epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

Складаны вузел

Яшчэ за акном праплывалі розныя станцыённыя пабудовы — дэпо, вадакачка, склады, і цягнік толькі пачаў набіраць разгон, як у суседнім купэ пачуўся ўжо вясёлы мужчынскі голас:

— Ану, налятай, ахвотнічкі, у даміно...

Гэта быў, відаць, гуляка з той катэгорыі пасажыраў, якія, сеўшы ў цягнік, не ведаюць ніякай іншай забавы, чым карты або даміно. Для іх не існуе ні прыгожых пейзажаў за вагонным акном, ні цікавай кнігі або газеты, ні суседзяў-пасажыраў, з якімі можна бывае распачаць такую гутарку, што і не прыкмеціш, як праскочыць самая доўгая дарога. Паклаўшы на састаўленыя калені чамадан, яны будуць бясконца стукаць костачкамі і дыміць цыгаркамі, перапыняючы гульню толькі для таго, каб дзе-небудзь на супынку выбегчы на перон за бутэрбродам або за пачкам папярос.

На бадзёры заклік гулякі адразу ж знайшоўся водгук. З нашага купэ на голас рынуліся аж двое. Для большай пэўнасці яны нават захапілі з сабой свае чамаданчыкі, як відаць, маючы на мэце асталявацца там грунтоўна і надоўга. А на іх месца, выціснутыя гулякамі, у наша купэ перабраліся дзве жанчыны. І так атрымалася, што за выключэннем мяне ды яшчэ маўклівага насупленага дзядзькі ў капелюшы, які, сеўшы, адразу ж пачаў чытаць газету, у купэ сабраліся ўсе жанчыны.

З тых жанчын, якія перабраліся да нас, адна была, як відаць, студэнтка, маладая, з усыпанымі вяснянкамі круглым, але прыгожым тварам, з маленькім роўным носікам, быстрая і рэзкая ў рухах. Другая — жанчына год пад трыццаць з універсітэцкім значком на грудзях, стройная, чарнявая, з мяккімі і прыемнымі рысамі твару і прыгожымі цёмнымі вачыма. Уладаваўшы на паліцы свае рэчы, яна прыстроілася ў самым кутку, каля акна, насупроць таго маўклівага дзядзькі ў капелюшы, што чытаў газету.

Да часу, калі скончылася ўся гэтая турбацыя, цягнік ужо выскачыў на шырокі палявы прастор, і за вокнамі паплылі палеткі, пакрытыя зялёным аксамітам веснавой руні, лясы і пералескі, налітыя першымі сокамі вясны і толькі што апранутыя ў зеляніну першай маладой ліствы, паўнаводныя, шырока разлітыя рэчкі.

Студэнтка, абапёршыся рукамі на столік, не адрываючыся, у захапленні паглядала ў акно.

— У полі ўжо сапраўдная вясна,— заўважыла яна, ні да кога, уласна, не звяртаючыся.— Во, ужо і трактар выйшаў, і плугары выехалі... А варання колькі!

Тут уставіў сваё слова мужчына ў капелюшы, які, як выявілася, зусім не быў такі маўклівы і пануры, як здавалася на першы погляд.

— Вясна, каханне,— у тон дзяўчыне, з усмешкай сказаў ён, па-ранейшаму трымаючы перад сабою разгорнутую газету.

Студэнтка ўся ўспыхнула, пачырванела, але, перамагаючы сваю збянтэжанасць, сказала:

— Пры чым тут каханне?.. Я ж кажу пра вясну.

— Якое там каханне! — неяк рэзка і нечакана абазвалася на гаворку сухатварая сярэдніх год жанчына з кашолкай на каленях.— Няма цяпер ніякага кахання. Жэняцца, разыходзяцца, зноў жэняцца і разыходзяцца...

— Ой, і чаму вы так гаворыце? Гэта ж няпраўда,— засупярэчыла студэнтка, яшчэ больш загарэўшыся ад сораму, што ёй, самай маладзейшай у купэ, прыходзіцца адстойваць праўду пра каханне.

