epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

Веснавымі днямі

Кастусь Рудакоў ціха, стараючыся нікога ў хаце не разбудзіць, прайшоў пакой гаспадароў і асцярожна зачыніў за сабою дзверы бакоўкі. Увесь неяк адразу абмякшы, аслабеўшы, ён павольным рухам зняў з плячэй і павесіў на цвік кажушок, які апрануў паўзверх спяцоўкі. Зморанаю хадою падышоў да стала і, намацаўшы ў кішэні запалкі, запаліў лямпу. Паглядзеў на ходзікі, што роўна цікалі на сцяне,— ноч, адзінаццаць гадзін. Памалу азірнуў свой пакойчык — мілая бабка Насця, якая яна добрая і ўважлівая! Як чысценька яна прыбрала і дагледзела яго халасцяцкае жыллё. Ложак акуратна засцелены, падлога вымыта, беленькія фіранкі завешаны. На стале стаіць гладышык са свежым малаком, ляжыць на талерцы халоднае тушонае мяса, хлеб, салёныя агуркі, усё гэта прыкрыта чыстым ручніком. Каля парога, на табурэце,— міска з вадою, мыла.

Кастусь паглядзеў на свае чорныя, выпэцканыя ў мазуту рукі. Быў нейкі момант, калі яму хацелася не дакранацца ні да вады, ні да вячэры, а так, як стаіць, у спяцоўцы, у ботах, заваліцца на свой нізенькі жалезны ложак і спаць, спаць... Гэта ж не жарты — дваццаць гадзін (дзве змены падрад!) прасядзець за рычагамі трактара з пяцікорпусным плугам. Не ўсякі трактарыст здолеў бы вытрымаць такое. Але Кастусь ведаў свой абавязак у гарачыя дзянькі вясны. Ён разумеў, што навасёлкаўцы сваім цяглом не паднялі б і палавіны запушчанага і неаранага вось ужо шостую вясну руднянскага поля. У полі яго сілы падтрымлівала адчуванне, што ён робіць нешта важнае і вялікае, што за яго працай з удзячнасцю і хваляваннем сачыў увесь калгас і сам старшыня, Трахім Пятровіч.

Гэты яго прыўзняты душэўны стан нейкай сваёй далёкай стараной нагадваў яму часы партызанства, калі яму з сябрамі, бывала, стомленаму, галоднаму, па трое сутак даводзілася прабірацца паміж варожых гарнізонаў у пошуках зручнага месца на чыгунцы, каб спусціць пад адхон варожы поезд...

Толькі часам, калі апаўдні прыгравала вясенняе сонца і цёплы ветрык лагодна лашчыў змораную галаву, жаданне спаць рабілася неадольным, грукат матора як быццам цішэў і аддаляўся. Рэзкім якім-небудзь рухам ён адганяў ад сябе сон і дабіваўся таго, што матор у поўную сілу зноў грукацеў.

Ён не выпусціў з рук рычагоў, пакуль не даараў руднянскага поля. Заўтра ўранні на трактар сядзе яго напарнік, Сеня Махаты, вясёлы і працавіты хлапчына.

І вось цяпер, калі ён ужо дома і мае права на працяглы адпачынак, ён разам адчуў усю накопленую за дваццаць гадзін стому. Яна навалілася на яго, як нешта да таной ступені адчувальнае, што, здавалася, ён чуў, як гудуць налітыя зморанасцю рукі і галава.

Але ён перамог тое сваё імгненнае жаданне — адразу заваліцца спаць. Ён распрануўся да пояса, памыўся і доўга з асалодаю расціраў халоднаю вадою свае мускулістае цела. Памыўшыся, адчуў, як прыкметна пасвяжэла галава, адступілася некуды неадчэпнае жаданне спаць. Яму было прыемна адчуваць, што ён споўніў слова, якое даў калгаснікам і Трахіму Пятровічу,— за суткі ўзараў руднянскае поле. І цяпер у яго наперадзе трыццаць шэсць гадзін адпачынку — ноч, дзень і яшчэ цэлая доўгая ноч!

Кастусь падышоў да стала, каб выпіць шклянку малака. На стале ён убачыў паперку, на ражку якой, мусіць, знарок, каб прыцягнуць яго ўвагу, была пастаўлена шклянка. Ён паднёс паперку да святла — тэлеграма. «Рудакову Кастусю. Прыехала пераведаць хворую сястру. Калі зможаш быць у нядзелю, ты яшчэ застанеш мяне. Белая».

Кастусь уздрыгнуў ад нечаканасці: Ксеня ў горадзе! Захварэла яе сястра. Можа, Ксеня нават мае якую патрэбу ў яго дапамозе? Любая, родная Ксеня! Каб ярчэй усплылі перад ім успаміны, яна падпісала тэлеграму сваім партызанскім імем «Белая». Так звалі ўсе ў атрадзе баявую партызанскую медсястру, Ксеню Палявую, якая цяпер была Кастусёвай нявестай. Паўгода мінула з часу, як ён праводзіў яе на вучобу ў Мінск, у медыцынскі інстытут. Яе пісьмы асвятлялі дні Кастуся радасцю, скрашвалі доўгія дні расстання. І Ксеня цяпер была так блізка ад яго, у горадзе, у сястры.

