epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

Зямля гудзе

Першы гарматны гул данёсся да вёскі ўночы. Гэта быў нават не гул, яго амаль нельга было ўлавіць вухам. Гэта быў нібыта няясны водгук нейкіх далёкіх громаў. Яго лягчэй было адчуць душою, чым пачуць вухам...

Можа, таму і пачуў першым той далёкі подых фронту стары Ляксей, глухі, замшэлы ад старасці дзед. Сярод ночы ўстаў ён са свайго рыззя, рассцеленага ў кутку зямлянкі, увесь насцярожаны, суровы.

— Чуеце?

Хрысціна прыўзнялася на вокліч бацькі, прыслухалася. Пасівелыя валасы яе пасмамі спадалі на худы маршчыністы твар.

— Нічога не чуем, тата.

— Ідзе,— ціха выдыхнуў дзед і перахрысціўся.

Хрысціна падхапілася з пасцелі, прачнуліся дзеці. Сэрца Хрысціны забілася мацней, затаёная радасць павольна абнімала яе пакутную душу.

— Божа мой, тата, ці праўда?!

— Ідзе,— голасна паўтарыў дзед, і на вачах яго бліснулі слёзы. Тады Хрысціна выбегла на двор. У цемені ночы чутны былі ціхія галасы людзей. Сяляне вылазілі з зямлянак, з паграбоў, са стопак — вёска была дашчэнту спалена немцамі,— паяўляліся аднекуль з-пад зямлі, як начныя здані. Яны збіраліся групамі, шэптам дзяліліся радаснай навіной:

— Фронт набліжаецца... Фронт ідзе на захад.

Тры гады, тры доўгія пакутныя гады яны жылі гэтай адзінай надзеяй. Яна адна падтрымлівала і сагравала іх. І вось набліжаўся чаканы дзень іхняга збавення.

Хрысціла далучылася да людзей. Яны маўчалі, напружана паглядаючы на ўсход. Ноч была на зыходзе, з кожнай хвілінай святлеў усход. Раптам Хрысціна апусцілася на дол і прыпала вухам да зямлі.

— Гудзе! — радасна ўскрыкнула яна.— Зямля гудзе!..

І тады ўслед за ёю прыпалі да зямлі ўсе, хто тут быў. Кожнаму хацелася пачуць самому, як набліжалася прагнае вызваленне. Раз за разам ціха ўздрыгвала зямля, цьмяна даносіўся да слыху няясны подых вайны, водгук далёкіх грымотаў.

Прайшоў дзень, і другі, і трэці, і з кожным днём гул усё рос і мацнеў. Ужо выразна стала чуваць, як каціўся за ракою гэты несутрымны грымотны вал, і нават можна было адрозніць, калі, патрасаючы зямлю і паветра, вохкала цяжкая дальнабойная і калі грымелі сярэднія палявыя гарматы.

І ўсё яшчэ не верылася шчасцю. Начамі Хрысціна не спала і, прыслухоўваючыся, шаптала: «Божа мой, хаця б...» Інагды ўночы ёй раптам здавалася, што гул заціхаў і аддаляўся, і яна ўсхоплівалася з пасцелі папалоханая, з пахаладаўшым сэрцам. Але калі грымоты ўдаралі з новай сілай, яна супакойвалася, і ў добрых прадчуваннях замірала сэрца.

А яшчэ праз дзень у сяло нечакана ўварваліся гітлераўцы. Гэта ўжо былі не тыя немцы, якіх бачыла Хрысціна ў сорак першым годзе — выпешчаныя, самаўпэўненыя, у дабротным адзенні. Гэта былі азлобленыя і пабітыя сабакі. Па звычцы яны кінуліся рабаваць. Але ў зямлянках ужо не было чаго браць, там засталося адно рыззё.

Да Хрысціны ў двор забег салдат. У яго вачах стаяў той жа спалох пабітага сабакі, жывёльны жах перад блізкай расплатай. Ён нават усміхнуўся Хрысціне.

— Нах вестэн, матка!

Салдат бадзёра махнуў рукою на захад. Хрысціна моўчкі, не кратаючыся з месца, паглядзела на салдата. Потым яна таксама ўсміхнулася,— яна ўсміхнулася сваім думкам, не стрымаўшы радасці, якая напаўняла грудзі. На яе ўсмешку салдат раптам раззлаваўся. Ён кулаком адпіхнуў яе ад дзвярэй і закрычаў, каб усе выйшлі з зямлянкі.

— Шнэль, шнэль! — падганяў салдат дзеда, дзяцей.

Потым зноў паказаў рукой на захад:

— Пашоль, матка!

Узяўшы на рукі меншага, Хрысціна з сям’ёй пайшла да прысадаў, куды зганялі немцы сялян з усяго сяла. Тады салдат адчыніў дзверы зямлянкі і кінуў туды гранату. Потым ён паспешна пабег у суседні двор, на хаду рыхтуючы другую гранату.

А Хрысціна паціху ішла. І шчаслівая ўсмешка па-ранейшаму асвятляла яе твар. Ёй не шкада было ні згарэўшай хаты, ні ўзарванай зямлянкі, апошняга яе прытулку. Яна была поўная шчасця, што прыйшоў час збавення.

— Шнэль, шнэль! — крычалі немцы, зганяючы жанчын, старыкоў, дзяцей, нібы жывёлу ў статак. Хрысціна далучылася да сялян. Натоўп гуў, як пчолы над разбураным вуллём. Адусюль несліся слёзы і літанні.

— Людзі,— крыкнула Хрысціна,— не плачце! Грэх плачам нашым радаваць сэрцы катаў!

Вочы Хрысціны гарэлі радасным агнём. Яна цвёрда верыла ў вызваленне, і гэтая вера перадалася людзям. Паступова ў натоўпе сціхалі галасы і плач.

Скончыўшы апошнія разбурэнні, немцы з ўсіх канцоў сяла збегліся да сялян. Яны акружылі натоўп і паставілі аўтаматы — на жанчын, дзяцей, старыкоў.

— Форвертс!

І раптам на даляглядзе паказалася воблачка пылу. Яно штохвіліны расло і блізілася. Яно набліжалася, як магутны віхор,— гэта імчаліся рускія коннікі. Немцы першымі прыкмецілі іх. Яны закрычалі нешта на сваёй ненавіснай праклятай мове і, кінуўшы натоўп, пачалі разбягацца. Яны разбягаліся, як нашкодзіўшыя пацукі. Адзін з іх на хаду яшчэ павярнуўся, секануў з аўтамата па натоўпу, жадаючы, мабыць, спагнаць сваю звярыную злосць на безабаронных. Але стогны параненых заглушаны былі крыкамі радасці. Натоўп хлынуў насустрач савецкім воінам.

Па дарозе віхурай імчалася конніца, несліся танкі, паўзлі гарматы. Ішлі, апыленыя пылам многіх дарог, байцы ў сталёвых касках.

...Не ўправіўшыся ад слабасці за натоўпам выбегчы на шлях, каб сустракаць вызваліцеляў, стары Ляксей стаяў на ўз’ездзе ў сяло. Вочы яго блішчалі ад слёз, губы шапталі нешта бязгучнае — шэпт заглушаў танкавы лязгат.

Абапіраючыся адною рукою на асмаленае шула, Ляксей працягваў другую ўперад, нібы накіроўваючы байцоў услед чорнай навале.

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслясл. Г. Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 318 с.
Крыніца: скан