epub
 
падключыць
слоўнікі

Усевалад Краўчанка

Жыта красуе

Ледзь толькі льсняны ад гарачыні паравоз, з шумам выдыхнуўшы воблака белай пары, спыніўся, як Ганка Траян адразу саскочыла на зямлю.

Сівавусы праваднік апусціўся на апошнюю прыступку вагона і, падаючы ёй чамадан, строга паківаў пальцам:

— Эх, маладосць! Заўсёды спяшаецеся! А калі б пад колы, тады што?

Ганка толькі ўсміхнулася і, падзякаваўшы правадніку, павярнулася да маленькага, густа абсаджанага акацыямі будыначка са свежай пахучай сасны, да якога цягнуліся драты чыгуначнага тэлеграфа. Агледзелася вакол, абмахнулася хусцінкай, ратуючыся ад нясцерпнай спякоты. Прывет табе, родны паўстаначак Рослікі, прывет вам, мілыя сэрцу палі і лясы роднай Мазыршчыны! Вось я зноў вярнулася да вас, да вашых духмяных пшанічных палёў, шумлівых жытніх абшараў, да вашых пахнучых мёдам грачнёвых азёр. Не забыліся яшчэ пра сваю старанніцу з калгаса «Шлях камунізма», з паляводчай брыгады Тамаша Андрэевіча Катка? Памятаеце, якіх высокіх ураджаяў дасягала яна, якая тады добрая слава ішла пра моладзь? Ордэн, што золатам гарыць на грудзях дзяўчыны — гэта ж адзнака той былой яе славы.

Тры гады таму назад падвезлі яе на выязным калгасным стаенніку вось на гэты ж паўстаначак, пасадзілі ў цягнік. Акрамя напакаваных у чамадан пахучых матчыных выпяканчыкаў і хрусцікаў на мядку, яна везла з сабой самыя найлепшыя пажаданні ад сяброў і сябровак, ад старшыні калгаса Рамана Іванавіча, гаспадара ўдумлівага і з далёкім прыцэлам наперад, ад усяго калгаса. На агульным сходзе сяла яе як адну з лепшых калгасніц вылучылі ехаць на вучобу ў горад, у сельскагаспадарчы тэхнікум. Раман Іванавіч, прыкідваючы на будучае, вырашыў, што іх насенняводчай гаспадарцы ў далейшым ніяк не абысціся без агранома, і будзе вельмі добра, калі Ганка Траян, тая Ганка, якая дзякуючы адной сваёй стараннасці і прыроднай кемлівасці здолела дабіцца па 18 цэнтнераў буйназёрнай гатунковай пшаніцы з гектара, вывучыцца і праз колькі часу вернецца да іх спецыялістам. Многія дзяўчаты сяла тады цішком зайздросцілі Ганцы, але крыўды ніякай не было, бо ўсе ведалі, што Ганка вартая гэтага вылучэння, заслужыла яго сваёй добрасумленнай працай.

Гады вучобы мінулі хутка. Настойлівая па характару, Ганка ў тэхнікуме, як і ў калгасе, уся аддавалася справе. І цяпер ёй не сорамна было вяртацца — на дзяржаўных экзаменах яна атрымала атэстат выдатніка. Дзякуючы клопатам Рамана Іванавіча, які карыстаўся ў раёне добрым аўтарытэтам, яе прызначылі на працу ў родны калгас. І вось яна амаль дома...

— Ганка! Ганка! — пачуўся здалёк каля вагонаў нечы голас.

Узрадаваная Ганка азірнулася і нечакана для сябе ўбачыла Тамаша Андрэевіча, былога свайго брыгадзіра. Дзядзька Тамаш, невысокі, год за пяцьдзесят, з акуратна падстрыжанай «козлікам» бародкай і такімі прыветнымі праменьчыкамі маршчынак каля вачэй, трымаючы ў руках пугу, хутка крочыў ёй насустрач.

