epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

Сустрэча ля храма Лорэта

Калі вам, дарагі чытач, давядзецца ў якасці турыста аглядаць выдатнасці Прагі і трапіцца ў вас гідам пані Бажэна Алаізава, лічыце, што вам пашанцавала. Гэтая немаладая, але поўная энергіі жанчына проста-такі закаханая ў сваю старажытную «стовежавую» Прагу, «матку мест»1 і можаце не сумнявацца, што ва ўсім гэтым вялізным і сапраўды вельмі прыгожым горадзе не застанецца ніводнага колькі-небудзь цікавага куточка, з якім бы яна вас не пазнаёміла.

Я абавязаны пані Бажэне ўдвая: і за яе вялікую стараннасць паўней пазнаёміць нас з Прагай, і за тое, што, калі б не яна, у мяне не адбылася б адна хвалюючая сустрэча, якая...

Але не будзем забягаць наперад. Мы былі на Карлавым мосце, аглядалі яго цудоўныя скульптурныя ўпрыгожанні, калі раптам пані Бажэна, зірнуўшы на гадзіннік, заспяшалася, запрасіла ўсіх у аўтобус, і нас ні з таго ні з сяго хутка памчалі праз увесь горад да нейкага храма Лорэта. Што казаць, ёсць у замежных гідаў асаблівая і, трэба сказаць, даволі надакучлівая схільнасць частаваць турыстаў знаёмствам з усімі сваімі старажытнымі храмамі, цэрквамі, былымі манастырамі і рознымі сутарэннямі далёкай мінуўшчыны.

Як выявілася, паспешлівасць, з якою імчаў нас да гэтага храма шафёр «Чэдака» — чэшскага турысцкага бюро,— мела свае прычыны. На званіцы Лорэта вісіць дваццаць сем рознагалосых званоў, і вось ужо трыста гадоў роўна а дванаццатай гадзіне дня гэтыя званы вызваньваюць урачыстую мелодыю «Аве Марыя». Пані Бажэна так спяшалася, каб даставіць нам асалоду паслухаць гэтую «Марыю», што мы трапілі да храма а палове дванаццатай, і ў нас яшчэ заставаўся час аглядзець і самы храм.

Мне, уласна, запомніліся ў тым храме дзве рэчы: выстаўленая для агляду за шклом славутая дарахавальніца, вядомая ва ўсім свеце пад назвай «пражскае сонца» — тварэнне сапраўды высокага мастацтва. Зробленая з чыстага золата і аздобленая больш чым шасцю тысячамі брыльянтаў, гэтая дарахавальніца і праўда ўся зіхацела, як сонца.

І яшчэ запомніўся вялізны, напісаны на сцяне партрэт святой Старосты, ахоўніцы ўсіх бедных і пакрыўджаных лёсам жанчын. Запомніўся з той незвычайнай прычыны, што твар гэтай святой, у адрозненне ад усіх жанчын свету, абрамляла... густая чорная ў завітушкі барада. Легенда тлумачыла гэтую дзіўную акалічнасць так: некалі, яшчэ ў другім стагоддзі, бацька Старосты, кароль Луізітаніі, жадаючы парадніцца з сіцылійскім каралём, парашыў выдаць за яго сваю дачку, вышэйпамянёную Старосту. Але прыгожая маладая дзяўчына не хацела ісці замуж за нелюбімага ды, можа, яшчэ якога-небудзь гугнявага, з клюкаватым носам старога. І вось у ноч перад першай сустрэчай з нарачоным Староста пачала маліцца і прасіць бога, каб ён уратаваў яе ад нежаданага замужжа. Бог паспачуваў шчырым малітвам, і да раніцы ў дзяўчыны вырасла... вялізная чорная барада. А які ж дзівак будзе жаніцца на дзяўчыне з барадой! Паколькі ж адкупілася Староста ад жаніха занадта дарагой цаной, царква ў парадку, так сказаць, кампенсацыі, залічыла яе ў святыя. Што казаць, пакутніцы была аказана «высокая» пашана. Але, як нам здаецца, наўрад ці льга было змякчыць трагедыю барадатай дзяўчыны нават такой «шчодрай» аддзякай, і можна ставіць сто супроць аднаго, што юная Староста не падскоквала ад шчасця і не выяўляла глыбокай удзячнасці богу за яго легкадумны жарт.

