі, каб ім добра было, адзін у адзін. І каб спытаў, адкуль узяліся,— усе свае. Бацькі іх некалі другой прылады не ведалі, акрамя сахі ды цэпа, а гэтыя што вырабляюць! Камбайнам, такой складанай машынай, навучыліся кіраваць, і хоць бы што. А там жа, як паказваў яму аднойчы Сяргей, адных толькі бубачак для змазкі сто восемдзесят штук, і трэба ўсе іх на памяць ведаць, ні адну не забыць ды яшчэ помніць, праз колькі гадзін якую змазваць...

«Пазваню хіба яшчэ раз,— парашыў Шульга,— можа, акурат пашчасціць застаць Баброва».

Але не паспеў Багдан Пятровіч дазваніцца да азёрскай пошты, як за акном канторы, на вуліцы, пачуўся і заціх трэск матацыкла,— нехта пад’ехаў да канцылярыі. Шульга адняў ад вуха трубку, прыслухаўся. Хто б гэта мог быць, ці не з МТС які трактарыст?

Праз момант у дзверы пастукалі, і ў пакой увайшоў малады чарнявы хлопец без шапкі, у жоўтай, спрытна перахопленай поясам скураной куртцы.

— Сяргей?— здзівіўся Шульга, нечакана ўбачыўшы Пашука, свайго мінулагодняга камбайнера.— Якім ветрам? Сядай...

Але хлопец заклапочана махнуў рукою, як бы жадаючы сказаць, што яму цяпер не да сядзення. Рысы яго тонкага, прыемнага твару выдавалі ўсхваляванасць.

— Багдан Пятровіч,— падышоўшы ўшчыльную да стала, хутка загаварыў Пашук,— прыехаў я да вас, як да бацькі... З просьбай. Падтрымаеце, век буду ўдзячны.

— А што такое? — зацікаўлена спытаў Шульга, вешаючы трубку.

— Папрасіце Баброва, каб ён перавёў мяне працаваць да вас, у Азёры...

Твар Шульгі нахмурыўся.

— У Азёры? А чаму?..

— Ці ж я дрэнна рабіў у вас, Багдан Пятровіч? — не растлумачваючы прычын, пачаў угаворваць Сяргей.— Ці мала прыбраў, ці нядобра вымалачваў? А?.. Ніводнай заўвагі ад вас за ўсё лета не меў. А сёлета ўзяўся я прыбраць шэсцьсот гектараў. І прыбяру! — бліснуўшы вачыма, выгукнуў Сяргей.

Твар Багдана Пятровіча нахмурыўся яшчэ больш.

— Позна ты спахапіўся, Сяргей, не згодзіцца на гэта Баброў.— Шульга наваліўся грудзьмі на стол, апусціў галаву.— Я і вельмі хацеў бы, каб ты працаваў у нас, але... не з рукі мне зараз прасіць аб гэтым. Не хочацца мне, каб той баламут Лешчанка званіў потым на ўвесь раён, што я цябе пераманіў ад яго. Сам разумееш — дысцыпліна ва ўсім павінна быць...

Сяргей памкнуўся да стала, захваляваўся.

— Дзядзька Багдан, вы паслухайце!.. Тут у мяне такая справа... Закахаўся я. Ні жыцця, ні спакою мне без той дзяўчыны няма. Ва ўсім прызнаюся вам, як бацьку... А яна толькі ўлетку і бывае дома, у час канікул.

Шульга задумаўся.

— Не ведаю, што табе на гэта і сказаць... А яна цябе любіць? Калі любіць, то пачакае...

Сяргей горка скрывіўся, махнуў рукою.

— Э-э, любіць... Кажа, пакуль не скончу вучыцца, замуж не пайду. А калі тое будзе... Не веру я ёй. Напэўна, не любіць.

— Ну што тут сказаць? — развёў рукамі Шульга.— Каханне, браток, каханнем, а справа — справай. Дапамагчы табе цяпер не ў маіх сілах.

Апусціўшы ў стол вочы, Сяргей памаўчаў. Потым падняў галаву, рукамі паправіў пояс.

— Ну што ж, дзядзька Багдан, калі нельга, то нельга. Я на вас не ў крыўдзе. Няхай будзе як ёсць.