— А чаму ж няпраўда? — рэзка павярнулася да яе сухатварая жанчына.— І вельмі нават праўда.

І яна тут жа расказала гісторыю пра аднаго вядомага ёй мужчыну, які за два гады «змяніў чатыры жонкі».

— Ну,— выслухаўшы яе, адпарыравала ёй студэнтка,— гэты ваш мужчына проста распуснік і жулік, і за свае паводзіны ён яшчэ панясе пакаранне. А каханне — ёсць, без яго... без яго...

Студэнтка канчаткова збянтэжылася і замоўкла. Мужчына ў капелюшы, весела пасміхаючыся, слухаў гэтую спрэчку і, паглядваючы з-за газеты, час ад часу падміргваў жанчыне з універсітэцкім значком на грудзях.

— А вось мая суседка,— мужчына хітравата паглядзеў на чарнявую жанчыну,— я ўпэўнены, мае сваю, асаблівую думку аб гэтым? Праўда?

Чарнявая жанчына ўсміхнулася.

— Хочаце і мяне ўцягнуць у спрэчку? — прыветна сказала яна і рухам галавы адкінула звісаўшы на лоб завіток чорных валасоў.— Вядома, маю... Толькі мая думка ніякая не асаблівая. Я проста не згодна з вамі, вось і ўсё,— сказала яна жанчыне з кашолкай на руках.— Вядома, бываюць у жыцці і вельмі складаныя вузлы... Я вось на колькі дзён еду ў госці да сваёй сяброўкі, настаўніцы. З ёю такое адбылося, што...

Тут усе, у тым ліку і мужчына з газетай у руках, і сухатварая жанчына, і студэнтка, зацікаўленыя яе словамі, пачалі прасіць, каб яна расказала гісторыю той настаўніцы. Чарнявая жанчына спачатку адмаўлялася, але пасля дружнага націску ўсіх прысутных саступіла і пачала расказваць.

— Маю сяброўку завуць... ну, я не буду называць яе сапраўднае імя, няхай яна будзе звацца Наташай. Яшчэ займаючыся ў тэхнікуме, яна пазнаёмілася неяк з адным студэнтам апошняга курса сельскагаспадарчага тэхнікума. Звалі яго Анатоль. Гэта быў выдатнік вучобы, вясёлы і шчыры хлапец, і да таго ж прыгожы, высокі, стройны, з светлымі кучаравымі валасамі. Не мінула і месяца пасля іх знаёмства, як яны ўжо так закахаліся, што не маглі адзін без другога жыць. Яны сустракаліся амаль штодня і заўсёды былі такія шчаслівыя, што нам, сяброўкам, аж зайздросна было на іх глядзець. Калі ў Анатоля не было часу доўга быць у нас, то ён хоць на тры хвілінкі заскокваў у інтэрнат пераведаць Наташу.

Па сканчэнні тэхнікума Анатоля накіравалі працаваць на яго радзіму, Бабруйшчыну, аграномам у вёску Крышычы. Год яны з Наташай былі ў разлуцы, і гэты год паказаў, што іх каханне сапраўднае і вялікае, бо разлука не толькі не затушыла яго, а яшчэ больш распаліла.

Наташы пашчаслівіла: калі нас, скончыўшых педагагічны тэхнікум, размяркоўвалі па раёнах, у аддзеле народнай асветы ўлічылі яе просьбу і накіравалі на працу ў тыя ж самыя Крышычы, дзе працаваў і Анатоль. Ну, вядома, як толькі Наташа прыехала ў вёску, яны адразу ж пажаніліся. Але мне выпала іх пераведаць толькі праз год, калі ў іх ужо нарадзілася дачка. Скажу проста — шчаслівая была гэта сям’я. Жылі яны дружна, зладжана, адзін аднаго разумелі з паўслова і верылі адзін аднаму. Наташа працавала ў школе, а яе маці дапамагала гадаваць маленькую Галінку. Анатоль у той час быў пераведзены на працу ў МТС і займаўся асушкай балот. Работы ў яго было вельмі многа, але увесь свой вольны час ён цалкам аддаваў сям’і. Ён любіў забаўляцца з Галінкай, насіў яе на руках да рэчкі. У выхадныя дні ездзіў з Наташай у горад, наведваў кіно, тэатр.

Так мінула тры гады. І раптам мірнае і шчаслівае жыццё сям’і было абарвана. Сорак першы год. Анатоль, з’яўляючыся лейтэнантам запасу, быў адразу ж мабілізаваны ў армію. У сваіх некалькіх пісьмах, якія ён паспеў напісаць Наташы з часці, ён настойваў, каб яна як найхутчэй эвакуіравалася ў глыбокі тыл. А Наташа і сама ўжо збіралася ехаць. Хутка яна разам з Галінкай і маці выехала на ўсход, у глыб краіны.

Яны спыніліся за Волгай, непадалёк ад Саратава. Там яна пачала працаваць спачатку рахункаводам у калгасе, а праз кароткі час па сваёй спецыяльнасці — настаўніцай. Хутка праз цэнтральнае бюро па росшуку эвакуіраваных Анатоль даведаўся яе адрас, і яны наладзілі пісьмовую сувязь. Кожны атрыманы ад Анатоля ліст асвятляў вялікай радасцю дні Наташы. Трэба сказаць, што гэта былі не лёгкія дні — ёй даводзілася многа працаваць і ў школе і ў калгасе, даводзілася перажываць і матэрыяльныя цяжкасці.

Але ўсё гэта было б нішто, калі б у сорак другім годзе Наташы не давялося знесці адзін за адным два цяжкія ўдары. Вясною, захварэўшы на запаленне лёгкіх, памерла яе старэнькая маці. А ўвосень... увосень паштальён прынёс ёй пісьмо, што ў баях за Керч забіты яе Анатоль. Не паранены і не загінуў без вестак, а забіты...

Гэтае гора звалілася нечакана, і яно ледзь не зламала Наташу. Першыя тыдні яна і працавала і жыла як бы ў сне, засмучоная, маўклівая, не праяўляючы ні да чаго ніякай цікавасці. Дапамаглі ёй вычуняць ад гэтага цяжкога смутку сябры па рабоце. Яны акружылі Наташу ўвагай, прыходзілі да яе, уцягнулі ў грамадскую работу. А яшчэ, што вярнула яе інтарэс да жыцця,— клопаты пра дачку Галю, якой яна цяпер аддавала ўсе свае сілы. Праз некалькі месяцаў Наташа спісалася з адной сваёй добрай знаёмай, нават нейкай далёкай сваячкай, якая пражывала ў Вольскім раёне той жа Саратаўскай вобласці, і, калі скончыўся навучальны год, пераехала да гэтай сваячкі.

Час ад часу, усё яшчэ захоўваючы іскарку надзеі, што смерць Анатоля — непаразуменне, яна пісала лісты то ў часць, то ў штаб Вярхоўнага камандавання з запросамі пра мужа. Але адказ адусюль быў адзін і той жа — Анатоль забіты. Яна пасылала пісьмы на месца свайго ранейшага жыхарства, у Краснаярскі раён,— можа, туды дайшла якая вестачка пра яго. Але і адтуль кожны раз адказы былі бязрадасныя.

Так мінуў год і яшчэ паўгода. Савецкая Армія пачала вызваляць нашу радзіму. Крок за крокам вызвалялася ад ворага і наша Беларусь. Увосень 1944 года Наташа, атрымаўшы выклік абласнога аддзела народнай асветы, вярнулася з эвакуацыі на сваё старое месца працы, у Крышычы. Былое памяшканне школы тут было спалена фашыстамі, маёмасць разграблена. Школу прыйшлося арганізоўваць на голым месцы. Розных клапот і працы было столькі, што ўвечары Наташа амаль знясіленая валілася ў ложак. Але праца не палохала яе, наадварот, яна сама шукала працы і знарок стамлялася, каб не падпасці пад уладу цяжкіх думак.

