epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

Прэм’ера ў Панежычах

Ці здаралася вам бываць калі-небудзь на поўдні Палесся, у краях паміж Прыпяццю і Дняпром?.. Ёсць там невялікая вёсачка Панежычы. Можа, будзе ў вас якая нагода пабываць у тых мясцінах, то не прамініце зазірнуць у яе. Далібог, не пашкадуеце! Калгас там, не будзем казаць, не з самых багатых,— ёсць у тых краях і багацейшыя сёлы,— але ж і не адсталы. Мяркуйце самі, сёлета за садавіну і лён паклалі панежычане ў калгасную суму — мільён рублёў! А хто збольшага разбіраецца ў такіх рэчах, той ведае, што гэта азначае, і для таго не будзе дзіўна, чаму ў панежыцкай краме ніколі не залежваюцца матацыклы, радыёпрыёмнікі, шафы, а пасярод сяла, на узгорку, стаіць Дом культуры, якому могуць пазайздросціць многія раённыя цэнтры.

Аднак жа не сваімі садамі і высокім працаднём заваявалі панежычане вядомасць у навакольных сёлах. І не толькі для таго, каб паглядзець на дабротныя фермы і багатыя льны, варта пабываць у гэтым сяле. Бадай, найбольшую вядомасць Панежычам прынёс іх самадзейны драматычны гурток пад мастацкім кіраўніцтвам аднаго маладога трактарыста, Цімоха Сымонавіча Алешкі, або, як яго па маладосці год называюць усе, Цімошкі. Вось ужо сапраўды вясёлы тэатр!.. Гэты Цімошка быў тут адначасова і арганізатарам, і рэжысёрам, і выканаўцам самых адказных роляў, і кожны новы спектакль ён аздабляў такімі дасціпнымі рэжысёрскімі знаходкамі, вырабляў на сцэне такія штучкі, што ў яго пастаноўцы любая, нават сумная п’еса зіхацела іскрамі сапраўднага гумару. Расказваюць, што самыя сур’ёзныя людзі, якіх наўрад ці даняў бы сам Ігар Ільінскі, гледзячы спектаклі з удзелам Цімошкі, клаліся ад смеху на сваіх крэслах. Мясцовы фельчар, Ціт Сямёнавіч Дрозд, чалавек бывалы і сур’ёзны, першы раз пайшоў на самадзейны спектакль панежыцкай моладзі з гэтакай паблажлівай усмешкай. Маўляў, што тут добрага ў Панежычах могуць паказаць, вось ён быў у Маскве, у Акадэмічным... А выйшаў, дык, выціраючы слёзы ад смеху, уголас сам аб’явіў, што такога ён не бачыў нават у Акадэмічным.

І тут Ціт Сямёнавіч, вядома, казаў чыстую праўду, таму што і сапраўды ў Акадэмічным тэатры такога, як у Панежычах, ніяк не ўбачыш. Падумайце самі, ці здаралася, скажам, у Акадэмічным, каб у акцёра ў самы разгар дзеі на сцэне раптам адвальвалася не зусім добра прывязаная барада? Або, да прыкладу, каб акцёр, недачуўшы суфлёра, смела прыкладаў нешта ад сябе, ды такое, што калі б гэта ненарокам пачуў аўтар п’есы, то ён, напэўна, тут жа страціў бы прытомнасць...

Уся асаблівая прывабнасць аматарскіх спектакляў для панежычан заключалася ў тым, што, нягледзячы на самы складаны грым, на падвешаныя бароды і ўскінутыя на плечы кім-небудзь каптаны або казакіны, яны адразу ж пазнавалі ўсіх удзельнікаў спектакля. І чым больш тыя стараліся, каб іх не пазналі, тым больш вясёлую рэакцыю выклікалі ў зале гэтыя іх намаганні.

— Глядзі, глядзі,— звяртаўся да свайго суседа па крэсле калгасны вартаўнік, вядомы ўсяму сялу грамадскі актывіст і балельшчык мясцовай самадзейнасці дзед Сілівон.— Тая пані — гэта ж Нюшка канцавая, Сідарава дачка!..