— Слухай, Сяргей, а скажы, калі гэта не ваенная тайна, каго ты тут аблюбаваў, ці не старога Дворака дачку?..

— Яе,—кіўнуў галавою Сяргей.

Шульга адкінуўся на спінку крэсла:

— Акурат учора бяляначка тая прыехала ў Азёры. На канікулы. Расказвала, што пасля вучобы некуды яшчэ на экскурсію па пуцёўцы ездзіла...

— Прыехала?! Гэта праўда, дзядзька? — стараючыся стрымаць сваю радасць, спытаў Сяргей.

— Ну вядома, праўда, дзівак. Прыходзіла да мяне, каб даў ёй якую работу ў брыгадзе на час жніва. Ну, то я яе вязальшчыцай снапоў прызначыў.

— Да пабачэння, дзядзька Багдан!..— хутка паціснуў руку Шульгу Сяргей і адразу павярнуўся ісці. Але, не дайшоўшы да дзвярэй, раптам затрымаўся: — А між іншым, Багдан Пятровіч, да вас ведаеце каго за камбайнера прышлюць?

Шульга ўвесь ажно страпянуўся.

— Што?! І ты дагэтуль маўчаў? Ах ты ж лайдак! Каго, кажы хутчэй, можа, Бачкова?..

— Якога там Бачкова! З поўдня, аднекуль аж з Краснадарскага краю ідуць да нас на Палессе камбайны.

— З Краснадарскага краю? — у здзіўленні ўтаропіўся на Сяргея Шульга.

— Ну так... На поўдні ўжо амаль закончана ўборка, вось і перакідаюць частку камбайнаў у Беларусь. Адно — у парадку брацкай узаемавыручкі, а другое — стратэгічны манеўр, так сказаць, дзеля паўнейшага выкарыстання тэхнікі. Даюць камбайнам двайную нагрузку.

— Ты глядзі, як дадумаліся! — у захапленні выгукнуў Багдан Пятровіч.— Што значыць, калі ўсё — народнае, уся краіна — адна вялікая сям’я!

— У вас у «Перамозе» будзе працаваць... як жа яго завуць, забыўся... Крывачуб, здаецца... Ага, так, Грыцыян Крывачуб. Украінец...

— Грыцыян Крывачуб?..— павольна, па складах, перапытаў Багдан Пятровіч, малюючы сабе ў галаве вобраз чалавека, які насіў такое імя.— А скажы, пажылы ён ці малады?.. Трэба ж мне ведаць, што за чалавек, як яго прыняць, прывеціць...

— Не ведаю,— зняважліва махнуў рукою Сяргей,— біяграфіі яго не вывучаў. Між іншым, хто б ён ні быў, перадайце яму, дзядзька Багдан, што выклікаю яго на спаборніцтва і, успамянеце маё слова, наламаю краснадарцу хрыбта!

— Ты чакай, чакай, не гарачыся,— убачыўшы, што Сяргей павярнуўся ісці, паспешна сказаў Шульга.— Абы-каго з Краснадара да нас не пашлюць. Я думаю... Ды ты пачакай...

Але Сяргей рашуча пайшоў да дзвярэй.

— Сяргей! — гукнуў Шульга, ды дзе там было яго цяпер запыніць, калі даведаўся ён аб прыездзе Ксені. Праз хвіліну на дварэ пачулася гудзенне матора, і неўзабаве матацыкл патрашчаў усцяж па вуліцы. Шульга толькі асуджальна паціснуў плячыма: ну і гарачая галава гэты Пашук...

Багдан Пятровіч зноў асцярожна прамакнуў хусцінкай на лбе кропелькі поту. Значыць, усё ідзе на лад, будзе ў Азёрах камбайн. Грыцыян Крывачуб... Не павінна, каб гэта быў які малакасос або няўмека, пасаромеюцца такога з Краснадара да нас пасылаць. Чалавек, напэўна, з вопытам, з практыкай. Ды ўжо, напэўна, добры работнік, калі ўправіўся і ў сябе там, у стэпах, прыбраць, і да людзей на дапамогу едзе. Відаць, гэтакі каранасты мужчына, гадоў пад сорак. Яно і лепш, калі чалавек у гадах, спакойны, разважлівы. А то вазьмі гэтага Сяргея — і добры хлопец, а згаварыцца з ім цяжка — малады, гарачы... Вось толькі куды, да якой гаспадыні гэтага Крывачуба на кватэру прыладзіць. Гэты Грыцыян, мусіць, любіць смачна паесці. Ды яно і не дзіва, работа ў камбайнера нялёгкая. Да таго ж украінец, яму, напэўна, падай галушкі з макам. А ў нас на Палессі ўсё больш дранікі са смятанай. Але і так падумаць — чым горшыя нашы беларускія дранікі за ўкраінскія галушкі?.. А прыняць яго трэба шчодра, каб не забыў дарогу ў Азёры...

