epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

Прыкрае здарэнне

1
2
3


1

Раніцою ў нядзелю ў хаце Тамаша чакалі гасцей з суседняй вёскі Замасточча. Павінен быў прыехаць Тамашоў брат Цімох з жонкаю і маленькім Міхаськам. Тамаш запрасіў іх у госці. Ён доўга не хацеў рабіць гэта, але жонка Наста ўсё ж дамаглася свайго, і Цімох быў запрошаны.

Тамаш з даўніх пор быў з братам не ў ладах. Яшчэ даўно, пры дзяльбе, калі памёр бацька, яны ледзь-ледзь не пазасякаліся. У часы калектывізацыі іх шляхі яшчэ больш разышліся. Цімох крута рвануўся ад калгаса, на хутар, у прымы да заможніцы Юстыны, тады як стары, разважлівы Тамаш быў адным з першых, якія падышлі да стала, каб запісацца ў калгас, перанесці сябе ў новае жыццё. Памятае стары Тамаш, як тады брат Цімох, з’едліва ўсміхнуўшыся, сказаў:

— Ну, глядзі ж, прыцісне мор, не прасі ні ў кога ратунку. Гінь сам...

Але Тамаш ад Цімохавага наракання не загінуў. У калгасе раней, калі пачалі сарганізоўвацца, было крыху нязвычна, але калі да калектыўнай працы прывыклі, стала добра і лёгка. Тамаш, вядома, не згадзіўся б паклікаць у госці Цімоха, калі б яму самому не хацелася пахваліцца перад братам. У калгасе нядаўна было размеркаванне ўраджаю на працадні, і ў каморы Тамаша стаялі бочкі са збожжам, якіх ніколі не насыпаў ён, жывучы аднаасобна. Ён быў ужо стары і непрыгодны да цяжкай працы, а тым часам у калгасе яму знайшоўся занятак лёгкі і важны — вартаваць гумно.

У Тамаша цяпер стала шмат часу для адпачынку. Падмецены двор, прыбраны, чысты хлеў для каровы, добра падсыпаная прызба не пераставалі лашчыць Тамашова вока. Уся яго гаспадарка была ў найлепшым парадку.

І звыш усяго — радыё... Яго падараваў Тамашу сын. Тыя радасныя дні Тамашу ўспамінаюцца так. Аднойчы сярод нядзелі нечакана, як навальніца сярод белага дня, прыехаў сын Фёдар, што служыць у Чырвонай Арміі.

— На тыдзень усяго. Пазачарговая пабыўка, як выдатніку баявой службы,— адказаў ён на пытанні бацькоў, якія не ведалі ад радасці, куды яго пасадзіць. Адказаў і незнарок вызваніў шпорамі нешта новае, нячутае дагэтуль у хаце ні маткай Настай, ні старым Тамашом. Гэты звон не быў падобны ні на звон патэльні аб прыпечак, ні на дзынканне конскіх цугляў. Расчыніў куфэрак, што прынёс за плячыма, і пачаў вымаць падарункі. Матцы паднёс вялікую хустку, чорненькія валёнкі («От, тупаць, значыцца, будзе па гаспадарцы»,— вырашыў Тамаш), паркалёвае плацце, а старому Тамашу, апрача тытуню і кажушка, выцягнуў незразумелую, пафарбаваную ў жоўтае, скрынку. За ёю пачаў вымаць розныя бліскучыя цацкі.

— А табе, тата, я прывёз у падарунак радыёапарат. Будзеш слухаць з маці ўвечары розную музыку.

— Гэта што ж такое, накшталт грамафона, ці што? — спытаў насцярожаны Тамаш.

— Э, не, зусім не тое,— адказаў, смеючыся, Фёдар. А праз дзень, калі сын устанавіў на хляве і хаце жэрдкі, нацягнуў паміж імі драты і надзеў бацьку на галаву навушнікі, у Тамаша ад здзіўлення ажно вочы заблішчалі. Упершыню слухаючы радыё, ён глянуў сыну ў твар, увесь пачырванеў ад здавальнення і знямеў. Адразу не паверыў. Выйшаў усхвалёваны на двор, пахадзіў ля хаты, ля акна, каб упэўніцца, што там нікога няма, паглядзеў уверх на нацягнуты, як струна, дрот і вярнуўся збянтэжаны ў хату.

