epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

Родная сям’я

1
2
3


1

Сонца хоць яшчэ і не зайшло, але ўжо схавалася за лес, калі на хутар Андрэя Бондарава з паўстанка прыйшла яго дачка Галіна, якая прыехала з Масквы да бацькі на канікулы. Стомленая і запыленая за дарогу, Галіна паставіла сярод двара свой абшарпаны студэнцкі чамадан і зморана села на яго.

— Гэй, хто ёсць у хаце! — радасная, што скончыла сваё доўгае падарожжа, закрычала Галіна, расчэсваючы грэбнем зблытаныя ветрам валасы.— Гэй! — у нецярплівасці пракрычала яна яшчэ раз.

Але ў другі раз ёй можна было ўжо і не гукаць. Праз міг у хаце насцеж распахнуліся дзверы, і адтуль, што ёсць духу, першым выскачыў чатырнаццацігадовы Піліпка, малодшы брат Галіны, выбеглі маці, не старая яшчэ жанчына, а за ёю бацька.

— Дачушка! — кінулася да Галіны маці.

— Ну, ну, пакажыся, якая ты там вырасла,— падышоў услед бацька і, узяўшы дачку за руку, з жартаўлівай строгасцю агледзеў яе з галавы да ног.— Рабая толькі ад вяснянак, а так нічога,— засмяяўся ён.

— Ластаўкі, мусіць, пабрала,— закрычаў ва ўзбуджэнні Піліпка, рады, што і яму давялося ўставіць сваё слоўца пры сустрэчы.

— «Ластаўкі, ластаўкі»,— смеючыся, перадражніла Галіна брата,— на сябе паглядзі, які ты. Кірпаносы!

Збянтэжаны Піліпка замоўк, таму што яго нос і дапраўды выглядаў самай сапраўднай кірпай.

Ледзь прайшла першая радасць ад доўгачаканай сустрэчы і Галіна па чарзе перацалавалася з усімі — бацькам, маці, братам Піліпкам,— яна раптам азірнулася наўкола і расчаравана спытала:

— А вы ўсё яшчэ на хутары? Вось табе і на. Я меркавала, што вы ўжо даўно ў сяле.

Бацька, які дагэтуль з замілаваннем пазіраў на дачку, уздрыгнуў, адразу прыціх і, апусціўшы вочы, спахмурнеў.

— Не перабраўся яшчэ... — ціха адказаў ён.

— А Піліпка ж зімою пісаў, што вы яшчэ ўвесну думаеце перавезці хату ў калгас. Гэта ж тут так сумна. Чаму гэта вы, тата, а?

Але стары Андрэй не адказаў на пытанне дачкі. Не паглядаючы ні на кога, ён падняў чамадан.

— Пойдзем у хату, ці што?

Уся сям’я моўчкі рушыла ўслед за бацькам. Маці спачатку не хацела парушаць добрага настрою, які ахапіў усіх з прыездам Галі, і стрымлівала сябе, але, увайшоўшы ў хату, не сцярпела.

— Не перабраўся! Усе людзі як людзі, адны мы, як тыя ваўкі!

— Сціхні! — агрызнуўся раззлаваны Андрэй.— Завяла песню.

Спачатку ён намерыўся было сесці на лаву, пагутарыць з Галінай аб яе жыцці, вучобе, поспехах і няўдачах, падзяліцца з дачкой сваімі думкамі, але раптам перадумаў, рэзка махнуў рукою і выйшаў за дзверы.

— Во, стары непакора,— злосна заключыла маці, ставячы на стол пачастунак.

Узнерваваны Андрэй закурыў, прайшоў па двары, адышоўся да гумна. У апошні час яму ўсе моцна ўеліся з гэтым хутарам. На пасяджэннях праўлення старшыня калгаса штораз дапякае яго, каб ён хутчэй перабіраўся ў вёску. Дома жонка не дае праходу, хоча пакінуць хутар. Цяпер зноў дачка... І так балюча, што нікога з іх не цікавіць — ці ж лёгка Андрэю пакінуць гэтае абжытае, звыклае месца, гэты апрацаваны гародзік, што ляжыць вось перад ім, маленькі ўтульны садок, засаджаны і дагледжаны ўласнымі рукамі? Родны двор...