* * *

Увечары разносчык пошты, трынаццацігадовы Дзімка, сын брыгадзіра першай паляводчай брыгады Данілы Вераб’я, гэтакі дасужы, цікаўны падлетак, задыхаўшыся, з бліскучымі вачыма, ускочыў у хату да старшыні калгаса з весткай, што яго зараз жа выклікае да тэлефона дырэктар МТС Баброў.

Зацікаўлены Шульга кінуў вячэру, на хаду надзеў шапку і, не марудзячы, пайшоў у праўленне.

Баброў сказаў тое новае для Багдана Пятровіча, што прызначаны ў Азёры краснадарскі камбайнер будзе ў іх разам з камбайнам заўтра апаўдні, самае позняе — пад вечар. Прыедзе не з МТС, а з бліжэйшага чыгуначнага паўстанка, і няхай там Шульга дасць указанне падрыхтаваць усё, што трэба, да сустрэчы,— як-ніяк, чалавек прыедзе далёкі, усё яму тут будзе ў навіну. А наконт таго, хто ён і што, жанаты ці нежанаты, пажылы ці малады, то Баброў нічога пра гэта сказаць не мог, бо і сам таго Грыцыяна Крывачуба ніколі ў вочы не бачыў. Чуў толькі, што ў Краснадарскім краі аб ім пісалі ў газетах, хвалілі за добрую работу.

Багдану Пятровічу хапіла і гэтай маленькай даведкі, каб настрой яго адразу падняўся. Добры камбайнер — палова клопату з галавы...

А назаўтра так прыпала, што Багдан Пятровіч тэрмінова павінен быў з’ездзіць у Далінічы,— наспелі ў раённых установах розныя справы. Перад тым як ехаць, Шульга раненька, ледзь прачнулася сяло, забег да свайго намесніка, Цярэшкі Міхальчука, наказаў яму сустрэць Крывачуба і даць тут усяму парадак, калі ён, Шульга, часам забавіцца ў раёне. Ужо выехаўшы з двара, Шульга ўспомніў і загадаў шафёру, Цімку Лужку, спыніць машыну каля дома Данілы Вераб’я. З яго жонкай, Маланняй Ільнінішнай, Шульга яшчэ ўчора дамовіўся, што яна прыме краснадарца на кватэру і сталаванне. Старшыня заскочыў у хату да цёткі Маланні і даў ёй апошнія наказы.

Дом Данілы Вераб’я стаяў побач з хатай старога Дворака, раздзяляў іх толькі невялікі зялёны садок. Выходзячы з двара да машыны, Багдан Пятровіч нечакана ўбачыў з вядром у руках Ксеню, дачку Дворака, студэнтку педагагічнага тэхнікума. Яна акурат пераходзіла дарогу.

— З поўным! — гулліва ўсміхнулася Ксеня.— Усё вам будзе добра, дзядзька Багдан.

— Жартуеш, бялянка,— усміхнуўся ў адказ Шульга і зацікаўлена прыгледзеўся да дзяўчыны. Не, што казаць, вока ў Сяргея вострае, не быў бы то камбайнер, дзяўчыну выбраў лепшую з усяго сяла. Стройная, прыгожая. Белыя валасы кудзёркамі спадаюць на плечы. І да навукі здольная. Хваліўся стары Дворак, што з аднымі пяцёркамі на другі курс перайшла.

Пакуль аж не схавалася Ксеня за варотамі, паглядаў ёй услед Шульга. Так што ажно Цімка Лужок заўважыў гэты погляд і, калі Шульга сеў побач з ім у кабіну, пажартаваў:

— Нешта вы, дзядзька Багдан, вельмі загледзеліся на Ксеню. Ці не нанава жаніцца надумаліся?