— І як гэта ты? — асцярожна, баючыся перашкодзіць сыну, пытаўся Тамаш. Сын зняў навушнікі, выключыў рупар і звярнуўся да Тамаша:

— Падабаецца, тата, падарунак?

— Навошта пытаешся?

Вольны час тых пяці дзён адпачынку, якія засталіся ў Фёдара, ён патраціў на тое, каб навучыць бацьку кіраваць прыёмнікам. На трэці дзень вучобы Тамаш самастойна злавіў Маскву.

Тыдзень праляцеў хутка, і стары Тамаш, пацалаваўшы сына пры развітанні, застаўся сам-насам з сынавым падарункам. Пра Тамашова радыё ведала ўся вёска, і вечарамі моладзь збіралася паслухаць музыку да Тамаша пад акно. І кожны дзень Тамаш надвячоркам зачыняўся ў чысценькай бакоўцы, папраўляў старанна вусы, бараду, нібы збіраючыся ў сваты, сядаў за столік, ля акна, на якім стаяў прыёмнік, і, успяўшы на галаву навушнікі, увесь забываўся.

Тамаш быў у захапленні ад апарата. Кожнага, хто прыходзіў да яго ў хату, ён заводзіў у бакоўку, паказваў радыёпрыёмнік, даваў паслухаць і радаваўся, прыкмеціўшы ў вачах госця здзіўленне. Ён быў горды і тым, які ў яго слаўны сын, і сваім умельствам кіраваць незразумелым і складаным апаратам. Бывала, ці трэба ці не, стары Тамаш заклапочана і мнагазначна падкручваў якую-небудзь шрубку ў кантактах, правяраў злучэнне. Потым з важным, таемным выразам твару прыслухоўваўся да працы прыёмніка і, быццам тое, што перашкаджала, ужо выпраўлена, сам сабе задаволена пасміхаўся.

І калі сказаць праўду, Тамаш хацеў здзівіць Цімоха радыёпрыёмнікам і толькі таму ён і згадзіўся з жонкай, каб запрасіць у госці брата. Тамаш успомніў той апошні момант, калі яны развітваліся з Цімохам, выказваючы адзін аднаму жаданне ніколі больш не сустракацца, і здрыгануўся. Чамусьці цяпер злосці на брата не было, а тады, памятаецца, поўніла грудзі ад яе. Тамашу хацелася паказаць, які ён цяпер шчаслівы.

Новы чырвоненькі пеўнік на каньку хаты вось-вось збіраўся кукарэкнуць на ўвесь голас. Вакол хаты — прыгожая агарожа, пад акном — градка кветак. На вуліцы, каля плота, лаўка, на якой вечарамі збіраецца ўся канцавая моладзь. На хляве і на хаце — па мачце. Вокны завешаны паркалёвымі фіранкамі. У хаце чыста, светла, свежа. Усё здавалася новым, калі зірнуць вачыма мінулага на хату Тамаша. І сам Тамаш, апрануты ў чыстую белую кашулю, падпяразаную стракатым саматканым поясам, або адзеты ў чорны пінжак, новыя боты, з акуратна расчэсанаю сівою барадою, здаваўся памаладзелым.

Тамаш зайшоў у хату, паглядзеў, як дачка спрытна ўвіхаецца з бляхамі, пекучы разнастайныя пшанічныя пернічкі, і падаўся ў бакоўку. А там не ўцярпеў, каб не глянуць на прыёмнік. Ён стаяў, начышчаны да бляску, старанна правераны, у найлепшым доглядзе. Тамаш прыкідваў, як найбольш уразіць брата сынавым падарункам. То хацелася прыкрыць хусцінкай апарат, злавіўшы раней музыку, прывесці ў бакоўку Цімоха і раптам уключыць рупар, то проста сустрэць Цімоха музыкай, то, не заводзячы яго ў бакоўку, ашаламіць нечуванымі гукамі адтуль. Хацелася, каб Цімох сапраўды пабачыў новае ў жыцці Тамаша.

