epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

У імя Радзімы

Мне надоўга запомніўся адзін асенні вечар у бранскай пушчы. На прывале каля агню баец-аўтаматчык прачытаў нам трапіўшае да яго праз людзей пісьмо з акупіраванай фашыстамі роднай мясцовасці. Баец гэты быў немалады ўжо чалавек, да вайны калгаснік, родам з-пад Гомеля, па імені Іван Корзун. Ён быў ціхі і маўклівы чалавек, хадзіў увесь час смутны, нібы насіў на душы нейкі цяжар. І толькі ў баі перайначваўся. У баі ён увесь ажываў, біўся з ярасцю, і на яго аўтамаце было сорак тры зарубкі — па адной на кожнага забітага фашыста.

Шчыльным кругам мы сядзелі вакол агню і слухалі тое пісьмо, а над лесам нізка-нізка плылі цяжкія асеннія хмары. Мне запомнілася і тое пісьмо і асенні вечар. Я дагэтуль нават памятаю роўны голас байца і яго твар — абветраны, суровы, з зарубцаваным следам асколка нямецкай міны на сківіцы.

А яшчэ запомніўся мне аднастайны і роўны шум пушчы, што стаяла ўся ў красе асенняга золата.

Пісьмо пісала нейкая дзяўчына.

«І яшчэ хацела я напісаць вам пра нашага сельскага старасту Тараса, як ён жыў і як памёр. У нас у сяле спачатку казалі, што ён гад і прадажная шкура, а ён не гад, а герой, і прашу вас перадаць аб ім у газеты, каб усе гэта ведалі.

У наша сяло гітлераўцы ўварваліся ў жніво. Па загаду старшыні калгаса Раманюка ўсё, што было намалочана, мы падзялілі па працаднях і пахавалі ў ямы. А тое, што стаяла ў копах, павінны былі спаліць. Стары Тарас быў у «Камунізме» за палявода. Гэта ён і засяваў тое поле і прыбіраў, і ён плакаў, калі прыйшлося знішчаць дабро. Спачатку Тарас адмовіўся паліць тарпы. На гэта Раманюк змаўчаў, ён і сам ледзь не плакаў, з болем паглядаючы на поле і на Тараса. І таму, што ён маўчаў і не мог сказаць ні слова, стары Тарас узяў і запаліў поле. На развітанне яны пацалаваліся. Раманюк пайшоў у Цёмныя Астравы, дзе павінен быў асталёўвацца толькі што арганізаваны партызанскі атрад, а Тарас вярнуўся ў вёску.

У сяле ўжо гаспадарылі немцы. Камендант воласці Кубец прызначыў у «Камунізме» сельскім старастам былога млынара Мухіна. Гэты юда выслужваўся перад акупантамі як толькі мог. Праз яго ў нашым сяле было праліта нямала нявіннай крыві і слёз. Гітлераўцы забралі ў нас усё, што трапіла ім пад руку, а за тое, што паблізу нашай вёскі партызаны падарвалі поезд, яны, па ўказцы Мухіна, спалілі паўвёскі.

Партызаны прыслалі Мухіну пісьмо з папярэджаннем, што днямі яго чакае смерць. Напалоханы Мухін паказаў пісьмо Кубецу, але той толькі засмяяўся. «Не,— гаворыць,— пане Мухін, працуй спакойна, мы гэтага не дапусцім». Але ўжо назаўтра Мухіна знайшлі каля прысад з прастрэленай галавой.

Кубец прызначыў другога старасту, нейкага прахадзімца, сляпога на адно вока, Стоўбіка. Стоўбік займаўся тым, што шпіёніў за сялянамі, усялякімі хітрасцямі выведваў, дзе яны хаваюць хлеб і пажытак, і затым перадаваў гэта немцам. Партызаны забілі здрадніка, укінуўшы ноччу ў яго дом гранату.

Два тыдні ў нашай вёсцы не было старасты, немцы не маглі знайсці халуя на гэты пост. Потым яны выкапалі яшчэ аднаго нейкага зарэчанскага канакрада. Той пратрымаўся ў сяле месяц. Да яго мёртвага цела партызаны прыкалолі запіску: «Так будзе з кожным, хто паспрабуе здрадзіць сваёй Радзіме».

Тады Кубец прыехаў да старога Тараса і прапанаваў яму быць старастам. Тарас адмовіўся, спаслаўшыся на старасць і нездароўе. Але Кубец толькі засмяяўся ў адказ. «Я вас,— гаворыць,— добра разумею, вы баіцёся партызанскай расправы. Але я вам раскажу сакрэт. У вашай вёсцы з заўтрашняга дня будзе стаяць гарнізон. Тут будуць пабудаваны воінскія склады, і вам не трэба будзе баяцца партызан». І дадаў, што ў выпадку згоды яго паслугі будуць высока ацэнены, а калі ён адмовіцца служыць «новаму парадку», яго могуць расстраляць як прыхільніка бальшавікоў. Кубец даў старому Тарасу суткі па роздум.

У Тараса ў той час была невялікая сям’я: ён ды двое ўнучат — Андрэйка і Волька. Жонка Тараса памерла за год да вайны, два сыны яго былі ў Савецкай Арміі, нявестку, маці тых унучат, немцы кудысьці выправілі. Стары Тарас калаціўся над сваімі ўнучатамі, бо ён быў ім і за бацьку і за маці. Пагроза Кубеца прывяла яго ў роспач. Ён зжаўцеў і ўвесь асунуўся ад думак за тыя суткі. А потым пайшоў да каменданта і даў сваю згоду быць старастам.

Усё сяло дзівілася — вось, значыць, што хаваў гэты чалавек на душы. І ўсе пракліналі Тараса, калі ён хадзіў ад хаты да хаты, загадваў ісці на будаўніцтва нямецкіх складаў.

А таго ніхто не ведаў, якія пакуты перажываў гэты чалавек. Кубец аднойчы пахваліў Тараса і дадаў: «Бачыш, партызаны цяпер баяцца і паказвацца ў нашу вёску — ты жывы». Сцяўшы зубы, Тарас падзякаваў за пахвалу, але ён ужо не мог больш цярпець сваёй здрадніцкай халуйскай пасады. Ён ненавідзеў акупантаў і ненавідзеў Кубеца, як толькі можа ненавідзець іх савецкі чалавек. І ён адважыўся і пайшоў у лес, да Раманюка, раскрыўся яму ва ўсім і папрасіў даць яму прытулак у атрадзе. Раманюк спачатку доўга маўчаў і думаў, а затым абняў за плечы Тараса і адышоўся з ім у бок ад людзей. Яны доўга гутарылі аб нечым.

Пасля той гутаркі як быццам нічога не змянілася. Стары Тарас па-ранейшаму працаваў старастам. І ён нават стаў яшчэ больш паслухмяным для немцаў, пачаў выслужвацца перад імі. Усе мы пракліналі яго і нават хацелі спаліць яго хату. Але ў хаце яго жыў начальнік гарнізона лейтэнант Краус, і да іх нельга было дабрацца — іх хату вартавалі і ўдзень і ўночы.

А таго з нас ніхто не ведаў, што стары Тарас служыў партызанам. Ён даносіў ім усе звесткі пра рух і перамяшчэнне гітлераўцаў па нашаму бальшаку, пра колькасць і ўзбраенне бліжэйшых гарнізонаў. Ён указваў партызанам мясціны на чыгунцы, якія слаба ахоўваюцца. Ён краў у акупантаў і дастаўляў Раманюку ўзрыўчатку, тэлефонны кабель, батарэі для радыёпрыёмніка, паперу для лістовак. Ён дастаўляў партызанам харчы, а пры выпадку забяспечваў іх зброяй і патронамі. Гэта было вельмі цяжка старому Тарасу. Каб не ўпасці ў падазрэнне, ён павінен быў крывіць душой. Краус адчуваў, што ў гарнізоне творыцца нешта няладнае, але ён яшчэ не здагадваўся, што ўсе непаладкі зыходзяць ад старасты. І яны ўдвух сядзелі за сталом і абмяркоўвалі, як ім адшукаць злачынцаў і расправіцца з імі. А пасля Тарас уночы, цішком, у прызначаным раней месцы сустракаўся з Раманюком і прасіўся, каб вызвалілі яго ад гэтай пакуты. Але яны яшчэ не ўсё зрабілі, што трэба было, і Тарас па-ранейшаму нёс свой абавязак. І што было найбольш цяжка яму, то гэта пераносіць нянавісць, якою акружалі яго аднавяскоўцы.

Хутка немцы закончылі абсталёўваць чатыры склады. Яны назвозілі сюды многа дабра, гэта былі вялікія перавалачныя склады. Немцы іх пільна бераглі, вакол стаяла ўзмоцненая варта. Але стары Тарас увесь час прысутнічаў на будаўніцтве, ён тут ведаў усе хады і выхады. Цёмнай ноччу ён дапамог партызанам пракрасціся да тых складаў і ўстанавіць міны. А на світанні ўсе чатыры склады былі ўзарваны.

Гэта быў цяжкі ўдар для ворага, і начальнік гарнізона лейтэнант Краус не знаходзіў сабе месца ад злосці. А потым ён нейкім чынам даведаўся, што ўзрыў складаў — справа рук Тараса, і загадаў арыштаваць старасту. Слёзы засцілаюць мне вочы, калі ўспамінаю я жахлівую смерць нашага дарагога брыгадзіра. Тры дні і тры ночы глуміліся над ім каты. Яны закапалі жывымі ў зямлю Тарасавых унукаў, Андрэйку і Вольку. Яны спаласавалі Тараса шампаламі, выразалі на целе чатыры зоркі — за кожны склад па зорцы — і пасыпалі раны соллю. Яны білі яго, адлівалі вадой, зноў білі і ўсё пыталіся пра партызан, але стары маўчаў. Ён не адмаўляўся ад таго, што сам прымаў удзел ва ўзрыве, але пра партызан маўчаў.

На чацвёрты дзень досвіткам гітлераўцы ў канцы сяла пабудавалі шыбеніцу і, сагнаўшы туды ўсіх, ад старога да малога, пры людзях павесілі Тараса. Перад смерцю на памосце стары паспеў сказаць усяго некалькі слоў: «Бывайце, людзі добрыя, за вас, за праўду паміраю...» А больш нічога і не сказаў — каты выбілі з-пад яго ног апору.

Ашалелыя ад злосці фашысты дашчэнту спалілі вёску.

Партызаны забралі Тарасава цела, пахавалі яго непадалёк ад вёскі, а над магілай насыпалі высокі курган. І Раманюк ля таго кургана пакляўся адпомсціць ворагу і за пакутніцкую смерць Тараса і за ўсіх нас. І ўжо нямала тых гадаў знайшлі сабе смерць на палях Гомельшчыны, нямала варожых паяздоў паляцела пад адхон, адно ж вогненная помста Раманюкова не гасне, а ўсё больш разгараецца...»

Баец скончыў чытаць, і ўсе мы некаторы час сядзелі моўчкі, нібы скамянелыя, кожны паглыблены ў свае думкі. Мы думалі пра жыццё і смерць старога Тараса, палявода з калгаса «Камунізм». А над пушчай па-ранейшаму нізка плылі асеннія хмары, і лес шумеў аднастайным і роўным шумам. А потым баец нечакана для ўсіх ціха сказаў, што Тарас быў яго бацька, а Андрэйка і Волька родныя дзеці. І калі ён сказаў нам гэта, слёзы раптам заслалі яго вочы, але ён не саромеўся і на віду ва ўсіх выцер іх рукавом.

І тады ўсе зразумелі, чаму такі ціхі і смутны быў іх сябра на прывалах і такі ярасны ў баі...

1943


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслясл. Г. Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 318 с.
Крыніца: скан