Андрэй акінуў позіркам увесь свой хутар: нестарую яшчэ, моцна зрубленую хату, крытыя чаротам хлявы, прасторны двор, дрывотню, гумно, гарод з садзікам — да ўсяго ён тут прывык, усё абжыў. Ці хопіць жа ў яго сіл перабірацца на новае месца, усё зноў нанава адбудоўваць, ладзіцца?

Але калі цвяроза разважыць, то і жонка і дачка мелі рацыю. Жыццё ў адзіноце, на хутары, і нялёгкае і нявыгаднае. Каб не спазняцца на калгасную работу, трэба паспяшаць уставаць раней за ўсіх людзей, бегчы ў сяло, а ўжо толькі адтуль зноў ісці на поле, на сенажаць. Яшчэ летам нішто, можна і прабегчы, а зімою ў завіруху-мяцеліцу, у мароз, або ўвосень, у дождж і непагадзь? Зноў жа Піліпку ў школу бегаць за чатыры вярсты ці лёгка? Нават пайсці сабе вольным вечарам, як усе людзі, у клуб, пагаманіць пра тое-сёе, пра калгасныя справы, паслухаць радыё, пачытаць газету — і такой магчымасці Андрэй не мае. А колькі разоў ён прамінаў сходы, на якіх разбіралі важнейшыя агульнакалгасныя справы і на якіх яму абавязкова трэба было прысутнічаць.

А як сумна жыць вось так адасоблена ў лесе, у адзіноце! Жонцы няма да каго хоць бы на попрадкі пайсці, сядзіць, сумуе адна ў хаце. Ды нашто ўжо што — загарыся агнём на гэтым хутары — згарыш дазвання, пакуль прыскочыць хто на дапамогу.

Такія думкі часта апаноўвалі Андрэя, калі ён прыслухваўся да ўгавораў старшыні, парад людзей, да папрокаў жонкі. І калі сказаць праўду, злаваўся Андрэй не столькі на жонку, колькі на сябе за нерашучасць пакінуць наседжанае месца. Хоць і ведаў ён, што рана ці позна павінен будзе перабрацца ў вёску — аб гэтым нават ёсць пастанова ўрада,— усе адкладваў пераезд з вясны на вясну, усё не адважваўся зрабіць гэта адразу.

Пахадзіўшы па дварэ і супакоіўшыся канчаткова, Андрэй вярнуўся ў хату.

— Тата,— воклічам сустрэла яго Галіна,— ты сабе можаш злавацца колькі хочаш, але ў вёску мы ўсё ж павінны перабрацца. Мы тут гаварылі з маці...

— Паслухае ён цябе, якраз,— пакрыўджана сказала жонка, прыбіраючы стол, і горка махнула рукой.

Але Андрэй нічога не адказаў ні Галіне, ні на жончын выпад, моўчкі выцягнуў з-пад лавы размочанае ў карыце лыка і пачаў плесці лапці — заўтра іх брыгада выходзіць на касьбу, а для такой справы гэта самы зручны абутак.

«Ну, калі так, чакай жа. Я нешта такое прыдумаю,— рашуча падумала сабе Галіна, пакрыўджаная бацькавай няўвагай,— абавязкова прыдумаю!»

...Назаўтра яшчэ да ўсходу сонца на хутар нечакана прыехаў на веласіпедзе старшыня калгаса Пятрэнка, малады мужчына, жвавы, бадзёры і гаваркі.

— Добрага рання хутаранам! — гукнуў ён, зайшоўшы ў двор, дзе на гэты час бацька якраз кляпаў касу.

Пятрэнка сеў побач з Андрэем, закурыў. Як выявілася, ранні візіт старшыні тлумачыўся важнай прычынай. Учора на праўленні калгаса намячалі, каго паслаць на нараду стаханаўцаў-калгаснікаў у Мінск. Вырашылі паслаць Андрэя Бондарава — лепшага касца калгаса. Ехаць на нараду патрэбна было праз два дні, і Пятрэнка вырашыў загадзя папярэдзіць аб гэтым Андрэя. А каб застаць яго дома, ён і прыехаў так рана.