На сцэну выходзіла новая дзеючая асоба, і дзед Сілівон не мог утрымацца, каб не заўважыць:

— Матухны мае, гэта ж Кастусь Адарчын! А каб на цябе! Ну і прыбраўся ж!..

І аднак жа найбольшы ад усіх гурткоўцаў поспех меў у гледачоў сам Цімошка. Колькі вясёлай выдумкі ўкладваў ён у выкананне кожнай ролі! Асабліва падабалася панежычанам, калі Цімошка выконваў у п’есах ролі дзядоў. Гэты выдумшчык дзеля жарту кожны раз па-рознаму грыміраваўся, пераймаў паходку, голас, жэсты якога-небудзь добра вядомага ўсім вясковага дзеда. І так гэта ў яго ўдала выходзіла, што яго і сустракалі, і праводзілі заўсёды з апладысментамі. Як ніхто, умеў ён улавіць і ў дасканаласці перадаць характэрную рысу таго ці іншага дзядулі. І кожны раз, калі ў час спектакля з-за хісткіх дэкарацый выходзіў на сцэну дзядок у лапцях, з кіёчкам у руках, з вялікай сівой барадою, усе адразу ж з вясёлым смехам пазнавалі Цімошку і пад барадой, і з густа намалёванымі зморшчынкамі і тут жа пачыналі прыглядацца,— а каго з вясковых дзядоў ён пераняў на гэты раз?..

І хто б мог падумаць, што гэты бяскрыўдны Цімошкаў жарт аднойчы павернецца зусім нечаканым бокам, прывядзе да ўсеагульнага непаразумення і ледзь не стане прычынай правалу чарговай прэм’еры. Вось як усё гэта было. Больш за тры тыдні рыхтавалі панежыцкія гурткоўцы свой новы спектакль. Колькі было рознага клопату, мітусні! Дзяўчаты тэрмінова шылі сабе нейкія старамодныя сукенкі, хлопцы капаліся ў старых бацькоўскіх скрынях у пошуках доўгіх да пят паляшуцкіх дзедаўскіх світак і кажухоў. Быў уключаны ў арбіту падрыхтоўкі да спектакля і вядомы нам балельшчык панежыцкіх гурткоўцаў дзед Сілівон,— ён падмеўся сплесці дзве пары лазовых лапцей, паколькі выявілася, што ні ў адной хаце у сяле гэтага, нядаўна такога масавага на Палессі абутку знайсці не ўдалося. А колькі было бегатні, пакуль гурткоўцы раздабылі старую папоўскую расу або чорны хвастаты фрак для гарадскога дарэвалюцыйнага паніча. У самыя апошнія дні перад спектаклем раптам здарылася бяда — захварэў адзін з артыстаў, і, каб не сарваць прэм’еру, давялося зрабіць некаторыя замены і перастаноўкі выканаўцаў.

І вось, нарэшце, надышоў доўгачаканы вечар. Зала панежыцкага клуба,— а трэба сказаць, гэта памяшканне месц на пяцьсот,— была запоўнена так, што, здавалася, больш сюды ўжо не мог бы ўціснуцца ніводзін чалавек. Людзі стаялі ў праходах, каля сцен, запоўнілі ўсе свабодныя куточкі. Пярэднія рады, як звычайна, займалі старэйшыя калгаснікі са сваімі жонкамі, члены праўлення калгаса, мясцовая інтэлігенцыя: настаўнікі, знаёмы ўжо нам фельчар Ціт Сямёнавіч з жонкаю, рахункавод, кіраўнікі сельсавета.

У чаканні спектакля зала гудзела, не раўнуючы, як вылецеўшы з вулля малады пчаліны рой. Людзі гаманілі, жартавалі, ззаду дзяўчаты пад гармонік напаўголасу спявалі частушкі. Каля самай сцэны за маленькім столікам заўзятыя гулякі раз-пораз з усёй сілы грукалі костачкамі даміно.

Але вось са сцэны тройчы пачуўся ўдар у чыгуначную рэйку, і ў зале патухла святло. Адразу ж захліпнуўся і сціхнуў гармонік, гулякі згарнулі ў кучу сваё даміно, заціх гоман. Усе з нецярплівасцю павярнуліся да сцэны. На гэты раз панежыцкія гурткоўцы паказвалі п’есу з дарэвалюцыйнага жыцця, нейкую меладраму з нешчаслівым каханнем і маладым ашуканцам-панам.