Разгублены Кастусь нерухома стаяў каля стала. Ён забыўся і пра сон і пра стому. Думкі адна за адной роіліся ў яго галаве, і ён, не адрываючыся, паглядаў на спісаны буйным почыркам лісток паперы, паступова асэнсоўваючы радасную навіну.

Вясна шуганула цёплым ветрам у расчыненую фортку, і святло ў лямпе спалохана захісталася. Заўтра нядзеля, і заўтра ў Кастуся выхадны дзень — як шчасліва ўсё супала! Ён яшчэ застане Ксеню ў горадзе. Раніцою, ледзь зоймецца на дзень, ён наўпрост праз лес пойдзе ў МТС, папросіць у старога Кузьміча, іхняга старшага механіка, матацыкл і а дзесятай гадзіне раніцы ўжо будзе ў горадзе. Не можа быць, каб стары Кузьміч адмовіў яму даць машыну. У крайнасці Кастусь прызнаецца механіку, для чаго яму так пільна трэба быць у горадзе, і сэрца старога не ўстоіць, размякне...

«Спаць, спаць! Павячэраць і спаць. Каб добра адпачнуць і не спазніцца заўтра ўстаць»,— вырашыў Кастусь і, наспех павячэраўшы, кінуўся на ложак.

Лёг і ў той жа міг, быццам некуды праваліўся, адразу заснуў моцным, глыбокім сном здаровага, стомленага працай чалавека...

Пачало ўжо днець, калі нехта ціха пастукаў у акно Кастусёвага пакойчыка. Кастусь прахапіўся — за акном стаяў шэры паўзмрок: ці не заспаў ён, каб бегчы да старога Кузьміча? Хто гэта разбудзіў яго?.. З двара нясмела пастукалі другі раз. Кастусь падышоў да акна і адхіліў фіранку. Ён павінен быў добра ўглядзецца, каб пазнаць у ранішняй шэрані невысокую постаць Трахіма Пятровіча, у брызентавіку, з вострым верхам капюшона на галаве.

— Адчыні, Косця,— ціха сказаў Трахім Пятровіч.

Кастусь накінуў на плечы паліто і выйшаў у сенцы. Абодва моўчкі ўвайшлі ў хату. Пакуль Кастусь запальваў святло, Трахім Пятровіч чакаў, стоячы каля парога. Як заўсёды, за некалькі крокаў было чуваць яго шумнае дыханне — вынік цяжкага ранення ў лёгкія на вайне. Калі полымя свечкі асвятліла пакойчык, Трахім Пятровіч падышоў да стала. Ва ўсёй яго постаці, у рухах адчувалася нейкая нялоўкасць, быццам ён быў нечым вінаваты перад Кастусём. Ён адклаў капюшон, ціха, у кулак, пракашляўся. Няясная трывога стукнула ў сэрца Кастуся.

— Сядайце, дзядзька Трахім,— прамовіў ён, падстаўляючы зэдлік.— З чым вы да мяне прыйшлі?

Трахім Пятровіч, шумна ўздыхнуўшы, сеў.

— Дзякаваць табе, Косця, за Руднянку... ад мяне і ад усіх калгаснікаў.

Кастусь уздрыгнуў — значыць, нічога такога не здарылася, значыць, дзядзька Трахім проста прыйшоў падзякаваць яму за сумленную працу... Не, нешта не так, адразу ж падумаў ён, дзеля таго толькі, каб падзякаваць, не будзіў бы яго старшыня ў такую рань, ды і сам, бадай, яшчэ адпачываў бы.

— Ведаеш, Косця, Сеня Махаты захварэў.

— Захварэў Сеня? — усхвалявана перапытаў Кастусь.— Што з ім?

— Пэўна, грып, ляжыць гарачы. Я доктара загадаў прывезці... Чакай, брат, чакай,— падняў руку Трахім Пятровіч, хоць Кастусь і не думаў яго перапыняць.— Ты толькі не крыўдуй. Я ведаю, што ты стаміўся і што табе трэба адпачыць. Але... вясенні дзень год корміць. Вясна на вачах сушыць поле, коней мала... Трактар стаіць, а Ягаднае ў нас не кранута нават. А мы там запланавалі пасеяць ранняй сяўбой ячмень. Уся наша стаўка на тое, каб зрабіць гэта хутчэй. І адна ў нас надзея — на цябе. Не ўхопім цяпер — не дагонім...

Трахім Пятровіч замоўк, чулася толькі яго шумнае дыханне. Ледзь стрымліваючы хваляванне, маўчаў і Кастусь. Што ж гэта... што ж гэта атрымліваецца? Атрымліваецца, што яму, нават не адпачыўшы як след, зноў трэба апранаць спяцоўку, ісці да трактара. А Ксеня? Ён так і не ўбачыць яе? Заўтра яна паедзе, і хто ведае, калі яны зноў сустрэнуцца. Акрамя таго, магчыма, Ксені патрэбна яго дапамога. Ён разумее, як важна хутчэй узараць і засеяць поле, але ж дзень туды, дзень сюды — ці гэта мае такое ўжо вялікая значэнне? Ён пабачыцца з Ксеняй, а тады будзе працаваць хоць тры, хоць пяць змен падрад.