— Касавіца ў разгары, а тут нарада. Як жа так? — паспрабаваў пярэчыць Андрэй, але старшыня яго супакоіў:

— Справімся і без вас, дзядзька Андрэй. Ды і едзеце вы дні на чатыры, не больш.

Стары замоўк. Задаволены, што вяскоўцы не забылі на яго і аказалі яму такі гонар, ён зноў прыняўся за работу. Пятрэнка ж, развітаўшыся, пакаціў за вароты свой самакат. У гэты час з вядром у руках і ручніком, перакінутым цераз плячо, з сенцаў выскачыла Галіна.

— Міхаська, Міхась! — паклікала яна Пятрэнку. Азірнуўшыся, той шумна сустрэў сваю былую сяброўку.

— Галіна Андрэеўна! Колькі летаў, колькі зім! Прыехала на адпачынак?

— Так, на канікулы.

— Ну, як жа маешся?

— Ведаеш...— Галіна азірнулася на бацьку. Той быў цалкам заняты работай, раз-пораз стукаў малатком, наладжваючы сваю касу.— Я хацела з табой пагаварыць. Я чула, чаго ты прыязджаў да бацькі — пасылаеце яго ў Мінск. Гэта якраз добра...

Галіна яшчэ раз азірнулася, з таямнічым выглядам схапіла Міхася за руку і павяла за сабой. Схаваўшыся ад вачэй бацькі, за варотамі, яна ціха прамовіла:

— Слухай...

І, крыху хвалюючыся, пачала нешта паспешліва расказваць Пятрэнку. Той уважліва выслухаў яе ўсхвалёваную гаворку і, адразу пасур’ёзнеўшы, задумаўся. Але пасля хвіліннага роздуму твар яго праясніўся.

— Гэта ж ідэя! Давай руку, Галінка! Усё будзе зроблена па-твойму.

І моцна, па-сяброўску, паціснуў Галіне руку.

 

2

У вызначаны дзень Андрэй Сцяпанавіч рана-рана, каб не спазніцца на цягнік, ужо быў гатовы да ад’езду. Ён устаў з усходам сонца, чыста пагаліўся, памыўся, апрануў свой лепшы касцюм.

Але не паспеў пасля ўсіх гэтых збораў і паснедаць, як ужо з калгаса падкаціла па яго фурманка. Складваючы ў чамаданчык апошнія рэчы, падрыхтаваныя на дарогу, маці паглядзела ў акно.

— Ого, сам Драбок у цябе за фурмана будзе.

«Сам Драбок» — так празвалі ў калгасе сына брыгадзіра Драбка, хлапчука Толіка. Па прычыне сваёй незвычайнай прывязанасці да коней той выконваў нейкія абавязкі на калгаснай канюшні — улетку купаў у возеры «галоўнага» калгаснага жарабца, быў за фурмана, калі трэба было адвезці ў мястэчка каго-небудзь з раёна, гадаваў на канюшні «асобай пароды» лашачка. Гэта быў шустры, невялікага росту хлапчук, але любіў ён важнічаць, надзімацца, гаварыць і дзейнічаць, як дарослыя. Вось і цяпер Драбок не саскочыў, як, здавалася б, павінен быў зрабіць яго гадоў хлапчук, а павольна злез з воза, не спяшаючыся, крыху ўразвалку, нібы стомлены якою-небудзь працаю ці доўгаю дарогаю, пакіраваўся ў двор. У хату ён не зайшоў, спыніўся каля акна і, цвыркнуўшы слінаю праз зубы, важна, не гаворачы ні слова, пастукаў канцом пугаўя ў раму.

— Зараз, зараз, Драбок, ужо канчаем збірацца. Зайдзі на хвілінку ў хату,— адгукнулася маці.

Але Драбок, не рухаючыся з месца, пастаяў з паўхвіліны, затым зноў з тым жа спакойным выглядам, паглядаючы некуды ў лес, прыняўся стукаць пугаўём у акно.

— Так што, папярэджваю, Глеб — конь пародзісты, пад мухамі стаяць яму тут... — пры гэтым Драбок пагардліва кіўнуў на хутар,— інструкцыя не дазваляе. Трэба, каб як хутчэй.