На вуліцы затарабанілі і спыніліся ля варот Тамаша калёсы. У Тамаша ёкнула сэрца: «Цімох, мусіць».

Ён прыкрыў вялікаю хусткаю прыёмнік і пайшоў да дзвярэй. Не паспеў выйсці з бакоўкі, як у двары забрахаў прывязаны Лыска і рыпнулі вароты. Тамаш на хаду кінуў Насці і Мані:

— Цімох, здаецца.

Тыя адразу пакінулі ўсю работу і рынуліся з хаты. З радасным крыкам пабегла насустрач гасцям і чатырохгадовая Волька. Тамаш выйшаў апошнім. Вароты ў двор ужо былі насцеж адчынены. Ля іх стаяў Цімох. Канём кіравала, узяўшы ў рукі лейцы, Юстына.

— Ну, Тамаш, прымай гасцей,— сказаў грубым, крыху хрыпаватым голасам Цімох, нацягваючы ўсмешку на шырокі скуласты твар. Цімох стаяў, трымаючы ў руцэ пугу, шыракаплечы, каржакаваты, з доўгімі моцнымі рукамі, кароткай шыяй і вялікай узлахмачанай галавой. На твары пад густой страхой лахматых брывей хаваліся хітрыя вочы. Яны быстра бегалі па двары, па тварах сустракаючых, забеглі ў гародчык, каўзануліся па жэрдках-мачтах на хляве і на хаце, ускінуліся на пеўніка па каньку хаты і спыніліся на Тамашы. Той ішоў насустрач, крыху ўсхвалёваны, але вонкава зусім спакойны.

— Заязджайце, заязджайце ў двор.

Конь, накіраваны рукою Юстыны, прайшоў у глыб двара. Юстына сядзела на возе, прыбраная па-святочнаму ў шырокую, з фальбонамі спадніцу, вышываную кофту, з вялікай стракатай, у кветкі, хусткай на галаве, трымаючы адной рукой лейцы, а другой абдымаючы маленькага Міхаську. Цімох зачыніў вароты і паволі падышоў да Тамаша. Тамаш падаў яму руку. Браты стрэліся поглядамі. І адзін і другі вельмі змяніліся за гэтыя некалькі год, што не бачыліся. Цімох асунуўся, пачарнеў, у Тамаша каля вачэй гады змаршчынілі скуру і ўплялі ў бараду многа сівых валасоў. Але затое вочы Тамаша былі светлыя, глядзелі шчыра, ледзь пасміхаючыся. У іх свяцілася радасць. Цімох паціснуў працягнутую руку і першым прывітаўся:

— Здароў, брат.

— Здароў... — адказаў Тамаш.

Крыху збянтэжаныя, яны хвілінку памаўчалі, прымерваючыся адзін да аднаго. Цімох, жонка і маленькі Міхаська пачалі вітацца з Настай, пляменніцай Маняй, унучкай Воляй. Тамаш завёў пад павець каня, выпраг яго, паклаў сена і пайшоў за ўсімі ў хату. Там ішла нясмелая гутарка. Як увайшоў Тамаш, Цімох пасунуўся і сказаў:

— Ну, дык сядай жа, брат, раскажы, як жывеш, як маешся?

Тамаш падышоў і сеў за сталом насупраць брата. Па хаце, гуляючы, бегалі Волька з Міхаськам. Са смехам яны перабягалі з большай хаты ў бакоўку, адтуль назад, хаваліся адзін ад аднаго, жартавалі. Дарослыя не звярталі на іх увагі.

— Не загінуў, як бачыш,— успамянуў Тамаш братава папярэджанне і глянуў на Цімоха. У таго хутка з рэчы на рэч пераскаквалі вочы.