У гэты час прарэзліва загуў гудок, і ахутаны густой парай паравоз плаўна крануўся з месца. Загаманілі пад вагонамі колы, спачатку павольна, а потым з перастукам, усё шпарчэй і шпарчэй, і, выгнуўшыся на павароце дугой, цягнік імкліва пабег удалячынь — да новых сёл і гарадоў.

Чмыхаючы ў вусы, Тамаш Андрэевіч з нейкай не ўласцівай яму ўсхвалёванасцю, цёпла, па-бацькоўску прывітаўся з Ганкай, павіншаваў яе з заканчэннем вучобы. Ганка таксама была радасна ўсхвалёвана. Яна не чакала, што яе прыедзе сустракаць на паўстанак сам брыгадзір. Ганка заўсёды адчувала да дзядзькі Тамаша нейкую асаблівую блізкасць, ён займаў немалое месца ў яе жыцці. Па сутнасці, усім тым, чаго яна дасягнула некалі, яна абавязана была брыгадзіру. Першым у яе жыцці дзядзька Тамаш адкрыў ёй простую, але не ўсім вядомую ісціну, што зямля раскрываецца ў сваёй шчодрасці толькі ў адказ на такую ж шчодрасць чалавека. І ён як мог дапамагаў Ганцы, тады яшчэ нявопытнай і нікому не вядомай дзяўчыне, авалодваць сакрэтамі земляробчага майстэрства. Ён навучаў і вырошчваў з яе сапраўдную гаспадыню зямлі, ён і на вучобу рэкамендаваў яе паслаць. А сёння нават сам прыехаў яе сустракаць.

Між тым Тамаш Андрэевіч не спускаў з Ганкі ўважлівых вачэй, глядзеў на яе, як бы жадаючы заўважыць, што новага набыла за прайшоўшыя гады дзяўчына, прыкмеціць змены, якія адбыліся з ёю за гэты час. Відаць было, што не прыгожае, па-гарадскому пашытае плацце і не модная шляпка, якую раней ніколі не насіла Ганка, цікавілі яго, а нешта іншае, больш глыбокае, якое не ляжыць на паверхні і не кідаецца ў вочы пры першым поглядзе.

— Ой, Тамаш Андрэевіч, што вы на мяне так глядзіце? — успыхнула Ганка.

— Ды так, нічога...— збянтэжыўся Каток.

Ён узяў з Ганчыных рук чамадан і павёў яе да фурманкі, якая стаяла паводдаль ад станцыі, схаваная ад спёкі ў цяньку, за шуркамі нарыхтаваных да адпраўкі дроў. Уладаваўшы чамадан у сена, у задку воза, дзядзька Тамаш паправіў сядзенне, нацягнуў посцілку і, сеўшы па правы бок ад Ганкі, тузануў лейцамі. Гладкі, бліскучы, добра дагледжаны конь спорным крокам рушыў на дарогу, а калі адчуў пад коламі цвёрдую каляіну, пабег буйной замашыстай рыссю.

Усё вакол млела ад гарачыні. Кветкі, травы і нават лісты на дрэвах павялі, пакутуючы ад смагі. Пераехаўшы высокі насып чыгункі, фурманка звярнула ў лясок, у густы алешнік, што разросся скрозь паабапал дарогі. Тамаш Андрэевіч маўкліва чмыхаў у вусы і зрэдку, больш для фасону, чым для патрэбы, падшморгваў лейцы.

Ганка адчувала, што дзядзька Тамаш хоча і як бы не адважваецца гаварыць з ёю аб нечым важным, што хвалявала яго ад самага пачатку іх сустрэчы. І ад гэтай дзядзькавай маўклівасці яна адчувала сябе ніякавата, звязана і таксама маўчала, хоць ёй вельмі хацелася хутчэй распытаць у Тамаша Андрэевіча аб калгасных навінах, аб жыцці былых яе сябровак і сяброў.