І спакойна пайшоў да фурманкі. Слухаючы апошнія парады і пажаданні, Андрэй ужо выходзіў з хаты. Затрымліваць насуперак інструкцыі каля варот пародзістага каня яму не хацелася, і стары Андрэй, таропка развітаўшыся з роднымі, сеў на воз. Драбок жа, перш чым прыступіць да выканання сваіх фурманскіх абавязкаў, аглядзеў збрую, памацаў рукою пад хамутом, ці не муляе што, праверыў, ці ў меру падцягнуты церассядзельнік. Толькі пераканаўшыся, што збруя падагнана як след, Драбок узабраўся на сваё сядзенне, прымошчанае ў перадку. Нібы ні да кога не звяртаючыся, ён ціха зазначыў:

— Футару гэтаму церыторыю ў сяле падабралі ўжо. Но! — шморгнуў ён лейцы, узмахнуўшы пугай, і Глеб, відаць, не досыць ахвочы да бегу, рушыў шпаркім крокам.

— Што, што ты сказаў? — нагнуўся да Драбка Андрэй, але той толькі махнуў пугай.

— Нічога такога асаблівага... Но!

Нейкія цьмяныя прадчуванні ахінулі душу Андрэя. Ён азірнуўся на свой хутар. Каля варот стаяла Галіна і махала яму рукой.

— Родны двор... — ціха праказаў Андрэй, — родны двор.

— Но! — гукнуў на ўсё горла Драбок, і Глеб, падбадзёраны пугай, затарабаніўшы па дарозе возам, пабег трушком.

...Тым часам, ледзь бацькава фурманка схавалася за лесам, Галіна ўскочыла ў хату.

— Ну, маці, пакуй з Піліпкам рэчы, а я — у калгас, да Міхася.

— Так-такі ўжо і пакаваць, дачушка? — спынілася ў разгубленасці сярод хаты маці, падносячы да вачэй падол фартуха.

— Усё вырашана, маці. Пакуль прыедзе бацька, хата наша будзе стаяць ужо ў вёсцы.

Галіна накінула на плечы хустку і накіравалася цвёрдай рашучай паходкай да дзвярэй, пакінуўшы маці ў глыбокім роздуме.

Дарогу ў калгас з двух бакоў акружаў прыгожы малады бярэзнік, ісці лесам было прыемна і лёгка. Збіваючы ранішнюю расу, ногі пакідалі на зялёным мурагу выразныя сляды. Разам з ранішнімі даліннымі туманамі ў паветры плаваў пахкі верасовы настой. Хоць думкі Галіны былі заняты сур’ёзнымі справамі, усё ж не магла яна не залюбавацца хараством чароўнай чэрвеньскай раніцы. Удыхаючы на поўныя грудзі свежае паветра, Галіна адчувала сябе як ніколі бадзёрай і ў добрым настроі. Усё, аб чым думала яна раней з трывогай і хваляваннем, калі вырашала выканаць свой план, цяпер не выклікала ніякіх сумненняў. Так, пакуль прыедзе бацька, усё будзе ужо зроблена, і яму не будзе магчымасці ні думаць, ні сумнявацца, ні хістацца. Ды і хіба бацька супроць таго, каб пасяліцца ў цэнтры калгаса,— проста прывык чалавек да свайго хутара, да абжытай мясціны. Усё абыдзецца добра, толькі каб цесляры склалі хату як след, вокнамі на поўдзень, добра пераклалі бярвенні мохам.

Галіна ўподбег спяшалася ў калгас. Каля праўлення, у акружэнні групы мужчын, яе ўжо чакаў Пятрэнка.

— Усё гатова? — без лішніх слоў сустрэў ён Галіну.

— Усё,— адказала Галіна.

— Тады ідзіце на хутар і пачынайце работу,— звярнуўся ён да брыгады цесляроў.— Пасля абеду прышлю да вас першыя фурманкі па бярвенні.