— Жыву... — зноў прамовіў Тамаш.

— Хлеб да стала маеш? — спытаўся Цімох.

Тамаш усміхнуўся.

— Маю, і да хлеба маю. Сёлета мы на працадні атрымалі столькі збожжа, што насыпалі даверху тыя бочкі, якія яшчэ да смерці бацькі ўсёй гаспадаркай не засыпалі,— падлічыў брату Тамаш.

Цімох упяў у Тамаша хітры позірк:

— Тыя старыя, бацькаўскія, што ў каморы?..

— Тыя самыя,— спакойна адказаў Тамаш.

— Няпраўда,— рэзка выгаварыў Цімох і адкінуўся тулавам да сцяны. Тамаш моўчкі ўстаў і кіўнуў Цімоху на камору:

— Хадзі.

У яго радасна тахкала сэрца. Цімох не ленаваўся, паднімаўся на пальчыках і зазіраў у кожную бочку. І з кожным разам у яго ўсё болей і болей хмурнеў твар. Таго, што яму гэта непрыемна, ён не мог схаваць, хоць і спрабаваў зрабіць гэта. У вачах зайгралі злосныя агеньчыкі. Сківіцы варушылі шчаку. Вярнуўшыся ў хату, Цімох стаў маўклівым, сур’ёзным, сеў за стол і толькі слухаў, што гаварыў яму Тамаш. Жанкі, азнаёміўшыся, шчабяталі аб нечым. Маня, накрыўшы стол белым абрусам, пачала падаваць на стол.

— Чым багаты, тым і рады,— сказаў Тамаш, калі Маня паставіла на стол пачастунак, і пачаў запрашаць гасцей за стол. Сам сеў насупраць Цімоха і пачаў гаварыць яму аб сваім новым жыцці.

Цімох прыкідваўся, быццам рады таму, што Тамаш жыве добра і што не спраўдзіліся яго колішнія прадраканні. Але па ім відаць было адваротнае. Ён сядзеў насуплены, маўклівы, час ад часу роблена ўсміхаўся, піў, як ваду, гарэлку і не глядзеў Тамашу ў вочы.

 

2

Пасля снедання, калі Маня прыбрала са стала, Тамаш усміхнуўся, глянуў на каржакаватага Цімоха і сказаў:

— Ну, а цяпер хадзем у бакоўку, пакажу табе сынаў падарунак. Федзька ў арміі служыць. Прывёз мне.

— Што ж такое? — спытаўся зацікаўлены Цімох.

— Бачыў на хаце і на хляве жардзіны? Паміж імі нацягнуты, як струна, дрот. А ў бакоўцы — радыёпрыёмнік. Музыку з Масквы пачуем,— сказаў Тамаш і запрасіў: — Зойдзем у бакоўку, хадзі і ты, Юстына, паслухаеш, падзівішся. Хадзем усе...

Цімох устаў, шырокі, прысадзісты, і пайшоў следам за жонкай і Тамашом. Тамаш падсунуў лаўку да століка:

— Сядайце!

Калі Цімох з Юстынаю селі, Тамаш скінуў з прыёмніка хустку і пачаў глядзець, якое ўражанне зрабіў на гасцей прыёмнік. Цімох крыху прыўзняўся і зацікаўлена глядзеў на яго, а Юстына пляснула рукамі:

— Во-ой, і што ж гэта за цацка такая?..

— А вось учуеш зараз,— сказаў Тамаш, адвярнуўшыся да прыёмніка.

— З Масквы, кажаш, музыку пачуем? — недаверліва ўсміхнуўся Цімох.— Глупства гаворыш, мусіць.

«Чакай, чакай, як зайграе, паверыш»,— падумаў сам сабе Тамаш і сеў ля стала. Успяў на галаву навушнікі і пачаў плаўна круціць рэгулятары настройкі. Цімох з Юстынаю ў напружанні глядзелі.