Словам, да дванаццаці мы аглядзелі храм усярэдзіне, а затым выйшлі на невялікі, пакрыты брукам дворык слухаць званы. Музыка на званіцы пачалася са спазненнем хвіліны на паўтары, і пані Бажэна з гэтай прычыны адчувала сябе так ніякавата і ўсміхалася ўсім нам так жаласліва, што можна было падумаць, быццам гэтае спазненне здарылася па яе асабістай віне.

У пачцівым маўчанні мы праслухалі мелодыю, што адбівалі званы. Яна была павольнай, урачыстай і, трэба сказаць, мілагучнай. І ўсё ж у нашых сэрцах атэістаў не ўзнікалі высокія думкі аб тленнасці быцця, усемагутнасці божай ці там яшчэ што-небудзь падобнае. У гэтым сэнсе званы не апраўдвалі спадзяванняў, якія ўскладалі на іх былыя гаспадары храма.

Яшчэ слухаючы «Аве Марыя», мы заўважылі збоку, непадалёк ад нас, невялікую групу людзей, мяркуючы па ўсім, таксама турыстаў. Іх, як і нас, прывезлі сюды, відаць, з той самай прычыны — паслухаць музыку званоў. Усе, як адзін, чарнявыя на выгляд, яны таксама моўчкі стаялі і пазіралі ўгару, на званіцу, увесь час, пакуль над дворыкам гучала «Аве Марыя».

Як толькі званы заціхлі, турысты хапіліся за свае фотаапараты, пачалі фатаграфаваць званіцу, уваход у храм, дворык. І тут нам кінулася ў вочы адна цікавая акалічнасць: усе гэтыя турысты былі ўзброеныя нашымі савецкімі фотаапаратамі. Прычым не якімі-небудзь там дарагімі камерамі, накшталт такіх, як «Кіеў», «ФЭД», «Зоркі», а самымі што ні на ёсць просценькімі і таннымі — «Змена», якую ў нас звычайна дораць у дзень нараджэння дзецям піянерскага ўзросту. Мы зацікавіліся і падышлі да незнаёмых. Аказалася, што гэта былі італьянцы.

Даведаўшыся, што мы савецкія людзі, італьянцы (між іншым, гэта была арганізаваная група нейкага прафсаюза) горача кінуліся да нас, заўсміхаліся, нешта жвава загаварылі, жэстамі прапанавалі нам абмяняцца памятнымі значкамі. Моладзь з нашай групы, ды і ўсе аматары сувеніраў палезлі ў кішэні за значкамі, і тут адразу ж пачалося ажыўленне, пачуўся гоман, вясёлыя выгукі.

Да мяне падышоў адзін з турыстаў, мужчына гадоў пад сорак, сярэдняга росту, чарнявы, з маленькімі, як у Чапліна, вусікамі. На правай шчацэ ў яго чырванеў рубец, які цягнуўся ад вуха амаль аж да тых яго чорных вусікаў. Апрануты італьянец быў у карычневы плашч, на галаве — капялюш, а паўзверх плашча цераз плячо ў яго, як і ў іншых, вісела наша «Змена».

— Сав-еціко? Русо?..— звярнуўся да мяне італьянец.

Ён быў неяк асабіста ўзрушаны сустрэчай з намі, і мяне гэта зацікавіла. Я пацвердзіў, што мы сапраўды савецкія турысты, беларусы. Пачуўшы гэта, італьянец яшчэ больш захваляваўся, узрадаваўся, схапіў мяне за руку.

— Бланкорусо? О! — Ён горача і хутка пачаў нешта гаварыць, затым рукой паказаў на свой чырвоны рубец на твары. Час ад часу ў яго гаворцы праскоквалі асобныя рускія словы, але аб чым ён расказваў, зразумець было цяжка. Я мог толькі здагадацца, што той рубец быў знакам апошняй вайны і, відаць, італьянец нейкім чынам быў знаёмы з нашымі краямі.

Убачыўшы, што я не разумею яго, італьянец спыніўся.

— Маменто! — гукнуў ён і пачаў азірацца, шукаючы некага вачыма. Заўважыўшы непадалёк перакладчыцу, маладую дзяўчыну з пышнымі русымі валасамі па імені Мілена, ён кінуўся да яе, жэстамі запрашаючы, каб і я ішоў за ім.

З дапамогай Мілены, якая ведала не толькі італьянскую, але і рускую мову, нам адразу стала лягчэй размаўляць.

— Мяне завуць Рынальда Марчэла, — перш за ўсё назваў сябе італьянец.— Я шафёр таксі. Можа, вы калі-небудзь будзеце ў Рыме, дык мяне вельмі лёгка знайсці — мая стаянка на плошчы Фламініо, каля Вітэрбоскага вакзала.— Рынальда ўсміхнуўся, бліснуўшы сваімі белымі зубамі.— Бланкорусо я задарам пракачу па ўсіх вуліцах, пазнаёмлю з нашым горадам.

Я падзякаваў Рынальда і пажартаваў, што абавязкова выкарыстаю яго запрашэнне, калі у мяне здарыцца нагода пабываць у Рыме. Але, дадаў я, мне незразумела, чым выклікана яго такая асаблівая ветлівасць.

— О-о! — паклаў мне руку на плячо Рынальда.— Сіньёр не ведае, што азначае для мяне яго радзіма. Бачыце гэты рубец?.. Гэта памяць ад фашыстаў. Рынальда Марчэла быў падрыўніком аднаго з вашых партызанскіх атрадаў.

На гэты раз прыйшла мая чарга здзіўляцца.

— Вы былі ў нас партызанам? — перапытаў я, мяркуючы, што проста нечага не зразумеў.

Мне было вядома, што ў беларускіх партызанскіх атрадах змагаліся салдаты многіх краін, прымусова мабілізаваныя на вайну супроць Савецкай Арміі,— славакі, сербы, палякі. Але пра італьянцаў я ніколі не чуў.

— Так,— кіўнуў галавою Рынальда.— Калі ў вас ёсць жаданне, я раскажу...

Твар Рынальда паружавеў ад хвалявання, вочы блішчалі. Я сказаў, што з вялікай цікавасцю паслухаю яго расказ. Тым часам, зацікавіўшыся размовай, нас з усіх бакоў абступілі і мае сябры па падарожжы і італьянскія турысты.

— Наша часць размяшчалася ў невялікім напаўспаленым беларускім мястэчку,— пачаў свой расказ Рынальда.— Думаю, кампаньеро, вам не трэба гаварыць, што Гітлер у той вайне не меў ад нас надта вялікай дапамогі. Наш народ ненавідзеў яго гэтак жа, як і свайго «мілага» дучэ. Гітлераўцы адчувалі гэта і не любілі нас, здзекліва звалі «спагецці» — «макароннікі». Мы плацілі ім той жа манетай і ў душы кожны раз радаваліся няўдачам «ботчо»2. Многія з нас спачувалі вашаму народу, які так гераічна змагаўся з фашыстамі. Паверце, кампаньеро, мы не маглі спакойна глядзець, як гітлераўцы расстрэльвалі вашых жанчын і дзяцей, палілі сёлы, знішчалі гарады... У мяне даўно спела думка ўцячы з арміі, перабегчы да савецкіх партызан, ды ўсё не здаралася зручнага выпадку.

Але вось аднойчы ўночы партызаны ўварваліся ў мястэчка, дзе быў наш гарнізон, узарвалі камендатуру, нямецкія фуражныя склады, вызвалілі з гестапаўскага засценка сваіх сяброў. Я і яшчэ адзін мой сябра, Сільвано, не ўцяклі разам з усімі, а засталіся ў мястэчку і, выбраўшы зручную хвіліну, здаліся ў палон партызанам.

Як сёння памятаю чалавека, які першым дапытваў нас. Гэта быў немалады ўжо мужчына, з вусамі, але гладка паголены, у паўваенным адзенні. Асабліва запалі мне ў памяць яго вочы, раздумлівыя, крыху як бы сумныя, але такія цёплыя, чалавечныя. Як я пазней даведаўся, гэта быў камандзір вялікага партызанскага атрада, звалі яго таварыш Андрэй. Калі перакладчык сказаў яму, хто мы, ён спачатку проста заявіў, што адпускае нас на ўсе чатыры стораны, і прапанаваў лепш за ўсё вяртацца да сваіх. Але мы з Сільвано адмовіліся вяртацца. Мы прасілі, каб ён дазволіў нам застацца ў атрадзе і ваяваць супраць гітлераўцаў. Камандзір здзівіўся нашай просьбе. Пасля гэтага ён доўга размаўляў з намі, распытваў, адкуль мы і хто мы, чаму ў нас узнікла такое жаданне, распытваў пра нашы сем’і.

І ён дазволіў нам застацца ў атрадзе. Хоць мы з Сільвано і не ведалі рускай мовы, але хутка знайшлі самых шчырых сяброў сярод вашых цудоўных баявых хлопцаў. Разам з імі мы хадзілі ў засады, рабілі налёты на варожыя гарнізоны. А ў вольныя хвіліны сядалі разам ля кастра і пад гітару спявалі песні — і вашы, беларускія, і нашы...

Неўзабаве па загаду таварыша Андрэя нас з Сільвано перавялі ў падрыўную дыверсійную групу. Уночы мы падкрадаліся да чыгункі, мініравалі рэйкі, а раніцою тут быў «грассэ — бух», ляцелі пад адхон вайсковыя эшалоны фашыстаў. Адзін час мы так дапяклі фашыстам, што яны зусім спынілі рух на бліжэйшым да нас участку дарогі.

Але праз тыдзень рух на дарозе зноў быў адноўлены. На гэты раз чыгунку ахоўвала ўзмоцненая варта. Праз кожныя сто метраў на дарозе шпацыраваў «ботчо», праз кожныя дзвесце — стаяў дзот, узброены кулямётам. Акрамя таго, у раён, дзе размяшчалася наша брыгада, прыбыла вялікая карная экспедыцыя па барацьбе з партызанамі.

Аднойчы нашу дыверсійную групу напаткала вялікая бяда. Неяк ноччу, падкрадаючыся да чыгункі, мы нарваліся на варожую засаду, і ў няроўнай бойцы трое з нашай групы былі забіты. У гэтым начным баі загінуў і мой друг Сільвано...

Рынальда спахмурнеў, у задуменні апусціў галаву. Відаць, успаміны расхвалявалі яго, і некаторы час ён маўчаў. Маўчалі і мы, як бы ўшаноўваючы памяць таго незнаёмага нам італьянскага салдата. Потым Рынальда загаварыў зноў, ціха, павольна.

— Я ўбачыў, як Сільвано ўпаў, падкошаны кулямётнай чаргой, і кінуўся да яго. Але ў гэты міг нешта бліснула перада мной і я грукнуўся вобземлю... Апрытомнеў ужо толькі ў зямлянцы партызанскага шпіталя, куды мяне прынеслі сябры. Асколкам гранаты я быў паранены ў грудзі і вось,— паказаў Рынальда рукою,— у твар.

У шпіталі мне вынялі асколак, перавязалі раны. Ад майго ложка амаль не адыходзіла сястра, мілая, маладая сеньёрына. Сам таварыш Андрэй прыязджаў пераведаць мяне, клапаціўся, каб мяне добра даглядалі.

Між іншым, у час яго апошняга прыезду я заўважыў, што камандзір быў нечым моцна занепакоены. Я спытаў, у чым справа, што яго хвалюе. Але таварыш Андрэй усміхнуўся і сказаў, што гэта мне, відаць, здалося, у атрадзе ўсё ціха і спакойна. Ён перадаў мне прывітанні ад сяброў і знаёмых. «Ляжы спакойна, Рынальда,— сказаў ён на развітанне,— ні аб чым не думай і хутчэй ачуньвай. Мы з нецярплівасцю чакаем цябе ў атрадзе...»

Але праз дзень я даведаўся, што камандзір, не жадаючы мяне хваляваць, сказаў няпраўду. Партызанская брыгада знаходзілася ў вельмі цяжкім становішчы. Гітлераўцы акружылі і блакіравалі лес, дзе мы размяшчаліся, і рыхтаваліся разграміць нас. Неўзабаве партызаны вымушаны былі адступіць у глыбіню лесу. У шпіталі, акрамя мяне, было яшчэ чалавек пяць параненых і хворых, і партызаны ўвесь час неслі нас на насілках. Партызаны прабіраліся скрозь гушчар дзень і яшчэ дзень, імкнучыся як-небудзь вырвацца з акружэння.

Але на трэці дзень выявілася, што «ботчо» чакалі нас ужо і па той бок пушчы, і сілы ў іх былі намнога большыя, чым у нас. Куды ні спрабавалі прабрацца партызаны, усюды натыкаліся на фашыстаў. Не памятаю, колькі мы блукалі па тым лесе, галодныя, знясіленыя, не ведаючы спакою ні ўдзень ні ўночы. Але нават у самыя цяжкія часіны партызаны не пакідалі нас, параненых, аддавалі нам апошні кавалак хлеба.

Ніколі не забуду, як аднойчы на світанні да нас прыйшоў таварыш Андрэй. Ён быў увесь схуднелы, чорны ад клопатаў і бяссонніцы, няголены, левая рука яго, відаць параненая, вісела на перавязі. Мы ведалі, што становішча брыгады было вельмі цяжкое, але таварыш Андрэй не падаваў выгляду, падбадзёрваў нас. «Пратрымайцеся, хлопцы, яшчэ дзянёк-другі, і ўсё будзе ў парадку. Нам на дапамогу ідзе некалькі суседніх брыгад». Потым камандзір падышоў да мяне, усміхнуўся: «Што, Рынальда, цяжка?.. Можа, зараз ты шкадуеш, што трапіў да нас?..» Увесь знясілены, я глянуў яму ў вочы і адмоўна калыхнуў галавой. Мне многае хацелася яму сказаць, хацелася падзякаваць за яго добрае сэрца, за мужнасць, сказаць, як моцна я яго палюбіў. Але я змог толькі калыхнуць галавой. «Дзякую, дружа,— ціха сказаў таварыш Андрэй.— Трымайся, Рынальда...»

Але падмога, пра якую гаварыў таварыш Андрэй, нешта не прыходзіла. А тым часам вораг з кожным днём усё тужэй сціскаў кола вакол нас. І вось надышоў дзень, калі нам засталося выбіраць адно з двух: або гінуць усім у акружэнні, або прабівацца праз глухое багністае балота, якое не так моцна ахоўвалася фашыстамі. І таварыш Андрэй прыняў рашэнне: прабівацца і адыходзіць праз тое балота...

Адзін з параненых, камуніст, — ён акурат ляжаў побач са мной — сівавусы, стары чалавек, папрасіў сястру перадаць камандзіру, што ён просіць пакінуць яго ў лесе. Мы зразумелі яго: у няроўных баях параненыя будуць вялікім цяжарам для партызан. А справа ішла аб выратаванні многіх соцень партызан і іх сем’яў. І мы, усе параненыя, далучыліся да яго просьбы.

Але калі сястра перадала нашу просьбу таварышу Андрэю, ён накрычаў на яе і прагнаў. «Якія мы былі б камуністы,— сказаў ёй таварыш Андрэй,— калі б пакінулі ў бядзе сяброў?» І камандзір вылучыў групу моцных, маладзейшых партызан, каб яны нас неслі і ахоўвалі.

І вось позна ўночы, пад аховай заслонаў, якія заставаліся стаяць насмерць, стрымліваючы фашыстаў, атрады партызан пачалі прабівацца да балота. Гэта была жахлівая ноч. Усё вакол грымела і грукатала, ракеты асвятлялі хмызняк і балота, з гулам і свістам ірваліся вакол міны. Партызаны неслі нас, па пояс грузнучы ў балотнай твані. Малады высокі хлапец, які пярэдні нёс мае насілкі, раптам спатыкнуўся і ўпаў, падкошаны асколкам міны. Насілкі адразу ж падхапіў другі баец, а параненага ўзялі на рукі і панеслі следам за намі.

Гэтак з баямі партызаны прабіваліся гадзіны дзве і вырваліся з акружэння толькі к раніцы. Брыгада адышла кіламетраў за сорак ад ранейшага месца і зноў асталявалася ў лесе. Але тут карнікі ўжо не маглі нас даняць,— у гэтых мясцінах стаялі буйныя партызанскія сілы, узброеныя не толькі кулямётамі, але і гарматамі. Нас, параненых, перадалі ў шпіталь злучэння, і месяца праз паўтара я ачуняў...

Мінула колькі гадоў, а я не магу забыць, і ніколі не забуду, тыя вашы лясы, людзей, поплеч з якімі мне выпала шчасце ваяваць. Я не ведаю ні імя, ні прозвішча нашага камандзіра,— «таварыш Андрэй» была толькі яго партызанская клічка. Але калі ён жывы і вам здарыцца сустрэць яго, перадайце яму: калі б нават раскалоліся цвердзі зямныя і залілі зямлю прорвы нябесныя, Рынальда Марчэла не здрадзіць дружбе, народжанай у тыя вогненныя дні.

І яшчэ перадайце яму...— Рынальда сунуў руку ў бакавую кішэнь, выцягнуў партманет і дастаў з яго невялікую чырвоную кніжачку.— Вось...

Я разгарнуў кніжачку,— гэта быў білет італьянскай камуністычнай партыі.

— Перадайце, што Рынальда Марчэла, шафёр рымскага таксі, назаўсёды звязаў з вамі свой лёс.

Рынальда замоўк, паглядзеў на мяне і ўсміхнуўся.

— Кампаньеро, вось мой адказ на пытанне, чаму я буду такі ветлівы, калі сустрэну вас у Рыме...

Усхваляваны расказам Рынальда, які нечакана абудзіў у памяці незабыўныя ўспаміны, я нейкі міг знаходзіўся нібы ў забыцці. Ды і ўсе, хто слухаў яго, раптам прымоўклі, задумаліся, нават наша мілая перакладчыца Мілена, якая пад канец апавядання Рынальда не саромеючыся выцірала хусцінкай набегшыя на вочы слёзы.

Але праз міг я прахапіўся ад таго міжвольнага забыцця, шчыра паціснуў руку Рынальда, падзякаваў яму за хвалюючы расказ. Мы абмяняліся значкамі: ён падарыў мне невялікі сціплы значок італьянскай кампартыі — зорачка і молат з сярпом на фоне чырвонага сцяга, а ўнізе надпіс «Р. С. І.». А я ў адказ даў Рынальда свой — маленькі, круглы, з залацістым сілуэтам Леніна. А потым, акружыўшы Рынальда, мае сябры прыкалолі яму да плашча яшчэ многа розных іншых значкоў. Рынальда ўсміхаўся, шчаслівы, расчулены, і вочы яго блішчалі...

Ужо калі мы развіталіся, паселі ў аўтобус і пані Бажэна, узяўшы ў рукі мікрафончык, заняла сваё месца гіда, Рынальда раптам аддзяліўся ад групы сяброў, якія заставаліся на дворыку, і, на хаду шукаючы нешта ва ўнутранай кішэні, паспешліва кінуўся да нашага аўтобуса. Падбегшы, ён працягнуў мне скрозь раскрытае акно сваю фотакартку.

— Аміко3, перадайце гэта таварышу Андрэю... На ўспамін! І яшчэ скажыце яму, што Рынальда Марчэла не хоча, каб у свеце паўтарылася тое, што было. Вы чуеце?.. Перадайце гэта Андрэю!

Аўтобус крануўся і пабег, і я ў адказ змог толькі памахаць Рынальда рукой...

* * *

 

Вярнуўшыся з падарожжа, я спачатку нават не рабіў і спробы шукаць таго «таварыша Андрэя». Марная работа, думаў я. Ці ж можна было зараз, праз столькі год пасля вайны, знайсці чалавека, нават прозвішча якога было невядома?..

Але аднойчы, можа, праз якіх паўгода пасля той сустрэчы, перабіраючы свае дарожныя нататкі і нечакана натрапіўшы на фотаздымак Рынальда, я раптам падумаў: а што калі ўсё ж паспрабаваць? У той жа дзень я звярнуўся з запытаннем пра «таварыша Андрэя» ў музей Айчыннай вайны. Якое ж было маё здзіўленне і радасць, калі неўзабаве мне паведамілі не толькі імя і прозвішча «таварыша Андрэя», але сказалі нават, дзе ён знаходзіцца зараз. Выявілася, што ён жыве на Магілёўшчыне і працуе дырэктарам буйнога жывёлагадоўчага саўгаса.

Усхваляваны гэтай навіной, я адкінуў усе справы і ў той жа дзень увечары выправіўся ў дарогу. Я ўвесь гарэў жаданнем хутчэй убачыць таварыша Андрэя, пазнаёміцца з ім. Разам з тым я адчуваў сваю віну перад Рынальда і цяпер хацеў як найхутчэй выканаць яго даручэнне.

У доме дырэктара саўгаса мяне сустрэў пажылы, хударлявы мужчына ў паўваенным, па-хатняму расшпіленым кіцелі. Твар мужчыны быў гладка паголены, не крануты былі толькі вялікія чорныя вусы. Але, як ні дзіўна, пазнаў я таварыша Андрэя не па гэтых знешніх адзнаках, а па позірку яго вачэй, крыху як бы сумных, але надзвычай чалавечных, праніклівых, акурат такіх, як расказваў Рынальда.

Прывітаўшыся і папрасіўшы прабачэння за свой нечаканы прыход, я парашыў нічога не тлумачыць і ні аб чым не распытваць, а спачатку проста падаць яму фотаздымак.

— Рынальда?! — выгукнуў таварыш Андрэй, ледзь толькі кінуўшы позірк на здымак.— Рынальда Марчэла!.. Адкуль у вас гэты здымак? Заходзьце ў хату і хутчэй раскажыце ўсё...

Таварыш Андрэй паклаў мне руку на плячо так, быццам мы з ім былі даўнія прыяцелі, і гасцінна павёў у пакой. Я падрабязна расказаў таварышу Андрэю, дзе і як мы сустракаліся з Рынальда і што той прасіў перадаць яму.

Калі я скончыў гаварыць, таварыш Андрэй устаў ад стала, моўчкі прайшоўся туды-назад па хаце. Потым зноў сеў, апусціў у задуменні галаву. Я заўважыў, што яна ўжо густа серабрылася сівізной.

— Рынальда,— ціха, не падымаючы галавы, прамовіў таварыш Андрэй,— ты не хочаш, каб паўтарылася тое, што было...— Ён раптам падняў галаву, вочы яго заблішчалі.— А каму ж на ўсім нашым вялікім свеце патрэбна вайна?.. Гадам паўзучым яна патрэбна, а не людзям...

Памаўчаўшы, таварыш Андрэй усміхнуўся, весела, з хітрынкай глянуў на мяне.

— А ведаеце, гэта ўсё ж вельмі радасна, што ў нас па ўсёй зямлі ёсць столькі добрых сяброў. Праўда?..

Я моўчкі кіўнуў галавой,— так, гэта вельмі радасна. Мне хацелася толькі дадаць: у нас таму так многа сяброў, што зямля наша бясконца шчодрая на такіх цудоўных людзей, як таварыш Андрэй.

1959

1 Матка мест — маці гарадоў, як называюць чэхі сваю сталіцу.

2 Ботчо — бошы, зняважлівая назва фашыстаў.

3 Аміко — друг (італ.).


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслясл. Г. Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 318 с.
Крыніца: скан