Але час ішоў, а ён, як вядома, найлепшы лекар у такіх справах. І рана Наташы паступова загойвалася. Скончылася вайна. Наташа неяк уся акрыяла, прымірылася з лёсам і, калі не лічыць дробных зморшчынак каля вачэй ды яшчэ выразу нейкай заўчаснай сталасці, які прыкметна лёг на твары, ніякіх іншых знакаў перанесенага гора ў яе нельга было заўважыць.

А яшчэ праз паўгода я даведалася, што Наташа выйшла замуж. Мужам яе стаў нехта Андрэй Будоўскі, сябра па рабоце, дырэктар школы. Па ацэнцы ўсіх, ад каго я чула пра яго, чалавек гэта быў вельмі станоўчы, разумны, чулы і ўважлівы да людзей. У арміі ён уступіў у партыю, быў многа разоў узнагароджаны. Не ведаю, ці адказвала яму Наташа такім жа шчырым пачуццём, але ён пакахаў яе вельмі моцна. У тым, што яны пажаніліся, вялікае значэнне, мусіць, мела і тое, што Андрэй вельмі ж шчыра, па-сяброўску і разам з тым, як самы клапатлівы бацька, адносіўся да Наташынай дачкі Галінкі, якой к таму часу было ўжо сем гадоў. Прынамсі, калі Наташа пісала мне пісьмо пра сваё другое замужжа, яна многа разоў падкрэслівала, што Андрэй крануў і расчуліў яе сваімі цёплымі і шчырымі адносінамі да яе дачкі.

Новае жыццё Наташы ішло роўна, спакойна. З цягам часу яна з радасцю пераканалася, што не памылілася ў сваім новым мужу, што ён будзе добрым сябрам у жыцці і заменіць бацьку Галінцы.

Толькі часамі, рэдка-рэдка, у іх адбываліся невялікія спрэчкі. Гэта нават былі не спрэчкі, а нешта іншае. Моцна палюбіўшы Наташу, Андрэй часамі пачынаў раўнаваць яе да Анатоля. Справа ў тым, што Наташа яшчэ да замужжа выгаварыла сабе права павесіць на сцяне партрэт Анатоля і часта ўспамінала яго, забываючы, што такія ўспаміны для Андрэя балючыя. Між іншым, ад Галінкі яна не хавала праўды, яна ёй проста сказала, што першы яе бацька загінуў у баях з фашыстамі, а папа Андрэй — яе айчым. Андрэй, чалавек разумны і разважлівы, дараваў ёй усё гэта, але часамі ўсё ж успыхваў у кароткім прыпадку рэўнасці.

Аднойчы ён нават паставіў перад Наташай такое пытанне, хаця сам адчуваў яго бестактоўнасць: калі б здарыўся цуд і раптам Анатоль аказаўся жывым, з кім бы працягвала яна жыць, з ім ці з Анатолем? Наташа, абняўшы яго за плечы, упрошвала не задаваць ёй такіх складаных пытанняў. Яна пазбягала думаць пра гэта...

Чарнявая жанчына некаторы час маўчала, задумёна паглядваючы ў акно вагона, за якім адзін за адным мільгалі тэлеграфныя слупы, прабягалі лясы і пералескі. Потым яна павярнулася зноў да сваіх суседзяў і працягвала расказ.

— Але акурат так выпала, што жыццё паўтарыла пытанне Андрэя. Вясною сорак шостага года ў Крышычы раптам прыехаў «забіты» Анатоль. Як выявілася, ён сапраўды ў адным баі быў цяжка паранены і памылкова залічаны ў забітыя. Ён быў падабраны санітарамі суседняй часці і доўга лячыўся ў глыбокім тыле. Затым Анатоль выконваў адно небяспечнае ўрадавае заданне, быў паранены ў другі раз і часова не меў магчымасці перапісвацца. Пазней ён пісаў пісьмы на Краснаярск, але яны вярталіся назад. Ён згубіў яе след і толькі праз тры гады нечакана вярнуўся.