У першай дзеі ўсё ішло гладка і добра, як па пісанаму. Героі заходзілі, выходзілі, нарасталі, як і належыць, хвалюючыя падзеі. Але ў канцы другой з’явы нечакана здарыўся невялікі канфуз. Камбайнер Рыгорка, які ўпершыню выступаў на сцэне, ад разгубленасці недачуў суфлёра і нешта прамямліў ад сябе. Але, відаць, сказаў ён зусім не ў лад, таму што суфлёр, занерваваўшыся, ледзь не ўголас выгукнуў: «Не так, ч-чорт!» Ды на гэты раз Рыгорка адразу пачуў падказку, радасна ўскінуў галаву і на ўсю залу грымнуў свайму збянтэжанаму партнёру: «Не так, чорт!..»

Але гледачы, дабрадушна пасмяяўшыся, не звярталі асаблівай увагі на такія дробныя непаладкі, і спектакль з поспехам ішоў далей. У канцы першай дзеі на сцэну выйшаў дзядок, рухавы, з расчэсанай надвое пышнай сівой барадой. Дзядок прайшоўся па сцэне, нешта сказаў танклявым голасам дзяўчыне, што прала кудзелю, і адразу ж уся зала загудзела вясёлым смехам, адусюль пачуліся выгукі:

— Брава, Цімоша!.. Ну і мастак, глядзі ты, як Сілівона пераняў!..

— Га-га-га! — не ў сілах стрымацца ад смеху, рагатаў на ўвесь голас Ціт Сямёнавіч Дрозд.— Вось лайдак... вось прахваціў! Ну, чысты Сілівон!..

Хоць яшчэ нічым асаблівым не праявіў сябе той дзядок, у зале адразу ж выбухнула бура апладысментаў. Як дасціпна пераняў Цімошка ўсім вядомага калгаснага вартаўніка Сілівона! І паходка тая ж, і голас, і жэсты. Адно толькі было некаторае разыходжанне ў адзенні: дзядок на сцэне быў апрануты ў нейкую недарэчную, доўгую да пят світу, на нагах — лапці з высока закручанымі анучамі, а Сілівон звычайна хадзіў у ботах, насіў куплены ў магазіне суконны касцюм, добрую паддзёўку з авечым каўняром. У астатнім жа дзядок на сцэне нібы ўсе кропелькі пабраў са старога Сілівона.

Калі апусцілася заслона, у зале толькі і гаворкі было, што пра Цімошкаву ігру. На думку ўсіх, на гэты раз Цімошка проста пераўзышоў самога сябе. У асаблівым захапленні была дзетвара. Збіўшыся ў групкі, яны, нібы тыя канаплянкі на плоце, шчабяталі, перабівалі адзін аднаго, захлёбваючыся ад смеху, абмяркоўвалі кожны ўчынак Цімошкі на сцэне.

Нібы на злосць, у другой дзеі, як і ў першай, здарылася няўдача. Па ходу пʼесы на сцэне трэба было зрабіць выстрал. Яго дамоўлена было імітаваць з дапамогаю дошкі, якою сам Цімошка ў патрэбны момант павінен быў за кулісамі ляснуць аб падлогу. Цімошка падняў аполак, стаіўся і з-за дэкарацый пачаў паглядваць у выразанае ў фанеры акно, чакаючы, пакуль на сцэне герой пачне «страляць». Неўзабаве герой навёў на свайго партнёра пугач і зрабіў выгляд, што націснуў спуск. Але прыціхшая зала замест выстралу пачула нейкі глухі стук, а затым прарэзлівы крык: «О-ой!.. Што ты б’ешся?!»

У зале адразу здагадаліся, што адбылося. У час, калі павінен быў адбыцца выстрал, нехта з гурткоўцаў, сагнуўшыся, перапаўзаў тое месца за кулісамі, дзе у дэкарацыі было акно. А Цімошка, сочачы за сцэнай, не заўважыў гэтага і стукнуў не па падлозе, а па спіне таго хлопца... Гледачы сустрэлі гэтую «накладку» з вясёлым энтузіязмам, і ў зале доўга стаяў нястрымны рогат.