Шульга дабрадушна прабурчаў:

— Ты давай, вунь, давай, круці абаранак ды лепш глядзі, куды едзеш. А то ўжо ўсіх курэй у Азёрах павыдушваў...

А калі гадзін у шэсць вечара, справіўшыся ў рёне, Багдан Шульга вяртаўся з Далініч, першае, што ён заўважыў на калгасным двары,— камбайн пасярод дзядзінца.

— Ух ты! — з палёгкай уздыхнуў Шульга.— Як гара з плеч звалілася.

Багдан Пятровіч вылез з кабіны, паціху абышоў вакол камбайна, раўніва ўсё агледзеў і нават пакратаў сёе-тое рукою. Відаць было, што камбайн яшчэ зусім нядаўна быў у рабоце, нават так здавалася, што ад яго яшчэ ішлі пахі краснадарскіх палёў, пахі сухой пшаніцы і палыну, і, дакрануўшыся рукою да матора, можна было адчуць яго неастыглае цяпло.

Машына была знаёмая. Не новая, але яшчэ і не старая, усё вакол у парадку. У двух месцах Цімка Лужок заўважыў у краснадарскім камбайне новае, даробленае, відаць, самім камбайнерам: па-першае, было ў ім узмоцнена дадатковай паласою сталі мацаванне, што злучала капніцель з машынай, а па-другое, былі падоўжаны супроць звычайнага транспартныя шнэкі, прызначаныя для падавання на транспарцёр хлебнай масы.

— Глядзі ты,— здзівіўся Шульга, калі Цімка паказаў яму на гэтыя ўдасканаленні,— з галавою, відаць, чалавек.

І адразу ж заспяшаўся ўбачыцца, пагаварыць з Крывачубам. Заўтра на некаторых палях, дзе жыта паспела ўжо, можна было пачынаць уборку, і трэба было вырашыць з камбайнерам некаторыя практычныя пытанні.

Багдан Пятровіч выйшаў на вуліцу, азірнуўся. Ведаючы, у каго напэўна можна атрымаць самыя дакладныя весткі пра новага камбайнера, Шульга запыніў першых трапіўшых яму на вока падлеткаў. Дзеці сапраўды ведалі, дзе краснадарац, і, перабіваючы адзін аднаго, пачалі гаварыць.

— Тфу на вас, канаплянікі! — махнуў на дзяцей рукой Шульга.— Гаварыце хто-небудзь адзін.

Наперад выступіў белабрысы хлапчук з чубком валасоў на галаве.

— Ён, дзядзька Багдан, пайшоў з Дзімкам Вераб’ём на рэчку.

— Як гэта на рэчку? Чаго? — не разумеючы, спытаў Шульга.

— З вудамі. Мусіць, рыбу лавіць,— не ўцярпеў, уставіў сваё слоўца другі з хлапчукоў.

— Ён Дзімку трохзубага кручка падараваў, адмысловага,— паведаміў трэці.

Багдан Пятровіч разгублена заморгаў вачыма: з Дзімкам пайшоў на рэчку?.. З вудамі?.. Падараваў кручка... Нічога не зразумела! Прыехаў чалавек з вялікай дарогі, ні з кім не пазнаёміўся, не пагаварыў і адразу на рэчку з вудамі, вуды яму ў галаве. Ды яшчэ з кім — з дзіцём, знайшоў кампанію. Багдан Пятровіч збянтэжыўся: а можа, гэты Грыцыян ніякі не пажылы чалавек, а блазан гадоў васемнаццаці. Цяпер жа сярод механізатараў найбольш такая зялёная моладзь, камсамольцы.

Шульга моўчкі павярнуўся і, не слухаючы, што яшчэ там шчабяталі дзеці, хутка пакрочыў дамоў.