...На працягу тых пяці дзён, у якія ішла перавозка бацькавага двара, Галіне з рання да вечара даводзілася шмат працаваць. Калі часам і набягалі думкі,— а што, калі к прыезду бацькаваму хата не будзе складзена, калі бацька злаваць пачне за яе свавольства, калі не так, як трэба, хата будзе пастаўлена,— то не паспявала Галіна дадумаць да канца, што ж з усяго гэтага можа атрымацца, як ужо ішлі следам дзесяткі розных спраў, якія патрабавалі неадкладнага вырашэння. То патрэбна было пад хату новую аснову палажыць, і яна клапацілася ў лясніцтве, каб далі ёй на гэта лесу; то з Піліпкам па мох ездзіла, то цвікоў патрэбна было дастаць, то ў мястэчка па фарбы адскочыць. Ды ці мала ў такі час вынікае розных гаспадарчых спраў і клопату? Добра яшчэ, што Міхась, нягледзячы на гарачы час уборкі ў калгасе, прыняў у гэтай справе самы шчыры ўдзел. Ён адпусціў на перасяленне хутара цэлую талаку людзей і падвод столькі, што на другі ж дзень хата ўжо была звезена ў сяло. У Галіны ажно сэрца радавалася, калі глядзела яна, як хутка падымаліся, раслі вянец за вянцом.

А праз пяць дзён хата старога Андрэя стаяла ўжо на новым месцы. Змецены былі пад павець трэскі, перавезены і пастаўлены вакол двара плот, прыладжаны на месца старыя вароты, і так, здавалася, быццам хата гэтая і нарадзілася тут і састарылася, усё пазіраючы невялікімі сваімі вокнамі на поўдзень, у бок выгану, дзе, час ад часу дружна гагочучы, хадзілі статкі калгасных гусей. Толькі новая аснова ды свежапафарбаваныя аканіцы вылучалі хутарскую хату з рада другіх вясковых дамоў.

Надвячоркам Галіна павяла маці і Піліпку паказаць ім новую сядзібу. Вёска ў гэты час жыла сваім заўсёдным будзённым жыццём. З пашы якраз гналі кароў, і над статкам плыла цёмная хмара пылу. З хат раз-пораз выбягалі жанкі з вёдрамі на каромыслах, спяшаліся да калодзежаў па ваду. З песнямі і жартамі ішлі з работы касары, грабцы, усё больш моладзь — хлопцы і дзяўчаты. Старая Андрэіха, якая пражыла на хутары без малога гадоў дваццаць, адвыкла ад усяго гэтага, засумавала па вёсцы, па людзях і цяпер, расчуленая, не саромячыся, выцірала набегшыя слёзы радасці.

— Вось і наша хата,— Галіна паказала рукою на сядзібу.

Маці моўчкі паглядзела з вуліцы наўсцяж ва ўсе чатыры бакі. Потым зайшла ў двор, асцярожна, нібы баючыся, што раптам усё рушыцца ці апыніцца сном, маці адчыніла дзверы ў сенцы. Усхвалёваная, памацала рукою па дзвярах, пакуль знайшла такую знаёмую клямку ў хату. Зайшла ў пакой, азірнулася навакол і ў знямозе села на лаву.

— Дачушка мая, колькі думала я аб гэтай хвіліне, колькі сніла!..

 

3

Глыбока задуманы, Андрэй пазіраў у акно вагона. Ён знаходзіўся ў нейкім самотным настроі. За акном адзін за адным мільгалі тэлеграфныя слупы, беглі лясы, лясы змяняліся лугамі, на якіх, пабліскваючы косамі, радамі рухаліся касары, за лугамі ішлі пакрытыя асокамі балоты, далей — квадраты зялёных палеткаў, на якіх пад лёгкім ветрам гойдаліся хвалямі цяжкія каласы налітай калгаснай ярыны, за палеткамі на ўзгорках раптам вырасталі невялічкія вёскі, а за імі зноў плылі палеткі.

Андрэй пазіраў на незнаёмыя яму вёскі, незнаёмых людзей, якія клапатліва і дружна працавалі на калгасных палях і сенажацях, і ўспамінаў свой калгас. Многа новага і цікавага бачыў і чуў Андрэй у Мінску, на нарадзе. Многае ён пачуў з трыбуны, дзе побач з кіраўнікамі ўрада выступалі такія ж простыя, радавыя людзі, як ён, многае пераняў з гутарак у вольны час з людзьмі з далёкіх і блізкіх калгасаў. І вось, слухаючы ўсе тыя прамовы, неўпрыкмет для самога сябе здолеў Андрэй паглядзець на сябе збоку і ацаніць усяго сябе. Усё яго жыццё, жыццё колішняга панскага парабка, прабегла перад ім. Успомніў ён, як нараджаўся ў іхняй вёсцы калгас, успомніў свае хістанні і недавер да яго, успомніў, як пазбягаў калгаса тры вясны і як затым уступіў у яго і знайшоў для сябе там новае, нязведанае, светлае жыццё.