Увечары ён зайшоў у хату, дзе жылі Андрэй з Наташай. Гэта былі вельмі цяжкія хвіліны для ўсіх траіх. Адзін рукаў Анатоля быў пусты, заткнуты за пояс. Ён многа змяніўся за вайну, пастарэў. Вялікі боль ад таго, што здарылася, скажаў пакутай яго твар, і яго нават цяжка было пазнаць. Але Наташа, вядома, пазнала яго адразу. Андрэй, глянуўшы на пабляднелы Наташын твар, на якім імгненна адлюстраваліся і вялікая радасць, і збянтэжанасць, і спалох, таксама адразу здагадаўся, хто перад ім.

— Толя!..— не маючы сіл нават скрануцца з месца, выгукнула Наташа. Многа чаго хацела ўкласці ў гэты кароткі выгук Наташа. Яна хацела б сказаць, як яна чакала Анатоля з вайны, як моцна яна яго любіла і як доўга не верыла ў яго смерць, а потым усё ж паверыла, выйшла замуж, і што ні ў чым не вінаваты яе новы сябра Андрэй. Хацела сказаць многае, а здолела толькі зноў паўтарыць: — Толя!

Але Анатоль нерухома стаяў каля парога і, нахмураны, суровы, моўчкі пазіраў на іх. У яго поглядзе не было гневу, а толькі свяціўся глыбокі смутак і боль.

— Толя, даруй мне, даруй! — са слязьмі ў голасе раптам закрычала Наташа і кінулася да Анатоля. Але той рашучым рухам сваёй здаровай правай рукі спыніў яе і рэзкім, асіплым ад хвалявання голасам сказаў:

— Чакай...

І ён, як бы не прыкмячаючы Наташы, ва ўпор паглядзеў на Андрэя. Андрэй, які дагэтуль сядзеў на канапе, адразу ўстаў. Ён быў увесь бледны ад хвалявання.

— Бачыш, Наташа,— цяжка сказаў ён,— ты адмаўлялася адказаць мне на маё пытанне. Цяпер само жыццё паўтарыла яго. Нам усім траім было б лягчэй, калі б ты адказала мне тады, а не цяпер. Бывай! — Андрэй нізка схіліў галаву і шэптам дадаў: — Бывай, любая Наташа.

Потым ён выпрастаўся і паглядзеў на Анатоля.

— Перад вамі яна ні ў чым не вінаватая, і вы сапраўды павінны дараваць ёй...

Андрэй пайшоў. Наташа і Анатоль засталіся ўдваіх. Сурова сцяўшы губы, Анатоль, глыбока задуманы, стаяў і маўчаў, не пазіраючы на Наташу. Так цягнулася, можа, некалькі доўгіх хвілін, і Наташа не вытрымала.

— Толя, чаму ты маўчыш? Толя! — у роспачы выгукнула яна.— Гэта непаразуменне. Роўна тры гады таму назад я атрымала паведамленне аб тваёй смерці. Я думала... Але я... Вось яно, вось...— кінулася Наташа да куфэрачка, дзе ляжала паведамленне, як быццам тая даўняя пажаўцелая паперка магла ўсё вырашыць і неяк апраўдаць яе перад ім і прынесці самому Анатолю палёгку.

Але Анатоль нават не глянуў на паперку.

— Дзе наша дачка, Галінка? — адхіліўшы Наташыну руку з паперкай, сурова спытаў ён.

Наташа кінула на стол паперку і паспешна пайшла ў другі пакой.

— Хадзі...

Ён доўга паглядаў на дачку, што спала, непазнавальна вялікую, нейкую і блізкую, і чужую, і слёзы заслалі яму вочы. Потым ён хутка пацалаваў яе і выйшаў зноў у першы пакой.