А тым часам на беразе Прыпяці, у прыгожай, зарослай лазняком затоцы, закінуўшы ў рэчку вуды, сядзелі побач і ціха гаманілі Дзімка і краснадарскі камбайнер Крывачуб. Багдан Пятровіч нямала здзівіўся б, калі б ведаў, што ў сваіх здагадках ён быў недалёкі ад ісціны. На выгляд Крывачубу можна было даць не больш год дваццаці. Хударлявы, загарэлы твар з тонкім прадаўгаватым носам, дабрадушны, усмешлівы выгляд. На тым месцы, дзе ў пажылых людзей звычайна растуць вусы, у Крывачуба яшчэ толькі бялеў рэдзенькі мох. З-пад шыракаполага, ссунутага на лоб саламянага капелюша глядзелі мяккія з хітрынкай вочы. У постаці, як і з твару, краснадарац быў хударлявы, сухі, але па ўсім адчувалася, што быў гэта хлопец моцны, як кажуць, мог сагнуцца, але не зламацца. Мускулы дужых, загарэлых рук прыкметна выпіралі з-пад гімнасцёркі, высокія роўныя плечы выдавалі яго захаваную сілу.

Паклаўшы вудзільна на ўваткнутую ў бераг сошку і не спускаючы вачэй з паплаўка, Крывачуб ціха, амаль паўшэптам, расказваў:

— А то яшчэ ловяць у нас вясною язёў... На хрушча. Ну, брат, лоўля! Памятаю, выехаў я неяк уранні на чоўне. Толькі світаць пачало. Падвеславаў да адной кручы, стаў пад яварам...

Тут Крывачуб замоўк, насцярожыўся. Паплавок яго вуды калыхнуўся, вада вакол уздрыгнулася, пакацілася маленькімі хвалямі. Крывачуб паклаў руку на вудзільна, нарыхтаваўся выхапіць вуду. Але паплавок пакалыхаўся і зноў замёр у нерухомасці.

Дзімка нецярпліва варухнуўся:

— Гэта ён так сабе, дзядзька Грыцыян. Расказвайце далей.

Крывачуб усміхнуўся.

— Заві ты мяне, Дзімка, проста Грыцьком... Мяне ўсе так завуць. Гэта некалі поп, каб ён сказыўся, мне такое выкрунтаснае імя прыдумаў... Ну, закінуў я вуду — па-а-нясло майго хрушча за плынню. І раптам — жых! Няма хрушча... Я — хоп за вуду — язь! Ну, брат, кілаграмаў на чатыры, не менш.

Дзімка летуценна прыцмокнуў языком.

Сонца паволі закацілася за лес, і неба на захадзе занялося ружовым агнём. Усё навокал як бы прыціхла ў гэты прыгожы ўрачысты час на грані дня і ночы, толькі недзе далёка ў лазе выразна чуўся свіст нейкай балотнай пташачкі. Ад вады на бераг адразу пацягнула прыемным халадком, а па той бок ракі ўзнік і павіс над балотнымі хмызнякамі першы вечаровы туман.

Крывачуб падняўся і моўчкі залюбаваўся шырокай Прыняццю, што чырванела на захадзе, адлюстроўваючы фарбы неба. Зводдаля паказалася лодка. Каля сігнальнага ліхтара, што стаяў на высокім беразе, лодка спынілася, і неўзабаве ліхтар засвяціўся маленькай яскравай кропачкай. Гэта, відаць, ехаў бакеншчык, гаспадар і даглядчык рачной сігналізацыі. Ён паехаў, і па ўсёй рацэ адзін за другім загараліся сігнальныя агні.

— Скажы ты, любата якая! — уздыхнуў Крывачуб.— Эх, Дзімка, люблю я рэчку. Сыдзеш з камбайна — стомлены, запылены, адны зубы блішчаць,— і ў ваду бух! Усю зморанасць з цябе як рукой здыме, зноў поўны сілы.

— А вы ныраць умееце? — спытаў Дзімка.

— Умею, брат, і ныраць, і плаваць па-ўсякаму.

— А скажыце, ад той мясцовасці, дзе вы жывяце, мора далёка?

Крывачуб усміхнуўся, паглядзеў на Дзімку,— цікаўны хлопчык, усё яму трэба ведаць.

— Жыву я, Дзімка, пад Белай Глінай, у станіцы Вясёлая. А мора ад нас, ну, як табе сказаць, калі пеша ісці, то і вельмі далёка, а калі на машыне — рукой падаць. Кіламетраў сто.

— Не так і далёка,— задуменна заўважыў Дзімка.

Калі пачало змяркацца, Крывачуб заўважыў:

— Мусіць, пара нам, дружа, ужо і дахаты.

