epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

У тую ноч

Калі капітан Ягораў выйшаў з зямлянкі камандзіра дывізіі, цёплы адліжны вецер, дыхнуўшы ў яго твар, перш за ўсё данёс да яго прадчуванне блізкай вясны. Ягораў спыніўся, твар яго адразу спахмурнеў — як не ў час падышло цяпло! У задуме ён міжвольна падняў каўнер шыняля, быццам спадзяваўся, што калі ўкрыецца ад павеваў гэтага паўднёвага ветру, то знікне і вецер і цяплынь. Але раптам ачнуўся, рэзкім рухам адкінуў каўнер і пайшоў лясною сцежкаю, між густых зараснікаў маладога хвойніку.

А вясна і сапраўды наступала дружна і напорыста, нібы імкнулася замацаваць узяты ўпершапачатку разгон у паядынку з зімою. Яшчэ начамі кволы марозік на час затрымліваў яе наступ. Незлічоныя гаваркія ручайкі ўночы пакрываліся тоненькай коркай лёду, спыняўся іх жвавы бег каляінамі дарог, палявымі межамі, з узгоркаў. Але ўдзень усё мянялася. Ледзь узыходзіла сонца, ажывалі раўчукі, ціха пачынаў шумець лес пад цёплым ветрам. На палях, асабліва на ўзгорках, ад сонца адна за адной з’яўляліся праталіны, з-пад снегу выступалі чорныя лапіны зямлі. Пачарнела і рака. Шточасна поўнячыся новымі водамі з палёў і лугоў, яна быстраю плынню падточвала і без таго кволы лёд. Каля берагоў вада ўжо выходзіла наверх, і калі б не прымёрз і не трымаўся лёд, дзе толькі можна было, за лазу, за прыбярэжныя карчы і дрэвы, за зімнія берагі, так, здаецца, і панесла б яго за сабой поўная вясенняя вада.

Недзе далёка збоку, на левым краі, за ракою засакатаў варожы кулямёт, і гэтак жа далёка адгукнуліся яму дзве кароткія чаргі з нашага боку. Час ад часу за ракой грукалі цяжкія гарматы, і над галавой Ягорава з пранізлівым свістам праляталі снарады. Але рваліся яны ззаду, за лесам; немцы, як відаць, стараліся затрымаць рух на шашы, што ішла ўсцяж фронту, і білі па ёй з дальнабойных. Гэта ўсё былі будні пярэдняга краю, і таму ні перастук кулямётаў, ні гарматныя стрэлы не перашкаджалі Ягораву думаць аб сваім, аб тым, што зараз хвалявала і займала яго ўсяго.

Дайшоўшы да размяшчэння часці, Ягораў загадаў выстраіць батальён, маўкліва прайшоў паўз строй.

— Вольна! — скамандаваў ён. Байцы ўскалыхнуліся, ім перадалося хваляванне камандзіра.— Байцы! — сказаў Ягораў.— Камандаванне ўсклала на наш батальён цяжкую задачу. Сёння ўночы мы павінны перайсці ніжэй нашых галоўных пазіцый раку і адным ударам захапіць на правабярэжжы сяло Загоны. Мы дадзім магчымасць усім нашым часцям фарсіраваць раку. Зразумела?

— Зразумела! — пачулася ў радах.

— Поспех гэтай аперацыі толькі ў адным — у нечаканасці і раптоўнасці нашага ўдару. А нечаканасць будзе залежаць ад таго, ці зможам мы перайсці раку і ўварвацца ў сяло без адзінага гуку, без адзінага стрэлу, ці здолеем мы быць цішэй самой ночы...

Ягораў на міг замоўк, перабег поглядам па маўклівых шарэнгах. Усе байцы былі здаўна знаёмы яму, з імі ён прайшоў амаль тры гады вайны. Вось стаіць салдат Рыжоў, якога ўсе завуць Трафімычам, амаль самы старэйшы ў батальёне, з пышнымі вусамі. Рыжоў у мінулым — калгаснік, родам з Магілёўшчыны. Побач з ім малады баец Міхаіл Каралькоў, агульны любімец і неразлучны сябра Рыжова, яго «сынок». Вось два кулямётчыкі, якіх ён запомніў яшчэ з часу баёў за Арол, дзе яны не раз агнём сваіх кулямётаў дабіваліся перавагі ў вулічных баях.

У кароткі момант Ягораў падумаў аб блізкіх і дарагіх яму байцах, якіх ён паспеў па-сапраўднаму палюбіць.

— Многіх з нас,— працягваў Ягораў,— мы недалічымся пасля сённяшняй справы. Многіх, як відаць, мы згубім яшчэ і раней, пераходзячы праз раку, па гнілым лёдзе. Але мы павінны сумленна выканаць свой абавязак перад раазімай.

Ягораў дастаў з кішэні партабак, выняў папяросу, але чамусьці хутка сунуў яе назад і схаваў партабак.

— Я хачу сказаць вам яшчэ,— цішэй працягваў Ягораў.— Адна справа смерць у адкрытым баі, другая — здолець, калі прыйдзецца, моўчкі захлынуцца ў чорнай вадзе... Калі хто з вас не адчувае ў сабе такой мужнасці, заставайцеся і не ідзіце. Гэта — у імя ўсіх нас, у імя справы. А астатнія адыдзіце на правы бок — вы будзеце ўдзельнікамі сённяшняга начнога бою.

Ягораў паказаў рукою, куды менавіта адысці, і павярнуўся спіною да байцоў. Ён не хацеў, каб тыя з байцоў, якія не знойдуць у сабе мужнасці пайсці направа, пад яго позіркам прынялі другое рашэнне. Сярод удзельнікаў сённяшняй ночы не павінна было быць ніводнага чалавека, які б хоць на момант захістаўся, калі вынікне неабходнасць ахвяраваць жыццем.

Ягораў закурыў... Ён чуў, як за яго спіною адбываўся нейкі няясны рух байцоў. А калі адвярнуўся — убачыў: па левы бок палянкі не засталося ніводнага салдата, батальён у поўным складзе быў выстраены на ўказаным ім месцы.

Да ночы заставалася яшчэ многа часу, і кожны з байцоў скарыстоўваў яго па-свойму: хто прылёг, каб гадзінку-другую заснуць перад боем кароткім салдацкім сном, хто, прымайстраваўшыся ў акопе, пісаў пісьмо сваякам, іншыя ж проста, сабраўшыся невялікімі групамі, курылі, дзяліліся думкамі або і зусім маўчалі.

У адным з акопаў, паблізу трох невысокіх разложыстых хвой, што выкінуліся, адбіўшыся ад лесу, далёка ў поле, сядзелі Трафімыч і Міхаіл Каралькоў. Над полем дзьмуў паўднёвы вецер. Ён разносіў вакол своеасаблівыя пахі вясны.

Шумна гаманілі, нібы згаворваліся аб сустрэчы вясенніх дзён, тры калматыя хвоі. Здавалася, на вачах вырасталі з-пад снегу і большыліся чорныя праталіны зямлі.

Трафімыч паглядаў у неба, па якім плылі белыя, амаль празрыстыя воблакі.

— Аб чым думаеш, бацька? — парушыў маўчанне Міхаіл. Трафімыч кінуў пад ногі недакурак. Як і заўсёды перад боем, Міхаіл імкнуўся выклікаць Трафімыча на размову. Памяркоўныя развагі Трафімыча аб вайне, аб мінулым і будучым як бы супакойвалі яго гарачую натуру. Ды Трафімыч і сам не супроць быў пагутарыць у такія хвіліны — час перад боем найбольш цяжкі для салдата. За ім ідзе невядомасць, ідзе суровы салдацкі лёс.

— Слухаю, як весела шумяць хвоі... Вясну адчуваюць,— адказаў Трафімыч.

— А, ты вунь аб чым...

— Не бойся, сынок, твая вясна яшчэ прыйдзе да цябе. Ты яшчэ ў самым цвеце. Скончыцца вайна, і будзе твая вясна...

— А па мне, каб лепей была зіма і зіма, аж пакуль мы ўсіх іх не пераб’ём,— зазначыў Міхаіл.

— Э-э, сынок... У іх і так цяпер зіма. Вясна ідзе не для іх... Вось камандзір сказаў сёння — заставайцеся, хто не чуе ў сабе сілы. А як жа я магу застацца, калі ў душы маёй столькі гневу? Не, не пакіну я гэтай штукі,— Трафімыч патрос аўтаматам,— аж пакуль да канца не вынішчу дурное семя. Ты, сынок, паслухай вось, што піша мая Агрыпіна Сямёнаўна...

Трафімыч расшпіліў шынель і з запаветнай кішэні на грудзях выняў трыкутнічак — пісьмо. Беражліва трымаючы ў сваіх агрубелых салдацкіх руках тонкі лісток, Трафімыч пачаў уголас чытаць:

«...А яшчэ саабшчаю табе, дарагі мой муж, што Галенка наша з нядаўняга, як пашылі мы ёй чаравічкі, ходзіць у школу і ўжо навучылася...» Не, гэта я не з таго месца. Вось: «А яшчэ прапісваю я табе, што цяпер мы ўсе акрыялі і ўздыхнулі на поўныя грудзі і жыццё наша пасвятлела, як не бачаць нашы вочы праклятых басурманаў фашысцкіх. Дарагі мой муж, не плашай на тым месцы, куды прыстаўлены, заплаці ліхадзеям шчодрай мерай за ўсе нашы слёзы горкія, за ўсё гора людское...» Бачыш, як піша мне жонка. І можа, у мяне толькі тае і радасці, што вось ідзём мы і ідзём уперад і нясём людзям шчасце, вызваляем іх ад гітлераўцаў. А камандзір такое гаворыць...

Трафімыч на хвіліну змоўк, як відаць, падбіраючы новыя доказы і словы, каб выказаць усё, што датычылася яго крыўды на камандзіра.

Ні ён, ні Міхаіл не заўважылі, як ззаду да іх падышоў Ягораў. Убачыўшы камандзіра, Трафімыч збянтэжыўся, устаў, вінавата падцягнуўся. Але Ягораў рухам рукі пасадзіў яго на месца.

— Я гэта к таму казаў, Трафімыч, што адна дурная авечка можа ўвесь статак згубіць. А рэчка — глядзі, ледзь трымаецца.

— Рэчка, яна, праўда, гнілая,— не пераадолеўшы няёмкасці, падтрымаў камандзіра Трафімыч.

— Ну, вось... Кожны і павінен сябе праверыць перад боем.— Ягораў пайшоў далей, ад акопа да акопа, ад зямлянкі да зямлянкі. Ён меў звычай пагутарыць з байцамі перад боем, уведаць іх настрой, каго падбадзёрыць словам, каму падаць добрую параду.

Калі Ягораў пайшоў, Трафімыч доўга глядзеў яму ўслед.

— Правільны чалавек наш камандзір,— зазначыў ён нібы сам сабе. І, падумаўшы, дадаў з нейкай упартасцю: — З ім мы пройдзем хоць куды хочаш, хоць па голай вадзе пройдзем.

Трафімыч старанна склаў трыкутнічкам жончына пісьмо і схаваў яго ў кішэню.

 

Тую ноч ніколі не забудуць байцы з батальёна Ягорава. Пройдзе час, змыўшы з сябе копаць пораху і бруд акопнай зямлі, пазбыўшыся гора і слёз, людзі зноў як бы нанава ўбачаць і здзівяцца хараству свету — будуць любавацца сінім небам і залатым пшанічным полем, будуць слухаць салаўіныя песні ў зялёных дубровах і шум паўнаводных вясенніх рэк, адчуюць слодыч натхнёнай працы і кахання.

І вось дзе-небудзь на вакзале, у вагоне або на вуліцы шумнага горада сустрэнуцца раптам двое былых сяброў, байцоў з аднаго батальёна. Знямелыя ад радасці і хвалявання, яны моцна абдымуцца, на доўгі міг прыпадуць вуснамі адзін да аднаго, гарачымі вачыма будуць глядзець адзін аднаму ў твар. Ад набегшых успамінаў яны не змогуць нават што-небудзь гаварыць. Нехта з іх змахне рукою няпрошаную слязу, нехта скажа: «Не трэба, дружа...» Яны сядуць адзін каля аднаго, у абдымку, супакояцца, і тады адзін з іх скажа другому:

— А памятаеш ноч?.. А памятаеш?..

— Памятаю,— ціха адкажа другі.

І калі стрэнуцца яны ўранні, то не разыдуцца датуль, аж пакуль не згасне на небе апошні промень вячэрняй зары...

 

...Цемень, якая наступіла пасля кароткага змяркання, згушчалі цяжкія, налітыя волавам вільгаці, хмары, што павольна плылі над лесам. Ні пробліску ў цёмным небе, ні зоркі. Хмары плылі так нізка, што, здаецца, гэта яны і шумелі, чапляючыся за стромкія верхавіны соснаў. Але то шумелі не хмары, а нёсся над лесам вясенні вецер. Зверху падаў дробны, нібы высяваны цераз сіта, дождж.

У цемені ночы амаль нічога не было відаць. Але, выйшаўшы з лесу, байцы адразу адчулі блізасць ракі — да шуму ветру далучыўся своеасаблівы гул шматлікіх ручайкоў, што з усіх бакоў уліваліся ў рэчку. Прайшоўшы забалочанае поле, батальён выйшаў на бераг ракі. На людзей дыхнула вільгаццю вялікай вады.

«Наперад!» — напаўголасу падаў каманду Ягораў і сам першы ступіў на лёд. Каля берага лёд быў зусім заліты вадою і амаль увесь падточаны плынню. Дзе-нідзе байцы з першага ж кроку правальваліся па пояс у ледзяную ваду. Байцы дапамагалі адзін аднаму выбірацца на мацнейшы пласт.

— Ты ідзеш, сынок? — паўшэптам спытаўся Трафімыч, атрасаючы ваду з мокрага шыняля.

— Іду, Трафімыч, іду,— пачуўся голас Міхаіла з цемры.

— Мудрасць, брат, ёсць такая — на пачатку зімы лёд кажа: «Хоць і трашчу, ды не пушчу», а вясною: «І не трашчу, ды пушчу». Так што трымайся...

Пярэднія байцы апусціліся на лёд і папаўзлі. Так было зручней ісці, чым на поўны рост — цела апіралася на большую плошчу. Да таго ж хутчэй можна было ўбачыць і засцерагчыся проймаў. А такіх наскрозь прамытых вадою мясцін было ўсё больш і больш. Чорная, падобная ў цемені на смалу, вада з вурчаннем закручвалася ў такіх проймах маленькімі віхорчыкамі.

Мокрыя, прадрогшыя ад ледзяной вады, людзі паўзлі, з напружанасцю ўглядаючыся ў цемру. Колькі разоў бывала, што баец прыкмячаў вымоіну ў самы апошні момант,— яшчэ міг, і ён уваліўся б у вадзяную магілу, каб больш ужо ніколі адтуль не выбрацца.

— Міша! — час ад часу ціха клікаў Трафімыч, і кожны раз з цемені чуўся адказ Міхаіла:

— Я тут, бацька, тут.

Вось каля іх паявіўся і сам камандзір Ягораў. Не зважаючы на цемень і небяспеку, Ягораў падыходзіў то да адной, то да другой групы байцоў, вышукваў мацнейшую дарогу, накіроўваў іх па разведаным шляху.

— Трымайцеся пярэдніх,— шапнуў ён на хаду Трафімычу і знік у цемені раптоўна, як і зʼявіўся.

Але з кожным крокам пераправа станавілася ўсё больш небяспечнай. На сярэдзіне ракі, дзе плынь была найбольш быстрай, адна пройма раптам вырасла ў даўгую вузкую паласу вады. Байцы вымушаны былі далёка абпаўзаць яе. Але пярэдні, які быў бліжэй за другіх ад краю проймы, раптам узмахнуў рукамі, лёд пад ім асеў, бясшумна пасунуўся ўніз, і баец моўчкі ўваліўся ў чорную бездань. На міг ён яшчэ паказаўся над вадою, намагаючыся ўхапіцца рукамі за лёд, але, відаць, у яго не хапіла сіл. Рукі яго саслізнулі, і плынь у адзін момант бясследна паглынула яго.

А байцы паўзлі і паўзлі. Яны не спыняліся, каб скінуць шапкі над магілай баявога сябра, аддаць яму пашану ў яго апошнюю часіну. Яны не мелі права на гэта, ім трэба было паспяшаць наперад і наперад.

Трафімыч і Міхаіл, наколькі дазваляла цемра, трымаліся адзін аднаго. Спачатку яны паўзлі побач, але калі небяспека павялічылася, Трафімыч пайшоў першым, а Міхаілу загадаў рухацца ўслед. Ззаду і з бакоў у іх паўзлі нябачныя ў цемені людзі. Скрозь аднастайны шум ветру чуваць было мокрае хліпанне многіх дзесяткаў ботаў, неасцярожны стук зброі.

Міхаіл поўз, не заўсёды бачачы, але ўвесь час адчуваючы наперадзе Трафімыча. Няясная постаць Трафімыча часам знікала, расплывалася ў цемені. Тады Міхаіл прыскорваў хаду і не супакойваўся датуль, пакуль зноў не вырысоўваліся перад ім знаёмыя абрысы постаці Трафімыча.

Але ў адну з хвілін, калі Міхаіл на момант скіраваў увагу на правага свайго суседа, спераду раптам пачуўся ня ясны шум і ўсплёск вады. Міхаіл павярнуўся і ўвесь уздрыгнуў — перад ім не было постаці Трафімыча. «Бацька... Бацька»,— паўшэптам пачаў клікаць ён і паспешліва папоўз наперад. Але ніхто не адгукнуўся на яго голас. А праз чатыры-пяць крокаў Міхаіл наткнуўся на свежую вадзяную пройму. Ён спыніўся перад ёю, увесь апанаваны адчаем. «Бацька... Няўжо і табе суджана было...» Ён напружана ўглядаўся на ваду, нібы чакаў, што вось-вось адтуль пакажацца галава Трафімыча. Але вада была спакойнай, толькі маленькія хвалькі ад ветру маршчынілі яе паверхню. «Не можа быць...» — ледзь стрымаўся, каб не выгукнуць на ўвесь голас, Міхаіл і рашуча пайшоў далей. Час ад часу ён паўшэптам клікаў, спадзеючыся, што на яго голас адгукнецца адна з тых бязлікіх постацей, што былі вакол яго. «Бацька... Трафімыч...» Ён углядаўся наперад і вакол сябе, але ўсюды бачыў постаці другіх людзей. Цемень не адгукалася на яго ўсхвалёваны шэпт, адно толькі шумеў вецер аднастайным і роўным шумам. «Загінуў... Няўжо загінуў?..» — у роспачы думаў Міхаіл і зноў кідаўся з аднаго боку ў другі ў пошуках Трафімыча, але ўсё было дарэмна.

Праз кароткі час батальён выйшаў на бераг. Метраў за сто ад ракі чарнелі хаты Загонаў. Дарагой цаною заплаціў батальён, каб падысці да гэтай невялічкай вёскі. Але гэтаю цаною была аплочана і перамога ў начным баі.

Разбіўшыся на часткі, батальён абышоў вёску з чатырох бакоў. Па сігналу ракеты байцы ўварваліся ў вёску. У адну хвіліну ўсё ажыло, ударылі кулямёты, загаварылі сотні аўтаматаў. З крыкамі выбягалі з хат перапалоханыя гітлераўцы. Байцы стралялі па іх, перабягаючы ад хаты да хаты, ад варот да варот. Звыклыя да цемры вочы байцоў лёгка адрознівалі постаці фашысцкіх салдат, якія не ведалі, куды кідацца ўцякаць.

У ліку першых уварваўся ў сяло і Міхаіл. Поўны гневу, ён бег з аўтаматам наперавес і ва ўпор расстрэльваў гітлераўцаў. Ён помсціў ненавісным ворагам за кроў і слёзы сваёй знявечанай радзімы. Ён спаганяў помсту за нядаўнюю смерць свайго сябра-бацькі Трафімыча.

Якое ж было яго здзіўленне, калі, убегшы на шырокі двор былой школы, дзе размяшчаліся фашысцкія казармы, ён амаль не стукнуўся плячом у плячо з тым, каго ён заўчасна пахаваў,— з Трафімычам. «Бацька! Ты жывы!» — радасна крыкнуў Міхаіл. «Жывы, сынок, жывы!» — адказаў Трафімыч. Міхаілу хацелася схапіць старога аберуч, моцна пацалаваць, распытаць, куды ён падзеўся там, на рацэ. Але было не да абдымкаў і не да роспытаў. Яны ўбеглі ў двор у разгар баявой сутычкі. Пасля першага спалоху гітлераўцы апомніліся і аказалі шалёнае супраціўленне. Яны секлі аўтаматным агнём з акон школы, з-за вуглоў.

— Трымайце! — у нейкім радасным узбуджэнні крыкнуў Міхаіл і кінуў у казарму адну за адной дзве гранаты. Моцныя выбухі на момант перапынілі варожы агонь.

— Наперад! — гукнуў Міхаіл і першым кінуўся ў памяшканне.

За ім рынуліся і другія байцы. Фашысты пачалі выскокваць праз вокны, але ў двары іх сустракаў агонь савецкіх аўтаматчыкаў.

Праз гадзіну бой за вёску Загоны быў скончаны. Фашысцкі гарнізон быў часткова вынішчаны, часткова ўзяты ў палон. І вакол зноў усталявалася цішыня, і толькі па-ранейшаму над зямлёю аднастайна шумеў вецер, несучы з сабою цяпло вясны.

...А яшчэ праз гадзіну, за ракою, вышэй Загонаў, раптам, сатрасаючы неба і зямлю, загрукаталі цяжкія гарматы. Гэта пачалася апрацоўка варожых пазіцый перад вялікім штурмам правабярэжжа па шляху, які праклалі героі.

1945


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслясл. Г. Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 318 с.
Крыніца: скан