Раптам па твары ў Тамаша прабегла маленькая хваля разгубленасці: у навушніках нічога не было чуваць... Нават не трашчала суха, як заўсёды. Тамаш глядзеў на лямпы. Валаскі былі распалены як след, да жоўтага колеру, але апарат чамусьці маўчаў. У Тамаша ад хвалявання мацней пачало тахкаць сэрца і ўзмакрэў лоб. Рукі пачалі таропка бегаць па прыёмніку, абмацваючы кантакты. Усё было ў парадку. Тамаш пераключыў прыёмнік на другую станцыю і зноў нервова пакруціў рэгулятар. Навушнікі маўчалі. Тамаш у напружанні спыніўся: «Няўжо сапсаваўся?» — падумаў ён.

Цімох, напружваючы ўвагу, сачыў за Тамашом і абыякава кінуў:

— Што, маўчыць?

Тамаша балюча кальнула. Цімох заўважыў яго разгубленасць.

— Маня! — крыкнуў ён, стараючыся стаіць хваляванне.— Прынясі кубак вады.

Калі ён падліваў у батарэю ваду, у яго ад хвалявання дрыжалі рукі. Ён ведаў, што батарэі вада непатрэбна, бо лямпы гарэлі як трэба, але падліваў, адцягваючы час. Па твары, сарваўшыся з лоба, прабегла першая кропелька поту.

— Напаіць трэба,— усміхнуўся Цімох, хітра падміргнуўшы Юстыне з-пад лахматых брывей.

— Так, напоім,— паспрабаваў пажартаваць і Тамаш. Але голас выдаваў яго, бо быў слабы і няўпэўнены. Калі ён зноў сеў да апарата, то адразу адчуў, што знямогся ад хвалявання. Навушнікі маўчалі, як і ў першы раз. Зрабілася горача, і Тамаш прагна выпіў рэшткі вады ў кубку. Несвядома, па звычцы, круціў рэгулятар. Сэрцам адчуваў: прыёмнік не загаворыць. У галаве снавалі спалоханыя думкі. Адзін раз, ледзь скасіўшыся, Тамаш зірнуў на брата. Той сядзеў насцярожаны, іранічна ўсміхаўся.

— Не грае?.. Эт, кінь, Тамаш, мучыцца. Вядомы гэтыя цяперашнія штучкі — глупства.

Тамаша нервова скаланула. Вось, пачалося. Цімох затопча ў гразь сынаў падарунак, а ён нічога не зможа давесці. Значыць, не збудзецца тое, чаго так чакаў Тамаш. Цімох не адкрые ад здзіўлення рот. Не напоўніцца музыкай пакой, і не стане цёпла ад радасці ўсярэдзіне Тамаша: А гэты Цімох... Цяпер ён мае права пасмяяцца з Тамаша, пакпіць над яго пахвальбою.

Нешта мулкае падкацілася пад горла Тамашу, і ад крыўды ён ледзь не заплакаў. Ён глядзеў на лямпы прыёмніка, а бачыў скуласты Цімохаў твар, расцягнуты ўсмешкай, і незразумелая злосць горача пякла яму грудзі.

— Вось табе і музыка... — прамовіў Цімох, пасміхаючыся, і нецярпліва сказаў: — Кінь, Тамаш, глупства гэта...

Значыць, канец? Значыць, трэба прызнаць, што сынаў падарунак глупства? І сцярпець, сашчапіўшы зубы, усе кпіны Цімохавы?

Усхвалёваны Тамаш зноў хутка перагледзеў прыёмнік... і зноў навушнікі маўчалі, нібы нямыя. Уся надзея на тое, што апарат урэшце ажыве, прапала. Тамаш адчыніў вечка прыёмніка, паглядзеў усярэдзіну на безліч розных дроцікаў, шпулек і замёр. Яму хацелася шапнуць, схіліўшыся, прыёмніку, нібы жывому: «Ну ж, мілы, харошы, зайграй. Дакажы, што ты можаш. Хутчэй жа...»

Але Тамаш не шаптаў, баючыся паказацца вар’ятам. Зачыніў крышку і павярнуўся да Цімоха, ціхі, сумны.