Акуратна зматаўшы вуды, Крывачуб і Дзімка вузенькай сцежкай па лазе пачалі прабірацца да прасёлкавай дарогі. Калі, прайшоўшы з гоні, яны выбраліся з хмызняку, Крывачуб спыніўся, закурыў папяросу.

— Дык ты кажаш, Дзімка, гэты Сяргей Лашук найпершы ў вашай МТС камбайнер?..

— Над ім няма! — з гордасцю, катэгарычна адрэзаў Дзімка.

— А ён што, пажылы ўжо чалавек, даўно на камбайне працуе?

— Што вы, малады ён... Сёлета толькі трэці год на камбайне будзе рабіць... Ды вы хіба яго не ведаеце?

— Адкуль жа, браток, мне яго ведаць? У Краснадары пра яго нешта не было чуваць,—пажартаваў Крывачуб.

Дзімка горда ўскінуў галаву:

— А мы тут пра вас таксама нешта не чулі...

Крывачуб голасна засмяяўся з дасціпнага адказу Дзімкі.

Неўзабаве яны мінулі луг і выйшлі да азёрскіх садоў, што ляжалі на схіле па-над ракой, па левы бок абсаджанай маладымі бярозамі дарогі. З садоў ішоў араматны пах садавіны, і Дзімка міжвольна кінуў вокам на агароджу. Каб не вартаўнік дзед Кузьма ды не ішоў ён з гэтым краснадарскім чалавекам, няблага было б узабрацца на якую раннюю яблыню, паласавацца... Але што дарэмна думаць. Дзімка зморшчыўся і адвярнуўся.

На ўсходзе, дзе неба было цямнейшым, замігцелі першыя зоры. Крывачуб ішоў не спяшаючыся, любуючыся прыгожым ліпеньскім вечарам. Калі па правы бок дарогі пачаліся палеткі з пасевам, Крывачуб падышоў да жыта, загроб у жменю некалькі сцяблін, агледзеў каласы, а затым, выцершы ў далоню адзін з іх, паспрабаваў зярняты на зуб. Ужо сухія, можна прыбіраць.

— Як прыйдзем, Дзімка, у сяло, не забудзь, пакажы мне, дзе жыве Галоўчанка, а яшчэ дом вашага галавы калгаса Шульгі.

— Старшыня па той бок выгана жыве, можа, заўважылі,— новая хата, дах з чырвонай чарапіцы... А Мікола Дзям’янавіч — ён жа дырэктар школы — пры школе і жыве. Гэта блізка каля нас, за клубам. А нашто вам Мікола Дзям’янавіч?..

Крывачуб усміхнуўся, прыжмурыў вока.

— Ну і дапытлівы ты, Дзімка... На часовы ўлік у яго трэба стаць. Ён жа ў вас парторг.

— А-а,— здагадаўшыся, ускінуў Дзімка галаву.— А наш Сяргей яшчэ толькі камсамолец.

— Ну і што ж... Камсамолец, браток, таксама высокае званне, не кожны варты яго насіць,— адказаў Крывачуб і, памаўчаўшы, дадаў: — А Пашук, відаць, варты...

Скончыліся сады, і недалёка ўжо стала відаць сяло. У адным месцы вузенькая, як праехаць калясьмі, дарожка аддзялялася ад дарогі і бегла наўпрост цераз жытняе поле, відаць, у нейкую недалёкую суседнюю вёску. Жыта густой сцяной абступала дарожку з абодвух бакоў. Падышоўшы да гэтай дарожкі, Крывачуб і Дзімка заўважылі здалёк паміж жыта дзве цьмяныя постаці. Дзімка прыгледзеўся і раптам схапіў Крывачуба за руку.

— Стойце, Грыцько! — шэптам прамовіў хлапчук.— Гэта ж ён і ёсць — Сяргей...

— Які Сяргей? — не зразумеўшы, перапытаў Крывачуб.

— Ну, Пашук, камбайнер... Гэта ён, мусіць, да Ксені прыехаў на матацыкле. З ёю і гуляе... Хочаце, я вас пазнаёмлю?

— Цс-с, Дзімка, не зараз,— абняў хлапчука за плечы Крывачуб.— Няхай гуляе, не будзем яму перашкаджаць.