«Удзячнасці ў нас мала»,— думаў сам сабе Андрэй, да болю адчуваючы сябе вінаватым перад некім. Убачыўшы ў акно, як у канцы нейкага сяла будавалася і вырастала цэлая новая вуліца,— хутаране ссялялі свае сядзібы,— ён з горыччу падумаў і пра свой хутар. Навошта ён так моцна трымаецца за яго? Дзеля чаго? Якія радасці прынёс яму ў жыцці гэты хутар, на які ў маладосці пакладаў ён столькі надзей, і колькі нястачы і невыгод перажыў ён там?

Так ён усё стаяў і моўчкі пазіраў на мільгаючыя за вокнамі краявіды, стаяў аж датуль, пакуль цягнік не прымчаўся да роднага паўстанка.

Цягнік тут стаяў нядоўга, і Андрэй хуценька вылез з вагона. Не ўбачыўшы на паўстанку нікога знаёмага, Андрэй сабраўся ўжо было ісці дахаты пеша, але ледзь ён мінуў будынкі, як убачыў за шуркамі дроў падводу і Драбка. З сумам у вачах той павольна зганяў мух са спіны свайго пародзістага Глеба.

— Машкара розная нападае на яго, нельга проста цярпець,— спакойна зазначыў Драбок і, па-гаспадарску падгробшы з-пад каня сена, ускінуў яго на воз.

Стомлены доўгай дарогай, Андрэй з радасцю сустрэў Драбка. Яшчэ большая прыемнасць ахапіла яго, калі ён даведаўся, што Драбок прысланы спецыяльна і што нават ён ужо прыязджаў сюды па яго ўчора.

Такая ўвага калгаса расчуліла старога Андрэя. Ён доўга ехаў і маўчаў, задумёна пазіраючы ўсцяж, на збажыну, што сцяною стаяла з абодвух бакоў дарогі, злёгку хістаючыся пад ветрам і гамонячы налітым коласам.

Драбок таксама ехаў моўчкі. Толькі час ад часу, калі размораны гарачынёю Глеб канчаткова «здаваў тэмпы», ён шырока ўзмахваў пугай і шморгаў лейцы.

— Но, но! — І потым, знявераны ў Глебавай чыстапароднасці, нязлосна дабаўляў: — Чорта з два, мусібыць, ты такі пародзісты. Толькі паскудзіш фабрычную марку.

Але Глеб не зважаў на гэтыя злосныя выпады Драбка. На кожны замах пугі ён прывычна ўзмахваў хвастом, заадно зганяючы з сябе надакучлівых мух, і працягваў без асаблівага форсу бегчы павольным трушком.

Раптам Андрэй павярнуўся да Драбка.

— Што там у калгасе, Драбок, навіны якія-небудзь ёсць?

Драбок хутка ўскінуў на Андрэя позірк і апусціў вочы. Хітраватая ўсмешка паказалася на яго вуснах.

— Нічога такога няма. Но!

— Балота прыбралі ўжо?

— Учора касілі ўсім сялом — скончылі! Не сена, а чай кітайскі, зáпагадзь да апошняй травінкі прыбралі.

— Вось бачыш, як добра! Цяпер луг засталося скасіць — і ўсё. Жыццё...

Андрэй крыху памаўчаў, задумліва пазіраючы на шумлівую збажыну. Такое жыццё: усё талакой, гуртам. Чалавек адзін — што ён ёсць? Калектыў жа якую хочаш сілу можа пераадолець.

Андрэй загаварыў і, ужо як бы не маючы сіл стрымаць свае думкі, не спыняючыся, спяшаўся гаварыць і гаварыць. Нават не цікавячыся, ці слухае яго Драбок, ён гаварыў пра ўсё-ўсё таропка і крыху заблытана — пра сваё жыццё, пра калгас, пра светлыя сялянскія мары аб сваім будучым, пра нараду, на якую ездзіў у Мінск, пра людзей, з якімі давялося сустракацца.