— Не грае... Сапсаваўся нешта. Учора граў...

Сказаў і замоўк, зноў уставіўшы погляд у анямелы прыёмнік. Цімох пасміхваўся:

— Ну што ж, бывае...

Выйшлі ў другую хату. Гутарка больш не ладзілася. Тамаш адказваў на звароты да яго злосна, адным-двума словамі. Праз паўгадзіны Цімох вырашыў ехаць. Тамаш не пярэчыў. Ён развітаўся суха, з незахаванай злосцю. Цімох усміхаўся і нешта гаварыў слізкае, халоднае...

 

3

Абражаны ў сваіх найлепшых пачуццях, Тамаш стаяў і глядзеў, як выязджалі за вароты госці. Яму хацелася крычаць ад злосці, вылаяць нізавошта Цімоха, і ён ледзь стрымліваў сябе. Здавалася, што Цімох, прыўзняўшы калматыя бровы, зласліва смяецца з яго.

Раптам да Тамаша падбегла вясёленькая Волька, якая трымала нешта за спіною ў маленькім кулачку. Яна спынілася ля Тамаша і, хітра ўсміхаючыся, весела прамовіла:

— Ага, дзедуска, а я не сказу табе, сто мы з Міхаськам адк’юцілі гаецку... Ага.

Тамаш крута павярнуўся да яе:

— Якую гаечку? Пакажы!

Волька, трымаючы за спіною рукі, адступала ад дзеда і смяялася, падскокваючы на адной назе:

— Не сказу, не сказу...

— Пакажы, Волечка,— наступаў дзед.

Вольцы надакучыла аднеквацца. Яна раскрыла маленькі кулачок і пакорна палажыла на руку Тамашу бліскучую гайку. Тамаш, схапіўшы на рукі Вольку, кінуўся ў бакоўку.

— Дзе ж вы, Волік, адкруцілі яе?

— Вось тут,— наіўна ткнула ружовым пальчыкам Волька на вушак акна, на якім былі дзве клемы. Каля надпісу «антэна» свабодна матляўся непрымацаваны гайкаю провад. Тамаш ліхаманкава хутка схапіў яго, прыкруціў на пустую клему і ўсхвалёвана надзеў навушнікі.

...За акном праехаў, махаючы пугай, Цімох. Яго сківіцы, здавалася Тамашу, трэсліся ад унутранага стрыманага смеху.

Звыкла пакруціў рэгулятар, і... у вушы адразу пырснула спевам, вясёлым і моцным. Уключыўшы рупар, Тамаш спыніўся, захапіўшыся цікавымі спевамі. У нутро хлынула нешта радаснае, бадзёрае, хацелася — дзікае жаданне! — абняць увесь апарат, сціснуць яго старымі, мазолістымі рукамі і пацалаваць у беленькія, пасярэбраныя лямпачкі.

Тамаш устаў з зэдліка і зарагатаў. Волька ў захапленні выгукнула:

— Як хояса!..

«Вярну Цімоха, хай паслухае»,— зараз жа ўспомніў Тамаш і кінуўся за дзверы да варот. Глянуў усцяж па вуліцы і спыніўся: далёкі Цімохаў воз паварочваў у вулічку, на палявую дарогу. Спачатку Тамаш хацеў дагнаць, крыкнуць Цімоху, але раптам плюнуў сабе пад ногі і вярнуўся ў хату. Ён падумаў сам сабе: «Э, нашто я буду яго клікаць? Няхай сабе думае як хоча. Ён і жыве толькі тым, што суцяшае сябе зманам, прыкідваецца, што не бачыць нашага светлага жыцця. Бочкі з жытам, што стаяць у каморы, і так увялі яго, зайздрасніка, у злосць, пераесць нутро яму думка аб гэтым жыце...»

Тамаш узяў на рукі Вольку.

— Няхай сабе думае як хоча,— уголас сказаў ён і пацалаваў сваю ўнучку.

1937


1937

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслясл. Г. Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 318 с.
Крыніца: скан