Дзімка паслухмяна пайшоў за Крывачубам. Але не паспелі яны адысці і некалькі крокаў, як зводдаля пачуўся голас:

— Дзімка — ты?.. Бягом сюды!

— Пазнаў...— ціхенька шапнуў Дзімка Крывачубу.— Бегчы?

— Што ж, ідзі, калі кліча. Я пачакаю.

Дзімка перадаў Крывачубу вуду, рыбу, нанізаную на лазовы дубец, і бягом кінуўся да Сяргея. У вечаровай цішыні Крывачуб выразна чуў іх гаворку.

— Хто гэта з табою?

— Наш кватарант, камбайнер.

— Той, што з Краснадара?

— Ага...

— От дарэчы,— спакойна і нават узрадавана заўважыў Сяргей, але адчувалася, што ён захваляваўся, не чакаў тут гэтай сустрэчы.— Вазьмі, Дзімка, і перадай яму гэты лісток.

— Ёсць перадаць!

— Ты перадай і скажы, што...

Сяргей запнуўся: а што, уласна, ён мог яшчэ дадаць да ўмовы, у якой з поўнай выразнасцю былі запісаны яго абавязкі і самы выклік Крывачубу? Ён задумаўся, наморшчыў лоб.

Дзімка тым часам кінуў быстры позірк на Ксеню. Яна была ў прыгожым квяцістым плацці, з шаўковай святочнай касынкай на плячах. Дзімка ўсміхнуўся, хітра падміргнуў Ксені. У адказ на гэты яго выпад Ксеня, закрыўшыся рукою ад Сяргея, выставіла яму язык... Суседка, з ёю ў Дзімкі была своеасаблівая дружба: як сустрэнуцца, абавязкова жарты строяць адзін з другога, пасміхваюцца. Але варта было Ксені сур’ёзна папрасіць аб чым-небудзь Дзімку, ён пластам ляжа, а ўсё зробіць для яе. Памаўчаўшы, Сяргей махнуў рукою.

— Чакай, Дзімка... Лепш я сам аддам. Прабач, Ксеня.

Сяргей выхапіў з рук Дзімкі лісток і, пакінуўшы Ксеню на дарожцы, рашуча пайшоў да Крывачуба.

Ён падышоў да краснадарца, уважліва агледзеў яго з галавы да ног. Агледзеў і не стрымаўся ад здзіўлення: э, ды гэты ж Крывачуб яшчэ маладзейшы за яго. Не хаваючы насмешкі, Сяргей паглядзеў на саламяны капялюш Крывачуба, на вуды:

— Вось ты які, з вудамі!..

— А што?..

— Ды нічога... Трымай лісток. У нас на Палессі так заведзена, што... Адным словам, на спаборніцтва выклікаю...

Крывачуб прыставіў да пляча вуды, спакойна ўзяў ад Сяргея паперу. І ўсміхнуўся — па-сяброўску, але не без хітрынкі:

— Добры звычай, прымаю выклік. Толькі, можа, варта было б... пазнаёміцца для пачатку, прывітацца, а?..

І ўсё гэтак жа ўсміхаючыся, падаў Сяргею руку.

На нейкі момант Сяргей збянтэжыўся... Глядзі ты, а ён з гонарам, гэты краснадарац, упэўнены ў сабе. Што ж, пабачым, браток, чыя будзе перамога, хутка пабачым...

Сяргей моўчкі, паспешліва паціснуў Крывачубу руку.

* * *

Так пачыналася ў Азёрах жніво. Каму ў сяле не знаёма гэтая гарачая, клапотная пара! У дні жніва ў калгасе ніхто не ведае спакою, людзі, бывае, па некалькі дзён працуюць без адпачынку, працуюць, калі трэба, і ўдзень і ўночы — у полі, на таках, на складах. У гэтыя дні заняты і жнеі, і механізатары, і малацільшчыкі, і шафёры, і возчыкі, і наогул усе, ад старога да малога. На полі з раніцы да вечара чуцен шум камбайна, стракатанне лабагрэек, па дарогах, нагружаныя збожжам, імчацца грузавікі, на гумнах гудуць малатарні.

Так ідзе вялікая калгасная бітва за ўраджай.

1952


1952

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслясл. Г. Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 318 с.
Крыніца: скан