Але публіка лёгка даравала артыстам усё, калі на сцэну зноў выйшаў той дзядок, калі ён дакладна гэтак жа, як дзед Сілівон, кашлянуў, паціснуў плячыма, прайшоўся. Так забаўляла ўсіх яго ігра, што цяпер мала хто ўжо сачыў і за ходам дзеі, і за перажываннямі герояў. Усе адно толькі і глядзелі, як той дзядок нязграбна тупаў па сцэне, як хітра прыкідваўся збянтэжаным і ў нейкім замяшанні торгаў сваю бараду.

— Цімошка! — у захапленні закрычалі ў зале.— Ты пакажы, як Сілівон ад нячысціка ўцякаў!..

— Пакажы, пакажы! — з усіх бакоў падтрымалі гэтую вясёлую просьбу.

Усе чакалі, што Цімошка зараз жа перадасць вядомы на ўсю вёску выпадак, які здарыўся гады два таму назад са старым Сілівонам. Той неяк улетку пайшоў спаць у гумно, распрануўся, лёг у салому, але... тут жа ўсхапіўся, нібы з гарачай патэльні, і, спалоханы да паўсмерці, у адных падштаніках прыбег дахаты. «Нячысцікі данялі!» — растлумачыў ён напалоханым яго крыкамі суседзям. А назаўтра выявілася, што на саломе побач з адзежаю Сілівона адпачывала сям’я вожыкаў, і стары, распрануўшыся, упоцемку лёг на іх...

— Пакажы! — крычалі ў зале.

Але Цімошка чамусьці адмаўляўся выканаць просьбу гледачоў. Відаць, таму, што звычайна дзед Сілівон не любіў, калі яму ўспаміналі пра гэты выпадак. І дзядок, ці то так па п’есе яму патрэбна было, ці па іншай прычыне, павярнуўся і, незадаволены, пакінуў сцэну...

Тым часам публіка прыйшла ў такое вясёлае захапленне, што ўжо не хацела нават звяртаць увагі на другіх герояў.

— Цімошку! Цімошку!..— заўзята выгуквалі адусюль.

Раптам гурткоўцы перапынілі спектакль і апусцілі заслону. Па сцэне сумятліва бегалі артысты. Ніхто ў зале не ведаў, у чым была прычына ўсяго гэтага, і гледачы пачалі з новай сілай апладзіраваць, стукаць нагамі аб падлогу.

— Ці-імо-ошку-у!..— перакатвалася ў зале.

Нечакана заслона зноў адчынілася. Гледачы ўсё яшчэ настойліва гукалі Цімошку. Але тут адбылося такое, чаго не думаў і не чакаў ніводзін чалавек у зале. На сцэну выйшаў Цімошка, самы сапраўдны Цімошка, у звычайным сваім адзенні, і ён вёў за сабою... дзеда Сілівона ў доўгай да пят суконнай свіце, у лапцях, з расчэсанай надвое сівой барадой... Гэта было так нечакана для ўсіх, што людзі ў зале анямелі ад здзіўлення. І ў гэтай нямой цішыні асабліва выразна прагучаў голас Цімошкі.

— Таварышы! — незадаволена хмурачыся, цвёрда прамовіў ён.— Я — гэта я, і я тут ні пры чым, а наш паважаны Сілівон Мацвеевіч сёння выступае, так сказаць, як удзельнік спектакля, і ён просіць, каб вы не збівалі яго рознымі недарэчнымі выгукамі. Зразумела?..

Можна сабе ўявіць, які вясёлы рогат выбухнуў у зале, калі гледачы нарэшце апамяталіся і да іх дайшло, як яны нечакана ашукаліся!..

Вось якія забаўныя рэчы здараюцца часамі на спектаклях панежыцкай моладзі. Далібог, каму здарыцца быць на Палессі, не мінайце Панежыч, паглядзіце выступленні мясцовых артыстаў пад мастацкім кіраўніцтвам трактарыста Цімоха Сымонавіча Алешкі. Ручаемся, сумаваць не давядзецца!

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслясл. Г. Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 318 с.
Крыніца: скан