epub
 
падключыць
слоўнікі

Валянцін Лукша

Чорныя буслы

Асцярожна,

Крануўшы паўсоннае голле,

Занялася зара

Над зялёным прыволлем.

Струны-промні зіхцяць

Мілагучна іграюць -

Край пушчанскі

Ласкавым цяплом саграваюць.

І плыве

З перазяблай буслянкі,

Здалёк,

Голас чорных буслоў:

- Клёк... Клёк... Клёк...

- Клёк... Клёк... Клёк...

 

Ледзь пачуюць буслы

Сакатанне матору,

Узнімаюцца

Ў сінюю неба прастору

Над густым рабаціннем

Кураслепных лугоў,

Над падкоўкамі старыц,

Над улоннем палёў,

Над прыветнаю хатаю

Лесніковай,

Над пятлёй, што рачулка

Звіла адмыслова,

Чорны бусел ляціць

Ад цікаўных вачэй -

Чорны бусел цураецца

Вока людзей.

 

Пара чорных буслоў

Праз якую хвіліну

Ўпадабае

Мурожную лугавіну,

І на ранішнім лузе,

Асмужаным,

Золкім,

Промні сонца

Запаляць на крылах вясёлкі.

Пудзяць песняй буслы

Лугавы астравок:

- Клёк... Клёк... Клёк...

- Клёк... Клёк... Клёк...

 

Вывучаў я з дзяцінства

Бусліную мову,

І пачуў раніцою

Такую размову.

 

...Шмат на нашай зямельцы

Вячыстых лясоў.

Шмат было тут заўсёды

Белакрылых буслоў.

Калі пара бусліная

Каля жытла

Бесклапотна

Ў суседстве спрадвечным

Жыла,

Людзі верылі шчыра:

Абыдуць напасці,

Бо нібыта буслы

Ім прыносілі шчасце.

Менавіта таму,

Хоць сцвярджаць не бяруся,

Любы край наш

Назваўся здаўна

Белай Руссю.

 

Ды аднойчы панадзіўся

Ў ціхую вёску

Нейкі злыдзень калматы -

Вандроўнік-зайздроснік.

На людзей шмат наклікаў

Ён гора

І бед,

Шчасце ўсё захацеў ён

Прысвоіць сабе.

Палавіў ён буслоў.

І буслы з году ў год

Шчасце ў дзюбах насілі

У хату яго.

 

А зайздросніка прага

Душыла заўзята -

Усё, здавалася,

Шчасця яму малавата.

Не даваў ён буслам

Адпачыць ні на хвілю -

У буслянцы паклёкаць,

Вольна выпрастаць крылы.

Ледзь не ўсім ужо шчасцем

Злыдзень той заўладарыў,

Ды з'явіліся дзеткі

Ў буслінае пары.

Клёкат радасны ўзвіўся

Вясёлкавым ранкам

З першым сонечным промнем

Над шчаснай буслянкай.

Падрасталі-раслі

Што ні дзень бусляняты,

Але гора сачыла

З зайздросніцкай хаты.

Бо выглядваў зайздроснік

У акно

Зноў і зноў:

- Мне ніякай карысці

Ад гэтых буслоў!..

Як да справы вярнуць

Гэтых дурняў цыбатых?

Вінаваты,

Напэўна,

Ва ўсім

Бусляняты?..

 

Думаў думу зайздроснік

Тры дні

І тры ночы.

Да азяблай буслянкі

Уранку

Пакрочыў.

Птушанят павыкідваў

З буслянкі зайздроснік -

Бусляняты

Больш есці ў буслоў

Не папросяць!

Задаволены,

Прэч ад буслянкі пайшоў -

Больш не будзе

Дарэмных турбот у буслоў!

 

Прыляцелі буслы -

Нема ўсхліпвае

Вецер, -

Нежывыя ляжаць

Іх маленькія дзеці.

Не падумаў забойца

Пра помсту за згубу,

Ды прынеслі вуголле

Буслы ў сваіх дзюбах.

Шуганула чырвонае полымя

Ў неба -

Так зайздросніку й трэба!

Так нелюдзю й трэба!

І заўважылі людзі,

Што з дымнага пекла

Узляцелі буслы -

Неба

Крылле рассекла.

 

І заўважылі людзі:

У небе прасторным

Стала крылле ад гора

Не белым,

А чорным.

 

У спрадвечную пушчу

Ляцела далей

Пара чорных буслоў

Ад бяды,

Ад людзей...

 

Кажуць,

Птахі з людзьмі

Жыць у дружбе б маглі,

Каб не стала

Нядобрых людзей

На зямлі.

 


1981?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая