epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

Вясна на Палессі

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15


 

1

 

Восенню 1945 года на адной невялічкай палескай станцыі чалавек у форме ваеннага на хаду саскочыў з падножкі таварняка. Як відаць, ваенны той — дарэчы сказаць, на ім былі пагоны капітана — загадзя ведаў, што поезд, не спыняючыся, пройдзе гэтую маленькую ціхую станцыю, і чакаў зручнай хвіліны, каб злезці, калі таварняк замарудзіць на стрэлках ход. Улучыўшы такую хвіліну, ён скочыў, прабег, захоўваючы раўнавагу, колькі крокаў за поездам, потым падхапіў скінуты падарожнымі сябрамі невялікі рэчавы мяшок і махнуў на развітанне рукой.

На выгляд гэтаму капітану можна было даць не больш год 30—33, калі не браць пад увагу яго кранутых сівізною валасоў, якія выдавалі яго старэйшым. Загарэлы, абветраны твар капітана быў адкрыты, просты, выклікаў прыхільнасць сваімі правільнымі прыгожымі рысамі. Прыкметна была на яго твары таксама адзнака нейкага смутку, які свяціўся ў чорных, па-маладому бліскучых вачах. Апрануты капітан быў у шынель, на нагах звычайныя салдацкія боты.

Прасакатаўшы на стрэлках, таварняк пайшоў, але капітан яшчэ нейкі час нерухома стаяў між пуцей, быццам ашаломлены цішынёй і прыгажосцю яснага асенняга дня. Стаяла акурат тая пара восені, калі пачырванелы асіннік у лесе, яшчэ не згубіўшы ніводнага лісточка, трывожна ўжо шапоча пра заканчэнне лета, а над асірацелымі лугамі знікае духмянасць пасохлых траў.

Капітан закінуў за плечы мяшок, перайшоў пуці і паціху накіраваўся да напалову разбураных службовых будынкаў станцыі.

Каля складаў, якія размяшчаліся паводдаль ад станцыі, стаялі дзве фурманкі. Трое мужчын зносілі з вазоў у склад мяшкі з зернем. Капітан падышоў да іх, прывітаўся, спытаў, адкуль яны, з якога калгаса і ці не падвязуць да Беражкоў, у калгас «Чырвоны бераг», калі гэта ім па дарозе.

— Э, дарагі,— жалкуючы, адказаў адзін з мужчын,— не па дарозе нам. Мы за рэчку едзем. Рудню, сяло такое, чуў? Ну, мы адтуль і ёсць. А то чаму б не падвезці...

Мужчыны занеслі ў склад апошнія мяшкі і падышлі да капітана. Закурыўшы, яны пачалі распытваць яго, адкуль ён і чаго едзе ў Беражкі, ці на пабыўку, ці як, а калі даведаліся, што едзе ён з самога Берліна, накінуліся на яго з роспытамі. Збольшага задаволіўшы іх цікавасць, капітан спаслаўся на доўгую дарогу, якую яму яшчэ трэба было прайсці, і пачаў развітвацца з мужчынамі. Але раптам адзін з іх, вусаты рослы стары, які ўвесь час неяк пільна прыглядаўся да капітана, затрымаў яго.

— Выбачайце, таварыш капітан. Вось я ўсё гляджу і не магу прызнаць... Ваша прозвішча часам не Навасад?

— Ён самы,— адказаў капітан,— а адкуль вы мяне ведаеце?

— Таварыш Навасад,— радасна замітусіўся стары,— Мікола Пятровіч! Як жа не ведаць? Гэта ж вы да вайны за начальніка на асушцы Пагіблых былі... А я зменным на экскаватары працаваў, галоўную магістраль вёў, памятаеце? — захваляваўся ён.

— Чакай...— задумаўся капітан.— Памятаю. І імя тваё прыгадваю — здаецца, Міна Міхайлавіч.

— Ну, вядома! — узрадаваўся стары.— Дык, значыць, дзякаваць богу, адваяваў і жывы застаўся? Назусім дадому?

— Назусім...

— Што ж, можа, зноў за балоты возьмемся? — спытаўся стары.— Калі што якое, то на мяне не забывайцеся, з ахвотай пайду.

Навасад усміхнуўся.

— Ды ўжо не забудуся, калі спатрэбіцца.

 

Мінуўшы апошнія будынкі станцыі, Навасад выйшаў у поле. Роўная, укатаная грузавікамі дарога бегла між зжатых і прыбраных палеткаў. Наперадзе, кіламетраў за пяць ад станцыі, чарнеў лес. З кожным крокам, які набліжаў Міколу да роднага сяла, раслі ўсхвалёванасць, і радасць, і непакой. Ён паглядаў вакол — кожнае дрэўца, кожны кусток абапал гэтай дарогі былі яму знаёмы з дзяцінства, ён на памяць ведаў тут кожны ўзгорак і далінку. Ён ішоў, і сэрца яго білася моцна і часта — як усё дзіўна ў свеце. Вось ён ідзе, вяртаецца з пяцігадовага паходу — у грукаце і дыме вайны ўласнымі нагамі перамераў тысячы вёрст сваёй і чужой зямлі, бачыў сотні гарадоў, пераходзіў дзесяткі рэчак, бачыў моры, пра якія толькі ў кніжках раней чытаў, і чужыя стэпы, не раз бачыў смерць, паміраў і зноў ажываў, каб бегчы ў атаку, у агонь, а гэтыя дзве ігрушы на мяжы пры дарозе стаяць і сустракаюць яго, быццам не было на свеце ні вайны, ні смерці, і лісточкі на іх як трапяталіся тады, так і зараз ціхенька трапечуцца.

Мікола прыпыніўся, прыслухаўся — як даўно ён не чуў песні перапёлкі. Як даўно ён не стаяў вось так сярод поля пад спакойным і ясным небам, на шырокай дарозе, і не прыкмячаў вакол сябе такога хараства свету! Нейкі час Навасад азіраўся, быццам хацеў паўней адчуць і ўвабраць у сябе тое, што рабілася вакол. А вакол нічога асаблівага і не рабілася, а толькі ў спакойнай велічы ляжала асенняя зямля, знаёмыя з дзяцінства палі і лясы, рэкі і балоты,— ляжала, быццам ачуняючы памалу ад тлумнага ладу вайны.

...У памяці паўстала ўсё, як яно было ў тыя далёкія незабыўныя дні. Малады, поўны цікавых задум і імкненняў інжынер, які толькі што скончыў гідратэхнічны інстытут, ён быў прысланы на працу ў родныя мясціны, на Палессе. Гэта акурат адпавядала яго жаданням і марам. На Палессі, якое стагоддзямі ляжала ў палоне балот і пяскоў, пачыналіся тады вялікія работы па асушцы балот, па пераўтварэнню прыроды. Пачалося ажыццяўленне гістарычнага пятнаццацігадовага плана асушкі чатырох мільёнаў гектараў беларускіх балот і ў тым ліку забалочаных земляў Палесся. Навасаду было даручана кіраваць работамі па асушцы аграмаднага, плошчай у некалькі тысяч гектараў, масіву Пагіблых балот. З якой энергіяй узяўся ён за ператварэнне ў жыццё цудоўнай мары палешукоў! У сваіх думках ён бачыў Палессе — край, дзе прырода вякамі была такой няўдзячнай да працы хлебароба і ніколі не цешыла яго добрымі ўраджаямі, ператвораным у край калгаснага багацця, у квітнеючы сад.

Яго мары ўвачавідкі ажыццяўляліся. На пракладку асушальных канаў з рыдлёўкамі ў руках выходзілі тысячы калгасных грабароў, працавалі дзесяткі экскаватараў. Гэта быў сапраўдны бой з прыродай. Стваралася светлая, цудоўная казка новага, шчаслівага жыцця палешукоў. На асушаных землях калгаснікі пачалі ўжо атрымліваць першыя высокія ўраджаі, такія высокія, якіх не ведала раней Палессе. І ён быў адным з першых, хто сам ствараў гэтую казку.

Такім жа шчаслівым і паўнакроўным было і яго асабістае жыццё. Навасад успомніў жонку, Валянціну, сяброўку яго дзяцінства, вясёлую светлавалосую дзяўчыну, успомніў дачку Маечку. З якой радасцю, бывала, жонка і дачка сустракалі яго, калі ён, вымеркаваўшы некалькі вольных гадзін, прыязджаў да іх у вёску, дзе яны гасцявалі ў бацькоў Валі. Як Маечка, якой тады было крыху больш за гадок, міла лепятала нешта на сваёй дзіцячай мове, а ён браў яе на рукі і падкідваў высока-высока.

І ўсё гэта раптам абарвалася.

Перад ім паўстаў дзень расстання з сям’ёй. У тыя цяжкія хвіліны Мікола баяўся паглядаць на Маечку, на дачушку, якую ён так любіў. Ён ухіляўся глядзець на яе, бо баяўся, што не вытрымае і сам заплача, як дзіця. А яму плакаць нельга было, на яго з надзеяй глядзелі жонка і маці. Ужо мабілізаваны ў армію, ён спадзяваўся, што яго сям’я эвакуіруецца. Але, адышоўшы на той бок Дняпра, ён даведаўся ад знаёмых, якія здолелі прарвацца праз фронт у апошнія дні, што сям’я яго не паспела выехаць і засталася на акупіраванай тэрыторыі. Пад шалёным націскам гітлераўскіх дывізій злучэнне, у якім служыў Мікола, вымушана было адыходзіць на ўсход.

Пазней, калі між ім і роднымі мясцінамі лягла прастора ў многія сотні кіламетраў, увесь перажыты боль за Радзіму, якую па-зверску дратаваў подлы вораг, боль і трывога за сям’ю выліліся ў Міколы ў адно вогненнае пачуццё гневу, несціханай ні на хвіліну пякучай нянавісці да ворага. Гэтае пачуццё надавала яму нейкую незвычайную смеласць, адвагу. Аднойчы ў баі пад Трубчэўскам быў напавал забіты камандзір іхняй роты. Была такая хвіліна, што без камандзіра магла захлынуцца атака. Гэта быў кароткі момант, але ён вырашаў лёс бою. Тады Навасад падхапіўся з зямлі і сам павёў байцоў у атаку.

Воля да жыцця была ў яго пачуццём не менш моцным, чым нянавісць да ворага. Ён не хацеў паміраць, нічога не давяршыўшы ў жыцці. Пад Арлом аскабалкам міны яго секанула ў плячо, і ён упаў. З пабялелым тварам, увесь абліты крывёю, Навасад усё ж прашаптаў санітарцы, калі тая падпаўзла да яго: «Цягні... Буду жыць. Цягні!»

Потым этапамі на яго цяжкай ваеннай дарозе былі шпіталь, кароткая вучоба ў школе лейтэнантаў, баі ў Крыму, за Феадосію, векапомны Валгаград, атрыманне першага баявога ордэна. А затым — радасныя, поўныя шчасця дні вызвалення: Растоў, зноў Арол, зноў Дняпро, усе рэкі і гарады Еўропы аж да самага Берліна. На сцяне рэйхстага, сярод тысяч іншых надпісаў савецкіх воінаў, Мікола Навасад таксама пакінуў невялікі надпіс пра свой шлях да Берліна.

А з паўгода таму назад ён атрымаў першую вестку з дому, з палескага сяла. Пісала пісьмо не Валя, а маці. І ўжо адно тое, што пісала не Валя, выклікала ў яго няясную трывогу: значыць, нешта здарылася, нешта страшнае... Маці пісала, што яшчэ ў сорак другім годзе фашысты пагналі Валю ў Германію і з таго часу аб ёй нічога не чуваць. А Маечка расце, жывая і здаровая, ёй цяпер ужо пяць гадкоў, і яна з нецярплівасцю чакае, калі татка знішчыць усіх фашыстаў і вернецца дамоў. Сустракаючы на дарогах Германіі вызваленых рускіх дзяўчат, Мікола прыглядаўся, спадзеючыся на выпадковасць, на тое, што ўбачыць сярод іх Валю, распытваў, ці не бачылі яны дзе бялявую маладую жанчыну, Валю Навасад. Але пра Валю ніхто нічога не ведаў. Дзяўчаты вярталіся з Германіі цэлымі эшалонамі, іх было тут тысячы, і Мікола суцяшаў сябе думкай, што недзе сярод гэтых тысяч ёсць і яго Валя і яна вернецца дамоў.

Раптам Мікола прахапіўся ад думак — што такое? Гэта ж тыя хвоі, што вунь зводдаля стоўпіліся на ўзгорку, мусіць, ужо і ёсць беражкоўскія могілкі. А збоку няйначай сінее тоненькая істужка Прыпяці. Заняты думкамі, ён і не прыкмеціў, як прайшоў тое шырокае поле ад станцыі, мінуў лес і мосцік, перайшоў цераз рэчку і зноў выйшаў у поле. Мікола мімаволі прыскорыў хаду. Нейкае змешанае пачуццё і радасці і смутку з невядомай дагэтуль сілай ахапіла яго. Мікола ўзіраўся ў далечыню, спяшаючыся ўбачыць, якія змены прынесла навальніца вайны яго родным мясцінам. У адным пісьме маці яму коратка паведамляла, што, адступаючы, «немцы спалілі палавіну сяла, увесь канец, што ад рэчкі».

І хоць на сваёй ваеннай дарозе ён сустракаў тысячы спаленых фашыстамі вёсак і сотні разбураных гарадоў і ўжо неяк прызвычаіўся да гэтых жахлівых слядоў вайны, але, калі ўбачыў здалёк абгарэлыя печышчы Беражкоў, увесь уздрыгануўся. Быццам разам з гэтымі роднымі хацінамі згубіў ён кавалак свайго юнацтва, сваіх першых дум і першага шчасця.

І вось ужо ўсё сяло стала яму відаць. З радасцю ён адсюль, здалёк яшчэ, убачыў — на папялішчы, сярод суцэльнай пустэчы, стаяла многа свежых зрубаў, людзі ставілі сабе новыя хаты. Адзін зруб быў ужо выведзены аж пад кроквы, відаць, чалавек спяшаўся, каб да зімы ўсяліцца ў новую хату. Значыць, не зламіла вайна, ды і не магла зламіць волі савецкіх людзей да жыцця, іх веры ў сваю будучыню.

Сонца сваім ніжнім краем кранулася чорнай рысы далягляду, пачало апускацца за лес. Неба на захадзе заружавела, і з палёў дыхнуў на Міколу перадвячэрні ветрык. Навасад паправіў за плячыма мяшок і ўвайшоў у вуліцу сяла.

 

2

Вяртаючыся з далёкага паходу, пасля доўгага расстання з сям’ёй, з блізкімі, хто не адчуваў пачуцця непаўторнай радасці, усхвалёванасці пры набліжэнні да роднай хаціны, закінутай недзе, скажам, у маленькім сяле, між глухіх балот і рэчак?

І Мікола на ўсё жыццё запомніў той дзень і час, як падышоў ён да роднай хаты, адчыніў рыпучыя варотцы, увайшоў на чыста падмецены дворык.

Старая Хрысціна, маці Міколы, нешта завіхалася каля печы, калі за акном, на дварэ, мільганула постаць чалавека ў ваенным шынялі. Хрысціна ўстрапянулася, нейкая здагадка іскрай радасці працяла яе ўсю. Яна павярнулася да дзвярэй і ўжо было кінулася насустрач таму невядомаму чалавеку. Але ў гэты міг Мікола ўвайшоў у хату.

— Сынок! — крыкнула Хрысціна.

Слёзы радасці міжвольна выступілі на яе вачах, і яна кінулася да сына. Мікола абняў маці, прыціснуў да сябе. Ён зразумеў, што толькі цяпер, у гэты міг сустрэчы, маці ўпершыню за ўсе прайшоўшыя гады адчула заспакаенне і толькі цяпер скончылася для яе вайна.

— Дзе ж Маечка? — аглядваючыся вакол, спытаў Мікола.

Маці яшчэ не паспела адказаць, як раптам ён убачыў: з бакоўкі выйшла бялявенькая дзяўчынка. Дзяўчынка была ў зграбнай сукенцы, у сандаліках. Яна спынілася на парозе, у здзіўленні паглядаючы на яго. У адной руцэ яна трымала аловак, у другой — згорнуты сшытак.

— Маечка! — выгукнуў Мікола.

Ён адразу пазнаў у дзяўчынцы дачку. Роўненькі тонкі носік з капрызна раздзьмутымі ноздрамі, высока ўскінутыя цёмныя броўкі нагадвалі Валю. Хваля нейкага далёкага цяпла дыхнула на яго.

— Маечка! — працягнуў ён рукі да дзяўчынкі.

Але дзяўчынка стаяла, не кратаючыся з месца. Можна было толькі здагадацца, што адбывалася ў гэтую хвіліну ў душы дзіцяці. Яна ж не памятала бацьку, яна толькі малявала яго сабе ў сваіх думках. І раптам ёй трэба было паверыць, што гэты высокі смуглявы чалавек быў яе бацькам. Дзяўчынка зачырванелася, апусціла галоўку. Мікола ступіў крок да яе, падняў на рукі, пачаў цалаваць. Яму і самому дзіўна было пагадзіцца, што гэтая пяцігадовая дзяўчынка — яго дачка. Праз усю вайну ён думаў аб ёй, як аб маленькай, такой, якою пакінуў.

— А Валі няма,— паглядаючы, як у маці ад слёз уздрыгваў падбародак, здагадаўся Мікола. Сціснуўшы зубы, ён моўчкі апусціў галаву.— І не чуваць нічога пра яе? — з затоенай надзеяй спытаў Мікола.— Можа, хоць што-небудзь даведалася, жывая яна ці не...

— Ніякіх вестак, сынок, няма пра яе,— выціраючы хусцінкай слёзы, адказала маці.— З навакольных вёсак многія дзяўчаты вярнуліся, а яе няма.

Мікола скінуў з плеч рэчавы мяшок, распрануўся. Яны прайшлі ў светлы пакой. Не спускаючы з рук Маечку, Мікола сеў за стол, з любасцю пагладзіў яе па галоўцы, па кудзёрках ільняных валасоў... Як жа так, як магло гэта здарыцца? Валянціна павінна была жыць хоць бы дзеля яе, дзеля гэтай маленькай дзяўчынкі.

— А ты мамкі там не бачыў? — раптам спытала Маечка, смела падняўшы на яго ясныя, прамяністыя вочкі.

— Не бачыў, родная,— прыціснуў да сябе дачку Мікола, увесь уздрыгнуўшы ад жалю да дзяўчынкі.— Але ты супакойся, дзіцятка, яна вернецца,— паспяшыў Мікола заспакоіць дзяўчынку, і раптам выразна адчуў, што гэта няпраўда, што здарылася ў яго жыцці нешта непапраўнае, цяжкае...

Старая Хрысціна моўчкі дакраналася рукой да яго рукі, і слёзы адна за адной каціліся па яе твары. А Мікола паглядаў на маці, якая пастарэла і нібыта паменшала ростам, паглядаў на апусцелую хату і, як па раскрытай кнізе, чытаў усё жыццё маці ў час вайны.

— Што новага ў сяле, мама, як ты тут жыла? — спытаў Мікола.

— Так і жыла,— махнула рукой Хрысціна.— Нацярпеліся гора нямала. Горш за звера лютага тварыў ірад на нашай зямлі. Колькі людзей са свету згубіў... Новікава, Ляксея Сцяпанавіча, настаўніка нашага, памятаеш?

— Ну, што з ім? — устрывожыўся Мікола.

— У партызанах ён быў. У разведку хадзіў — злавілі, дык на віду ў людзей павесілі... Старога Івана Раманюка, брыгадзіра былога, расстралялі, а сям’ю яго замкнулі ў хлеў і спалілі. З партызанамі сувязь трымаў.

Мікола журботна паківаў галавою.

— А то яшчэ, можа, ведаеш сяло такое, Выгляды, за ракой,— працягвала ўспамінаць Хрысціна.— Там быў адзін пастух, казачнік вядомы, Багрым Мікола, дык таго таксама застрэлілі і ўсё сяло спалілі.

З болем даведаўся Мікола, як многа яго сяброў і проста знаёмых яму добрых людзей загінула ад фашыстаў.

Зараз аднаўленнем жыцця ў раёне кіравалі новыя людзі, былыя партызаны, дэмабілізаваныя франтавікі.

— А ў райкоме партыі хто зараз сакратаром, маці, не ведаеш? — спытаў Мікола.

— Як жа не ведаю? — сказала Хрысціна.— Амаль кожны тыдзень у сяло заглядвае. Прыяцель твой, Сіўцоў Андрэй, які ў школе настаўнікам працаваў.

— Ды ну? — радасна здзівіўся Мікола і, устаўшы, узбуджана прайшоўся па хаце.— І даўно?

— Ды ўжо з год, як працуе. Ён жа ў гэтых мясцінах і заставаўся ўсю вайну, у партызанах быў.

— А ў калгасе старшынёй хто?

— Іван Грабок, што брыгадзірам па жывёлагадоўлі некалі быў. Вярнуўся з фронту, паранены, ну, вось мы яго і выбралі.

— А як працуе?

— Ды як быццам нішто сабе. Сам паглядзіш.

Чутка аб прыездзе Міколы Навасада хутка абляцела вёску, і пад вечар у дом адзін за адным пачалі заходзіць суседзі, знаёмыя, сваякі. Прыйшоў дырэктар мясцовай школы, у нядаўнім мінулым партызан, малады яшчэ чалавек, Антон Купрыенка. Прыйшоў, накульгваючы пасля ранення, неразлучны са сваім кіёчкам, старшыня калгаса Іван Ануфрыевіч Грабок. Усім хацелася пераведаць земляка, пагутарыць, падзяліцца навінамі, распытаць аб падзеях у Германіі.

Старая Хрысціна, якая нібы памаладзела ад радасці, заклапочана забегала па дому. Яна дастала гарэлку, паставіла на стол закуску. Госці селі за доўгі стол. Задаволена ўсміхаючыся і пагладжваючы сівыя вусы, першым падняў чарку Іван Ануфрыевіч.

— Ну што ж, дарагі Мікола Пятровіч, дазволь павіншаваць цябе з перамогай над праклятым ворагам ды са шчаслівым зваротам дамоў. Па ўзнагародах відаць, што ваяваў ты нядрэнна. Па закону-то яно і адпачнуць не перашкаджала б, але, відаць, не прыйдзецца. Сам не ўседзіш без справы. Не такі цяпер час. Фашыст прайшоў, як чума,— голую зямлю нам пакінуў. А трэба нам як хутчэй дамагчыся, каб зноў яна зашумела калгасным багаццем, як шумела да вайны, ды, бадай, і мацней зашумела. Цяжка гэта будзе, але фашыстаў цяжэй было разбіць, а ўсё ж разбілі, думаю, што і гэтую задачу адолеем. Праўду я кажу, мужчыны?

— Праўду, Іван Ануфрыевіч, праўду,— падтрымалі яго адусюль.

У гэты вечар Навасад пра многае даведаўся ад землякоў. Іван Ануфрыевіч падрабязна, як быццам дакладваючы на бюро райкома, падзяліўся з ім сваімі бліжэйшымі планамі «аднаўлення жыцця», расказаў Міколе, як, нягледзячы на цяжкасці з цяглавай сілай, недахоп людзей, ён усё ж ухітрыўся прывезці для пагарэльцаў лес на новыя дамы, як стварыў дзве спецыяльныя брыгады цесляроў, каб яны ставілі калгаснікам зрубы. Расказаў, як узяліся яны за пабудову новай фермы для калгаснай жывёлы, фермы, як бы сказаць, «з запасам», улічваючы, што праз пяток гадоў пагалоўе жывёлы не толькі дасягне даваеннага ўзроўню, але значна яго перавысіць.

— А пра лёс Пагіблых балот ведаеш? — спытаў Антон Купрыенка, калі скончыў гаварыць Грабок.

— Ну, ну, расказвай, не ведаю,— зацікавіўся Мікола, прагна слухаючы навіны роднага сяла.

— Э, дык чаго ж ты маўчыш, не пытаеш? — сказаў Купрыенка, падсаджваючыся бліжэй да Міколы.— З імі, брат, бяда. Уся даваенная работа, можна сказаць, на вецер пайшла... Як прыйшлі сюды фашысты, сталі мы думаць, што з асушаным балотам рабіць, і, як ні шкада было, парашылі зноў забалоціць Пагіблыя.

— Ды навошта? — нахмурыўся Мікола.

— А вось паслухай... Па-першае, вырашылі мы, не павінна была заставацца ворагу ўраджайная асушаная зямля. А па-другое, і гэта бадай была галоўная прычына, за Пагіблымі абаснаваўся наш партызанскі атрад і нам было цікава забалоціць Пагіблыя, зрабіць іх непраходнымі для ворага... Адным словам, правільнае рашэнне прынялі, жыццё пацвердзіла яго... Увосень сяляне некалькіх вёсак выйшлі на балота і ў трох мясцінах завалілі зямлёй і лесам магістральны канал. Не маючы стоку, хлынула вада на палі, і зараз вакол зноў балота.

Мікола моўчкі паківаў галавою.

— Ну, час прайшоў, сам ведаеш,— працягваў Купрыенка,— стрэлкі і калектары зацягло ілам, зараслі травою — уся асушальная сетка прыйшла ў непрыгоднасць. Усё трэба пачынаць нанава.

— І аб гэтым у нас зараз вялікі клопат,— умяшаўся Грабок.

— Крыўдна ж, далібог, столькі працавалі, столькі зямлі асушылі, а зараз яна зноў балотам стала. На Пагіблых толькі нашага калгаса шэсцьсот гектараў пад вадою ляжыць.

— Так,— задумёна прамовіў Мікола,— працы наперадзе нямала. Натварылі фашысты...

— Ды ў нас яшчэ што,— махнуў рукой Грабок.— А вунь у Азарыцкім, Парыцкім раёнах, дык там на ўсю акругу не толькі сяла, а хаты цэлай не засталося. Усё спалілі ірады...

— Ведаеш, як гавораць у нас на Палессі,— сказаў Купрыенка,— прайшоў фашыст, нічога ў палешука не засталося, адна савецкая душа ў целе...

Мікола падняў галаву.

— Савецкая душа гэта, сябры, і ёсць самае вялікае наша багацце. Не апусціць рукі савецкі чалавек пры сустрэчы з бядою. Не апусціць таму, што будучыня належыць нам...

— Вось і я тое ж кажу,— пацвердзіў Грабок і непрыкметна падміргнуў Хрысціне, каб налівала па другой чарцы...

Госці разышліся позна ўночы, але Мікола не адразу лёг спаць. Усхвалёваны размовамі, ён доўга моўчкі хадзіў па хаце, выкурваючы папяросу за папяросай. Думаў пра калгас, пра тое, якое месца павінен будзе заняць ён, былы франтавік, у гэтым дружным працоўным калектыве. Так засмуткавала яго душа па працы, мірнай, стваральнай працы, што, ведаў Мікола, не вытрымае ён і тыдня без справы.

Навасад ціха падышоў да Майчынага ложка. Дзяўчынка спала, раскінуўшы ручкі, у мяккай пасцельцы. Прыслухоўваючыся да роўнага дыхання дзяўчынкі, Мікола доўга з замілаваннем пазіраў на яе... І раптам сэрца яго сціснулася ад болю — з ім побач не было Валі, роднай і любай сяброўкі. Няўжо гэта ўсё, няўжо яна ніколі больш не пакладзе яму руку на плячо і не стане вось так побач з ім, каб палюбавацца шчаслівым сном сваёй дачушкі? Няўжо не пачуе ад яе, як бывала, слова падтрымкі, добрай парады, а ў хвіліны весялосці — яе звонкага смеху і песняў?..

Мікола заснуў далёка за поўнач. А раніцой прачнуўся ад нечага лёгкага дотыку рукі. Адкрыў вочы і ўвесь уздрыгнуў ад радасці — перад ім стаяла Маечка.

— Татка,— выказваючы адзнакі нецярплівасці, праказала дзяўчынка з нейкім смешным выглядам дарослай,— і калі ты прачнешся? Уставай. Я хачу з табой пагутарыць, а ты ўсё спіш і спіш...

 

3

Паснедаўшы, Мікола ўзяў за руку Маечку, і яны разам пайшлі прайсціся па сялу. Навасаду не цярпелася самому, уласнымі вачыма, убачыць, як выглядае сёння сяло, чым жывуць людзі.

Па дарозе Маечка ўвесь час шчабятала яму свае дзіцячыя навіны. То яна расказвала яму, як вясною іх кароўка нарадзіла маленькага бычка, такога рабенькага-рабенькага, у лапінкі, з зорачкай на лобе, і як ён за лета вырас і весела падбрыквае, калі выпусцяць яго на двор. То расказвала пра сваю сяброўку Гэлю і пра тое, якая ў яе ёсць цікавая лялька — сама ўмее адкрываць і закрываць вочы, а калі націснеш кнопачку, то нават гаворыць «мама».

Мікола з нейкай замілаванасцю слухаў яе бесклапотнае дзіцячае шчабятанне, стараючыся быць сур’ёзным, здзіўляўся ўголас, распытваў падрабязнасці.

Нават на першы беглы агляд было ўсюды відаць, з якой энергіяй і запалам узяўся народ за аднаўленне, як, пачынаючы з дробязей і канчаючы вялікім, дбаў ён аб заўтрашнім дні, клапаціўся пра будучыню. Амаль каля самага дома Міколу сустрэў Антось Шчарбіна, нядаўні франтавік, брыгадзір паляводчай брыгады. Заклапочаны Шчарбіна спяшаўся ў канец сяла, да калгаснага гумна.

Радасна прывітаўшыся з Міколам, брыгадзір адразу ж з гонарам спытаў:

— Чуеце, як гудзе?

Мікола прыслухаўся — на калгасным гумне, якое цудам уцалела ад пажару, чуваць быў гул малатарні.

— Конная! Па вінціку сабралі, скляпалі, а цяпер глядзі, як весела пайшла работа!

Шчарбіна, развітаўшыся, паспешліва пайшоў да малатарні.

Прайшоўшы крыху, Мікола ўбачыў каля аднаго дома за працай вядомага беражкоўскага пчаляра дзеда Усціна. Стары майстраваў новыя вароты. Усцін узрадаваўся сустрэчы, удзяўбнуў сякеру ў шула і падышоў да Міколы.

— Гэта ж узялі, нелюдзі,— паказаў рукою Усцін,— танкам у двор заехалі, вароты паламалі, рабіну, каля акна расла, зламалі. Два гады не будаваў новых, а цяпер парашыў — усё ідзе на лад, давай і вароты збудую. Добра яшчэ, што ў хату не ўздумалі ўехаць.

Мікола выняў партабак, пачаставаў дзеда папяросай.

— А што, дзед, як твае пчолы? — спытаў ён.

— Э, пчолы! Не да парасяці было, калі свінню смалілі. Яшчэ ў першую зіму фашысты мёд павыдзіралі, і канец прыйшоў пчолкам. А цяпер думаю, сынок, зноў наладжваць вуллі. Вунь і дошкі ўжо нарыхтаваў, стаяць, сушацца. Думаю, перш за ўсё для калгаса вулляў з пяць за зіму змайстраваць. А вясною раі набуду, пасаджу...

Дзед Усцін задумаўся, памаўчаў.

— Я табе скажу, сынок, столькі перажылі ўжо... А вось жа глядзі, згінуў фашыст, і зямля і людзі зноў як бы ажылі... Хто дом будуе, а ў каго сям’я разбіта — пра сям’ю думае... Вось і ў цябе такое ж гора...

Мікола апусціў галаву.

— Яно, як ведаць, можа, яшчэ і вернецца. Вунь за ракой многія вярнуліся, вызваліла іх наша армія,— у роздуме сказаў Усцін, бачачы, які боль выклікаў у Міколы ўспамін пра жонку.

Мінуўшы яшчэ некалькі дамоў, Мікола з Маечкай выйшлі на папялішча. Вуліца тут была як бы абсечана, далей усё было спалена. Але на чорнай спапялёнай зямлі, пабліскваючы свежым бярвеннем, непадалёк ужо стаялі зрубы новых дамоў. Каля тых зрубаў, якія бачыў Мікола ўчора, падыходзячы да Беражкоў, зараз ішла гарачая работа, завіхаліся цесляры. Адны часалі бярвенне, другія ўкладвалі іх на сцены. Некалькі цесляроў ставілі кроквы на той закончаны зруб, што яшчэ ўчора заўважыў Мікола, і адразу ж клалі папярэчыны.

— Дзень добры будаўнікам! — прывітаўся Мікола, падышоўшы з Маечкай да зруба.

— А, Мікола Пятровіч!

— Дзень добры, дарагі, дзень добры! — дружна адгукнуліся цесляры.

Паклаўшы на хвілінку сякеры, мужчыны злезлі з рыштавання, сабраліся вакол Міколы. Тут былі і маладыя хлопцы, якія, як відаць, упершыню ўзялі ў рукі сякеру, і вопытныя майстры. Усіх іх Мікола добра ведаў. Вось прысадзісты, барадаты брыгадзір цяслярскай брыгады Макар Кузьміч Фаменка, мужчына год пад пяцьдзесят, спрактыкаваны. Ён многа пабачыў на сваім вяку. Вось малады хлопец, Цімоша Паўлечка, сын удавы Сымоніхі, які ўсю вайну праваяваў у партызанах падрыўніком. З радасцю ўбачыў Мікола сярод цесляроў Арсеня Дубовіка, аднаго са знатных да вайны грабароў на асушцы Пагіблых. Некалі на пракладцы калектараў ён выкідваў за дзень па пятнаццаць кубаметраў грунту, удвая і ўтрая перабольшваючы норму. Мікола добра ведаў гэтага стараннага, працавітага чалавека, які пасля звароту з вайны з нейкай асаблівай асалодай прыступіў да мірнай працы і зараз гатовы быў рабіць хоць з сякерай, хоць з плугам або рыдлёўкай.

Усе былі рады бачыць Міколу, павітацца з ім. Многія з іх самі нядаўна вярнуліся з вайны, некаторыя былі ў партызанах. З цікавасцю пачалі яны распытваць Міколу, што цяпер новага рабілася на свеце, пыталіся пра нямецкія гарады.

— А мы вось памалу ўваходзім у мірны курс,— пыхкаючы люлькай, паказаў на будаўніцтва Макар Кузьміч,— наладжваем жыццё. Парашылі калектывам будаваць дамы ўсім пагарэльцам.

— Што ж, даўно пара выбірацца з зямлянак,— заўважыў Навасад.— А то і другія ж справы даганяюць. Колькі дамоў пабудавалі?

— Шэсць ужо здалі, як ёсць, гатовымі, а вось, глядзі, яшчэ дзевяць зрубаў канчаем,— паказаў Фаменка рукою наперад, дзе на аднолькавай адлегласці адзін ад аднаго стаялі ў рад новыя дамы.

— Я так думаю, што гэта вы, Мікола Пятровіч, закід наконт Пагіблых робіце,— з усмешкай сказаў чарнявы шыракаплечы Арсень Дубовік.

— Здагадлівы,— падміргнуў Мікола былому грабару.

— Пабудуем хаты, а потым і за балота возьмемся, гэта пэўна,— махнуў рукою Дубовік.

— А гэта ж акурат мы яму і хату ставім,— растлумачыў Макар Кузьміч, паказваючы на зруб, каля якога яны стаялі.

Заклапочаны нейкімі гаспадарчымі справамі, да групы, пакульгваючы, падышоў старшыня калгаса Іван Ануфрыевіч.

— Ну што, падабаецца домік? — павітаўшыся, звярнуўся Грабок да Міколы.— Новыя дамы ставім не роўня згарэўшым. Цяпер партыя нам такі арыенцір дае, што будаваць трэба на доўгія гады ды па ўсіх правілах, каб жыў наш савецкі чалавек, як і патрэбна людзям пры сацыялізме жыць... Чаго ж стаіце, зойдзем усярэдзіну. Вядзі, брыгадзір, ты ж тут пакуль гаспадар.

Мікола ўзяў на рукі Маечку і следам за цеслярамі ўвайшоў у дом. Пакоі ў доме былі прасторныя, спланаваны па-новаму, не як у мінулым на Палессі, дзе ўся хата часцей за ўсё складалася з аднаго пакоя, у якім была і кухня, і спальня, і чыстая палавіна. У гэтым доме было тры пакоі, кухня, столь была высокая, вокны вялікія.

Вакол стаяў прыемны пах свежай смалы. Брыгадзір вадзіў Міколу з пакоя ў пакой і расказваў пра іх прызначэнне.

— І ўсё гэта дзякуючы нашай уладзе мы здолелі зрабіць,— спыніўшыся сярод пакоя і аглядаючы яго, сказаў Грабок.— І крэдыты нам доўгатэрміновыя далі, і лес адпусцілі. Што ж, хлопцы, рабіце хутчэй ды на наваселле клічце.

Развітаўшыся з цеслярамі, Мікола зазірнуў у кузню, адкуль чуўся звон малаткоў, потым схадзіў на ток, да малацільшчыкаў. І ўсюды, дзе б ён ні быў, бачыў Мікола, як дружна і энергічна людзі працавалі, як, не шкадуючы сіл, стараліся хутчэй аднавіць гаспадарку, загаіць раны, нанесеныя ворагам. Асабліва яго ўразіла тое, што ён убачыў каля школы — дзеці прынеслі з лесу і садзілі ўздоўж новай вуліцы маладыя дрэвы. Колькі глыбокага сэнсу было ў гэтым іх занятку!

Дадому Мікола вярнуўся поўны ўражанняў ад сустрэч і размоў. Але яму не сядзелася дома. Распытаўшы ў Купрыенкі дакладна, дзе былі зроблены завалы на магістралі, Мікола ў той жа дзень парашыў схадзіць на балота.

Пасля паўдня, ускінуўшы на плечы паляўнічую стрэльбу, ухаваную маці ад немцаў у застрэшшы хлява, Мікола пайшоў на Пагіблыя, на тыя самыя, вядомыя на ўсю рэспубліку, балацяныя нетры, з якімі некалі ён так упарта ваяваў. Беражкі знаходзіліся недалёка ад вялікіх балотных масіваў, у пойме маленькай, спрэс заросшай лазой і травамі, пакручастай рачулкі. Да асушкі балот плынь у гэтай рачулцы была такая павольная, што яе нават цяжка было прыкмеціць. Магістральны канал, які праходзіў ад Беражкоў усяго за якіх-небудзь сем кіламетраў, у многіх мясцінах супадаў з рэчышчам гэтай рачулкі, выпрастаў яе і пашырыў. Некалі Навасад меркаваў зрабіць гэтую рэчку-магістраль суднаходнай. Але работа гэтая засталася незакончанай, магістральны канал не быў даведзены да асноўнага водапрыёмніка Прыпяці і ўліваўся пад канец зноў у тую ж маленькую рачулку. А цяпер усё тое, што было зроблена, трэба было пачынаць амаль нанава.

То скачучы з купіны на купіну, то павольна ідучы па вузкіх дрыгвяністых сцежках, доўга хадзіў Мікола па абшарах Пагіблага. Яму знаёмы быў некалі кожны кусток на гэтых балотах. Ён аглядзеў тыя месцы на канале, дзе ў сорак першым годзе былі зроблены завалы,— пачарнелыя бярвенні, галлё, закіданае каменнем і зямлёй. Усё гэта ўжо зацягнута ілам, парасло асакой. Вакол зноў непраходная дрыгва.

Выбраўшы сухое месца на беразе канала, Навасад сеў пакурыць, а заадно вырашыў падлічыць, якая шкода нанесена гідратэхнічным збудаванням, прыкідваў на вока плошчу, што зноў ператварылася ў балота. Лічба атрымлівалася немалая.

Мікола акінуў позіркам мясцовасць. Навакол ужо бачны былі адзнакі восені. Самы кволы подых ветрыку прыводзіў у рух пажоўклую асаку і чарот, якія суха шапацелі. У нейкім панылым маўчанні застылі кусты жаўцеючага альшэўніку. Пакрытая плесенню, стаяла ў канале жоўтая, падобная на чай, тарфяная вада. Прыслухоўваючыся да той не кранутай ніводным гукам цішыні, якая панавала над балотам, можна было ашукацца і падумаць, што ніколі не ведалі гэтыя дрыгвяныя нетры чалавека і яго нага ніколі тут не ступала. Быццам і не чулі Пагіблыя грукату экскаватараў, гоману тысяч людзей, гулу трактароў.

«Нядоўга вам так ляжаць»,— падумаў Мікола і паціху пайшоў берагам канала.

Раптам ён пачуў выразны шум над галавой — ад рэчкі ў бок азёрцаў, якія ляжалі ў старане ад канала, кіравалася стайка крыжных качак. Качкі ляцелі цэлым скопішчам, відаць, збіраліся ў адлёт, на поўдзень, апошнія дні жыруючы ў родных балотах.

Мікола падхапіў з пляча стрэльбу, ускінуў на руку, але стрэліць не паспеў — качкі праляцелі. Ён звярнуў з дарогі і пайшоў нацянькі праз балота, абыходзячы, дзе можна, ваду, да азёрцаў, на якія, відаць было, апусцілася стайка.

Хаваючыся за кустамі, Мікола падышоў да самага берага маленькага азёрца. Качкі, якіх было, можа, каля сотні, густа згрудзіўшыся, поркаліся каля процілеглага берага ў траве і прыбярэжнай твані. Мікола ціха прылёг на сухі грудок, за густым альховым кустом, і стаіўся. Узяўшы на прыцэл крыжняў, якія збіліся ў кучку каля травы, Мікола стрэліў, падхапіўся на ногі і, калі стайка спалохана ўзнялася з вады, склаўся і стрэліў з другога ствала ўлёт. Буйны крыжань, ледзь падняўшыся над азёрцам, плёхнуўся ў прыбярэжную асаку. Развеяўся дым, і Мікола ўбачыў, што на вадзе ляжалі яшчэ дзве качкі, забітыя першым стрэлам. Ён абышоў азёрца і сабраў дзічыну.

Дамоў Мікола вярнуўся стомлены, але задаволены сваёй пагулянкай.

— І Пагіблае пабачыў і крыжняў настраляў,— весела сказаў ён, сустрэўшы на дварэ маці. Старая задаволена паважкала на руцэ тлустых, укормленых за лета крыжняў.

Ідучы за Міколам у хату, яна перш за ўсё паведаміла:

— Сынок, а па цябе тут з сельсавета прыбягалі. Званіў таварыш Сіўцоў, хацеў з табой пагутарыць.

— Сіўцоў званіў? — зацікавіўшыся, перапытаў Мікола.

— Ён сказаў перадаць, каб на тым тыдні ты нікуды не адлучаўся, ён прышле па цябе машыну. На невашта ты трэба яму.

Мікола ўвайшоў у хату, ахоплены радаснымі здагадкамі,— можа, гэта і быў пачатак таго, аб чым ён думаў, пачатак яго мірнай працы.

Пакінуўшы на канапе свае лялькі, Маечка з усіх ног падбегла да бацькі. Мікола падхапіў яе, падняў на рукі. Ён паглядзеў на дачку, і раптам перад ім, як жывая, у думках паўстала Валя. Твар Міколы адразу засмуціўся, стаў суровы, і на момант аддаліліся ўсе яго думкі і планы і ўся радасць сённяшняга дня.

 

4

Праз дзень пасля сваёй пагулянкі на Пагіблыя Мікола, вярнуўшыся надвячоркам з праўлення калгаса, застаў у доме незнаёмую жанчыну. Госця — маладая дзяўчына — сядзела ў пакоі і ціха размаўляла з маці. Скінуўшы мокры, задубянелы ад дажджу плашч, Мікола павесіў яго каля печы, прывітаўся. Дзяўчына ўстала і ціха адказала яму. Яна была невялікага росту, хваравіта-бледная, у паношанай ватоўцы.

Паглядзеўшы на маці, Мікола са здзіўленнем убачыў, што тая не аднімае хусцінкі ад чырвоных, заплаканых вачэй. Ён уздрыгнуў і павярнуўся да дзяўчыны. Нерухомы, змардаваны твар госці нічога яму не сказаў, але цяжкія прадчуванні адразу агарнулі яго.

— Гэта вы будзеце Мікола Навасад? — спытала дзяўчына.

— Я... А што?

— Тры дні таму назад я вярнулася з Германіі... — ціхім, роўным голасам сказала дзяўчына, глянуўшы на Міколу.— З горада Брауншвейга. А сама я родам з Койданаўкі, па суседству з вашым сялом... Я прынесла вам цяжкую вестку... Ваша жонка Валянціна не дачакалася вызвалення. У мінулым годзе, у снежні месяцы, яна памерла.

Нібы ўдараны знянацку, Мікола ўздрыгнуў, твар яго пабялеў. У адзін міг ён увесь змяніўся. Ён стаяў нерухомы, быццам аглушаны.

Дзяўчына спачувальна паглядала на яго. Але, відаць, яна лічыла за лепшае не шукаць вакольных сцежак, а адразу гаварыць праўду, якой бы горкай гэтая праўда ні была.

— Гаварыце, што вы ведаеце пра яе,— ачнуўшыся, папрасіў Мікола.— Адкуль вы гэта ведаеце? — спытаў ён, абнадзеяны імгненна ахапіўшым яго сумненнем. Але дзяўчына адразу развеяла ўсе яго надзеі:

— Я ўвесь час была ў адным з ёю лагеры. Я і хавала яе. Мы пахавалі яе за дротам нашага лагера, у полі. А расказваць, як мы жылі,— цяжка пра тое ўспамінаць. Валя ад знясіленасці, з голаду памерла. Злягла яна зімою ды і не паднялася ўжо. Нам па тры дні расінкі ў рот не давалі — ні піць, ні есці. А працаваць ганялі на земляныя работы. Колькі людзей там загінула — жах адзін, іх раніцой збіралі і ў тачках за дрот вывозілі, у ямы... А Валю мы самі пахавалі — упрасілі вартавога, каб дазволіў...

Дзяўчына гаварыла роўным, як быццам абыякавым тонам, але ў ім гучала такая нянавісць, адчувалася, што ёй давялося столькі выцерпець пакут і здзекаў, што, слухаючы яе, станавілася страшна. Калі існуе пекла, дык толькі з пеклам можна было параўнаць жыццё беларускіх дзяўчат у Германіі, у фашысцкіх лагерах.

— Яна часта ўспамінала дачку,— казала далей дзяўчына.— «Дачушка, кажа, мая дарагая, ці ты яшчэ на свеце, ці няма ўжо цябе жывой?» Многа разоў успамінала вас. А я вас і сама да вайны ведала. Вы ў нас галоўным па балотах былі...

Дзяўчына расказвала пра жыццё ў лагеры, пра доўгія месяцы галадовак, пра тое, як аднойчы яна з Валяй і яшчэ адна жанчына родам з Палесся вырашылі ўцячы з лагера і як іх усіх траіх злавілі, збілі да паўсмерці і кінулі на два тыдні ў халодны карцэр...

Сціснуўшы вусны, Мікола слухаў дзяўчыну. Ён сядзеў нерухомы, маўклівы, і толькі рэдкія нервовыя ўздрыгі рук ды пацямнелыя ад болю вочы сведчылі аб яго ўнутраным хваляванні.

— Вось яшчэ...— дастаючы з кішэні ватоўкі маленькі вузельчык і развязваючы яго, сказала дзяўчына.— На ўспамін вам захавала... Пярсцёначак. Сама яна дала мне яго.

Дзяўчына перадала пярсцёнак Міколу. Так, гэта быў Валін персцень, залаты, з недарагім чырвоным каменьчыкам. Мікола некалі пасля вяселля купіў ёй гэты персцень у падарунак, і Валя ніколі не скідала яго. І вось — Валі няма, і яе ўжо ніколі не будзе, толькі гэты персцень успамінам аб ёй нерухома ляжыць на руцэ.

У гэты час у сенцах бразнулі дзверы, і суседка, маці Майчынай падружкі Гэлі, унесла ў хату Маечку, укрытую посцілкай ад дажджу.

— Прынесла вам вашу ўнучку, — звярнулася суседка да Хрысціны.— Гулялі яны з Гэлькай аж пакуль не натаміліся.

Мая, убачыўшы бацьку, кінулася да яго ў абдымкі.

— Божа мой,— зварухнулася раптам дзяўчына.— Гэта Валіна дачка! — Яна паднялася і падышла да Міколы:— Дайце мне хоць трошкі патрымаць яе...

Мая, прыціхшы, пакасілася на дзяўчыну. Тая ўзяла яе на рукі, пацалавала, пяшчотна пагладзіла па белых ільняных кудзерках валасоў. Маечка паслухмяна прыхіліла галоўку да дзяўчыны.

Пакінуўшы дзяўчыну з маці, Мікола зачыніўся ў сваім пакойчыку. Значыць, бязлітасная вайна чорным сваім крылом закранула і яго. Валя, Валя... Ледзь толькі на адзін кароткі міг ён уяўляў сабе яе жахлівую няволю, пакутніцкую смерць, сэрца яго сціскалася ў такім болю, быццам усё тое, што адчувала яна ў няволі, перадавалася яму. Мікола лёг на ложак, уткнуўся тварам у падушку і сціснуў рукамі скроні...

Вось, як жывая, яна стаіць перад ім. Стаіць і смяецца ўласцівым ёй агністым смехам, ад якога вакол, здаецца, сыплюцца звонкія іскры... Вясна. Валя ў чоўне, махае рукой, кліча яго да сябе. Ён бяжыць па беразе, сядае з ёю ў хісткі човен. Тонкім краем човен ажно чэрпае ваду. Мікола ўзмахвае вёсламі, і яны ўдваіх плывуць па шырокай вясенняй вадзе. Ледзь прыкметнай цёмнай палоскай бачны ім на даляглядзе другі бераг. Яны плывуць па залітых вадою лугах, падплываюць да лугавых дубоў, што стаяць адзіночкамі-сіратамі па голле ў вадзе, выкіроўваюць човен паміж густых лазовых кустоў. На сярэдзіне ракі ён пакідае грэбці, і човен, падхоплены імклівай плынню, імчыцца сам. А яны ціха сядзяць і ў маўклівым захапленні сузіраюць урачыстае свята вясны, і жыццё ім абаім здаецца такім жа поўным і прыгожым, як гэтая вясенняя рака...

Мікола паварушыўся, і ўспамін знік, як дым на ветры. Скончыўся дзень, і надышла ноч, а Мікола ўсё ляжаў на ложку, агорнуты цяжкім одумам.

Толькі пад раніцу ён непрыкметна для сябе заснуў.

 

5

Пад’язджаючы да будынка абласнога камітэта партыі, невялікага, яшчэ да вайны абсаджанага ліпамі, двухпавярховага дома, Сіўцоў заклапочана паглядзеў на гадзіннік.

— Ну, часу да пачатку пасяджэння дастаткова,— сказаў ён, вылазячы з машыны.— Прасіў мяне Дзям’ян Сяргеевіч, каб мы зараней прыехалі. Здаецца, аб нечым з табою пагаварыць хоча.— І ўжо ўваходзячы ў дзверы абкома, Сіўцоў, як бы жадаючы расказаць Міколу пра Лугаўца, першага сакратара, больш падрабязна, дадаў:— Строгі наш Дзям’ян Сяргеевіч, любіць дакладнасць. Армейская звычка... А трэба сказаць, разумны чалавек! Паглядзіць на цябе, то здаецца, наскрозь бачыць, і нават думкі чытае. Колькі папрокаў давялося выслухаць ад яго за розныя промахі, а пакрыўдзіцца нельга — заўсёды праўду-матку ў вочы рэжа.

Па лесвіцы, засланай нешырокай дарожкай, яны падняліся на другі паверх, распрануліся. Малады, у ваеннай форме, памочнік Лугаўца правёў іх у невялікі зал, дзе павінна была адбыцца нарада. Тут ужо сядзела, размаўляючы паміж сабой, некалькі чалавек. Агледзеўшыся, Мікола ўбачыў сярод прысутных даваенных знаёмых. Павітаўся з Быланіным, сакратаром суседняга райкома, з начальнікам абласнога ўпраўленыя сельскай гаспадаркі Ахрэмавым, які працаваў да вайны выкладчыкам у агратэхнікуме. Сіўцоў пазнаёміў Навасада з новым кіраўніком абласнога аддзела меліярацыі, Мельнікавым, немаладым, паважным чалавекам, у чорных рагавых акулярах. Пачуўшы прозвішча Міколы, Мельнікаў ажывіўся — відаць, яму ўжо гаварылі пра Навасада,— пачаў распытваць яго пра Пагіблыя, пацікавіўся настроем Міколы. Тут жа прапанаваў яму пасаду загадчыка аднаго з сектараў у абласным аддзеле меліярацыі. Навасад адхіліў яго прапанову, пажартаваўшы, што ахвотнікаў працаваць у абласным цэнтры, у горадзе, Мельнікаў напэўна знойдзе лягчэй, чым для работы ў Беражках.

Нечакана перапыніўшы гэтую размову, памочнік Лугаўца запрасіў Навасада ў кабінет першага сакратара.

«Аб чым ён хоча са мною гаварыць?» — міжвольна адчуў некаторую ўсхвалёванасць Мікола. Ён здагадваўся, што размова гэтая будзе нейкім чынам кранацца яго далейшага лёсу.

Лугавец ветліва падняўся насустрач Навасаду, выйшаў з-за стала. Гэта быў высокі, некалькі грузны чалавек, з буйнымі, выразнымі рысамі твару, густымі, сівеючымі валасамі. З-пад яго шырокіх брывей глядзелі на Міколу разумныя ўважлівыя вочы. Шчаку Лугаўца перасякаў вялікі рубец, які цягнуўся ад скроні да барады,— як відаць, след нядаўняга ранення. Рухі яго былі непаспешлівыя, спакойныя, поўныя ўнутранай упэўненасці, сілы.

Прывітаўшыся, Лугавец запрасіў Міколу сесці і сам сеў у крэсла насупраць. У кабінеце было ціха, выразна чулася, як адлічваў секунды маятнік гадзінніка на залітай сонцам блакітнай сцяне.

Лугавец закурыў, прапанаваў папяросу Міколу.

— Вы, вядома, ведаеце, якія аграмадныя аднаўленчыя работы праводзяцца зараз у вобласці,— як відаць, па звычцы асцярожна пагладжваючы рубец, пачаў гаварыць Лугавец.— Мы займаемся адразу ўсім — будуем дамы для калгаснікаў, каб хутчэй перасяліць іх з зямлянак, наладжваем работу МТС, асвойваем запушчаныя за вайну палі.— Лугавец зрабіў паўзу і раптам спытаў: — Скажыце, Навасад, як па-вашаму, ці здолеюць калгаснікі ўжо ў гэтым годзе, скажам, хоць бы ў вашым Даманаўскім раёне, адначасова з аднаўленнем гаспадаркі пачаць меліярацыйныя работы на балотах? Для нас, палешукоў, праблема асваення балот мае жыццёва важнае значэнне...

Навасад, не чакаючы такога пытання, памаўчаў, падумаў. Затым сцвярджальна кіўнуў галавой:

— Здолеюць. У вёсцы зараз адчуваецца ўздым, людзі працуюць з небывалай энергіяй. Мне здаецца, іменна зараз, падтрымліваючы гэты ўздым, патрэбна пачынаць вялікія работы.

Лугавец раптам нечакана лёгка падняўся з крэсла, прайшоўся па кабінеце.

— Добра, вельмі добра! — задаволена выгукнуў ён, зрабіўшы рашучы жэст.— Няхай мы пачнём з малога: адновім і прывядзём у парадак асушальную сетку, пракладзеную да вайны. Пазней, атрымаўшы машыны, пойдзем далей... Скажыце, у якім становішчы зараз Пагіблыя балоты? — Лугавец спыніўся.

Навасад пачаў падрабязна расказваць усё, што бачыў сам і ведаў пра Пагіблыя і пра ўсе другія балоты Даманавіцкага раёна. Назваў прыблізныя лічбы нанесеных вайною страт і аб’ём рамонтных работ, выказаў свае меркаванні, з чаго трэба пачынаць асушку. Захапіўшыся, ён пачаў марыць, расказваць пра казачныя ўраджаі, якія будуць здымаць палешукі на балотных тарфяніках, пра невычэрпныя мажлівасці, якія дае ў рукі чалавеку багатая прырода Палесся.

Лугавец сеў і, засяроджана слухаючы, час ад часу рабіў паметкі ў блакноце. Часамі ён задумёна паглядаў у акно, і ў такія хвіліны Міколу здавалася, быццам Лугавец зусім і не чуе, што ён гаворыць. Але Лугавец нечакана паварочваўся да яго і, папрасіўшы выбачэння, перапыняў яго пытаннем, мяркуючы, па якім было відаць, як уважліва ён слухаў.

Калі Навасад скончыў, Лугавец павярнуўся, уважліва, як бы вывучаючы, паглядзеў на яго. Відаць, усхвалёваны расказ Навасада зрабіў на яго ўражанне.

— Вы дзе служылі? — спытаў ён Міколу.

— У Трэцяй арміі, у дывізіі генерала Папова.

— Бацюхны! — здзівіўся Лугавец.— Ды мы ж з вамі аднапалчане. У гэтай дывізіі і я ў пачатку вайны быў. Праўда, там я нядоўга праслужыў, па раненню давялося выбыць. Лоеўскія пераправы памятаеце? Вось там мяне і шкрабанула... Як відаць, шмат вам давялося перажыць за вайну?

— Як і ўсім,— ухіляючыся, адказаў Навасад.— А чаму вам так здаецца?

— Ды па ўсім відаць. Такое гарачае імкненне ў «заўтра», такую прагу да мірнай працы, якую выказалі вы, можа адчуваць толькі чалавек, які прайшоў праз усе цяжкасці ў гэтай вайне... Вось, успамінаю,— пасля паўзы працягваў Лугавец,— як мяне ўпершыню параніла. Ляжу сярод поля — ні зварухнуцца, ні дыхнуць. І раптам мне так захацелася жыць, што нават болю не адчуваю. Прывезлі ў шпіталь, аперыравалі, і адразу вычуняць пачаў. Нават дактары здзіўляліся, як хутка ачуняў, набраўся сілы... Вось гэтую прагу да жыцця заўважыў я і ў вас. Гэта добра, савецкі чалавек таму такі і моцны, што ведае, у імя чаго ён жыве, змагаецца...

Лугавец павярнуўся да Міколы:

— Здаецца, вы да вайны працавалі на асушцы Пагіблых?

— Так, працаваў.

— А ведаеце, што я вам прапаную? Давяршайце справу, пачатую вамі да вайны, бярыцеся за кіраўніцтва асушкай Пагіблых... Сіўцоў мне расказваў пра вас, пра ваша асабістае няшчасце. Мне думаецца, работа — самыя найлепшыя, самыя дзейсныя лекі ад усякай раны. Усё, аб чым баліць душа, павінна вылечыць праца... Дык што ж, згодны на маю прапанову?

Навасад усхвалёвана падняўся, кіўнуў галавою:

— Згодзен... Вы нават не ведаеце, як вы ўгадалі! Да вайны ў кожнага з нас былі свае нейкія вялікія і малыя мары, планы. Асушка Пагіблых была маёй вялікай марай...

— Што ж, вось вы зараз і ажыццявіце яе,— усміхнуўся Лугавец.— Я знарок паклікаў вас, каб на нарадзе, якая цалкам будзе прысвечана пытанням меліярацыі, вы не адчувалі сябе староннім... Вернецеся ў Даманава, адразу ж, не адкладваючы, прыступайце да рамонту асушальнай сеткі. А адначасова звяжыцеся з Мельнікавым ды пачынайце складанне праекта асушкі ўсёй плошчы Пагіблых... Ад усёй душы жадаю поспеху! — горача паціснуў Лугавец руку Міколу. Ён паглядзеў на гадзіннік і дадаў:— Што ж, пара і нараду пачынаць. Пайшлі?..

І, прапусціўшы наперадзе сябе Міколу, Лугавец выйшаў з кабінета.

 

6

У сваё новае, неваеннае жыццё Навасад уваходзіў паступова. Напачатку варта было яму на міг забыцца, заплюшчыць вочы, і думкі адразу пераносілі яго назад у вайну, на фронт. То ён бачыў сябе бягучым на чале ланцугоў сваёй роты па шырокім голым полі Усходняй Прусіі з аўтаматам у руках... Ён крычыць словы каманды, урываецца ў варожую траншэю. Вось перад ім два жывыя фашысты. Дзіка выпучыўшы вочы, яны нешта крычаць. Ён страляе з аўтамата, і ворагі валяцца на дно траншэі, а ён пераступае цераз іх мёртвыя целы і бяжыць, бяжыць далей, і толькі ў памяці стаяць, быццам хто на камені высек, іх страшныя ў перадсмяроцці вочы... То раптам узнікала перад ім ноч пад Кенігсбергам, ноч, якая была святлей за дзень ад зарава агню, ахапіўшага, здавалася, і неба і зямлю. Часта ён бачыў фронт у снах. Ён бачыў у снах лясы і рэкі, якія яму давялося некалі праходзіць, біўся ўрукапашную ў руінах гарадскіх камяніц. Часамі ён ясна чуў у сне, як гохае дзесьці на ўзлессі буйнакаліберная савецкая артылерыя і з выццём праносяцца над галавой цяжкія скрыні смерці, як скрыгочуць жалезам гвардзейскія мінамёты... Так ясна ён гэта чуў і бачыў, што калі раптам прачынаўся сярод ночы, то доўга не мог зразумець, дзе ён і што з ім, уражаны нейкай першароднай цішынёй і поўным спакоем вакол.

А калі прахапляўся і ўсё ўспамінаў, падымаўся з ложка, запальваў святло і, пыхкаючы папяросай, доўга хадзіў па пакоі.

Але паступова вайна ўсё радзей і радзей вярталася да яго і ў снах, і ў думках. Кіраўніцтва падрыхтоўкай да асушкі балот з кожным днём давала яму ўсё большы клопат. Па сваёй новай пасадзе Навасад павінен быў жыць у Даманаве, раённым цэнтры, да якога ад Беражкоў было дзве гадзіны добрай хады. Але Навасад пасля столькіх год расстання з сям’ёю не хацеў адразу ж і пакідаць яе, а пераехаць усім у Даманава перашкаджалі некаторыя абставіны. Сіўцоў пайшоў на выручку свайму даўнішняму прыяцелю і падараваў Навасаду матацыкл, некалі захоплены партызанамі ў немцаў. У два дні асвоіўшы нескладаную тэхніку трафейнага «цундапа», Мікола незалежна ад працы мог цяпер жыць у роднай вёсцы, таму што ўся дарога ў Даманава адбірала якіх дваццаць хвілін. Зноў жа, Беражкі былі бліжэйшай вёскай да Пагіблых і неяк самі па сабе сталі цэнтрам усіх падрыхтоўчых работ, так што і ў раён Навасаду прыходзілася ездзіць не кожны дзень.

З таго памятнага дня, калі Мікола даведаўся пра смерць жонкі, ён неяк асабліва моцна пасябраваў з дачкой. Раніцой кожнага дня яшчэ да снедання ён з паўгадзіны праводзіў у гульнях з Маечкай. Гэтыя штодзённыя паўгадзіны яны называлі «фізкультзарадкай». Колькі было тут смеху, жартаў, выдумак! Часам уся хата ходарам хадзіла ад іхніх забавак, і старая Хрысціна вымушана была заходзіць у пакой, каб супакоіць іх,— а можа, не столькі супакоіць, колькі палюбавацца на сваіх дзяцей. Часта ў добрае надвор’е Мікола браў Маечку з сабой у паездкі ў Даманава або ў раён работ на балота. Усаджаная на матацыкл, Маечка заўсёды адчувала сябе такой шчаслівай, так весела і па-дзіцячаму бесклапотна смяялася, што Мікола, паглядаючы на яе, і сам радаваўся, як дзіця.

Дзяўчынка ўжо ведала, што маці яе загінула. Мікола парашыў не хаваць ад яе праўды і неяк увечары, разгаварыўшыся з дачкою, расказаў ёй усё.

— І яна ўжо ніколі-ніколі не прыедзе да нас? — не па-дзіцячаму строга спытала дзяўчынка, паглядаючы проста ў вочы Міколу.

— Ніколі! — адказаў Мікола.

Наперакор чаканням Міколы яна не заплакала, а толькі прыціхла, задумалася, як бы жадаючы зразумець, што адбылося і як ёй быць далей без маці. Увесь той вечар Мая заставалася сумнай, задумёнай, ціхенька сядзела, забраўшыся ў куточак. А раніцою ўстала і, быццам нічога не здарылася, пачала гуляць са сваімі цацкамі. Мікола нават здзівіўся таму, як лёгка і проста змірылася дзяўчынка з гэтай цяжкай весткай, і, па звычцы дарослых усё ўскладняць, быў нават некалькі збянтэжаны, як яму здавалася, жорсткасцю дачкі, яе абыякавасцю.

Бабуля пяшчотна і горача любіла Маечку, займалася ёю амаль увесь вольны час, клапацілася пра яе. Ніколі Маечка не была ненакормленай або няўмытай, непрычасанай, ніколі бабуля не выпускала Маечку ў халоднае надвор’е на вуліцу, не апрануўшы яе цяплей, не завязаўшы ёй на шыю цёплы шарсцяны шалік...

І ўсё ж Мікола бачыў і разумеў, як ёй не хапае маці, не хапае старэйшага друга, які быў бы для яе прыкладам, вучыў яе жыццю, разумеў яе дзіцячыя клопаты і інтарэсы.

Праз месяц пасля нарады ў абласным камітэце партыі ў Беражкі абследаваць Пагіблыя прыехала спецыяльная камісія з вобласці. Камісію ўзначальваў загадчык абласнога аддзела меліярацыі Мельнікаў, той самы дабрадушны таўсцяк, з якім Навасад пазнаёміўся ў кабінеце Лугаўца.

Па-сяброўску ўзяўшы пад руку Навасада, Мельнікаў адразу ж паведаміў:

— Перш за ўсё, дарагі, даручана мне перадаць табе цёплы сяброўскі прывет ад таварыша Лугаўца. Хацеў ён і сам з намі прыехаць, ды раптам наспелі неадкладныя справы. Абяцаў другім разам як-небудзь зазірнуць... Між іншым, Мікола Пятровіч, відаць, спадабаўся ты яму. Разы два пры сустрэчах пытаўся пра цябе, як жывеш, працуеш, які настрой.

— Дзякуй, таварыш Мельнікаў,— прыемна ўзрадаваны ўвагай сакратара абкома, адказаў Мікола.— Перадайце, што жыву нядрэнна, сумаваць няма калі, работы процьма. А вось калі знойдзе час ды прыедзе, буду вельмі рады. Ёсць чаго паглядзець у нас на Пагіблых.

Абследаваўшы Пагіблыя, камісія прыйшла да вываду, што працы па аднаўленню асушальнай сеткі трэба пачынаць з будучай вясны. Сёлетняй жа восенню меркавалася хоць бы давесці да ракі і прывесці у парадак магістраль — разбурыць пабудаваныя ў пачатку вайны завалы, расчысціць і ўмацаваць фашынай рэчышча, дзе-нідзе кранутае плывуном. Гэта былі нялёгкія работы, таму што ў калгасах не было ні спецыяльных рыдлёвак, ні сякер, не было дастатковай колькасці людзей, а разбураць завалы, умацаваныя бярвеннем, можна было толькі ўручную.

Каб давесці пракладку канала да ракі, патрэбен быў экскаватар. І тут Мікола ўспомніў Міну Міхайлавіча. Выклікаўшы яго ў Даманава, Мікола прапанаваў яму прымацца за працу. Міна Міхайлавіч з радасцю згадзіўся вярнуцца да любімай справы. На Пагіблых усю вайну нерухома прастаялі два экскаватары — іх не паспелі вывезці ў тыл. Фашысты ведалі пра існаванне гэтых экскаватараў, але ім, відаць, было не да іх, тым больш што партызаны ў свой час здолелі зняць і схаваць у лесе многія важныя дэталі, без якіх пусціць машыны ў ход было немагчыма. Экскаватары пачырванелі ад іржы, стаялі закінутыя, пакрытыя гразёю. Узначаліўшы брыгаду слесараў, Міна Міхайлавіч за тыдзень ухітрыўся збольшага прывесці ў годнасць адзін з іх, які патрабаваў меншага рамонту.

І вось надышоў дзень, калі гэты першы экскаватар ажыў, загрукатаў і, апіраючыся на свае шырокія гусеніцы, пасунуўся да незакончанага канала. Вестка аб гэтай, на першы погляд не такой ужо і важнай, падзеі адразу ж абляцела ўсе навакольныя калгасы, і нечакана для Міколы пачатак работы экскаватара ператварыўся ў сапраўднае свята. На Пагіблыя сабраліся калгаснікі з многіх вёсак. Сівабародыя дзяды і малыя дзеці стаялі на беразе канала і ў захапленні паглядалі, як цяжкія сталёвыя клюшні ўгрызаліся ў адвечную балотную дрыгву і магутным рухам крана выкідвалі на бераг вялізныя кучы вільготнага грунту.

— Вось яно, пачалося,— не зводзячы вачэй з экскаватара, заўважыў высокі барадаты стары ў вышытай крыжыкамі кашулі,— пачалося наша новае жыццё.

Навасад зразумеў, што гэтая падзея была для старога як бы сімвалам адраджэння роднай зямлі. Назіраючы, як клюшні ўпэўнена і смела ўгрызаліся ў зямлю і крок за крокам расло рэчышча канала, калгаснікі прыгадвалі свае даўнішнія думы і спадзяванні, абарваныя вайной, і грукат экскаватара, няхай сабе хоць і адзінага пакуль што, падымаў у іх веру ў будучыню. Зноў вёў іх наперад шлях роўны, шырокі, як гэты канал, што бег удалячынь. Няхай ён яшчэ не даведзены да шырокай ракі іх вялікага калгаснага шчасця, але яны давядуць да канца, да высокай і яснай мэты, указанай вялікім правадыром...

Пуск экскаватара з’явіўся як бы штуршком, у калгасах пачалі рыхтавацца да ручных работ па расчыстцы завалаў на канале. У «Чырвоным беразе» наладзілі выраб спецыяльных грабарскіх рыдлёвак. У ход ішла браня з абгарэлых нямецкіх бронемашын і ўсякага іншага жалеза, раскіданага на палях нядаўніх баёў. У калгаснай кузні на пакоўцы рыдлёвак працавала аж чатыры кавалі. Хоць сапраўдным майстрам з іх быў толькі адзін Бягун, каржакаваты сухі стары, з доўгаю барадою, але праз два-тры дні і астатнія маладыя кавалі налаўчыліся ў сваёй справе. Прыладжвалі да рыдлёвак трасціны сталяры з суседняй вёскі, дзе не было кузні, і за гэта беражкоўскія кавалі павінны былі скаваць для іх лішнюю сотню рыдлёвак.

За ўсёй гэтай работай раўніва, не перадаручаючы нікому, сачыў сам Іван Ануфрыевіч. Амаль кожны дзень увечары, калі канчаліся ў сяле ўсе дзённыя работы, Грабок заходзіў да Навасада пагаварыць аб справах. Звычайна Грабок прысаджваўся на табурэтку, вымаў з кішэні свой вышыты ўкраінскімі ўзорамі кісет, падараваны яму некалі ў шпіталі, закурваў сам і частаваў самасадам Міколу. Ён расказваў Міколу, як ухітрыліся яны прывалачы да кузні спаленую нямецкую бронемашыну, і як ён вымеркаваў каваць з яе выдатныя лемяхі на плугі, і колькі рыдлёвак кавалі зрабілі за дзень. Грабок любіў паразважаць з Міколам на самыя разнастайныя тэмы.

Неяк Грабок з уласцівай яму схільнасцю да разваг, прыйшоўшы да Навасада, заўважыў:

— Гэта я ўночы кожны раз слухаю, як у Маскве, на Краснай плошчы, куранты б’юць, а вакол чуваць, машыны бегаюць, гудуць — сэрца замірае ад хвалявання. Думкі розныя ў галаву лезуць... У Маскве сваё, вялікае, размашыстае, шумнае жыццё, а ў нас, у Беражках, іншае, але думка, клопат галоўны, як у Маскве, так і ў Беражках — адзін, адной высокай ідэяй жывём: як бы хутчэй загаіць раны вайны ды шагануць наперад, наперад да нашай светлай мэты — да камунізма...

 

7

Беглі дні, і памалу канчалася восень. Пачарнеў лес, скінуўшы на дол апошняе сваё залатое ўбранне, асірацелі голыя палеткі. З дня ў дзень губляла блакітную празрыстасць неба і, усё часцей хмурнеючы, яно як бы ніжэй апускалася да зямлі. Цьмянасцю пакрываліся ўсе яркія шматкаляровыя фарбы асенняй прыроды...

Але ўсё яшчэ сярод хмарных здараліся і пагодлівыя дзянькі, калі зямля, здавалася, на поўныя грудзі дыхала цеплынёй, а навакол стаяла такая яснасць, што курлыканне адлётных журавоў чутна было ў небе на многія вёрсты.

У адзін з такіх прывабных дзён адыходзячай восені, вяртаючыся на сваім быстраходным «цундапе» з Даманава, Мікола дагнаў па дарозе дзяўчыну. Набліжаючыся да яе, ён крыху прыцішыў ход. Дзяўчына ішла прыткай хадой, як бы і не чуючы таго маленькага чамаданчыка, які яна несла ў руках. Адзін раз, пачуўшы шум матацыкла, яна была азірнулася, саступіла на бакавую сцежку з дарогі і пайшла далей, але Мікола не ўгледзеў яе твар. Дагнаўшы дзяўчыну, ён затармазіў матацыкл і спыніўся.

— Эй! — гукнуў Мікола з дарогі.— Куды кіруецеся? Сядайце, падвязу!

Уважліва прыгледзеўшыся да Міколы, дзяўчына з нейкім папрокам у голасе перапытала:

— Куды кіруюся? Думаю, што ў адну дарогу... Сорам, Мікола, не пазнаваць старых сяброў.

Збянтэжаны, Мікола глянуў на дзяўчыну і сумеўся — гэта была Наташа Купрыенка, Валіна сяброўка, у мінулым добрая яго прыяцелька, сястра таго Антона Купрыенкі, які цяпер працаваў дырэктарам Беражкоўскай школы.

— Ната! — саскочыў Мікола з матацыкла.— Якая сустрэча.

Абое радыя гэтай нечаканасці, яны цёпла прывіталіся. У кожнага з іх адразу абудзілася многа дарагіх успамінаў. Мікола ажно здзівіўся, як змянілася Наташа за час, што яны не бачыліся. Цяпер да яе ўжо не стасавалася тая даўняя мянушка, «дзікая козка», якую некалі жартам прыдумаў ёй Мікола. Наташа ўзмужнела, твар яе, хоць і не крануты яшчэ ніводнай зморшчынкай, выглядаў цяпер старэй, акругліўся. Яе нельга было назваць прыгожай, і аднак жа рысы яе твару былі мілыя і прывабныя, выклікалі нейкую асаблівую сімпатыю. Вочы Наташы свяціліся дабрынёй, цёплай увагай, а часамі ў іх успыхвалі знаёмыя Міколу гуллівыя чорцікі, тыя ж, што і некалі, у школьныя гады, у «дзікай козачкі». Тонкі стан Наташы шчыльна аблягала сіняя шарсцяная сукенка, паўзверх якой было накінута лёгкае летняе паліто.

— Ну, што ты так глядзіш? — адчуваючы сябе няёмка пад працяглым, як бы вывучаючым позіркам Міколы, спытала Наташа.— Яшчэ сурочыш...

— Ого, якая ты стала! Цябе не сурочыш... — збянтэжыўся раптам Мікола.

Яны адышліся з дарогі і селі на прымежку, проста на зямлю, на пажоўклую сухую траву. Мікола расказаў, дзе і што ён рабіў у час вайны і што робіць цяпер, расказаў пра жыццё маці і пра дачку і ўсё, што ведаў пра лёс Валі. Калі ён скончыў гаварыць, Наташа задумалася, востры смутак пакрыў яе твар.

— Эх, Валя...— горка пажалкавала яна.— Як усё нядобра сталася.

Потым Наташа коратка расказала пра сябе. Вайна застала яе ў Маскве, дзе яна якраз была ў гасцях у свайго дзядзькі, інжынера маторабудаўнічага завода. У першы ж дзень вайны яна захвалявалася, спакавала свае рэчы і хацела адразу ехаць дамоў. Многа клапот каштавала дзядзьку адгаварыць яе ад гэтага намеру, але ўрэшце яна паслухалася яго і засталася жыць у Маскве, тым больш што неўзабаве аб ад’ездзе ў Беларусь ужо не магло быць і гаворкі. Увосень, каб не губляць часу, яна паступіла на другі курс Маскоўскага медыцынскага інстытута (першы курс яна закончыла ў Мінску), усе чатыры гады вайны вучылася. Пасля здачы дзяржаўных экзаменаў яе накіравалі на працу ў Беларусь. У Мінску, у Міністэрстве аховы здароўя, улічылі яе жаданне і далі працу ў родным раёне. А тут, у Даманаве, атрымаць пуцёўку якраз у роднае сяло дапамагла простая выпадковасць — акурат на гэты час у беражкоўскім медпункце была незанятая пасада.

— Як бачыш, нічога геройскага я не зрабіла ў вайну,— пакрыўджана закончыла Наташа.— Аж сорамна... А ўсё дзядзька вінаваты. Бярог мяне, нікуды ад сябе не пускаў. Ты, кажа, у мяне адзіная пляменніца, вучыся, і ўсё. А цяпер шкадую, што слухалася яго.

Мікола ўсміхнуўся.

— І замуж не выйшла?

— І замуж не выйшла,— як бы злуючыся, пацвердзіла Наташа.

— Таксама дзядзька вінаваты? — са смехам спытаў Мікола.

— Вінаваты,— упарта паўтарыла Наташа,— каб не ён, то і выйшла б.

Мікола паглядзеў на яе па-дзіцячаму ўпарты пакрыўджаны твар і не стрымаўся ад вясёлага смеху. Усміхнулася і Наташа.

— Ну вось, ты смяешся,— ужо з меншай пераконанасцю супраціўлялася яна,— а мне ўсё-такі сорамна. Спытаюць мяне калі-небудзь, што ты, Купрыенка, рабіла ў вялікую вайну, а мне і няма чаго казаць. Дзяўчаты вунь нашы, палескія, у партызанах якія справы рабілі. Ды і на фронце таксама... А я што ж, горш за іх, ці што?

— Дзівачка ты аднак,— запярэчыў Мікола.— А вучыцца ў дні вайны таксама нялёгка было. А зараз ты ўрач, спецыяліст высакароднай і патрэбнай прафесіі. Да таго ж робіць табе чэсць тое, што не шукала ты, як некаторыя, мяшчанскага складу «студэнткі», цёплага месцечка ў горадзе, а не баішся, ідзеш у нізы, у нашу, як калісьці казалі, палескую глуш. І калі ты толькі захочаш, то зможаш вось тут, у Беражках, на сваім пасту многае зрабіць і аддзякаваць радзіме за тое, чым ты абавязана ёй.

— Ты нагаворыш... Не лепшы за майго дзядзьку,— ужо з меншым азартам пярэчыла Наташа.

Потым яны ўспомнілі даўно прайшоўшае мінулае. Многія самыя нязначныя выпадкі з іх жыцця, якія некалі былі для іх звычайнай будзённасцю, цяпер успаміналіся, як нешта важнае і дарагое. Наташа ўспомніла, як аднойчы яны плылі з Валькай на чоўне, а Мікола напалохаў іх — ціхенька нырнуў каля берага і вынырнуў каля самага чоўна... Прыгадала, як некалі, збіраючы грыбы, заблудзіліся яны ўсе ўтраіх у гарватоўскім лесе і, праблукаўшы ўвесь дзень, урэшце выйшлі да чужой вёскі... Успаміны нагадвалі ім начыста сцёртую суровым часам шчаслівую бесклапотнасць іх маладосці.

— Ёсць і яшчэ многа іншага ўспамінаць,— ціха сказала Наташа і нясмела паглядзела на Міколу.— Але таго ўжо не вернеш...

Мікола маўчаў, у задумёнасці паглядаючы перад сабой. Раптам Наташа заўважыла:

— А як ты пасівеў, Мікола... Я толькі цяпер убачыла.

— Пасівеў, гэта нішто,— махнуў рукой Мікола.— Дзякаваць, што хоць не састарыўся. Вось толькі Маечка, — усміхнуўся ён,— расце і расце, як неабвержны доказ таго, што гады ідуць.

Полем прайшоўся перадвячэрні ветрык, і сонца пачало паволі апускацца за лес, калі яны падняліся ехаць. Прывязаўшы да багажніка Наташын чамадан, Мікола завёў матор.

— Ну, трымайся! — перакрыкваючы трэск матора, гукнуў Мікола. Наташа ўхапілася за ручку каляскі, і матацыкл, плаўна зрушыўшы з месца, пабег па дарозе ўсё шпарчэй і шпарчэй.

 

8

Калі скончаны былі ўсе падрыхтаванні і на ўсёй працягласці магістральнага канала былі ўдакладнены аб’екты, што патрабуюць аднаўлення, калгасы Даманавіцкага раёна вылучылі для работ на балоце спецыяльных людзей. Гэта былі ў большасці калгаснікі, якія і да вайны працавалі на асушцы і былі ўжо знаёмы з грабарскай работай. Правёўшы папярэдне ў вёсках інструктыўныя гутаркі, Навасад размеркаваў гэтых людзей на брыгады па 25— 30 чалавек у кожнай. На чале іх былі пастаўлены найлепшыя, спрактыкаваныя ў сваёй справе грабары.

Беражкоўскую брыгаду ўзначальваў Арсень Дубовік, той самы, што да вайны быў вядомы па ўсёй трасе сваімі грабарскімі рэкордамі па пракладцы калектараў і стрэлак. Як і ўсе франтавікі, ён цяпер з запалам браўся за любімую справу. Вайна дала гэтаму чалавеку добрую загартоўку. Мірная праца прыносіла яму вялікую радасць, і ён укладаў у яе ўсё сваё ўмельства. У нейкай узаемасувязі ўставала перад ім усё, чым ён жыў,— раней на фронце са зброяй у руках адстойваў сваю родную зямлю ад ворага, а зараз павінен аднавіць на ёй жыццё.

Першы дзень выхаду брыгад на балота нечакана ператварыўся ў мнагалюдны суботнік. Досвіткам, яшчэ да ўсходу сонца, на балоты з рыдлёўкамі і сякерамі ў руках з розных вёсак рушылі сотні калгаснікаў. Разам з Дубовікам і яго брыгадай ішло яшчэ дзесяткі тры беражкоўцаў, а замыкаў шэсце сам Грабок, таксама з рыдлёўкай на плячы.

Мікола ўжо быў на балоце, каля таго месца, дзе канал быў перагароджаны завалам. Разамлелае ў нерухомасці балота яшчэ як бы спала. Над прасцягамі заросшай дрыгвы слаўся рэдкі туман. Зрэдку чуўся ў лазе крык бекасаў ці выццё рачнога бугая. Гоман многіх людзей, смех дзяўчат, якія па дарозе забаўляліся жартамі, упершыню пасля вайны прагучаў на гэтым глухім, закінутым балоце.

— Прымай людзей, Мікола Пятровіч! — весела гукнуў узмакрэлы ад цяжкай хады па балоце Грабок, падыходзячы да Навасада.— Глянь колькі! Падахвоцілі і мяне на пачын за рыдлёўку ўзяцца.

На даляглядзе, над сіняй палоскай далёкага лесу, раптам пырснулі ў неба залатыя промні сонца. Марыва туману ўвачавідкі рабілася празрыстым, пачало паступова раставаць, захоўваючыся толькі на нейкі час у гусцяжу лазы і зарасніках альшэўніку. Зазіхацела раса на лісцях альхі, на траве.

Усе, хто быў на канале, павярнуліся тварам да сонца.

— Ну, вось і сонца вітае нас,— разам з іншымі залюбаваўшыся нараджэннем новага дня, сказаў Мікола.

— Эх, Мікола Пятровіч,— задумёна зазначыў Грабок,— а чатыры ж гады было яно для савецкіх людзей як туманам апавіта...

Параіўшыся з Навасадам, Дубовік частку людзей выправіў нарыхтоўваць фашыну для ўмацавання аплыўшых берагоў канала. Астатнія пачалі разбураць гаць. Папляваўшы на рукі, першым адкінуў лапату мокрага жвіру брыгадзір Арсень Дубовік. За ім і ўсе прыступілі да працы. Спачатку памалу, а затым усё дружней і смялей замільгалі ў руках грабароў рыдлёўкі.

Мікола берагам канала паціху прайшоў да другога завалу, які быў бліжэй да ракі. Балота нібы ажыло, усюды бачны быў рух людзей. На адным з адхонаў рамонтная брыгада ўмацоўвала бераг канала. Адкасаўшы халявы гумавых балотных ботаў, Мікола апусціўся ў адхон і паказаў брыгадзіру, як лепш класці і прымацоўваць да зямлі фашыну. Ён сам умасціў і драўлянымі калкамі прыбіў некалькі жменяў лазы.

На другім завале на ўсіх не хапіла рыдлёвак, і тут працавалі па чарзе. Дзяўчаты, што чакалі чаргі на свабодную рыдлёўку, сядзелі на чорным сухім торфе і, сабраўшыся ў кружок, спявалі жартоўныя прыпеўкі. Некаторыя з іх дзяўчаты з вясёлым смехам і жартамі тут жа на хаду самі і складалі. Дзявочыя галасы весела звінелі над балотнымі прасторамі:

 

 

Добры хлопец наш Паўлуша,

Ды вось адна толькі бяда,

Як упаў Паўлуша ў воду,

Замуцілася вада!..

 

 

Не паспеў Навасад падысці да завалу, як дзяўчаты заспявалі і пра яго:

 

 

Дарагі ты наш Пятровіч,

Прымі параду ад душы:

Асушаць балоты можна,

Наташы сэрца не сушы!

 

 

Не ўтрымаўшыся ад усмешкі, Мікола жартаўліва пагразіў дзяўчатам пальцам. Пад песню працавалася весялей, і, калі дзяўчаты пераставалі спяваць, грабары ў пакаранне падавалі ім рыдлёўкі і выпраўлялі на завал, а самі выбіраліся на бераг перакурыць.

Абышоўшы да паўдня амаль усе брыгады, Мікола пад канец наведаў экскаватар. З шумам паварочваючы кран і апускаючы ў балота цяжкія клюшні, экскаватар раз за разам выкідваў на бераг вільготны тарфянік. Машына павольна, метр за метрам, пасоўвалася да ракі. Убачыўшы Міколу, Міна Міхайлавіч, не перапыняючы работы, паказаў рукою наперад, туды, дзе вехі на бярозавых жардзінах абазначалі рэчышча канала. Мікола паглядзеў — зводдаля ўжо відаць была вузенькая сіняя істужка Прыпяці. Толькі цяпер ён заўважыў, як павялічыўся канал за два прайшоўшыя тыдні.

— Як поспехі, дзядзька Міна? — падняўшыся па сходках у кабіну механіка, нахіліўся да вуха Міны Міхайлавіча Навасад.— Дацягне да ракі без рамонту?

— Не дацягне,— пакачаў галавою стары механік.— Калі дазволіш, то заўтра ж будзем поршні мяняць.

Навасад падышоў да матора, заклапочана прыслухаўся. Махнуў рукою:

— Што ж, няхай па-твойму, з раніцы станаві на рамонт. Ды толькі глядзі, не марудзь!..

Навасад на вока прыкінуў, ці паспеюць яны да надыходу зімы адолець участак балота, што застаўся да ракі, і парашыў — калі матор адрамантуюць хутка і экскаватар не падвядзе, справяцца.

Пачынаючы з гэтага дня, работы на канале вяліся ўжо штодзённа. Брыгады грабароў у некалькі дзён разабралі завалы, і па каналу пайшла вада. Праўда, пакуль магістраль не была закончана, вада, уліваючыся ў ціхую, пакручастую рэчачку, бегла яшчэ павольна, як бы нехаця.

Абласны аддзел меліярацыі, не вызваляючы Навасада ад кіраўніцтва бягучымі работамі па аднаўленню канала, даручыў яму скласці праект рамонту асушальнай сеткі на ўсёй плошчы Пагіблых балот. У Міколы адразу прыбавілася работы. Узброены тэадалітам, ён з двума памочнікамі цэлымі днямі хадзіў па балотах, а вечары праседжваў за чарцяжамі. Але такая нагрузка не здавалася яму цяжкай. Захапіўшыся справай, Мікола забываўся, да яго ўсё радзей вяртаўся смутак. Ён і сам не заўважыў, як да яго вярнуўся ўласцівы яму да вайны душэўны ўздым, працоўнае натхненне.

З прыездам у Беражкі Наташы Мікола стаў частым госцем у Купрыенкаў. Часамі ўвечары, стомлены карпатлівай работай над чарцяжамі, Мікола рашуча падымаўся, складваў у шафу ўсе свае лінейкі, пёры, гатавальню і ішоў да Наташы.

Наташа жыла пры школе, побач з кватэрай брата, у маленькім, заўсёды чыстым і ўтульным пакойчыку. Звычайна яны ўчацвярых — Наташа, яе брат Антон, жонка брата, маладая настаўніца Лена, і Мікола — збіраліся у гэтым пакойчыку, запальвалі святло і, пасеўшы хто на крэслах, хто на нізенькай, абцягнутай жоўтай скурай канапе, пачыналі розныя размовы. Душою гэтых вячорак, галоўнай выдумшчыцай і завадатарам заўсёды была Наташа. Пра што толькі яны тут не гаварылі! То пачыналі ўспамінаць смешныя выпадкі з далёкіх школьных гадоў і юнацтва, вучобу ў інстытутах, выкладчыкаў, якія вызначаліся нейкімі арыгінальнымі рысамі, то дзяліліся думкамі пра любімыя кнігі і герояў, то расказвалі адзін аднаму аб сваёй рабоце і планах. Аднойчы Мікола заняў увесь вечар, расказваючы старажытныя легенды і паданні пра Пагіблыя балоты. Часамі Наташа ў асобах перадавала выпадкі са сваёй першай урачэбнай практыкі, расказвала пра пакуты і сумненні сваёй першай дыягностыкі. Часамі яны пачыналі жартоўныя гульні.

Неяк нечакана для самога сябе Мікола пачаў заўважаць, што і ў Купрыенкаў і на вечарах у калгасным клубе яму заўсёды было асабліва прыемна быць у прысутнасці Наташы. Варта ёй пайсці — па тэрміноваму выкліку да хворага або па хатніх справах,— як Міколу адразу станавіліся нецікавымі размовы, знікаў добры настрой. Часта Мікола лавіў сябе на тым, што падоўгу непрыкметна любаваўся Наташай. Быццам нейкая цеплыня разлівалася ў яго душы, калі ён, не адрываючыся, слухаў яе вясёлую размову або проста глядзеў на яе.

Спачатку ён думаў, што гэтая яго прыхільнасць да Наташы проста вынік іх даўняй дружбы. Ён ведаў Наташу з дзіцячых год, яны разам раслі, у адной школе вучыліся. Наташа была лепшай сяброўкай Валі, і ў Міколы было з ёй многа агульных успамінаў.

Але хутка Мікола зразумеў, што ўжо не толькі пачуццё дружбы цягнула яго да Наташы. Пасля аднаго, на першы погляд нязначнага выпадку Мікола адчуў, як нешта новае пачало расці і ўмацоўвацца ў яго душы.

Аднойчы позна ўвечары, здаецца, нават за поўнач, Мікола з Антонам, забраўшыся ў настаўніцкую, каб не перашкаджаць Лене і Наташы, якія ўжо ляглі спаць, гулялі ў шахматы. За акном імжыў халодны асенні дождж. Раптам нехта пастукаў у акно. Мікола і Антон уздрыгнулі ад нечаканасці. Падышоўшы да акна, Антон адхінуў фіранку і пачаў углядацца, але святло ў пакоі перашкаджала што-небудзь разглядзець у цемені. Ён накінуў на плечы плашч, выйшаў на ганак. А праз хвіліну вярнуўся, чартыхаючыся: прыйшоў нейкі хлопец з Койданаўкі, шукае ўрача. Няшчасны выпадак з бацькам — інвалід, кантужаны на вайне, а цяпер вось упаў, ляжыць у непрытомнасці, нешта здарылася з ім, а што, самі не ведаюць...

— Што рабіць, проста розуму не дабяру! — заклапочана развёў рукамі Антон.— Не разбудзіш яе, лаяцца будзе, а ехаць у такое надвор’е... Чорт ведае што выходзіць! А галоўнае — хлопец жа гэты пеша прыйшоў, значыць, і ёй з ім топаць!..

Мікола маўчаў, не ведаючы, што параіць. Антон сярдзіта прайшоўся па пакоі, лаючы надвор’е, а заадно і неспакойную прафесію сястры.

Усё ж ён пайшоў і пабудзіў Наташу. Яна хуценька апранулася. Паклікаўшы ў пакой хлопца, распытала, што здарылася. Праз хвіліну зайшла ў настаўніцкую, ужо ў паліто, з маленькім чамаданчыкам у руцэ, і строга, як малодшаму, сказала Антону:

— Ты не шумі! Выпадак сур’ёзны, і я павінна пайсці...

— З пасцелі і на дождж!.. Ды ты заўтра сама зляжаш!

Наташа махнула рукой:

— Вось і яшчэ апякун!.. Супакойся.

Запахнуўшы паліто, яна рашуча і хутка пайшла да дзвярэй.

— Чакай, Наташа,— раптам падняўся Мікола.— Дык я ж магу падвезці цябе. Хоць ехаць цяпер на матацыкле не зусім зручна, але затое і хутчэй і лепш...

Наташа спынілася каля парога:

— А і сапраўды, падвязі, калі не баішся дажджу...

Кінуўшы недакончанай партыю ў шахматы, Мікола схадзіў дамоў і, завёўшы матацыкл, уночы, у дождж, па гразкіх прасёлачных дарогах падвёз Наташу да Койданаўкі. Бледнае святло фары няярка асвятляла дарогу, і Мікола ехаў асцярожна, старанна абмінаючы ямы і лужы.

Агледзеўшы хворага, Наташа пераканалася, што яе дапамога сапраўды была тэрмінова неабходная. Тут жа зрабіўшы хвораму ўколы камфары, намагаючыся прывесці яго ў прытомнасць, заклапочаная, Наташа выйшла да Міколы ў пярэдні пакой:

— Ведаеш, ты едзь...

— А ты як жа? — спытаў Мікола.— Я пачакаю.

— Не, не, я застануся тут. Яго нельга пакідаць без нагляду...— Наташа падышла да Міколы, падала яму руку. Нясмела ўсміхнулася нейкай незвычайна добрай, сардэчнай усмешкай. Мікола ўздрыгнуў — нешта да болю блізкае, роднае раптам мільганула ў гэтай усмешцы Наташы, у яе вачах...

— Дзякаваць табе, Мікола... Едзь!

Мікола развітаўся і выйшаў з хаты ў цемень, у гразь, у халодную асеннюю непагадзь. Але, дзіўна, ён як бы не бачыў і не заўважаў нічога вакол, а ўсё ўглядаўся ў тую запаўшую ў яго сэрца Наташыну ўсмешку, у яе добрыя вочы...

 

9

Неяк у нядзелю ў Беражках адбылося радаснае гулянне — адразу пятнаццаць калгасных сем’яў спраўлялі ўваходзіны ў новыя дамы. Падзея гэтая была радасцю для ўсяго сяла. Людзі самі назносілі ў хаты навасельцаў усякага частавання і спраўлялі гэты дзень, як свята. Навасада разам з сям’ёй запрасіў да сябе ў госці лепшы яго памочнік па асушцы Арсень Дубовік. У вялікім светлым пакоі Дубовікавага дома было шумна ад песняў і гоману падвыпіўшых гасцей. За багатымі сталамі, састаўленымі ў два, ад сцяны да сцяны, рады, самае пачэснае месца займалі калгасныя цесляры, збудаваўшыя дом. Затым ужо, дзе каму прыйшлося, размясцілася калгаснае начальства, сваякі і суседзі Дубовіка і ўсе, хто быў запрошаны на наваселле, мужчыны і жанкі і шумлівая моладзь.

Побач з Навасадам сядзеў захмялелы Іван Ануфрыевіч. Апрануты ў свой найлепшы касцюм, упрыгожаны двума ваеннымі медалямі, сёння ён выглядаў так урачыста, быццам быў імяніннікам на гэтым свяце. Час ад часу ён падымаў галаву, азіраў гаспадарчым вокам гасціну і насцярожана прыслухоўваўся да гоману галасоў. Потым, задаволена чмыхаючы носам і пагладжваючы вусы, Грабок зноў нахіляўся з гаворкаю да Навасада.

— Загаманілі... — у самае вуха Міколу бубніў Грабок.— Ты не думай, гэта не гарэлка гамоніць у іх. І ад гарэлкі, браток Мікола Пятровіч, можна слёзы ліць. Гэта ў іх радасць за сваё жыццё гамоніць, за тое, што няма ўжо над імі праклятых ірадаў фашысцкіх, а жывуць яны пры савецкім ладзе. Зрубілі мы вось гэтых пятнаццаць хат. А чаму зрубілі? Сам Дубовік не адолеў бы такую даміну пабудаваць. А таму зрубілі, што калгасам, калектывам не тое што дом пабудаваць, горы звярнуць можна...

У размове прыняў удзел сусед Міколы злева, барадаты стары, Клім Дубовік, родны дзядзька Арсеня. Нагнуўшыся над сталом, ён паклаў сваю шырокую далонь на руку Грабка.

— Гэта ты праўду, Іван Ануфрыевіч... Памятаецца мне, даўно гэта было, за царом яшчэ, згарэў у нас неяк увесь канец, што ад ракі. То пяць год пагарэльцы жылі ў зямлянках, з торбамі хадзілі па свеце, міласціну прасілі, пакуль здолелі сякія-такія хаціны паставіць... А цяпер нам савецкая ўлада і лес дала і грошы ў крэдыт адпусціла.

У самы разгар гасцявання да хаты Дубовіка падкаціў вядомы Міколу райкомаўскі «газік». У ім прыехаў запрошаны на наваселле Андрэй Сіўцоў. Як і ва ўсіх вёсках раёна, Сіўцова ведалі ў Беражках ад малога да старога, ды ён і сам тут ведаў у твар бадай што кожнага калгасніка. Пазнаёміўся ён з людзьмі ў часы падпольнай работы і партызаншчыны, калі ўзначальваў адну з партызанскіх брыгад.

Калгаснікі сустрэлі прыход Сіўцова цэлым гулам прывітальных воклічаў, а дзяўчаты, падняўшыся з-за стала, заспявалі яму жартоўную велічальную. Прывітаўшыся, Сіўцоў заняў месца за сталом. Ён сеў побач з барадатымі калгаснымі цеслярамі і адразу пачаў з імі нейкую гарачую размову. Была ў ім такая добрая рыса — умеў ён і знаходзіў аб чым пагутарыць і з юнаком, і са старой бабулькай, і з кіруючым работнікам, і з радавым калгаснікам.

Калі налілі чаркі, Сіўцоў устаў, папрасіў слова. Усе замоўклі.

— Дарагія таварышы! — падняўшыся з-за стала, проста, задушэўна звярнуўся ён да гасцей і, выцягнуўшы з нагруднай кішэні лісток паперы, разгарнуў яго.— Неяк днямі зазірнуў я ў энцыклапедычны слоўнік Брокгауза і Эфрона. Добрасумленны, хоць, вядома, у многім устарэлы зараз слоўнік. І вось што я прачытаў там пра наша з вамі Палессе, вобласць, у якой мы жывём. Чытаю: «Мазырскі павет займае велізарныя прасторы, больш пятнаццаці тысяч квадратовых вёрст, але з іх больш трох чвэртак знаходзіцца пад лясамі, хмызнякамі і балотам, не лічачы пяскоў і вод. Па абодвух берагах галоўнай ракі Прыпяці раскінулася незаселенае Палессе, краіна балот і лясоў...» Вось якая прамысловасць была тады на Палессі: дванаццаць вінакурных заводаў, шэсць мукамольняў, адна лесапілка, тры цагляныя заводы, васемнаццаць смалакурных, шкіпідарных і дзягцярных. У павеце налічвалася 108 цэркваў, 40 малітвенных дамоў і сінагог. А школ народных і царкоўнапрыходскіх было ўсяго 49, паштовых аддзяленняў 13, сельская бальніца адна на 10 ложкаў, урачоў — 1 павятовы і 2 сельскія...— Сіўцоў павольна склаў лісток і паклаў яго зноў у кішэню.— Адным словам, як пісаў наш вялікі беларускі паэт Янка Купала:

 

 

Было тут калісьці —

Багнішчы-балоты,

У дрыгве прэла лісце,

Асокі, чароты...

 

А людзі? а людзі? —

Іх мала-нямала,—

Упаўшыя грудзі,

Бяда ўслед навалай.

 

Між топкіх багнішчаў,

На выдмах пясчаных,

Як на папялішчы,

Рад хат, бы курганаў.

 

Жывуць людзі ў хатах,

Плятуць сабе лапці,

Каб з торбай у латах

Пайсці жабраваці.

 

Пад шум бесканечны

Бярозаў і соснаў,

Сахой недарэчнай

Аруць пясок млосна...

 

Праз леты і зімы

Паданне йшло ў векі:

— Палешукі мы,

А не чалавекі.

 

 

Ёсць, таварышы, на свеце многа розных цудоўных казак, але больш цудоўнай казкі, чым наша жыццё, бадай і не знойдзеш. Як ператварылася, як далёка пайшло наперад наша Палессе за гады савецкай улады! Тысячы школ, клубаў, кінатэатраў, сотні бальніц, радзільных дамоў, амбулаторый, ды не з якім-небудзь адным-двума эскулапамі, а з цэлай арміяй адукаваных спецыялістаў. Сотні электрастанцый, якія асвяцілі самыя далёкія і глухія куточкі Палесся, дзесяткі машынна-трактарных станцый, дзесяткі фабрык і заводаў. Тысячы багацейшых калгасаў, дзе людзі жывуць заможным і культурным жыццём,— вось што прынеслі гады савецкай улады нашаму Палессю. Адышлі ў нябыт адвечная беднасць і галеча палешука, яго славуты «каўтун», яго бездапаможнасць у барацьбе з суровай прыродай. Цяпер паляшук — гаспадар свайго лёсу, смела бярэцца за пераўтварэнне прыроды, прымушае яе служыць сабе.

Сіўцоў памаўчаў, аглядзеў прысутных. Усе ўважліва слухалі, ні словам, ні рухам не парушаючы цішыні.

— Гітлераўскія акупанты нанеслі вялікую шкоду нашай народнай гаспадарцы. Але, таварышы, ад нас залежыць яе хуткае аднаўленне. І я веру, што не пройдзе і пяці гадоў, як жыццё наша стане яшчэ прыгажэй і багацей, чым было да вайны. Зноў зашумяць на нашых палетках багатыя ўраджаі, загамоняць у сёлах маладыя сады, загрукочуць тысячы і тысячы трактараў, камбайнаў, засвецяцца агні электрастанцый...— Сіўцоў падняў чарку: — Жадаю навасёлам жыць у новых дамах весела і шчасліва, ды каб жыла і працавала наша савецкая Радзіма пад мірным небам ад гэтай хвіліны і ва векі вякоў!..

Да Сіўцова з усіх бакоў пацягнуліся рукі з чаркамі — чокацца. Госці задаволена зашумелі, усім прыйшлася да душы прамова сакратара. Цягнуўся са сваёй чаркай да Сіўцова і Іван Ануфрыевіч. З усмешкай паглядаючы на захмялелага Грабка, Сіўцоў жартаўліва пагразіў яму пальцам.

Калі госці падняліся і пачалі ачышчаць хату ад сталоў, каб наладзіць танцы, Сіўцоў падышоў да Навасада. Ён выйшаў з ім у маленькі пакойчык, дзе не было людзей.

— Ну, як, Мікола, жывеш?

— Ды нішто,— няпэўна адказаў Мікола.

Сіўцоў уважліва паглядзеў на Міколу, паклаў яму руку на плячо.

— Чаму ж ты маўчыш, не гаворыш сябру? Ведаю я пра тваё гора... Ды гэтага і можна было чакаць. Скажу табе адно — мужайся, вазьмі сябе ў рукі. Тых, каго ўжо няма,— а іх тысячы тысяч,— тых не падымеш, як бы мы пра іх ні гаварылі, і наш смутак ім непатрэбны. Смутак толькі знясільвае чалавека...— Сіўцоў памаўчаў, закурыў папяросу.— Усё мінае, зажыве і гэты боль. У многіх пасля вайны засталіся такія раны, ды глядзі, не толькі дамы адбудоўваюць, але ўжо і вяселлі дзе-нідзе спраўляюць. Так яно і павінна быць, жывыя пра жыццё павінны думаць — вось табе мая сяброўская парада...

— Дзякаваць, Андрэй,— ціха сказаў Мікола.— Вось ты гаворыш, усё мінае... Гэта праўда. Не забываецца, а іменна мінае...— Мікола апусціў галаву.— Баюся прызнацца, але, здаецца, я ўжо закахаўся. Нават няёмка неяк...

— Вось яно што! — выгукнуў Андрэй.— А чаго няёмка? Каханне — пачуццё складанае. Тэрмінаў яно не ведае, узнікла — не адкладзеш!.. Гэта ці не ў Наташу Купрыенку закахаўся?

— У яе,— кіўнуў галавой Мікола.

Сіўцоў усміхнуўся, шырока развёў рукамі.

— Ну, дружа, нічога дрэннага не скажу — добрая дзяўчына! Калі сват спатрэбіцца, мяне запрашай...

— Ды што ты, што ты,— адмахнуўся Мікола,— рана яшчэ пра сватоў гаварыць.

Сіўцоў абняў Міколу за плечы, прайшоўся з ім па пакоі.

— Кахання, Мікола, не бойся. Узвышанае гэта, прыгожае пачуццё. Смела ідзі яму насустрач. Выкажуся табе па сакрэту, пад гарачую руку — я, брат, так думаю, што чалавек, які не ўмее кахаць, толькі напалову чалавек.

Яны спыніліся каля акна. Мікола маўчаў, паглядаючы, як за акном на плоце падскоквалі нахохленыя ў прадчуванні зімы канаплянікі.

— У вольны час падумай, што я тут табе гаварыў, усё зразумееш.— Сіўцоў таксама паглядзеў у акно.— Глядзі ты, неба ў хмарах, пахаладнела, як бы снег не пайшоў... Ну, расказвай, як справы на балоце?

— Ды як быццам нічога,— усё яшчэ знаходзячыся пад уражаннем слоў Сіўцова, адказаў Мікола.— Ручныя работы на канале закончаны, завалы разабралі. Закончылі б ужо і магістраль, ды экскаватар падвёў. Знасіліся поршні, укладышы падшыпнікаў, прыйшлося ўсё гэта замяняць... Думаю ўсё ж, што за некалькі дзён скончым.

— Як Міна Міхайлавіч сябе адчувае?

— Добры стары, вось ужо сапраўды энтузіяст. Дзень і ноч гатовы працаваць. А галоўнае — справу ведае.

— Перадай яму маё прывітанне... Ён і ў партызанах вось такім жа быў — пашлеш яго ў засаду, то пакуль фрыца не падстрэліць, двое сутак з месца не сыдзе, не варухнецца...

— На яго гэта падобна,— усміхнуўся Навасад.

— А ведаеш, Мікола,— памаўчаўшы, сказаў Сіўцоў, — табе ж заўтра ў вобласць ехаць трэба.

— А што такое?

— Лугавец выклікае. Як відаць, твае праекты па асушцы Пагіблых зацверджаны, паведаміць табе пра ўсё хоча.

— Што ж, прыйдзецца паехаць,— адразу ажывіўся Мікола.— Гадзіны за дзве на матацыкле дамчуся.

— Ты не вельмі спяшайся, а то, чаго добрага, разаб’ешся, а тады мне адказваць прыйдзецца: гэта ж я цябе ўзнагародзіў такой каляскай...

Да позняй ночы весяліліся беражкоўцы, святкуючы наваселле сваіх аднавяскоўцаў. Гэта быў дзень, калі кожны яшчэ і яшчэ раз адчуў сілу роднага калгаса, адзінства і згуртаванасць дружнай калгаснай сям’і.

...А прачнуўшыся раніцаю, Мікола доўга нерухома ляжаў, здзіўлены незвычайным святлом, што лілося праз акно яго пакоя. Зразумеўшы нарэшце, што здарылася, Мікола падняўся, падышоў да акна — ну, так, на зямлі, на дахах суседніх дамоў — усюды ляжаў снег ды такі белы, што вачам балюча было глядзець на яго.

Дзіўна бывае, калі нечакана, у адну кароткую ноч, раптам настае зіма. Засынаеш, на дварэ яшчэ восень, усё неба ў хмарах, імжыць бясконцы, сумны дождж, а прачнешся і бачыш — малады, невядома адкуль наляцеўшы за ноч мароз скаваў ужо ўсе лужы і ручаі, і вакол рассцілаецца белы, іскрысты снегавы дыван. І заўсёды ў такія хвіліны чалавек адчувае нейкую незразумелую беспрычынную радасць.

 

10

Неўзабаве прачнулася маці, а следам і Мая.

— Тата,— падняўшы сонную галоўку, паклікала дзяўчынка.— Ты куды збіраешся?

— У горад, дачка,— укладваючы ў партфель патрэбныя паперы, ручнік, мыла, падрыхтаваны маці бутэрброд, адказаў Мікола. Ён падышоў да яе ложка, загарнуў Маю ў коўдрачку і паднёс да акна.

— Ану паглядзі на вуліцу!

— Ух, татачка! — зажмурыўшыся ад нечаканасці, выгукнула Мая, здзіўленая свежасцю і беллю першага снегу.— Гэта зіма, так?

— Зіма, дачка,— усміхаючыся, адказаў Мікола.

— Тата,— рашуча сказала Мая,— ты купі мне ў горадзе саначкі, такія маленькія, са спінкай. Добра?

— Добра, дачка, калі знайду, прывязу табе такія санкі,— паабяцаў Мікола.

— А ведаеш, тата,— шчабятала дзяўчынка на руках у Міколы.— Ты паедзеш, а да мяне сёння цёця Ната прыйдзе. Прынясе кніжку з малюнкамі.

Пачуўшы ад Маі пра Наташу Купрыенку, Мікола, сам не ведаючы ад чаго, збянтэжыўся, нічога не адказаў.

— Яна вельмі добрая цёця,— дадала Мая.— Яна, як прыходзіць, казкі мне расказвае, вершыкі вучыць.

Мікола ўжо і раней ведаў пра гэтую дружбу Наташы з Маяй. Яму было і прыемна гэта і неяк няёмка. Няёмка таму, што пазнаёміліся яны без яго, самі, ды яшчэ пры даволі дзіўных абставінах. Аднойчы, робячы санітарны абход вёскі, Наташа зайшла ў дом да Навасадаў. Пастукаўшы ў дзверы, Наташа пачула тонкі дзіцячы голас:

— Чакайце, зараз адчыню...

За дзвярыма пачуўся шум, пыхценне. Падсунуўшы па падлозе табурэтку, Мая адкінула кручок дзвярэй. Наташа была нямала здзіўлена, убачыўшы, што дзяўчынка ў доме адна.

— А дзе ж бабуля?

— На ферму пайшла, яна хутка вернецца. А тата на балота паехаў,— смела адказала дзяўчынка.

— І табе не сумна адной?

— Сумна,— адкрыта прызналася Мая.— А ты хто — доктар, так? — убачыўшы на Наташы белы халат, што выглядваў з-пад паліто, спытала яна.

— Доктар,— усміхнулася Наташа.

— Ты добры доктар? Не будзеш мне рабіць уколаў?

— Не буду,— адказала Наташа і прапанавала:— А хочаш, я раскажу табе казку пра Алёнушку і братца яе Іванушку?..

— Ну?..— у Маі загарэліся вочкі, але яна тут жа недаверліва прыжмурылася:— А ты ўмееш?

— Умею, пойдзем...

Вярнуўшыся з фермы, старая Хрысціна застала ўнучку з Наташай за ажыўленай размовай. Мая прынесла і паказала цёці ўсе свае цацкі і лялькі, развесялілася.

Калі Наташа сабралася ісці, Мая незадаволена запыхцела, была гатова расплакацца. Супакойваючы дзяўчынку, Наташа паабяцала абавязкова зайсці да яе калі-небудзь у іншы раз, у вольны час.

Хрысціна і здзівілася і была кранута, убачыўшы, як у час гэтай размовы Наташы з Маяй у Наташы раптам заблішчалі слёзы на вачах, задрыжаў голас. Ці быў гэта жаль да дзяўчынкі, якая так прагна пацягнулася да яе даверлівым сэрцам, ці ўспомніла яна сваю сяброўку, маці Маі?..

«Было б лепш, калі б я сам пазнаёміў іх,— думаў Мікола, стоячы з дачкою на руках каля акна.— А можа, і не лепш, можа, так атрымалася ўсё больш натуральна, проста».

— Тата, дык ты ж глядзі, не забудзь пра саначкі,— яшчэ раз напамянула Мая.

— Куплю, мая малышка, абавязкова куплю,— моцна прыціснуўшы да сябе і пацалаваўшы Маю, сказаў Мікола і аднёс яе на ложак.

Дарога ў вобласць прайшла не без прыгод. Ад’ехаўшы ад Беражкоў кіламетраў з дзесяць, Навасад нечакана напароўся на цвік. З шумам трэснула камера пярэдняга кола, матацыкл рэзка закінула, і Мікола ледзь не зваліўся ў кювет. Увогуле ўсё абышлося добра, калі не лічыць, што Мікола, не маючы шафёрскай практыкі, дзве з паловай гадзіны згубіў на разманціроўку кола і заклейку камеры ды ў дадатак вымазаўся. «Што ж, любіш катацца, умей і папрацаваць»,— супакойваў сам сябе Мікола, цярпліва завіхаючыся з гайкамі і ключамі.

Падлатаўшы камеру, ён пад’ехаў да ракі, памыўся і потым ужо працягваў шлях.

Гэтая непрадбачаная затрымка прывяла да таго, што ў горад ён трапіў толькі а чацвёртай гадзіне дня. Лугавец, з якім ён адразу сазваніўся па тэлефоне, сказаў, што зможа прыняць яго толькі ўвечары, а восьмай гадзіне, а пакуль што параіў ісці ў гасцініцу і адпачываць.

Мікола не адчуваў сябе стомленым і, пакінуўшы ў двары гасцініцы матацыкл, вырашыў прайсціся па горадзе. Як і ўсюды на Палессі, у горадзе на кожным кроку кідаліся ў вочы сляды ваенных разбурэнняў. Фашысты, ужо адступаючы, узарвалі ўсе лепшыя будынкі ў цэнтры горада — шматпавярховы дом абласнога выканаўчага камітэта, будынак рэдакцыі абласной газеты, тэатр, буйныя магазіны, многія адміністрацыйныя будынкі. Горад выглядаў параненым, увесь яго цэнтр ляжаў у руінах.

І ўсё ж, нягледзячы на гэта, адчувалася, што ён ужо жыў сапраўдным паўнакроўным жыццём. Усюды відаць была рука чалавека-стваральніка. Дыміліся каміны адноўленай электрастанцыі, дрэваапрацоўчага завода, фанернай фабрыкі. У многіх мясцінах руіны ўжо былі прыведзены ў парадак, на беразе Прыпяці гараджане зрабілі новы сквер, і цяпер там садзілі дрэвы. Высокімі дашчатымі агароджамі былі абнесены будаўнічыя пляцоўкі. Ажыўленне адчувалася ў рачным порце, куды да прыстаней падыходзілі і адыходзілі з рознымі грузамі апошнія перад закрыццём навігацыі параходы. Па часовым пантонным мосце цераз Прыпяць адна за адной беглі на станцыю, якая знаходзілася за некалькі кіламетраў ад горада, грузавыя, легкавыя аўтамашыны, пасажырскія аўтобусы. Ажыўлена гандлявалі магазіны, рэстараны. Чуваць быў шум толькі нядаўна ўстаноўленай ратацыі ў друкарні абласной газеты. Працавалі кінатэатры, бібліятэкі, Дом партыйнай асветы. Стракатыя афішы паведамлялі пра пастаноўку новага спектакля абласным украінскім тэатрам, завітаўшым у госці да суседзяў-палешукоў.

Увечары, дакладна ў прызначаны час, Навасад прыйшоў у абком. Знаёмы ўжо Міколу малады чарнявы памочнік Лугаўца запрасіў яго прысесці, а сам зайшоў у кабінет сакратара.

Лугавец сустрэў Міколу цёпла, па-сяброўску, як даўняга знаёмага. Быццам падкрэсліваючы свае добрыя адносіны да Навасада, жаданне пагутарыць па шчырасці, Лугавец выйшаў з-за стала, сеў побач з ім на канапе, закурыў.

— Рады павіншаваць вас, Мікола Пятровіч,— па звычцы паціраючы рукою рубец на шчацэ, сказаў Лугавец.— Ваш праект па асушцы Пагіблых зацверджан Міністэрствам меліярацыі без адзінай папраўкі.

— Што ж,— адказаў Мікола, адчуваючы, як чырвань міжвольна заліла яму твар,— цяпер застаецца прасіць, каб яны гэтак жа дзейсна дапамаглі нам у яго ажыццяўленні, як лёгка зацвердзілі.

— Правільная заўвага, і мы будзем патрабаваць гэтага ад іх,— згадзіўся Лугавец.— Але я выклікаў вас, каб пагаварыць аб іншым. Падыдзем да карты...

Лугавец падвёў Навасада да сцяны, на якой вісела вялікая шматкаляровая карта вобласці, з падрабязнасцямі адлюстроўваючая не толькі геаграфію Палесся з усімі яго рэкамі, азёрамі, вадаёмамі, балотамі і лясамі, але і ўсю прамысловасць і гаспадарку вобласці.

У міністэрстве не зрабілі паправак да вашага праекта, а я зараз зраблю вам сур’ёзную заўвагу,— усміхнуўся Лугавец.— Мне не трэба гаварыць вам пра тое, што нашай з вамі мэтай з’яўляецца не простае асушэнне балот. Наша мэта — ператварыць балоты, і не толькі балоты, а і ўсе мінеральныя глебы, у землі штогадовых высокіх ураджаяў. Для рэгулявання воднага рэжыму на балотах у вашым праекце прадугледжана спецыяльная сістэма шлюзаў. І гэта правільна, у засушлівыя гады, перакрыўшы шлюзы, мы ўратуем тарфянікі ад перасушкі... Але ці толькі аб тарфяніках мы павінны клапаціцца, Мікола Пятровіч? А колькі ў нас на Палессі пяскоў, земляў, якія з году ў год церпяць ад недахопу вільгаці?.. Клапоцячыся пра будучае, заглядаючы ў заўтрашні дзень, ці не павінны мы з вамі, таварыш Навасад, падумаць пра гэтыя пяскі?

— Гэта ў якім жа сэнсе? — спытаў Мікола, некалькі здзіўлены нечаканай прапановай Лугаўца.

— У тым сэнсе, каб абвадніць іх. Балотныя воды спускаць не ў рэкі, а ў штучна створаныя вадаёмы, якія потым выкарыстоўваць для абваднення пяскоў.

Мікола памаўчаў, падумаў.

— Гэта цікавая прапанова,— сказаў ён,— але такія работы патрабуюць вялікіх затрат...

Лугавец кіўком галавы згадзіўся з заўвагай Навасада.

— І яшчэ,— дадаў задумёна Мікола,— вялікую колькасць меліярацыйных машын.

— Зусім правільна! А іх цяпер пакуль што ў нас вельмі мала... Але, Мікола Пятровіч, смялей глядзі наперад, больш упэўнена. Дзяржава пойдзе нам насустрач. Будуць у нас машыны, будзе столькі машын, колькі спатрэбіцца для выканання любых, самых смелых задум па пераўтварэнню нашай прыроды. Мне вядома, што інстытут механізацыі, які, дарэчы кажучы, узначальвае зараз наш зямляк Мацэпура, прыступіў ужо да вырабу механічных канавакапальнікаў. Машына гэтая заменіць тысячы людзей з іх грабарскімі рыдлёўкамі... То вось,— узяўшы ў рукі ўказку, працягваў Лугавец,— паглядзіце на гэты аграмадны пясчаны масіў, які ляжыць побач з Пагіблымі. Цяпер гэта закінутыя землі, іх ніхто не апрацоўвае. Падумайце, Навасад, ці нельга іх ажывіць, выкарыстаць, напаіўшы жывою вадою Пагіблых?

— Гэта трэба праверыць на мясцовасці, паглядзець, ці можна стварыць дзе-небудзь побач вадаём,— паглядаючы на карту, разважліва сказаў Мікола.

— А вось я і прапаную вам падумаць аб гэтым, праверыць,— сказаў Лугавец і задумёна дадаў:— Гэта будзе ў нас на Палессі першы вопыт. Калі ён удасца, апраўдае сябе, зоймемся абвадненнем пяскоў у самых шырокіх маштабах. Вады ў нас дастаткова, а ўсё ж ад засух часта церпім. Чаму мы павінны залежаць ад выпадковасцей?..— Лугавец паклаў на стол указку, узбуджана пагладзіў рукою рубец па шчацэ.— Смялей глядзіце наперад, у будучыню. Яна прыгожая, незвычайна прыгожая, наша будучыня, і мы павінны заўсёды бачыць яе перад сабою, смялей да яе ісці.

Лугавец падышоў да тэлефона, назваў нумар.

— Таварыш Мельнікаў?.. Гаворыць Лугавец. Заўтра да вас зойдзе Навасад. Мікола Навасад з Беражкоў. Пазнаёмце яго, калі ласка, з рашэннем міністэрства па яго праекце... Так, так... Ды, дарэчы, абмяркуйце з ім пытанне аб прыцягненні да работ на Пагіблых калгаснікаў усяго сельсавета, усіх навакольных вёсак... Так, так...

Лугавец паклаў трубку, паглядзеў на Міколу.

— Вясной прыеду да вас, Навасад. На юху,— усміхаючыся, дадаў ён.

— Будзем рады бачыць вас сваім госцем,— сказаў Мікола.— На Пагіблых будзе тады што паглядзець.

Лугавец падаў Навасаду руку.

 

11

У дзень, калі Мікола ездзіў у вобласць, Наташа, скончыўшы прыём у амбулаторыі, успомніла сваё абяцанне і, купіўшы ў сельскім культмагу некалькі каляровых дзіцячых кніжак з вершамі, зайшла да Навасадаў. Як узрадавалася Маечка, убачыўшы яе!

— Цёця Наташа, цёця Наташа! — закрычала дзяўчынка, падскокваючы па хаце.— Бабулька, да нас цёця Наташа прыйшла! — спяшалася яна падзяліцца сваёй радасцю з любімай бабуляй.

Старая Хрысціна, усміхаючыся, выйшла сустрэць госцю. Яна падзяляла радасць сваёй унучкі, разумела: дзіцячае сэрца не можа памыляцца, відаць, чыстай душы чалавек была гэтая мілая, добрая дзяўчына, да таго ж, як кажуць людзі, і доктар нядрэнны.

Наташа распранулася, села побач з Маечкай на канапе і ўвесь вечар чытала ёй вершы, расказвала казкі.

У другі раз Наташа, выкліканая да хворага ў суседнюю вёску, вырашыла ўзяць Маечку з сабою. Дзянёк быў сонечны, не халодны, і апранутая ў цёплы кажух, усеўшыся ў сані, Маечка была на дзесятым небе ад радасці. Пагулянка так спадабалася ёй, што яна потым доўга расказвала бацьку, як яны хутка імчаліся па дарозе, як з-пад капытоў каня ляцеў іскрысты снег, як прыгожа блішчыць за вёскай снежнае поле.

Мая так прывязалася да Наташы, што калі тая, занятая якой-небудзь тэрміновай працай, доўга не прыходзіла да іх, сумавала.

Аднойчы, вярнуўшыся з работы, Мікола знайшоў у сябе на стале складзеную ўдвая запісачку. Разгарнуўшы яе, Мікола прачытаў: «Былі з Ленай у вас, але не дачакаліся цябе. Чаму не заходзіш? Увечары чакаем абавязкова. Наташа».

Мікола прысеў на крэсла і задумаўся...

Вось і не заўважыў ён, як прабег час, як ва ўсёй сваёй складанасці ўстала перад ім пытанне, якое ўжо нельга было ні абысці, ні адкінуць. Так, гэта было каханне, не трэба ашукваць сябе, ён кахае яе, разумее, што толькі яна, Наташа, здольна вярнуць яму шчасце, разбітае вайной...

Ці трэба было яму баяцца гэтага пачуцця, саромецца яго, калі яно прыносіла яму такую радасць? Ці ж добрым, сумленным каханнем ён пакрыўдзіць памяць Валянціны? Вядома, не... «Тым, каго ўжо няма, непатрэбны наш смутак,— успомніў Мікола словы Сіўцова.— Каханне прыгожае, святое пачуццё, і смела ідзі яму насустрач...»

Надвячоркам, амаль на змярканні, Мікола, выходзячы з сельсавета, нечакана ўбачыў Наташу. Не заўважыўшы яго, яна хутка ішла па вуліцы,— відаць, скончыўшы работу ў медпункце, вярталася дамоў. Яна была ў простым, акуратна пашытым паўкажушку, у валёнках, у цёплай белай хустцы.

— Наташа! — ціха паклікаў яе Мікола.

— Добры вечар! — збянтэжыўшыся, што не заўважыла яго, прывіталася Наташа.— Ты куды? Не да нас?

— Ды як табе сказаць... магу і да вас.

— А ведаеш,— раптам прапанавала Наташа,— я так стамілася за дзень, давай ашукаем Антона з Ленай і не пойдзем дамоў, а проста так пройдземся. Вечар які прыгожы!

— Давай, — згадзіўся Мікола.

Яны павольна пайшлі па вуліцы. У дамах ужо запальваліся агні. Мікола маўчаў, адчуваючы нейкую няёмкасць перад Наташай. Яму здавалася, што яна ўжо ўсё ведала. Нават тое, як ён раніцамі, саромячыся самога сябе, станавіўся каля акна ў сваім пакоі і цішком, хаваючыся за фіранкамі, чакаў, калі Наташа пройдзе побач, каб убачыць яе.

— Што ты да нас рэдка стаў заходзіць? — спытала Наташа.— Дзе бываеш, чым займаешся?

Мікола, не адказаўшы на яе пытанне, нахмурыўся, пакрочыў хутчэй... А можа, яму проста, вось так, спыніцца ды і прызнацца ёй ва ўсім, не хаваючы нічога?..

Але Наташа, як бы разгадаўшы яго думкі, паспешліва пачала расказваць яму пра нейкія смешныя дробязі, спытала, калі ён едзе ў Даманава, і ці не возьме яе за пасажыра? Як бы напалохаўшыся нечага, што павінна было зараз адбыцца, Наташа заспяшалася дамоў, успомніўшы нейкія неадкладныя справы.

Мікола вярнуўся і праводзіў яе да школы... Няхай будзе так, як хоча яна, ён будзе цярпліва несці ў сабе нават нераздзеленым гэтае вялікае пачуццё.

Каля дома Наташа спынілася, падала яму руку.

— Ну, да пабачэння!

Мікола пастаяў каля варотцаў, пакуль за Наташай не зачыніліся дзверы ў хату. Потым павольна пайшоў па вуліцы, неяк даверліва радуючыся ўсяму — і ціхаму зімоваму вечару, і дымкам, што цягнуліся з каміноў у асветленае першымі зорамі неба, і рыпучаму снегу пад нагамі...

 

12

Нечакана надышоўшая ў той год зіма ўсталявалася не адразу. Першы снег растаў, расквасіўшы і без таго дрэнныя дарогі. Праз дзень-два зноў падмарозіла і выпаў новы снег, але і гэты, у сваю чаргу, доўга не пратрымаўся. З завалочанага шэрымі хмарамі неба падаў то дождж, то снег, і ўсё гэта ператваралася ў мокрую мешаніну. І толькі ў палове снежня ўдарыў сапраўдны, па-зімоваму пякучы мароз і пышнай белай коўдрай упэўнена і, відаць, намоцна лёг снег.

Экскаватар, які працаваў у апошні час і ўдзень і ўночы, паспеў дакончыць сваю працу да паступленпя гэтага першага сапраўднага марозу.

Навасад папрасіў у Грабка каня, каб з’ездзіць паглядзець канал. Іван Ануфрыевіч выказаў жаданне і сам праехаць за кампанію з Міколам. Неўзабаве да дома Навасада падкаціў напакаваны саломай вазок старшыні калгаса. Грабок сам кіраваў канём, спрытна спыніў яго каля самых варот.

З сяла яны паехалі наўпрост да ракі, а тады, прабіраючыся берагам, па сухім лугавым грудзе дабраліся аж да самага таго месца, дзе канал уліваўся ў Прыпяць. Пад’язджаючы да вусця канала, яны яшчэ здалёк убачылі на рацэ падняты ўгору хобат прыціхшага экскаватара, які цяпер нерухома стаяў, прыпнуты каля берага. На высокім грудку, над дубам, віднеўся шалаш, і каля яго гарэў касцёр.

Міна Міхайлавіч і яго памочнік, шаснаццацігадовы Віктар, з радасцю сустрэлі Навасада.

— Ну, інжынер, прымай работу,— павітаўся з Міколам Міна Міхайлавіч.— Глядзі, якую канаўку пракапалі!

— Добра, дзядзька Міна, што ў час закончылі, што зіма не засцігла.— Мікола моцна паціснуў руку старому машыністу.— Дзякаваць табе. Між іншым, рады перадаць, што работа твая ацэнена па заслугах. Сіўцоў званіў, што сельгасаддзел прэміраваў цябе.

Яны падышлі да магістралі. Роўны, як бы пракладзены па шнуры, канал у перспектыве звужаўся ў маленькую чорную кропку. Грабок тупаў па беразе ўслед за Міколам, які рабіў некаторыя тэхнічныя падлікі, і ўсё задаволена чмыхаў носам.

— Канец Пагіблым! — час ад часу выгукваў ён.— Такая канаўка ўсё высмакча, няхай толькі вясна прыйдзе.

Тым часам каля шалаша Віктар у вялікім медным рондлі гатаваў над агнём юху. Нанач яны з Мінай Міхайлавічам паставілі нажыўлены жыўцамі шнур, а раніцай знялі з дзесятак акунёў і два невялікія самы. За час, пакуль Навасад вырашаў са старым машыністам, куды паставіць на зіму экскаватар, пагутарыў з ім пра зімні рамонт агрэгата, акурат згатавалася і юха. Яны вярнуліся да шалаша і паселі каля агню на раскіданае вакол сена.

— Да юхі не шкодзіла б і чарачку,— здымаючы з агню рондаль, зазначыў Міна Міхайлавіч,— але, выбачайце, няма, а на няма і крыўды няма.

Грабок моўчкі ўстаў і пайшоў да фурманкі. Пакапаўшыся ў наладаваным саломай возе, ён дастаў прыхаваную ў задку паўлітэрку і, не кажучы ні слова, вярнуўся, паставіў яе на дол.

— Ну і прадбачлівы ж ты чалавек,— засмяяўся Мікола.— А што б ты рабіў з гарэлкай, каб не было юхі?

— Не было б юхі, закусілі б сальцам,— вымаючы з шырокай кішэні свайго брызентавіка пакунак з закускай, спакойна адпарыраваў Грабок...

Калі выпілі па адной добрай чарцы, Міна Міхайлавіч расказаў, што рабілася на Пагіблых пры акупантах, як памалу зноў забалочваліся асушаныя масівы. Ён быў і сведкам і ўдзельнікам усяго, што адбывалася тут. Два з паловай гады Міна Міхайлавіч партызаніў у Гарватоўскай пушчы і нават займеў у атрадзе славу найпершага майстра па засадах на фашыстаў.

— Вось дайце вы мне, людзі, адказ на такую загадку,— нават спыніўшы чэрпаць юху, сур’ёзна запытаў Міна Міхайлавіч.— Чаму гэта такое бывае — тры ночы я ўжо за працай не сплю, стомлены, стары чалавек, а сяджу з вамі, і нішто, радасна мне і добра сябе пачуваю. От калі б не дакончыў сёння канал, то і яшчэ без перадыху працаваў бы... А ў сорак першым, увосень, выйшлі мы на Пагіблыя загачаць магістраль — рыдлёўка ў руках тры пуды важыць, ні падняць, ні ускінуць яе сіл няма, ледзь рукамі варушу, і душа і цела стогне ад болю. Кінуў, памятаю, можа якія тры рыдлёўкі жвіру і ўвесь потам абліўся. Што гэта за цуд такі, а?

І, не чакаючы адказу — відаць было, што ён даўно ўжо сам знайшоў адказ на сваю загадку,— прамовіў:

— Думаю я, такі гэта цуд, што працаваць на карысць жыцця ў чалавека сілы патройваюцца, а на шкоду і рукі не падымаюцца. Во як...

— Гэта ты, браток Міна Міхайлавіч, праўду кажаш,— разважліва падтрымаў яго Грабок.— Бывала, ляжыш у акопе, лета, птушкі спяваюць... Здаецца, эх, касу б у рукі ды на луг. Або хоць выйсці на наша залатое поле ды падзівавацца на ячмень са сцяблом таўшчынёю з руку... А тут фашыст як зайграе на сваіх шасціствольных цымбалах, то ўся зямля вакол у скокі ідзе. І такая тады злосць на праклятых вылюдкаў апаноўвае за разбуранае жыццё, што ўжо ні страху, ні болю, калі параняць, не адчуваеш. Устаеш, бяжыш, і тады ні куля, ні снарад цябе не бярэ, а цымбалы тыя голымі нагамі топчаш — такая злосць!

— Ты мне скажы, браток Міна Міхайлавіч,— спытаў, памаўчаўшы, Грабок,— што ты маеш зімою рабіць?

— Ды вось, перш за ўсё агрэгат падладжу,— не разумеючы, куды хіліць Грабок, адказаў стары машыніст.

— Та-ак,— сказаў Грабок.— А я да цябе з просьбай ад усяго нашага калгаса: скончыш рамонт машыны і давай да нас, у Беражкі. Дапамажы нашым кавалям інвентар у спраўнасць прывесці, да вясны падрыхтавацца. Што хочаш, браток, прасі за гэта, а толькі не адмаўляй.

— Гм...— задумаўся стары, як відаць не падрыхтаваны да такой прапановы.

— І не гмыкай, Міна Міхайлавіч, бо і з балота не паеду, пакуль згоды тваёй не даб’юся. Што я людзям скажу, калі з «такам» прыеду? Ну, згода? — неадчэпна прыстаў Грабок.

— Ды што ўжо з табой зробіш? Прыеду, дапамагу штокольвечы...— доўга не адмаўляючыся, здаўся Міна Міхайлавіч.

Мікола ўбачыў, што не проста па цікавасці прыехаў з ім сюды Грабок. Прадбачлівы і руплівы гаспадар, ён ужо з самага пачатку зімы пачаў клапаціцца аб падрыхтоўцы да вясны. І пэўна таму, што абодва яны, і Грабок і Міна Міхайлавіч, яскрава разумелі, чаго кожны з іх хоча і да чаго імкнецца, і абодва аднолькава дбалі аб адной і той жа вялікай агульнай справе, яны так хутка і згаварыліся.

Не ўтрымаліся Мікола і Грабок, каб не пахадзіць па балотах, па тых залатых, як яны называлі, палетках, на якіх здымаліся да вайны такія ўраджаі, што імі дзівіліся вучоныя. Яны прыкідвалі, як ім вясною расставіць сілы і з чаго пачаць аднаўленне дробнай асушальнай сеткі.

Толькі калі ўбачылі яны, што кароткі асенні дзень падыходзіць к канцу, вярнуліся да фурманкі.

 

13

Звонкімі ланцугамі лёду скаваўшы Прыпяць, замёўшы снегавымі сумётамі ўсе шляхі і дарогі, злая зіма як бы адгарадзіла Беражкі ад усяго навакольнага свету. Потым ёй здалося мала зробленага, і яна паслала на сяло завею, якая не сціхала двое сутак. На вуліцах каля хат снег курэўся, як дым, і гурбы раслі, падымаючыся аж пад стрэхі, засыпаючы вокны, замятаючы калодзежы.

І на першы погляд, калі б, скажам, з вялікай вышыні паглядзець на гэтае закінутае сярод лясоў і балот, замеценае снегам палескае сяло, магло б здацца, што не толькі прырода, але і людзі замерлі тут у доўгім зімовым сне. І Мікола нават спачатку думаў, што вельмі цяжка будзе яму прывыкнуць да гэтай зімовай сельскай цішыні пасля пяцігадовага грукату вайны і салдацкіх паходаў па гарадах і краінах.

Але ўся гэтая замерласць была толькі вонкавай. Своеасаблівае, поўнае гаспадарчай руплівасці жыццё ў сяле не спынялася зімою. Канчалася завея, і праз гадзіну расчышчаны былі ўжо гурбы каля хат, пратораны дарогі, і кожны ў сяле займаўся сваёй справай. На гумне з рання да вечара чуваць быў гул малатарні, у кузні звінелі малаткі. Кожны ў вёсцы займаўся сваёю справай. Даяркі спяшаліся на фермы, конюхі выводзілі на вадапой коней. Вось прамчаўся па вуліцы ў маленькіх санках, аб’язджаючы маладога каня, старэйшы конюх калгаса Клім Дубовік. Вось прайшлі цесляры з сякерамі на будаўніцтва хаты-лабараторыі.

Міколавы зімнія дні, напоўненыя самай разнастайнай, і дробнай і важнай, дзейнасцю, беглі адзін за адным так, што ён і не прыкмячаў іх. У пачатку зімы па даручэнню абласнога аддзела меліярацыі ён узначаліў у Даманаве курсы дзесятнікаў і брыгадзіраў па меліярацыі. Вярнуўся з Даманава — давялося вырашаць розныя тэхнічныя справы, каб прыскорыць рамонт экскаватараў. Вечарамі Мікола хадзіў у калгасны клуб, куды збіралася і моладзь і пажылыя калгаснікі. Часта ён чытаў на калгасных сходах даклады на міжнародныя або навуковыя тэмы.

Аднойчы ўвечары ў пакойчык да Міколы зайшоў Грабок. Ён сеў, закурыў цыгарку.

— Усё працуеш, над кнігамі сядзіш? — запытаў Грабок, і па яго выгляду Мікола адразу зразумеў, што ён мае сказаць нешта больш важнае. Грабок таямніча нахіліўся да Міколы:— Бачыў ты, браток Мікола Пятровіч, якая пароша выпала?.. То давай заўтра на золаку закладзём у сані майго выязнога ды ў Астравы на дзікоў адскочым. Не дзіка, дык зайчыка або ліса ўпалюем... Нельга ж чалавеку ўвесь час працаваць і працаваць. Конь і той без адпачынку не можа...

Мікола з радасцю згадзіўся на прапанову. Назаўтра, захапіўшы з сабой яшчэ двух беражкоўскіх аматараў-наляўнічых, яны выехалі ў пушчу.

Многа радасці можна зазнаць у зімнім лесе. Асабліва прыгожай бывае палеская пушча ў ціхія марозныя дні, калі па-святочнаму ўбраны ў белае лес стаіць застылы ў нерухомасці і на кожным дрэве, на кожнай галінцы дыяментамі іскрацца, пераліваюцца асветленыя сонцам блёсткі снегу. Варта, затаіўшыся, пастаяць адну хвілінку, каб адчуць, якім поўным жыццём жыве зімовая пушча. Ціха вакол, не зварухнецца, трымаючы на сабе багатыя дары зімы, ніводная галінка на дрэве. І раптам — шась! — аднекуль з вышыні сыплецца снежны пыл. Гэта рыжая непаседа-вавёрка пераскочыла з дрэва на дрэва. Адзін кароткі міг, і яна маланкай знікла ў вяршаліне кашлатай хвоі... А вось недзе невідочны ў галлі ўпарта забубніў дзяцел — та-та-та!.. Лапатнуў крыламі, сарваўшыся з галіны, цецярук. Дзве казулі выскачылі на просеку, спыніліся, пастаялі кароткі момант і адразу, нібы адчуўшы нейкую небяспеку для сябе, скокнулі і панесліся на сваіх тонкіх нагах, пакінуўшы за сабой толькі воблачка снежнага пылу. І калі воблачка гэтае знікае, нават няма ўпэўненасці, ці праўда, што тут, на просецы, міг таму назад стаялі дзве казулі, ці гэта толькі здалося...

Якраз такой прыгожай была пушча і ў дзень, выбраны Грабком для палявання, і, памалу ідучы ўзлессем, Мікола не столькі аддаваў увагі таму, дзеля чаго сюды прыехаў, колькі любаваўся строгай прыгажосцю пушчы, убранай у снегавое адзенне. Ціха рыпеў пад нагамі снег, недзе далёка, па той бок бярозавага гаю, што прымыкаў да пушчы, чуваць было яхканне ганчакоў. Хутка Мікола адбіўся ад сяброў. Ён ішоў адзін і, быццам ап’янёны свежасцю марознага дня, памалу забыўся, аддаўся ва ўладу думак...

Але нечакана яны былі перапынены. Выпрастаўшыся ў шалёным бегу, два, адзін за адным, ганчакі, абыходзячы бярэзнік, з яхканнем гналі перад сабой зайца. Напалоханы да паўсмерці белячок з усіх сіл сігаў па паляне, перасякаючы яе і накіроўваючыся ў пушчу. Напрамак у яго быў такі, што хоць ён і павінен быў прабегчы на адлегласці стрэлу ад Міколы, але нязручна для яго — стараной. Мікола стаіўся за дрэвам. Калі белячок, прабягаючы міма, параўняўся з ім, Мікола стрэліў раз і амаль адначасна здубальтаваў. Заяц, як мячык, падскочыў угару, крута павярнуў і яшчэ хутчэй панёсся полем на рог лесу. Мікола ўсміхнуўся — пашанцавала касому! Ён заклаў у стрэльбу два новыя набоі і выйшаў з-за дрэва. Заходзячыся ў яхканні, ганчакі амаль даганялі беляка. Раптам зводдаля, адтуль, куды напрасцяк імчаўся бяляк, пачуўся стрэл, і Мікола ўбачыў, як далёка нехта з яго сяброў усё-такі ўлажыў небараку...

Паляванне дало добры адпачынак Міколу ад штодзённага гаспадарчага клопату. Але надоўга памятным гэты дзень для Міколы стаўся з прычыны іншай падзеі.

Вярнуўшыся з палявання, Мікола ўвечары пайшоў да Наташы. Пастукаўшы, ён увайшоў у пакойчык, моўчкі прыпыніўся каля парога. Здзіўленая Наташа ўстала, адразу не зразумеўшы, што з ім, чаму ён не такі, як заўсёды, нават не прывітаўся ўвайшоўшы... Але калі яна прыгледзелася да Міколы, то адразу зразумела, чаго ён прыйшоў. Мікола стаяў усхвалёваны, твар яго быў суровым.

— Наташа! — не сыходзячы з месца, уздрыгнуўшым голасам сказаў Мікола.— Даруй, што я так адразу... Разумееш, я люблю цябе, Наташа... Ты не злуйся на мяне...

Збянтэжаная, Наташа моўчкі адступіла да стала. Мікола таропка падышоў да яе, узяў за руку. Наташа не працівілася. На твары ў Міколы перасмыкнулася нястрымная радасць.

— Ната! — збіваючыся, працягваў Мікола.— Я і сам не заўважыў, як гэта здарылася... Ты даруй мне... Усё роўна я павінен быў табе гэта сказаць. Ты можаш мне нічога цяпер не адказваць. Ты можаш сказаць мне сваё слова, калі сама гэтага пажадаеш. Але толькі не кажы «не»... Добра?

— Добра! — паглядаючы ў вочы Міколу, ціха адказала Наташа.

 

14

Адшумеўшы завеямі і сцюжамі, непрыкметна мінула зіма, і аднойчы цёплы вільготны вецер, наляцеўшы з поўдня, нечакана прынёс з сабою першае адчуванне вясны. З кожным разам усё вышэй і вышэй узнімалася сонца, даўжэй станавіліся дні.

З прыходам вясны для Міколы настала гарачая пара.

Па прапанове раённага выканаўчага камітэта ў аднаўленні асушальнай сеткі на Пагіблых і пракладцы новых канаў павінны былі прыняць удзел не толькі беражкоўскія калгаснікі, але і сяляне ўсіх навакольных сёл. Гэтая прапанова была падтрымана калгаснікамі, таму што ў асушцы Пагіблых былі зацікаўлены не адны беражкоўцы. Трэба было загадзя падрыхтавацца да пачатку работ з тым, каб, як толькі будзе мажлівасць, пачаць пракладку калектараў.

Мікола цэлымі днямі не даваў перадышкі свайму «цундапу», ездзячы то ў Даманава, то ў суседнія калгасы. На праўленцах калгасаў браўся на ўлік кожны чалавек, і загадзя было намечана, дзе хто павінен будзе працаваць у напружаныя дні вясны. Размеркаваць людзей патрэбна было так, каб выхад на балоты не перашкодзіў правядзенню сяўбы. Зноў складзены былі брыгады грабароў, падрыхтоўвалася неабходнае начынне. З вобласці прыслалі шмат гумавага абутку спецыяльнага прызначэння для работ у вадзе.

Тым часам цеплыня з кожным днём бралася ў большую сілу, вясна наступала напорыста і ўпэўнена. Удзень, ледзь толькі падымалася сонца, усюды ажывалі тысячы гаваркіх ручайкоў. Маленькія паступова зліваліся ў большыя, раслі і буйнелі. З шумам і рознагалосым цурчаннем бегла вада палявымі межамі, каляінамі дарог. Снег сыходзіў дружна і хутка. Увачавідкі вырасталі на палях чорныя праталіны зямлі. А на ўзгорках, асабліва на сонечным баку, снегу ўжо і зусім не было, здавалася, быццам яго проста здзьмухваў цёплы сакавіцкі вецер. Лёд на рацэ ўздыбіўся і пачарнеў, падточаны маладымі водамі з палёў.

Заняты многімі справамі, Мікола, аднак, не прапусціў адной вялікай вясенняй урачыстасці — рачнога ледаходу. Гэтае відовішча заўсёды мела для яго вялікую асалоду. Некалі юнаком ён па двое сутак, не адыходзячы, пільнаваў урачыстую хвіліну, калі кранецца і пачне ісці лёд.

Сёлета гэтае свята вясны таксама не менш займала Міколу. У гэты дзень ён сабраўся ехаць па справах у Даманава. Выехаўшы раніцай за сяло, ён пачуў незвычайны шум на рацэ. Ён здагадаўся, што здарылася, і павярнуў да рэчкі.

Калі ён пад’ехаў да берага, то ўбачыў, што ўжо ўся рака была ў руху. З глухім шумам і скрыгатам, напаўзаючы адна на адну, плылі вялізныя крыгі. Не ўмяшчаючыся ў берагах, лёд напаўзаў на пясок, крышыўся, трушчыўся і з лёгкасцю падмінаў пад сябе прыбярэжны лазняк. Вось адна вялізная крыга з ходу ўдарыла ў сігнальны ліхтар. Ледзь стрымаўшы націск ледзянога тарана, ліхтар нахіліўся, нібы ў паклоне, але наступная крыга зусім паваліла яго і прапаўзла па ім, упрасаваўшы яго ў мокры жвір. Вось праплыла крыга з кавалкам зімняй дарогі на лёдзе. Дзіўна было глядзець на гэтую адарваную недзе без пачатку і канца дарогу, адслужыўшую сваю кароткую зімовую службу...

Прастаяўшы колькі часу на беразе, Мікола паехаў у Даманава.

Пасля поўдня, вяртаючыся дадому, ён зноў пад’ехаў паглядзець на рэчку. Крыгі плылі ўжо не суцэльнай масай, а рэдкія, дробныя, і вызваленая ад лёду рака адразу стала бяскрайняй у шырыню, разлілася.

Мікола нерухома стаяў, паглядаючы на разлітую ў паводцы раку, на ўвесь магутны рух вясенняй прыроды. Зарэчныя лугі, лазняк былі заліты вадою аж да далягляду. Цёплы вецер даносіў да Міколы водар паруючых пад сонцам палеткаў, пахі ажываючай зямлі. Стайка крыжняў прашумела над галавой, накіроўваючыся ў бок Пагіблых...

«Як, аднак жа, хораша жыць! — раптам падумаў Мікола, адчуваючы нейкую нязнаную дасюль вялікую радасць.— Так, гэта так і трэба было, каб тады, у вайну, ён смела, не шкадуючы жыцця, ішоў у бой, у агонь дзеля таго, каб адстаяць сваю радзіму ад ворага, дзеля перамогі над чорнай сілай, дзеля жыцця, дзеля шчасця бачыць вось гэтую раку ва ўсёй яе веснавой красе. Дзеля гэтай перамогі, у імя шчасця сваёй радзімы ён і тыя, што ішлі поплеч з ім, змагаліся і перамагалі, нават смерцю сваёй сцвярджаючы жыццё...»

Мікола завёў матацыкл. Выехаўшы на дарогу, ён прышпорыў свой палінялы ў цяжкіх раз’ездах «цундап» на самую большую хуткасць. Ён ехаў у сяло, прамчаўся па вуліцы, распырскваючы вакол густую гразь, і спыніўся у самым канцы Беражкоў, каля невялікага саду. Саскочыўшы з матацыкла, ён прайшоў праз садок — у глыбіні паміж дрэў віднеўся пабелены чысты дом: сельская амбулаторыя, дзе працавала Наташа.

Мікола ўвайшоў у дом.

— Ты што,— усміхнулася яна, падняўшыся насустрач Міколу,— можа, захварэў? Можа, лячыцца прыехаў? То сядай, я зараз прапішу табе лекі...

— Ната! — падыходзячы да яе, паспешліва сказаў Мікола.— Апранайся і паедзем са мною. Я хачу паказаць табе вясну...

Наташа, адчыніўшы дзверы, зазірнула ў пакой, дзе хворыя чакалі чаргі на прыём — там сядзела адна-адзіная жанчына, яна прыйшла змяніць перавязку на руцэ. Наташа запытальна паглядзела на сваю памочніцу, фельчарыцу Ксеню.

— Едзьце, Наталля Кірылаўна,— сказала тая, адразу ж здагадаўшыся, пра што менавіта хацела прасіць яе Наташа.— Я і сама ўпраўлюся перавязаць. Едзьце...

Мікола прывёз Наташу да ракі і падвёў яе да самага берага высокай кручы. Наташа паслухмяна ішла за ім.

— Во, глядзі...— паказаў ён рукой на разліў. Наташа паглядзела і прыціхла ў здзіўленні ад таго хараства, якое ўяўляла сабой вясенняя рака.

Мікола задумаўся.

— Наташа, ты бачыш вунь, далёка сярод вады, астравок-узгорак і на ім дуб.— Мікола паказаў рукою за раку.— Гэты ўзгорак ніколі не заліваецца вадою. Да вайны каля таго дуба стаяў курэнь, і ў ім з самай вясны аж да ледастава жыў адзінокі бакеншчык дзед Кандрат, родам з Зарэчча. Гэта быў найлепшы ў акрузе рыбалоў і цудоўны апавядальнік усякіх выдумак. Зрэдку я ездзіў да яго ў госці на юху. «Сынок,— сказаў ён мне аднойчы,— хочаш я раскажу табе байку пра Пагіблыя?» — «Што ж,— кажу,— раскажы...» — «Ну, дык вось слухай жа...» І ён расказаў мне байку, якую сам ён і прыдумаў у тым курані, паглядаючы, што рабілася на Пагіблых. Гэта была байка пра тое, як адзін паляшук паехаў у вялікае падарожжа, а вярнуўшыся праз дзесяць год, заблудзіўся, не пазнаў радзімай мясціны. «Скажыце мне, дарагія людзі,— пытаўся той падарожнік, паглядаючы вакол,— дзе гэта тут ёсць такое вялізнае балота, Пагіблым завецца?» — «А вось яно»,— паказваюць яму людзі на багатае пшанічнае поле, на палеткі лёну. Падарожнік падумаў, што з яго смяюцца, і пытаецца далей: «А скажыце, добрыя людзі, дзе ж тут ёсць такая вёска Зарэчча?» — «Як жа ты не бачыш гэтай вёскі, калі вось яна перад табой і стаіць»,— зноў адказваюць людзі. «Не смейцеся вы з мяне,— раззлаваўся падарожнік,— ніколі ў Зарэччы не было такіх прыгожых дамоў і такіх зялёных вуліц. Не было ў Зарэччы вось гэтага двухпавярховага клуба, кінатэатра, не было такой вялікай школы-дзесяцігодкі, не было электрастанцыі, ніколі не было такіх багатых садоў вакол вёскі, пчаліных пасек, светлых вадаёмаў, не было такіх прасторных і багатых жывёлагадоўчых ферм. Не смейцеся з мяне, гэта не Зарэчча...» — «Зарэчча, Зарэчча, мілы ты чалавек,— кажуць яму людзі,— яно не было такім, але такім стала. А ты бліжэй прыгледзься, то яшчэ і не так здзівішся, убачыўшы, як багата жывуць цяпер зарачанцы, якія цудоўныя каровы стаяць на гэтых фермах, колькі рыбы ў вадаёмах, хлеба на складах, які ўраджай у нашых садах...» Вось якую цудоўную байку расказаў мне аднойчы той стары бакеншчык.

Мікола замоўк.

— Падабаецца?

— Так, вельмі,— уздыхнуўшы, адказала Наташа, але тут жа, уздрыгнуўшы, узялася за Міколаву руку.— Але ты бачыш?.. Паглядзі, там цяпер няма кураня... Мусіць, загінуў у вайну той добры летуценнік...

Мікола, усміхнуўшыся, павярнуўся да яе.

— Не, ён жывы! І сёння мы сустрэліся з ім у Даманаве. Ён усю вайну з партызанамі ў лесе быў, нават у разведку хадзіў. «А-а, вярнуўся, інжынер! — сустрэўшы мяне, гукнуў ён.— Што ж, спраўдзіш ты маю казку ці дарэмна я складаў яе?» — «Спраўджу, дзед Кандрат,— кажу я яму,— я, можа, і жывым застаўся ў гэтай вайне дзеля таго, каб пасмяяцца некалі з таго няўцямнага падарожніка».— «Добра, сынок,— кажа тады стары,— добра, што з вайны ты ідзеш з такім настроем,— шчасце сваё кожны чалавек ва ўласных руках трымае... Толькі вось мне, мусіць, ужо не ўбачыць таго, аб чым табе гаварыў».— «Дзед,— адказваю я,— а тое шчасце не так ужо і далёка, глядзі, і не азірнешся, як дажывеш».— «Ды як табе сказаць, можа, і дажыву,— хітра прыжмурыўся дзед.— Але так ці не так, а праз два дні кінь вокам, сынок, за рэчку — зноў мой курэнь ля дуба будзе стаяць, памаленьку дыміць дымком!..» Во які той дзед!

Мікола некаторы час задумёна паглядаў на рэчку.

— І ведаеш, Ната,— сказаў ён, памаўчаўшы,— веру я: будзе спраўджана гэтая рыбакова казка...

Аб бераг кручы ціха пляскалася вада. Пачало вечарэць. Ледзь толькі сонца схавалася за лесам, неба на захадзе загарэлася яркім малінавым агнём. З ракі дыхнула халодная золкасць.

Наташа захінула паліто, павярнулася да Міколы. Твар яе раптам асвятліўся той знаёмай яму нясмелай усмешкай.

— Мікола, я ўсё хацела табе сказаць... Помніш, ты гаварыў, што будзеш чакаць мой адказ... Я, Мікола, таксама люблю цябе, люблю даўно-даўно...

 

15

Лугавец не забыў свайго абяцання. Як толькі схлынула вясенняя вада і на даманаўскіх балотных масівах пачаліся аднаўленчыя работы, ён дамовіўся з Мельнікавым і разам з ім выехаў на Пагіблыя. Дзень акурат выдаўся сонечны, цёплы. На палях гудзелі трактары,— першыя пасля вайны трактары,— ішло ворыва і вясенняя сяўба. Узнятыя палі паравалі пад гарачымі промнямі красавіцкага сонца. Над свежай раллёй каркала і круцілася, ходзячы за плугамі, вараннё. Памалу ажываў лес, набрынялі почкі на бязлістых чорных галінах дрэў. На ўзгорках, дзе ветрык хутчэй асушаў зямлю, пачынала прабівацца першая зеляніна. Усюды відаць было, як ажывала прырода, як цягнулася да жыцця ўсё жывое.

Лугавец моўчкі паглядаў у адчыненае акенца аўтамабіля. Яны праязджалі палі і лясы, міналі вялікія і малыя вёскі, перасякалі рэкі. І ўсюды — і ў вёсках, і на палях — відаць было, як ажывала Палессе, як хутка аднаўлялі палешукі сваю гаспадарку, наладжвалі шчаслівае мірнае жыццё. Вось каля дарогі стаіць вялікае, толькі што адбудаванае сяло з прыгожымі дамамі, дзе-нідзе нават упрыгожанымі адмысловай разьбой. Вось вучні пад кіраўніцтвам старога, барадатага садоўніка насаджаюць малады сад. У палях раз-пораз відаць дымкі трактароў, па дарогах бягуць калгасныя грузавікі. А вось брыгада лясных рабочых расчышчае захламлены фашыстамі лес і спальвае сабранае ў кучу галлё. Вось непадалёк ад вёскі будуецца новая цагляная МТС. На двары, пад дашчаным навесам, у рад стаяць новенькія, толькі што прывезеныя жнейкі, касілкі, малацілкі. Праязджаеш далей і бачыш, як цягнуцца ў поле адна за адной фурманкі, гружаныя мінеральным угнаеннем. А вось ужо відаць і больш буйныя справы — калгаснікі трох вёсак, аб’яднаўшыся, будуюць плаціну для гідрастанцыі.

Лугавец глядзіць вакол і думае пра мінулае і будучае Палесся, гэтага багатага прыроднымі багаццямі, своеасаблівага беларускага краю, пра яго людзей. Некалі самая закінутая, глухая ўскраіна царскай Расіі, што славілася толькі сваёй выключнай беднасцю, пяскамі, непраходнымі балотамі ды яшчэ паганай хваробай «каўтун», за гады савецкай улады непазнавальна ператварылася, стала квітнеючым калгасным краем. Тысячы школ, дзесяткі тэхнікумаў, інстытуты, тэатры, тысячы клубаў, дамоў сацыялістычнай культуры ў вёсках, кіно, аграмадная сетка лячэбных устаноў, бальніц, радзільных дамоў, дзесяткі друкарняў — такім вялізным культурным багаццем валодала цяпер Палессе. Няма зараз на Палессі вёскі, з якой не выйшлі б дзесяткі настаўнікаў, інжынераў, дактароў, спецыялістаў-механізатараў, аграномаў. Дзеці палешукоў, атрымаўшы адукацыю ў вышэйшых навучальных установах Масквы, Ленінграда, Мінска, не забываюць родных мясцін, прыязджаюць працаваць у Палессе, каб дапамагаць хутчэйшаму росту яго гаспадаркі і культуры.

Вайна нанесла вялізныя страты народнай гаспадарцы Палесся. Спалены і разбураны тысячы вёсак, мястэчкі і гарады, фабрыкі, электрастанцыі. Загінулі дзесяткі тысяч людзей. Але палешукі і ў дні вайны паказалі сябе вартымі сынамі сваёй радзімы, яны не схілілі галавы перад ворагам: змагаліся супроць фашыстаў у радах Савецкай Арміі, у партызанскіх атрадах...

Многа глыбокіх ран нанесла вайна Палессю, але паступова ўсё прыходзіць у норму. Сціхае смутак па загінуўшых, знаходзяць новых бацькоў сіроты. Вырастаюць на пажарышчах новыя вёскі і гарады. Зноў загудзелі ў полі працавітыя трактары і выехалі з сявяркамі аратыя. Цёплым майскім вечарам стань на краі палескага сяла і прыслухайся — здалёк пачуеш звонкую дзявочую песню, якой не чуваць было пяць год. Прыгледзься да людзей і ўбачыш, як пачынаюць разгладжвацца на іх тварах маршчынкі, нажытыя ў вайну, як святлеюць вочы, якія былі цёмнымі ад перажытага гневу і болю.

Узяць хоць бы таго ж Навасада,— Лугавец невыпадкова так горача цікавіўся ім, сачыў за яго лёсам. Некалі на нарадзе ў абкоме, упершыню ўбачыўшы Навасада і слухаючы яго гарачыя словы аб пераўтварэнні палескіх балот, Лугаўцу неяк адразу кінулася ў вочы: ні зорачкі капітана, ні два баявыя ордэны, што ўпрыгожвалі грудзі Навасада і сведчылі аб тым, што ваяваў ён як сапраўдны воін, не шкадуючы жыцця, не рабілі яго, аднак, ваенным. Па ўсяму яго складу адчувалася, што гэта быў мірны, цывільны, а не ваенны чалавек, і толькі вайна зрабіла яго салдатам.

Машына раптам павярнула з гравійнай дарогі на шырокі, абсаджаны бярозамі, грунтовы шлях, што вёў на Беражкі. Здалёк віднелася цёмная паласа балот.

— Паглядзіце,— паказаў рукою праз расчыненае акенца Мельнікаў,— вунь збоку відаць балота: гэта і ёсць Пагіблыя. Хутка і Беражкі...

Але Навасада ў Беражках яны не засталі — у сельсавеце сказалі, што ён недзе на балоце. Дапамагчы ім расшукаць яго ўзяўся Іван Ануфрыевіч, які адзін ведаў, што і дзе важнага рабілася цяпер у любым куточку Пагіблых.

Пакінуўшы машыну на краі балота, Лугавец і Мельнікаў следам за Грабком паціху пайшлі ў глыбіню Пагіблых. Над балотам стаяла лёгкая парнасць, пахла застаялай вадой і тванню. На заросшай лазою рачулцы чуваць быў прарэзлівы крык качуроў. Здалёк чуўся шум экскаватара.

Навасада яны ўбачылі, прарабіўшы немалы шлях па глухім балоце. З групай рабочых ён пракладаў на мясцовасці, адзначаючы высокімі вешкамі, шлях новага вадазборнага канала. Навасад узрадаваўся гасцям. Даручыўшы свайму памочніку, маладому тэхніку, працягваць работу, ён павёў гасцей па балоце.

Дзе сцяжынкамі, а дзе пераскокваючы з купіны на купіну па дрыгве, яны ішлі ў самую глыбіню Пагіблых.

— Весці-то ты нас вядзі, ды не замучай, — уціраючы хусцінкай лысіну на галаве, жартаўліва папрасіў таўсцяк Мельнікаў.

— А вось выйдзем на Сухую граду, спынімся,— супакоіў яго Навасад.— Адтуль усё балота відаць.

— Нічога, нічога,— пажартаваў Лугавец, які, нягледзячы на знешнюю грузнасць, ішоў лёгка і хутка.— Табе такая прагулянка не пашкодзіць.

Хутка яны выйшлі на невялікі груд, паросшы алешнікам і дробным хмызняком, празваны ў народзе Сухой градой. Адсюль і сапраўды відаць былі далёка вакол прасторы Пагіблых. На адлегласці кіламетра ад Сухой грады, каля ракі, уздымаліся стрэлы двух экскаватараў. Непадалёк ад іх, на калектары, мільгалі яркія каляровыя касынкі і белыя сукенкі дзяўчат, сарочкі хлапцоў. Такія ж групы грабароў відаць былі і ў іншых месцах на балоце. Аднекуль здалёк вецер даносіў да Сухой грады звонкую песню.

— Эге, браток! — азірнуўшыся вакол, здзівіўся Лугавец.— Бачу я, замахнуліся вы тут не на жарты. Народу колькі!

Навасад выняў з паходнага планшэта кальку, разгарнуў яе. Гэта быў план Пагіблых.

— Ну, Дзям’ян Сяргеевіч, пачну з таго, пра што вы мне прапанавалі падумаць,— сказаў Навасад.— Вадасховішча стварыць на Пагіблых можна, і нават амаль не парушаючы праекта... Вунь, глядзіце, на даляглядзе чарнее лес.

Госці паглядзелі ў бок, куды паказваў Навасад, і ўбачылі ледзь прыкметную чорную палоску.

— Там пачынаюцца Пагіблыя,— растлумачыў Навасад.— Па правы бок гэтага лесу ляжаць палі калгаса «Рассвет», далей — беражкоўскія палі, а яшчэ далей пачынаюцца палеткі «Трэцяга рашаючага». І ўсё гэта — суцэльныя пяскі... Там, выкарыстоўваючы натуральную лагчыну Пагіблых, мне здаецца, і можна будзе стварыць запасы вады...

Навасад пачаў расказваць, як будуць выкарыстоўвацца асушаныя плошчы Пагіблых. Векавы перагной тарфянікаў дасць калгасам нечуваныя ўраджаі льну, канапель, ячменю, аўса, пшаніцы, бульбы, гародніны. Выбарачныя пробы грунту паказалі, што на асобных участках балота маюцца велізарныя запасы торфу, які залягае на вялікую глыбіню. На базе гэтага выдатнага паліва тут можна будзе пабудаваць міжкалгасную электрастанцыю — торфу для яе хопіць на сотню год...

Лугавец уважліва слухаў Навасада. Калі ён змоўк, Дзям’ян Сяргеевіч летуценна прыжмурыў вочы, сказаў:

— Пагіблыя балоты... А дзіўна і недарэчна будзе гучаць такая назва праз якія-небудзь два-тры гады. Ды ўжо і зараз гэта не Пагіблыя балоты, а хутчэй — цудоўны край некранутых багаццяў.

— Народ хутка дасць новую назву гэтаму месцу,— горача адгукнуўся Мікола.

Слухаючы Навасада, Лугавец адразу заўважыў змены, якія адбыліся з ім пасля іх сустрэчы зімою ў абкоме. Ажыўлены, жартаўлівы, Мікола нават нібы памаладзеў з твару. Чорныя вочы яго блішчалі, у іх не відаць было таго смутку, які некалі адразу быў прыкметным. Поўны энергіі, Навасад быў увесь захоплены любімай працай.

«Добра, вельмі добра,— падумаў сам сабе Лугавец, уважліва прыглядаючыся да Міколы.— Гэта мне таксама хацелася ўбачыць».

Навасад правёў гасцей да грабароў, якія працавалі на пракладцы малых асушальных канаў, да экскаватаршчыкаў.

Потым яны выйшлі на бераг рэчкі. Цёплы вецер абдаў іх свежасцю вады. Па рацэ праплыў буксір, цягнучы за сабой дзве вялікія свежапрасмаленыя баржы, і хвалі адна за другой запляскалі аб прыбярэжную лазу.

— Ведаеце,— заўважыў Лугавец, звяртаючыся да Навасада,— а вы як быццам памаладзелі за гэты час. Выходзіць, што казаў я вам праўду — праца добры лекар.

— Што ж,— усміхнуўся Навасад,— вайна скончылася, усё мінулася, час і маладзець.

Навасад памаўчаў, пазіраючы ўдалечыню, услед праплыўшаму буксіру. Асветленыя сонцам хвалі, што беглі следам за ім, успыхвалі і гаслі яркімі іскрамі агню.

— А яшчэ, калі б вы ведалі, колькі радасці вакол у нашых краях вясною. Адзін вось гэты гаючы ветрык з ракі ад любой хворасці вылечыць можа. Вось над вечарок сходзім з вамі на паляванне, на качуроў. Самі адчуеце.

Лугавец усміхнуўся.

— Што, чуў я, ты ўжо і сяброўку сабе знайшоў?

— Знайшоў, — кіўнуў галавою Мікола.— Ажаніўся...

— І правільна зрабіў,— сказаў Лугавец.— Вось скончыш працу, ды паедзем, пазнаёміш з жонкай, пахвалішся дачкой.

— За мною, як кажуць, даўжок, буду рады, Дзям’ян Сяргеевіч, бачыць вас сваім госцем...

Яны яшчэ пастаялі на беразе, моўчкі глядзелі, як успыхвалі і гаслі на вадзе іскры агню ад яркага бляску сонца на хвалях. Хутка і буксіра стала не відаць, а залатыя іскры на вадзе ўсё гарэлі і пераліваліся.

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслялсл. Г.Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 85-147
Крыніца: скан