epub
 
падключыць
слоўнікі

Вадзянік Няміскі-Горкі

Песьня пра Беларусьніка

I
II


I

 

Па-над шостай часткай сушы хтосьці зноў хаўрус зьбірае. Паміж Менскам і Масквою разадраны Беларусьнік, быццам чорная маланка. То ён Гітлера ўхваліць, то Іосіфа згадае, ён крычыць, а людзі чуюць, быццам Ленін на трыбуне. У гэтым крыку - процьма дуры, аніводнай слушнай думкі, але так пераканаўча, што і сэнсу непатрэбна. Людцы стогнуць перад дурнем, стогнуць, але разумеюць, што калі дурны, то сьмешна не сьмяяцца над вусатым. І сусед таксама стогне, ім, суседзям, дзіўна бачыць, што краіну можна бэсьціць, а народ усё даруе. Пан на Захадзе сьпяшае, каб хутчэй схавацца ў НАТА... Толькі нашая пачвара сьмела гойсае па рэбрах у цярплівага народа. Усё ніжэй сівыя хмары апускаюцца над сьветам, разумнейшыя народы ўцякаюць ад Расеі. "Град" грукоча. На руінах церпяць людзі, не здаюцца. І таджык ужо шкадуе, што дазволіў "міратворцам" бараніць "мяжу Расеі", за сваю баіцца скуру, бо ён бачыць, як з Чачнёю абыходзяцца вайскоўцы. Беларусьнік ўсіх гвалтуе, быццам чорная маланка, ён дубінкамі "спэцназу" Апазыцыю зьбівае. Вось ён грукае ў вароты да Крамля... І патрыярха ўзасос расцалаваў ён. "Можа, нешта зноў наблытаў?!" Ў гнязьдзе "брата" (хітры злыдзень!) ён даўно заўважыў стому, і ўпэўнены, што хутка ўладкуецца на троне. Недзе вые... "Град" грукоча... Сінім полымем палаюць незалежныя газэты. І цячэ кісель салодкі з паўзадушаных экранаў, быццам сьлізкія зьмяюкі распаўзаюцца па хатах аскаплёныя навіны.

- Нешта! Хутка будзе нешта! - гэта сьмелы Беларусьнік, як у багну, між маланак, цягне свой народ ў няволю; ды крычыць прарок наш бедны:

- Хай мацнейшым будзе нешта!

 

II

 

Над прыгожаю краінай, як крумкач крылом аблезлым, грозна вусамі махае нехта лысы. Быццам у небе ён лунае і глядзіць буркатым вокам, дзе там бел-чырвона-белы сьцяг плыве над людам вольна, і амону насылае, бо занудзіліся хлопцы, папрацуюць хай дубцамі. Сам сабе ён спадабаўся, "шчэ калі ў першай клясе па пісьме схапіў траяк", бо - рускай мове навучыўся. А калі каня забралі, са двара суседа хлопцы, ён яшчэ тады бажыўся: калі вырасьце - пакажа. А цяпер усе глядзіце! Гэта "чэсны" Беларусьнік! Як залезе ў тэлевізар, дык вярзе лухту такую, што ад жаху вушы вянуць. Як няўдзячны шчэнь шалёны, ён ашчэрыўся на мову і кусае ён за цыцку маці, што яго люляла. Калі б ведала матуля, што пачвару нарадзіла і што стане той сыночак бацькам саманазывацца, дык яшчэ б у першай клясе с... да крыві надрала, каб ня лез куды ня трэба з той дурнотай і хаўрусам. І казах туды ня лезе, галаву не падстаўляе пад прамень крамлёўскай зоркі: галаву сваю шкадуе. Нават кыргыз не ўяўляе, як пражыць з Масквой ў хаўрусе. Толькі наш цяльпук упёрся, як баран ў вароты б'ецца. Як парсюк у плот залезе і вішчыць ён аб пагрозе. Нейкім НАТАм нас пужае, ажно сам у тое верыць. А калі ён у гуморы, то народу абяцае, над народам тым сьмяецца. Бо народ забіты, цёмны, любіць скварку "на халяву"; а да скваркі і гарэлку абяцае Беларусьнік. Можа, лётае ў марах над Савецкай Беларусьсю? Ён забыў, што Якубовіч там даўным-даўно рэдактар.

Але чуе Беларусьнік, што народ ужо сьмяецца, пазбаўляецца ад жаху перад чорнымі вусамі.

Нешта! Хутка будзе нешта!

Закіпіць народу мора, як паводка на Палесьсі, і тады ты хоць у вырай адлятай, бо стане цесна, і ахова не ўратуе.

Хай хутчэй надыдзе Нешта!


1996-2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая