epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

Талісман

Яго нават прынялі ў атрад неяк хутка і лёгка. Уладзіку Стрыжу, напрыклад, залічэнне ў партызаны каштавала столькіх клапот, было звязана са столькімі фармальнасцямі. А гэтага камандзір атрада, дзядзька Сцяпан, аднойчы прывёў да агню, да партызан і сказаў: — Вось, хлопцы, новы член нашага атрада. Падрыўнік. Завуць Цярэшкам. Мае ад роду дваццаць год і крыху вопытны ў сваёй справе. Нежанаты.

Дзядзька Сцяпан пры гэтым выразна кінуў вокам у бок дзяўчат і ўсміхнуўся. Потым акінуў позіркам партызан:

— Стрыж тут?

— Тут, таварыш Сцяпан,— падхапіўся з зямлі Стрыж.

— Прыстаўляю цябе да таварыша Цярэшкі за... Адным словам, за падручнага, як бы сказаць, ардынарца. Зразумеў?

Стрыж толькі быў раскрыў рот, каб нейкім чынам пратэставаць, прасіцца вызваліць яго ад гэтай пасады, якая ва ўсякім разе не патрапляла яго ваяцкаму гонару, але дзядзька Сцяпан і не думаў слухаць яго, а тут жа сабраўся і пайшоў сабе ў сваю камандзірскую зямлянку.

Стрыж павярнуўся да Цярэшкі. Божа мой, хоць бы што-небудзь з выгляду было ў гэтым Цярэшку такога, што сведчыла б аб пільнай патрэбе мець яму «падручнага ардынарца». Сярэдняга росту, танклявы, смуглы, Цярэшка быў апрануты ў кароткую ватоўку, суконныя штаны, на нагах былі керзавыя боты. Праўда, адзенне ляжала на ім неяк ладна, прыгнана, ватоўка была шчыльна перацягнута ваенным поясам, на якім вісеў дэсантны нож у дабротнай разной аправе. І ўвесь ён быў нейкі статны і лоўкі. Аднак жа такіх статных і лоўкіх хлопцаў у атрадзе было хоць гаць гаці. А потым, чакайце, дзе ж яго зброя? Акрамя таго невялікага нажа, ён не меў пры сабе нават нагана. І як яго, бяззбройнага, прынялі ў атрад?

— Хэ,— быў намерыўся крытычна ўсміхнуцца Стрыж, у якога, у процівагу новаму падрыўніку, цераз плячо ваяўніча звісаў трафейны фрыцаўскі аўтамат, за поясам тырчалі гранаты, наган, матляліся нейкія баявыя сумачкі і падсумкі. Але Цярэшка паклаў яму руку на плячо, паглядзеў на яго і ўсміхнуўся. Усміхнуўся аднымі толькі вачыма, светлымі, праніклівымі, з адценнем нейкага далёкага смутку, і неяк няпэўна вымавіў:

— Стрыж...

І чамусьці такое адчуў Уладзік у Цярэшкавым голасе, у постаці, што адразу пракаўтнуў сваё крытычнае «хэ».

А Цярэшка тым часам падышоў да агню, узяў у хлопцаў гітару, сеў у круг — нейк адразу ўсе рассунуліся, далі яму месца,— злёгку крануў струны і заспяваў:

 

 

Ты, чырвоная каліна, ой, і што цябе зламіла?..

Ох ты, беленькі малойчык, а і што цябе ссушыла?

 

 

І голас быў у Цярэшкі прыемны, мяккі і такі шчыры, што ішоў, здавалася, ад самага яго сэрца. Заспяваў і нібы раскрыў перад усімі сваю душу. І чамусьці прапала ў Стрыжа ўсякая непрыязнасць да незнаёмца, а наадварот, што далей ён глядзеў і слухаў яго, то ўсё больш пранікаўся да Цярэшкі павагай. І нават гонар загаварыў у ім. Паглядзіце, моў, да каго я прыстаўлены ў падручныя, да якога чалавека. Дзядзька Сцяпан не абы-каго, а менавіта мяне выбраў на гэтае месца паставіць. У сваіх думках Уладзік адразу ж надзяліў незнаёмца нейкімі таямнічымі здольнасцямі, асаблівым геройствам. Ён нават пачаў думаць, што Цярэшка не хто іншы, як нейкі праслаўлены дыверсант, аб якім хутка пойдзе погаласка па ўсёй партызанскай акрузе.

...Але гэтая Стрыжова выдумка пра асаблівыя здольнасці новага падрыўніка акурат і пацвердзілася. І пацвердзілася ў першай жа баявой справе. Абставіны былі такія. Былі атрыманы звесткі, што заўтра рана-рана, на досвітку, у напрамку на ўсход пройдзе варожы поезд з вельмі важным ваенным грузам. Ён павязе на фронт цяжкія танкі. Разам прыйшло ўказанне, што гэты поезд ні ў якім разе не павінен дайсці да месца. І вось гэтую важную аперацыю, узрыў поезда, камандзір атрада даручыў асабіста Цярэшку. На іхнім участку чыгунка ахоўвалася асабліва пільна — праз кожныя сто метраў хадзіў вартавы, праз кожныя дзвесце стаяў дзот з узмоцненай аховай. Цярэшка не мог не ведаць гэтага, аднак жа, як відаць, ніколькі не турбаваўся, быццам ён ужо ўсё абдумаў і ведаў падзеі напярод.

Апоўначы яны пакінулі партызанскі стан, а праз паўтары гадзіны ўжо былі на месцы і, прыпаўшы да зямлі, заляглі ў карчах непадалёк ад палатна чыгункі.

— Ты ляжы тут, а я папаўзу закалю вартавога,— шэптам загадаў Цярэшка.— І прыслухоўвайся: заскуголіць сава — цягні да мяне тол.

Сказаў гэта і адразу ж знік у цемені. І так будзённа сказаў Цярэшка тое «закалю вартавога», быццам гэта быў для яго лёгкі спацыр, а не страшэнна небяспечная справа.

І вось Уладзік ляжыць і думае пра Цярэшку, а вакол ціха-ціха. Вераснёвым начам уласціва такая празрыстая, некранутая цішыня. І раптам Уладзік чуе савіны крык — ку-га! ку-га! Недзе збоку на звонкі голас начной птушкі адгукнулася лясное рэха. Уладзік падхапіў увязаны тол і папоўз да чыгункі. Стоячы смела, у поўны рост, Цярэшка чакаў яго на самым чыгуначным палатне. Каля яго ног нерухома ляжаў забіты фашыст.

— Я закладу тол, а ты адцягні ў карчы гада,— ткнуў нагою ў цела фашыста Цярэшка.— І чакай мяне.

Загадваў гаспадарліва, як бы не дапускаючы і думкі, што нешта магло здарыцца інакш, чым было задумана ім і прадугледжана.

Словам, уранні важны той поезд быў падарваны, і новенькія варожыя танкі былі звалены пад адхон грудай жалезнага лому.

У другі раз ім давялося выканаць яшчэ больш цяжкую задачу. Партызаны вынеслі смяротны прыгавор каменданту суседняга мястэчка, нейкаму пану фон Губерту. Гэты гітлераўскі вылюдак тварыў нечуваны здзек над савецкімі людзьмі. Спачатку думалі гэтага Губерта проста забіць, а потым вырашылі: мала для ката такой смерці. Прыйшлі да думкі даставіць яго на стан і тут, у лесе, павесіць. І вось Цярэшку даручылі прывалачы на стан жывога Губерта.

Баявыя партызанскія будні заўсёды поўныя рызыкі. У час, калі партызану-разведчыку, скажам, патрэбна наведаць варожае логава, яму даводзіцца ісці па тоненькай і хісткай кладачцы паміж жыццём і смерцю і варта толькі ледзь аступіцца, як паляціш у бездань. А Цярэшка многа разоў хадзіў па такой кладачцы, удзельнічаў у самых рызыкоўных справах, у адзіночку ўзрываў паязды, падпальваў склады, быў у засадах на дарогах, але ні разу ніводная варожая куля на волас не кранула яго. Ён заўсёды выходзіў пераможцам, жывы і здаровы.

Уладзік проста прыйшоў да думкі, што Цярэшка не інакш як валодае нейкім сакрэтам, мае таямнічае шчасце. Ён ужо нават неяк прывык да таго, што любая іх самая небяспечная справа скончыцца шчасліва.

Праўда, на гэты раз, лежачы з аўтаматам напагатове за вуллём у садку самога пана Губерта, ён усё ж моцна хваляваўся. Вельмі ж пад вялікі ўдар ставіў Цярэшка сваё шчасце.

І раптам — ку-га! ку-га! Знаёмая птушка! Уладзік кінуўся на голас у гусцеж малінніку і з радасцю ўбачыў, што Цярэшка ўжо быў там і, больш таго, у руках у яго, звязаны, з заткнутым ротам, біўся і брыкаўся сам той камендант фон Губерт. Каб канчаткова пераканацца, што гэта быў менавіта Губерт, Цярэшка асвяціў яму ліхтарыкам твар, і хоць перакошаны і пасінелы ад жаху «гер» цяпер мала быў падобны на таго фашысцкага гада, што распараджаўся каля шыбеніц, хлопцы пазналі яго, прывалаклі на стан, і назаўтра партызаны, утварыўшы допыт, павесілі гада на сухім суку.

Аднойчы ўвечары Уладзік з Цярэшкам ляжалі каля агню. Вечар быў позні, партызаны разышліся па зямлянках, і яны засталіся адзін на адзін. На агні яркім полымем гарэў смаляк, і ад гэтага за кругам святла цемень здавалася яшчэ больш густой. Дрыготкія цені, хістаючыся, таропка разбягаліся ад агню ў гушчыню цемені.

— Дзіўлюся я з цябе, Цярэшка,— парушыў маўчанне Уладзік,— нейкі шчаслівы ты...

— А што? — спытаўся Цярэшка.

— Ды так. Куля цябе не бярэ, нічога ты не баішся, за што б ні ўзяўся, заўсёды табе ўдача.

— А-а,— няпэўна прамовіў Цярэшка, у задуме паглядаючы на агонь.

— Вось я недзе ў кнізе чытаў пра штуку такую, пра талісман. Дробязь якая-небудзь, слонік, скажам, гліняны або падкоўка там, ці што, а мае вялікую сілу. Адзін капітан, звалі яго Ларсен, меў такі талісман, то яго карабель ніякага шторму не баяўся. Аж пакуль не ўкралі ў яго той талісман, плаваў ён у самых небяспечных водах...

Уладзік памаўчаў, падкінуў у агонь кавалак смаліны.

— Не, канешне, усё гэта, напэўна, няпраўда. Але пагляджу я на цябе, і мне часам здаецца — у цябе ёсць такі талісман.

Цярэшка ўсміхнуўся. Потым ён раптам прыўзняўся на локці, моўчкі сунуў руку ў кішэню кашулі і дастаў адтуль нейкую шкатулку. Ён асцярожна раскрыў яе і падаў Уладзіку. Нічога не разумеючы, Уладзік зазірнуў у шкатулку — там ляжаў маленькі медны пярсцёнак, звычайны, нічым не выдатны пярсцёнак.

— Дык гэта праўда? — сам не свой ад здзіўлення вымавіў Уладзік.— У цябе талісман?!

Ён быў канчаткова збіты з тропу.

Не мог жа ён, Уладзік, сур’ёзна дапусціць, што той мізэрны медны пярсцёнак меў нейкую асаблівую сілу прыносіць Цярэшку шчасце. Не для таго канчаў ён сямігодку, каб паверыць ва ўсякія глупствы!

А Цярэшка моўчкі паклаў шкатулку ў кішэню, лёг і зноў задуменна пачаў глядзець на агонь. У вачах яго раптам адбіўся той далёкі незразумелы смутак, які часта прыкмячаў Уладзік з дня іх знаёмства.

Беглі дні. Многа разоў пасля таго вечара хадзілі Цярэшка з Уладзікам на баявыя справы. Падрывалі на дарогах варожыя грузавікі, ірвалі сувязь. Цярэшка быў нястомны ў сваіх выдумках. Знішчаў фашыстаў Цярэшка ярасна, з нейкай асаблівай нянавісцю, смела ідучы на любую рызыку. І хоць і ведаў Уладзік, на якія штукі здольна была адвага Цярэшкі, усё ж яшчэ не раз даводзілася яму слупянець ад здзіўлення, назіраючы Цярэшкава шчасце. У адным баі, калі ўварваліся яны ў занятае фашыстамі сяло, Уладзік яскрава бачыў, як фашысцкі афіцэр тройчы ва ўпор стрэліў у Цярэшку з парабелума, і Уладзік нават заплюшчыў вочы ад жаху, каб не бачыць Цярэшкавай смерці. А калі ён адкрыў вочы, то ўбачыў, што Цярэшка жывы і бег далей, пераступіўшы цераз цела таго афіцэра.

Ці страляў той афіцэр ва ўпор, ці, можа, зрабіў яго парабелум асечку, аднак жа з таго бою Уладзік зусім не мог нічога зразумець. Няўжо і дапраўды выратаваў Цярэшку той талісман?

Застаўшыся аднойчы адзін на адзін з Цярэшкам, Уладзік парашыў даведацца праўду.

— Слухай, Цярэшка, што я хацеў цябе спытаць.

— А што?

— Пра той пярсцёнак. Ці гэта праўда, ці ты смяяўся?..

Цярэшка ўсміхнуўся:

— Дзівак...

І раптам адразу ўсмешка згасла на яго губах.

Цярэшка павярнуўся і пайшоў, а Уладзік стаяў і, паглядаючы яму ўслед, гадаў: чаму, уласна, «дзівак», ці таму, што сумняваўся ў сіле меднага пярсцёнка, ці таму, што меў наіўнасць верыць у яе?

У баях і паходах дзень за днём непрыкметна бегла лясное партызанскае жыццё. Неяк позняй восенню ў атрад прыляцеў вялікі начальнік, камандзір злучэння, партызанскі генерал бацька Галай. Генерал выстраіў партызан на палянцы, выслухаў рапарт камандзіра і павіншаваў партызан з баявымі поспехамі. Гэта быў просты і сціплы з выгляду чалавек, у паўкажушку, у простых ботах, са спакойным, некалькі стомленым тварам, але ўсе тут ведалі, на якія геройскія подзвігі здольны гэты чалавек — слава аб ім грымела па ўсёй Беларусі, а гітлераўцы абяцалі за галаву бацькі Галая сто тысяч марак,— і партызаны, затаіўшы дыханне, лавілі кожнае слова праслаўленага героя. А потым генерал уручыў партызанам узнагароды. І першымі атрымалі па баявому ордэну падрыўнік Цярэшка і яго дружбак — «падручны ардынарац» Уладзік Стрыж.

Надвячоркам, праводзячы генерала да самалёта, таварыш Сцяпан ад імя партызан паабяцаў адзначыць гэты радасны для ўсіх дзень яшчэ адным ударам па гітлераўцах. У тую ж ноч партызаны выйшлі ў баявы паход. Вырашана было напасці і разграміць варожы гарнізон у сяле паблізу адной важнай шашы. Да зыходнага рубяжа партызаны падышлі на досвітку. На гэты раз усёй аперацыяй кіраваў сам камандзір атрада таварыш Сцяпан.

Выслаўшы ў сяло разведку, партызаны прытаіліся ў нізінцы каля возера, у густым асінніку. У ліку другіх у разведку пайшоў і Цярэшка. І вось так прыпала якраз, што Уладзіку давялося ляжаць у тым асінніку поплеч з дзядзькам Сцяпанам. Камандзір усё паглядаў праз бінокль на тую вёску. Ён з хваляваннем, як відаць, чакаў вынікаў разведкі, бо ад іх залежаў поспех аперацыі. Уладзік падсунуўся бліжэй да камандзіра.

— Дзядзька Сцяпан,— паўшэптам сказаў Уладзік.— Не скажу за ўсіх, а за Цярэшку я спакойны. З ім нічога не станецца.

— Гэта чаму ж? — азваўся Сцяпан.

Доўгія дні і тыдні насіў у тайне Уладзік тое, што ведаў пра Цярэшкаў талісман, баяўся, каб не паднялі яго, чаго добрага, на смех. Сёння ж, ва ўрачысты для яго дзень, калі ён упершыню ўдзельнічаў у баі з ордэнам на грудзях, ён вырашыў падзяліцца сваёй тайнай з дзядзькам Сцяпанам.

— Можа, вам і смешна будзе, што я скажу,— Уладзік нялоўка апусціў вочы.— Шчасце ў яго такое ёсць — талісман, то ў які б ён шалёны агонь ні ішоў, усё роўна куля яго не кране. Таму ён і смелы такі і люты ў баях.

— А што ж у яго за талісман такі?

— Ёсць у яго такі медны пярсцёнак. Ён яго заўсёды з сабой носіць, мне аднойчы паказваў.

Дзядзька Сцяпан павярнуўся да Уладзіка. Твар яго раптам зрабіўся строгім, суровым.

— Ты, Уладзік, наіўны, як дзіця. Талісман... Ты ведаеш, што то ў яго за пярсцёнак? Фашысты маці Цярэшкаву закатавалі да смерці, ён з яе рукі, з мёртвай, той пярсцёнак зняў. Нянавісць да ірадаў — вось яго талісман!

Збянтэжаны Уладзік моўчкі адсунуўся ад дзядзькі Сцяпана. Доўгую хвіліну ён, не варушачыся, ляжаў і думаў.

А потым асцярожна і ціха ўткнуўся тварам у жоўты асінавы ліст — як чароўна пахла залатая восень!

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслясл. Г. Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 318 с.
Крыніца: скан