Колы застукалі па карэнні, што перацінала дарогу, і Тамаш Андрэевіч, прытрымаўшы лейцы, перавёў каня на хаду.

— Ну, што ж ты маўчыш, ні аб чым не пытаешся? — нарэшце звярнуўся ён да Ганкі.

— Калі ж вы нейкі такі... не як заўсёды,— адказала дзяўчына.— А я ж гэтак засумавала па ўсіх нашых... так хацела прыехаць. Раскажыце, дзядзька, што там у сяле, як ідуць справы.

Нічога не адказваючы, Тамаш Андрэевіч неспакойна варухнуўся на сядзенні. Ганка адчувала, што не гэтая гаворка рупіла яму.

— Слухай, Ганка, Мацей Ільіч пасылаў не мяне, я сам напрасіўся ехаць сюды, па цябе,— нейкім прыціхлым, усхваляваным голасам загаварыў раптам Тамаш Андрэевіч.

— А што такое? — насцярожылася дзяўчына.

— Ды нічога асаблівага... Хацеў пагаварыць з табою пра адну справу. Ты там у тэхнікуме ўсякім навукам навучалася, а мне, старому дзіваку, усё карціць думка, што адно маглі табе там і не сказаць, забыцца...

— Пра што, Тамаш Андрэевіч? — ажно павярнулася да дзядзька зацікаўленая Ганка.

Зноў, як і некалі, яна адчула сябе як бы вучаніцай Тамаша Андрэевіча, адчула, што ён і зараз знойдзе сказаць ёй нешта вельмі важнае і неабходнае ў жыцці.

— Наконт славы,— коратка кінуў Тамаш Андрэевіч.

— Славы? — здзівілася Ганка.

— Ну, так, працоўнай славы... Некалі ты была выдатнай работніцай,— працягваў Тамаш Андрэевіч.— Усюды толькі і гаворкі было — наша Ганка, наша Ганка, Ганка Траян. Я таксама ганарыўся табой. За сваю працу ты вось ордэн атрымала. Слава аб табе па ўсёй вобласці ішла. Ведаеш, хоць твае дасягненні ўжо даўно перавышаны, але тваё імя і зараз яшчэ часта называюць на нашых сходах і цябе часта ставяць у прыклад. І вось ты зноў едзеш да нас, едзеш не абы-кім — аграномам. То я хачу табе напамянуць: працоўная слава гэта не тое, што даецца чалавеку адзін раз і назаўсёды,— заслужыў яе і жыві спакойна. Яе праз усё жыццё, штодзённай сваёй працай падтрымліваць трэба. А інакш яна развеецца, як дым.

Тамаш Андрэевіч памаўчаў, канцом пугаўя падправіў на кані набедрыкі. Потым выняў з кішэні партсігар, закурыў папяросу.

— А між іншым, ёсць яшчэ ў нас такія людзі, што слава ім не на карысць ідзе. У Заазер’і, можа, памятаеш, была адна такая знатная Ганна Кузюрава. Некалі найпершая ў раёне льнаводка была. Ну, ёй, вядома, і павага была ад народа, і ў газетах пра яе друкавалі. Здавалася б, у падзяку народу за гэтую павагу, за тое, што народ яе вырасціў і падняў, яна і яшчэ лепш павінна была б працаваць. А вось жа, скажы, як бывае на свеце — цяпер гэтая Ганна так зазналася, што і ў поле не ходзіць... Лён палола, а з душы сваёй пустазелля перажыткаў не выпалала...

Пыхкаючы дымам, Тамаш Андрэевіч прымоўк. Ганка сядзела на возе прыціхлая, задумёная. Ёй цяжка было так адразу адказаць што-небудзь дзядзьку Тамашу.

— Я не ведаю, Тамаш Андрэевіч, як вас разумець,— памаўчаўшы, спытала дзяўчына.— Вы што, гэтай гаворкай як бы папярэджваеце мяне? Баіцеся, каб не здарылася са мною, як з тою Ганнай?

— Думай сабе, як хочаш,— падшморгнуў лейцы Тамаш Андрэевіч. — А толькі не крыўдуй. Люблю я цябе, як дачку, а таму і выказаў усё, што ляжала на душы.

— Тамаш Андрэевіч! — горача павярнулася да яго дзяўчына.— Вы дарэмна баіцеся. Працавала я некалі не дзеля славы, вы самі гэта ведаеце. І тым больш не пагаджуся зараз жыць на былыя працэнты ад яе. Не для гэтага я столькі часу вучылася, столькі перачытала, перадумала. Вы баіцеся, што ў тэхнікуме нам маглі гэтага не сказаць,— нам і не казалі. Гэта, Тамаш Андрэевіч, нам не трэба было казаць, гэтаму нас вучыла само наша жыццё...

Тамаш Андрэевіч варухнуўся на сядзенні, запыхкаў дымам.

— Яно пэўна, пэўна, можа, і не трэба... Толькі я, Ганка, чалавек стары, на сваім вяку ўсяго бачыў... Сам нёс ды яшчэ і зараз нясу, чаго граха таіць, на плячах нямала рознага грузу ад старога. А вось мы падыходзім да новага сонечнага жыцця, да камунізма,— і хочацца скінуць гэты груз і бачыць, як і другія, уваходзячы ў тое новае жыццё, таксама яго не маюць. Таму і клапачуся...

Ганка ўважліва слухала дзядзьку Тамаша. Яна адчула, як з новай сілай у яе грудзях успыхнула пачуццё ўдзячнасці і павагі да Тамаша Андрэевіча.

Тым часам скончыўся алешнік, і дарога, вывільнуўшы паміж дубоў, што стаялі, быццам вартавыя, на самым узлессі, выбегла на шырокі палявы прастор. Вакол, аж да самага далягляду, стаяла жыта, нерухомае, ціхае, падобнае на дзіўнае зялёнае воблака, прылёгшае пасля доўгіх нябесных вандровак адпачыць на зямлі.

— Жыта красуе! — ачнуўшыся ад думак, выгукнула раптам Ганка ў нейкім наіўным, радасным захапленні. Прыўзняўшыся з месца, яна прагна агледзелася вакол.— Ой, Тамаш Андрэевіч, даўно я не бачыла, як жыта красуе.

Фурманка выехала на поле, і густое, рослае жыта з двух бакоў цесна абступіла дарогу. Выказаўшы ўсё, што ляжала ў яго на душы, Тамаш Андрэевіч нібы скінуў з плеч нейкі нябачны цяжар, супакоіўся.

— Стойце, Тамаш Андрэевіч! — сказала Ганка, як быццам і забыўшыся на нядаўнюю гаворку.— Я злезу, хоць нагляджуся ўволю на яго.

Тамаш Андрэевіч паслухмяна спыніў каня. Злезшы з сядзення, ён следам за Ганкай ушчыльную падышоў да жыта.

— А гэта ж, Ганка, цяпер скрозь наша поле,— сказаў ён.

— Як наша? — здзівілася дзяўчына.— Тут жа, здаецца, былі палеткі «Перамогі».

— Ну так, «Перамогі»,— хітра ўсміхнуўся Тамаш Андрэевіч.— Але мы нядаўна з’ядналіся з імі ў адно, і цяпер гэта наша агульнае поле.

— І правільна зрабілі,— горача выгукнула Ганка.— Проста неразумна было паасобку з імі працаваць: паша сумесная, палеткі ўпрытык, ды яшчэ часам і клінамі адзін у адзін заходзілі...

— Вось і мы гэтак разважылі. Старшынёю Рамана Іванавіча выбралі, а я цяпер ужо не які-небудзь там брыгадзір, а бяры вышэй — у намесніках старшыні хаджу,— з жартаўлівай пышлівасцю паведаміў Тамаш Андрэевіч.

— А вы маўчыце, дагэтуль не пахваліліся! — ажно пакрыўдзілася Ганка.

— Вось жа бачыш, пахваліўся,— сцёбнуў пугай па траве Тамаш Андрэевіч. Яны прайшліся па дарозе каля самага жыта, быццам прыслухоўваючыся да яго ціхага шэпту.

— Тамаш Андрэевіч, хоць і няёмка мне, а прыйдзецца папракнуць вас. Жыта ў самым красаванні, а ціша вакол такая стаіць. Проста просіцца поле, каб з вяровачкай па ім прайсціся, дапамагчы апыленню. Самі ж мяне некалі вучылі, а цяпер...

— Твая праўда, Ганна Піліпаўна,— упершыню назваўшы яе па бацьку, згадзіўся Тамаш Андрэевіч. Ён як быццам нават узрадаваўся, атрымаўшы ад Ганкі гэтую заўвагу. Для яго яна многае азначала. Яна сведчыла, што дзяўчына па-ранейшаму горача прымае да сэрца інтарэсы калгаса, што яна не можа заставацца абыякавай да якіх бы там ні было недаглядаў і промахаў.— Вось прыедзем, загадаю брыгадзірам, каб наладзілі такую праходку па палетках.

Як толькі Ганка і Тамаш Андрэевіч вярнуліся да воза і паселі, апанаваны мухамі конь з месца пабег рыссю. Ажывіўшыся, Тамаш Андрэевіч пачаў расказваць Ганцы калгасныя навіны, дзяліцца з ёю сваімі запаветнымі думкамі пра далейшае развіццё іх аб’яднанай гаспадаркі.

Так, размаўляючы, яны мінулі і тое жытняе поле, і бярозавы гай і пераехалі рэчку Ваўчанку, па правы бок якой былі выпасы і размяшчаліся летнія загоны для жывёлы іхняга калгаса.

— Я, дзядзька, добра зразумела, што да чаго вы гаварылі,— выбраўшы зручную хвіліну, вярнулася Ганка да пачатку іх размовы.

Тамаш Андрэевіч усхвалёвана паварушыўся на сядзенні, пацмокаў на каня, тузануў лейцы.

— Мы яшчэ папрацуем з вамі,— працягвала Ганка.— Людзі ў нас залатыя. Зямля таксама неблагая, толькі падмаладзіць яе трэба. Я, Тамаш Андрэевіч, еду не адна, а вязу з сабою запаветы Мічурына, Лысенкі. Мы яшчэ зробім наш «Шлях камунізма» перадавым калгасам у раёне. Пабачыце!..

— Вось і добра, вось і добра, Ганна Піліпаўна! Давай возьмемся. Рады я пачуць такія словы. Я вось і ехаў, каб сваімі вушамі пачуць іх ад цябе. Прабач мне, старому дзіваку... Мы яшчэ папрацуем,— радасна загаварыў Тамаш Андрэевіч.

Ганка паглядзела на дзядзьку Тамаша і весела ўсміхнулася.

Зводдаля, пад гарой, з зеляніны садоў і палісаднікаў памалу выплывалі хаты вялікага сяла.

І тут Ганка нямала здзівіла Тамаша Андрэевіча сваёй нейкай юнацкай гарэзлівасцю. Зняўшы з галавы капялюшык, яна прыўзнялася на возе і прагукала:

— Дзень добры, родны калгас!

«Маладосць...» — падумаў сам сабе, усміхнуўшыся, Тамаш Андрэевіч і, задаволены, ціхенька чмыхнуў у вусы.

1950


1950

Тэкст падаецца паводле выдання: Краўчанка У. Крыгалом: Апавяданні; Аповесць / [Аўт. паслясл. Г. Шупенька]. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 318 с.
Крыніца: скан