Кастусь устаў. Каб дзядзька Трахім ведаў, якая тэлеграма атрымана ўчора! Кастусь зараз пакажа яе і растлумачыць усё.

Ён падышоў да стала, узяў у рукі тэлеграму. Зноў прабег позіркам вывучаны на памяць тэкст.

— Дзядзька Трахім...— дрыжачым голасам пачаў Кастусь.

— Косця,— перапыніў яго Трахім Пятровіч,— ты падніміся вышэй. Ты падумай, у які час мы жывём, якая вялікая вясна прыйшла на нашу бацькаўшчыну і як нам трэба цяпер працаваць. Вельмі нам важна як найхутчэй засеяць той ячмень. Ты падумай пра гэта...

Кастусь прыціх. На сухім абветраным яго твары рэзка праляглі дробныя маршчынкі. Трахім Пятровіч толькі цяпер заўважыў, чаго каштавалі Кастусю бяззменныя суткі на трактары. Нерухома ўтаропіўшыся позіркам перад сабой, Кастусь стаяў і маўчаў... Ну так, Трахім Пятровіч быў правы. Раптам перад Кастусёвым позіркам паўстала ўся яго, ад краю да краю, савецкая Радзіма, ён пачуў разам грукат крочачых экскаватараў у Данскіх стэпах і шум матораў у цэхах Мінскага трактарнага, лёгкае трапятанне лісточкаў на маладых дубах крымскіх лесапалос і шум вады на Прыпяці, якая несла на сабе плыты вялікім будоўлям. І Кастусь раптам з незвычайнай яснасцю адчуў сваё месца ў гэтым аграмадным працоўным страі... Так, трактар не павінен прастойваць. Вялікая вясна прыйшла на калгасныя палеткі, і Кастусь, як і ў гады вялікіх выпрабаванняў, не падвядзе. Ягаднае павінна быць узарана ў вызначаны час.

Кастусь павольна склаў тэлеграму ўдвая, затым учэцвера.

— Я апрануся і прыйду,— ціха прамовіў Кастусь.— Толькі дайце мне другога прычэпшчыка, Уладзік ужо з сіл выбіўся.

— Прыставім другога,— адразу згадзіўся Трахім Пятровіч і, шумна дыхаючы, падняўся.— То я пайду.

Кастусь праводзіў Трахіма Пятровіча, вярнуўся ў хату і, не гасячы святла, прылёг на ложак.

Так, закінуўшы пад галаву рукі, ён ляжаў нерухома і думаў, можа, дзесяць хвілін, а можа, паўгадзіны, аж пакуль не прачнуліся ў суседнім пакоі. Стала чуваць, як пачала тупаць па хаце бабка Насця, якая заўсёды прачыналася раней за ўсіх. Тады Кастусь разам падхапіўся і пачаў паспешліва апранацца.

Можна было падумаць, што тыя хвіліны нерухомага ляжання з адкрытымі вачыма надалі яму новых сіл.

Пакуль ён умываўся, бабка Насця паставіла на стол гарачы сняданак.

— Што ж рабіць, сынок,— вясна,— паспачувала яна Кастусю, прысеўшы побач на зэдліку, пакуль ён еў.— Адсеемся, тады ўжо адпачнеш як мае быць, адпачнеш... Усё будзе добра!

«А Ксеня?» — хацеў ён спытаць у бабкі, але ўспомніў, што старая нічога не ведала пра яго смутак, і прамаўчаў.— Напішу ёй і ўсё растлумачу. Ксеня зразумее, і праўда — усё будзе добра!..

* * *

 

Кастусь сеў за рычагі, плаўна ўключыў хуткасць. Пяць лемяхоў урэзаліся ў цаліну, і ззаду паплыла чорная шырокая паласа свежаўзаранай раллі. Прыляцеўшае да трактара вараннё з крыкам апусцілася на ворыва жыраваць. Ралля правала пад промнямі красавіцкага сонца, і адусюль — з поля, з рэчкі, з лесу — плылі да Кастуся непаўторныя пахі вясны, ажываючай прыроды.

Кастусю прыемна было, што вецер упарта біў яго ў грудзі і твар, а яму не баліць і не холадна, а толькі шлакотна; прыемна было чуць роўны гул свайго трактара, падуладнага любому руху яго рукі; азірацца і бачыць, як роўна кладуцца адна ля адной чорныя скібы, шырыцца і расце паласа раллі; бачыць вакол буйны поступ вясны — у першай зеляніне на сонечных узгорках, у набрынялых почках на бязлістых галінах дрэў, у вільготных подыхах ажываючага поля.

А Трахім Пятровіч, стоячы па краі поля, здалёк глядзеў на Кастуся і ціхенька пакалыхваў галавой:

— Добры ты хлопец, Кастусь. На такіх, як ты, Радзіма смела можа спадзявацца і ў мірныя дні і ў часы любое навальніцы...

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслясл. Г. Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 318 с.
Крыніца: скан