— Ведаеш, Наташа,— ціхім, але цвёрдым голасам сказаў ён,— я не магу застацца ў цябе... Можа, ты і не вінаватая, але я не здольны зараз дараваць табе, што здарылася. Жыві, як жыла,— так будзе лепш для нас абаіх. Бывай...

— Толя! — заламала ў роспачы рукі Наташа.— Як жа гэта? Я ж цябе так чакала! Гэта непаразуменне...

— Так будзе лепш для нас абаіх,— цвёрда паўтарыў Анатоль і пайшоў...

І вось Наташа засталася зусім адна. Збянтэжаная тым, што адбылося, яна цяпер зноў замкнулася ў сабе, цалкам аддаўшыся працы, выхаванню дачкі...

Праз месяц-наўтара пасля таго здарэння яе аднойчы наведаў Андрэй.

— Калі б вы жылі разам,— сказаў ён Наташы, — я не меў бы ніякага права станавіцца вам на дарозе. Але цяпер, калі Анатоль пакінуў цябе, я хачу зноў прапанаваць табе сваю дружбу і вярнуцца. Ты ж ведаеш, як я люблю цябе...

Але Наташа адмовіла яму. Яна сказала, што пры жывым Анатолю ніколі не выйдзе замуж, хоць яны і не будуць жыць разам. Вось і ўсё...

Чарнявая жанчына замоўкла. Мы ўсе раптам пачулі, як раўнамерна і голасна ляскочуць калёсы цягніка — дагэтуль мы быццам і не чулі іх вясёлага перабору. Студэнтка, якую, відаць, моцна ўсхваляваў лёс тых трох незнаёмых ёй людзей, уся ўстрапянулася.

— Як? І гэта ўсё? Анатоль так і не вярнуўся да Наташы? Вы ж казалі, што яны гэтак любілі адзін аднаго!..

— Вось і ўсё — гэта так сказала тады Наташа Андрэю,— усміхаючыся, працягвала чарнявая жанчына.— А што датычыць Анатоля, то ён, вядома ж, вярнуўся да Наташы. Праўда, мінуў немалы час, мінула больш года пасля той іх першай размовы. Анатоль, як і да вайны, пачаў працаваць аграномам. Ён многа перажываў, бо па-ранейшаму кахаў Наташу, але нешта было такое, што ўтрымлівала яго ад таго, каб адразу ж сысціся з ёю. Я так думаю, што ён чакаў, пакуль утаймуецца яго першы пякучы боль, нанесены гэтым здарэннем.

І вось мінуў час, і ён вярнуўся да яе, я ўпэўнена, назаўсёды. І калі б вы ведалі толькі, як дружна і шчасліва яны цяпер жывуць. Заўтра дзень нараджэння Наташы, і вось я еду да іх у госці.

— Ой, як добра! — выгукнула радасна студэнтка.— І правільна ён зрабіў, што вярнуўся! Во, а вы гаворыце, што няма сапраўднага кахання,— горача звярнулася яна да сухатвараіі жанчыны з кашолкай на каленях.

— М-да, нічога не скажаш, складаны вузельчык,— адкінуўшыся, задумёна прамовіў дзядзька ў капелюшы, цярэбячы бародку.

— Анатоль і Наташа, вядома ж, шчаслівыя! — горача і безапеляцыйна заявіла студэнтка.— Бо яны любяць адзін аднаго і на іхнім шляху не стаіць ніякіх перашкод да шчасця.

Цягнік стаяў на нейкай невялікай станцыі. Раптам студэнтка падхапілася, падбегла да акна.

— Ой! — выгукнула яна.— Гэта ж мая станцыя! Я пабегла. Бывайце!

Паспешна схапіўшы свае рэчы, яна хуценька пайшла да выхаду. А мы засталіся ў купэ, і кожны з нас мімаволі працягваў думаць пра складаны лёс траіх незнаёмых нам людзей.

Тым часам у суседнім купэ ўсё яшчэ ляскалі і ляскалі костачкамі даміно...

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслясл. Г. Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 318 с.
Крыніца: скан