Мінуўшы поле, яны ўехалі ў невялікі лясок, і на іх прыемна павеяла халадком. Драбок, які дагэтуль цярпліва слухаў Андрэя, раптам перапыніў яго:

— Вы пра калектыў казалі, што гэта — добра. А самі на хутар ад людзей староніцеся.

Збянтэжаны Андрэй рэзка адказаў:

— Ты да чужой болькі не дакранайся, калі нічога не разумееш. Можа, мяне так розум дурны паблытаў. Хіба я вінаваты? А людзей я не старанюся,— вось прыеду, падам заяву на праўленне, каб дапамаглі...

— Значыць, вырашылі перабірацца? — усміхаючыся, спытаў Драбок.

— А то як жа... — цвёрда адказаў Андрэй.

— Вось і добра,— весела сцебануў пугаю каня Драбок.

І якраз у гэты час яны выехалі на ўзлессе, дзе дарога раздзялялася на дзве — адна, пратораная, вяла полем у вёску, а другая, ледзь прыкметны, заросшы травою летнік, бегла на Андрэеў хутар. Скіраваны рукою Драбка, конь пайшоў проста ў вёску. Заняты гутаркай, Андрэй спачатку і не заўважыў гэтага. Але калі наперадзе паказаўся знаёмы масток, перакінуты цераз невялікі ручай, Андрэй спахапіўся.

— Ты што ж, у вёску мяне вязеш?

— Загадана, каб у вёску,— адказаў Драбок, безуважна падпраўляючы пугаўём набедрыкі, якія праз усю дарогу спаўзалі то на адзін, то на другі бок Глебавай спіны.

— Чаго ж мне ў вёску? Мне спачатку дахаты... То я злезу хіба, пеша пайду.

І стары Андрэй на хаду саскочыў з воза.

— Тпру, тпру! — нацягнуў лейцы Драбок. Калі Глеб канчаткова застыў на месцы, лена абмахваючыся хвастом, Драбок павярнуўся да Андрэя.— Лезьце зноў у воз, дзядзька. Не загадана было мне расказваць, таму і маўчаў. Хутар жа ваш ужо ў вёсцы.

— Як... у вёсцы? — ажно пахіснуўся Андрэй.

— Натуральна, у вёсцы. Па суседству з нашай хатай, на гуляшчым пляцу пастаўлены. Дачка ваша, Галінка, папрасіла калгас ад вашага імя. Так што сядайце, а то... — і Драбок дзелавіта, нібы нічога асаблівага не здарылася, пачаў зганяць з Глеба мух.

Андрэй утароплена паглядаў на Драбка, не рухаючыся з месца.

— Чакай... ты гэта праўду?

— Навошта ж мне хлусіць? Сядайце.

Андрэй моўчкі, нерашуча сеў у воз.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

— Вось і мой родны двор...— ціха прашаптаў Андрэй. Прыціхлы, усхвалёваны, ён, не адрываючыся, глядзеў на сваю абноўленую сядзібу, нібы ўросшую ў калгасную вуліцу, і на твары яго знаходзілі адбітак і радасць, і здзіўленне, і неспакой.

— Родная сям’я,— прамовіў ён, знаходзячыся ў нейкім зачарованым зняменні, не маючы рашучасці ні зайсці ў двор, ні крануцца з месца.

— Тата, тата прыехаў! — раптам пачуўся на дварэ вясёлы голас Галіны. Праз міг яна ўжо выскачыла на вуліцу. Выскачыла і, убачыўшы бацьку такім задумёным, у нерашучасці спынілася каля варот.

Андрэй павольна падышоў да дачкі. У нейкім забыцці ён зняў з галавы шапку, выцер на лобе пот. Асцярожна абняў дачку, ледзь чутна прамовіў:

— Гэта ж і ёсць наш родны двор, родная сям’я,— ён прасцёг руку, паказваючы на вёску,— наш калгас. Ты даруй мне, старому. Даруй, дачушка...

1939


1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслясл. Г. Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 318 с.
Крыніца: скан